Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Ксёндз Юрый ДРОЗД

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ

Рэферат, прачытаны на сімпозіуме
з нагоды 225-годдзя Мінскай дыяцэзіі.
Мінск, архікатэдральны касцёл,
2 верасня 2023 г.

У канцы XVIII ст. у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Каталіцкі Касцёл на беларускіх землях апынуўся ў новай геапалітычнай і культурнай рэчаіснасці. Адбываліся радыкальныя перамены ў яго функцыянаванні. У яго жыццё актыўна ўмешваліся свецкія ўлады, што, зрэшты, было замацавана юрыдычна1. Справы Касцёла знаходзіліся ў кампетэнцыі адпаведнай дзяржаўнай структуры, якая насіла назву Юстыц-калегія Ліфляндскіх, Эстляндскіх і Фінлядскіх спраў. Царскія ўлады самі выступалі ініцыятарамі стварэння дыяцэзій, прызначэння біскупаў, а Апостальская Сталіца, шукаючы аптымальнага кампрамісу, праз некаторы час толькі кананічна ўрэгулёўвала рэальнае становішча.

У абставінах гэтай няпростай сітуацыі знаходзіўся і Касцёл на Міншчыне. Крыніцамі па яго гісторыі служаць дзяржаўна-прававыя акты Расійскай імперыі, службовая перапіска свецкіх і духоўных асобаў, інвентары касцёлаў, успаміны і працы непасрэдных сведкаў падзей, як, напрыклад, працы Ігнацыя Барэйкі Ходзькі, гісторыка і этнографа Аляксандра Ельскага, ксяндза Вітольда Чачота і інш. Важнае значэнне маюць даследаванні сучасных гісторыкаў, перадусім айчынных, якія апрацавалі вялікую колькасць разнастайных архіўных дакументаў, даследуючы тыя ці іншыя аспеты жыцця Касцёла на беларускіх землях. Абапіраючыся на некаторыя найбольш рэпрэзентатыўныя матэрыялы, паспрабуем ахарактарызаваць асноўныя этапы ў гістарычным развіцці Мінскай дыяцэзіі.

Першы этап яе гісторыі ахоплівае храналагічныя межы з 1798 да 1917 г. (зрэшты, перыяд актыўнага развіцця мэтазгодна спыніць на 1869 годзе). Так, 28 красавіка (або 11 мая паводле новага стылю) 1798 г. расійскі імператар Павел І, праводзячы тэрытарыяльную рэарганізацыю Каталіцкага Касцёла ў імперыі, сваім дэкрэтам «О бытии в России для исповедующих Римскую веру шести Диоцезиям» абвясціў дыяцэзію з цэнтрам у Мінску2. Яе галавою быў прызначаны віленскі канонік ксёндз Якуб Дадэрка (1751–1829), якога пасвяцілі на біскупа ў Полацку. На той момант яму было 47 гадоў. На ўтрыманне новапрызначанага іерарха з дзяржаўнай казны выдзяляліся сродкі ў памеры 6000 рублёў на год3. Вось як аб гэтым сказана ў першакрыніцы: «Имея попечение, дабы подданные Наши Римской веры, в разных областях пространной Империи Нашей, пользовались по церковным делам надлежащим управлением, признали мы за благо сделать следующие распоряжения: І) В Империи Всероссийской, для исповедующих помянутую веру, имеют быть шесть Диоцезий или Епархий Римской церкви, а именно: 1. Архиепископство Могилёвское, прежде учреждённое, заключающее в себе Губернии Белорусскую и Киевскую, со всеми церквами того закона, в прочих Губерниях до 1793 года существовавших. 2. Епископство Виленское в Губерниях Литовской и Курляндской, за исключением из первой земли Жмудской или Самогиции. 3. В сей последней земле Епископство Самогитское. 4. В Губернии Волынской Епископство Луцкое. 5. Епископство Каменецкое в Губернии Подольской; и наконец 6. Епископство Минское в Губернии того же названия»4. І крыху далей удакладнялася пытанне матэрыяльнага забеспячэння біскупаў: «Епископам Каменецкому и Минскому производить на содержание их с домами и катедрами по 6000 рублей из сумм, назначенных по Казначейству Нашему на содержание иноверных Духовных в Государстве»5.

Апостальскі нунцый Лаўрэнцій Літта (1756–1820) адпаведнымі дэкрэтамі ўнармаваў гэту справу з боку кананічнага права 2 верасня 1798 г., а 15 лістапада ўсё канчаткова зацвердзіў папа Пій VI булай «Maximis undi­qae pressi». Була пачыналася шматзначнымі словамі: «Вялікі адусюль ідзе смутак», што, вядома, адлюстроўвала заклапоча­насць Папы тым, што свецкі ўрад празмерна ўмешваўся ў жыццё Касцёла.

Новапрызначаны біскуп пасяліўся ў пакоях пры дамініканскім касцёле (знішчаны ў 1951 г.), які знаходзіўся на скрыжаванні сучасных вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай6. Даследчык ХІХ ст. Аляксандр Ельскі заўважаў, што гэта была «пышная біскупская рэзідэнцыя»7, а ў якасці катэдральнага касцёла эрыгаванай дыяцэзіі была выбрана святыня пад тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якая належала ордэну езуітаў. Можа ўзнікнуць пытанне: чаму біскуп жыў не пры катэдры? Справа ў тым, што ў касцёле, які стаў катэдральным, за год да заснавання дыяцэзіі здарыўся моцны пажар, і да 1803 г. у ім і прылеглых памяшканнях вяліся аднаўленчыя работы.

Адзначым, што Мінск канца XVIII — пачатку ХІХ ст. выглядаў як даволі актыўны каталіцкі гарадок. У той час у ім пражывала каля 6000 чалавек, але пры гэтым тут меліся 11 каталіцкіх кляштараў (14 у сучасных межах), 7 касцёлаў, 4 уніяцкія царквы, 3 уніяцкія манастыры і толькі адна праваслаўная царква. Колькасць рымска-каталіцкіх вернікаў у дыяцэзіі таксама была дастаткова высокай. Па розных дадзеных8 — ад 230 да 300 тысяч чалавек. Іх рэлігійную актыўнасць адзначалі многія аўтары. Так, напрыклад, у выдадзенай у пачатку ХХ ст. пад рэдакцыяй кс. Язафата Жыскара працы «Нашы касцёлы» сцвярджаецца: «Падчас адпустаў у парафіях Магілёўшчыны можна лёгка адрозніць мінчукоў па тым, што яны лепш спяваюць і больш пабожныя»9.

Мінская дыяцэзія была лакалізавана ў межах Мінскай губерні. Калі накласці яе контуры на карту сучаснай Рэспублікі Беларусь, то мы ўбачым, што дыя­цэзія, паступова пашыраючыся, распрасціралася з поўначы да поўдня краіны і ахоплівала ўсю яе сярэднюю частку. На поўдні яна суседнічала з Луцкай і Жытомірскай дыяцэзіямі, на ўсходзе і поўначы — з Магілёўскай, на захадзе — Віленскай і Луцкай. У 1798 годзе ў межах Мінскай дыяцэзіі знаходзіліся гарады ад Друі да Пінска і Мазыра, ад Нясвіжа да Бабруйска і Рэчыцы.

Структуры Мінскай дыяцэзіі ў 1798 г. складалі 10 дэканатаў, 95 парафій, у якіх было 48 касцёлаў і 174 капліцы, 36 мужчынскіх і 5 жаночых кляштараў. Канечне ж, гэтыя лічбы мяняліся на працягу гадоў, асабліва пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гадоў. Тады істотна скарацілася лічба кляштароў, уніяцкія і некаторыя каталіцкія храмы адышлі да Праваслаўнай Царквы.

Біскуп Якуб Дадэрка пэўны час карыстаўся прыхільнасцю свецкіх уладаў і праявіў сябе як энергічны і здольны арганізатар касцёльнага жыццця. Так, яго стараннямі ў 1803 г. у Мінску была заснавана духоўная семінарыя. Ёсць недакладныя звесткі аб тым, што яна была перанесена ў Мінск са Смілавічаў, дзе на працягу кароткага часу дзейнічала пры кляштары айцоў місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля10. Паступіць у семінарыю можна было пасля павятовага вучылішча або гімназіі. Здаралася, што прымаліся і кандыдаты толькі з хатняй адукацыяй, таму з 1829 г. у семінарыі дзейнічаў падрыхтоўчы курс для клерыкаў, узровень ведаў якіх быў недастаткова адпаведны, каб вывучаць прадметы філасофска-тэалагічнага цыклу. У межах падрыхтоўчага курса вывучаліся лацінская і польская мовы і катэхізіс11.

Таксама біскупам быў створаны катэдральны капітул. Ён складаўся з 12 членаў — 6 прэ­латаў (прэпазіт, архідыякан, дэкан, схаластык, кусташ і кантар) і 6 канонікаў12. Святарамі капітула сталі пробашчы парафій: Слуцкай, Барысаўскай, Івянецкай, Докшыцкай, Цімкавіцкай, Ляхавіцкай, Клецкай і Мядзве­дзіцкай13. Гэта былі адны з лепшых парафій дыяцэзіі. Што маецца на ўвазе пад словам «лепшых»? Справа ў тым, што ў Расійскай імперыі каталіцкія парафіі афіцыйна падзяляліся на т.зв. пяць класаў, а ад гэтага залежала ступень дзяржаўнай матэрыяльнай падтрымкі. Парафія першага класа ў дыяцэзіі была адна — катэдральная. На яе выдаткоўваліся найбольшыя сродкі з бюджэту. Так, пробашч Мінскай катэдры атрымліваў па 600 рублёў штогод. Другі клас парафій атрымліваў на 100 рублёў менш і г.д14.

У 1812 г. Мінская дыяцэзія перажыла нашэсце арміі Напалеона. Многія арыстакраты і каталіцкія духоўныя дзеячы Рэчы Паспалітай і былога Княства Літоўскага падтрымалі французскага імператара. Сярод іх быў і біскуп Дадэрка, які разгарнуў у дыяцэзіі актыўную дзейнасць на карысць адраджэння Польшчы. Расійскі імператар не мог яму гэтага дараваць. У 1816 г. царскім указам біскуп быў пазбаўлены катэдры і сасланы ў мястэчка Алыка (сёння Валынская вобласць ва Украіне), дзе і пражыў да смерці (†1829). Наступнікамі Дадэркі былі біскупы Матэуш Ліпскі і Адам Вайткевіч.

У 1840-я гады адбылася ня­з­начная рэарганізацыя межаў Мінскай дыяцэзіі ў выніку дзяржаўнай рэформы. Да дыяцэзіі быў далучаны Наваградскі дэканат і аддзелены Радашковіцкі і частка Полацкага дэканатаў, якія далучылі да Віленскай дыяцэзіі15. Таксама важнай падзеяй стала падпісанне Канкардату 22 ліпеня (3 жніўня) 1847 г. паміж папам Грыгорыем XVI і імператарам Мікалаем І. Канкардат не палепшыў жыцця Касцёла, а толькі замацаваў фактычнае становішча. А ў чым была яго асаблівасць у 40–50-я гады ХІХ стагоддзя? Гэты час увогуле можна было б назваць адносна спакойным, калі не лічыць таго, што пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гадоў стаўленне да Касцёла з боку дзяржавы ў Расійскай імперыі змянілася з прыхільнага на негатыўнае. Дзяржава пачала планамерна праводзіць палітыку рэпрэсій, а гэта выражалася, між іншым, у тым, што скарачалася колькасць кляштараў (забягаючы крыху наперад, адзначу, што да пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі не засталося ні аднаго каталіцкага кляштара), узнікалі праблемы з рамонтам касцёлаў, ствараліся разнастайныя перашкоды для місійнай дзейнасці Касцёла, уводзілася забарона рыхтаваць будучых святароў па-за межамі імперыі, забараняліся манаскія студыі і г.д.

Справы Касцёла яшчэ з большай інтэнсіўнасцю сталі мяняцца ў горшы бок пасля паўстання 1863–1864 гг. Па-першае, у 1863 г. быў разарваны Канкардат. Па-другое, афіцыйны Пецярбург распачаў чарговую хвалю рэпрэсій супраць Касцёла, які, як вядома, быў даволі актыўным у паўстанцкім руху. У Мінскай дыяцэзіі было скасавана 28 парафій, зачынены 21 філіяльны касцёл і 79 капліцаў. У аднабаковым парадку царскія ўлады праводзілі рэарганізацыю дыяцэзій. Так, у 1866 г. яны ліквідавалі Камянецкую дыяцэзію, а пасля пачалі абмяркоўваць скасаванне Мінскай дыяцэзіі. Рашэнне канчаткова было прынята імператарам Аляксандрам ІІ 15 ліпеня (29 ліпеня) 1869 г. Дзейнасць капітула і семінарыі былі спынены. Катэдральны касцёл пераведзены ў статус звычайнай парафіяльнай святыні. Але, як заўважыў сучасны польскі даследчык кс. Марэк Галабурда, у афіцыйных дакументах і ў традыцыі вернікаў касцёл працягвалі называць катэдрай16.

Тэрыторыю Мінскай дыяцэзіі дзяржаўныя ўлады падпарадкавалі юрысдыкцыі Віленскага біскупа. Святы Пасад ніколі не прызнаў гэтага рашэння расійскіх уладаў, як і рашэння аб ліквідацыі дыяцэзіі. Сітуацыя працяглы час заставалася напружанай. Толькі ў 1880 г. Пецярбург і Апостальская Сталіца змаглі дамовіцца, каб дыяцэзія атрымала статус Апостальскай Адміністратуры і перайшла пад кіраванне арцыбіскупа Магілёўскага, ся­дзіба якога ад 1873 г. афіцыйна знаходзілася ў Пецярбургу17. Адпаведнае распараджэнне з боку царскага ўраду было выдадзена 16 красавіка 1883 г. У дакуменце змяшчалася наступная фармулёўка (стыль і пунктуацыя арыгіналу захаваныя): «Признав за благо римско-католической церкви Минской губернии, присоединённыя, по Высочайшему указу, Правительствующему Сенату в 15-й день июля 1869 года данному, к Виленской римско-католической епархии, отделить на будущее время от сей последней, повелеваем: означенные церкви подчинить ведению Могилёвского Архиепископа Митрополита римско-католических церквей в Империи»18.

Толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. стала магчыма зноў рабіць захады па аднаўленні структураў Мінскай дыяцэзіі. Пачаўся, такім чынам, другі этап яе гісторыі. Гэта быў вельмі неспакойны час, які, аднак, напачатку адкрываў шмат перспектываў. Так, напрыклад, у маі 1917 г. у Мінску праходзіў з’езд ксяндзоў беларусаў, на якім абмяркоўваліся пытанні беларускага руху і ўдзелу ў ім Касцёла. 2 лістапада 1917 г. на мінскую катэдру быў менаваны новы і чацвёрты ад заснавання дыяцэзіі біскуп — Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Яго пасвячэнне адбылося толькі 28 ліпеня 1918 г. у Варшаве. Праз два тыдні пасля гэтага новапасвечаны біскуп Лазінскі прыбыў у Мінск і паспрабаваў стварыць духоўную семінарыю. Яна пачала дзейнічаць 1 кастрычніка 1918 г. Яе рэктарам стаў доктар філасофіі, выкладчык Пецярбургскай семінарыі кс. Фабіян Абрантовіч (1884–1946). У лістападзе 1918 г. ён прыехаў з Пецярбурга ў Мінск, дзе таксама ўзначаліў мінскую арганізацыю Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, у якую ўваходзіла больш за 500 членаў. У семінарыі навучалася 29 клерыкаў. Набажэнствы, якія праводзіў ксёндз Абрантовіч, наведваў і Янка Купала19. Але пад ціскам ўсё больш неспрыяльных грамадска-палітычных варункаў семінарыя ў 1920 г. была пераведзена ў Навагрудак. Біскуп Лазінскі за час свайго кароткага кіравання Мінскай дыяцэзіяй падвяргаўся арышту і ціску з боку уладаў. Тым не менш яму ўдавалася рабіць пэўныя крокі па арганізацыі дыяцэзіі, паколькі ўлада бальшавікоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі не была яшчэ добра ўмацаванай, а Мінск у 1919–1920 гг. знахо­дзіўся пад кантролем польскіх акупацыйных войскаў.

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны і падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 г. тэрыторыя былой Мінскай губерні была падзелена паміж савецкай дзяржавай і Польшчай. На той частцы Міншчыны, якая ўвайшла ў склад ваяводстваў Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай), у 1925 г. была створана Пінская дыяцэзія. Тыя ж землі, якія ўвайшлі ў склад БССР, па-ранейшаму афіцыйна ўваходзілі ў склад Мінскай дыяцэзіі, якая на практыцы не дзейнічала, але кананічна не была скасавана Апостальскай Сталіцай. З 1926 г. і ажно да сваёй смерці ў 1989 г. клопат аб дыяцэзіі (наколькі гэта было магчыма рабіць, жывучы ў Бельгіі) ажыццяўляў біскуп Баляслаў Слосканс. На тэму таго, як жылі каталіцкія вернікі ў савецкі час і з якімі цяжкасцямі сутыкаліся, напісана нямала кніг20, не кажучы ўжо пра мноства навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. Ва ўмовах ваяўнічага атэізму людзі трымаліся толькі дзякуючы непахіснай веры і захаванню памяці пра традыцыі продкаў.

У 1989 г., калі ў Савецкім Саюзе пачалася «перабудова» і змена адносінаў да рэлігійных арганізацый, была заснавана Апостальская Адміністрацыя ў Мінску. Апошнім Апостальскім Адміністратарам (з 25 ліпеня 1989 г. да 13 красавіка 1991 г.) быў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 13 красавіка 1991 г. Мінская дыяцэзія і Магілёўская архідыяцэзія былі аб’яднаныя ў адну, Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. У той жа самы дзень ксёндз Казімір Свёнтэк атрымаў біскупскую намінацыю і быў прызначаны мітрапалітам новастворанай архідыяцэзіі, а таксама Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі21. Можна казаць, што з гэтага часу распачаўся чарговы этап у гісторыі мясцовага Касцёла, багаты на падзеі і напоўнены руплівай працай па адраджэнні рэлігійнага жыцця. <...>

Як бачым, гістарычны шлях Мінскай дыяцэзіі быў доўгім і няпростым. Яе мінулае — гэта частка шматпакутнай гісторыі Беларусі, у якой былі перыяды ўзлётаў і падзенняў. Без перабольшвання можна сказаць, што гісторыя Мінскай дыяцэзіі (проста хаця б з увагі на яе тэрыторыю) ўвабрала ў сябе гісторыю амаль усёй Беларусі перыяду ХІХ–ХХ стагоддзяў. Калі ж паспрабаваць у двух словах акрэсліць жыццё Касцёла гэтага перыяду, то характарыстыку можна заключыць у фразе «імкненне выжыць». Мы бачым, аднак, што нават у самыя складаныя хвіліны дзейнічаў Божы Провід. Касцёл у сваім зямным вымярэнні на канкрэтнай геаграфічнай прасторы нярэдка знаходзіўся ў кроку ад знішчэння, але адраджаўся зноў і зноў. Пройдзены ім шлях — гэта лёсы шматлікіх пакаленняў людзей, кожны з якіх рабіў той ці іншы ўнёсак у развіццё Божай справы, не будучы вольным, канечне ж, ад памылак і натуральных чалавечых абмежаванняў. Гісторыя Мінскай дыяцэзіі, з аднаго боку, добра даследавана на сённяшні дзень, а з іншага, яшчэ чакае пастаноўкі і вырашэння новых праблемных пытанняў. Упэўнены, што недахопу ў аб’ектыўных даследаваннях у нас не будзе.

Гл. таксама:
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ :: МІТРАПАЛІТ СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ І ЗАСНАВАННЕ МАГІЛЁЎСКАЙ МІТРАПОЛІІ ::

 


  1. Пар. Ганчарук I.Г., Ганчар А.I. Рымска-Каталiцкi Касцёл у Беларусi (1772–1830 гг.). – Гродна, 2012, с. 24.
  2. Даследчык Аляксандр Ельскі (1834–1916) заўважаў: «Цікава будзе адзначыць, што да таго, як была створана Мінская дыяцэзія, пэўная частка Міншчыны кароткі час належала да так званай Пінскай дыяцэзіі, мала вядомай нават прафесійным гісторыкам. У сваіх зборах я меў рубрыкацыю Пінскай дыяцэзіі за 1797 год, у якой не называюцца ні парафіі, ні склад духавенства, а толькі ўказваецца парадак набажэнства» (Ельскі А. Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі. [у]: Наша вера, 2002, № 4, с. 33–34). Некананічная Пінская дыяцэзія сапраўды існавала ў перыяд з 1795 па 1798 г. Яе стварыла імператрыца Кацярына ІІ, але гэта рашэнне не было зацверджана Апостальскай Сталіцаю.
  3. Для параўнання адзначым, што ўтрыманне сярэдняй сялянскай сям’і ў Расійскай імперыі канца XVIII ст. абыходзілася ў суму каля 30 рублёў на год (гл. https://arzamas.academy/materials/1020).
  4. Белоголов И.М. Акты и Документы, относящиеся к устройству и управлению римско-католической церкви в России. Том І (1762–1825 г.). – Петроград, 1915, с. 112–113.
  5. Тамсама.
  6. Яроменка А. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. – Мінск, 2003, с. 188; Кулагін А., Каталіцкія храмы Беларусі. – Мінск, 2008, с. 228.
  7. Гл. Ельскі А. Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі. [у]: Наша вера, 2002, № 4, с. 35.
  8. Czeczot W. Diecezja Mińska i jej pasterz Zygmunt Łoziński. – Wilno, 1925, с. 5.
  9. Żyskar. J. (red.). Nasze kościoły. Tom I. Cz. 2. – Warszawa, 1912, с. 121.
  10. Зянюк Р.У. Навучальныя ўстановы Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі (1772–1914 гг.). – Мінск, 2017, с. 81.
  11. Тамсама, с. 86.
  12. Гл. Ганчарук I.Г., Ганчар А.I. Праца цыт., с. 57.
  13. Гл. Ельскі А. Праца цыт., с. 35.
  14. Тамсама, с. 36.
  15. Яноўская В.В. (рэд.). Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.). – Мінск, 2015, с. 104.
  16. Гл. Hałaburda M. Katedra pw. Imienia Najświętszej Maryi Panny w Mińsku w opisie wizytacyjnym z 1829 roku. [у]: Archiwa, Biblioteki I Muzea Kościelne 109 (2018), с. 210.
  17. Гл. Skarbek J. Kościół rzymskokatolicki na Białorusi i Litwie w XIX i początkach XX stulecia. [у]: Sympozjum. Rok III 1999, nr 1(4), с. 27.
  18. Полное собрание законов Российской империи. Собрание третье, т. III. – Санкт-Петербург, 1886, с. 183.
  19. Навіцкі У.І. (рэд.). Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.). – Мінск, 1998, с. 181.
  20. Гл., напрыклад: Ярмусик Э.С. Католический Костёл в Беларуси в 1945–1990 годах. – Гродно, 2006; Dzwonkowski R. Kościół katolicki w ZSRR 1917 — 1939. Zarys historii. – Lublin, 1997.
  21. https://catholic.by/3/kasciol/history

 

Бібліяграфія і крыніцы

  1. 1. Белоголов И.М. Акты и Документы, относящиеся к устройству и управлению римско-католической церкви в России. Том І (1762–1825 г.). – Петроград, 1915.
  2. Ганчарук I.Г., Ганчар А.I. Рымска-Каталiцкi Касцёл у Беларусi (1772–1830 гг.). – Гродна, 2012.
  3. Ельскі А. Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі. [у]: Наша вера, 2002, № 4, с.33–39.
  4. Зянюк Р.У. Навучальныя ўстановы Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі (1772–1914 гг.). – Мінск, 2017.
  5. Кулагін А., Каталіцкія храмы Беларусі. – Мінск, 2008.
  6. Навіцкі У.І. (рэд.). Канфесіі на Беларусі (канец XVIII–XX ст.). – Мінск, 1998.
  7. Полное собрание законов Российской империи. Собрание третье, т. III. – Санкт-Петербург, 1886.
  8. Яноўская В.В. (рэд.). Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII — пачатак ХХ ст.). – Мінск, 2015.
  9. Ярмусик Э.С. Католический Костёл в Беларуси в 1945–1990 годах. – Гродно, 2006.
  10. Яроменка А. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. – Мінск, 2003.
  11. Czeczot, W. Diecezja Mińska i jej pasterz Zygmunt Łoziński. – Wilno, 1925.
  12. Dzwonkowski R. Kościół katolicki w ZSRR 1917–1939. Zarys historii. – Lublin, 1997.
  13. Hałaburda M. Katedra pw. Imienia Najświętszej Maryi Panny w Mińsku w opisie wizytacyjnym z 1829 roku. [у]: Archiwa, Biblioteki I Muzea Kościelne 109 (2018), с. 207–242.
  14. Skarbek J. Kościół rzymskokatolicki na Białorusi i Litwie w XIX i początkach XX stulecia. [у]: Sympozjum. Rok III, 1999 nr 1(4), с. 9–30.
  15. Żyskar. J. (red.). Nasze kościoły. Tom I. Cz. 2. – Warszawa, 1912.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY