 |
|
* * *
Маліцеся за нас, усе святыя,
каб не згубіліся ў жыццёвым карнавале,
каб нас не абступілі дні пустыя,
каб высілкі ў душы не высыхалі.
Маліцеся... Якое суцяшэнне —
прыўзняцца ўверх, узвысіцца на горцы.
Каб кожная хвіліна — набліжэнне,
чарговы крок, зямны парыў да Створцы.
Маліцеся... Няхай душа жывая
крыляе ўверх і свой маршрут не зменіць.
Нябеснае святло мы спажываем.
Як хочацца святло нам выпраменьваць.
|
|
* * *
Без гонару і пыхі
на што ты пагадзіўся —
успыхнуць ці не ўспыхнуць,
калі ўжо нарадзіўся?
І можна весці спрэчку,
дзе твайго шчасця знакі —
калі гарыш, як свечка,
ці палыхнеш, як факел.
Святло на ўсю радзіму
альбо цішком свяціся...
Ах як, ах як без дыму
усё-ткі абысціся?
Душа ці больш ці меней
ці ззяла ці курэла —
абы тваё праменне
хоць некага сагрэла.
|
|
* * *
Без Цябе, Езу, цёмна-цёмна,
Без Цябе і пустэльна, і глуха,
адчуванне, што кожны бяздомны,
а навокал — холад і скруха.
І зачынена ўсё, занавешана,
і згусцілася цемра на свеце.
Без Цябе нават ясныя вершы
мне ніводнаю думкай не свецяць.
Ты заўваж нас спагадлівым вокам,
узваруш нашу шэрую сцятасць.
Разнавесь нашы сумныя вокны —
хай успыхне, як сонейка, радасць.
|
|
* * *
Слова прытульнае «міласць»,
не патыхае трывогаю.
Божая справядлівасць
сэрца крыху палохае.
Скуль яны, нашыя страхі,
розуму непадуладныя?
Мусіць, нябесныя вагі
вельмі дакладныя.
Кожны учынак нявінны
зверху заўважаны.
Нават малыя правіны
будуць паважаны...
Хто ж палічыў у Створцы
ласкі бязмернасць?
Можа, такая, як сонца,
Божая міласэрнасць?
|
|
* * *
Як рана тут прыходзіць вечар.
Гадзіннік спавясціць адбой.
Асядзе цішыня, як вечнасць...
Дамок самотны, я з табой.
Як дожджык, капаюць хвіліны,
хто скажа, будзе дзень калі.
Вясны далёкай успаміны
падушку ўсю абвалаклі.
Гады зляцелі і паснулі —
з трывогай, працай і мальбой.
Сястра бяссонніцы — бабуля,
ты не тужыся,
я з табой.
Твае пакінутасць і горыч —
яны мае. Я даў зарок
заўсёды быць з табою побач —
мая душа непадалёк.
Ноч прытулілася да плоту,
і дрэмле месяц над вярбой...
Засні ж, людская адзінота.
Хіба адна ты?
Я з табой.
|
|
* * *
Якія ні шалеюць тут вятры,
які віхор ні праляціць абвальны,
аднак на схіле кручанай гары
стаіць заўсёды дрэва вертыкальна.
Стаіць, пакуль не згіне ў забыцці...
Адкуль яно ў сабе знаходзіць сілу
ні ў якім разе ўгору не расці,
згінаючыся паралельна схілу?
І мець такі зайздросны проста лёс,
каб, стойкі ствол выцягваючы ў струнку,
беспамылкова ўгадваць высь нябёс —
інакшага не ведаць накірунку!
|
|
* * *
Нібы ў букеце пахкім паяднанне
пялёсткаў руж —
такое ж цеснае судакрананне
дзвюх блізкіх душ.
Судакранаюцца, каб устрапянуцца,
і шчасця — досць.
Наблізіцца, аддана прыгарнуцца
магчымасць ёсць.
Мы вырулім, калі пакліча вырай,
з нябесных ям.
У нас не два крылы, а ўсе чатыры —
паслужаць нам.
Дзень, як і лёс, ужо зусім не слотны.
Ты не на дне.
Ва ўсім сусвеце быў такі самотны.
А зараз — не.
|
|
* * *
Пераліванне крыві — нібы падарунак
тым, хто ледзьве ліпіць на свеце.
Пераліванне крыві — адзіны ратунак,
калі ўжо іншыя лекі не свецяць.
І з лёсам змагацца няма ўжо сэнсу,
хоць мары пакуль што твае не збыліся.
Чужая кроў прыходзіць у сэрца,
настойліва сэрцу загадвае: біся!
Калі ж высыхае кволая вера,
з рук выслізнуць нам пагражае збаўленне,
пераліванне душы — апошняя мера,
каб не пажаць заняпад і змарненне.
Падыхаць душой, дзе любоў не пагасла,
дзе грае, як лёгкая музыка, згода,
падыхаць душой — той, дзе цёпла і ясна,
калышацца лісцікам мяккім лагода.
|
|
 |