![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||
№
4(106)/2023
![]() З нагоды юбілею
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
МІТРАПАЛІТ СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ І ЗАСНАВАННЕ МАГІЛЁЎСКАЙ МІТРАПОЛІІ Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына
Паэзія
Пераклады
Асобы
Кіназнаўства
|
Наўрад ці будзе памылкай сцвярджаць, што жыццяпісы езуітаў — гэта храналогія іх служэння Ad majorem Dei Gloriam. Усё жыццё гэтых руплівых працаўнікоў — дзейнасць у самых розных галінах — навука, культура, мастацтва, асвета, прамысловасць і г.д., ад велічных барочных сабораў да кубачкаў шакаладу — усё служыла павелічэнню хвалы Пана і для дабра Яго авечак. Пэўная складанасць заключаецца ў тым, што, узнімаючы з-пад пылу забыцця чарговае імя (у большай ступені гэта датычыць езуітаў, піяраў, базыліянаў), мы вымушаны не столькі звяртацца да асобы, колькі асвятляць прадмет яе дзейнасці. Што ж, няхай будзе так. Мабыць, гэткім чынам атрымліваецца асвятліць і частку нашай гісторыі.
Прыгадаем Рэч Паспалітую сярэдзіны XVIII ст. Саксонскія часы. Упадак калі яшчэ не эканамічны, то маральны. Эканоміку рухае народ, якому няма часу адхіляцца на ўсялякія глупствы. Маральным упадкам ахоплены пераважна пануючыя станы — магнатэрыя, шляхта, ды й чаго ўжо граху таіць — частка святарства, вельмі бачныя прадстаўнікі якога не адставалі ад шляхты. Прыкладаў безліч. І вось у 1740 г., стаміўшыся ўсё гэтае назіраць, наваградскі кашталян Даніэль Казімір Шышко кінуў зерне, каб узрасціць нарэшце пакаленне, годнае найяснейшай Рэчы Паспалітай, а не лёсу жлуктаў і карцёжнікаў. Гэта была фундаваная пры Віленскай акадэміі невялічкая бурса, усяго на сем убогіх шляхецкіх юнакоў. «Seminarium Szyszkovianum», што ў 1751 г. намаганнямі айца Адама Абрамовіча SJ ператвараецца ў Collegium Nobilium, у якім вучыцца каля пяцідзесяці прадстаўнікоў першых фамілій ВКЛ — Масальскія, Юдыцкія, Агінскія, Тышкевічы, Пузыны ды інш. Трэба сказаць, што стварэнне шляхецкіх калегіумаў не толькі ў ВКЛ, а па ўсёй Рэчы Паспалітай было рэакцыяй на чаканні эліты і дзяржавы, бо ў рэчышчы зменаў, што пачаліся пры Саксонцах і атрымалі большую дынаміку пры Станіславу Аўгусту, краіне былі неабходныя прафесіяналы ў сферы дзяржаўнага кіравання, войска, а таксама ў магнацкіх уладаннях, што па плошчы кожнае, мабыць, пераўзыходзіла нейкае германскае княства. Не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што хрысціянства павінна ахопліваць усё грамадства і дзяржаву. Тое, што сёння Касцёл аддзелены ад дзяржавы, сведчыць толькі аб тым, што Касцёл узвышаецца над дзяржаваю як вышэйшы духоўны аўтарытэт. У іншым выпадку мы чуем ці ўдар нажа гільяціны, ці пытанне дыктатара: «А колькі ў Рымскага Папы дывізіяў?», ці разгул лібералізму, калі ўхваляюцца грахі, што наклікаюць Божую помсту. Зразумела, айцы езуіты, як і ўсе сапраўдныя хрысціяне, усведамлялі, якое месца ў грамадстве і дзяржаве павінна займаць вера, таму галоўнаю мэтаю Collegium Nobilium было выхаванне ўзорных, прасякнутых рэлігійнасцю і патрыятызмам грамадзянаў. Не будзем спыняць увагу на навучальным працэсе, але паспрабуем, нягледзячы на недахоп (як звычайна) матэрыялу, прысвяціць увагу нашаму суайчынніку а. Адаму Абрамовічу, што паходзіў з уплывовага шляхецкага роду герба «Абрамовіч» ці «Ястрабец зменены», таксама вядомы як Абрагамовічы і Аўрамовічы. Гэтыя розначытанні далі падставу (памылковую, калі абапірацца на Банецкага) польскаму гісторыку Юзафу Вольфу выводзіць іх ад славутага габрэя Абрагама Езафовіча герба «Ляліва», што быў падскарбіем літоўскім у часы вялікіх князей Аляксандра і Жыгімонта І. Род паходзіў з паўночнай Мазовіі, адкуль перасяліўся ў Падляшша, а адтуль адна з галінаў у Літву, дзе меліся значныя ўладанні, у прыватнасці, мястэчка Варняны (Віленскі павет, сёння Астравецкі р-н), таму падпісваліся азначэннем «на Варнянах». Сярод найбольш значных прадстаўнікоў можна згадаць Яна (пам. у 1602 г.), менскага ваяводу (1593–1596) і смаленскага (1596), які шмат зрабіў для кальвіністаў і бараніў Праваслаўную Царкву. Яшчэ адзін кальвініст Мікалай (пам. у 1651 г.), ваявода мсціслаўскі (1643) і троцкі (1647), генерал артылерыі ВКЛ, адважны удзельнік войнаў са шведамі і расейцамі. Сын Мікалая Самуэль Андрэй (1617–1663), каралеўскі палкоўнік, староста старадубскі (1647 г.), пасля смерці бацькі вярнуўся ў лона Касцёла і закрыў кальвінскі збор у Варнянах. Самуэль Андрэй пакінуў сыноў Андрэя (пам. у 1763 г.), паручніка пяцігорскага, кашталяна брэсцкага (1757), з маладосці звязанага з Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам, адстойваючы яго інтарэсы ў розных прадстаўніцтвах, Юрыя (пам. у 1767 г.), харужага пяцігорскага, старосту старадубскага (1763), таксама звязанага з Рыбанькам, і ўбачыўшага свет 24 жніўня 1710 г. Адама Абрамовіча, паводле Урускага, «рэктара езуітаў у Менску, вучонага святара». Нам жа засталося толькі пакінуць кароткую біяграфічную даведку.
ЛІТАРАТУРА
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |