Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Алена КАРПЕНКА
Іван СІНЧУК

БЭНЭДЫКТЫНСКІ ЦУДАТВОРНЫ АБРАЗ
ДЗЕВЫ МАРЫІ ВЕСАБРУНСКАЙ

Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.

Алтар св. Іво Брэтонскага
ў паўднёва-заходняй капліцы
зальцбургскага Універсітэцкага храма
Беззаганнага Зачацця,
сучасны выгляд.
У ніжняй частцы
прадстаўлена цудатворная
весабрунская выява
Дзевы Марыі, 1722 г.

Зальцбургскі варыянт весабрунскага абраза

Адзін з варыянтаў весабрунскага абраза знаходзіцца ва Універсітэцкім, або Саборным касцёле Беззаганнага Зачацця (Universitäts- oder Kollegienkirche zur Unbefleckten Empfängnis Mariä) у Зальцбургу.

Весабрун і Зальцбург размешчаны на адлегласці 150 кіламетраў па лініі ўсход-захад, але адносіліся да розных правінцый: Бэнэдыктынскае абацтва Весабрун Аўгсбургскай дыяцэзіі адносілася да правінцыі Майнц, а арцыбіскупства Зальцбурга — да правінцыі Зальцбург.

Першапачаткова цудатворны абраз Дзевы Марыі з Весабруна быў змешчаны ў алтары св. Лукі, заступніка медыцынскага факультэта Бэнэдыктынскага ўніверсітэта Зальцбурга, цяпер ён знаходзіцца ў алтары св. Іво Брэтонскага, заступніка беднякоў, сіротаў, удоваў, апекуна юрыдычнага факультэта13.

Цудатворная весабрунская выява Дзевы Марыі ў зальцбургскім варыянце Універсітэцкага храма Беззаганнага Зачацця, у адрозненне ад уласна весабрунскага твора, мае медальён з манаграмай Хрыста з блакітнай падвойнай стужкай над ім.

Шматлікія копіі карціны былі зроблены прыкладна ў сярэдзіне XVIII ст., мяркуецца, што ўжо да 1753 г. існавала больш за 200 копій14, якія асвячаліся дакрананнем да арыгінала; яны атрымалі шырокае распаўсюджванне і сталі цэнтрамі новых паломніцтваў15. Да сённяшняга дня ў еўрапейскіх храмах захавалася не больш за тры дзясяткі абразоў Дзевы Марыі Весабрунскай розных спісаў, у асноўным у Баварыі16, якая была буйнейшым каралеўствам неаб’яднанай Германіі.

…Па-майстэрску выканана невялікая акварэль, якая дэманструе ўрачыстую сцэну ў адкрытай прасторы прысягі баварскага курфюрста Карла Альбрэхта (1726–1745), укленчанага перад выявай Дзевы Марыі ў авале, які прытрымліваюць анёлы. Падобна, што гэта выява рэальнага алтара невядомага сабора з алтарнаю карцінаю, якую падтрымліваюць намаляваныя скульптурныя анёлы. Гэту «карціну» ў карціне таксама падтрымліваюць анёлы-пуцці. Карычневая драпіроўка стварае своеасаблівы алтар, падножжа якога абсыпана кветкамі. Пуцці разгортваюць перад каралём скрутак з выявай шмат’яруснага алтара Маці Божай, багата дэкараванага скульптурай. Злева на разьбяным каменным пастаменце знаходзіцца пунсовая падушка з каралеўскімі рэгаліямі — каронай і дзяржавай. На фоне неба бачацца ваенныя шатры, прастора перад якімі запоўнена шматлікімі пуццямі: яны прымяраюць амуніцыю, пераносяць сцягі, распальваюць вогнішчы. Твор выглядае настолькі манументальна, што мог бы стаць падрыхтоўчым кардонам для прэзентабельнай шпалеры. Істотная рыса — упершыню выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста і падвойнай стужкай над ім. Упершыню з’яўляецца авальная рама. Пазней, у другой палове XVIII ст., авальныя рамы з рознымі геаметрычнымі параметрамі сапраўды шырока ўжываюцца для алтарных карцін з выявай Дзевы Марыі Весабрунскай.

Невядомы мастак. Прысяга баварскага курфюрста Карла Альбрэхта
перад абразом Панны Марыі Весабрунскай, 1726 г.
Мюнхенскі музей-рэзідэнцыя Ф.М. Шэфлера
(Münchener Residenzmuseum F.M. Schaeffler).

Абраз з Весабруна атрымаў шырокае распаўсюджанне ў жывапісных і графічных творах, часам уключаўся ў складаныя алегарычныя кампазіцыі. Характэрна гравюра з дэталёвай выявай Весабрунскага кляштара, над якім у аблоках анёл трымае авальную выяву Дзевы Марыі, да яго рамы прымацаваны чатырохпольны герб часу абата Тассіа Бёльцля (1706–1743)17, што дэманструе адмысловае заступніцтва і абарону кляштара нябеснымі сіламі.

Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста з падвойнай стужкай над ім і фібулай-заколкай на левым плячы. Рама выканана ў форме сціснутага эліпса18, пабудаванага на аснове ромба, палова большай дыяганалі якога (меншая паўвось эліпса) дароўніваецца да меншай дыяганалі ці адлегласці паміж фокусамі эліпса на большай восі эліпса. Каэфіцыент сціску прыблізна роўны 0,82. Эксцэнтрысітэт рамкі герба значна адрозніваецца — 0,77, што заўважна візуальна. Відавочна, што геаметрычныя характарыстыкі для пабудовы эліпсаў гравюры мастаком выбіраліся адмыслова.

   
Невядомы мастак.
Весабрунскі кляштар,
каля 1740 г.,
гравюра на медзі.
  Невядомы мастак.
Панна Марыя Весабрунская,
гравюра, сярэдзіна XVIII ст.
  Невядомы мастак.
Панна Марыя
Весабрунская.
Мюльдорф-ам-Ін,
Баварыя,
літаграфія 1845 г.,
з нямецкамоўным
тэкстам малітвы.

Да сярэдзіны XVIII ст. адносіцца гравюра, на якой Дзева Марыя прадстаўлена ў характэрнай для стылю ракако раме вытанчанага малюнка з выкарыстаннем ракавін, стылізаванага апярэння, пышных лілейных пабегаў. Адступаючы ад традыцыі, мастак завяршае кампазіцыю не каронай, а каталіцкай манаграмай Маці Божай у прасторы ззяння — глорыі. Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста і падвойнай стужкай, адзенне ўпрыгожана каштоўнымі камянямі. Эліпс рамкі пабудаваны на аснове ромба, большая дыяганаль якога з’яўляецца меншай воссю эліпса, боку ромба роўная яго меншая дыяганаль; яна ж — адлегласць паміж фокусамі эліпса. Каэфіцыент сціску роўны 0,78.

Невядомы мастак. Панна Марыя Весабрунская.
Аўгсбург, 1760 г., гравюра з нямецкамоўным
тэкстам малітвы.

На ўлётцы 1760 г. з малітоўным тэкстам, што зроблена па ўзоры апісанай гравюры, выява Панны Марыі займае левую частку ліста, справа размешчаны тэкст малітвы Маці Божай. Абраз знаходзіцца ў прамавугольнай раме з арачным завяршэннем і каронай, верагодна, паўтараючы адну з жывапісных копій, унізе — фігурны картуш са згадваннем Весабрунскай святыні і бэнэдыктынскага ордэну. Рамка ў выглядзе ланцужка надае кампазіцыі суцэльны, завершаны характар. Такія адзіночныя гравюры былі шырока распаўсюджаны ў каталіцкім асяроддзі.

Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста і падвойнай стужкай, адзенне ўпрыгожана нізкаю перлінаў, якія выдаюць другаснасць гравюры (шыйныя каралі «перацякаюць» у нізку перлінаў аздобы адзення).

У ХІХ ст. выявы Дзевы Марыі, асабліва ў друкаваных варыянтах, спрошчваюцца, што тлумачыцца невысокім узроўнем майстэрства мастакоў-рамеснікаў у галіне масавай прадукцыі, дзе якасць саступала колькасці. Лік зорак паменшыўся да васьмі, бант з медальёна з манаграмай Хрыста «перайшоў» пад фібулу на левым плячы Панны Марыі, падобна да гравюры Аўэра 1751/53 гг.19 Прамакутная рамка сціпла дэкаравана па вуглах. Эліпс выявы пабудаваны на аснове ромба, боку якога роўная яго меншая дыяганаль. Эліптычнасць роўная 0,76.

Вяртаючыся да мінулага, адзначым, што другая палова XVIII ст. пакінула шэраг выдатных узораў дадзенай іканаграфіі. У акварэлі на пергамене з прыватнага збору Мюнхена выява Дзевы Марыі ў раме ў выглядзе картуша, якая падтрымліваецца анёламі, дамінуе над абрысамі кляштарных карпусоў у перадгор’ях. Асіметрыя кампазіцыі, якая ствараецца спадаючай драпіроўкай і архітэктурнымі элементамі, дэманструе стылістыку позняга барока з рысамі ракако, што праяўляецца ў вытанчанай ружова-блакітнай каляровай гаме.

Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста з ружовай падвойнай стужкай, дзвюма фібуламі на плячах і па канцах з шыйнай нізкаю перлаў.

Далейшае развіццё іканаграфіі

Невядомы мастак. Панна Марыя
(з выявай кляштара бэнэдыктынаў
у Весабруне), другая палова XVIII ст.,
Паўднёвая Германія, акварэль,
пергамен (прыватная калекцыя,
Мюнхен).

У выніку даследавання высветлілася, што дадзеная іканаграфія атрымала шырокае распаўсюджванне як у самой Баварыі, так і за яе межамі, пераважна ў асяроддзі бэнэдыктынаў. Вядомыя варыянты ў графіцы (XVIII–ХІХ стст.), фрэсцы (рэзідэнцыя мастака Ё. Б. Аўэра ў Санкт-Мартэне, XVIII ст.), металічнай літой пластыцы (XVIII–ХІХ стст.).

Творы І. Меца і Ё. Б. Аўэра натхнялі мастакоў на стварэнне вобразаў Марыі Цудатворнай Весабрунскай не толькі ў каталіцкай Еўропе, але і ў Лацінскай Амерыцы. Два варыянты «Беззаганнага Зачацця» канца XVIII ст. Мануэля дэ Саманьега-і-Харамільё (1767–1824) захоўваюцца ў музеі каланіяльнага мастацтва ў Кіта, сталіцы Эквадора20. Абодва палотны выбітнага іспанскага каланіяльнага і калумбійскага мастака, тэарэтыка жывапісу (Tratado de pintura), дакладна адпавядаюць еўрапейскай гравюры сярэдзіны XVIII ст.: аўтар захаваў не толькі характэрную паставу Марыі Цудатворнай Весабрунскай і вянок з кветак, але і авальную рамку гравюры ў выглядзе аптычнай рамы на прамавугольным палатне. Цікава, што адзін абраз адпавядае весабрунска-зальцбургскаму, другі — уласна весабрунскаму ўзору. Істотныя рысы весабрунска-зальцбургскага ўзору — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста і з чырвонай падвойнай стужкай пад фібулай на левым плячы.

Вядомыя нам выявы Дзевы Марыі Весабрунскай з часам малююцца са спрашчэннем кампазіцыі і выяўленчых сродкаў. У адрозненне ад кананічнага нахілу галавы Панны Марыі ўправа, з’яўляюцца творы з люстраным адлюстраваннем.

Аўтар засяроджвае ўвагу на юным твары Святой з пяшчотным румянцам, якому адпавядаюць буйныя ружы вянка і бант на белым фоне адзення, пад якім ледзь прачытваецца традыцыйны медальён. Творы ХІХ ст. набываюць рысы партрэтнага жанру, адлюстроўваюць майстэрства перадачы аб’ёму, святлаценю, дэкаратыўнага каларыту. Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста і з чырвонай падвойнай стужкай над ім, атарочкі адзення з нізкамі перлаў ужо няма.

Выява Дзевы Марыі з Паўднёвай Германіі — урачысты, прэзентабельны вобраз. Чырвоная драпіроўка нагадвае раскрыты тэатральны занавес, унізе — паўмесяц з чалавечым тварам, які ахутвае корпус персанажа, нагадваючы іканаграфію «Беззаганнае Зачацце Марыі».

Станковыя творы, вырабленыя ў тэхніцы жывапісу на шкле, былі распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе ў XVIII–ХІХ стст., яны адлюстроўвалі бытавыя сцэны, пейзажы, рэлігійныя матывы — традыцыя захоўвалася да пачатку ХХ ст. У Польшчы, Чэхіі, Украіне і Беларусі падобныя творы сталі неад’емнай часткай народнага мастацтва.

Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста з чырвонай падвойнай стужкай над ім і фібулай на левым плячы: атарочкі адзення з нізкамі перлаў няма.

 
Невядомы майстар.
Панна Марыя
Весабрунская, ХІХ ст.,
метал, ліццё,
ліцейны завод Швейцэра
ў Дысене ам Амерзе,
Верхняя Баварыя.
  Невядомы майстар.
Панна Марыя Весабрунская, XVIII ст.,
медальён двухбаковы, метал, ліццё.

Другі твор, выкананы ў тэхніцы жывапісу на шкле, — прыклад народнага мастацтва з выразнымі рысамі наіўнага паняцця прыгажосці. Дзева Марыя пазбаўлена зорак, майстар акцэнтуе ўвагу на вялікім вянку на фоне німба, кантрасным спалучэнні чырвонага і блакітнага колераў адзення, ад сябе дабаўляе чырвоную стужку ў прычосцы. Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста з чырвонай падвойнай стужкай над ім і фібуламі на кожным плячы; атарочкі адзення з нізкамі перлаў няма.

На познім творы ХІХ ст. з нізкаю перлінаў на вопратцы ўпершыню ўжываецца стужка-бант невыразнага шэрага колеру без медальёна. Фібулы на плячы таксама няма, няма і звыклых зорак вакол галавы Дзевы Марыі. Чорная з пазалотай гладкая рама адпавядае сціпласці выяўленчых сродкаў палатна. Вобраз па стылі выканання набліжаецца да свецкага партрэта. Выява па шэрагу рысаў выразна адрозніваецца ад твора XVIII ст. са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Сярод разгледжаных твораў гэта другі, які дакладна адпавядае выяве Панны Марыі Весабрунскай з парафіяльнага касцёла Весабруна па дакладнай перадачы адзення Святой, але відавочны акцэнт на праменні вакол Яе галавы, і зоркі на канцах сведчаць пра ўплыў абраза з Зальцбурга ці яго копій. Гаворка ідзе пра літы праразны абразок ХІХ ст. у прамакутнай рамцы з эклектычным стылёвым аздабленнем. Падобны літы алавяны паліхромны вобраз Марыі Весабрунскай — адзін з прадуктаў фабрыкі Швейцэра ў наш час21. Традыцыі ліцейнай вытворчасці волава сям’і Швейцэраў узыходзяць да канца XVIII ст.

Істотныя рысы — выява Дзевы Марыі падаецца з медальёнам з манаграмай Хрыста з падвойнай стужкай над ім і фібулай на левым плячы.

Медальёны — неад’емны элемент каталіцкай сакральнай культуры, прадмет асабістай набожнасці22. Члены брацтваў абавязкова мелі вонкавыя атрыбуты прыналежнасці да іх23. Вядомы таксама медальёны з выявай Марыі Весабрунскай рознай ступені майстэрства. Нямецкі рэсурс «Сайт для калекцыянераў святых падвесак, паломніцкіх медалікаў і крыжоў», які фіксуе 23 весабрунскіх медальёны, называе іх паломніцкімі ці медалікамі пілігрымаў («Wallfahrtsmedaillen»)24. Як правіла, месца іх вырабу і аўтары невядомыя. Прадстаўлены вышэй узор, несумненна, затрымае позірк гледача...

   
Марыя Весабрунская,
ХІХ ст., палатно, алей.
Сабор св. Георгія,
Шэна, Паўднёвы
Ціроль, Італія.
  Мануэль дэ Саманьега-і-Харамільё.
«Бязгрэшнае Зачацце»
(Immaculata R.V. Maria Conception),
Сан-Францыска дэ Кіта,
Эквадор, к. XVIII ст.
(Museo de Arte Colonial, Quito, Ecuador).

Да абставінаў стварэння абраза

Застаецца адкрытым пытанне, якім чынам абраз апынуўся ў царкве вёскі Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Нагадаем, што царква Святых Пятра і Паўла — цяпер праваслаўны храм, пабудаваны ў 1792 г. як уніяцкі.

Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона пералічвае наступныя бэнэдыктынскія абацтвы былой Рэчы Паспалітай: «1) у Тынцы, ад якога залежалі кляштары: Арлоўскі ў Сілезіі, у Старых Троках у Літве (з 1410 г.) у Касцёльнай Всі ў ваколіцах Каліша (з 1209 г.) ва Уневе (з 1370 г.) у Тухаве; 2) абацтва Св. Крыжа на Лысай Гары з кляштарамі: у Канемлотах, Ванвольніцы і Слупе; 3) Сецэхаўскае абацтва з кляштарамі ў Сецэхаве, Радаме, Пухачове, Стэнжыце; 4) абацтва ў Магільным (1065 г.) каля Гнезна; 5) Любінскае абацтва з кляштарамі ў Яжове, Гостыне, Хайнатах і Кісаве; 6) Плоцкае абацтва (1166 г.) з кляштарамі раўскім, пржыбытаўскім, замскім і лентоўскім; 7) у Гарадзішчы каля Пінска (1659 г.); 8) у Нясвіжы (1673 г.) і 9) у Мінску (1700 г.)25». Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыях, якія адышлі да Аўстра-Венгрыі і Прусіі, большасць цэнтраў бэнэдыктынскага руху напаткаў лёс былых аўстрыйскіх і нямецкіх кляштараў — засталося толькі некалькі. У Царстве Польскім у складзе Расійскай імперыі ў Пултуску ў 1864 г. быў скасаваны апошні мужчынскі кляштар у «прывіслінскіх губернях».

Пасля секулярызацыі 1803 г. заходнеўрапейскія бэнэдыктынскія асяродкі прыйшлі ў заняпад і пачалі адраджацца толькі ў сярэдзіне ХІХ ст.26 Інакш было ў Расійскай імперыі. Пры царстваванні імператара Паўла I (1796–1801) ў Расійскай імперыі была асобная рыма-каталіцкая Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі Віленская, Самагіцкая, Луцкая, Камянец-Падольская і Мінская дыяцэзіі. Таксама было дазволена існаваць тром грэка-каталіцкімі епархіям: Полацкай, Луцкай і Мінскай27.

Бэнэдыктыны ў XVIII ст. мелі кляштары ў Гарадзішчы каля Пінска (1659–1864), каля Нясвіжа (1673–1864) і ў Мінску (1700–1832). Кляштары бэнэдыктынак дзейнічалі ў Нясвіжы (1591–1872), Мінску (1633–1871), Слоніме (1648–1850)28.

Недалёка ад вёскі Махро, за 40 км на паўночны ўсход, знаходзіцца Пінск, дзе ў XVIII ст. існавалі езуіцкі калегіум, францішканскі, бэрнардынскі, дамініканскі, кармэліцкі і бэнэдыктынскі кляштары. У сярэдзіне XVIII ст. больш за 30 гадоў узводзіўся гарадзішчанскі бэнэдыктынскі каменны касцёл, будаўніцтва якога было завершана ў 1775 г. намаганнямі абата Станіслава Кляшкоўскага (?–1814). Касцёл быў пабудаваны ў традыцыях італьянскага барока, унутры быў распісаны фрэскамі, аўтарам якіх лічыцца вядомы мастак піяр Караль Гюбель (у манастве — Лукаш; 1722–1793), які распісаў да гэтага любяшоўскі піярскі касцёл. Сцены ўпрыгожвалі 18 карцін, некаторыя — пэндзля італьянскіх майстроў29.

Адзначым, што Дзева Марыя Весабрунская — святыня менавіта бэнэдыктынская. Магчыма, у багатай бібліятэцы кляштара захоўваліся выявы цудатворнага абраза, у тым ліку гравюра Ё.Б. Аўэра, якая магла стаць узорам для таленавітага мясцовага майстра. Актыўная дзейнасць каталіцкіх ордэнаў на Піншчыне стварала асобную культурную прастору, якая прыцягвала творцаў розных напрамкаў і ўзроўню. Побач працавалі манументалісты, скульптары, жывапісцы, злотнікі. У такім выдатным асяроддзі павышалася іх майстэрства, ішоў абмен вопытам, засвойваліся еўрапейскія дасягненні. Аўтар музейнага твору дэманструе высокі прафесійны ўзровень валодання жывапіснымі сродкамі, што дадаткова пацвярджае росквіт беларускага сакральнага мастацтва ў XVIII ст.

Падсумоўваючы, можна казаць, што для выяваў Весабрунскай Дзевы Марыі зальцбургскага ўзору вызначальнымі рысамі з’яўляюцца:

  1. наяўнасць/адсутнасць медальёна з манаграмай Хрыста,
  2. з падвойнай стужкай над ім,
  3. наяўнасць/адсутнасць фібулы на левым плячы,
  4. наяўнасць/адсутнасць падвойнай стужкі на грудзях Марыі без медальёна з манаграмай Хрыста,
  5. наяўнасць/адсутнасць падвойнай стужкі пад фібулай на левым плячы,
  6. наяўнасць/адсутнасць упрыгожання вопраткі нізкамі перлінаў,
  7. прамакутная/авальная форма рамы.

Гэтыя прыкметы паслужылі падставай для абгрунтавання даты музейнага вобраза «Дзева Марыя» і пошукаў аналагаў рознай ступені падабенства.

Упершыню фіксуецца наяўнасць медальёна з манаграмай Хрыста з падвойнай стужкай над ім на выяве 1722 г. Весабрунскай Дзевы Марыі ў алтары св. Лукі бэнэдыктынскага Універсітэцкага храма Беззаганнага Зачацця ў Зальцбургу. Упершыню фіксуецца адсутнасць падвойнай стужкі над медальёнам з манаграмай Хрыста і наяўнасць падвойнай стужкі над фібулай на левым плячы на гравюры 1751/53 гг. Ёгана Бэнэдыкта Аўэра «Марыя як Маці цудоўнай любові» (цудатворная выява з Весабруна).

Ужыванне рамы ў выгляде эліпса для алтарных карцін з выявай Дзевы Марыі Весабрунскай — сведчанне выканання твору ў другой чвэрці — канцы XVIII ст.

Наяўнасць падвойнай стужкі на грудзях без медальёна пры адсутнасці фібулы на левым плячы (абраз з нізкамі перлінаў на шыі і адзенні) — прыкмета выканання твору ў ХІХ ст.

   
Марыя Весабрунская,
каля 1800 г.,
шкло, алей.
Паўднёвая Германія.
  Марыя Весабрунская,
першая палова ХІХ ст.,
шкло, алей. Германія.
  Невядомы мастак.
«Марыя, Маці
цудоўнай любові».
Баварыя, Германія.
Пач. ХІХ ст.,
палатно, алей.

Алтарная карціна «Дзева Марыя» з НММ РБ дакладна напісана паводле гравюры 1751/53 гг. Ёгана Бэнэдыкта Аўэра, гэта terminus post quem твора. Храналагічны мінімум інтэрвала датавання вызначаецца асаблівасцямі пісьма і матэрыяламі.

На жаль, застаецца адкрытым пытанне, якім чынам абраз апынуўся ў царкве вёскі Махро. Знікненне карціны з бэнэдыктынскім весабрунскім вобразам «Дзева Марыя» з культавага ўжытку, напэўна, звязана з палітычнымі падзеямі — ліквідацыяй Уніі на землях Расійскай імперыі ў 1839 г., закрыццём на беларускіх землях бэнэдыктынскіх кляштараў пасля паўстанняў 1831-га і 1863 гадоў.

Па стылістычных і тэхніка-тэхналагічных асаблівасцях карціна «Дзева Марыя» адносіцца да другой паловы XVIII ст. — гэта выдатны ўзор сакральнага жывапісу Беларусі.


  1. Die Altäre der Kollegienkirche Salzburg [Electronic resource] // URL: https://www.sueddeutscher-barock.ch/In-Werke/s-z/Salzburg_Kollegienkirche_Altar.html (Date of access: 09.03.2023).
  2. Gnadenbild Maria, Mutter der Schönen Liebe [Electronic resource] // URL: de.wikipedia.org/wiki/Gnadenbild_Maria,_Mutter_der_Schönen_Liebe (Date of access: 09.03.2023).
  3. Das Bistum Augsburg: 2. Die Benediktinerabtei Wessobrunn. – Berlin – New York, 2001. – S. 212 – (Germania sacra ; N. E, 39 : Die Bistümer der Kirchenprovinz Mainz).
  4. Das Bistum Augsburg: 2. Die Benediktinerabtei Wessobrunn. – Berlin – New York, 2001. – S. 212 – (Germania sacra ; N. E, 39 : Die Bistümer der Kirchenprovinz Mainz).
  5. Das Bistum Augsburg: 2. Die Benediktinerabtei Wessobrunn. – Berlin – New York, 2001. – S. 170 – (Germania sacra ; N. E, 39 : Die Bistümer der Kirchenprovinz Mainz).
  6. Эліпс – геаметрычнае месца пунктаў на плоскасці, ад якіх сума адлегласцяў да двух вызначаных пунктаў (фокусаў) застаецца нязменнай.
  7. MÜHLDORF/Inn. – Gnadenbild. – Bruderschaft [Electronic resource] // URL: https://www.abebooks.com/art-prints/MÜHLDORFInn-Gnadenbild-Bruderschaft-Mutter-Schönen-Liebe/15497492226/bd (Date of access: 09.03.2023).
  8. Virgen de Wessobrunn (Mutter der schönen Liebe) – Colonial Art [Electronic resource] // URL: https://colonialart.org/archives/subjects/virgin-mary/advocations-of-the-virgin/virgen-de-wessobrunn-mutter-der-schonen-liebe#c3858a-4920b (Date of access: 09.03.2023).
  9. Wilhelm-Schweizer Zinnfiguren. Katalog Schweizer-Wilhelm Zinnmanufaktur GmbH. [S.l., S.a.]. – S. 49, № 9480.
  10. Rewoliński T. Medale religijne odnoszące się do Kościoła katolickiego we wszystkich krajach dawnej Polski w zbiorze dra med. T. Rewolińskiego. Kraków, 1887; Jędrzejczak M.L. 1978. Medaliki Matki Boskiej Częstochowskiej (ze zbioru ks. S. Librowskiego) // Archiwa, biblioteki i muzea kośсielne. T. 38. – Lublin, 1978; Pankiewicz A., Witkowski J. Dewocjonalia barokowe odkryte na cmentarzysku przy kościele św. Piotra i Pawła na Ostrowie Tumskim we Wrocławiu // Wratislavia Antiqua, T. 17: Nowożytny cmentarz przy kościele św. Piotra i Pawła na Ostrowie Tumskim we Wrocławiu (lata 1621–1670). Wrocław, 2012; Kriegseisen J. Medaliki religijne XVI–XVIII wieku – forma, treść, funkcja // Rzemiosło artystyczne i wzornictwo w Polsce. T. XVI: Klejnoty w służbie sacrum i dewocji. Biżuteria w Polsce. – Toruń, 2017. – S. 43–47.
  11. Wiślicz T. Zarobić na duszne zbawienie. Religijność chłopów małopolskich od połowy XVI do końca XVIII wieku. – Warszawa, 2001. – S. 42, 68, 197.
  12. Wallfahrtsmedaillen.AT. Die Seite für Sammler von Heiligenanhängern, Wallfahrtsmedaillen und Kreuzen [Electronic resource] // URL: https://www.wallfahrtsmedaillen.at/a/search/content/Wessobrunner?page=1 (Date of access: 09.03.2023).
  13. Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Т. III (5). Банки — Бергер. – СПб., 1891. – С. 428–429.
  14. Задворный В. Бенедиктинцы // Католическая энциклопедия. Т. I. А – З.– Москва, 2002. – С. 544.
  15. Ковалёв В. Павел I // Католическая энциклопедия. Т. III. М – П. М., 2007. – С. 1190.
  16. Карнілава Л.А. Бенедыкцінцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя. У 6 т. Т. 1. А – Б. – Мінск, 2010. – С. 656.
  17. Ильин А.Л., Гнатюк Е.А. Очерки истории культуры Пинщины IX – нач. XX в. – Пинск, 2013. – С. 29.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY