Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Ірына БАГДАНОВІЧ

«О МАРЫЯ З БАРУНАЎ, РАТУЙ...»


Марыйныя і тэалагічныя матывы ў паэзіі Адама Міцкевіча

Да 225-годдзя з дня нараджэння паэта

Тытус Маляшэўскі.
«Партрэт Адама Міцкевіча», 1883 год,
Нацыянальны музей у Кракаве.

У гонар сёлетняга 225-гадовага юбілею з дня нараджэння нашага славутага паэта, ураджэнца Навагрудчыны Адама Міцкевіча (24.12.1798–06.11.1855), прапануем чытачам «Нашай веры» знаёмства з не вядомымі дагэтуль у беларускіх перакладах яго вершамі «Начлег» («Nocleg») і «Барані мяне перад самім сабой» («Broń mnie przed sobą samym»), якія ў чарговы раз сведчаць пра глыбокую хрысціянскую духоўнасць паэта, напоўненасць яго творчасці Марыйнымі і тэалагічнымі матывамі. Так, у творчай спадчыне Міцкевіча філамацкага перыяду ёсць узнёслы верш «Гімн на дзень Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі» (у нашым перакладзе ўпершыню друкаваўся ў часопісе «Наша вера», 1998, № 3). Ён быў напісаны амаль адначасова з вядомай «Одай да маладосці» і стаў фактычна для яе духоўным штуршком, гімнам новаму духу святла, які «ўзлюляе ў сваім лоне маладосць» і які народзіцца з «хаосу варожых стыхій» для вітання «дзянніцы свабоды» і «сонца збавення».

А ў сваёй славутай паэме «Пан Тадэвуш», напісанай ужо ў эміграцыйны перыяд у Парыжы, Міцкевіч, як вядома, прачула звяртаўся да Найсвяцейшай Панны Марыі ў найвядомых у нашым краі Яе цудоўных абразах — Вастрабрамскім у Вільні і Чэнстахоўскім, просячы аб цудзе вяртання «на Айчыны ўлонне»:

Святая Дзева, што бароніш Чэнстахову
І ў Вострай браме свеціш, што ўзяла ў ахову
Наш слаўны Навагрудак
з добрым верным людам,
Як мне жыццё ў дзяцінстве Ты вярнула цудам,
(Калі ў адчаі маці пад Тваю апеку
Мяне здала, і мёртвае я ўзняў павека
І зразу змог пайсці к Тваіх святынь парогу
За вернутыя сілы даць падзяку Богу),
Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлонне1.

Пераклад Пятра Бітэля.

Такім цудам вяртання на радзіму стала, па сутнасці, сама яго паэма «Пан Тадэвуш». Просячы Найсвяцейшую Панну Марыю аб пераносе яго «сумнага духу» ў край «родных лясных узгоркаў і лугоў духмяных», Міцкевіч у паэме згадвае абодва цудоўныя абразы як ахову і абарону роднага краю, а Вастрабрамскі абраз таксама і як выратаванне яго самога ў дзяцінстве ад смерці, калі маці прынесла яго зусім хворага і ахвяравала заступніцтву Найсвяцейшай Маці Божай Вастрабрамскай.

Верш «Начлег», пераклад якога прэзентуем у гэтай публікацыі, на першы погляд нібыта не звязаны непасрэдна з сучаснымі беларускімі прасторава-геаграфічнымі рэаліямі. Аднак гэта толькі на першы погляд, бо апісаныя ў вершы падзеі паўстання 1830–1831 гг. былі агульнымі для ўсіх гістарычных тэрыторый былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама, што яшчэ больш важна, у вершы ёсць унікальная згадка цудоўнага абраза Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных, санктуарый якой знаходзіцца ў мястэчку Баруны Ашмянскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Гэты абраз набыў асаблівую значнасць у сённяшняй рэчаіснасці Беларусі. Як вядома, сёлета, 14 кастрычніка, у Барунах адбылася велічная ўрачыстасць у гонар 330-годдзя з часу прызнання абраза цудадзейным, а біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч абвясціў аб яго будучай каранацыі.

Верш «Начлег» якраз з’яўляецца яшчэ адным пераканаўчым сведчаннем шанавання абраза Маці Божай Барунскай як цудадзейнага ў тыя часы на нашых землях і працягвае Марыйную тэматыку ў творчасці Адама Міцкевіча. Дзеянне ў гэтым паэтычным творы адбываецца, як ужо згадвалася, падчас паўстання 1830–1831 гг. на тэрыторыі Троцкага ваяводства і засяроджваецца на моманце перапынку пасля бітвы, калі камандзір аднаго з паўстанцкіх атрадаў мусіць прымаць няпростыя рашэнні ў абставінах гібелі ягонай сям’і і магчымасцю пакараць учыніўшага гэта злачынцу. Менавіта ў момант пажару ў сваім родным маёнтку герой верша ўсклікае: «O Najświętsza! O Maryjo z Borun! Ratuj ich... ratuj dzieci... dom gore». Не пераказваючы ўсяго дынамічнага і драматычнага сюжэту, з якім чытач пазнаёміцца праз сам твор, звернем увагу на тое, што сітуацыя, апісаная ў вершы, заснаваная на рэальных фактах, а праз учынкі героя камандзіра мы бачым акцэнтаванае Міцкевічам сведчанне глыбокай хрысціянскай веры, калі актуальнай становіцца не толькі хрысціянская запаведзь любові да бліжняга, але бадай і самая парадаксальная і цяжкая запаведзь хрысціянскага стаўлення да ворагаў.

Прататыпам галоўнага героя гэтага твора была рэальная асоба — падпалкоўнік Вінцэнт Матушэвіч (1801–1862) са шляхецкага роду герба «Лебедзь», які нарадзіўся ў Троцкім павеце, перад пачаткам паўстання быў суддзёю ў Троках, далучыўся да паўстання, узначаліўшы партызанскі аддзел у сваёй мясцовасці, па паразе паўстання эміграваў, жыў у Францыі, памёр у Парыжы. Міцкевіч асабіста пазнаёміўся з ім у Дрэздэне, слухаў яго аповеды і на аснове іх напісаў свой верш «Начлег», які разам з ужо вядомымі ў беларускіх перакладах вершамі «Смерць палкоўніка» (прысвечаны Эміліі Плятэр) і «Песня жаўнера» адметна раскрывае тэму паўстання 1830–1831 гг. на гістарычных землях нашага Краю.

Другі верш у гэтай публікацыі «Барані мяне перад самім сабою» адметны духоўным роздумам лірычнага героя над такімі тэалагічнымі праблемамі, як пазнанне сутнасці Бога, успрыняцце чалавекам Бога ў сваёй штодзённасці. Не выклікае сумнення, што верш напісаны аўтарам у глыбокай веры, аднак лірычнага героя выпрабоўваюць і нават спакушаюць розныя пытанні, ад якіх ён спрабуе абараніцца з Божай дапамогай. На шляху духоўнага развіцця, магчыма, не адзін вернік і ў наш час сутыкаецца з падобнымі пытаннямі, шукаючы на іх адказу і паглыбляючы такім чынам сваю веру або ўпадаючы ў духоўныя хістанні. Для Міцкевіча, несумненна, гэта быў час актыўных духоўных пошукаў і развіцця сваёй «паэтычнай тэалогіі». Пра гэта прынамсі пераканаўча сведчыць, што час напісання гэтага верша прыкладна супадае з перакладам Міцкевічам з лацінскай на польскую мову рэлігійнага гімна Veni Creator, які ён выканаў бліскуча і вельмі дакладна, пацвярджаючы сваю глыбокую веру, благаслаўлёную ў дзяцінстве цудадзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Такім чынам, Марыйныя і тэалагічныя матывы былі пастаяннымі ў творчасці Адама Міцкевіча, надавалі ёй духоўнае вымярэнне і спрыялі місіі паэтычнай евангелізацыі.

Пераклады вершаў «Начлег» і «Барані мяне перад самім сабой» зроблены паводле выдання: Adam Mickiewicz. Dzieła. Tom 1. Wiersze. — Warszawa: Spółdzielnia Wydawnicza «Czytelnik», 1955.

Гл. таксама:
Адам МІЦКЕВІЧ :: ВЕРШЫ ::


  1. Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве. Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам / Агул. рэд., прадм. Я. Янушкевіча; Уклад. У. Гілеп і інш.; Пер. на бел. мову П. Бітэля; Пер. на рус. мову С.Мар (Аксёнавай) — Мінск: БФК, 1998. — С. 307.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY