|
|
№
1(4)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт
Мастацтва
Драматургія
Паэзія
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя
|
24 лютага 1998 года споўнілася восемдзесят гадоў з дня нараджэння Эдварда Кіселя. Хто ён такі? На жаль, адзін з тых шматлікіх выхадцаў з Беларусі, пра якіх можна сказаць: шырока вядомы за мяжой і амаль зусім не вядомы на сваёй радзіме. Так ужо склаўся лёс многіх сыноў і дачок нашае Бацькаўшчыны, што яны жылі і працавалі за яе межамі. Але так бывае ў кожнай краіне, і ў кожнага народа. Іншая справа, што на радзіме зазвычай берагуць памяць пра сваіх сыноў і дачок, незалежна ад таго, дзе яны жылі. Галоўны крытэрый — сумленнасць, справа, якую паспеў зрабіць чалавек дзеля дабра іншых. У нас жа вельмі часта пра тых людзей хутка забываюць... Дык хто ж ён, Эдвард Кісель? Нарадзіўся ён 24 лютага 1918 года ў Юндзілове, недалёка ад Новага Пагоста ў Браслаўскім павеце. Вучыўся ў Германавічах. Пра гэтыя гады пазней ён успамінаў: «Сем класаў скончыў у Германавічах. Школа знаходзілася ў будынку былога палаца Шырынаў, у файным парку. Германавічы стаяць у цудоўным месцы, каля ракі Дзісны. Памятаю драўляны мост праз раку, памятаю белы касцёл пад назваю Перамянення Панскага. Пробашчам тады быў кс.Л.Балобан, а катэхэтам — кс.П.Тачылоўскі». Потым Эдвард Кісель вучыўся ў гімназіях Дзісны і Пінска. Жыццё гімназістаў, як вядома, напружанае, напоўненае пазнаннем новага, але яно не перашкодзіла маладому хлопцу пачуць у сваёй душы ціхі голас, які клікаў за сабой. Эдвард пачуў яго і адказаў згодай. І вось у 1937 годзе ён паступіў у Архідыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. Адначасова запісаўся на курсы тэалогіі Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя... Два гады Эдвард паспяхова авалодваў патрэбнымі ведамі, але вучобе перашкодзілі падзеі 1939 года: перадача Вільні Летуве, устанаўленне савецкай улады, другая сусветная вайна. І ўсё ж, нягледзячы на вялікія цяжкасці, вучоба працягвалася. На трэцім курсе клерык Кісель пад кіраўніцтвам прафесара Паўлоўскага напісаў магістарскую працу. На чацвёртым курсе ў часе Вялікага Посту 1941 года ў Віленскай катэдры ён атрымаў дыяканскія пасвячэнні з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Аднак стаць святаром у Вільні клерык Эдвард Кісель так і не здолеў. 3 сакавіка 1942 года гестапа акружыла будынак духоўнай семінарыі і арыштавала ўсіх святароў і клерыкаў. Далей — турма ў Лукішках, а потым — дарога ў Нямеччыну. Але да яе Эдвард не даехаў: у Варшаве ён паспяхова ўцёк з палону. Нейкі час хаваўся: у ксяндзоў арыяністаў, затым у Лазневе (20 км ад Варшавы), дзе і скончыў сваю вучобу. Экзамены здаваў прафесарам з Таварыства Езуса. Гістарычным днём для хлопца з Дзісеншчыны стаў дзень 14 лютага 1943 года, калі ён атрымаў святарскае пасвячэнне. Сваю прыміцыйную Святую Імшу малады святар адправіў у Чэнстахове... Вясной таго ж года кс.Кісель быў прызначаны вікарыем у Чорную Весь, што на Беласточчыне, а затым пераведзены ў Ухава. Пасля таго, як фашысты спалілі Ухава, кс.Кісель пераехаў у Беласток і выконваў сваю святарскую паслугу ў касцёле святога Роха. Цяжкія варункі ваеннага часу не спынілі прагі ведаў: ён вучыўся на тэалагічных курсах у Варшаве, пісаў доктарскую працу. Так ужо склалася, што над доктарскаю ён працаваў зноў жа пад кіраўніцтвам прафесара Паўлоўскага і паспяхова абараніў яе ў студзені 1953 года. Амаль праз дваццаць гадоў, у 1971 годзе, апостальскім адміністратарам Беластоцкай архідыяцэзіі Генрыкам Гульбіновічам кс.Кісель быў прызначаны канцлерам арцыбіскупскай курыі ў Беластоку, а ў 1974 годзе — капітульным канонікам базылікі Віленскай метраполіі.
Пачалося поўнае клопату жыццё. Польшча перажывала палітычныя стрэсы, у часе якіх надзеі многіх палякаў былі звязаны з Касцёлам. Да Касцёла скіроўвалі свае позіркі і шчырыя вернікі і нават тыя, хто быў абыякавы да веры, але каму глыбока балелі раны Айчыны. Так было не раз у гісторыі гэтай краіны, калі ў крытычныя моманты яе ратавалі вера, Касцёл, святыя заступнікі ў небе. І гэтую надзею палякаў у чарговы раз немагчыма было падмануць. Касцёл зноў стаў на абарону годнасці сваёй Бацькаўшчыны, на абарону справядлівасці. Што ж рабіў у крытычныя моманты гісторыі Касцёл у Польшчы? Маліўся. Маліўся шчыра і аддана. І вёў да малітвы маладых. А дзеля гэтага святарству даводзілася вельмі шмат працаваць. Наш зямляк біскуп Кісель не шкадаваў для гэтага ні часу, ні здароўя. Пад яго кіраўніцтвам на Беласточчыне было адбудавана 18 касцёлаў і капліцаў, духоўная семінарыя ў Беластоку, інтэрнат для клерыкаў, дом для святароў-пенсіянераў, паўстала 18 новых парафій... Касцёл маліўся і... вымаліў у Пана Бога спакой для свае Айчыны. Біскуп Эдвард Кісель самаахвярна служыў Пану Богу і тым людзям, якія былі яму даручаны. Але дзесьці глыбока ў душы таілася невымоўная туга па Радзіме, па тых мясцінах, дзе нарадзіўся, дзе зрабіў свае першыя крокі, дзе вечны спачын знайшлі ягоныя бацькі — Францішак і Анэля. Гэтай тугой па Радзіме прасякнуты кароткія ўспаміны ва ўступным слове да невялічкай брашуркі кс.Тадэвуша Крагеля, прысвечанай 400-годдзю касцёла ў Новым Пагосце: «Тут 3 сакавіка 1918 года я быў ахрышчаны, тут прыняў Першую Святую Камунію, тут з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага атрымаў сакрамэнт Бежмавання. Памятаю, як па нядзелях тут справавалася Святая Імша, як пасля Імшы спяваліся нешпары, памятаю Рараты, якія адпраўляліся, калі было яшчэ цёмна, памятаю ўрачыстыя, поўныя хараства пастэркі і рэзурэкцыі...» Так, усё гэта некалі было вельмі прыгожа, але надышоў час, калі старажытны касцёл у Новым Пагосце зачынілі, нягледзячы на яго ўнікальную гісторыю, і на тое, што ён быў патрэбны мясцовым вернікам... У той час, калі наш зямляк Эдвард Кісель шчыраваў на ніве адраджэння каталіцкае веры ў Польшчы, на ягонай радзіме вера ў Бога атаясамлівалася з цемрашальствам, з чымсьці шкодным, непатрэбным, ганебным. Але надышлі светлыя часіны і для нас. І вось у Новым Пагосце старажытны касцёл, той самы, які фундаваў сам Леў Сапега, вярнуўся да жыцця. Клопатам мясцовых парафіянаў ён зноў расчыніў свае дзверы для ўсіх, каму дарагія ідэалы Хрыста. І ганаровым госцем у гістарычны дзень рэкансэкрацыі касцёла быў, вядома ж, біскуп Эдвард Кісель. Разам з мясцовымі вернікамі ён радаваўся ў той дзень вяртанню святыні, аднаўленню справядлівасці. У часе тае пабыўкі на радзіме шаноўны госць шмат размаўляў з вяскоўцамі, распытваў аб праблемах, даваў парады. Ён быў тут не толькі шаноўным госцем, але і проста сваім чалавекам. Наведаў могілкі, дзе пахаваны родныя і блізкія яму людзі. Знайшоў час і для таго, каб адгукнуцца на запрашэнне Германавіцкага краязнаўчага музея і наведаць яго. Цяпер там беражліва захоўваюцца экспанаты, якія распавядаюць наведвальнікам пра жыццё і дзейнасць іхняга земляка — біскупа Эдварда Кіселя.
На жаль, празмерныя выпрабаванні, якія выпалі на долю гэтага чалавека, тытанічная, да самаспалення, праца не маглі не адбіцца на стане здароўя Беластоцкага мітрапаліта. Неўзабаве ён цяжка захварэў. І калі зразумеў, што ўжо не можа па-сапраўднаму працаваць, то звярнуўся да Святога Айца з просьбай скласці свае паўнамоцтвы. У той год ксёндз арцыбіскуп урачыста адзначыў свае пяцьдзесят гадоў святарства і 75 гадоў жыцця. Наступіў перыяд, калі хвароба стала цяжкім крыжам. Ён мужна і годна нёс гэты крыж да канца. 28 верасня 1993 года а дзевятай гадзіне вечара доктар тэалогіі, першы арцыбіскуп і мітрапаліт Беластоцкі Эдвард Кісель адышоў у Валадарства Таго, каму прысвяціў усё сваё нялёгкае жыццё. Дзень 1 кастрычніка 1993 года на Беласточчыне быў абвешчаны днём смутку і жалобы. Палякі, беларусы, што жывуць у Польшчы, людзі розных веравызнанняў развітваліся з чалавекам, які ўсё сваё жыццё аддаў службе Богу і людзям. Вельмі хочацца верыць, што на Беларусі таксама хтосьці смуткаваў з прычыны смерці свайго выдатнага земляка. Смуткаваў, успамінаў добрым словам і маліўся за ягоны вечны спачын.
|
|
|