Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Алег ГЛЕКАЎ

ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА…

Галерэя - дадатак да артыкула

Рыхтуючы публікацыю пра сучасныя копіі і спісы абраза Маці Божай Будслаўскай, я разумеў, што сабраць у адным матэрыяле ўсе звесткі пра спісы і копіі абраза немагчыма, але вельмі імкнуўся, каб гэтая інфармацыя была найбольш поўная. Збіраць звесткі пра сучасныя спісы абраза Маці Божай Будслаўскай я пачаў у 2003 годзе — тады ў нашым выдавецтве мы рыхтавалі да выдання кнігу Аляксандра Ярашэвіча «Маці Божая Снежная ў Беларусі», абмяркоўвалі праекты будучых выданняў і тое, якія для гэтага трэба сабраць матэрыялы. З таго часу я і збіраў на сваім камп’ютары графічную і тэкставую інфармацыю пра беларускія абразы Маці Божай. А ў 2004 годзе ў нашым выдавецтве выйшла наступная кніга Аляксандра Ярашэвіча — «Абраз Маці Божай Будслаўскай», у якую былі ўключаны звесткі і пра сучасныя спісы абраза Маці Божай Будслаўскай. З таго часу я не прыпыняў свае дзейнасці па зборы інфармацыі пра сучасныя спісы абраза Маці Божай Будслаўскай у надзеі, што калі-небудзь будзе другое выданне кнігі Аляксандра Ярашэвіча пра абраз Маці Божай Будслаўскай, і тады мы яго значна дапоўнім новымі копіямі і спісамі будслаўскага абраза. Мая шматгадовая праца ў выдавецтве «Про Хрысто», а таксама ў часопісах «Наша вера» і «Аve Maria» вельмі спрыяла збору інфармацыі, звязанай з пашырэннем культу абраза Маці Божай Будслаўскай. Было сабрана даволі шмат матэрыялу. Але, на жаль, другога выдання кнігі Аляксандра Ярашэвіча не адбылося, бо ў 2016 годзе ён адышоў у вечнасць. І калі ў 2023 годзе ў сувязі з юбілеем 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай з’явілася нагода для публікацыі новага матэрыялу, мне ўжо самому давялося рыхтаваць яе. Нягледзячы на тое, што было сабрана і апрацавана мноства матэрыялу, аднак па некаторых абразах так і не ўдалося знайсці звесткі пра аўтарства і гісторыю іх з’яўлення. І вось ужо пасля публікацыі ў часопісе «Наша вера» (№ 2, 2023 г.) і ў кнізе «Апякунка Беларусі» («Про Хрысто», 2023) да мяне стала трапляць тая інфармацыя, якая дазволіла ўдакладніць і дапоўніць гісторыю некаторых абразоў, а таксама знайсці новыя спісы абраза Маці Божай Будслаўскай. Таму я прапаную гэты невялікі артыкул-дапаўненне да апублікаванага раней.

Праглядаючы фотаздымкі, зробленыя падчас Будслаўскага фэсту 2023 года, на адваротным баку працэсійнага ферэтрона з абразом Маці Божай Будслаўскай я заўважыў латунную табліцу. Якасць фотаздымка дазволіла павялічыць і прачытаць выбіты на ім тэкст, які паведамляе: «Гэтая Ікона, якую ахвяруе касцёл Св. Сымона і Св. Алены г. Мінска айцам-бэрнардынам з Будслава, была ўзнесена альпіністамі на адзін з хрыбтоў Гімалаяў у Паўночнай Індыі ў 2006 г. Адтуль Маці Божая благаславіла ўвесь свет і Беларусь. Год Гасподні 2007». Гэта вельмі істотныя звесткі пра гісторыю абраза працэсійнага ферэтрона. Каб удакладніць прачытанае, я пачаў пошук у інтэрнэце і праз некаторы час знайшоў артыкул «Падарожжы з Будслава ў Лондан і ў Гімалаі», які ў 2014 годзе апублікавала мастацтвазнаўца Ала Нароўская. «У 2006 годзе па просьбе пробашча, магістра тэалогіі Уладзіслава Завальнюка, мастачка Эвеліна Крыштаповіч напісала ў дар касцёлу дакладную копію іконы памерам 72,5×65,5 см. У тым жа годзе група ветэранаў альпінізму (Леанід Галубоўскі, Ігар Герасімовіч, Аляксандр Барысевіч ды іншыя) рыхтавалася да спартыўна-даследчай экспедыцыі па святых месцах старажытных цывілізацый паўднёвага Тыбету: у Індыю і Кітай. Ксёндз Уладзіслаў параіў ім з сабою ўзяць і копію святыні. 27 жніўня ў мінскім касцёле Св. Сымона і Св. Алены — Чырвоным касцёле — прайшло набажэнства з бласлаўленнем альпіністаў. А 8 кастрычніка, калі яны пабывалі ўжо на Гімалаях і з самага высокага горнага хрыбта планеты блаславілі ўвесь свет, святыня вярнулася ў храм, дзе ў прысутнасці мастачкі і альпіністаў было яшчэ адно набажэнства.

Да канца чэрвеня 2007-га святыня знаходзілася ў храме, а 2 ліпеня з пілігрымамі адправілася ў Будслаў. У пілігрымцы бралі ўдзел людзі розных веравызнанняў, і такім чынам яна стала сімвалам хрысціянскага адзінства і ўзаемаразумення»1.

У гэтам жа артыкуле Ала Нароўская паведамляе пра яшчэ адну копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая не была апісаная ў папярэдніх публікацыях: «Летась [2014] Эвеліна Крыштаповіч напісала яшчэ адну копію абраза Маці Божай Будслаўскай. І 24 снежня, на Раство, абраз быў падараваны грэка-каталіцкай царкве ў Лондане — паводле папярэдняй дамоўленасці з айцом Аляксандрам Надсанам. Сёння ў Брытаніі жыве каля 2000 тысяч беларусаў, і кожны з іх мае цяпер магчымасць прыйсці ў беларускую грэка-каталіцкую царкву і памаліцца Маці Божай Будслаўскай, якая бласлаўляе ўсіх нас»2. Пасля таго, як з’явілася гэтая інфармацыя, я звярнуўся да айца Сяргея Стасевіча, які працуе ў грэка-каталіцкай супольнасці ў Лондане, і ён пацвердзіў што абраз Маці Божай Будслаўскай пэндзля Эвеліны Крыштаповіч цяпер знаходзіцца ў «Марыян Гаўз» («Доме Марыі»), рэзідэнцыі грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, і даслаў фотаздымкі абраза ў інтэр’еры пакоя. Вось такім чынам адна невялікая зачэпка дазволіла ўдакладніць гісторыю і аўтарства копіі абраза, а таксама знайсці яшчэ адзін абраз ажно ў Лондане.

Пасля выхаду кнігі «Апякунка Беларусі» і будслаўскай урачыстасці з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза ксёндз Юрый Быкаў даслаў фотаздымкі копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, які з 2005 года захоўваецца ў яго. Гэта абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляванай без шатаў алеем на палатне памерам 51,5×40 см, пэндзля Паўла Кандрусевіча, пра што сведчыць надпіс на адваротным баку падрамніка абраза.

Мастачка Ядвіга Сянько нагадала пра яшчэ адзін спіс абраза Маці Божай Будслаўскай памерам 78,5×56,5 см, які быў напісаны алеем на палатне ў 2021 годзе. Гэты абраз яна напісала для мінскай парафіи святога Лукі Евангеліста і святога Марціна (м-н Курасоўшчына). Пакуль у парафіі няма ўласнай святыні, абраз знаходзіцца ў часовай капліцы парафіі.

2023 год — юбілей 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і 410-годдзя з’яўлення абраза ў Будславе — таксама стаў адметны тым, што былі створаны новыя копіі і спісы абраза Маці Божай Будслаўскай. Пра адзін з іх мы ўжо ўзгадвалі ў папярэдніх публікацыях. Пра тыя, што былі зроблены напярэдадні фэсту і не ўвайшлі ў папярэднія публікацыі, трэба таксама ўзгадаць у гэтым артыкуле.

Менавіта з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і 410-годдзя яго з’яўлення ў Будславе з’явілася ідэя падараваць копію абраза Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, папу Францішкку ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў. Мастачка Ядвіга Сянько напісала копію са свайго круглага абраза Маці Божай Будслаўскай, які сярод іншых спісаў найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай ужо больш за два гады перэгрынуе па парафіях Беларусі. Абраз дыяметрам 52 см апраўлены у круглую, пакрытую золатам і срэбрам раму, падобную да рамы іншых абразоў, якія ўдзельнічаюць у перэгрынацыі, але ў адрозненне ад іх на ёй выкананы надпісы на лаціне «1613 BELARUS 2023» зверху і «MATER DEI BUDSLAVIENSIS» знізу. На адваротным баку абраза змешчаны надпіс на італьянскай мове: «У падарунак Яго Святасці Папу Францішку ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і вернікаў Беларусі з нагоды 25-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай».

23 чэрвеня абраз быў прадстаўлены Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму. Арцыпастыр паставіў свой подпіс пад дарчым надпісам на адваротным баку абраза і благаславіў удзельнікаў перэгрынацыі на добры шлях. 24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, копіі цудадзейных абразоў адправіліся ў сваю чарговую перэгрынацыю — на гэты раз ажно ў Рым. Копіі Марыйных абразоў суправаджаў духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR.

«У сераду 28 чэрвеня 16 Марыйных абразоў былі выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе адбывалася агульная аўдыенцыя папы Францішка. Кульмінацыяй сустрэчы для беларускіх пілігрымаў стаў момант, калі Пантыфік, вітаючы дэлегацыю, благаславіў спісы 16-ці цудадзейных абразоў Божай Маці»3. Падчас гэтай падзеі ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Будслаўскай.

У 2023 годзе на Будслаўскім фэсце ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай падчас святой Імшы апоўначы працаўніцы майстэрні па вырабе літургічнага адзення «Sacris vestibus» вынеслі да алтара і падаравалі Нацыянальнаму санктуарыю прыгожую святарскую шату (арнат) белага колеру з вышытай выявай Маці Божай Будслаўскай. Прыняў гэты падарунак Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. А ўжо 1 ліпеня ў сакрыстыі, абсталяванай на час фэсту ў парафіяльным Доме пілігрыма, Прэфект дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Спецыяльны пасланнік папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, апрануў гэты арнат, рыхтуючыся да цэлебрацыі святой Імшы.

Таксама падчас галоўнай святой Імшы на Будслаўскім фэсце 2023 года дзеці з будслаўскай парафіі, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, падаравалі Спецыяльнаму пасланніку Святога Айца копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якую выканаў Аляксандр Тарасік, і папрасілі арцыбіскупа перадаць словы ўдзячнасці і прывітання папу Францішку.

Па асабістай ініцыятыве, у знак удзячнасці за працу на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Беларусі ў 2011–2015 гадах, сям’я Таццяны і Ігара Сурмачэўскіх пасля Будслаўскага фэсту падаравала арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці яшчэ адзін спіс абраза Маці Божай Будслаўскай. Абраз, створаны Таццянай Сурмачэўскай, — гэта прыгожая жывапісная выява Маці Божай Будслаўскай без шатаў і каронаў. Ён апраўлены ў аб’ёмную раму-кіёт з чырвонага дрэва, а Маці Божая і Дзіцятка Езус укаранаваныя прыгожымі аб’ёмнымі саламянымі каронамі, выкананымі ў тэхніцы пляцення.

 

…Калі ў вас, шаноўныя чытачы, ёсць інфармацыя пра іншыя копіі і спісы абраза Маці Божай Будслаўскай, ці калі вы маеце хоць якія звесткі і можаце ўдакладніць аўтарства, год і гісторыю стварэння ўжо апублікаваных абразоў, калі ласка, дасылайце інфармацыю на адрас рэдакцыі па электроннай ці звычайнай пошце. Я і далей працягваю збіраць звесткі пра будслаўскі абраз, і, можа, у далейшым яны таксама будуць апублікаваныя, бо гісторыя адраджэння і пашырэння культу Маці Божай Будслаўскай працягваецца.

Гл. таксама:
Ганна ШАЎЧЭНКА :: АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ: НОВЫЯ СТАРОНКІ Ў ГІСТОРЫІ І СУЧАСНАСЦІ ::


  1. Ала Нароўская. «Падарожжы з Будслава ў Лондан і ў Гімалаі». https://www.sb.by/articles/padarozhzhy-z-budslava-londan-g-mala.html
  2. Тамсама.
  3. Віктар Ведзень. «…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?». Ave Maria, № 7-8 (340–341), 2023 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY