Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(4)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

ЦУД АДРАДЖЭННЯ
Пocтaцi

ГАЛОЎНЫ КРЫТЭРЫЙ - СУМЛЕННАСЦЬ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт

РУCKI. Aпaвядaннe

ЧАЛАВЕК «АПОШНIХ ДЗЁН»
Мастацтва
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя

УЗOPЫ BЯCHЫ I COHЦA

Дадатак да артыкула - Галерэя
Яўген ШУНЕЙКА

ТАЛЕНТ САМААХВЯРНЫ І СВЕТЛЫ

Пачынаўся трывожны 1807 год. Францыя задыхалася ад патэтычнага захаплення сваім імперскім кумірам Напалеонам, які зусім нядаўна каранаваўся і разам з устрашальным войскам не ўпускаў з рук перамогу, разграміўшы праціўнікаў пад Аўстэрліц, Йенай. Уся Заходняя Еўропа амаль што была ім скорана, заліта крывёю, слязьмі роспачы мноства ахвяраў шавіністычнай палітыкі. Але на гэтым людскім горы нараджаўся і міф пра ўсемагутнасць, выключную абранасць фартунай чалавека, дзеля амбіцый і ўладарнай хцівасці якога патрыятычныя французы фанатычна кідаліся ў бойкі, уцягваючы ў войны і гвалт іншыя народы. Цяжка было не паддацца ілюзіям пра хуткую свабоду, што прынясе геройскі Напалеон, і падняволеным патрыётам былой Рэчы Паспалітай, якія ўжо адчулі прагу пераможцы рушыць на Усход і схапіцца з прыгнятальніцай Еўропы Расейскай імперыяй. Хтосьці рыхтаваўся да сустрэчы, седзячы ў родным гняздоўі, а хтосьці кідаў усе свае справы, сям'ю і прабіраўся насустрач «вызваліцелям», прагнучы ўступіць у іх шэрагі і вярнуцца на Радзіму на белым кані. «Віват!», «Вядзі нас у бойку!», «Жыве перамога!» - такімі воклічамі скаланалася паветра над легіёнамі вайскоўцаў, сярод якіх былі і валанцёры з Беларусі.

А ў гэты самы час на нашай зямлі нарадзіўся хлопчык, якога бацькі, не вагаючыся, назвалі прыцягальным і нязвыклым імем - Напалеон. Не, дзень 11 лютага 1807 г. ніхто ў прыгнечаным краі не адзначаў як нейкае свята хуткага звароту Незалежнасці. Але ў маёнтку Варацэвічы Пінскага павету (цяпер Іванаўскі раён) шчаслівыя бацькі з ласкавымі ўсмешкамі хіліліся да калыскі немаўляткі, спрабуючы ўявіць, які лёс будзе мець іх сын, ці наканавана яму сапраўды стаць героем свайго народу і наводзіць жах на прыгнятальнікаў, як гэта рабіў ужо легендарны карсіканец?

У сям'і не мелі звычкі хавацца ў кусты, калі трэба было ісці на ворагаў. Продкі маленькага Напалеона з шляхетнага роду Орда, якія спавядалі уніяцтва, праваслаўе, а з ХVІІ ст. прынялі каталіцтва, заваявалі сабе славу ў бойках з казакамі, як, напрыклад, пінскі харонжы Базыль Орда ў жорсткіх войнах ХVІІ ст. Меў ваярскую мужнасць і дзяржаўны розум і Станіслаў Орда, які ў 1680-х гг. быў кашталянам жмудскім, троцкім.

Бацька будучага мастака і кампазітара быў інжынерам-фартыфікатарам, маршалкам шляхты Кобрынскага павету, што характэрызуе яго як чалавека адукаванага і аўтарытэтнага. Маці хлопчыка Юзэфа (дачка пінскага старосты Матэвуша Бутрымовіча, пасла на апошнім Сейме ў Гродне ў 1795 г.) выхавала ў сына пачуццё шляхетнай годнасці і абавязку перад Бацькаўшчынай.

Пачатковую адукацыю маленькі Напалеон атрымаў у родным доме, а потым ў Свіслацкай гімназіі. З 1823 года Напалеон Орда - студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта. Ён хутка становіцца актыўным удзельнікам тайнага таварыства студэнтаў «Заране». Яны марылі пра дэмакратычныя перамены ў час нарастання мікалаеўскага дэспатызму яшчэ небывалага казарменна-паліцэйскага тыпу. Іх галоўнай зброяй была малітва аб вернасці Бацькаўшчыне, і ўжо за гэта яны лічыліся «дзяржаўнымі злачынцамі». Толькі чатыры курсы універсітэта ўдалося закончыць высакароднаму юнаку, які правёў год і тры месяцы ў турэмным зняволенні. Шлях да далейшай адукацыі быў забаронены, сувязі з лепшымі сябрамі-аднадумцамі парушаны. Пра многае перадумаў Напалеон Орда...

Вяртанне ў бацькоўскі дом не затрымала яго на Палессі. У якасці шарагоўца-кавалерыста расейскай коннай гвардыі Літоўскага корпусу ён быў прызваны ў войска. Перамогшы непрыхільныя пачуцці да імперскай ваеншчыны, ён вучыўся быць ваяром-прафесіяналам. Імперыя зрабіла яму выклік, асудзіла яго, пасягнула на яго волю, і ён рыхтаваўся да змагання. Паўстанне 1830 г. прывяло Напалеона Орду ў штаб змагароў за Незалежнасць у Варшаве. У бойцы пад Коцкем у траўні 1831 г. ён праявіў надзвычайную мужнасць, за якую атрымаў высокую ўзнагароду - Залаты Крыж «Віртуці Мілітары». Орду быў прысуджаны ранг капітана. Яго імя пачало атаясамлівацца з вялікай вайсковай будучыняй, бо, сапраўды, адважны малады шляхціц-літвін меў да гэтага прыроджаныя здольнасці. Годны дух продкаў даваў яму моц у самых небяспечных сітуацыях, калі трэба было рызыкаваць жыццём. Але якраз на той час раптам абудзіліся і творчыя здольнасці. Напалеон напісаў тады палымяны верш пад назваю «Літвін да палякаў», поўны рамантычных зваротаў і шчырых спадзяванняў на баявое братэрства, у якім будзе здабыта Свабода. І літвіны, і палякі праяўлялі цуды гераізма, пра якія дагэтуль памятаюць і не павінны забывацца ні сучасныя беларусы, ні «браты з-за Віслы». Але паўстанне было жорстка, бязлітасна задушана. Царская махіна імперскага мілітарызму не шкадавала «гарматнага мяса», каб і надалей цягнуліся нявольніцтва і адчай на бяскрайніх абсягах «турмы народаў». Тыя са змагароў, хто ацалеў, трапілі ў Сібір або здолелі вырвацца за мяжу.

Напалеон Орда апынуўся сярод эмігрантаў. Цяжкім быў шлях 24-гадовага юнака-героя, калі ён з болем у душы крочыў праз Аўстрыю, Швейцарыю, Італію. Яго мэтай было дасягнуць Парыжа, знайсці там прытулак. Тагачасная Францыя з разуменнем прымала выгнаннікаў з былой Рэчы Паспалітай, людзей годных, няскораных духам, у незлічонай грамадзе якіх былі лепшыя музыканты, паэты, палітычныя дзеячы. З 1831 года Напалеон упершыню і надоўга пасяліўся ў Парыжы. Ён знайшоў тут свой другі дом, шчырых сяброў і з небывалай хуткасцю і зайздроснымі вынікамі развіў у сабе новыя здольнасці, найперш творчыя. Увогуле ён быў асобай, якая ў складаных жыццёвых сітуацыях супрацьстаіць адчаю і песімізму праз актыўную дзейнасць.

Напалеон Орда цудоўна валодаў французскай мовай і не быў ізаляваны ад новага для сябе асяроддзя. У Парыжы ён не мог не стаць творцам. Тут ужо панавалі рамантычныя творчыя кірункі, і гэта было яму па душы. Яго вабіў свет прыроды, гістарычных помнікаў, нязвыклых мясцінаў, ахутаных легендамі. У прыцемках, калі над Сенай падымаўся туман, яму мроілася, што ён у горадзе над Вілляй, і гатычныя вежы капліцы маглі нагадваць яму ўзнёслыя абрысы Касцёла святой Ганны.

Напалеон Орда пачынае вучыцца мастацтву пейзажнага жанра ў студыі П'ера Жэрара і хутка засвойвае законы жывапісу, графікі і нават скульптуры. Яго тонкая назіральнасць і высокі мастацкі густ дазвалялі перадаваць у акварэльнай тэхніцы, малюнку алоўкам ці пастэлі з натуры самае прыгожае, прыкметнае і запамінальнае. І не толькі горад з вялікай гістарычнай спадчынай і непаўторным маляўнічым каларытам натхняў яго. Напалеон Орда адчуў вялікую прагу да творчых падарожжаў у новыя для сябе краіны, балазе што вандраваць з альбомам для замалёвак азначала неверагодна больш, глыбей адчуць хараство і багацце свету. Разам з сваім сябрам Т.Плоньскім Напалеон наведаў у летнія месяцы Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію і нават экзатычны Алжыр. Мастак з захапленнем працаваў з натуры, выбіраючы для адлюстравання мясціны, напоўненыя рамантычнымі чарамі прыроды, якая несла ў сабе гэтулькі навізны: горы, бязмежныя даліны, паўразбураныя замкі, утульныя вясковыя сядзібы, мястэчкі. Ён вучыўся аб'ядноўваць звычайнае і рамантычнае. Яго ўпэўненая рука артыстычна, лёгка, дакладна і праўдзіва назаўжды пакінула ўсё гэта на паперы. Пасля перыяду вучобы падарожжы былі для Орды сапраўдным творчым святам. Ён адчуваў сябе першаадкрывальнікам, калі адлюстроўваў тое, што да яго не прыкмячаў ніводны іншы пейзажыст.

Але на гэтым не скончыліся яго пошукі новага творчага самасцвярджэння. Душу Орды перапаўнялі чароўныя гукі, якія таксама патрабавалі свайго вобразнага ўвасаблення. І мастак пачаў браць урокі музыкі ў вялікага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна, з якім яго аб'ядноўвала незабыўная туга па Радзіме. У абодвух з Варшавай было звязана шмат успамінаў. Яны адчувалі сябе адарванымі ад свету, дзе прайшло іх дзяцінства і сталенне. З гэтым светам яны былі звязаны не менш, чым з рэальным, у якім існавалі, тварылі, і такая асаблівасць у пачуццях надавала іх зносінам глыбокую лучнасць. Настаўнік і вучань сталі шчырымі сябрамі. Ф.Шапэн часта дарыў Напалеону свае першыя друкаваныя творы з подпісамі, малюнкамі. Ужо праз такія стасункі з славутай асобай беларускі патрыёт мог увайсці ў гісторыю музыкі і праз стагоддзі быць цікавым для даследчыкаў. Аднак ён і сам пачаў не толькі ўпэўнена граць на музычных інструментах, але і пісаць паланэзы, вальсы, серэнады, калыханкі, песні на словы С.Вітвіцкага, А.Плуга ды іншых. Вось так, змяніўшы зброю вайскоўца на пэндзаль мастака і нотны сшытак кампазітара, Напалеон Орда зрабіўся прыкметнай асобаю у тым згуртаваным эмігранцкім асяроддзі, якое стварала вельмі асаблівы, блізкі нашаму беларускаму краю Парыж, дзе амаль кожны дзень думалі, марылі і тварылі ў гонар пакінутай і па-ранейшаму зняволенай Радзімы.

Не забываў Напалеон і свайго ваенна-палітычнага статуту. Ён кантактаваў з А.Чартарыйскім - прэзідэнтам і кіраўніком Часовага ўраду Рэчы Паспалітай, які таксама атрымаў парыжскую прапіску. Праз гэта Напалеон Орда далучаўся да ўсіх падзей, што адбываліся ў доме Чартарыйскіх, ведаў усіх знакамітых палітычных і культурных дзеячаў, што трымаліся ў Парыжы як адна міні-дзяржава з духоўным статутам незалежнасці. У духу калектывізму разгортвалася і арганізацыйная дзейнасць самога Н.Орды. У 1838 г. ён выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў» і сродкі ад яго перадаў на рахунак землякоў, што цярпелі нястачу ў эміграцыі. Гэты факт яскрава сведчыць пра тое, што Н.Орда жыў не толькі сваімі творчымі інтарэсамі, але рупіўся пра іншых: падтрымліваў слабых, дапамагаў вялікім, з якімі яго аб'ядноўвалі высокія патрыятычныя ідэі. Нельга было не захапляцца Напалеонам, чалавекам рашучым, але вельмі сціплым, які ніколі не спрабаваў узвышацца над іншымі.

У 1839 г. ён стаў сябрам гісторыка-літаратурнага таварыства, што дазволіла яму бліжэй пазнаёміцца з Адамам Міцкевічам і таксама стаць сябрам яго сям'і. Разам з жонкай паэта Цэлінай Н.Орда наладжваў у доме Міцкевіча цудоўныя музычныя вечары. Ён выдаткаваў сродкі, каб у свет выйшлі зборнікі лекцый А.Міцкевіча для французскамоўных чытачоў.

У 36-гадовым узросце сэрца Напалеона Орды загарэлася каханнем да мадмуазэль Ірэны Бугле, якая стала яго жонкай і нарадзіла шчасліваму мужу сына Вітаўта. Орда прысвяціў ёй бадай адзін з самых урачыстых і вытанчаных паланэзаў «Ля Цэлюль». Сямейства Орды цешыла іншых сваёй еднасцю. Неўзабаве і жонка пачала размаўляць па-польску (мабыць, і калыханку свайму сыночку магла праспяваць на словы таго палескага краю, скуль паходзіў яе каханы Напалеон). Яго ж сябра Фрэдэрык Шапэн і на гэты раз праявіў цеплыню. У лісце да Орды ён пісаў: «Пан Бог выпестуе табе выдатнага хлопца-літвіна, а спадарыне Орда дасць сто гадоў здароўя!»

У гэтых словах далёка не выпадкова падкрэслівалася нацыянальная прыналежнасць дзіцяці. У 1845 годзе ў Парыжы ўбачыў свет вялікі эпічны твор Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», праз які Літва і літвіны зрабіліся блізкімі для ўсёй культурнай Еўропы. Літва была ўжо не толькі настальгіяй, але і будучыняй, да якой трэба было імкнуцца, імкнуцца з новымі спадзяваннямі. Напалеон Орда ўскладаў надзеі не толькі на будучыню сына, але і сам чуўся як бы адным з герояў А.Міцкевіча, якому належыць вярнуцца на Радзіму...

У сярэдзіне 1840-х гадоў ён быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. (Пазней, у 1873 г., выйдзе яго «Граматыка музыкі», высока ацэненая С.Манюшкам.) Орду ведалі як выдатнага тэарэтыка і настаўніка музычнага мастацтва, аўтара падручніка польскай мовы для французаў. Яго музычныя творы, асабліва паланэзы, прыцягвалі ўвагу разнастайнасцю, багаццем фактуры, меладычнасцю.

Наступіў 1856 год. У выніку Крымскай вайны Расейская імперыя пад націскам сваіх заходнееўрапейскіх праціўнікаў падпісала шмат дамоў, у тым ліку абвясціла амністыю палітычным эмігрантам, якія доўгія гады не маглі вярнуцца на Беларусь як завочна асуджаныя «ворагі». У 49-гадовым узросце Напалеон Орда вырашыў часова пакінуць сям'ю і здзейсніць сваю вялікую творчую задуму - вяртанне на Радзіму. Спачатку Орда жыў у Варацэвічах, а ў 1862-63 гадах - у Гродне. Ступіўшы на зямлю продкаў, ён адчуў, што тут нарастае новы ўздым змагання за волю і па-свойму плённа далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху як яго творчы натхняльнік. На яго «ваўкамі» пазіралі царскія калабаранты і жандары. Не было нават думкі ўладкаваць на дзяржаўную пасаду прышэльца з Парыжа. Ён працаваў хатнім настаўнікам сына генерала Ржавускага, а ў вольныя ад працы месяцы вандраваў з альбомам малявальшчыка (1875-77 гг.) па Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай губернях, падарожнічаў у Вільню, Кіеўскую, Падольскую губерні. Далей - у Польшчу, дзе ён праліваў кроў за свабоду ў маладыя гады: у Варшаву, а потым у Познань, Люблін, Петркув, Радом, Кельцэ, Плоцк, Куявы. Гэта была вялікая творчая прастора, сагрэтая яго натхненнем і ўвекапомненая ў незлічонай колькасці малюнкаў. Для нас яна стала «адваяванай» у нябыту гісторыяй, замацаванай у велічных помніках архітэктуры, у выявах запаветных мясцінаў, звязаных з імёнамі А.Міцкевіча, Т.Касцюшкі, Ф.Шапэна, іншых слынных асобаў, што калісьці жылі на нашай зямлі. Напалеон Орда пабудаваў сваю вялікую, духоўна незалежную краіну, не праліўшы кроплі чалавечай крыві. І кожнаму яго земляку і жыхару іншых дзяржаваў доступ туды быў вольны, бо яна існавала ў выглядзе шэрагу альбомаў з замалёўкамі шматлікіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў. Толькі на Беларусі было зроблена больш як 200 такіх малюнкаў, дзе кожны мог бачыць помнікі мінуўшчыны, адчуць жывы подых прыроды і нават пачуццёва персаніфікавацца ў падарожніка (выявы якіх часта існуюць на малюнках), як бы ўвачавідкі трапіць туды, дзе пабываў мастак, малюючы з натуры плошчы Менска, цэнтр Віцебска, Мірскі і Крэўскі замкі і многае інаше, чым быў багаты край яго натхнення.

Неўзабаве Варшава зноў становіцца «штабам» яго культурнай дзейнасці. Тут ён выдаў ажно 7 альбомных серый (1873-83), дзе ў кожнай было па тры сшыткі з малюнкамі (планаваў яшчэ 8-10-ыя серыі, але не паспеў). Дапаможцамі Н.Орды былі мастак А.Місеровіч, які вельмі дакладна пераводзіў яго арыгінальныя творы на літаграфскую тэхніку, каб потым друкаваць у шматлікіх асобніках, і выдавец М.Фаянс, які арганізоўваў і фінансаваў гэты незвычайны творчы праект. У самога ж Напалеона Орды ніколі не было грошай. Ён звычайна пешкі ішоў у новыя падарожжы і ў самых розных мясцінах быў носьбітам цікавай і патрэбнай людзям інфармацыі. Часта наладжваў канцэрты, сродкі ад якіх перадаваў беднякам.

Напалеон Орда ахвяраваў свой талент Радзіме. Дзякуючы гэтаму нястомнаму тытану творчасці, які з дакументальнай дакладнасцю і рамантычнай узнёсласцю маляваў нашу зямлю, мы і цяпер уяўляем, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, што знішчыліся або непазнавальна змяніліся. Беларусь Напалеона Орды як фенікс з попелу праступае праз абезаблічаны бетон сучасных гарадоў, вырастае светлымі абрысамі святыняў, сцертых вандаламі ХХ ст. з твару зямлі. А калі на плошчы Свабоды ў Мінску ізноў быў адноўлены Катэдральны сабор і яго вежы высока ўзняліся над Верхнім горадам, наша сапраўдная Радзіма, якую ўвекапомніў Напалеон Орда, як бы стала зусім блізкай да нас, ці, дакладней, мы, якія так даўно ўжо «забылі яе, адракліся, прадалі і аддалі ў палон», зноў вярнуліся да яе.

...Калі разглядаеш малюнкі з альбомаў Напалеона Орды, як бы адчуваеш вытанчаную мелодыю ліній, рытмаў, светлых і цёмных штрыхоў, далікатна нанесеных на чыстую паверхню паперы. Што ж гэта за музыка агучвае яго пейзажы Радзімы? Ды тая, якую мы не аднойчы чулі ў ціхім павеве ветрыка, лёгкім цурчанні ручая, ласкавых словах калыханкі. Менавіта гэтыя гукі блізкія да панарамы малюнкава-музычных серый, якую пакінуў нам у спадчыну сціплы і бескарыслівы творца. Ён не пісаў буйных музычных твораў, але ў мастацтве дасягнуў гэтага дасканалага сінтэтычнага вырашэння. І калі ў Мінску ў 1997 г. з'явіўся нотны зборнік Напалеона Орды «Творы для фартэпіяна», гэтае гучанне малюнкаў яшчэ больш узмацнілася.

Між тым, углядаючыся ў «люстэрка нацыянальнага хараства і велічы», што ўяўляе сабою кожны з творах згаданых серый, вернемся яшчэ раз у 1870-я гады, калі ўжо старэнькі маэстра пешкі вандраваў па сцяжынах роднага краю, каб як мага больш паспець, увекопомніць, пакінуць для будучыні. На зіму ён вяртаўся ў гасцінны дом сваёй сястры Гартэнзіі, якая пасля замужжа насіла прозвішча Скірмунт. Бачыўся і з дарослым сынам, што прымаў удзел як абаронца Францыі ў вайне з Прусіяй, а потым вырашыў звязаць свой лёс з Радзімай бацькі. Напалеон Орда цяжка хварэў, але не хацеў змяніць жыццё падарожніка на цёплы пакойчык у фамільным маёнтку. У 1883 г. ён у апошні раз выбраўся ў Варшаву, горад сваёй маладосці. Там 26 красавіка спыніўся яго жыццёвы шлях. Згодна з тэстамэнтам Н.Орду пахавалі ў Янаве, у фамільнай усыпальніцы.

Такім быў жыццёвы і творчы лёс вялікага літвіна, непаўторнага рамантыка, самаахвярнага патрыёта нашай духоўна незалежнай будучыні.

Толькі напрыканцы ХХ ст. мы пачынаем усведамляць, чаго варты наш Напалеон Орда. Ужо гучыць яго музыка на канцэртах, мастакі Берасцейшчыны ладзяць пленэры па мясцінах, якія захоўваюць яго творчую прысутнасць. У Іванаве (былым Янаве) у 1997 г. пастаўлены помнік слыннаму мастаку-вандроўніку (скульптар Ігар Голубеў). Але трэба шчыра прызнацца, што нам яшчэ доўга давядзецца вяртацца на Радзіму, скідаючы цяжар невуцтва, эгаізму і бязвер'я. І няхай з намі будзе сябрам і настаўнікам у гэтым працяглым шляху Напалеон Орда.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY