Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

Ірына ЖАРНАСЕК

ПАТРАБУЕЦЦА ТОЛЬКІ АДНО - АДКАЗАЦЬ ЯМУ ЎЗАЕМНАСЦЮ

Алеся Тумоўскага я ведаю даволі даўно. Часам даводзілася сустракаць яго на нейкіх літаратурных вечарынах альбо музычных імпрэзах, на мерапрыемствах, дзе закраналіся пытанні гісторыі, іншы раз - там, дзе скрыжоўваліся коп'і палітыкаў. Сучасны малады чалавек: у джынсах, моднай кашулі, з доўгімі валасамі, сабранымі на патыліцы ў «коску». Ці трэба казаць, што для многіх громам сярод яснага дня было тое, што Алесь Тумоўскі пайшоў у кляштар?.. Я ж, прызнаюся, не вельмі здзівілася, бо і раней заўважала ягоныя нібыта адсутныя вочы на тых шматлікіх імпрэзах, дзе мы сустракаліся з ім. Нібыта ён прысутнічаў там і адначасна... быў дзесьці далёка...

- Алесь, як усё ж сталася, што сучасны малады чалавек, які нарадзіўся і вырас у сучасным маладым горадзе, дзе, дарэчы, толькі нядаўна з'явіліся праваслаўная царква і каталіцкая парафія, як усё ж магло стацца, што гэты малады чалавек адмаўляецца раптам ад звыклага ўкладу жыцця і апынаецца за сценамі кляштара?

- Шлях да гэтага быў паступовы, адбылося тое не «раптам». Памятаю, што з маленства я ўспрымаў жыццё не зусім так, як іншыя. Яшчэ тады, калі мне было 7-8 гадоў, я пачаў задумвацца над тым, як жывуць людзі. Бачыў, як жывуць мае бацькі: недзе а шостай раніцы - пад'ём, снеданне, праца, увечары прыйшлі дахаты - павячэралі, перакінуліся некалькімі словамі, трохі паглядзелі тэлевізар, ляглі спаць. І так - кожны дзень. Ужо тады я пачаў разумець, што так жыць зусім не цікава. І таму, падрастаючы, я шукаў нечага іншага. На дапамогу прыйшлі кнігі. Калі можна так сказаць, я рос кніжным дзіцем.

Тое, што ёсць на свеце зло, я адчуваў, бачыў яго ў штодзённым жыцці, вакол сябе. І было моцнае жаданне схавацца ад яго. А як? Я замыкаўся ў сабе, заглыбляўся ў свае кнігі, аддаваўся прыгожым і светлым летуценням. Цяпер я разумею, што ўсё гэта зберагло мяне ад зла. Так ужо выйшла, што яно практычна не закранула мяне. Я рос у добрай сям'і. Бацькі не былі пабожнымі, у царкву не хадзілі, з дзецьмі пра Бога не гаварылі, але проста імкнуліся быць добрымі бацькамі, рабілі ўсё, каб і я, і мая сястра выраслі прыстойнымі людзьмі. Усё гэта давала мне магчымасць як мага далей знаходзіцца ад зла. І гэта зберагло мяне як асобу. Бо вядома ж, што калі малады чалавек лоб у лоб сутыкнецца са злом, то вельмі часта гэта можа яго зламаць і зрабіць здольным таксама несці зло. Са мною так не здарылася, і я дзякую за гэта Богу. Магчыма, ужо тады Ён трымаў мяне воддаль ад зла, якое магло прынесці непапраўную шкоду. А тады... Тады я замыкаўся ў сабе, што, вядома, прыносіла пэўныя складанасці тым, хто жыў побач. Не думаю, што маім бацькам было лёгка са мной. Так, я не рабіў нейкіх там брыдкіх рэчаў, за якія ім давялося б чырванець, але і падзяліцца з імі тым, што было ў маёй душы, не спяшаўся. Жыў такім вось эгаістам, не надта задумваючыся, добра гэта альбо не.

- Скажыце, а калі Вы ўпершыню ўзялі ў рукі Евангелле?

- Было мне тады шаснаццаць альбо семнаццаць гадоў. Я адкрыў гэтую Кнігу, пачытаў... Не, яна не закранула мяне. Памятаю, чытаючы Евангелле, я літаральна тыкаў у асобныя месцы пальцам і казаў сам сабе, чаму гэта мяне не задавальняе. Яно было нейкім нязручным для мяне, ці што... Цяпер добра разумею, чаму я тады не змог прыняць яго: перашкаджаў грэх, які жыў ува мне. Ён і не даваў мне прыняць Бога. Я заўсёды ўспрымаў зло чымсьці такім, што прыходзіць на мяне збоку. Але што яно ёсць і ўва мне таксама?! Не, ува мне яго, вядома ж, не магло быць.

Але тое жыццё мяне ўсё ж не задавальняла. У самім сабе мне не ўдалося рэалізавацца, і мой унутраны свет павінен быў неяк выявіцца вонкава. Найперш мяне цікавіла ўсё, што звязана з мастацтвам, усё, што не было шэрым, будзённым, аднастайным. Я цікавіўся гісторыяй, шмат чытаў гістарычнай літаратуры. А да таго ж, мая маладосць супала з гадамі нацыянальнага адраджэння на Беларусі. Яго ідэі вельмі блізкія мне, нарэшце я ўсвядоміў сябе беларусам і зразумеў адказнасць за гэта. Я выйшаў са свайго замкнёнага кола і прыйшоў да людзей, вельмі блізкіх мне па поглядах і імкненнях. Гэтыя людзі разумелі мяне, я разумеў іх і, здавалася б, усё павінна быць цудоўна. Нарэшце я мог пазбавіцца многіх дакучлівых думак, страху...

- Страху? Але чаго баяўся сучасны гарадскі юнак?

- Думаю, пачуццё страху вядома кожнаму дзіцяці альбо юнаку. Здаецца, Адам Глобус пісаў пра тое, што адчувае дзіця, калі яно засынае: яшчэ не сон, але ўжо і не тое, чым ты быў заняты ўдзень. Мяжа. Для многіх гэтая мяжа напоўнена страхам смерці. Бо што такое сон, у якім ты вось-вось патонеш? Ці не падобны ён да смерці, пасля якой ты ўжо ніколі не прачнешся? Усё гэта было і са мной. І той страх быў вельмі навязлівы. Сам я не мог вырашыць праблему смерці, як не можа гэта зрабіць большасць людзей. Тады я пачаў хавацца ад гэтых думак, праганяць іх. Я проста ўцякаў ад таго пытання, не могучы згадзіцца з сілаю смерці, бо гэта пазбаўляла маё жыццё ўсялякага сэнсу. Памятаю, тады я шукаў паратунку ў тым ліку і ў сучаснай музыцы з яе напорыстымі, а часта і агрэсіўнымі рытмамі.

- Вы былі прыхільнікам року?

- Так. Парадаксальна, але, ратуючыся ад агрэсіі свету, я шукаў падтрымкі ў той жа агрэсіўнай музыцы. І гэта дадавала мне энергію. Часам, калі быў вычарпаны нейкімі адмоўнымі эмоцыямі, я ўключаў магнітафон, слухаў рок і гэта мяне напаўняла сілай. Больш таго, нейкі час я нават слухаў сатанінскую музыку. Я не ўсведамляў, добра гэта ці не, але я ўсё ж чамусьці слухаў і яе. Напэўна, таму, што гэтыя рытмы вельмі адрозніваліся ад іншых, звыклых, зразумелых многім. Я практычна пераслухаў усе касеты з запісамі, якія толькі траплялі мне ў рукі. Вельмі шмат. Усё гэта, як я ўжо казаў, з аднаго боку давала мне пэўную сілу, а з другога... ускладніла маё жыццё.

- Якім чынам?

- Я адчуў сілу зла. Рэальную. Яно, тое зло, што неслася з магнітафона, пачало моцна ціснуць на мяне. З'явіўся новы страх, які цяжка было вытлумачыць, але я добра адчуваў яго на сабе. На сваіх перажываннях. Тады я перажыў такое моцнае ўзрушанне, такі моцны душэўны крызіс, што зразумеў: трэба ратавацца! Бегчы да царквы і ратавацца! Мала думаў пра Бога, а больш адчуваў супрацьлеглую сілу - д'ябла, які хоча знішчыць мяне.

- Вы ўсведамлялі яго як сілу? Усведамлялі, што ён хоча знішчыць менавіта Вас? Вы зразумелі, што знаходзіцеся, так бы мовіць, у полі ягоных інтарэсаў?

- Так. Цалкам рэальна ўсвядоміў гэта.

- Што ж, тады сапраўды застаецца толькі дзякаваць Богу за тое, што Вы своечасова зразумелі гэтую моцную, агрэсіўную сілу, якая Вам пагражала.

- Безумоўна. Толькі дзякаваць Богу.

Бо чалавек, які мае адносіны да так званай альтэрнатыўнай культуры і літаратуры, вельмі часта сустракаецца з асобай д'ябла, які карыстаецца ў ёй вялікай пашанай. Спажывец тае культуры можа сумнявацца ў існасці Бога, але ў існаванні д'ябла - не. І таму я спужаўся. Гэта быў вельмі моцны страх. Паўтару: я не думаў пра Бога, але добра разумеў, што побач, зусім блізка, ёсць супрацьлеглая сіла, якая мне пагражае. Але цяпер я магу з упэўненасцю сцвердзіць і іншае: Бог заўсёды прысутнічаў у маім жыцці, нават у хвіліны таго крызісу Ён быў побач. Бо калі мне рабілася асабліва страшна, я браў у рукі Святое Пісанне і... клаў яго пад падушку. І... крыху супакойваўся, мог заснуць. А яшчэ ў такія хвіліны на мяне аднекуль насоўваліся ўспаміны дзяцінства пра тое, як бабуля час ад часу брала мяне з сабой у царкву. Я памятаў, як утульна і файна было там майму сэрцу. І я канчаткова зразумеў: мне абавязкова трэба прыйсці ў Царкву. Але ў якую? Я ўсведамляў грэка-каталіцкую Царкву як нацыянальную Царкву Беларусі. І таму прыйшоў да яе.

Каталіцкая Царква і да гэтага была для мяне вялікім сусветным аўтарытэтам, таму я даволі лёгка прыняў яе догмы. Як я цяпер разумею, многім людзям цяжка стаць вернікамі, бо яны ўсё імкнуцца ўспрымаць розумам. Я ж, дзякуючы сваёй эмацыянальнасці, проста лёгка паверыў. І тады нарэшце адчуў цвёрдую глебу пад нагамі.

- І даўно гэта адбылося?

- Тры з паловай гады таму. Увосень 1994 года я ўпершыню прыйшоў у Полацкую грэка-каталіцкую капліцу. Было свята Пакрова Багародзіцы. А ўжо праз год, на тое ж самае свята распачаўся мой навіцыят у грэка-каталіцкім манастыры на Украіне.

Паміж гэтымі дзвюма датамі - год майго жыцця, які быў даволі цесна злучаны з Царквой. Я хадзіў на Божыя службы, маліўся, чытаў рэлігійную літаратуру. Асаблівых перажыванняў не было, можа, таму, што хапала перажыванняў у грамадскім і палітычным жыцці - ішоў 1995 год. Увесну таго года я паехаў у Оршу на рэкалекцыі. Менавіта там, на гэтых рэкалекцыях, я ўпершыню вельмі блізка і выразна адчуў прысутнасць Бога ў маім жыцці. Пасля быў курс Піліпа... І для мяне надышоў той дзень, калі я літаральна адчуў Божую любоў да мяне. Не абстрактную, а вельмі канкрэтную, адчувальную. Гэта было нешта вельмі прыгожае і моцнае. І што такое быў цяпер для мяне той страх, які мучыў раней, у параўнанні з гэтай вялікай любоўю?..

- Але дзякуючы таму страху Вы прыйшлі ў Царкву...

- Таму я ўдзячны і за тое, што і ён быў у маім жыцці. Патрэбна, значыць, мне было ўсё тое перажыць... Дзеля таго, каб адчуць гэтую агромністую любоў. Пачуццё было вельмі магутнае. Я проста быў шчаслівы. Кожную хвіліну. Мяне літаральна перапаўняла радасць, што вось я, у гэтую хвіліну, у гэтую канкрэтную хвіліну знаходжуся так блізка самога Бога!..

Ішоў травень 1995-га... Рэферэндум... Многія з маіх аднадумцаў моцна перажывалі тыя падзеі: адны глыталі валяр'янку, другія не спалі начамі, трэція не ведалі, куды сябе падзець ад роспачы. Я ж успрыняў усё гэта... не, не скажу, што цалкам абыякава, але... Разумееце, у душы ўсё адно была радасць, радасць з прычыны Божае прысутнасці ў маім жыцці. Яго прысутнасць запоўніла сабою ўсю прастору маёй душы. Розумам я ўспрымаў трагічнасць таго, што адбылося, але сэрца маё заставалася шчаслівым. Нават, памятаю, было пачуццё сораму ці то віны за тое, што душа не балела ў тыя дні... Цяпер я разумею, што тады адбылося: маю душу наведаў сам Госпад, і ўсё, што мне здавалася важным у гэтым свеце, саступіла Яму месца. Памятаю, як не зразумеў тады мяне адзін мой сябар. Ён прыйшоў да мяне, з болем прагнуў выказацца пра ўсё, што адбылося, а я слухаў яго і... не мог раздзяліць ягоны боль...

- Гэта датычыла толькі грамадскіх падзей?

- Не толькі. Памятаю, пайшоў на канцэрт у Сафію, слухаў арган і падумаў тады, чаму нават ён ужо не кранае мяне так, як раней? Я зразумеў, што маё сэрца асвяціла вялікае, праўдзівае святло. І таму ўсё іншае на гэтым тле святасці і велічы нібы паменшала, а то і перастала існаваць. Тады я і зразумеў, што ў гэтым свеце мне ўжо больш проста няма чаго рабіць, нічога мяне ўжо ў ім не цікавіць. Я ўсвядоміў, што для мяне надышоў час зрабіць нейкі вырашальны крок. У асабістай малітве прасіў Госпада, Дзеву Марыю паслаць мне ласку паклікання, каб я мог усё сваё далейшае жыццё прысвяціць аднаму Богу.

У тое лета было дзве пілігрымкі: адна з рыма-католікамі ў Будслаў, другая з грэка-католікамі з Віцебска да Полацка. Я шмат маліўся, чакаў... Былі тры дні малітваў на адзіноце, у сваёй кватэры. Маліўся, чытаў Евангелле і зразумеў, адчуў душою, што павінен ісці ў кляштар. Зразумеў, што Бог кліча мяне, і я не магу не адгукнуцца на гэты покліч.

- А як успрынялі Ваша рашэнне ў сям'і?

- Трагічна. Асабліва маці. Зрэшты, яна нават і цяпер яшчэ не можа супакоіцца, бо ўспрыняла гэта як страту сына. Бацька, праўда, быў спакойны. А ўсе жанчыны шмат плакалі - маці, сястра, дзве бабулі... Нават, памятаю, у іх з'явілася ідэя ехаць у Будслаў і адпрошваць мяне назад у Маці Божай Будслаўскай.

- І што, з'ездзілі?

- Не выбраліся. Я ж пайшоў да грэка-каталіцкіх манахаў, недзе праз пару месяцаў паехаў на Украіну і там распачаў навіцыят. А праз год мяне накіравалі ў Львоўскую духоўную семінарыю, дзе я і вучуся вось ужо другі год.

- Як Вам даецца навука?

- Без асаблівых цяжкасцяў. Зрэшты, як і раней, у школе. Калі мне што і замінала тады вучыцца, дык гультайства. Ну а для хрысціяніна такая праблема не існуе, бо гультайства - грэх. Таму ўсё проста.

- Выкладанне ідзе па-ўкраінску?

- Так. Але я практычна размаўляю толькі па-беларуску, усе разумеюць і ніякіх неспадзяванак не ўзнікае.

- Ці сумуеце Вы па Беларусі?

- Памятаю, калі толькі прыехаў у Львоў, убачыў ягоныя цудоўныя старасвецкія вулкі і святыні, то чамусьці моцна захацелася дахаты, дзе не так прыгожа, але затое ўсё роднае. Пасля зразумеў: калі б не пакліканне, то ніводнага дня не змог бы пражыць удалечыні ад Бацькаўшчыны.

- Пасля таго, як Вы пайшлі ў кляштар, Алесь Аркуш напісаў пра гэта, здаецца, у «Свабодзе» інфармацыю. Некаторыя жартавалі потым: дык што, кляштар - выйсце для свядомых беларусаў?

- Сапраўды? Не ведаў пра гэта.

- А калі сур'ёзна, якім Вам цяпер бачыцца тое выйсце для Вашых равеснікаў? Бо не сакрэт жа, што многія з іх адчуваюць пэўную разгубленасць у наш супярэчлівы час.

- Цяжка даць нейкі рэцэпт. Можна было б сфармуляваць яго коратка - прыйсці да Бога. Але як? Справа ў тым, што для нашага грамадства і асабліва для моладзі, рэлігія - вельмі абстрактнае альбо нават і чужое паняцце. Яны мала чулі пра рэлігію, мала ведаюць. Вопыт бабуляў ім здаецца несур'ёзным. Галоўнае, што перашкаджае маладому чалавеку прыйсці да Бога, - грэх. Ён прывык жыць у граху, не лічыць яго злом. Бо ўсе навокал жывуць прыкладна гэтак жа. І таму ўсялякае іншае жыццё яму здаецца смешным, дзівацкім. А, скажам, нейкі малады манах, які гадзінамі моліцца да Бога, - хто ён для большасці ягоных равеснікаў? Вар'ят...

Таму многія маладыя людзі прыходзяць да Бога праз асабістыя крызісы, перажыванні, стрэсы. І што ж? Усё гэта вартае таго, бо вядзе да Бога. Але тут паўстае і іншае пытанне: пасля таго, як малады чалавек прыйдзе ў Царкву, што ён убачыць там? Тыя ідэалы, якія абвяшчаюцца ў Евангеллі, мусяць стаць нашым рэальным жыццём. Як сказана ў Евангеллі, «калі вы Мне не верыце, дык паверце дзеля ўчынкаў Маіх». Вельмі важна, каб у Царкве была атмасфера ўзаемаразумення, любові. Часам назіраеш за нейкай пратэстанцкай абшчынай і бачыш, што там пануе менавіта такая атмасфера. Тое ж самае павінна быць і ў традыцыйных Цэрквах - праваслаўнай, каталіцкай. Менавіта гэта можа іх умацаваць.

- Напэўна, мы знаходзімся яшчэ далёка ад гэткага ідэалу. Часам думаеш, што першыя хрысціяне ці не бліжэйшыя былі да яго, бо іхняя адказнасць за тое, што яны назваліся хрысціянамі, была надзвычай вялікаю.

- Вось калі мы будзем толькі ўздыхаць над гэтым, то ці не апынемся мы яшчэ далей? Бо адно з найважнейшых пытанняў веры - нерашучасць. Найперш мы павінна самі ўсвядоміць і паверыць, што жыць па евангельскіх запаветах магчыма, што гэта - сутнасць нашага жыцця, ягоны сэнс.

- Скажыце, калі ласка, Вас цяпер зусім не закранаюць праблемы Бацькаўшчыны? Няўжо ў той момант, калі Вы адзелі на сябе манаскае ўбранне, ад Вас цалкам адпалі ўсе яе праблемы? Яны ж, ведаю, вельмі балелі Вам раней.

- Не, не магу сказаць, быццам мне цалкам усё роўна, што адбываецца на Радзіме. Яе праблемы мяне закранаюць, але не з такой сілай, як раней. Проста цяпер той перыяд у маім жыцці, калі я павінен умацаваць сваю веру, набыць неабходныя веды, узбагаціцца духоўна. Я не магу сказаць таксама, што мяне цалкам не кранае музыка. Але цяпер яна не мае нада мной ранейшае ўлады і моцы ўздзеяння. Упэўнены, так адбываецца таму, што я жыву ў стане Божае ласкі, часта спавядаюся, прымаю прычасце. Таму на мяне цяпер не можа моцна ўздзейнічаць тое, што не набліжае, але аддаляе ад Бога. Што ж тычыцца Беларусі, то яна перашкаджае мне маліцца.

- Перашкаджае маліцца?! Беларусь?!

- Ну так. Бо я моцна прывязаны да яе. А ўсё, да чаго прывязаныя мае думкі, сэрца, усё гэта адцягвае ад Бога. Бог - вось адзінае, што мне цяпер патрэбна. Усё ж іншае... Я жадаў бы, каб яно стала не справаю майго сэрца, але справай розуму, абавязку. Як і кожны сумленны чалавек я павінен шанаваць сваю Радзіму, клапаціцца пра яе дабрабыт і г.д. Але галоўным у маім жыцці пры тым павінен заставацца толькі Бог. У гэтым я глыбока перакананы. Калі я так кажу, то я кажу толькі пра сябе, пра сваё асабістае пакліканне, але не бяру на сябе смеласць даваць некаму рэцэпты. Маё бязбожнае мінулае часам і цяпер даецца мне ў знакі, напэўна, яно яшчэ доўга будзе замінаць дасканаліцца майму духу. Таму я проста мушу найперш закласці трывалы падмурак дзеля таго, каб ужо не я жыў, але каб Бог жыў ува мне. Ён дае мне столькі ласкаў, што я проста павінен рэалізаваць іх, павінен аддзячыць Яму. «Будзьце дасканалыя, як Айцец ваш дасканалы», - гэтыя словы звернуты да кожнага з нас. Мы мусім дасканаліцца не толькі дзеля свайго ўласнага «я», але і дзеля іншых. Бо калі мы, хрысціяне, будзем весці сумленнае, дасканалае, святое жыццё, напоўненае любоўю, то гэтым самым мы будзем сведчыць аб Хрысце. І для іншых людзей гэта будзе яшчэ адзін доказ, што Бог ёсць, ёсць Ягоная моц, якая праяўляецца ў людзях. Гэта вельмі важна. Бо калі мы спрабуем нешта зрабіць сваімі ўласнымі сіламі, то вельмі часта нашы найлепшыя памкненні церпяць паразу. Возьмем, да прыкладу, саму евангелізацыю. Мы можам прыводзіць людзям нейкія аргументы, прыклады, пераконваць іх, яны могуць згаджацца, але іхняе сэрца пры гэтым часта застаецца абыякавым. Мы адчуваем гэта, перажываем і пачынаем губляцца перад людскою абыякавасцю. Але трэба ясна ўсвядоміць сабе, што чалавечае сэрца можа адкрыць толькі Бог. А для таго, каб Ён гэта зрабіў, мы павінны моцна маліцца да Духа Святога, каб атрымаць Яго моц. І тады я ўжо буду прамаўляць не тое, што я лічу патрэбным, але тое, што патрэбна Богу, каб ужо не я, але сам Бог гаварыў праз мяне.

- Як жа магчыма дасягнуць гэткае вялікае Божае ласкі?

- Яна здабываецца святым жыццём, малітвай, аскезай. Вось, скажам, святога Язафата называлі душахватам. Чаму? Ды таму, што ён сам вёў сапраўды святое жыццё, рука Божая была на ім. Але ж будзем памятаць, якім коштам яму ўсё гэта далося. Калі Янка Кунцэвіч у 1604 годзе прыйшоў у кляштар Святой Тройцы ў Вільні, гэта быў адзіны ў Вялікім Княстве Літоўскім грэка-каталіцкі кляштар, а Янка - будучы Язафат - стаў там першым манахам. Ён быў адзін. Не было побач духоўных настаўнікаў, якія маглі асцерагчы ад нечага, штосьці падказаць. Але ў яго былі кнігі, малітвы, сакрамэнты. Была споведзь, якую ён адбываў кожнага дня і заахвочваў да гэтага іншых. Была штодзённая Эўхарыстыя. Усё тое дазволіла яму пасля трох гадоў асабістае адновы выйсці да людзей і навяртаць іх да Бога.

- Калі я правільна зразумела Вашае стаўленне да жыцця, то Вы найбольш жывяце сённяшнім днём?

- Правільна зразумелі. Для мяне найважнейшы той дзень, які я перажываю цяпер. Менавіта так я ўспрымаю кожны свой дзень, і гэта вельмі дапамагае мне кантраляваць сваё жыццё ў духоўным плане.

- Некалі, дай Божа, Вы станеце святаром. Няўжо цяпер нават не закрадаецца аніякіх думак пра тое, што Вы вернецеся на Беларусь, якая (ні кроплі не сумняваюся ў тым) і цяпер вельмі дарагая Вам? Няўжо нават у думках не ўзнікае ніякіх планаў на будучае?

- Як Вам сказаць... Думкі пра будучае - як бы мы іх ні называлі - усё адно ператвараюцца ў мары, летуценні. А я перажыў гэта ўжо ў сваім жыцці. Хіба мог я ўбачыць сябе ў сваіх марах пяць гадоў таму? Калі б і ўбачыў, то ўспрыняў бы як нейкі кашмар. Таму я імкнуся ўнікаць падобных эмоцый. Кожны дзень, пражыты з Богам, у Яго прысутнасці, - вось што трэба навучыцца цаніць. Тады будзе менш расчараванняў. Ні за што на свеце я не хацеў бы цяпер аддаліцца ад Госпада - гэта я ведаю дакладна. А астатняе... Трэба проста даверыць Яму сваё жыццё - і ўсё будзе значна прасцей.

- Скажыце, а тыя страхі маладосці, якія ўзнікалі на мяжы рэальнасці і сну, яны цалкам мінуліся?

- Нельга сказаць, што цалкам. Бо тое зло, якое было тады побач са мной і ўва мне, яшчэ не знікла поўнасцю. Часам яно нагадвае пра сябе праз нейкія спакусы, сумненні, як і кожнаму іншаму чалавеку. Безумоўна, будуць яшчэ ў мяне і крызісы, і выпрабаванні. Але цяпер я ведаю дакладна, чаго хачу ў жыцці: я хачу адказаць на вялікую Божую любоў да мяне сваёю ахвярнаю адданасцю і любоўю - усім сэрцам, усёю душою, усімі сваімі думкамі. І так - ва ўсіх жыццёвых праявах. Святы Тамаш Кемпіскі добра кажа пра тое, што ёсць шмат людзей, якія жадаюць быць з Богам у радасці, і вельмі мала ёсць аматараў Крыжа. Апошняе, вядома, вельмі цяжка. Але выбару няма - калі толькі ты да канца жадаеш быць з Богам.

- Памятаючы пачатак нашае гутаркі, не магу не задаць і яшчэ аднаго пытання: цяпер Вы баіцеся смерці?

- Знікла пачуццё тае безвыходнасці, якое нішчыла мяне раней. Аднае начы, пасля таго, як я ўжо прыйшоў у Царкву, я, прачнуўшыся, сказаў сабе: «Яна ёсць. Смерць ёсць». Я прызнаў яе і прыняў. І перастаў уцякаць ад гэтага балючага пытання. Для чалавека, які жыве без Бога, смерць занадта вялікі цяжар, яна проста забірае ўсялякі сэнс ягонага жыцця. Для мяне гэты перыяд мінуўся - дзякуй Богу. Надзвычай складанае пытанне смерці для мяне вырашыў Крыж Хрыста, ягоны вялікі сэнс, які адкрыў перад чалавецтвам перспектыву вечнага жыцця. Што такое, скажыце, усе нашыя страхі ў параўнанні з гэтай агромністай перспектывай? Бог не пасылае нам задужа вялікіх цяжараў, але толькі тыя, якія мы можам вытрываць. Я асабіста ўсведамляю сваё цяперашняе жыццё так: Бог вядзе мяне па жыцці, як бацька вядзе сваё малое дзіця - аберагае, асцерагае яго ад чагосьці, што можа яго зраніць. А адначасна Ён і вучыць. І вельмі любіць. І таму мая задача надзвычай простая - адказаць Яму ўзаемнасцю.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY