|
|
№
1(4)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт
Мастацтва
Драматургія
Паэзія
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя
|
Абуджэнне нашай цікавасці да багатай, але нярэдка занядбанай духоўнай спадчыны вяртае з небыцця многія забытыя старонкі нацыянальнай культуры. Аднаўляюцца, адраджаюцца традыцыйныя абрады, звычаі, узоры народнай мастацкай творчасці, якія па розных прычынах аказаліся «не адпаведнымі» сучаснасці або, на сваю бяду, былі звязаныя з рэлігіяй і таму свядома ці несвядома ігнараваліся, а то і проста забараняліся. Як, напрыклад, забараняўся звычай дэкаравання курыных яек на Вялікдзень. Яшчэ гадоў дзесяць таму малодшае пакаленне ўжо і не ведала, што такое пісанка ці крашанка, навошта і калі іх рабілі. Сёння, у сувязі з «рэабілітацыяй» рэлігіі, аднаўляецца і старажытны звычай дэкаравання велікодных яек. Пад Вялікдзень іх фарбуюць і размалёўваюць і вернікі, і атэісты, і старэйшае пакаленне, і моладзь. Але спытайце пра гісторыю, паходжанне, змест гэтага звычаю — наўрад ці хто толкам адкажа. Маўляў, нейкім чынам звязана з хрысціянствам, уваскрэсеннем Хрыстовым, з’яўляецца сімвалам Яго пакутаў. А між тым традыцыя ўзорыстага аздаблення курыных яек мае куды больш даўнюю гісторыю, пачатак якой хаваецца ў найстаражытных дахрысціянскіх часах. Вытокі гэтага звычаю ўзыходзяць да часоў язычніцтва, калі яйка, якое ўтрымлівае ў сабе будучае жыццё, увасабляла народныя ўяўленні пра творчыя сілы прыроды. Старажытныя славяне выкарыстоўвалі ў веснавых абрадах курыныя яйкі як сімвал абуджэння прыроды пасля зімовага сну, сведчанне чалавечага дабрабыту і згоды. У прыватнасці, у беларусаў (як і ў літоўцаў) яйкі аздаблялі да Юр’я, калі першы раз выганялі жывёлу ў поле. Так, яшчэ ў канцы ХІХ ст. на Гродзеншчыне бытаваў звычай класці яйка на парозе хлява перад выганам жывёлы ў поле, каб забяспечыць яе здароўе і плоднасць. Звычайныя ці дэкараваныя яйкі ўключаліся таксама ў абрад памінання продкаў. Як рэха старажытнай і пашыранай традыцыі яшчэ ў пачатку ХХ ст. у беларусаў бытаваў звычай прымацоўваць яйка на магільны крыж. Яшчэ і сёння жыве традыцыя прыносіць курыныя яйкі на могілкі ў дзень памінання продкаў. З прыняццем хрысціянства афіцыйная рэлігія памяркоўна аднеслася да колішніх звычаяў і абрадаў. У выніку дэкараваныя курыныя яйкі ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня. Аднатонна афарбаваныя курыныя яйкі (крашанкі) ці дэкараваныя рознымі ўзорамі (пісанкі) асвячаліся на ўсяночнай у царкве альбо касцёле, пасля чаго іх раздавалі дзецям, дарылі валачобнікам. Шырока ўжываліся яны для розных гульняў і забаваў: качання ў нахільным жалабку, выбівання — стукання канцамі пісанак ці крашанак, каб вызначыць, чыя мацнейшая. У беларусаў, як і ў іншых суседніх народаў (літоўцаў, палякаў, украінцаў), бытавалі дзве асноўныя тэхнікі дэкаравання яек: васкаванне і гравіраванне. Адначасова шырока ўжывалася звычайная суцэльная афарбоўка, якая ўжо на пачатку ХХ ст. амаль выцесніла працаёмкія спосабы дэкаравання і дажыла да нашых дзён. Васкаванне — найбольш старажытная, пашыраная і любімая тэхніка аздаблення пісанак у многіх народаў, дзе бытаваў гэты звычай (пераважна ў славянаў). Яно заключаецца ў нанясенні васковага ўзору на паверхню яйка для захавання яго натуральнага колеру пры афарбоўцы. Васковы ўзор можна наносіць самымі звычайнымі і простымі падручнымі прадметамі: палачкай, цвічком, нават запалкай. Але найбольш дасканалыя ўзоры выконвалі спецыяльнымі інструментамі — пісаком (бляшанай леечкай на палачцы-дзяржальне) і шпількай (палачкай з убітым у яе канец маленькім цвічком). Яйкі з нанесеным васковым узорам апускалі ў фарбавальнік — найчасцей чырвонага колеру, які ў старажытнасці меў сімвалічнае значэнне. Розныя адценні чырвонага даваў цыбульнік — адвар шалупіння цыбулі. Чорна-карычневы колер атрымлівалі настоем альховай кары і ржавага жалеза ці яго перагару, які збіралі ў кузнях. Карычневы колер надаваў настой шалупіння грэчкі, светла-зялёны — зялёнага жыта, жоўты — яблыневай кары, сянной пацярухі і інш. У ХХ ст. сталі прымяняць і хімічныя фарбавальнікі, якія давалі больш насычаныя колеры, пашырылі каларыстычную гаму пісанак. Пле ў народзе аддавалі перавагу натуральным фарбавальнікам, якія лічыліся бясшкоднымі і не пранікалі праз шкарлупіну. Афарбаваныя яйкі вымалі з настою, падсушвалі, падагравалі і сціралі васковы ўзор. На каляровым фоне атрымліваўся выразны белы малюнак, характар якога дыктаваўся тэхналогіяй нанясення васковага ўзору. Леечка-пісак давала малюнак з бесперарыўных ліній аднолькавай таўшчыні, які ў прынцыпе можа мець самы адвольны характар. Але пераважаў усё ж старажытны дэкор са схільнасцю да геаметрычных і моцна стылізаваных раслінных формаў. Звычайна паверхня яйка суцэльнымі лініямі-паяскамі дзялілася на ўчасткі, часцей за ўсё на восем: адзін паясок праходзіў упоперак яйка, два — праз яго канцы. У месцах скрыжаванняў кампанаваліся матывы накшталт хваёвых лапак, грабелек, шматпялёсткавых разетак-зорак і інш. Асабліва прыгожыя ўзоры атрымлівалі з дапамогай шпількі — палачкі з цвічком. Плешку цвічка мачалі ў растоплены воск і ставілі на паверхню яйка кропачку або выцягнутую кропельку. Разнастайнае камбінаванне гэтых двух простых матываў дае безліч варыянтаў дэкору: ланцужкі, лісточкі, кветкі, нават стылізаванай фігуркі чалавека. Найбольш пашыраны і любімы матыў — круг-разетка, папулярны і ў іншых відах народнага мастацтва. Вядома, што на пісанках, звязаных з веснавымі абрадамі, матыў сонца з часоў язычніцтва займае цэнтральнае месца. Сёння, калі традыцыйны спосаб васкавання амаль забыты, ужываюцца розныя іншыя прыёмы і спосабы дэкаравання: ручная адвольная размалёўка, прымяненне замест воску ізаляцыйнай стужкі, пластыліну, гумак, нарэзаных з веласіпедных камер, афарбоўка яек у капронавым мяшочку з падкладзенымі туды лісточкамі і інш. Але ніводзін з гэтых яўна самадзейных прыёмаў не дае такой чысціні, дакладнасці і прыгажосці дэкору, як традыцыйнае васкаванне. Між тым, зрабіць традыцыйную пісанку не так і складана. Кожны можа паспрабаваць і пераканацца, што з трэцяй-чацвёртай спробы дэкор набудзе належную чысціню і дакладнасць. Адна праблема — здабыць кавалачак чыстага пчалінага воску: ні бытавыя парафінавыя, ні нават царкоўныя свечкі не падыходзяць. Падбіраем лепшыя курыныя яйкі — пажадана ад хатніх курэй: яны мацнейшыя. Не варта браць надта свежыя, але і не даўнія — прыкладна паўмесячныя. Добра адмываем іх у цёплай вадзе з мылам, каб раўнамерна бралася фарба. Робім прыладу для васкавання — шпільку, уваткнуўшы ў канец палачкі маленькі цвічок. Падыдуць таксама заколкі для валасоў, закругленыя канцы якіх для зручнасці разводзяць ў бакі. Урэшце, можна для пачатку размалёўваць і звычайнай запалкай. Кавалачак пчалінага воску растопліваем у бляшаначцы на слабым агні — на пліце, над свечкай, на вуголлі. На працягу ўсёй працы воск павінен быць добра растоплены, вадкі. Бярэм падрыхтаванае яйка ў левую руку вялікім і ўказальным пальцамі, у правую — шпільку (заколку, запалку), мачаем яе ў растоплены воск і ставім на паверхні яйка кропачку або расцягваем яе ў кропельку. Рабіць гэта трэба вельмі хутка, таму што воск застывае амаль імгненна, часам і да яйка не паспееш данесці. Але неўзабаве выпрацоўваецца належны вопыт, узор набывае дакладнасць і выразнасць. Дэкараваныя воскам яйкі яшчэ раз прамываем у цёплай вадзе з мылам, падсушваем і апускаем у загадзя падрыхтаваны фарбавальнік — натуральны альбо хімічны. Самыя простыя і даступныя натуральныя фарбавальнікі — ужо згаданы цыбульнік або сок нацёртага на дробную тарку сырога сталовага бурака, які дае ружовы колер, а ў спалучэнні з маркоўным — прыгожы чырвоны. Настоены 6-7 дзён адвар альховай кары ператворыцца ў карычневы фарбавальнік, раствор звычайнай марганцоўкі афарбуе пісанкі ў чырвона-карычневы колер. Адвары і настоі лісця, кары, кветак, пупышак розных раслінаў дадуць самую розную гаму колераў. Афарбаваныя ў належны тон яйкі вымаем на анучку ці паперу, падсушваем, падаграваем над агнём і кавалачкам сухой чыстай тканіны сціраем васковы ўзор. На каляровым фоне заззяе чысты белы дэкор. Калі кавалачкам масла ці сала злёгку пісанку нацерці — узор стане яшчэ больш выразны. У каго ёсць цярпенне і жаданне, той можа аздобіць яйка гравіраваным малюнкам (скробанка). Для гэтага яйка з цвёрдай трывалай шкарлупінай спачатку фарбуюць, а затым па сухой паверхні прадрапваюць вострым прадметам задуманы малюнак. Работа даволі працаёмкая, ды і дэкор не такі выразны і эфектны, як на пісанках, таму гравіраванне бытавала не так шырока. Як бачым, традыцыйныя пісанкі — і сімвал старажытнага веснавога свята, і сапраўдны твор мастацтва. І калі пад Вялікдзень вашы спробы акажуцца ўдалымі — можаце смела паднесці родным, блізкім, знаёмым арыгінальны падарунак.
Фота аўтара.
|
|
|