Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

<<< Пачатак

ТРЭЦЯЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

1. Адзін Бог у трох асобах

На ўрачыстасць Спаслання Духа Святога распачынаем роздум над трэцяй праўдай веры: Бог ёсць адзін у трох Асобах: Айцец, Сын і Дух Святы. Не ведаю, ці змагу паказаць усё багацце праўды веры, але паспрабую, прынамсі, паказаць самае істотнае. У многіх версіях вядомы вобраз святога Аўгустына, які паходзіць з сярэднявечча. Ён, праходжваючыся па беразе мора, назірае, як малое дзіця пераносіць у марской ракавіне ваду з мора і вылівае яе ў невялікую ямку. Здзіўлены біскуп Гіпоны пытаецца, хіба магчыма ваду з мора пераліць у невялікую ямку. Дзіця ж на тое адказала: «Хутчэй я пералью ваду ў гэтую ямку, чымсьці ты штосьці высветліш з найвялікшай таямніцы Святой Тройцы».

Гэта легенда, якая нарадзілася ў сярэднявеччы, была ўмацавана прапаведнікамі і мастакамі. Легенда паказвае адзін аспект таямніцы Святой Тройцы і то толькі той, які выразна падкрэслівае св. Аўгустын у сваім вялікім творы «Аб Святой Тройцы». Ён зазначае, што мы гаворым аб Трох Божых Асобах не дзеля таго, каб штосьці сказаць, але дзеля таго, каб не маўчаць. Гэта значыць, што закранаючы таямніцу Святой Тройцы, мы не зможам шмат сказаць, але і нельга нам пра яе маўчаць. Бо нельга пераліць усяго акіяну багацця Божага жыцця ў марскую шкарлупіну людскога розуму. Наш розум мае ёмістасць арэхавай шкарлупіны, і ніхто не здолее ахапіць бясконцага мора ў малой арэхавай шкарлупінцы. Ёсць адзінае выйсце: можна з той шкарлупіны збудаваць ладдзю і выплыць на ёй у мора не дзеля таго, каб ахапіць яго, але дзеля таго, каб яго пазнаваць. Гэта магчыма.

Св. Аўгустын таму і піша свой трактат «Аб Святой Тройцы», што хоча ўсіх паклікаць на спатканне з таямніцай Бога. Розум не здольны вымераць, не здольны ацаніць, але здольны здзіўляцца, пазнаваць, сузіраць. Розум захоплівае сэрца, а сэрца праз любоў здольнае закрануць таямніцу Бога. Самы дасканалы спосаб выкарыстання розуму чалавека заснаваны на прыняцці рашэнняў праз вандроўкі ў свет Божых рэаліяў. І гэта маё запрашэнне да роздуму над трэцяй таямніцай веры. Мы паплывем у бясконцасць Божай таямніцы, пазнаем далягляд гэтай таямніцы настолькі, наколькі нам дазволіць Боскае Адкрыццё. Але гэта запрашэнне не столькі маё, колькі запрашэнне самога Бога. Бо Ён адкрыў нам штосьці са сваёй таямніцы.

Калі жадаем увайсці ў таямніцу Святой Тройцы, то найперш трэба сказаць, што Бог - гэта Любоў. І як Любоў Ён павінен мець суб'ект, які годны яго. Гэта не можа быць ніхто меншы ад Яго, бо калі б Ён любіў штосьці меншае за сябе, то любоў тады не будзе сапраўднай. Гэткая любоў не была б дасканалаю. Уявім сабе, што чалавек любіць толькі звяроў. Калі б ён любіў толькі звяроў, то духоўна змізарнеў бы. Ведаю гэткую драму. Бацька меў каня, які зламаў нагу і трэба было яго адвезці на бойню. Праз тры дні пасля гэтага яго сын сказаў мне: «Добра, што гэтак выйшла, бо тата больш любіў каня, чым нас з мамаю». Праз тыдзень адбылася яшчэ адна драма. Бацька скончыў жыццё самагубствам, бо не змог перажыць страты каня, якога любіў больш за сваіх родных. Гэткім чынам ён змізарнеў духоўна, бо палюбіў жывёлу больш за людзей.

Духоўная сталасць любові магчыма толькі тады і выключна тады, калі мы кахаем кагосьці раўназначна годнага нам альбо кагосьці вышэйшага за нас. Бог не мае нікога вышэйшага за Сябе. Калі б Ён быў у адной асобе, то вымушаны быў бы любіць самога сябе, але тады Ён быў бы эгаістам. Толькі ў гэтым кантэксце робіцца зразумелым прыадкрыццё заслоны таямніцы Божага жыцця праз Хрыста.

Ёсць адзін Бог, але ў Ім ёсць Тры Асобы. Што такое асоба? Асоба - гэта істота, якая здольная любіць. Айцец і Сын і Дух Святы. Кожная з гэтых Трох Божых Асобаў мае ўсе якасці: усёведанне, справядлівасць, дабрату, вечнасць. Кожная мае сваю ўласную волю, якія, аднак, гэтак гарманічна звязаны праз любоў, што становяцца адной воляй. Тры Божыя Асобы жывуць у ідэальнай узаемнай любові. І чалавек, які створаны па вобразу і падабенству Божаму, таксама з'яўляецца асобай, гэта значыць, можа кахаць. Але ў гэтую таямніцу чалавека мы паглыбімся пры разглядзе наступных праўдаў веры.

Што патрэбна для таго, каб штосьці сказаць аб Святой Тройцы? Па-першае, патрэбна вера. Калі хтосьці не мае хоць бы мінімума веры, то нічога ў таямніцы Святой Тройцы ён не здолее ўбачыць. Па логіцы чалавечага розуму адзін ніколі не роўны тром, а тады як жа гэта магчыма, каб адзін Бог быў у Трох Асобах? Толькі ў веры можна адкрыць гэты механізм, які выступае за межы логікі розуму і выносіць Бога па-над матэматыкай.

Па-другое, патрэбна любоў. Паколькі Бог - гэта Любоў, то толькі той зможа «выплысці» на акіян Божай дасканаласці, хто зможа «плаваць», альбо зможа любіць. Гэта можа быць любоў маці да дзіцяці, мужа да жонкі, прыяцеляў, але гэта павінна быць сапраўдная любоў. Калі няма любові, калі чалавек у сваім жыцці не зведаў любові і сам не любіў, то ён не здолее ўвайсці ў таямніцу Трыадзінага Бога. Памятаю сустрэчу са студэнтам з разбітай сям'і. Ён з'ездзіў на тры дні да свайго прыяцеля і вярнуўся зусім іншы... Чалавек спаткаўся з рэальнасцю, якая была недаступная яму. Упершыню ён убачыў дом, у якім сям'я жыла ў любові. З таго часу гэты студэнт зусім па-іншаму чытае Евангелле і нашмат глыбей разумее яго.

Трэцяя ўмова: усведамленне, што Божую таямніцу нельга пераказаць словамі. Калі хто сам дакранецца гэтай таямніцы, то становіцца зусім бездапаможны адносна іншых, не ўмеючы пераказаць ім гэтага багацця. Гэта штосьці настолькі вялікае, узнёслае, што пераўзыходзіць усялякія чалавечыя даследаванні... Містыкі дакранаюцца Бога. Яны ўваходзяць з Ім у непасрэдны кантакт.

Мэтай хрысціянскай рэлігіі з'яўляецца сустрэча з Богам. Гэта цуд, які ўзносіць чалавека над усёй зямной рэчаіснасцю. Ён не адрывае чалавека ад зямлі, але робіць яго вольным, дазваляе яму дасканала выконваць усе зямныя справы. Чалавек становіцца ўдзельнікам зусім новага свету.

На шчасце, сам Бог пры Адкрыцці гэтай таямніцы ўжыў даступныя для нас паняцці. Ён ужыў мадэль сям'і, бо адкрыўся як Айцец і як Сын. Абапіраючыся на гэты Ягоны падыход, мы можам у агульных рысах штосьці гаварыць аб таямніцы Святой Тройцы.

2. Бог - наш Айцец

У многіх рэлігіях свету Бог названы Айцом. На падставе аналогіі са свайго ўласнага жыцця чалавек перанёс паняцце бацькі на Бога. Зрабіў ён гэта па дзвюх прычынах. Па-першае, Бог дае жыццё, і бацька дае жыццё. Па-другое, Бог, як і бацька, кіруе чалавечай сям'ёй. Між іншым, такі падыход да Бога як да Айца ёсць у Старым Запавеце, дзе Бог названы Айцом сіротаў.

У хрысціянскім падыходзе да Бога як да Айца важна адкрыццё праўды, што Бог сапраўды з'яўляецца Айцом, бо мае Адзінароднага Сына. Той, хто мае сына, - айцец. Гэта не перанос слова «айцец» з нашага слоўніка на Бога. Наадварот. Яшчэ да таго, як свет пачаў сваё існаванне, Бог ужо быў Айцом. Гэта Бог перадае свой бацькоўскі аўтарытэт кожнаму бацьку на зямлі. У хрысціянскай рэлігіі мы адкрываем, што Бог з'яўляецца першым Айцом і ўзорам для ўсіх бацькоў на зямлі. Тое, што мы можам кагосьці называць бацькам, адбываецца на аснове ягонага падабенства да Бога. Вось велізарная адказнасць зямнога айца, які ў сваім дзіцяці фарміруе паняцце бацькі і адкрывае яму самога Бога.

Для пачатку хачу звярнуць увагу на дзве памылкі, якія пры падыходзе да Божага Айцоўства сказілі евангельскую навуку. Першая заключаецца ў трактаванні Бога - Адной Асобы, якая адкрылася ў розных постацях, і, значыць, сам Бог адзін раз выступае як Айцец, другі - як Сын, трэці - як Дух Святы. Тым часам, слова «Айцец» было б усяго толькі адным з імёнаў, нададзеных Богу. Ужо на самым пачатку, галоўным чынам у жыдоўскім асяроддзі, дзе не маглі паверыць, што Бог ёсць Адзін у Трох Асобах Божых, узнікла менавіта такая інтэрпрэтацыя. Паводле тых людзей ёсць Адзін Бог і няма чаго тлуміць галовы тым, ці ёсць Айцец, Сын альбо Дух Святы, бо гэта толькі розныя імёны таго ж самага Бога. Гэты памылковы погляд быў знішчаны ўжо ў пачатку ІІІ стагоддзя.

Другая памылка інтэрпрэтацыі Божага айцоўства: Айцец большы за Сына. Гэта перанос нашых сувязей пры падыходзе да Бога. Паколькі Сын паходзіць ад Айца, то, значыць, Айцец большы за Яго. Найчасцей зазначаецца, што ёсць два багі: большы - Айцец і меншы - Сын. Але ў такім разе таго меншага нельга назваць праўдзівым Богам. На працягу стагоддзяў тысячы, мільёны людзей ішло за гэтай інтэрпрэтацыяй, і Касцёл вымушаны быў доўга з ёю змагацца.

Праўда ж заключаецца ў навуцы Касцёла: Бог Айцец роўны з Сынам і Духам Святым. Хтосьці скажа, што гэта тэарэтычнае разважанне і навошта на ім спыняцца. Калі б так было, то Хрыстус не адкрыў бы нам імя Айца, не сказаў бы пра таямніцу Святой Тройцы. Веданне гэтай праўды патрэбна па дзвюх прычынах. Па-першае, чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Божае і чым лепей мы ведаем таямніцу Бога, тым паўней адкрываем сваю ўласную годнасць. Па-другое, Сын Божы, калі стаўся чалавекам, вырашыў памагчы нам устанавіць кантакт з Айцом. Мы з'яўляемся стварэннямі на вобраз і падабенства Бога, гэта значыць, што наша сэрца так створана, што прагне любіць Бога як свайго Айца.

Можа, канкрэтны выпадак дапаможа разабрацца ў гэтым. Пяцігадовае дзіця застаецца без бацькі і маці, і як сірата жыве ў цёткі. Гэтая пяцігадовая дзяўчынка перажывае вялікую трагедыю. Усе дзеці прамаўляюць «мама», а яна не мае да каго звярнуцца гэтым словам. Ёй здаецца, што калі б яна магла камусьці сказаць «мама», то гэтага хапіла б для яе шчасця. Дзіця доўга думала, ці не можа яна цёцю назваць «мамай». Пасля доўгіх ваганняў дзяўчынка падышла да яе, калі цёця выцягвала з печы хлеб, і прамовіла: «Мама». У гэты ж час за яе плячыма засмяялася стрыечная сястра: «Ха-ха-ха, у цябе няма мамы! Гэта мая мама!» Цётка ж уражана зірнула на пляменніцу, але не дазволіла сабе прыгарнуць яе як сваю. Тым часам смех сястрычкі ўмацаваў і замкнуў у пяцігадовага дзіцяці на ўсё жыццё вельмі балючую рану. Яна ўжо нікому ў жыцці не скажа «мама», бо яна сірата. Дзяўчынка ведае, што з сірочай плямай пойдзе па жыцці, і гэта - яе найбольшае няшчасце.

Вось і чалавечае сэрца так створана Богам, што хоча звярнуцца да гэтага Бога - усемагутнага, бясконца мудрага, добрага, міласэрнага, справядлівага, святога - са словам «Тата». Гэта - сама сутнасць нашага падабенства да Бога. Таму што Бог стварыў наша сэрца на ўзор Сэрца Свайго Сына. І вось на зямлю прыходзіць Сын Божы і становіцца адным з нас не дзеля таго, каб, як тая стрыечная сястра, пасмяяцца з нас і сказаць: «У вас няма Таты», але дзеля таго, каб нас паклікаць да прамаўлення Богу: «Тата, Ойча». Гэта мы на падставе Яго закліку асмельваемся прамаўляць «Ойча наш». Сын Божы хоча, каб у нашым сэрцы была наладжана повязь любові з Богам. Можа, на прыкладзе таго сіроцтва мы здолеем зразумець, чаму роздум над таямніцаю Святой Тройцы такі важны.

Пасля гэтага казання патрэбны быў бы цыкл разважанняў, не менш як гадавы, у якім можна было б дакладна прааналізаваць Панскую малітву «Ойча наш». Бо Хрыстус, калі вучыць нас малітве, вучыць нас адносіцца да Бога, як дзіця адносіцца да бацькі - Ойча. У «Ойча наш» ужыта арамейскае слова Авва, узятае са слоўніка дзіцяці, і яго варта было б перакласці: «Тата наш, каторы ёсць у небе». Толькі перад Богам Айцом чалавек можа знайсці сябе. Калі гэтага няма, Бог заўсёды пужае, Ён заўсёды грозны. Вялікі і цудоўны Бог заўсёды наш Тата, наш Айцец. І Ён з'яўляецца Айцом таму, што мае Адзінароднага Сына. Калі ўдасца паразважаць над усімі праўдамі веры, то, можа, добра зразумеем, што хрысціянства - надзвычай прыгожая рэлігія, тая рэальнасць, якая здольная захапіць чалавека.

3. Таямніца Божага Сына

Кожную нядзелю, як хрысціяне, мы вызнаем сваю веру ў наступных словах: «Веру ў адзінага Пана Езуса Хрыстуса, Сына Божага Адзінароднага, каторы з Айца зроджаны перад усімі вякамі. Бог з Бога, святло ад святла, Бог праўдзівы з Бога праўдзівага. Зроджаны, не створаны, адзінасутны з Айцом, праз якога ўсё сталася». Амаль мільярд людзей на зямлі ў кожны Дзень Панскі паўтараюць гэтыя словы. Вызнаюць словамі, але мала хто ведае, якая драматычная гісторыя звязана з гэтым тэкстам. Мала хто памятае, што за кожнае вымаўленне слова ў працытаваным вызнанні веры Касцёл заплаціў велізарную цану.

На працягу ўсяго IV стагоддзя вяліся бурныя дыскусіі і драматычныя спрэчкі. Шмат біскупаў заплацілі за гэта выгнаннем, гадамі зняволення і нават смерцю. Быў час, калі на пальцах рук можна было злічыць нават біскупаў, якія, рызыкуючы жыццём, засталіся верныя гэтаму вызнанню. Успомнім толькі адзін выпадак. Калі біскупы запратэставалі супраць змены формулы веры, некалькі дзесяткаў з іх былі пасаджаны на карабель і вывезены ў мора; карабель быў падпалены, каманда ўцякла, а яны патанулі.

Дзяржаўная ўлада падтрымлівала тых, хто сцвярджаў, што Сын Божы не праўдзівы Бог, але ўсяго толькі першае і самае дасканалае Божае стварэнне. Касцёл абараняў праўду аб Бостве Сына Божага. Якія былі б вынікі таго, калі б прызналі, што Сын Божы быў не Богам, а толькі самым дасканалым стварэннем? Па-першае: калі Сын, Езус Хрыстус, не з'яўляецца праўдзівым Богам, то Ён не можа адкрыць нам поўнай праўды пра Бога. Ён мог бы тады гаварыць аб Ім толькі з вонкавага боку, столькі, колькі ўбачыць, колькі здолее вонкава пазнаць. Таямніцу Бога можа адкрыць толькі сам Бог. Таму Хрыстус кажа ў Евангеллі: «Ніхто не ведае Айца - толькі Сын і той, каму Сын захоча адкрыць». Калі б Ён не быў праўдзівым Богам, то не мог бы пераказаць поўнай праўды пра Бога.

Другі вынік. Калі б Сын Божы быў толькі стварэннем, нават самым дасканалым, то Бог, складаючы Яго ў ахвяру, цалкам не выказаў бы сваёй любові, бо склаў бы ў ахвяру справу сваіх рук, а не сваё Сэрца. Сапраўднае адкрыццё любові здзяйсняецца ў ахвяры. Айцец, аддаючы ў ахвяру свайго Адзінароднага Сына, удзельнічае ў ёй, бо кожны, хто любіць, удзельнічае ў болю і пакутах таго, каго любіць. Няма нічога надзвычайнага - аддаць у ахвяру справу сваіх рук. Сапраўдная любоў - гэта тая, калі аддаюць частку свайго сэрца. Калі б Езус Хрыстус не быў сапраўдным Богам, мы не мелі б справы з адкрыццём любові Бога.

Трэці вынік. Калі б Сын Божы не быў праўдзівым Богам, то не мог бы і нас збавіць. Самы дасканалы анёл усяго толькі стварэнне. Мы былі б тады заўсёды ў акружэнні створанага свету. Збаўленне ж заключаецца ў тым, што Бог дапускае нас да свайго жыцця, падзяліўся з намі сваім жыццём. Ён выводзіць нас са створанага свету, каб увесці ў свет Божы. І ў пытанні: «Кім з'яўляецца Езус Хрыстус?» заключаецца сама сутнасць хрысціянства.

Вялікім абаронцам ідэі Боства Езуса Хрыста ў IV стагоддзі быў св. Атаназі - Александрыйскі біскуп з Егіпту. Сам невысокага росту, ён аказаўся ў планах Божай Прысутнасці стальною калонаю. Усе разбіліся аб яго, а ён бараніў Боства Езуса Хрыста да апошняга моманту свайго жыцця. Другім такім вялікім біскупам быў св. Гіляры. Калі ён даведаўся, што яго калегі сабраліся на сінодзе ў Рымілі ў 359 годзе і падпісалі фальшывую формулу веры, то напісаў: «Сатана здолеў абараняць свайго гаспадара, а вы не здолелі абараніць Боства Езуса Хрыста, вашага Пана». Выводзіў тыя словы ў выгнанні і не ведаў, у якой цяжкай сітуацыі знаходзіліся ягоныя калегі. Яны вымушаны былі выбіраць паміж падпісаннем і ссылкай. Вялікая частка зламалася і падпісала, а тыя, каторыя не здаліся, разам з Папам Рымскім былі высланы ў выгнанне. У такіх абставінах фармуляваліся словы вызнання веры, якія мы праз вякі паўтараем ва ўсім Касцёле. Гэтак баранілі Боства Езуса Хрыста, ведаючы, што бароняць саму сутнасць хрысціянскай веры.

У якасці дапаўнення яшчэ дзве заўвагі. Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, быў закліканы да наследавання ўзаемаадносін дзіцяці да Айца і Айца да дзіцяці. Тут можна адкрыць падмурак чацвёртага прыказання: «Шануй бацьку свайго і маці сваю, і будзеш доўга жыць, і добра табе будзе на зямлі». Бог да стварэння свету быў Айцом і любіў Сына, а Сын любіў Айца. Да таго, як на зямлі было створана бацькоўства. Раней жа яно было ў Богу. Бог - гэта ўзор для кожнага бацькі. Гэта вельмі простыя адносіны паміж людзьмі, і калі б яны былі правільна ўстаноўленыя, то зямное жыццё мела б зусім іншы выгляд. Калі б адносіны дзяцей да бацькоў абапіраліся на той узор, які нам дае Бог, жыццё на зямлі было б водбліскам Божага жыцця.

Другая заўвага мае гістарычны характар. Свецкая ўлада, жадаючы праціснуцца ў Касцёл, заўсёды стаяла на баку тых, хто адмаўляў Божую годнасць Езуса Хрыста. Гэта знамянальна, а разам з тым і зразумела. Бо калі Езус Хрыстус не праўдзівы Бог, то і Касцёл не Божы, а ўяўляе сабой толькі адзін з яго зямных інстытутаў. Дзяржаўная ўлада заўсёды жадае мець усе інстытуты пад сваім кантролем. У таямніцы ж Боскай існасці Езуса Хрыста ўкрываецца таямніца вольнасці Касцёла. Чым глыбей Касцёл адкрывае сваё Боскае паходжанне, тым ён вальнейшы ад усялякіх подступаў з боку свецкіх уладаў, бо падначальваецца непасрэдна Богу.

Ведаю, што гэта цяжкае разважанне. Аднак хачу, каб людзі ўбачылі, што хрысціянства - гэта дыямент фантастычнай красы, у якім гармонія ўсіх элементаў настолькі ідэальная, што якое-кольвечы парушэнне аднаго з іх адразу вядзе да знішчэння ўсёй цэласнасці. Таму мы не здзіўляемся, што тысячы людзей аддалі свае жыцці за абарону Боскае сутнасці Езуса Хрыста, выбраўшы для сябе на вечнасць евангельскі скарб.

4. Таямніца Духа Святога

Айцец любіць Сына, Сын любіць Айца і гэтая іх узаемная любоў з'яўляецца Асобай. Любоў заўсёды творчая. Дух Святы - гэта любоў Айца да Сына і Сына да Айца.

Возьмем два прыклады, каб паказаць таямніцу Божага жыцця. Куст ружы мае корань, які знаходзіцца глыбока ў зямлі, з яго вырастаюць галінкі і лісце, а потым з'яўляюцца кветкі. Можна сказаць, што Айцец, якога ніхто ніколі не бачыў, падобны да кораня, схаванага ў зямлю. Сын аб'яўляе Айца, а сам, нібы той бачны над зямлёй куст (усе ведаюць, што калі куст расце, то павінен быць і корань), кветкаю ж з'яўляецца Дух Святы. Верым у Айца, Сына і Духа Святога. Кажам, што Дух Святы зыходзіць ад Айца і Сына, альбо ад Айца - праз Сына. Кветка нараджаецца ад кораня і галінак, альбо ад кораня праз галінкі.

Некалькі стагоддзяў доўжылася палеміка, каторае з гэтых паняццяў правамоцнае: Дух Святы зыходзіць ад Айца і Сына альбо ад Айца праз Сына. Адно і другое паняцці правільныя, хаця праваслаўная Царква адмаўляе паходжанне ад Айца і Сына, а прымае толькі ад Айца праз Сына.

Параўнаўча шмат можна сказаць пра Сына Божага, паколькі Ён стаўся чалавекам, зрабіўся падобны да нас. Тым часам Дух Святы для нас - цяжка даступная таямніца. Калі ніхто не здолее словамі выказаць прыгажосць кветкі, на якую глядзяць нашы вочы, то што тады можам казаць аб прыгажосці і таямніцы Духа Святога? Яна недасяжная для чалавечае мовы.

Другі прыклад. Чалавек створаны на Божае падабенства. Ён з'яўляецца вобразам Бога з тае прычыны, што можа любіць. Калі сустракаюцца двое маладых людзей, якія адчуваюць узаемную любоў, то паміж імі ўзнікае штосьці новае. Любоў з'яўляецца гэтай новай рэальнасцю. Гэтая любоў хоча набыць сваё цела, хоча мець канкрэтнае вымярэнне. Калі спатканне заканчваецца жаніцьбай, то гэтая любоў нараджае дзіця. Дзіця - гэта любоў, якая набыла сваё цела. У Богу паміж Айцом і Сынам існуе таксама такая ж творчая любоў, і яна - Дух Святы. Паміж асобамі ёсць магчымасць любові, якая ўзбагачае адну і другую асобы. Любоў - гэта новая, вышэйшая, самая дасканалая, творчая форма жыцця. І менавіта ў Богу плодам узаемнай любові Айца і Сына з'яўляецца Дух Святы.

Тут мы закранаем ідэал супольнасці. Калі б Бог быў адной асобаю, то быў бы эгаістам, павінен быў бы любіць самога сябе. Калі б былі толькі дзве асобы, то быў бы эгаізм дваіх: адзін любіць другога і яму вельмі добра. Ён шчаслівы, што можа любіць другога. Падобнае можна назіраць у маладых сем'ях, якія адмовіліся ад дзіцяці. Яны вельмі добра ўладкаваліся, але іх каханне ў рэальнасці мізарнее. Гэта зазвычай проста нешчаслівыя людзі. Калі б былі чатыры Божыя Асобы, то існавала б магчымасць падзелу і ўзніклі б групы. Тройца асобаў з'яўляецца ідэалам.

У чым жа галоўная складанасць гаворкі пра Духа Святога? Вось Айцец і Сын, калі так можна сказаць, валодаюць у нашым успрыняцці асабовасцю. Мы ведаем, што гэта значыць - быць бацькам, і што значыць - быць сынам. Гэта асабовы падыход. Калі ж скажам «дух», то для нас гэта ні з чым не асацыіруецца, гэта для нас штосьці зусім няўлоўнае. Дух не мае для нас асабовага значэння. І ў гэтым вялікая цяжкасць. Тым не менш, Бог, адкрываючыся, хацеў звярнуць нашу ўвагу на два элементы. Хрыстус як Сын Божы адкрывае нам Айца нібы з вонкавага боку. Тым часам Дух паказвае таемныя справы Бога. Ён - нібы на другім плане. Ягоныя справы мы пазнаем па выніках. У гэтай сітуацыі Святое Пісанне ўжывае для выяўлення таямніцы Духа Святога сімвалы. Першым сімвалам з'яўляецца агонь. Агонь сыходзіць на апосталаў у дзень Спаслання Духа Святога. Агонь ачышчае, выпальвае ў свеце тое, што не падабаецца Богу, як жар у металургічнай печы. Ён аддзяляе золата ад усяго, што не з'яўляецца ім. Агонь абагравае, альбо стварае атмасферу цяпла, якое патрэбна для жыцця. Агонь асвятляе, а святло патрэбна для жыцця. Дух Святы нас ачышчае, абагравае, асвятляе.

Другі сімвал - гэта подых ветру. Хрыстус кажа: «Вецер дыхае, дзе хоча і шум яго чуем, але не ведаем, адкуль ён зыходзіць і куды ён кіруецца. Гэтак і з кожным, хто нарадзіўся з Духа». Сімволіка ветру паказвае на таемнасць Божае справы. Ніхто з людзей не зможа прадбачыць дзейнасці Духа Святога. Ён дыхне, калі захоча. І многія з нас напэўна адчувалі шмат разоў такое дакрананне Духа Святога, хаця гэтага і не здольныя выказаць. Толькі ведаем, што якаясьці Божая моц дзейнічала ў нас. Дзейнасць Духа мы пазнаем у гэтым подыху па выніках. Магутны ўдар ветру можа зваліць чалавека, як зваліла з ног дзеянне Духа Святога св. Паўла пад Дамаскам. Але гэта можа быць і лагодны вецер, як той, які бачыў прарок Ілля на святой гары.

Аднак выключная сімволіка подыху заключаецца ў голасе. Звон даходзіць да нашага вуха ў дрыжэнні паветра. Такая хваля ветру, неадчувальная для іншых частак цела, ударае ў нашае вуха... Калі гэты ўдар намі добра прачытаны, зразуметы, то атачэнне прамовіць да нас. Дух Святы - гэта слова Бога, скіраванае да кожнага чалавека. Гэта Яго подых, які трэба добра зразумець. Чалавечая мудрасць заключаецца ў беспамылковым прачытанні кожнага слова Божага, якое дасягае вуха нашага сэрца.

Трэці сімвал Духа Святога - галубка. Дух Святы, нібы галубка, спускаецца на Езуса пад час Ягонага хросту ў Іярдане. Гэты сімвал выступае ўжо ў Кнізе Быцця. А самы першы раз мы сустракаем галубку падчас патопу. Ной, ведаючы, што каўчэг спыняецца на цвёрдым грунце, выпусціў галубку, і тая прынесла яму галінку з аліўкавага дрэва. Гэты сімвал міру ўжываюць нават атэісты. Галубка з'яўляецца ўвасабленнем лагоднасці і спакою. У Кнізе Быцця яна з'яўляецца як знак паяднання Бога з зямлёю, праклятаю за грахі, як сімвал паяднання, міру. Дух Святы гэтаксама прыходзіць дзеля таго, каб яднаць, уносіць спакой і творчым чынам лучыць людзей праўдзівай любоўю.

Калі ж прыйдзе Ён, дух Праўды, то давядзе вас да поўнай праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але скажа ўсё, што калі-кольвечы чуе, і абвесціць вам тое, што мае прыйсці. Той уславіць Мяне, бо з майго возьме і вам абвесціць. Усё, што мае Айцец, ёсць Маё, дык Я і сказаў, што ад Майго возьме і абвесціць вам (Ян 16, 13-15).

5. Прысутнасць Духа Святога ў Касцёле

Успамінаецца размова дзяцей аб стварэнні свету на занятках па катэхізму. Сястра падае кожнаму дзіцяці малюнак і пытае, што на ім намалявана. Дзеці адказваюць: «Слон, жыраф, конь, заяц». Паўлік жа адказаў:

- Не ведаю.
- Як не ведаеш? Не бачыў такога звярка? Не быў у звярынцы?
- Быў. У звярынцы ведаю, як ён называецца, а тут - не.
- А як у звярынцы называецца?
- Там гэта вавёрка.
- Ну дык і тут вавёрка.
- Гэта невядома. Тыдзень таму, калі сястра паказала птушку, а я сказаў, што гэта голуб, сястра адказала, што гэта Дух Святы.

Такі адказ дзіцяці, але ён добра паказвае на пэўныя цяжкасці ўжывання сімвалаў і дазваляе зразумець, чаму ў праваслаўнай Царкве неахвотна прадстаўляюць Духа Святога нават пад сімвалам. Дух Святы - гэта сама энергія любові, а энергію нельга ўявіць. Можна толькі ўбачыць вынікі яе дзейнасці. Гэтак жа, як ніхто не здолее намаляваць электрычны ток, таксама ніхто не зможа намаляваць Духа Святога.

Дух Святы - гэта магутная энергія Божай любові, уведзеная ў Касцёл, і мы адкрываем Яго дзейнасць толькі на падставе вынікаў. Калі сядаем у трамвай, то ніхто з нас не задумваецца над энергіяй электрычнага току, мы толькі карыстаемся ягонымі пладамі.

Мала хто задумваецца над тым, што калі ён пстрыкае ўключальнікам і запальваецца лямпачка, то гэта адбываецца дзякуючы энергіі. Калі ж лямпачка перастае свяціць, мы пачынаем задумвацца: ці яна перагарэла, ці няма току. Мы карыстаемся электрычнай энергіяй амаль на кожным кроку, але не бачым яе самой - толькі яе вынікі.

Падобна і ў Касцёле. Дух Святы дзейнічае нябачна ў кожным сакрамэнце. Колькі разоў хтосьці падыходзіць да канфесіяналу, каб атрымаць разграшэнне, столькі ж ён падыходзіць да Духа Святога, які ачышчае. Сведкамі Ягонай дзейнасці мы з'яўляемся пры алтары, калі Дух Святы пераўтварае хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста. Мы з'яўляемся сведкамі Ягонай дзейнасці ў нас саміх, калі Ён асвячае нам сэрца для разумення Божага слова. Але Дух Святы прагне дзейнічаць у Касцёле вельмі бачным чынам, і гэта тэма, вартая ўвагі.

Цяпер у Касцёле гаворыцца пра так званае аднаўленне ў Духу Святым. Гэты рух вядомы быў ужо дваццаць стагоддзяў таму і звязаны з дзейнасцю Духа Святога, якая выражаецца ў надзвычайных знаках. Напрыклад, калі людзі, з'яднаныя верай і малітваю, аддаюцца ў распараджэнне Бога. Апошнім часам гэты рух значна пашырыўся ва ўсім свеце. У Гнезне пад час вакацый спаткалася каля дваццаці тысяч людзей, адкрытых для дзейнасці Духа Святога. Павел VI бласлаўляў усіх, хто ўдзельнічаў у гэтым руху. Ян Павел ІІ уважліва сочыць, як мільёны людзей на свеце аддаюцца ў распараджэнне Духа Святога, паглыбляючы свае малітвы і адкрываючы сэрцы для Ягонай дзейнасці.

Мы назіраем шмат выпадкаў аздараўлення, шмат знакаў дзейнасці Духа Святога. Цяжка гаварыць пра цуды, і Касцёл не жадае гаварыць пра іх. Ён гаворыць толькі пра знакі. Ёсць шмат людзей, якія зведалі на сабе Божую дзейнасць. Цэлымі гадамі яны не хадзілі з-за хваробы пазваночніка, а цяпер, перажыўшы дакрананне Духа Святога, падымаюцца, даюць сведчанне атрыманай ласкі, вяртаюцца да нармальнага жыцця. Іншы раз у гэтых сустрэчах бяруць удзел некалькі дзесяткаў тысяч людзей, якія шчыра моляцца і адчуваюць уздзеянне Духа Святога. Найчасцей жа гаворка ідзе аб унутраным аздараўленні: аб тым, калі чалавек перастае піць, грашыць, ужываць наркотыкі, калі людзі пазбаўляюцца пажадлівых жаданняў, нянавісці, хваравітай зайздрасці. (...)

Духу Святому, які дзейнічае праз Касцёл, патрэбна супольнасць людзей у веры і малітве, але Ягоная дзейнасць не абмяжоўваецца толькі гэтымі супольнасцямі. Напрыклад, праз гэтыя супольнасці здзяйсняецца аздараўленне атэістаў альбо вызнаўцаў іншых рэлігій...

Гэта харызматычная дзейнасць Духа Святога, да якой Касцёл заўсёды падыходзіць вельмі асцярожна, бо падобныя спантанныя здарэнні цяжка кантраляваць альбо адназначна ацэньваць. Аднак Дух Святы заўсёды дзейнічае ў Касцёле такім чынам. Асабліва гэта бачна ў жыцці святых. Святыя цудатворцы, такія як Ян Боска альбо Францішак, - гэта людзі, напоўненыя Духам Святым, якія дзейнічалі, абапіраючыся на Яго моц.

Хацелася б, каб гэта разважанне аб прысутнасці Духа Святога ў Касцёле і Яго розных формах дзейнасці, як нябачных у сакрамэнтах, так і бачных у харызматах, дайшло да нашае свядомасці. Каб мы маглі праз паглыбленне веры і малітвы аддацца ў распараджэнне Духа Святога. Дух Святы хоча рабіць знакі і цуды ў ХХ стагоддзі, тут, дзе мы жывем. І гаворка ідзе не аб надзвычайных здарэннях, але перадусім пра тое, што ўмацоўвае веру. Як у часы Хрыста тлумачэнне Евангелля было звязана са знакамі, так і ў ХХ стагоддзі тлумачэнне Евангелля ёсць і можа быць звязана са знакамі. Хацелася б, каб мы ўмелі крытычна, але з усёю сур'ёзнасцю адбіраць усе сведчанні, якія датычаць аднаўленняў у Духу Святым як ва ўсім свеце, так і там, дзе жывем. Каб не было ні перабольшанай крытычнасці, ні фанатычнага энтузіязму. «Дух дыхае, дзе хоча».

6. У Святым Пісанні жыве Дух Святы

Кароткі роздум аб Святым Пісанні, якое з'яўляецца месцазнаходжаннем Духа Святога. Усе мы ведаем, што Біблія была напісана пад натхненнем Духа Святога, а яе аўтарам з'яўляецца Бог і чалавек. Але адначасна не ўсе разумеюць Біблію як месцазнаходжанне Духа Святога, як кнігу, у якой цяпер прысутнічае Дух Божы.

У каталіцкім Касцёле багата распрацавана Літургія, якая датычыць культу Езуса ў Эўхарыстыі. Залаты табернакулюм, залатая манстранцыя - усё гэта дапамагае ўсвядоміць рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі. Тым часам, не распрацаваны культ Святога Пісання, а ў ім прысутнічае Бог. У большай ступені гэта зроблена ў праваслаўнай Царкве, аб чым сведчыць Евангелле ў прыгожай аправе, якое ў часе Літургіі ўрачыста ўзносіцца на алтар. Ва Усходніх Цэрквах Святое Пісанне мае амаль раўназначнае месца з даразахавальніцаю, у якой пад выглядам Хлеба рэальна прысутнічае Хрыстус. Прысутнасць Духа Святога ў Святым Пісанні ў пэўнай меры прызнаюць і пратэстанты, якія ў сваю чаргу занядбалі культ Эўхарыстыі. Успамінаем пра гэтыя скажэнні, якія паўсталі на працягу стагоддзяў дзеля таго, каб усвядоміць, што побач з Эўхарыстыяй, у якой рэальна прысутнічае Хрыстус, мы маем у распараджэнні другі надзвычай вялікі скарб, у якім ёсць жывы Дух Божы. Гэта - Святое Пісанне. У кожным каталіцкім доме яно павінна мець сваё месца: не на паліцы сярод іншых кніжак, але асобна, з прычыны рэлігійнай павагі, якую мы павінны дарыць Святому Пісанню. Аналогія вельмі падобная. Як вачыма мы бачым ў Эўхарыстыі толькі белы хлеб, а адначасна сэрцам адчуваем у гэтым хлебе Езуса Хрыста, гэтак жа ў Бібліі вачыма бачым толькі тэкст, а сэрца адкрываем прысутнасць Духа Божага.

Знамянальна, што ў ХІІІ стагоддзі св. Францішак вельмі клапаціўся, каб хрысціяне з павагаю адносіліся не толькі да Эўхарыстыі, але і да Святога Пісання. Францішканскі алтар, у цэлым убогі, павінен быў, наколькі магчыма, быць найдаражэй упрыгожаны - дзеля таго, каб падкрэсліць павагу да Цела Хрыста, якое знаходзіцца на алтары, але адначасна нельга было дзесьці захоўваць тэкст Святога Пісання. Біблія павінна мець сваё ганаровае месца.

Адкрываючы Святое Пісанне, спатыкаемся з Жывым Богам. Тут варта перайсці да сведчанняў. Узгадаем толькі адно, занатаванае Адамам Гжыімалам-Сядлецкім, які гуляў раніцою па старым Кракаве і на рагу вуліц Шэўскай і Плянт, перад кавярняй спаткаў Высьпянскага і быў уражаны ягоным выглядам. Адам Гжыімал-Сядлецкі пачуў дзівоснае сцверджанне вялікага мастака: трыццаць шэсць гадзін ён без перапынку чытаў Святое Пісанне, забыўшыся пра ваду і ежу. Мастак натхнёна чытаў тэкст, і ягоны дом стаў месцам, у якім усе біблейскія падзеі разыгрываліся як бы наноў. Калі ж скончыў чытаць, то ўцёк з дому, бо не мог знаходзіцца там, дзе ўсё гэта адбылося. Раніцай ён прыйшоў да кавярні і чакаў перад замкнёнымі дзвярыма, каб падмацаваць сваё згаладалае і змучанае цела. Хтосьці можа сказаць, што гэта было чытанне мастака-празорцы. Яно так, але гэта было яшчэ і чытанне Святога Пісання веруючым чалавекам. Пасля трыццаці шасці гадзін такога чытання можа многае змяніцца ў жыцці. Высьпянскі дакрануўся Боскае рэальнасці, што, зрэшты, знайшло ўвасабленне ў ягонай вялікай мастацкай дзейнасці.

Гэтак жа перажыў чытанне лістоў св. Паўла аўтар «Споведзі» св. Аўгустын. Гэтак жа перажываў слова Евангелля св. Антоні Пустэльнік і св. Францішак з Асізі. Дух Святы са старонак Бібліі прамаўляў і прамаўляе да людзей, змяняючы іх жыццё на сто восемдзесят градусаў. Вялікія навяртанні адбываюцца пад уплывам слова Божага, заключанага ў Святым Пісанні. Гэта знак жывой прысутнасці Духа Божага ў Кнізе Кнігаў.

Настаўнікі ў каталіцкім Касцёле, і я ў тым ліку, не ўмеюць дапамагчы людзям адкрыць усю вартасць Святога Пісання. Асабіста я глыбока перажыў размову з адной маці, якая некалькі гадоў таму прыйшла да мяне з плачам, бо яе сын адышоў ад Касцёла і ажаніўся з пратэстанткай, а свой крок ён вытлумачыў коратка: «Ніхто ніколі ў Касцёле не паказаў мне, якім скарбам з'яўляецца Святое Пісанне. Наша каханне нарадзілася пры агульным чытанні Бібліі». Пратэстантка адкрыла перад ім багацце натхнёнай Кнігі. Цяпер ён прыязджае дахаты і абурана пытаецца ў бацькоў: «Як вы можаце жыць, калі Святое Пісанне цэлымі месяцамі ляжыць у шафе сярод іншых кніжак? Як вы можаце жыць без Божага слова?»

Пасля той жаніцьбы прайшло пяць гадоў. Бацькі пачалі адкрываць Святое Пісанне. Тым часам мяне ўсё пераследуе пытанне: «Ці напраўду трэба ісці да пратэстантаў, каб адкрыць сапраўдную вартасць Святога Пісання? Каб дазволіць Духу Святому, які жыве ў Бібліі, дзейнічаць у нашых сэрцах?..»

Святое Пісанне - гэта месцазнаходжанне Духа Святога. Нам трэба адкрыць гэтую кнігу, без якой нельга ўбачыць сапраўднай прыгажосці і багацця жыцця. Біблія - самая лёгкая і даступная для ўсіх прылада, з дапамогай якой усталёўваецца кантакт з Духам Бога Жывога.

7. Найсвяцейшая Маці - святыня Духа Святога

Хрысціянства мае шмат розных поглядаў на Маці Найсвяцейшую. Ад самага пачатку Усходнія Цэрквы атачаюць яе вялікім культам. Амаль зусім адкінулі культ Маці Божай вучні Лютара, альбо рэфарматарскія Цэрквы. У каталіцкім Касцёле на працягу стагоддзяў у розных краінах па-рознаму падыходзяць да культу Маці Божай.

Марыя з'яўляецца адным з самых дасканалых твораў Духа Святога. Ён Яе фарміраваў. Ужо з хвіліны зачацця ў лоне св. Ганны ён клапаціўся пра Яе святасць. Ніякі грэх ніколі не закрануў Найсвяцейшай Маці. Дух Святы будаваў у Ёй для сябе святыню. З самага пачатку Яна - Беззаганная. Яна - самы вялікі шэдэўр Духа Святога. Ён таксама клапаціўся і пра тое, каб сфармаваць Яе чалавечае Сэрца так, каб яно ўмела любіць таксама, як і Сэрца Бога. Мы ведаем, што Дух Святы - гэта Любоў. Наша чалавечае сэрца абмежаванае... Мы не здольныя ахапіць сваёю любоўю сотні альбо тысячы людзей. Наша сэрца мае малую ўмяшчальнасць.

Дух Святы так сфармаваў чалавечае сэрца Марыі, што Яна можа любіць не толькі некалькі дзесяткаў людзей, але здольная любіць мільярды. Сэрца, якое здольна любіць мільярды людзей, якое цікавіцца кожным і кожнаму аддаецца без рэшты, - гэта адзін з найвялікшых шэдэўраў Духа Святога. Цудоўная перспектыва заключана ў тым, што калі мы аддадзім сваё сэрца ў рукі Духа Святога, то яно ўсё больш будзе здольнае да такой вялікай любові.

І гэта яшчэ не ўсё. У гэтым шэдэўры, у гэтай святыні, якую збудаваў Дух Святы, Ён пасяліўся сам і жыве там пастаянна. Таму Найсвяцейшая Маці - бачная Святыня Духа Святога. Мы прыходзім да Маці Божай, каб спаткацца з Духам Святым. Той, хто набліжаецца да Марыі, той набліжаецца да Духа Святога, які жыве ў Ёй. Гэта падстава для марыйнага культу, бо інакш, калі б мы бачылі ў Найсвяцейшай Маці толькі асобу, то ў Яе кульце была б небяспека абагаўлення чалавека, і тады гэта было б ідалапаклонствам. Найвышэйшая пашана, на якую мы здольныя і якая аддавалася б чалавеку, межавала б з ідалапаклонствам. І ў той жа час няма месца ідалапаклонству, калі мы ўшаноўваем святыню, у якой знаходзіцца Бог. Няма ідалапаклонства, калі мы, набліжаючыся да Найсвяцейшай Маці, набліжаемся да самога Духа Святога. Гэта прыкладна так, як з крыніцай. Найсвяцейшая Маці - гэта Крыніца, напоўненая жывою вадою, якой з'яўляецца Дух Святы. Аднак нельга аддзяліць крыніцу ад вады. Людзі кажуць, што шукаюць крыніцу, але яны шукаюць ваду. Калі б крыніца высахла, то яна нікога ўжо не цікавіла б. Гэтаксама і мы: ідучы да Найсвяцейшай Маці, шукаем Бога. Ідзем да Яе, бо Яна нас разумее. Божая Любоў у Ёй перадаецца зразумелаю чалавечаю моваю.

Тут мы закранаем яшчэ важнейшае пытанне. Да Найсвяцейшай Маці падысці зможа кожны чалавек, нават той, хто саромеецца спаткацца з Богам. Звярніце, калі ласка, увагу на тое, што Хрыстус і раней, і цяпер прадстаўляецца ў якасці Суддзі, Заканадаўцы, які выносіць прысуд. Найсвяцейшая Маці ніколі не ўяўлялася падобным чынам. Яна паказвае нам той аспект Божай любові, які найпаўней праяўляецца ў мацярынскай любові, бо нават найгоршае дзіця мае доступ да маці, якая любіць. Праз Маці Езуса Хрыста, напоўненай Духам Святым, мы маем доступ да самога Бога...

Дух Святы напаўняе Марыю, Ён жыве ў Ёй. Таму марыйныя набажэнствы ў Касцёле заўсёды маюць харызматычны характар і таму так шмат знакаў, цудаў, да якіх прычынілася Марыя. Дастаткова ўвайсці ў капліцу Маці Божай у Чанстахове, каб убачыць сцены, завешаныя вотамі, падзякамі за ласкі. Гэта падзяка за справы Духа Святога, які там жыве. Найсвяцейшая Маці - Святыня Бога, Святыня Духа Божага. Гэтая праўда дазваляе нам успрымаць у евангельскім духу ўвесь марыйны культ. У Марыі жыве Дух Святы. Калі мы хочам аздараўлення, ачышчэння, збаўлення, хочам дакрануцца Бога, то дастаткова прыйсці да Яе, у якой жыве Дух Святы.

8. Грахі супраць Духа Святога

На заканчэнне роздуму над таямніцай Духа Святога хачу затрымацца над адным з найцяжэйшых тэкстаў Новага Запавету, над выказваннем Пана Езуса, занатаваным св. Мацвеем: «Кожны грэх і блюзнерства будуць людзям прабачаныя, але блюзнерства супраць Духа не будзе прабачана. Калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то будзе гэта яму прабачана, але калі скажа злое супраць Духа Святога, не будзе тое яму прабачана ні ў гэтым веку, ні ў будучым» (Мц12, 31-32). Размова ідзе аб самым цяжкім граху. Хачу параіць, як трэба разумець гэтыя словы Хрыста.

Дух Святы - гэта Любоў, а любоў - сутнасць Божага жыцця. Гэта прыкладна так, як з кіслародам, які патрэбны для нашага жыцця. Калі нам не хопіць кіслароду, то праз некалькі хвілінаў мы памрэм. Гэтак у зямным жыцці. Тым часам у незямным жыцці такім кіслародам з'яўляецца Дух Святы і калі Яго не стане, то чалавека чакае смерць. Калі хворы, якога трэба падключаць да кіслароднай падушкі, адмовіцца ад гэтай працэдуры, то ў той жа момант ён асудзіць сябе на смерць. Доктар, які стаіць побач з кіслародным апаратам, можа яму яшчэ дапамагчы, але калі чалавек сам адмаўляецца ад дапамогі, то памірае. Гэты прыклад дае магчымасць зразумець прыведзенае вышэй выказванне Езуса. Ён сам стаіць каля чалавека, як доктар, і мае ў руках кісларод, гэта значыць, Духа Святога. Хворы можа без павагі аднесціся да Доктара альбо блюзнерыць супраць Сына Чалавечага, але колькі ён удыхне альбо зачэрпне моцы з Духа Святога, столькі ж будзе жыць...

Улічваючы гэта, мы верым, што ў выніку малітвы Хрыста: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць», тыя, што забівалі цвікі ў Ягоныя рукі, тыя, што Яго бічавалі, тыя, што прабілі Яму бок, будуць збаўленыя. Тым часам, калі хто адмовіцца ад ласкі навяртання, ад ласкі Духа Святога, то яму сам Бог не можа дапамагчы, бо не можа насуперак волі чалавека ўвесці яму той «кісларод». Бог беражэ нашу свабоду і ахвяруе нам ласку навяртання. Калі ж чалавек упарціцца і адкідвае ад сябе гэтую ласку, то тым самым ён чыніць грэх супраць Духа Святога.

Гэты грэх у Дзеях Апосталаў стаў папрокам тым, што судзілі Сцяпана. Ён ім прама сказаў: «Вы заўсёды супраціўляецеся Духу Святому» (Дз 7, 51б). Св. Сцяпан мае тут на ўвазе ўпартае адмаўленне ад ласкі.

У штодзённым жыцці вельмі рэдка здараецца, каб хтосьці свядома адрынуў ласку навяртання гэткім жа трагічным чынам, як тое мы бачылі на прыкладзе чалавека, які памірае і адмаўляецца ад выратавальнага кіслароду.

Мы затрымаліся на гэтым прыкладзе таму, што шмат людзей, абапіраючыся на старыя катэхізмы, часта дрэнна разумеюць выказванне Хрыста і сцвярджаюць, што Бог не хоча прабачыць некаторых грахоў. Няпраўда. Бог хоча прабачыць кожны грэх. Але Ён робіцца бездапаможны, калі чалавек упарта адмаўляецца ад Ягонай ласкі. Калі хтосьці хоча ўтапіцца, то яго можна ратаваць сем разоў, а ён і пасля гэтага ўтопіцца. Бог хоча, каб самагубца паклікаў на дапамогу, працягнуў рукі, і тады ён абавязкова будзе ўратаваны. Аднак, калі ён упарта выбірае смерць, Бог становіцца адносна яго бездапаможны. Менавіта гэта адмаўленне ад збаўчай ласкі з'яўляецца грахом супраць Духа Святога.

Таму заўсёды, калі ўдзельнічаем у Ахвяры Хрыста, мы асабліва павінны памятаць пра грэшнікаў, якія жывуць удалечыні ад Бога, каб яны не адмовіліся ад ласкі навяртання. Калі яны выкарыстаюць гэты шанец нават у апошнюю хвіліну свайго жыцця, іх шчасце можа быць вечным. Просім таксама, каб мы маглі супрацоўнічаць з Духам Святым і пры фармаванні ўласнага сэрца, і калі нясем дапамогу іншым, што ідуць разам з намі ў бок Дома Айца Нябеснага.

Працяг >>>

Пeрaклaд Iрыны Жaрнaceк.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY