Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(106)/2023
З нагоды юбілею

ГІСТОРЫЯ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
Постаці
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Вяртаючыся да надрукаванага
Нашы святыні
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ

САНЕТЫ
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

СКРЫГАНОВА ПОЛЕ
Кіназнаўства

Ян ЛЫСЫ

АПОВЕСЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА «ЛІКВІДАЦЫЯ»
І ЯЕ ЭКРАНІЗАЦЫЯ

Карані хрысціянства глыбока ўвайшлі ў свядомасць нашага народа, у тым ліку ў свядомасць прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, таму творы многіх беларускіх аўтараў вельмі часта ў сваёй аснове маюць біблейскія думкі, вобразы, падпарадкаваныя законам хрысціянскай маралі.

Нягледзячы на больш чым паўстагоддзя атэістычнага ўціску камуністычнай ідэалогіяй традыцыйнай веры, пісьменнікі, якія жылі ў Савецкім Саюзе, уводзілі ў свае творы хрысціянскія матывы і падтэксты. Найярчэйшым прыкладам такога падыходу з’яўляецца творчасць Васіля Быкава, у прыватнасці ягоная аповесць «Ліквідацыя» (1970 г.), назва якой падчас выдання была зменена на назву «Сотнікаў». Твор, які на паверхневым узроўні нібыта не мае ніякай сувязі з рэлігіяй, першапачаткова быў матываваны біблейскім разважаннем пісьменніка, і, нягледзячы на тое, што ад біблейскасці тагачасная цэнзура не пакінула амаль і следу, беларускі рэжысёр і сцэнарыст Ларыса Шэпіцька, быццам уступіўшы ў нячутны дыялог з аўтарам тэксту, стварыла сваю экранізацыю — мастацкі фільм «Узыходжанне» (1976 г.) з вельмі выразнымі евангельскімі элементамі. Як вынік, стужка стала сусветна вядомай і для многіх з’яўляецца эталонам спалучэння ў кіно маральнай праблематыкі з ваеннай тэмай.

У гэтым артыкуле мы прааналізуем сувязь паміж поспехам прыгаданых твораў і арыентацыяй гэтых твораў на традыцыйнае для славянскіх народаў веравызнанне, а таксама разгледзім важныя пытанні: якія матывы В. Быкаў і Л. Шэпіцька запазычылі ў Святым Пісанні і як склаліся «адносіны» іх твораў з атэістычным курсам савецкай дзяржавы.

Класік беларускай літаратуры В. Быкаў неаднаразова адкрыта заяўляў свае хрысціянскія погляды, асабліва падчас «перабудовы» і ў апошнія гады свайго жыцця. Вядома ж, прыхільнасць да традыцыйнай для беларусаў веры ён меў яшчэ задоўга да распаду СССР, атэістычная ідэалогія якога на працягу доўгіх гадоў не дазваляла пісьменніку шчыра выяўляць свой светапогляд, змушала яго «хаваць» у тэкстах уласнай прозы [5].

Аповесці В. Быкава так ці іначай прасякнуты маральнымі законамі хрысціянскай веры, галоўнай тэмай аўтара заўжды было чалавечае сумленне. Часам, пісьменнік дазваляў сабе і больш канкрэтныя праявы рэлігійнага пачатку: у чарнавых версіях ягоных твораў нямала тэкстаў, дзе прыгадваецца Бог, што, па вядомых прычынах, не прапускалася тагачаснаю цэнзураю; але і ў чыставых версіях ягоных твораў можна заўважыць элементы, што адсылаюць чытача да вобразнага шэрагу біблейскіх тэкстаў. Гэта стварала складанасці для выдання твораў пісьменніка, заўжды вылучала яго творчасць на фоне творчасці іншых аўтараў, у тым ліку ў вачах замежных чытачоў і крытыкаў.

Сюжэт аповесці «Ліквідацыя» прысвечаны падзеям зімы 1942 года ў акупаванай Беларусі: двое партызанаў трапляюць у палон да паліцаяў, у выніку чаго церпяць катаванні. Адзін з іх, па прозвішчы Рыбак, пачынае супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, але другі — Сотнікаў — застаецца цвёрдым у сваім ідэйным супрацьстаянні ворагу. Найчасцей даследчыкі творчасці В. Быкава звязваюць сюжэт ягонага твора з Евангеллем. Верагодна, найбольшы ўплыў на гэтую выснову мела экранізацыя Л. Шэпіцькі, у якой можна заўважыць значна больш, чым у сыходным тэксце, выразных паралеляў паміж Сотнікавым і Хрыстом, паміж Рыбаком і Юдам Іскарыётам. Аднак гэта не адмяняе альтэрнатыўнага, а хутчэй нават першапачатковага прачытання твора ў кантэксце Бібліі: сам В. Быкаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому» заўважыў: «Аповесць „Сотнікаў“ <...> нарадзілася ня так „з галавы“, як з пачуццяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесці пра Авеля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей» [1].

Кандыдат філалагічных навук Ева Лявонава праводзіць аналіз твора на сувязь са старазапаветнай прыпавесцю пра Каіна і Авеля і знаходзіць шэраг зашыфраваных В. Быкавым узаемасувязяў, параўноўваючы семантычныя значэнні біблейскіх імёнаў з даваеннымі заняткамі галоўных герояў аповесці. «Каін, паводле прытчы, — земляроб, яго брат Авель — пастух. Рыбак, літаратурны нашчадак Каіна, — таксама земляроб, селянін. Сотнікаў, відавочным прататыпам якога ёсць Авель, скончыў, як вядома, двухгадовы настаўніцкі інстытут і паспеў папрацаваць настаўнікам». Даследчыца акцэнтуе ўвагу на тым, што настаўніцкі занятак традыцыйна асацыіруецца з выхавальніцтвам, пастырствам, іначай кажучы, «пастухоўствам». Такім чынам, В. Быкаў супрацьпастаўляе матэрыяльны і духоўны пачаткі, шкурніцтва і самаахвярнасць, Рыбака і Сотнікава [8, с. 161].

Сам пісьменнік не спяшаўся трактаваць уласны твор у кантэксце Святога Пісання. «Для Быкава хрысціянская рэлігія мае вартасць і значэнне перш за ўсё як носьбіт маральнасці. Хрысціянскую маральнасць ён бачыць як спрадвечную сістэму асноўных жыццёвых прынцыпаў, Творцам якой з’яўляецца Бог. Пісьменнік перакананы, што гэтыя маральныя прынцыпы змешчаны ў Бібліі — галоўнай Кнізе чалавецтва» [5]. Такім чынам, у першую чаргу аўтара цікавілі маральныя аспекты, якія, на думку самога В. Быкава, можна сфармуляваць наступным чынам: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілаю бесчалавечных абставінаў?» і «На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?» [4, с. 95].

Адметным момантам, які ўскосна даказвае імкненне пісьменніка менавіта да хрысціянскага ўяўлення аб маралі, з’яўляецца ягонае настойлівае нежаданне ўводзіць у свой твор сувязі з камуністычнай ідэалогіяй. Паводле ўспамінаў самога В. Быкава, пісьменнік і выдавец Барыс Сачанка, які дапамагаў яму рэдагаваць ягоную аповесць для публікацыі ў часопісе «Полымя», «па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесці — адсутнасць у ёй вобразаў камуністаў». На гэта В. Быкаў адказаў, што наогул пазбягае такіх вобразаў, бо не валодае неабходным талентам. Сачанка заўважыў, што выправіць гэта ў адзін момант і, пагартаўшы рукапіс, знайшоў здатнае месца. «Во тут і напішам: Сотнікаў — камуніст», — сказаў Б. Сачанка [3, с. 263].

Пасля гэтага кампрамісу, на які В. Быкаў згадзіўся пайсці дзеля публікацыі свайго твора, рэдактура, на жаль, не скончылася: «пад нож» іншых цэнзараў трапілі ўсе згадкі рэлігійнасці. Як заўважыў журналіст і даследчык літаратуры Сяргей Шапран у сваім пасляслоўі да першага паўнавартаснага выдання «Ліквідацыі» без цэнзарскіх купюраў і з арыгінальнай назвай, «там, дзе ў аўтара не паднялася рука, на „дапамогу“ прыходзіў бязлітасны рэдактар.<...> Вядома, не мог Сотнікаў „нечакана для сябе, у парыве збалелае душэўнай шчырасці“ ўспомніць Бога, „чаго з ім не здаралася ніколі“, — таму гэты сказ рэдактурай быў зноў жа выкраслены». Тое ж датычыла і эпізода, калі герой, у апошнія гадзіны жыцця, прыгадвае Біблію, «што некалі ляжала на маміным камодзе, і „хлапчуком ён часам гартаў яе пажоўклыя, з асаблівым, застарэла-кніжным пахам, старонкі“...» [2, с. 255].

Тым не менш, аповесць В. Быкава засталася вельмі мужным выказваннем, прасякнутым хрысціянскай мараллю. Пісьменнік і журналіст Грыгорый Свірскі пісаў, што аповесць «Сотнікаў» сталася, «бадай, самым глыбокім творам, у якім ён прама выступае супраць сталінска-кагэбэшнай «чорна-белай канцэпцыі» і ў літаратуры, і ў жыцці» [9, с. 381]. Не ў апошнюю чаргу менавіта дзякуючы выразным хрысціянскім арыенцірам аповесць набыла статус адной з галоўных у творчай біяграфіі В. Быкава.

Экранізацыя аповесці, якая атрымала назву «Узыходжанне», яшчэ ярчэй злучыла сюжэт пра двух партызанаў з хрысціянскімі прынцыпамі, бо яе аўтарка абрала ў якасці крыніцы натхнення адзін з ключавых новазапаветных сюжэтаў: здраду Юды. Па задуме рэжысёра стужкі Л. Шэпіцькі, абодва палонныя атаясамліваюцца з вобразамі евангельскай прыпавесці: «Праблема Сотнікаў–Рыбак — вечная праблема, яна з тых, якія першапачаткова стаяць перад чалавекам, якія вызначаюць ягоны якасны ўзровень… І гэтая праблема — праблема Хрыста і Юды…» Адметна, што асістэнту па акцёрскім складзе Л. Шэпіцька таемна загадала шукаць на галоўную ролю чалавека, падобнага да іканапіснага Хрыста. У выніку, хоць і не без перашкодаў, гэтая роля дасталася Барысу Плотнікаву [7].

Б. Плотнікаў стварыў на экране вельмі адухоўлены вобраз Сотнікава: чым бліжэй яго персанаж да смерці, тым больш на ягоным твары бачыцца задуманая аўтарам іканапіснасць. Экранны Сотнікаў надзвычай выразна паказвае сілу духа ў скалечаным целе: нягледзячы на доўгую хваробу, раненне, а затым яшчэ і катаванні, ён знаходзіць у сабе сілы задумвацца пра бліжніх, якім разам з ім пагражае смерць, а таксама дарыць гэтым бліжнім светлы позірк чалавека, чыю душу нельга закатаваць і знішчыць. Вядома, кіраўніцтва кінавытворчасцю вельмі падазрона паставілася да рашэнняў Л. Шэпіцькі яшчэ да пачатку здымкаў: галоўную ролю хацелі адняць у Б. Плотнікава, бо, на думку камісіі, з яго атрымліваўся недапушчальны для савецкага гледача вобраз: «Гэта вы што ж, Ларыса Яфімаўна, Ісусіка на савецкі экран працягнуць хочаце? Нам патрэбен герой, у якога дзеці гуляць будуць! Нам Чапаеў патрэбны, а вы...» Пазней на гэтую заяву сама рэжысёрка эмацыянальна адказвала: «Не дачакаюцца! Дзеці будуць не гуляць, яны верыць у Сотнікава будуць, яны ў дух чалавечы павераць! О! Якая гэта павінна быць сцэна, калі Сотнікаў, ужо гатовы развітацца з жыццём, шукае таго, каму дух аддаць і бачыць... маленькага хлопчыка! Вы разумееце, які гэта павінен быць хлопчык?... <...> Ён, менавіта ён — малады пераемнік высокай духоўнасці продкаў, — ён — сэнс гісторыі, сувязь стагоддзяў» [7].

Другі рэжысёр стужкі Валянціна Хаванская, прыгадвала філасофскія разважанні Л. Шэпіцькі перад здымкамі карціны: «Стадная маральнасць нашага часу, у краіне, дзе ад Бога адмовіліся, павярхоўная, і гэта мы павінны зразумець праз Рыбака. Сотнікаў — іншая справа, ён маральны так, як Бог задумаў. Зразумейце, існуе вечная праблема Понція Пілата, існуюць і іншыя вечныя праблемы. І ўсе яны ва ўсе эпохі чалавецтва паўтараюцца… у новым абліччы, але сутнасць тая ж» [7]. Такім чынам, не складана зрабіць выснову, што гэты хрысціянскі падыход рэжысёрам быў абраны цалкам свядома, з жадання разважаць у сваім творы аб праблеме куды большага маштабу, чым дазвалялі правілы савецкай цэнзуры.

Сам Васіль Быкаў застаўся вельмі задаволены экранізацыяй і нават называў яе найлепшай кінакарцінай па ўласнай творчасці [3, с. 290]. Як заўважыў С. Шапран, «такім чынам Быкаў, магчыма, даваў зразумець, што не супраць падобнага прачытання “Сотнікава» [2, с. 281]. На думку пісьменніка, Л. Шэпіцька «не пайшла па лініі фіксацыі вобразаў аповесці, а імкнулася іх паглыбіць, драматызаваць сітуацыю, характары. У іншых выпадках мела месца аблегчанае адлюстраванне канфліктаў, ілюстрацыйнасць». Пры гэтым пісьменнік адзначаў, што як рэаліст некаторыя моманты ён не мог прыняць, напрыклад, «эпізод, калі Рыбак пачынае выказваць любоў да сваёй ахвяры — Сотнікава. Тут ужо нешта ад цяжка зразумелага, язычніцкага. Але гэта нельга палічыць і недахопам фільма. Проста тут іншы погляд мастака-кінематаграфіста» [4, с. 166].

Калі рызыкнуць ацаніць дзеянні Рыбака, ролю якога ў фільме выканаў Уладзімір Гасцюхін, з пункту гледжання тоеснасці з евангельскім сюжэтам, можна дапусціць, што такім чынам Л. Шэпіцька імкнулася паўтарыць матыў хрыстаматыйнага пацалунку здрады, паставіўшы яго ў адзін шэраг з такім важным вобразаўтваральным элементам, як жаданне Рыбака ў фінале павесіцца. І, што адметна, гэтае фінальнае жаданне, хоць і без магчымасці нават паспрабаваць яго выканаць, было прапісана ў аповесці самім пісьменнікам...

Вядома, пасля выхаду стужкі былі рэцэнзіі, у якіх выказвалася незадаволенасць агульным мастацкім рашэннем аўтараў фільма. Напрыклад, расійскі літаратурны крытык Лазар Лазараў пісаў: «Прыўнесены ў экранізацыю евангельскі матыў не праясняе, а зацямняе сэнс таго, што хацеў сказаць у сваёй аповесці Быкаў. У Рыбаку няма вераломства, і толькі нечалавечыя выпрабаванні вайны <...> прыводзяць героя аповесці да здрады; у іншых умовах гэтага, верагодна, не здарылася б. Прыпавесць пра Іуду і Хрыста, мне здаецца, тут ні пры чым...» [6, с. 139]. Аднак агульны настрой кінакрытыкі да стужкі быў станоўчы. Больш за тое, фільм вельмі горача прынялі за мяжой. Ён удзельнічаў у Міжнародным кінафестывалі ў Заходнім Берліне і адзіны ў гісторыі СССР заваяваў там галоўны прыз — «Залаты мядзведзь», разам з тым атрымаўшы прыз ФІПРЭСІ і дзве прэміі хрысціянскіх журы. Экранізацыя выйшла далёка за межы СССР і на ўвесь свет прадэманстравала духоўныя пошукі і глыбіню гістарычнай памяці мастацкай інтэлігенцыі камуністычнай дзяржавы, якая на той ужо больш за паўстагоддзя была атэістычнай.

І Васіль Быкаў, і Ларыса Шэпіцька выдатна разумелі: праблема, якую падымае гісторыя пра двух такіх падобных і такіх розных па маральных прынцыпах герояў, не можа існаваць па-за хрысціянскім кантэкстам. Сама расстаноўка персанажаў з іх пазіцыямі і дзеямі адсылае да вечных праблемаў: жудаснае забойства брата братам; здрада нявернага вучня, які адпрэчыў свайго духоўнага Настаўніка.

 

Аналізуючы поспех абодвух твораў, можна зрабіць выснову, што хрысціянская аснова, закладзеная ў іх сюжэты, дадала ім вагі, ператварыла гісторыю пра здраду і гераізм у міжнацыянальнае хрысціянскае выказванне, зразумелае людзьмі незалежна ад іх адносінаў да СССР ці ад трактовак гістарычных і ваенных пытанняў, бо хрысціянства, як галоўная сусветная рэлігія, з’яўляецца ўніверсальнаю моваю, што ўзмацняе і паглыбляе любы сюжэт, а твор мастацтва ўзвышае да агульначалавечага гучання.

 

Літаратура

  1. Быкаў, В. Доўгая дарога дадому : [кніга ўспамінаў] / В. Быкаў. — Мінск : ГА БТ «Кніга», 2004. — 539 с.
  2. Быкаў, В. Ліквідацыя. Без цэнзуры / В. Быкаў ; падрыхт. тэксту, пасляслоўе, каментарыі С. Шапрана. — Мінск : МЕДЫЯЛ, 2014. — 368 с. : [16] с. іл.
  3. Быкаў, В. Поўны збор твораў : у 14 т. / В. Быкаў. — Мінск : Саюз беларускіх пісьменнікаў; М. : ТАА «Выдавецтва “Время”», 2008. — Т. 8 : Мемуарная проза. — 574 с.
  4. Быкаў, В. Праўдай адзінай: літ. крытыка, публіцыстыка, інтэрв’ю / В. Быкаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 264 с.
  5. Васіль Быкаў і хрысціянства [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: www.catholicnews.by/vasil-byka-ihryscijanstva/ — Дата доступу: 15.08.2022.
  6. Лазарев, Л. Василь Быков: очерк творчества / Л. Лазарев. — Москва : Художественная литература, 1979. — 206, [2] с.
  7. Лариса. Воспоминания о работе с Ларисой Шепитько на картинах «Ты и я», «Восхождение» и «Матёра» [Электронный ресурс]. — 8. Режим доступа: www.kinozapiski.ru/ru/article/sendvalues/88/ — Дата доступа: 15.08.2022.
  8. Лявонава, Е. Аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў» ў святле старазапаветнай прытчы пра Авеля і Каіна / Е. Лявонава // Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: Зб. ар. Вып. 2 / Пад нав. рэд. Р.М. Кавалёвай, В.В. Прыемка. — Мінск : Бестпрынт, 2005. — C. 160–164.
  9. Свирский, Г. На лобном месте: Литература нравственного сопротивления, 1946–1986. Литература войны, 1941–1945 / Г. Свирский. — 2-е изд., доп. — Москва : Крук, 1998. — 497, [3] с., [6] л. ил.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY