Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Начлег

Камандзір наш над Троцкім возерам
Пасля бітвы каўганскай начуе,
Аглядае ўважлівым позіркам
Ён стральцоў: адзін раны бінтуе

Свае мхом; другі зброю ўзяў, чысціць,
Аглядае затвор, набівае;
Той паўсонны пад голаў плашч плішчыць.
І паснулі. А варта чувае.

Камандзір нешта думае, важыць
Каля дрэва сухога; няўклюдны
Плод на дрэве вісіць — грушкі Юды,
Найгалоднага плод той адстрашыць.

Вісяць шпегі! То слугі царовы,
Што былі на гарачым спайманы,
І прысуд ім за злочын суровы
Быў на месцы, як ёсць, дакананы.

Камандзір пільна сочыць у цішы,
Чуйна ў ноч углядаецца зрокам:
Там, за возерам, дом свой на ўзвышшы
Ён жагнае вачыма ў паўзмроку.

Раптам бліснула штось… Ці пяруны?
Не, яны ў нас хіба толькі ў леце. —
«Найсвяцейшая Маці з Барунаў,
О ратуй!.. Гарыць дом… Мае дзеці…

Дзе патруль? Гэй, па конях! Трывога!..»
Раптам чуе: трашчыць голле; людзі…
«Хто ідзе?» — крыкнуў голасна, строга.
То вярнуўся патруль, абоз будзіць.

«Камандзіру! Вялікую страту
Маеш сёння, жалобныя весці:
Тваю жонку зарэзалі каты,
Твае спалены хата і дзеці».

Гэтак кажа патруль. — «Ды злавілі
Важака мы злачынцаў тым часам,
Што гвалт гэтакі дзікі ўчынілі,
Уцячы ён не змог гэтым разам».

«Хто ён гэткі?..» — Даць веры не можа.
«Ён француз, не стары і прыстойны,
Ды на службе маскоўскай за грошы
Паліць вёскі, катуе бяззбройных».

Камандзір павярнуўся імкліва —
Дом у полымі чэзне вар’яцкім,
З усіх вокнаў жар сыпаў жахлівы,
Жар страшнейшы з вачэй біў ваяцкіх.

Ўвесь абоз абудзіўся, настроем
Грозным дыхае войска, і зноўку
Камандзір, як прад выстралам зброя,
На дом глянуўшы, крыкнуў: «Вяроўку!»

Выйшлі двое раскольнікаў-катаў,
Шнур з пятлёю гатовы трымалі,
Каб належную здзейсніць адплату,
І з мундзіра каўнер адарвалі.

Зноў ляціць нехта… «Хто йдзе?» — «Люд з Богам!
Наш пароль; дык пазнайце ваяку,
Што не раз лётаў конна ў атаку,
Вестку вам я прынёс: «Перамога!

Перамога! Скшынецкі пад Ваўрам
Ўшчэнт Разэна разбіў і Гейсмара,
Ўзяў палонных, гарматаў нямала,
У Літву йдзе… Скшынецкаму слава!» —

Усклікаў так праз смех і слязіну
Той жаўнер… Ах, кахаў бо Айчыну!
Слязьмі радасці мог бы заліцца…
Камандзір што ж? Ляжаў на зямліцы,

Ляжаў крыжам і доўга маліўся.
Ўстаў, французу сказаў: «Ідзі вольны!
Прэч з вачэй!.. Сёння праўдаю з высяў
Я караць больш нікога не здольны…»

29 сакавіка 1832 г.

Барані мяне
перад самім сабою

О, барані мяне перад самім сабою —
Ты ж маеш моц! Са мной здараецца такое,
Калі наўпрост у Твае кнігі зазіраю,
Як сонца праз імглу, што быццам залатая
Ў вачах людзей, але для сонца дык цямнотай.
Насамрэч блытаецца цемра з пазалотай.
І зрокам я людскім хачу з Табой злучыцца,
Цябе хапаю за абедзве я правіцы,
Крычу на ўвесь мой голас: Выдай таямніцу!
Сваю моц давядзі або прызнай ў той хвілі,
Што Ты такі ж, як я, у мудрасці і сіле.
Не ведаеш пачатак свой, а ці ж дазнала
Людское племя, ў час які на зямлю ўпала?
Ты бавішся, пазнаючы сябе самога;
А людзі што? Ідуць гісторыі дарогай.
Цябе самога розум Твой не растлумачыць.
Ці ж знае род людскі, што сам сабой ён значыць?
Адзін Ты несмяротны; мы ці ж не такія?
Нязведны Ты, як і шляхі нашы людскія.
Бясконцы Ты; а мы ці скончымся калісьці?
Прастуеш Ты шляхі; і мы шукаем выйсці.
Ты разнастайны і адзіны адначасна;
Дае пазнаць адзінства й рознасць нашу час нам.
Магутны ў небе Ты; мы ж зоркі ў ім цікуем.
Вялікі ў морах; мы чаўнамі іх прасуем.

О Ты, што, свецячы, не ведаеш усходу
І захаду, скажы, чым ад людскога роду
Ты рознішся? З шатанам ў небе і ў адхлані
Ты б’ешся; мы ў сабе саміх вядзем змаганне.
Ты сам прыняў аднойчы постаць чалавека.
Скажы: на хвілю ўзяў ці меў яе спрадвеку?

[1835–1836]

З польскай мовы пераклала
Ірына Багдановіч.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: «О МАРЫЯ З БАРУНАЎ, РАТУЙ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY