|
|
№
1(4)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт
Мастацтва
Драматургія
Паэзія
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя
|
Вельмі жыва ўспамінаецца мне ўрачыстая сустрэча, якая адбылася мінулаю восенню (27 кастрычніка 1995г.) у Ватыкане ў сувязі з трыццатаю гадавінаю саборавага Дэкрэту Presbyterorum ordinis. Ініцыятарам сустрэчы выступіла Кангрэгацыя па справах Духавенства. У прыўзнятым настроі, які панаваў сярод сабраных, многія святары гаварылі пра сваё пакліканне. Я таксама падзяліўся ўласным сведчаннем, бо ўбачыў, што гэта прыгожая і патрэбная форма служэння, якую святары перадаюць адзін аднаму ў прысутнасці Люду Божага дзеля ўзаемнай акрыленасці.
Тое, што я тады сказаў, знайшло пазітыўны водгук. У выніку многія настойліва прасілі мяне, каб я яшчэ раз вярнуўся да тэмы майго паклікання і шырэй распавёў пра яго ў сувязі з юбілеем святарства.
Павінен прызнацца, што ў першую хвіліну гэта прапанова выклікала ў мяне зразумелую нязгоду. Аднак пазней я палічыў, што трэба прыняць гэтае запрашэнне, паколькі яно звязваецца з пэўным аспектам Пятровага служэння. Натхнёны некалькімі пытаннямі, якія сфармуляваў пан доктар Жан Франко Свідэркошы і якія пэўным чынам фармавалі сюжэт гэтых разважанняў, я аддаўся ўспамінам, ніколькі не спрабуючы стварыць строга дакументальнага запісу.
Усё тое, пра што я тут кажу, не датычыць толькі знешніх падзеяў, але сягае да каранёў маіх самых глыбокіх і найбольш асабістых перажыванняў і майго вопыту. Успамінаю іх, а перадусім дзякую Богу: Misericordias Domini in aeternum cantabo!
Запіс гэты ахвярую святарам і Люду Божаму як сведчанне любові. Каля вытокаў... таямніца! Гісторыя майго святарскага паклікання? Гісторыя гэта вядома перадусім аднаму Богу. Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове - гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. Кожны з нас, святароў, вельмі выразна спазнае гэта ва ўсім сваім жыцці. Перад веліччу такога дару мы адчуваем, наколькі не дарастаем да яго. Пакліканне - гэта таямніца Божага абрання: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). «І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5, 4). «Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе» (Яр 1, 5). Гэтыя натхнёныя словы павінны праняць глыбокім хваляваннем кожную святарскую душу. Таму, калі мы пры розных акалічнаcцях (напрыклад, у сувязі са святарскімі юбілеямі) гаворым пра святарства і даем аб ім свае сведчанні, то павінны рабіць гэта з вялікаю пакораю, усведамляючы, што Бог нас «паклікаў прызваннем святым не паводле ўчынкаў нашых, але паводле пастановы сваёй і ласкі» (2 Тым 1, 9). Разам з тым мы ўсведамляем, што людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства. Мне здаецца, што гэты кароткі ўступ абавязковы, каб адпаведным чынам зразумець тое, што я буду казаць пра свой шлях да святарства. Першыя знакі паклікання Калі я вучыўся ў гімназіі, князь Адам Стэфан Сапега, арцыбіскуп, мітрапаліт Кракаўскі візітаваў нашу парафію ў Вадавіцах. Мой катэхет ксёндз Эдвард Захэр даручыў мне прывітаць князя мітрапаліта. Такім чынам, першы раз у жыцці я меў магчымасць стаць перад чалавекам, які карыстаўся ўсеагульнаю глыбокаю павагаю. Ведаю таксама, што пасля мае прамовы арцыбіскуп спытаў у катэхета, дзе я збіраюся вучыцца пасля гімназіі. Ксёндз Захэр адказаў: «Ідзе на паланістыку». «Шкада, што не на тэалогію», - заўважыў на гэта арцыбіскуп. У той перыяд жыцця маё святарскае пакліканне яшчэ не выспела, хоць многія са знаёмых дапускалі, што я мог бы пайсці ў духоўную семінарыю. Калі малады чалавек з такімі выразнымі рэлігійнымі схільнасцямі не ішоў у семінарыю, гэта магло нараджаць домыслы, што вінаваты ў тым якіясь іншыя любові альбо захапленні. Я меў у школе шмат сябровак і сяброў, быў звязаны з працаю ў школьным аматарскім тэатры, але не гэта было вызначальным. У той перыяд вызначальным здавалася мне перадусім улюбёнасць у літаратуру і асабліва ў драматургію і тэатр. Любові да тэатра даў пачатак старэйшы за мяне паланіст Мечыслаў Катлярчык. Ён быў сапраўдным піянерам аматарскага тэатра з вялікімі рэпертуарнымі прэтэнзiямі. Вучоба ў Ягелонскім універсітэце У маі 1938 года я атрымаў атэстат сталасці і падаў заяву ва універсітэт на польскую філалогію. У сувязі з гэтым мы з бацькам пераехалі з Вадавіцаў у Кракаў. Пасяліліся мы ў доме на вуліцы Тынецкай, 10, на Дэмбніках. Дом належаў маёй радні з боку маці. Я распачаў вучобу на філасофскім факультэце Ягелонскага універсітэта, на аддзяленні польскай філалогіі. Аднак паспеў я закончыць толькі першы курс, бо 1 верасня 1939 года пачалася другая сусветная вайна. Што датычыць вучобы, то хачу падкрэсліць: выбар паланістыкі быў абгрунтаваны маёю выразнаю арыентацыяй на вывучэнне літаратуры. Аднак ужо першы год вучобы скіраваў маю ўвагу ў бок мовы. Мы вывучалі апісальную граматыку сучаснай польскай мовы, потым гістарычную граматыку, надаючы асаблівую ўвагу стараславянскай мове. Гэта ўвяло мяне ў абсалютна новае вымярэнне, калі не сказаць у таямніцу слова. Слова, перш чым прамовіцца на сцэне, жыве спачатку ў гісторыі чалавека, становіцца нейкім важным параметрам яго духовага жыцця. Урэшце яно з'яўляецца арыентацыяй на неспасцігальную таямніцу самога Бога. Адкрываючы слова праз вывучэнне літаратуры ці мовы, я не мог не наблізіцца да таямніцы Слова - таго Слова, пра якое мы штодзённа гаворым у малітве «Анёл Панскі»: «Слова целам сталася і пасялілася між нас» (Ян 1, 14). Пазней я зразумеў, што вывучэнне паланістыкі рыхтавала ў ва мне грунт пад іншы кірунак зацікаўленняў і вучобы: маю на ўвазе філасофію і тэалогію. Пачатак другой сусветнай вайны Але вернемся цяпер да 1 верасня 1939 года. Пачатак вайны прынцыповым чынам змяніў сітуацыю ў маім жыцці. Хоць выкладчыкі Ягелонскага універсітэта намагаліся распачаць новы навучальны год, але заняткі былі толькі да 6 лістапада 1939 года. У гэты дзень нямецкія ўлады склікалі ўсіх выкладчыкаў на сход, які закончыўся вывазам гэтых шаноўных людзей навукі ў канцэнтрацыйны лагер Захзэнхаўзэн. На гэтым спыняецца ў маім жыцці перыяд вучобы на паланістыцы і распачынаецца перыяд нямецкай акупацыі, у часе якой я стараўся найперш шмат чытаць і пісаць. Менавіта ў гэты перыяд з'явіліся мае першыя юнацкія літаратурныя творы. Каб убeрагчыся ад вывазу на прымусовыя работы ў Германію, я пачаў восенню 1940 года працаваць чорнарабочым у каменяломні, што належала хімзаводу Сольвай. Каменяломня знаходзілася на Закжувку, які быў у паўгадзіне хады ад майго дому на Дэмбніках. Такім чынам, я штодня хадзіў на працу ў тую каменяломню, пра якую пасля напісаў паэтычны твор. Калі праз гады прачытваю яго ў кантэксце таго асаблівага выпрабавання, то ён здаецца мне поўным экспрэсіі:
Тады я быў сведкам, як у часе выбуху камяні забілі рабочага, і гэта мяне вельмі глыбока ўзрушыла:
Палякі, адказныя за каменяломню, стараліся аберагаць нас, студэнтаў, ад самых цяжкіх работаў. Так, напрыклад, мяне прызначылі ў дапамогу падрыўніку. Звалі яго Францішак Лабусь. Згадваю яго таму, што ён не раз казаў мне так: «Караль, пайшлі б Вы вучыцца на ксяндза. Вы добра б спявалі, бо маеце прыгожы голас, і было б Вам добра...» Гаварыў ён гэтак з усёю павагаю, выказваючы даволі распаўсюджаныя сярод людзей погляды на тэму святарства. Гэтыя словы старога рабочага захаваліся ў маёй памяці. Тэатр слова У той перыяд я падтрымліваў кантакт з тэатрам слова, які стварыў Мечыслаў Катлярчык і быў яго натхніцелем у падполлі. Пачаткі гэтага тэатра звязаны з маёю кватэраю, у якой Катлярчык пасяліўся разам з жонкаю Зоф'яй пасля прарыву з Вадавіцаў у Генеральную Губернію. Мы жылі разам. Я працаваў чорнарабочым, а ён працаваў напачатку трамвайшчыкам, а пасля чыноўнікам у нейкай установе. Жывучы разам, мы маглі працягваць не толькі нашыя размовы пра тэатр, але таксама канкрэтную справу, якая менавіта й набыла характар тэатра слова. Быў гэты тэатр вельмі просты. Дэкарацыйны і пастановачны бакі зводзіліся да мінімума, а ўсё канцэнтравалася на дэкламаванні паэтычнага тэксту. Спатканні тэатра слова адбываліся ў вузкім коле знаёмых, запрошаных гасцей, асабліва зацікаўленых літаратураю і разам з тым «пасвечаных» у гэту таямніцу. Захаванне сакрэтнасці вакол тых тэатральных сустрэчаў было неабходным, бо ў процілеглым выпадку нам усім пагражала суровае пакаранне з боку акупацыйных уладаў - хутчэй за ўсё вываз у канцэнтрацыйны лагер. Павінен прызнацца, што ўвесь гэты своеасаблівы тэатральны вопыт вельмі глыбока адбіўся ў маёй памяці, хоць у пэўны момант я ўсвядоміў, што тэатр - не маё прызванне.
Рашэнне пайсці ў семінарыю Восенню 1942 года я прыняў канчатковае рашэнне паступіць у Кракаўскую Духоўную Семінарыю, якая дзейнічала ў падполлі. Прыняў мяне ксёндз рэктар Ян Піваварчык. Аднак гэты факт павінен быў застацца ў глыбокай таямніцы, нават ад самых блізкіх людзей. Я распачаў вучобу на тэалагічным факультэце Ягелонскага універсітэта і працягваў працаваць рабочым на заводзе Сольвай. Універсітэт наш таксама знаходзіўся ў падполлі.
Аднак я павінен вярнуцца да доўгіх месяцаў, што папярэднічалі вызваленню. Як ужо згадвалася, я з іншымі клерыкамі знаходзіўся ў рэзідэнцыі ксяндза арцыбіскупа. На самым пачатку вучобы ён пазнаёміў нас з маладым святаром, нашым духоўным айцом. Ім быў ксёндз Станіслаў Смаленскі, чалавек вялікай духовасці, які закончыў вучобу ў Рыме. Цяпер ён біскуп-суфраган у Кракаве, ужо на пенсіі. Ксёндз Смаленскі распачаў з намі рэгулярную працу над падрыхтоўкаю да святарства. Раней мы мелі толькі аднаго кіраўніка-прэфекта, ксяндза Казімежа Клусака, прафесара філасофіі, чалавека, які імпанаваў нам сваёю аскезаю і дабрынёю. Ён падпарадкоўваўся непасрэдна самому ксяндзу мітрапаліту, так як і ўся наша падпольная семінарыя. Пасля вакацый 1945 года рэктарам быў прызначаны вадавічанін кс. Караль Казлоўскі, пераемнік кс. Яна Піваварчыка. У даваенны перыяд ён быў духоўным айцом у семінарыі, дзе прайшло амаль усё яго святарскае жыццё. Так мінаў час семінарскага фармавання. Працуючы рабочым, я падпольна скончыў два першыя гады, г.зн. тыя, што ў curriculum (курсе. - Заўв. пер.) навучання прысвечаны філасофіі. Наступныя 1944 і 1945 гады былі паяднаны з вучобаю ў Ягелонскім універсітэце, хоць першы пасляваенны год быў яшчэ вельмі няпоўны. Нармальны быў ажно толькі 1945/1946 навучальны год. На тэалагічным факультэце мне пашчасціла сустрэць такіх вопытных выкладчыкаў, як, напрыклад, кс. Уладыслаў Віхэр, прафесар маральнай тэалогіі, альбо кс. Ігнацы Ружыцкі, прафесар дагматычнай тэалогіі, які ўвёў мяне ў навуковы тэалагічны курс. Сёння ўдзячна ўспамінаю ўсіх маіх кіраўнікоў, духоўных айцоў і прафесараў, якія ў перыяд семінарскага жыцця фармавалі маё пакліканне. Няхай Пан Бог узнагародзіць іх за працу і самаахвярнасць! Напачатку пятага года навучання ксёндз арцыбіскуп скіраваў мяне ў Рым працягваць вучобу. У сувязі з гэтым я раней за маіх аднакурснікаў атрымаў святарскае пасвячэнне. Было гэта 1 лістапада 1946г. Зразумела, выпуск наш быў невялікі: усяго сямёра чалавек. Цяпер у жывых засталося трое. Менавіта таму, што калектыў наш быў такі невялікі, паміж намі ўзніклі глыбокія сяброўскія і таварыскія сувязі. Тое ж можна сказаць пра нашых кіраўнікоў і прафесараў, як у перыяд падполля, так і ў кароткі перыяд адкрытай вучобы ва універсітэце. Студэнцкія вакацыі З таго часу, як я стаў клерыкам семінарыі, для мяне адкрылася новая магчымасць праводзіць вакацыі. Я быў пасланы ксяндзом арцыбіскупам у парафію у Рацібаравіцах пад Кракавам. Не магу не выказаць глыбокай удзячнасці рацібаравіцкаму пробашчу, ксяндзу Юзафу Ямрозу і ксяндзам вікарыям, якія былі сябрамі жыцця маладога падпольнага семінарыста. Асабліва ўспамінаю ксяндза Францішка Шымонка, які потым у часы сталінскага тэрору быў абвінавачаны на паказальным працэсе Кракаўскай курыі і атрымаў смяротны вырак. На шчасце, праз некаторы час яго памілавалі. Успамінаецца мне таксама ксёндз Адам Беля, мой старэйшы сябра з Вадавіцкай гімназіі. Дзякуючы гэтым маладым святарам, я мог пазнаёміцца з рэлігійным жыццём усяе парафіі. У хуткім часе на тэрыторыі вёскі Беньчыцы, якая належала да парафіі ў Рацібаравіцах, вырас вялікі пасёлак, звязаны з Новаю Гутаю. Я не раз бываў там у часе вакацый і ў 1944-ым, і ў 1945 годзе, пасля вайны. Шмат гадзінаў праводзіў я ў старым рацібаравіцкім касцёле, які вядзе сваю гісторыю яшчэ з часоў Яна Длугаша. Падоўгу хадзіў я ў роздуме па мясцовым могільніку. У Рацібаравіцы прывозіў таксама тое, над чым працаваў у часе вучобы - тамы святога Тамаша з каментарамі. Вывучаў я тэалогію, у пэўным сэнсе, у самым «цэнтры» вялікай тэалагічнай традыцыі. Ужо тады я пісаў працу пра святога Яна ад Крыжа. Кіраўніком гэтай працы ў Кракаве, ужо пасля адкрыцця універсітэта, стаў ксёндз прафесар Ігнацы Ружыцкі. Закончыў я яе ў Анджэлікум (Пaпcкi фiлacoфcкa-тэaлaгiчны унiвeрciтэт cв.Taмaшa Aквiнcкaгa ў Pымe. - Заўв. пер.) пад кіраўніцтвам айца прафесара Гaррыгoу-Лaгрaнгэ. Кардынал Адам Стэфан Сапега Ва ўсім нашым фармаванні і падрыхтоўцы да святарства асаблівым чынам вызначылася незвычайная асоба князя мітрапаліта, а пасля кардынала Адама Стэфана Сапегі, якога ўспамінаю з хваляваннем і ўдзячнасцю. Яго ўплыў быў тым большы, што ў пераходны перыяд, пакуль не ўдалося вярнуцца ў семінарскі будынак, мы жылі ў яго рэзідэнцыі і штодня сустракаліся з ім. Кракаўскі мітрапаліт быў пакліканы ў кардынальскую калегію пасля заканчэння вайны, у адносна сталым узросце. Уся грамадскасць успрыняла тую намінацыю як знак прызнання гэтага вялікага чалавека, які ў часе акупацыі быў па сутнасці адзіным прадстаўніком народу, які выяўляў ягоную годнасць відавочным для ўсіх чынам. Памятаю той сакавіцкі дзень у Вялікім Посце, калі арцыбіскуп вярнуўся з Рыма з толькі што атрыманым кардынальскім берэтам. Студэнты ўзнялі на плечы яго машыну і перанеслі да Мар'яцкага касцёла. Гэта было выяўленнем рэлігійнага і патрыятычнага ўздыму, які тая кардынальская намінацыя абудзіла ў грамадстве.
Уплыў розных асяродкаў і асобаў на маё пакліканне Я шмат распавядаў пра семінарскае асяроддзе, паколькі яно мела, несумненна, вялікі ўплыў на маё святарскае фармаванне. Аднак ясна ўсведамляю, што Бог дазволіў мне ўслухоўвацца ў Ягоны голас, дзякуючы таксама асабліваму ўдзелу многіх іншых асяродкаў і асобаў. Сям'я Мая семінарская падрыхтоўка да святарства была ў пэўнай ступені прадвызначана. У нейкім сэнсе спрычыніліся да таго мае бацькі ў родным доме, асабліва мой бацька, які рана аўдавеў. Маці я страціў яшчэ перад Першаю Св.Камуніяй у дзевяцігадовым узросце і таму менш яе памятаю і менш усведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, несумненна, вельмі вялікі. Пасля яе смерці, а затым і пасля смерці майго старэйшага брата, мы з бацькам засталіся ўдвух. Я мог кожны дзень бачыць суровае жыццё свайго бацькі. Па прафесіі ён быў вайскоўцам, а калі аўдавеў, жыццё яго яшчэ ў большай ступені стала жыццём пастаяннай малітвы. Часта, абудзіўшыся ноччу, я бачыў свайго бацьку на каленях. Таксама на каленях заўсёды бачыў яго ў нашым парафіяльным касцёле. Ніколі не размаўлялі мы між сабою пра святарскае пакліканне, але гэты прыклад майго бацькі быў як бы першаю хатняю семінарыяй. Завод Сольвай Потым, калі мінулі гады ранняга юнацтва, такою семінарыяй стала для мяне каменяломня і цэх ачысткі вады на содавым заводзе ў Фалэнцкім Барку. Але гэта ўжо не была толькі перадсемінарыя, як у Вадавіцах. Завод на пэўным этапе стаў для мяне сапраўднай духоўнай семінарыяй, хоць і падпольнаю. Я працаваў у каменяломні з верасня 1940 года, а праз год перайшоў у цэх ачысткі вады на заводзе. Такім чынам, гады, звязаныя з фармаваннем канчатковага рашэння наконт семінарыі, адносяцца менавіта да гэтага перыяду. Восенню 1942 года я распачаў вучобу ў падпольнай семінарыі як даўні студэнт польскай філалогіі і як чорнарабочы Сольвай. Тады я яшчэ не ўяўляў, якое вялікае значэнне гэта для мяне мае. Толькі тады, калі ўжо як святар падчас вучобы ў Рыме праз маіх сяброў з Бельгійскага калегіума я сутыкнуўся з праблемаю святароў-рабочых і з рухам Хрысціянскай Рабочай Моладзі (JOC), толькі тады я ўсвядоміў: тое, што сталася надзвычай важным для Касцёла і для святарства на Захадзе, а менавіта - кантакт са светам працы - я, уласна кажучы, ужо ўпісаў у свой асабісты жыццёвы вопыт.
Я пасябраваў з многімі рабочымі. Яны часта запрашалі мяне да сябе дадому. Ужо як святар і біскуп я хрысціў іх дзяцей і ўнукаў, благаслаўляў шлюбы і адпраўляў многіх з іх у апошнюю дарогу. Я таксама меў магчымасць пераканацца ў тым, колькі дрэмле ў іх рэлігійных зацікаўленняў і жыццёвай мудрасці. Тыя кантакты, як ужо адзначалася, праіснавалі доўгі час пасля акупацыі, уласна кажучы, ажно да маіх выбараў на біскупа Рыма, а некаторыя доўжацца і сёння ў форме ліставання. Парафія ксяндзоў салезіянаў у Дэмбніках Вяртаючыся яшчэ да перадсемінарскага перыяду, не магу абмінуць аднаго асяродку і аднае асобы, якая вельмі шмат дала мне ў той час. Гэта менавіта супольнасць мае парафіі святога Станіслава Косткі на Дэмбніках у Кракаве. У парафіі працавалі ксяндзы салезіяне, якіх аднойчы гітлераўцы забралі ў канцэнтрацыйны лагер. Засталіся толькі стары пробашч і інспектар правінцыі, усе ж астатнія былі вывезены ў Дахау. Думаю, што ў працэсе фармавання майго паклікання салезіянскае асяроддзе адыграла важную ролю. У парафіі была незвычайная асоба. Гаворка ідзе пра Яна Тыраноўскага. Быў ён па прафесіі служачы, але выбраў працу ў швейнай майстэрні свайго бацькі. Сцвярджаў, што гэта найбольш спрыяе яго ўнутранаму жыццю. Быў ён чалавекам незвычайна глыбокай духовасці. Ксяндзы салезіяне, якія ў той цяжкі перыяд адважыліся весці душпастырства моладзі, даверылі яму заданне, якое заключалася ва ўстанаўленні кантактаў з маладымі людзьмі ў рамках так званага Жывога Ружанца. Ян Тыраноўскі спраўляўся з гэтым заданнем не толькі ў сэнсе арганізацыйным, але таксама і ў сэнсе сапраўднай духовай адукацыі, якую даваў звязаным з ім маладым людзям. Ад яго між іншым я навучыўся элементарным метадам працы над сабою, якія пaпярэдзілі тое, што потым я знайшоў у семінарыі. Тыраноўскі, які сам выхоўваўся на творах св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэсы ад Езуса, упершыню ўвёў мяне ў тую незвычайную, на мой тагачасны ўзрост, літаратуру. Айцы кармэліты Падтрымліваў я кантакты і з законам айцоў кармэлітаў босых, якія ў Кракаве мелі кляштар на вуліцы Ракавецкай. Я наведваў іх, а аднаго разу адправіў там свае закрытыя рэкалекцыі, карыстаючыся дапамогаю а. Леанарда ад Маці Божай Балеснай. У пэўны перыяд я нават падумваў, ці не ўступіць мне ў Кармэль. Мае сумненні развеяў ксёндз кардынал Сапега, сказаўшы, як звычайна, коратка: «Трэба найперш закончыць пачатае». І так сталася. Ксёндз Казімеж Фіглевіч На працягу ўсіх тых гадоў маім спаведніком і непасрэдным духоўным кіраўніком быў ксёндз Казімеж Фіглевіч. Упершыню я сустрэўся з ім, калі быў вучнем першага класа гімназіі ў Вадавіцах. Ксёндз Фіглевіч як вікары вадавіцкай парафіі вучыў нас тады рэлігіі. Дзякуючы яму я наблізіўся да парафіі, стаў міністрантам і нават арганізаваў нешта накшталт гуртка міністрантаў. Калі ён адышоў з Вадавіцаў у Вавэльскую катэдру, то я і надалей быў з ім у кантакце. Памятаю, што ў пятым класе гімназіі ксёндз Фіглевіч запрасіў мяне ў Кракаў, каб я мог удзельнічаць у Triduum Sacrum, пачынаючы з Цёмнай Ютрані ў Вялікую Сераду ў другой палове дня. Гэта было для мяне хвалюючай падзеяй. Калі пасля іспытаў на атэстат сталасці я пераехаў з бацькам у Кракаў, то аднавіў свае кантакты з ксяндзом падкусташам катэдральным (такая тады была функцыя кс.Фіглевіча). Я хадзіў да яго да споведзі і не раз сустракаўся з ім у часе акупацыі. Асабліва запомніўся мне дзень 1 верасня 1939 года. Была гэта першая пятніца месяца. Я прыйшоў на Вавэль, каб выспавядацца. Катэдра была пустая. Гэта быў, хіба, апошні раз, калі я мог свабодна ўвайсці ў яе. Пазней яна была замкнёна, а Каралеўскі Замак на Вавэлі стаў сядзібаю генеральнага губернатара Ганса Франка. Ксёндз Фіглевіч быў адзіным святаром, які мог два разы на тыдзень адпраўляць святую Імшу ў замкнёнай катэдры пад наглядам нямецкіх паліцаяў. У той цяжкі час стала яшчэ больш ясна, чым для ксяндза Фіглевіча была катэдра, алтар св. Станіслава, біскупа і мучаніка... Да канца жыцця ён застаўся верным апекуном гэтага асаблівага санктуарыя Касцёла і народу, а мяне навучыў вялікай любові да Вавэльскай катэдры, якая некалі павінна была стаць маёю біскупскаю катэдраю. Калі 1 лістапада 1946 года я атрымаў святарскае пасвячэнне, то праз дзень адправіў першую святую Імшу ў Катэдры, у раманскай крыпце св. Леанарда. Ксёндз Фіглевіч прысутнічаў пры мне як так званы манудуктар. Некалькі гадоў таму ксяндза пралата не стала. Адзін толькі Пан Бог можа аддзячыць гэтаму святару за тую дабрадзейнасць, якую ён мне аказаў. Марыйная лінія паклікання Гаворачы пра крыніцы святарскага паклікання, не магу, зразумела, абмінуць марыйнай лініі. Ушанаванне Маці Божай у традыцыйнай форме я вынес з бацькоўскага дому і з вадавіцкай парафіі. У парафіяльным касцёле памятаю бочную капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі, у якую рана перад лекцыямі ішлі гімназісты. Потым, пасля лекцый, у другой палове дня тая самая чарада вучняў ішла ў касцёл на малітву. Акрамя таго, у Вадавіцах быў Кармэль, кляштар на Горцы, які часам свайго заснавання звязаны з асобаю св. Рафала Каліноўскага. Многія вадавічане наведвалі кляштар, а гэта азначала паяднанне з кармэлітанскаю традыцыяй шкаплера. Я таксама запісаўся ў шкаплер, маючы, хіба, дзесяць гадоў і да сёння нашу яго. Да кармэлітаў хадзілі таксама на споведзь. Такім чынам, як парафіяльны касцёл, так і кляштар на Горцы фармавалі маю марыйную пабожнасць і тады, калі я быў хлапчуком, і потым, калі быў юнаком і гімназістам, ажно да экзаменаў на атэстат сталасці. Калі я апынуўся ў Кракаве на Дэмбніках, то ўвайшоў у cупoльнacць «Жывога Ружанца» ў салезіянскай парафіі, а гэта было звязана з асабліваю пашанаю да Марыі Дапаможніцы Вернікаў. На Дэмбніках у той перыяд, у які крышталізавалася справа майго святарскага паклікання, а таксама пад уплывам асобы Яна Тыраноўскага, маё разуменне пашаноты да Маці Божай пэўным чынам змянілася. І калі раней я быў перакананы, што Марыя вядзе нас да Хрыста, то ў гэты перыяд пачаў разумець, што таксама і Хрыстус вядзе нас да свае Маці. Быў такі момант, калі я ў нейкай ступені паставіў пад сумненне сваю марыйную пабожнасць, лічачы, што яна мае перабольшанае першынство перад ушанаваннем самога Хрыста. Павінен сказаць, што дапамагла мне тады кніжачка св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта пад назваю «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Марыі Панны». У той кніжачцы я знайшоў у нейкім сэнсе гатовы адказ на мае пытанні. Так, Марыя набліжае нас да Хрыста, вядзе нас да Яго, але пры ўмове, што мы перажываем Яе таямніцу ў Хрысце. Трактат св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта можа адштурхоўваць сваім напышлівым барокавым стылем, але сам стрыжань тэалагічных ісцінаў, якія ёсць у гэтым трактаце, - бясцэнны. Аўтар - тэолаг высокага класа. Яго марыялагічная думка ўкаранёна ў трынітарнай таямніцы і ў праўдзе аб Уцелаўленні Слова Божага. Тады я зразумеў, чаму Касцёл тры разы на працягу дня адгаворвае «Анёл Панскі», зразумеў таксама, наколькі важныя словы гэтай малітвы: «Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі і пачала з Духа Святога... Вось я слуга Панская, няхай станецца мне паводле слова Твайго... А Слова сталася целам і пасялілася між нас...» Сапраўды, важныя словы! Выяўляюць яны галоўны змест найвялікшай падзеі, якая адбылася ў гісторыі чалавецтва. Тут тлумачыцца паходжанне гэтага Totus Tuus. Бярэ яно пачатак менавіта ад св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта. Гэта, уласна кажучы, скарачэнне больш поўнай формулы аддання Маці Божай, якая гучыць так: Totus Tuus ego sum et omnia mea Tua sunt. Accipio te in mea omnia. Praebe mihi cor Tuum, Maria.
Увесь гэты духоўны вопыт вызначаў як бы малітоўную і кантэмпляцыйную лінію мае дарогі да святарства, а потым у святарстве - ажно да дня сённяшняга. Дарога тая, у пэўным сэнсе з дзіцячага ўзросту, але яшчэ больш потым, калі быў святаром і біскупам, прыводзіла мяне не раз на «марыйныя сцежкі» ў Кальварыі Зэбжыдоўскай. Кальварыя - галоўны марыйны санктуарый Кракаўскай архідыяцэзіі. Я часта прыязджаў туды, каб на адзіноце вандраваць па тых «сцежках», малітоўна абдумваючы розныя справы Касцёла, асабліва ў цяжкі перыяд змагання з камунізмам. Сёння бачу, якое гэта ўсё аднароднае, як моцна знаходзіліся мы ў сферы праменявання тае самае таямніцы. Святы Брат Альберт Якую ролю адыграла ў маім пакліканні асоба св. Брата Альберта? Брат Альберт - яго сапраўдныя імя і прозвішча Адам Хмялёўскі - не быў святаром. У Польшчы ўсе ведаюць, кім ён быў. У перыяд майго кантакту з тэатрам, з мастацтвам, постаць гэтага чалавека, поўнага адвагі, удзельніка Студзеньскага паўстання 1863 года, што ў паўстанцкай бітве страціў нагу, валодала якойсьці асабліваю духовай прывабнасцю. Вядома, што Брат Альберт быў мастаком, жывапісцам: адукацыю ён атрымаў у Мюнхене. Пакінутая ім мастацкая спадчына сведчыць пра тое, што гэта быў вялікі талент. І вось гэты чалавек у пэўны перыяд жыцця парывае з мастацтвам, бо прыходзіць да высновы, што Бог дае яму больш важнае заданне. Пазнаёміўшыся з асяроддзем кракаўскіх беднякоў, якія збіраліся вакол так званай Абагравальні на вуліцы Кракаўскай, Адам Хмялёўскі вырашае стаць у нейкай ступені адным з іх, а значыць не чалавекам, што прыходзіць аднекуль звонку, каб дзяліць дары, а чалавекам, які аддае ўсяго сябе, каб служыць тым абяздоленым людзям. Гэты захапляльны прыклад пасвячэння знаходзіць сваіх паслядоўнікаў. Вакол Брата Альберта збіраюцца мужчыны і жанчыны. Узнікаюць дзве супольнасці людзей, якія служаць самым убогім. Адбываецца ўсё гэта на пачатку нашага стагоддзя, акурат у той перыяд, які папярэднічаў першай сусветнай вайне. Брат Альберт не дачакаў вяртання незалежнасці Польшчы. Ён памёр на Божае Нараджэнне ў 1916 годзе. Яго справа стала своеасаблівым праяўленнем польскіх традыцый евангелічнага радыкалізму, звязаных з духам св. Францішка з Асізі, а таксама св. Яна ад Крыжа. У гісторыі польскай духовасці св. Брат Альберт займае выключнае месца. Для мяне яго асоба мела вызначальнае значэнне, паколькі ў перыяд майго ўласнага адыходу ад мастацтва, ад літаратуры і ад тэатра, я знайшоў у ім асаблівую духовую падтрымку і прыклад радыкальнага выбару шляху паклікання. Мяне вельмі радуе тое, што ўжо будучы Папам, я мог вынесці кракаўскага бедачыну ў шэрым габіце да хвалы алтароў найперш праз беатыфікацыю ў часе свае пілігрымкі ў Польшчу ў 1983 г., а затым праз кананізацыю ў Рыме, у лістападзе памятнага 1989 года. Многія аўтары ўвекапомнілі Брата Альберта ў польскай літаратуры. Заслугоўвае ўвагі, апрача шматлікіх мастацкіх твораў, аповесцяў і п'есаў, прысвечаная яму манаграфія, якую напісаў ксёндз Канстанты Міхальскі. Таксама і я, будучы маладым святаром, у часе свайго вікарыяту ў касцёле св. Фларыяна ў Кракаве, прысвяціў яму драматургічны твор пад назваю «Брат нашага Бога», аддаючы такім чынам доўг удзячнасці, які адчуваў перад ім. Досвед вайны Час канчатковага выспявання майго святарскага паклікання, як я ўжо згадваў, супадае з часам другой сусветнай вайны, з перыядам нацысцкай акупацыі. Ці можна гэта лічыць звычайным збегам абставінаў? Ці таксама існуе якаясь больш глыбокая сувязь паміж тым, што выспявала ўва мне і падзеямі гістарычнымі? Цяжка адказаць на такое пытанне. У Божых планах няма нічога выпадковага. Мяркую, што паколькі Бог мяне клікаў, то ў адпаведны момант пакліканне гэтае павінна было аб'явіцца. А тое, што момантам тым аказалася другая сусветная вайна, надае ўсяму працэсу асаблівае адценне. Пакліканне, якое выспявае ў такіх абставінах, набывае новую вартасць і значэнне. Перад разлівам зла і жахам вайны сэнс святарства і яго місія ў свеце станавіліся для мяне надзвычай ясныя і чытэльныя. У сувязі з пачаткам вайны я быў адарваны ад вучобы і ад універсітэцкага асяроддзя. У той час я страціў бацьку, апошняга чалавека з мае блізкай радні. Усё гэта, у сэнсе аб'ектыўным, уяўляла таксама якісь працэс адрыву ад ранейшых уласных намераў, як бы прaцэc вырывання з глебы, на якой да гэтага часу ўзрастaла мая чалавечнасць. Аднак жа гэта не быў толькі негатыўны працэс. Бо разам з тым усё часцей з'яўлялася ў маёй свядомасці святло: Бог хоча, каб я стаў святаром. Аднаго разу я ўбачыў гэта вельмі выразна: было тое нечым накшталт якогась унутранага азарэння. Азарэння, што несла ў сабе радасць і пэўнасць іншага паклікання. І тое ўсведамленне напоўніла мяне якімсьці вялікім унутраным спакоем. Адбывалася ўсё гэта на фоне страшных падзеяў, якія разгортваліся вакол мяне ў Кракаве, у Польшчы, у Еўропе і ў свеце. Я непасрэдна ўдзельнічаў толькі ў нейкай нязначнай частцы таго, што ў перыяд пасля 1939 года перажывалі мае суайчыннікі. Маю на ўвазе асабліва блізкіх майму сэрцу сяброў, таксама тых, габрэйскага паходжання, з выпускнога класа Вадавіцкай гімназіі. Былі сярод іх такія, што выбралі вайсковую службу яшчэ ў 1938 г. Здаецца, самы першы загінуў на вайне наймалодшы з нашага класа. А пасля я ўжо толькі ў агульных рысах ведаў пра лёсы іншых, што палеглі на розных франтах, загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах; пра тых, што змагаліся пад Табрукам, пад Монтэ Касіно, і ў сваю чаргу таксама і пра тых, што апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза: у Расіі і Казахстане. Пра ўсё тое я даведваўся паступова, асабліва ў часе першага з'езду аднакласнікаў у 1948 г. у сувязі з дзесяцігоддзем нашага выпуску ў Вадавіцах. Такім чынам, у тым вялікім і жахлівым тэатры другой сусветнай вайны многае было мне захавана. Бо ў любы дзень мяне маглі схапіць на вуліцы, забраць з каменяломні альбо з завода і вывезці ў лагер. Я не раз нават пытаў у самога сябе: гэтулькі маіх равеснікаў гіне, а чаму не я? Сёння я ведаю, што было тое невыпадкова. У кантэксце таго вялікага зла, якім з'яўлялася вайна, у маім асабістым жыцці яксьці ўсё дзеелася ў кірунку дабра, у кірунку паклікання. Усё нейкім чынам складвалася на добрае. Не магу забыць дабра, якое зведаў у той цяжкі перыяд ад людзей, якіх Бог паставіў на маёй дарозе: як з мае радні, так і з маіх знаёмых і сяброў. Ахвяра польскіх святароў Адкрываецца тут яшчэ адно, асабліва важнае вымярэнне гісторыі майго паклікання. Гады другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі на Захадзе і савецкай акупацыі на Усходзе пацягнулі за сабою агромністую колькасць арыштаў і высылак польскіх святароў у канцэнтрацыйныя лагеры. У адным толькі Дахау іх было каля трох тысяч. А былі таксама іншыя лагеры, хоць бы і Асвенцім, дзе аддаў жыццё за Хрыста першы святар, кананізаваны пасля вайны, - св. Максіміліян Марыя Кольбэ, францішканін з Непакалянава. Сярод вязняў у Дахау знаходзіўся Влоцлаўскі біскуп Міхал Козаль, якога я меў шчасце беатыфікаваць у Варшаве ў 1987 годзе. Пасля вайны некалькі святароў, даўніх вязняў канцэнтрацыйных лагераў, былі ўзняты да біскупскай годнасці. Сярод іх ксяндзы арцыбіскупы Казімеж Майданьскі і Адам Казлавецкі, а таксама ксёндз біскуп Ігнацы Еж. Яны сведкі таго, чым былі канцэнтрацыйныя лагеры і які след пакінуў той досвед у жыцці гэтулькіх святароў. Дзеля паўнаты карціны трэба згадаць з таго ж перыяду і нямецкіх святароў, якія таксама зведалі падобны лёс у лагерах. Я меў шчасце беатыфікаваць некаторых з іх: найперш кс. Руперта Маера з Мюнхена, а потым, у часе апошняга побыту ў Берліне, кс. Бернарда Ліхтэнберга, пробашча берлінскай катэдры і кс. Караля Лейснера з дыяцэзіі ў Мюнстэр, высвячанага ў канцэнтрацыйным лагеры ў 1944 годзе (пасля пасвячэння ён змог адправіць толькі адну св. Імшу). Асаблівай памяці заслугоўвае мартыралог святароў у сібірскіх альбо іншых лагерах на тэрыторыі Савецкага Саюза. Дазволю сабе згадаць тут вядомую ў Польшчы постаць кс. Тадэвуша Федаровіча, якому асабіста я вельмі многім абавязаны як свайму духоўнаму кіраўніку. Ксёндз Федаровіч, будучы маладым святаром Львоўскай архідыяцэзіі, звярнуўся да свайго арцыбіскупа з просьбаю аб дазволе выехаць з эшалонам палякаў, дэпартаваных на Усход. Арцыбіскуп Твардоўскі даў яму такі дазвол, і ксёндз Тадэвуш Федаровіч мог выканаць гэту святарскую місію сярод суайчыннікаў, раскіданых па тэрыторыі Савецкага Саюза, асабліва ў Казахстане. Нядаўна ён апісаў тую сваю трагічную эпапею ў цікавай кнізе. Усё, што я тут сказаў на тэму канцэнтрацыйных лагераў, - гэта, зразумела, толькі частка таго драматычнага апакаліпсіса нашага стагоддзя. Кажу ж пра гэта дзеля таго, каб падкрэсліць, што маё святарства менавіта на тым першым этапе ўпісвалася ў якуюсь агромністую ахвяру людзей майго пакалення, мужчынаў і жанчын. Провід захаваў мяне ад таго самага цяжкага досведу, але таму я маю тым большае пачуццё абавязку ў адносінах да гэтулькі знаёмых мне людзей, а таксама да яшчэ большай колькасці безыменных, не зважаючы на нацыянальнасць і мову, якія сваёю ахвяраю на вялікім алтары гісторыі якімсьці чынам спрычыніліся да майго святарскага паклікання. У пэўным сэнсе яны прывялі мяне на гэты шлях, у святле ахвяры ўказалі мне праўду - самую глыбокую і самую істотную праўду Хрыстовага святарства. Дабро, спазнанае ў цяжкі перыяд вайны У цяжкія гады вайны, як ужо адзначалася, я спазнаў ад людзей шмат дабра. Маю на ўвазе перш за ўсё сям'ю ці нават некалькі сем'яў, з якімі пазнаёміўся ў часе акупацыі. З Юльюшам Кыдрыньскім мы разам працавалі спачатку ў каменяломні, а потым на заводзе Сольвай. Да гэтай групы рабочых-студэнтаў належаў таксама Войцех Жукроўскі з яго малодшым братам Антоніем і Веслаў Качмарык. З Юльюшам Кыдрыньскім мы сустрэліся перад вайною на першым курсе паланістыкі. У часе вайны гэтыя сяброўскія стасункі вельмі значна ўмацаваліся. Я пазнаёміўся з яго маці-ўдавою, з сястрою і малодшым братам. У 1941 годзе памёр мой бацька. Было гэта 18 лютага. Я вярнуўся з працы дамоў і знайшоў бацьку нежывога. Менавіта ў гэты час сям'я Кыдрыньскіх шмат клапацілася пра мяне, а іх сяброўства было для мяне вялікаю дапамогаю. Сябраваў я і з іншымі сем'ямі, асабліва з сям'ёю Шкоцкіх, якая жыла на вуліцы Князя Юзафа. Там я пачаў вывучаць французскую мову, дзякуючы пані Ядвізе Левай, што жыла ў іх доме. Самая старэйшая дачка Шкоцкіх, Зоф'я Пазнякова, муж якой знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных, часта запрашала нас на хатнія канцэрты. Такім чынам, пануры перыяд вайны і акупацыі быў апраменены святлом таго хараства, якое мы чэрпалі з музыкі і паэзіі. Было гэта яшчэ да майго рашэння паступіць у семінарыю.
Пeрaклaд Kрыcтыны Лялькo
Iлюcтрaцыi Cтaнicлaвa Caбaлeўcкaгa
|
|
|