|
* * * |
Страсаюць кроплі сонечныя дахі.
Як пемза, снег застаўся па лагчынах.
Зіма пайшла, свае забраўшы страхі
У ледзяную скрыню за плячыма.
Яшчэ ў паветры сіверна, а водар
Такі ўжо хмельны і такі ўжо весьні!
Вось-вось ад сну абудзіцца прырода,
І ўсе пачуюць: “Госпадзе, ўваскрэсні!”
Укрыжаваны Госпад уваскрос!
І мы ўзняліся духам падупалым.
Вялікдзень! Разліваюцца з Нябёс
Анёльскай песняй срэбнаю цымбалы.
|
* * * |
Іду свяціць галіначкі вярбы —
Нядзеля Вербная, і блізіцца Вялікдзень,
Калі душа пазбавіцца журбы,
І радасць, і збаўленне ў яе прыйдзе.
Асвецяцца пасхальныя дары,
І Госпад уваскрослы з намі будзе,
І зведае душа такі прарыў
К вышыням, што вось-вось пакіне грудзі.
Вялікдзень! У паветры срэбны звон,
І сонцаў, як чырвоных яек, столькі.
А над усім царуе вечны Ён,
Каб мы Яго ў сабе прызналі толькі.
Іду свяціць галіначкі вярбы...
|
* * * |
Анёл гукам срэбных цымбалаў Нябёсы адкрые,
Ліюцца струменьчыкам тонкім лілейныя спевы,
Цябе праслаўляюць, о, Маці Хрыстова Марыя!
О, вечная юная добрая чыстая Дзева!
Твой Сын уваскрос, перад гэтым такі зганьбаваны,
Пакутнаю смерцю памёр за грахі й бездарожжа.
Не хмары плывуць — залатыя свае барабаны
Нясуць хэрувімы ўрачыста і б’юць пераможна.
Грахі й бездарожжа, ў якіх мы блукаем ад роду,
Руйнуюць нам душы, спакусы нас нішчаць, не ўзносяць.
Дык молім жа ў Неба збаўлення цяпер і заўсёды.
І Бог нам даруе, і Маці за грэшных папросіць.
|
* * * |
Так, як Хрыстос, абылганы, распяты,
З мёртвых паўстаў, каб нас весці да раю,
З мукаў крыжовых, на ганьбу Пілату, —
Так уваскрэснеш і ты, родны Краю!
Тут зазвініць ручаінамі мова,
Дзеткі анёльна на ёй зашчабечуць...
Бо засталося ж паўкрока, паўслова —
Дай жа нам Бог іх прамовіць, прабегчы!..
|
МАГДАЛЕНА (Уваскрэсенне) |
Жанчыны-міраносіцы стаялі.
Анёл Гасподні камень адваліў.
Дый там, дзе Цела мілае паклалі
Адны тканіны знятыя былі.
І Магдалена, Госпада згубіўшы,
Замерла ў страху й жалю над труной,
Пакуль з вышынь ерусалімскай цішы
Не загучаў знаёмы голас ёй.
Знаёмы голас ушчуваў лагодна:
О, як маглі засумнявацца ў тым,
Што Ён васкрос! На трэці дзень! Сягоння!
І новым стаў для ўсіх Ерусалім.
І “радуйся” пачула Магдалена.
І вось Ён сам у дотыку жывым,
І крочаць вучні, уражаныя зменай,
У Галілею на спатканне з Iм.
Пад іх ступнямі нават пыл квітнее,
Яшчэ Ён з імі — той і ўжо не той...
І Магдалена ў радасці святой
І ў роспачы бяздоннай разумее
Усю любоў, дарованую ёй,
Любоў Хрыста — Ісуса з Галілеі.
І месцілася ў крыку незямным
“Равуні” болей сэнсу, чым “Вучыцель” —
Уся туга кахання па Адным,
Хто быў жыццё, крыніца, шлях, збавіцель.
|
* * * |
Які анёл мяне бароніць
Ад зманлівай няўдзячнай здрады,
Калі грахоў маіх атрады
Ў шалёны гон уздыбяць коней?
Калі душа мая ірвецца
Зямны ланцуг свой расшчаперыць,
Які анёл мне цішыць сэрца
І расчыняе ласкі дзверы?..
Які анёл?..
|
* * * |
У полацкім Сафійскім саборы
Гучаў арган і вакал,
І голас узносіўся: con amore
І трапятаў, і кахаў.
Кахаў і плакаў, і спадзяваўся,
Рэхам буры лунаў.
Анёльскім крылом душы дакранаўся,
Уваскрасаў і канаў.
Будзілі ўсіх і сціхалі хоры,
Пачуцці плылі без меж...
І ты быў побач, і con amore
Гучала, як мне, табе ж.
|
ЗЬНІЧОВАЕ КНЯСТВА |
Чырвоным лісцем вінаград
Усыпаў дол каля хаціны,
Дзе беспрытульны сын айчыны
Свой сніў рыфмарны зоркапад.
І я хадзіла ў гэты дом,
Дзе гралі мы на фортэп’яна,
І дадавалі часам ром
Ў гарбаты кубачак духмянай.
Чыталі вершы, і вялі
Нас мары нашыя супольна
У той шляхотны час, калі
Мы Беларусь збудуем вольнай.
Калі ж пад цяжкасцю мяча
Упала княства рыфмарова,
Уратавала Бога Слова
І духацерпніцтва Зьніча.
|
|
|