Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Таццяна ШУМЕЛЬ

ВАНДРУЕМ ПА СВЯТЫНЯХ.
КАСЦЁЛ У РАДАШКОВІЧАХ

Што ж там бялее на фоне нябёсаў,
Што ззяе ў золаце сонечных косаў?
Куды вядзе той гасцінец-дарога?
— То да святыні, услаўленай цудам,
Ўзнесенай некалі з вераю людам
На чэсць Марыі — на хвалу Бога!

Габрыэля Пузыня

Многія з вас па дарозе з Маладзечна ў Мінск праязджалі невялікі пасёлак Радашковічы «транзітам», не робячы прыпынак і не выяўляючы цікавасці да гэтага населенага пункта. У тым, што вы так паступалі дарма, паспрабую вас пераканаць.

Радашковічы-мястэчка,
Скарб духоўны землякоў.
Да мясцін святых, сустрэчаў
Сюды цягне спеў бароў.
Сцежкі родныя паэта,
Непагасны ліры звон.
Людзі помняць край апеты,
Прыязджаюць на паклон.

Так пісаў пра гэтае мястэчка Сымон Белы.

Не ўсе, аднак, абмінаюць Радашковічы. Хтосьці прыязджае сюды паглядзець на прыгожую прыроду з паляўнічымі ўгоддзямі і лясамі, іншыя — ушанаваць памяць Янкі Купалы, якога хрысцілі ў мясцовым касцёле, і таму пілігрыму-вандроўніку абавязкова варта звярнуць увагу на гэту беласнежную каталіцкую святыню пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, збудаваную ў стылі позняга класіцызму. І калі ў Італіі ўсе дарогі вядуць у Рым, то ў Радашковічах усе дарогі вядуць да касцёла Найсвяцейшай Тройцы.

Будынак храма выглядае проста — ён пафарбаваны ў белы колер, не абцяжараны фігурнаю ляпнінаю або іншымі ўпрыгожваннямі, але зроблены з густам: акуратныя лініі фасада згладжаныя плаўнымі абрысамі шматлікіх аконных і арачных праёмаў. Касцёл пабудаваны з дзвюма чатырох’яруснымі вежамі і трыма навамі, якія падзяляюцца двума радамі квадратных калонаў. Да нашых дзён унутры ў некаторых месцах на падлозе захаваўся старадаўні арнамент. Перад уваходам у касцёл стаіць брама з трыма арачнымі праходамі. Вежы касцёла і сёння з’яўляюцца знакавай дамінантай пасёлка. Цікава, што адна вежа карацейшая за іншыя. Часам можна пачуць, што гэты касцёл мае тры жыцці. Ці гэта праўда і чаму так, паспрабуем разабрацца разам.

Ні з вайною, ні з бітваю, ні з кірмашом, а менавіта са святыняй звязана першая гістарычная згадка пра Радашковічы, і гэта сімвалічна.

Радашковічы — прыватнаўласніцкі, потым заштатны горад, размешчаны пры ўпадзенні ракі Гуйкі ў Вязынку, які ўзнік як гандлёва-рамеснае паселішча. Упершыню быў згаданы ў 1447 г., калі віленскі кашталян Пётр Сенька Гедыгольдавіч, спадчыннік Вішнева (Ашмянскі павет, цяпер гэта Валожынскі раён) разам з жонкаю Багумілаю (у некаторых крыніцах Мілохнай) заснавалі тут касцёл Святой Тройцы. Вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1484 г. перадаў Радашковічы князю Васілю Вярэйскаму, затым мястэчка перайшло яго зяцю Альбрэхту Гаштольду.

Фундуш для парафіі і будаўніцтва драўлянага храма быў зроблены ў 1447 годзе Пятром Сенькам Гедыгольдавічам з жонкаю Багумілаю. Гэты храм пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, святой Ганны і святога Стэфана збіраў у сваіх сценах католікаў з усяго наваколля. Стараннямі ўдавы заснавальніка ў 1484–1485 гг. ахвяраванні на касцёл былі павялічаны. Гэтыя надбаўкі на святыню зацвердзіў Аляксандр Ягелончык сваім прывілеем, выдадзеным у 1503 годзе.

Але не ўсё складвалася проста і лёгка для жыхароў Радашковічаў. Тутэйшыя землі неслі вялікія эканамічныя страты падчас маскоўскіх войнаў, і таму нялёгка было і мясцовай парафіі, якая ў той час належала да Віленскай дыяцэзіі.

Дзейнічаў касцёл да 1734 года, але яго стан быў крытычным. Падчас пажару, які знішчыў будынак першага касцёла, былі выратаваны партрэты яго заснавальнікаў, якія пасля пабудовы новага касцёла ў 30-я гады XVIII ст. разам з іншымі рэліквіямі ўпрыгожвалі інтэр’ер святыні.

У 1734–1736 гг. на гэтым жа месцы быў узведзены «руплівасцю ксяндза Сымона Мхоўскага, пісара Апостальскага, плябана радашковіцкага, пры дапамозе розных дабрадзеяў» новы касцёл, які ў 1740 г. (па іншых звестках у 1741 г.) быў асвечаны біскупам Жамойцкім Антоніем Дамінікам Тышкевічам пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і Стэфана мучаніка. Такім чынам пачыналася другое жыццё радашковіцкай святыні. Гэта быў драўляны, крыжова-купальны, пакрыты гонтаю і ашаляваны будынак, над якім узносіліся аж 6 вежаў. У касцёле налічвалася 7 алтароў. Пяць з іх, двух’ярусныя і разьбяныя, упрыгожвалі аб’ём санктуарыя.

Галоўны алтар — Найсвяцейшай Тройцы — уяўляў сабой 6-калонную барочную кампазіцыю з фігурамі апосталаў Пятра і Паўла, Яна і Тадэвуша. Бочныя алтары — Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі Панны і святой Ганны. Асабліва прыгожымі лічыліся алтары ў капліцах (у крылах трансепта паміж вокнамі), упрыгожаныя залатымі і срэбранымі дэталямі — святога Тадэвуша і святога Антонія. Яшчэ 2 алтары знаходзіліся ў капліцах, зробленых «пры дзвярах бабінца» (магчыма, у першым ярусе вежаў пры галоўным фасадзе) — Езуса Назараніна і святога Яна Непамука. Партрэты фундатараў — Пятра і Багумілы Гедыгольдавічаў — былі вывешаныя ў прэзбітэрыі каля дзвярэй у сакрыстыю. На хорах знаходзіліся арганы на 10 галасоў. Пад касцёлам былі зроблены 2 мураваныя склепы. Купал і сцены касцёла былі распісаныя на біблейскія сюжэты: у купале з алтарнага боку знаходзілася «Тайная Вячэра», злева і справа — «Мэльхізэдэк з ахвярай хлеба» і «Ахвяра Абрагама». Над «Тайнай Вячэрай» да самага верху купала змяшчалася выява манстранцыі пад балдахінам, два анёлы па баках трымалі ў руках фестоны. Сцены і столь касцёла былі размаляваны сюжэтнымі сцэнамі не пазней за 1782 год.

Пры касцёле дзейнічалі школа і шпіталь, мелася фундушовая бібліятэка, былі заснаваныя тры брацтвы — святой Ганны, Найсвяцейшай Тройцы і Імя Найсвяцейшай Марыі Панны.

Радашковіцкая парафія, у якой на канец XVIII ст. налічвалася больш за 2300 чалавек, абслугоўвала таксама дзве капліцы — у Новым Двары (сёння Рогаўскі с/с Мінскага раёна) і ў Сычавічах (была пабудаваная ў апошнія 15 гадоў XVIII ст.). Драўляная святыня з абразом Найсвяцейшай Марыі Панны ў алтары дзейнічала да сярэдзіны XIX ст.

У 1785 г. адбылася візітацыя парафіі, у дакументах якой згадваецца аб размяшчэнні з 1784 г. у галоўным алтары цудатворнай статуі Пана Езуса Назараніна. Тут збіраліся шматлікія вернікі як лацінскага, так і грэчаскага абраду.

У 1792 годзе апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў права горада на самакіраванне. З гэтага дакумента мы ведаем, які выгляд меў герб Радашковічаў: гэта быў герб з рэлігійным сюжэтам — на срэбраным полі выява хрысціянскага першамучаніка святога Стэфана, пабітага камянямі. Выкарыстанне падобных рэлігійных сюжэтаў у геральдыцы нашай краіны вельмі рэдкая з’ява.

З 1798 года парафія ўваходзіла ў склад Вілейскага дэканату Мінскай дыяцэзіі. Пробашчам з гэтага года і да 1804 г. быў ксёндз Антоній Букаты, дапамагаў у душпастырстве ў 1803–1804 гг. ксёндз Юзаф Катупайла.

Ксёндз Пётр Станкевіч (1809–1810 гг.) ператварыў могілкі каля касцёла ў прыгожы англійскі сад. У касцёл можна было трапіць праз званіцу і частку саду, прыстасаваную для працэсій. Храм са зручным жылым домам і іншымі пабудовамі ў садзе ўтваралі адно цэлае. Быў яшчэ адзін асобны дом, дзе жылі арганіст і адзін з камендантаў.

Трагічная падзея напаткала касцёл 19 мая 1853 года: згарэў ад удару маланкі. Калі загарэўся будынак святыні, людзі выратавалі шмат касцёльнай маёмасці, нават званіца ацалела. Толькі сігнатура з касцёльнай вежы і драўляная рама ад абраза святога Стэфана над вялікім алтаром згарэлі, але абраз паспелі выхапіць з агню. Увесь інвентар таксама быў уратаваны. Адзінае, што было цалкам пашкоджана, — арган і некаторыя драўляныя рэчы: менса, канфесіяналы, невялікія іконы, лаўкі, амбона. Па шчаслівым збегу абставінаў партрэты фундатараў будовы першага касцёла таксама былі ўратаваныя ад агню і ў апісаннях маёмасці касцёла, пабудаванага ўжо ў ХІХ ст., фігуруюць як «помнікі мінулага».

Парафія налічвала 3630 вернікаў, таму ў Радашковічах і ваколіцах быў арганізаваны збор сродкаў на будаўніцтва новай святыні. Нягледзячы на цяжкую хваробу, гэтую працу ўзначаліў ксёндз Ян Драўдзік. Галоўнымі фундатарамі касцёла былі Людвік і Антоній Валадковічы, але шчодрыя ўнёскі зрабілі таксама многія парафіяне. Значная дапамога прыйшла з Віленскай кансісторыі, дзе вырашалася пытанне аб распрацоўцы праекта новага касцёла.

29 верасня 1853 г. Віленская губернская будаўнічая і дарожная камісія зацвердзіла фасады, план і разрэз касцёла, складзеныя архітэктарам К. Хршчановічам.

13 мая 1854 г. Віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі даслаў ксяндзу Яну Драўдзіку прадпісанне аб неабходнасці выканання, паводле рымска-каталіцкай традыцыі, рытуалу закладкі краевугольнага каменя новай Божай святыні. Урачыстая падзея адбылася 1 красавіка гэтага ж года, і, на радасць парафіянаў, пачалося будаўніцтва касцёла — трэцяе яго жыццё...

На жаль, ксёндз Ян Драўдзік пасля працяглай хваробы неўзабаве памёр, адпісаўшы ў тастамэнце чацвёртую частку сваёй маёмасці на будаўніцтва святыні. Ён быў пахаваны 21 снежня 1854 года. Абавязкі вілейскага дэкана ў гэты перыяд выконваў ксёндз Антоній Пузылевіч, які прыняў на сябе кіраўніцтва па ўзвядзенні новага касцёла.

Спачатку будаўніцтва касцёла вялося досыць хуткімі тэмпамі. У 1855 г. дэканам касцёла быў прызначаны ксёндз Пётр Жылінскі (1816–1887), аднафамілец ксяндза Вацлава Жылінскага (1803–1863). Але ўжо ў лютым 1856 г. высветлілася, што сродкі, сабраныя на ўзвядзенне святыні, скончыліся, і таму ксёндз Жылінскі звяртаецца ў кансісторыю з просьбай аб дадатковым фінансаванні для заканчэння будаўніцтва касцёла. Сродкі былі выдзеленыя, і праца аднавілася.

Будаўніцтва касцёла было закончана ў 1859 г. 3 верасня 1860 г. новая святыня была кансэкравана біскупам Вацлавам Жылінскім пад тытулам Святой Тройцы. Вось як аб гэтай падзеі апавядаецца ў газеце «Kuryer Wilenskie»: «У Радашковічах яго [біскупа] вітала прысутнае ў вялікай колькасці духавенства з дзвюх дыяцэзій — з Віленскай і Менскай. На другі дзень, 4 верасня, у нядзелю, асвяціў тутэйшую святыню наваяўлены святар — ганаровы канонік ксёндз Пётр Жылінскі. Падчас абраду гэтага, калі святыя рэліквіі Станіслава біскупа, Фларыяна і іншых мучанікаў пранеслі з працэсіяй перад брамай храма, сам яго вялебнасць зрабіў ласку звярнуцца да сабранага народу, які да глыбіні душы ўсхвалявана слухаў словы арцыпастыра…».

Пасля асвячэння касцёла працы ўнутры яго будынка і на яго тэрыторыі працягваліся яшчэ некалькі гадоў. У рапарце ад 29 жніўня 1863 г. дэкан П. Жылінскі паведамляў, што «ўсё патрэбнае для набажэнстваў і касцёльнага парадку» ў святыні ёсць, але яшчэ неабходна зрабіць каменную агароджу каля касцёла. Яе праект быў таксама распрацаваны Казімірам Хршчановічам, але, верагодна, з-за адсутнасці сродкаў (патрабавалася сума 1500 рублёў срэбрам) яго так і не рэалізавалі. У сакавіку 1868 г. адміністратар касцёла ксёндз Юзаф Карвоўскі прасіў кансісторыю дазволіць «часова агарадзіць касцёл коллем, бо розныя жывёлы псавалі яго сцены». Праз шмат гадоў вілейскі дэкан Станіслаў Сульжынскі мусіў зноў узняць пытанне аб каменнай агароджы, без якой прыгожы будынак касцёла «много теряет на эфекте», бо агароджаны згніўшым драўляным коллем. Толькі ў другой палове 1870-х гадоў пытанне нарэшце вырашылася.

Непадалёк ад касцёла знаходзяцца могілкі, аддаленыя на палову вярсты, акружаныя ровам, у цэнтры — капліца з франтонам, які ўтрымліваецца калонамі. У сярэдзіне XIX ст. на месцы драўлянай была ўзведзеная каменная капліца пад тытулам святога Яна Непамука.

Ішоў час, усё, здаецца, наладзілася ў радашковіцкай святыні, але чагосьці не хапала… Толькі старажылы памяталі неверагоднае гучанне аргана… Было прынята рашэнне аб вырабе новага аргана для касцёла. Паводле кантракту з мінскім майстрам Бяляўскім, яго праца мусіла быць завершанаю да 30 жніўня 1861 года з умоваю выканання шэрагу патрабаванняў: каб арган быў з сасновага дрэва, меў механізмы з настройкаю ўсіх 10 галасоў, клавіятуру з чатырох актаваў, фурнітура павінна быць натуральная (костка), мяхоў — тры, адпаведнага памеру і г.д. Арган жа быў зроблены датэрмінова!..

У 1885 г. з ініцыятывы ксяндза Напалеона Любавіцкага распачаўся збор сродкаў на рамонтныя працы ў касцёле: новую падлогу, ачыстку і афарбоўку сценаў, рамонт алтароў, замену вокнаў, даху і шмат чаго іншага. Але ў 1885 г. пасада парафіяльнага святара была выдаленая за прыём на споведзь вернікаў, продкі якіх былі ўнесены ў спісы праваслаўных. Касцёл быў зачынены, і вернікаў на працягу двух гадоў не пускалі ўнутр. У 1887 г. было загадана прыстасаваць касцёл пад царкву, але парафіяне не аддалі ключы вілейскаму дэкану — ксяндзу Напалеону Любавіцкаму, які прыбыў сюды.

Толькі на пачатку ХХ ст. у касцёле і яго забудовах былі праведзены маштабныя будаўнічыя працы. У адрамантаванай каменнай агароджы, перад галоўным уваходам у храм, была ўзведзена каменная брама з трыма аркавымі праходамі, якія спачатку зачыняліся драўлянымі дзвярыма.

З канца ХІХ ст. у архіўных дакументах пра стан касцёльнага будынка адзначаецца праблема з галоўным фасадам храма, у якім лопнула сцяна. Абследаванне будынка не выявіла небяспекі гэтага дэфекту, але праз паўстагоддзя менавіта гэта праблема стала прычынаю для закрыцця касцёла і спынення дзейнасці рэлігійнай супольнасці католікаў, нягледзячы на тое, што пасля Вялікай Айчыннай вайны храм быў зарэгістраваны як «ранее действующий».

Вось як у «Хроніцы парафіі» апісваецца выгляд касцёла ў 1928 годзе: «Увесь касцёл звонку і ўнутры атынкаваны і пабелены вапнай. Даўжыня галоўнага корпуса касцёла складае 25 м 70 см, шырыня — 21 м, а вышыня — 12 м да даху, які з’яўляецца простым і пакрытым гонтай. З заходняга боку да касцёла прыбудавана сакрыстыя, адна справа, а другая злева ад алтара, шырынёй і даўжынёй 6 метраў, вышынёй 3 м 60 см, пакрытыя дахам з жалезнага ліста…

Касцёл мае 3 навы, роўныя па вышыні, а галоўная нава большая за бакавыя і аддзеленая ад іх 3 слупамі з аднаго і 3 слупамі з другога боку. Паміж калонамі ўстаноўлены лавы, якіх 16 большых і 8 меншых, ля першага слупа ад вялікага алтара з боку <...> знаходзіцца драўляная амбона, пафарбаваная ў колер мармуру, уваход у яе па лесвіцы ад бакавога праходу. Над амбонай знаходзіцца абраз святога Яна, насупраць амбоны на калоне вісіць гадзіннік у шафе за шклом, а над ім — карціна Рафаэля «Мадонна», унізе ўстаноўлена драўляная купель з 2 шафамі, дзе захоўваюцца святы алей і вада для хрышчэння ў вялікім алавяным кацялку. У галоўнай наве знаходзяцца 2 люстры, аздобленыя крышталямі, адна з якіх месціць 60 свечак, а другая — 40 свечак. Перад вялікім алтаром вісіць вялікая сярэбраная вячыстая лямпа, а ад галоўных дзвярэй перад хорам — трохкутная маленькая жырандоля для 3 электрычных лямпаў…».

З 28 сакавіка 1930 г. ксёндз Баляслаў Гудзейка быў пераведзены ў Луконіку, а ў Радашковічы быў накіраваны ксёндз Юзаф Крапіўніцкі (з Крывічоў). У гэты час адбываецца прыкметнае павелічэнне колькасці парафіянаў, супастаўленне якіх вызначалася ў наступныя гады каталогамі: 1931 г. — 1870 католікаў; 1934 г. — 1945 католікаў; 1936 — 2064 католікаў; 1939 г. — 2147 католікаў.

Савецкі перыяд быў цяжкім для радашковіцкага касцёла. Пробашча ксяндза Станіслава Былінскага ў 1939 г. забралі ў войска, і новым пробашчам быў прызначаны ксёндз Стэфан Шыманскі.

У 1939–1941 гг. адбылася канфіскацыя касцёльнай маёмасці, аднак касцёл працягваў дзейнічаць. У храме збіралася яшчэ шмат людзей, хоць і яны падвяргаліся пераследам з боку новых уладаў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Радашковічы былі акупаваныя. Змена ўлады не прынесла вялікіх зменаў у жыццё парафіі. Пасля вайны Радашковічы былі пераведзены ў статус пасёлка. Пасля 1944 г. пачаліся новыя пераследы католікаў...

У 1946–1948 гг. была праведзена інвентарызацыя касцёла, падчас якой была апісана ўся яго ўласнасць. Была падпісана дамова паміж вернікамі рымска-каталіцкай парафіі Радашковічы і мясцовымі ўладамі. У гэтай дамове дзяржаўныя органы паставілі ўмовы, пры якіх 20 чэрвеня 1947 г. парафіянам быў вернуты касцёльны будынак і яго прадметы. У гэтых умовах, сярод іншага, было запісана, што вернікі павінны захоўваць вернуты будынак і ўсю маёмасць і выкарыстоўваць іх у мэтах, для якіх яны былі вернуты, г. зн. для правядзення набажэнстваў, і са сродкаў парафіі аплачваць рамонт, падаткі і г. д. Згадвалася, што прадстаўнікі ўлады могуць бесперашкодна ў любы час правяраць маёмасць. За перавышэнне і невыкананне 12-ці артыкулаў дамовы на парафію будзе накладзена адміністрацыйная і крымінальная адказнасць, магчымы разрыў дамовы і канфіскацыя будынка і ўсёй маёмасці. Для прававога існавання парафіі быў абраны касцёльны камітэт. Парафія Радашковічы была зарэгістравана 20 лістапада 1947 года — да таго часу яна налічвала 1200 вернікаў. У 1946 годзе была адкрыта школа, але доступ святара да яе быў забаронены.

Вельмі вялікі падатак быў прызначаны і за выкарыстанне будынка пад касцёл. Людзі стараліся заўсёды плаціць, каб захаваць храм...

30 красавіка 1950 г. ксяндза Стэфана арыштавалі (працаваў тут з 1939 года) і асудзілі на 25 гадоў працы ў лагеры ў Расіі. Парафія засталася без святара, касцёл быў зачынены...

Афіцыйна ён быў зачынены ў адпаведнасці з актам камісіі ад 20 лютага 1956 года ў сувязі з аварыйнасцю будынка. У 1956 г. была амністыя для зняволеных святароў, і ў Радашковічы вярнуўся ксёндз Шыманскі, але святару было забаронена служыць Імшу і здзяйсняць святыя сакрамэнты. Ён быў не зарэгістраваны і пазбаўлены пашпарта, пазбаўлены ўсіх правоў на 5 гадоў. Аднак таемна людзі збіраліся, і ксёндз Стэфан служыў Імшу, здзяйсняў святыя сакрамэнты. За непадпарадкаванне рашэнню ўладаў святару маглі пагражаць розныя санкцыі, але ўсё ён рабіў ў імя Божае...

Яшчэ некалькі гадоў ксёндз Шыманскі жыў у Радашковічах, потым некаторы час у ксяндза Ю. Марсангера ў Красным, а пасля выехаў у Польшчу.

Калі касцёльны будынак быў зачынены, бо ў Радашковічах ўжо не было святара, была скасавана дзяржаўнай уладай і парафія, якая некалі мела статус дэканату і багатую гісторыю.

Як гэта часта здаралася ў Беларусі, касцёл і яго будынкі выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі «для использования по своему усмотрению»: першы паверх быў прыстасаваны пад склады завода «Белмастацкераміка», а на другім быў цэх па вытворчасці парафінавых дэкаратыўных свечак. З цягам часу будынак дайшоў да аварыйнага стану, але, на вялікую радасць, гэта не стала канцом cвятыні і мясцовай парафіі.

Вернікі некалькі гадоў праводзілі набажэнствы без ксяндза на кватэры Вольгі Сайкоўскай: па панядзелках у яе дом прыходзіла да 50-ці чалавек. Двойчы вернікі ездзілі ў Маскву з просьбаю адкрыць касцёл для набажэнства. Усё безвынікова: тлумачылі, што будынак у аварыйным стане.

На жаль, не ўсе парафіяне засталіся верныя Хрысту ў такім асаблівым выпрабаванні, але многія вернікі даязджалі ў касцёл у Красным: хто на конях, а хто і пешшу — збіраліся з розных бакоў у гэтую святыню, дзе працаваў святар езуіт Юзаф Марсангер. З 1968 года ўлады перавялі ксяндза Юзафа з Краснага ў Солы, а на яго месца прыйшоў працаваць ксёндз Ян Адамовіч.

...Цяпер, калі вы прыедзеце ў Краснае, вы ўбачыце лесвіцу ў касцёл, якая была зробленая з дапамогай вернікаў з Радашковічаў. Гэта сапраўды кранальнае відовішча — лесвіца на высокую гару з бетону, трывалая, вялікая, як сама вера тых людзей, якія яе рабілі. Не маючы сваёй парафіі, не маючы святара, людзі прыкладвалі свае намаганні, ахвяруючы там, дзе маглі трапіць да святара і храма.

Час ляцеў. У 1984–1985 гадах у Краснае ўжо прыязджаў новы, малады, энергічны святар Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Аднойчы ксёндз Эдмунд паехаў у Радашковічы, каб убачыць святыню, а таксама сустрэцца з вернікамі, якія яго запрасілі. Калі ён убачыў храм, убачыў, як людзі плакалі ад радасці гэтай сустрэчы, разам падняўшыся на месца, дзе знаходзіўся касцёльны будынак, ён звярнуўся да людзей, сказаўшы, што тут будуць і касцёл, і святар. Гэта быў першы крок на шляху аднаўлення святыні ў Радашковічах. З вялікім энтузіязмам ксёндз Эдмунд пачаў рыхтаваць людзей да вяртання храма і працы, але вярнуць гэты храм было вельмі цяжка.

15 жніўня 1990 года ў ксяндза Эдмунда спыніўся біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У размове з біскупам узнікла спантанная ідэя пабачыць Радашковічы. Хутка сабраліся і паехалі ў спартыўных касцюмах, думаючы, што толькі пабачаць святыню. Але, калі прыехалі, і біскуп Тадэвуш убачыў гэты храм, ён сказаў: «Пойдзем, паразмаўляем з дырэктарам завода». У гутарцы ксёндз біскуп папрасіў у дырэктара дазволу 16 жніўня адслужыць святую Імшу. Такім чынам, удзел біскупа ў размове з дырэктарам «Белмастацкерамікі», а затым і з уладамі, вельмі зрушыў з месца пытанне аб аднаўленні касцёла.

24 лютага 1990 года вернікі афіцыйна звярнуліся да ўладаў з просьбаю вярнуць касцёл. Падпісаліся 82 чалавекі, а 3 кастрычніка 1990 года ўладай была зарэгістравана парафія ў Радашковічах і была падпісана дамова паміж дзяржавай і вернікамі. Колькі радасці было на тварах людзей, здавалася, што шчасцю не будзе канца! Але кіраўніцтва «Белмастацкерамікі» не жадала хутка аддаваць святыню, у якой размяшчаліся цэхі, і таму, каб паскорыць вызваленне касцёла, вернікі самі дапамагалі выносіць на вуліцу фабрычнае абсталяванне.

15 лістапада 1990 года адбылося пасяджэнне, на якім былі абраныя «дваццатка», старшыня касцёльнага камітэта і людзі на іншыя пасады. Пасля таго як усё было законна ўладкавана, парафіяне ад справы вяртання касцёла дбайна перайшлі да справы аднаўлення касцёла. Праз 4 дні была пабудавана цагляная сцяна, якая падзяліла касцёльную тэрыторыю і тэрыторыю «Белмастацкерамікі» — такая была ўмова, пастаўленая для вернікаў дырэктарам завода. Усе, хто мог працаваць, хоць было вельмі холадна, будавалі сцяну вышынёй 1,8 метра і даўжынёй каля 40 метраў. Аднак, пакуль храм уваходзіў у комплекс вытворчых будынкаў, ён быў амаль з усіх бакоў забудаваны рознымі пабудовамі прамысловага прызначэння, высокімі цаглянымі платамі, трубаправодамі…

25 снежня 1990 года адбылася візітацыя ксяндза біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў радашковіцкую парафію. У каляднай Імшы таксама ўдзельнічалі ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Францішак Грынкевіч. На гэтую ўрачыстасць прыехалі вернікі з Вілейкі, Маладзечна, Краснага. Ва ўсіх на тварах была радасць, бо праз некалькі дзясяцігоддзяў зноў быў адчынены касцёл у Радашковічах!

...Першая Імша адбывалася на другім паверсе касцёла, а ў хуткім часе (у 1991 г.) пачаліся і аднаўленчыя работы. Другое асвячэнне (рэкансэкрацыя) адроджанага храма адбылося 3 снежня 2006 г.

Вялікі ўдзел у вяртанні і аднаўленні святыні прымалі Ядвіга Міхайлоўская, Фартунат і Ганна Кіцінскія, Галіна Крачкоўская і іншыя парафіяне. На жаль, гэтыя людзі ўжо адышлі ў вечнасць, але пакінулі свой след у парафіі. Дапамагала ў аднаўленні і парафіянка Марыя Дэвіч.

Да 1992 г. у касцёле пакрысе з’явілася неабходная колькасць абразоў і іншых касцёльных рэчаў. У галоўным алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, левы бакавы алтар асвечаны ў гонар Маці Божай Чэнстахоўскай, правы — у гонар Божай Міласэрнасці. Для правядзення набажэнстваў прыязджалі ксяндзы Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна і Пётр Пятрага з Краснага (з 1992 па 2005 гг.). У 2002 годзе пробашчам парафіі быў прызначаны Аляксандр Тарасевіч, у 2007–2014 гг. — ксёндз Валянцін Станкевіч, 2014–2015 гг. — ксёндз Аляксандр Улас, з 2015 г. і да цяперашняга часу — ксёндз канонік Юрый Быкаў.

Ці маюць якое значэнне ў жыцці касцёла традыцыі? Лічу, што традыцыі адыгрываюць важную ролю ў жыцці як чалавека, так і храма. Яны дапамагаюць захаваць культурную спадчыну і ідэнтычнасць, перадаваць веды і вопыт ад пакалення да пакалення, дапамагаюць людзям адчуваць сябе часткай сваёй культуры і веры, а таксама ўмацоўваюць іх сувязь адзін з адным і з Богам. Вельмі радуе, што святары імкнуцца падтрымліваць культуру і традыцыі беларускай зямлі.

Даведаемся, якія ж традыцыі ёсць у жыцці радашковіцкай парафіі. Традыцыйна ў пачатку ліпеня пры касцёле па ініцыятыве радашковіцкага пробашча ксяндза каноніка Юрыя Быкава ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы праводзіцца Фэст (рэлігійнае свята з кірмашом і гуляннямі), бо менавіта ў гэтай святыні 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Вядома, што бацькі паэта арандавалі зямлю ў Вязынцы ў шляхецкай сям’і Станіслава і Алімпіі Замбржыцкіх. Хроснай маці для Янкі і яго брата Мікалая якраз і была запрошана Алімпія Замбржыцкая. Пані Алімпія разам са сваім мужам наведвала касцёл у Радашковічах, таму і вырашана было хрысціць Янку ў гэтым касцёле. Хрысціў будучага паэта ксёндз Станіслаў Сульжынскі.

Вонкава з тых далёкіх часоў храм не пацярпеў. І брама перад храмам захавалася разам з каванаю аколіцай. Для брамы быў вернуты стары каваны крыж. Яго знайшоў на сметніку былы каваль Кучынскі. Адрамантаваў, прыхаваў да лепшых часоў. Сам да іх не дажыў, але крыж вярнуўся на месца. Пад ім неслі калісьці да алтара свайго першынца Дамінік і Бянігна Луцэвічы…

Але ў самім храме з часоў хросту Янкі Купалы мала што захавалася: невялікая частка керамічнай падлогі, масіўныя дзвярныя завесы, два абразы і гадзіннік. Хоць алтар і быў вернуты радашковіцкім вернікам і адноўлены імі, храм яшчэ не набыў сваёй ранейшай утульнасці і тым больш раскошы. Усё ў ім як бы часовае. Толькі гадзіннік, які называюць курантамі, знаходзіцца на сваім пастаянным месцы. Кажуць, што ён быў прывезены з краіны гадзіннікаў — Швейцарыі — і падораны храму заможным дабрадзеем. Магчыма, і ў тое далёкае лета, калі хрысцілі будучага класіка нашай літаратуры, яго бацькі і хросныя з хваляваннем глядзелі на адлік часу і слухалі мяккі голас бою яго механізму. Хочацца верыць, што менавіта так і было… Дарэчы вярнуў яго ў храм калекцыянер і аматар рамонтнік Віктар Зелянко — былы дырэктар Радашковіцкай музычнай школы.

Яшчэ раз хачу вярнуцца да традыцыі фэстаў, а менавіта да даты 10 ліпеня 2022 г. У гэты дзень падчас фэсту адбылася вельмі важная падзея — благаслаўленне адноўленай мемарыяльнай кампазіцыі, якая нагадвае пра тое, што менавіта ў гэтым касцёле быў ахрышчаны Ясь Луцэвіч — будучы беларускі паэт Янка Купала. Аўтар кампазіцыі — скульптар Сяргей Гумілеўскі.

Для ўсіх нас асоба Янкі Купалы вельмі важная не толькі таму, што ён наш зямляк — беларус па паходжанні, католік па хросце і паэт па пакліканні, але і таму, што ён пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну, якая мае не толькі літаратурнае значэнне, але і духоўна-евангелізатарскае.

Традыцыйна ў касцёле адзначаецца таксама ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, парафіяльны адпуст. 4 чэрвеня 2023 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію ў Радашковічах і павіншаваў пробашча парафіі, ксяндза каноніка Юрыя Быкава з 20-й гадавінай з часу яго прэзбітэрскага пасвячэння.

Яшчэ адна традыцыйная прыкмета радашковіцкага касцёла — чароўнае гучанне аргана. Калісьці ў храме быў выдатны арган, якіх у Еўропе было лічаныя адзінкі. Апошні раз гукі музычнага інструмента чуліся тут больш за 60 гадоў таму, перад закрыццём касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Савецкія ўлады пусцілі арган на металалом і дровы. Толькі некалькі гадоў таму ў парафіі з’явілася магчымасць набыць інструмент. Тут быў невялікі электрычны арган, які ёсць і цяпер, вельмі ціхі. Вернікі спявалі і цешыліся тым, што маюць. А сёння ў іх ёсць магчымасць спяваць падчас Імшы і іншых набажэнстваў пад вялікі арган, што, зразумела, з’яўляецца вялікім дасягненнем парафіі і пробашча. Унікальны арган канца XIX — пачатку XX стагоддзя прыбыў у каталіцкі храм з касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе па ініцыятыве ксяндза Юрыя Быкава. Яго збіралі літаральна па дэталях: майстры дадалі звёны са старадаўніх польскіх арганаў. Рэканструкцыя аргана працягвалася чатыры гады. Рэстаўраваў інструмент арганны майстар маскоўскай філармоніі Дзмітрый Лотаў. Тэхналогія аднаўлення аргана складаная, аднак час і сілы не былі патрачаны дарэмна: пасля рэстаўрацыі арган загучаў 26-цю галасамі і стаў чацвёртым па велічыні ў каталіцкіх храмах Беларусі пасля Мінска, Гродна і Пінска. Арганісткамі касцёла ў цяперашні час з’яўляюцца Алена Рудакова і Алеся Давідовіч.

Сучасны мураваны касцёл датуецца 1859 годам. Такім чынам, за час існавання радашковіцкай парафіі было тры будынкі касцёла, тры жыцці. Такіх грамадзінаў, як радашковіцкі касцёл, на Беларусі мала: гэта трохнававая двухвежавая базыліка з паўцыркулярнай апсідай і двума сакрыстыямі вакол яе. А акустыка каменнага будынка не пакіне абыякавым нікога. У касцёле на адной са сценаў вісіць металічны крыж, на святыні напісана: «Касцёлу Радашковіцкаму ахвяраваў ксёндз Антоній Аўдыцкі. 1899». Гэты крыж касцёлу вярнулі з вёскі Краснае.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах — гэта не проста храм, дзе вернікі знаходзяць суцяшэнне, натхненне і духоўную падтрымку, а сапраўдны сімвал каталіцтва, культуры і гісторыі беларускага народа. Гэта альфа і амега каталіцкай веры на легендарнай радашковіцкай зямлі! Кожны беларус абавязкова павінен пабываць у гэтым касцёле... Тут перасякаюцца таямніцы мінулага і сучаснасці, легенды і факты, якія ствараюць асаблівую атмасферу загадкавасці і Божага Провіду. Гэта месца насычана вялікай духоўнай энергіяй, і многія людзі прыязджаюць сюды ў паломніцтва, каб даверыць Богу свае беды, роспач, надзеі і спадзяванні...

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі
                з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі
                над роднай зямлёй…

Можа, і пра гэты касцёл згадваў Янка Купала, калі пісаў свае славутыя радкі... Касцёл Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца крыніцай натхнення для многіх пісьменнікаў, мастакоў і фатографаў, якія атрымліваюць сілы ад велічнай архітэктуры і прыгажосці навакольных мясцінаў...

І калі вы ўсё ж такі наведаеце касцёл Найсвяцейшай Тройцы, то і ў вашай памяці ён захаваецца як аазіс духоўнага спакою і велічы. Вы адчуеце, што гэты храм стаў не толькі сімвалам каталіцтва, але і важнай кропкаю вашага ўласнага духоўнага падарожжа. Спадзяюся, што змагла вас пераканаць у тым, што Радашковічы аніяк абмінаць не трэба! Усе дарогі ў Беларусі вядуць у самае сэрца Радашковічаў — да касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Тут вас чакае шмат цікавага і незвычайнага!

Фота Таццяны Шумель,
кс. Юрыя Быкава,
а таксама з крыніцаў інтэрнэту.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY