Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва
Кіно

ДЫВІЗІІ Ў НЯБЁСАХ
Юбілеі
Мастацтва

НАРАДЖЭННЕ СВЯТЛА
На кніжнай паліцы
Культура

МУЗЕЙ ПАЭТА І СВЯТАРА
Вачыма візітатара
Культура

СТАРАДРУКІ ВЯРТАЮЦЦА

Ганна СЕРЭХАН

ЁН ПАКІНУЎ НАМ ДАРЫ СВАЁЙ ДУШЫ

Сваяк, К. Выбраныя творы /
Уклад., прадм., камент. І. Багдановіч.
— Мінск: Кнігазбор, 2010.

Гэтая кніга па сваёй сутнасці і пабудове ў нейкім сэнсе нагадвае мне казачны вобраз дрэва, на якім вісіць куфар, у куфры — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, у яйку — іголка, што з’яўляецца асноўным і адзіным сродкам перамогі над увасабленнем зла — Кашчэем... У сувязі з гэтым раю дапытліваму чытачу заглыбляцца ў гэтую кнігу паступова ад раздзела да раздзела, кіруючыся ў сваім знаёмстве з асобаю і творчасцю Казіміра Сваяка (святара Канстанціна Стэповіча) той дарогаю, якую пазначыла руплівая збіральніца яго шматграннай пісьмовай спадчыны, укладальніца кнігі, даследчыца-літаратуразнаўца, вядомая паэтка Ірына Багдановіч. Справа ў тым, што кожны з чарговых раздзелаў кнігі, з’яўляючыся самадастатковым і самакаштоўным, адначасова па-асабліваму асвятляе папярэдні раздзел, нібы дае разгадкі на некаторыя з пытанняў, што могуць узнікнуць у працэсе знаёмства з творчасцю Казіміра Сваяка. Яе ідэі і матывы не з’яўляюцца выпадковымі, яны сталі плёнам «безупыннай творчасці духу» аўтара і, арганічна пераходзячы з аднаго літаратурнага жанра ў другі, мацнеюць і ўзбуйняюцца, набываюць штораз большую пераканальнасць і яснасць. А перадапошні, мемуарна-эпісталярны раздзел кнігі, у які ўваходзіць дзённік Казіміра Сваяка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», — гэта нібы тая ж «іголка», што выяўляе духоўны стрыжань мастацкай і публіцыстычнай творчасці паэта-святара, стрыжань яго барацьбы з ворагамі чалавечай душы...

Сапраўды, асноўнае заданне святара — ратаваць душы і дапамагаць ім атрымаць збаўленне. Роднасную задачу выконвае і паэзія. На гэтым у першую чаргу акцэнтуе ўвагу і Суліма (Уладзімір Самойла) у артыкуле «Cor ardens», прысвечаным творчасці Казіміра Сваяка і змешчаным у «Дататку» да кнігі: «...Паэт робіцца быццам праўдзівым святарнікам-капланам сярод людзей, праз душу і словы якога плыве ў іх душы — з гары ці з долу, а перадусім з нетраў самой усёажыўляючай, усёсцаляючай Боскай Прыроды — нейкі быццам Святы Дух, — сапраўдная цудатворная ласка». Але ў гісторыі літаратуры было і ёсць нямала паэтаў-святароў. Казімір Сваяк, яднаючы ў сабе гэтыя два пакліканні, дбаў пра нешта асаблівае, меў выключную заслугу ў сферы сваёй дзейнасці — ён рупіўся пра выратаванне душы народа. З сукупнасці сабраных у кнізе твораў Казіміра Сваяка відаць, што гэта быў яго асноўны боль, адважуся сказаць — благаслаўлёны боль, які не аслабляў дух паэта, а ўзмацняў яго, не перамагаўся паэтам, а быў зброяй для змагання супраць усіх ворагаў народнай душы. Сутнасць жа гэтай народнай душы выкрышталізоўваецца ў разуменні чытача, як я ўжо адзначала, па меры заглыблення ў кнігу. «Не вам, паклоннікі бясплоднай голі, // Душы народнае шлях-волю дыктаваць! <...> Не вам, не вам, раскольнікі-бязверцы, // Душы народнае скарбніцу раскрываць!» — піша Казімір Сваяк у публіцыстычным вершы «Айчыны будаўнічым наёмным». А калі «не вам», то значыць каму? Адказ даецца ўжо ў назве наступнага верша — «Ксяндзам-беларусам»: «Адважным будзь, бо ты, слуга Хрыстовы, // Не знаеш над сабой аніякіх паноў, // І чуткі будзь, як лірнік Давідовы, // Душа народная — то ліра... досыць слоў!». Гэтыя два вершы — адзін са створаных Сваяком абразкоў змагання, вартасць якога лагічна даведзена ў публіцыстычным артыкуле «Пратэстанты ў Ваўкавыску»: «Ідзе змаганне не толькі за зямлю яго [беларуса. — Г.С.], лес і воды, але і за тое, што найдаражэйшае: за яго душу...»

Мастацкі вобраз «духу айчыны», што прыходзіць да лірычнага героя ў Дзень задушны, каб сказаць яму «пацехі слова» (верш «На Дзяды»), таксама падмацоўваецца публіцыстычнымі разважаннямі ў артыкуле «Царква ці Касцёл». Казімір Сваяк называе яго «духам, каторы ў глыбіні сваёй не зламаўся пад згаршэннем, якое далі вышэйшыя станы»; «духам, каторы моцны быў у змаганні з цараслаўем і польскаслаўем»; «духам, каторага мучаніцтва не апісаў яшчэ ніхто».

Заканамерна, што ў аснове народнага духу, як і народнай душы, святар Канстанцін Стэповіч бачыў веру народа, кажучы, што «душа народа мусіць быць узапраўды рэлігійнай — злучанай з боскім ідэалам — іначай народ сканае».

Калі жанры мастацкай літаратуры і публіцыстыкі можна параўнаць з публічным выступленнем аўтара перад пэўнай аўдыторыяй, то творы мемуарыстыкі хутчэй нагадваюць інтымную гутарку з асобай, якой шчыра давяраеш. І хоць дзённік Казіміра Сваяка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» ўжо двойчы выходзіў асобным выданнем, ва ўкладзенай Ірынай Багдановіч кнізе ён з’яўляецца нібы лагічным працягам агульнага аповеду пра «дзею» мыслі, сэрца і волі народа, што вёўся на працягу ўсяго выдання дагэтуль. Чытаеш вершы, апавяданні, п’есы і артыкулы Казіміра Сваяка, прысвечаныя самай разнастайнай тэматыцы (гэта ў першую чаргу пытанні нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння ў Беларусі, праблемы беларускай мовы, гісторыі, мастацтва), — нібы збіраеш у скарбніцу сваёй душы жывыя чыстыя пялёсткі, а пасля заглыбляешся ў шчыра-спавядальнае слова Казіміра Сваяка ў яго «Дзеі...» — і ўсе гэтыя пялёсткі злучаюцца з адной сарцавінай, укладаюцца ў стройную сістэму-арганізм, утвараючы неўміручую кветку душы самога аўтара, душы, скарбы якой ён таксама пакінуў нам на гэтай зямлі. У дадзеным выпадку хочацца паўтарыць за Сваяком яго ж словы, запісаныя пасля смерці сябра Кунцэвіча: «Прашу цябе, пакінь мне дары душы тваёй: каб я мог Богу верыць, як ты; каб мілым быць усім; каб мець глыбокі характар, як твой...»

Акрамя таго, разважаючы над «Дзеяй...» Казіміра Сваяка, кожны творца можа вынесці простую, але чамусьці недасяжную для многіх навуку аб тым, як пабудаваць сваю творчасць на скале, а не на пяску: хочаш працаваць на вялікім жніве хрысціянства — сам стань падобным да Хрыста; хочаш працаваць дзеля дабра народа — палюбі яго і стань такім, як ён. «Цярпення хачу, але такога, каторае з мяне зрабіла б чалавека стальнога характару. Народ наш вялікі, а лічыцца найменшым. Няхай і я — сын яго — такім буду. Народ наш нешчаслівы, без сучаснасці пэўнай, без будучыні яснай — але глыбокі ў жыцці сваім ціхім, скрытым, спеўным. Няхай і з маім так будзе жыццём: глыбокасць духу, шырокасць сэрца, агонь мовы і песня, песня тайнічая, бязмерна сумная, хоць вечнай спадзеяй жывая», — занатоўвае Казімір Сваяк у дзённіку за 5 мая 1915 года. Калі гэтак, больш асабіста, знаёмішся з аўтарам, больш «асабістымі», бліжэйшымі для цябе становяцца і ўсе іншыя творы ягонай душы, і кожны яго верш пачынаеш не проста разглядаць як факт мастацтва і гісторыі літаратуры — пачынаеш яго разумець як згустак чалавечага болю, няхай нават у літаратуразнаўстве гэта называюць усяго толькі вобразам лірычнага героя...

Незвычайна важная ў кнізе «Выбраных твораў» Казіміра Сваяка і роля «Дадатку», куды ўваходзяць аналітычныя артыкулы і ўспаміны сучаснікаў пра паэта-святара, а таксама «вянок» прысвечаных яму вершаў. Гэтыя матэрыялы дадаюць да аблічча Сваяка такія рысы, пра якія ён сам ні ў творах, ні ў дзённіку не абмовіўся нават ускосна (мабыць, з-за выхаванай у сабе пакоры і сціпласці). «Апошнім грошам беднай дзятве школьнай памагаў, даруючы ёй школьнае прыладдзе, сшыткі, падручнікі, а часта і... абутак ды вопратку (!). — Успамінае Альфіч (Адольф Клімовіч) у артыкуле «За Каз. Сваяком (Жменя асабістых успамінаў)». — Рабіў жа гэта так, што ніхто не ведаў, скуль дараванае дастае, каму мае быць удзячным. <...> Усяго дапільнаваў, аб усім стараўся, сам для сябе толькі хапіць не мог, і апошняе сталася нябожчыку крытычным».

Матэрыялы «Дадатку» асвятляюць і палеміку, якая ўсчалася ў літаратурнай крытыцы пасля смерці паэта-святара і была звязана з выяўленнем рэлігійных перакананняў у спадчыне Казіміра Сваяка (артыкулы Антона Навіны «Казімір Сваяк» і адказ на яго Светазара «К. Сваяк як паэт рэлігійны»). Гэтая палеміка паказала ў свой час, што ні ў творчасці Сваяка, ні наогул у жыцці нельга раздзяляць і тым больш супрацьпастаўляць веру ў Бога і веру ў свой народ. Ірына Багдановіч у грунтоўнай прадмове да выдання, якая мае красамоўную ў гэтым плане назву «З народам да Бога», падкрэслівае выснову аб тым, што «Сваяком-паэтам тварылася вершаваная гісторыя лёсу беларускага народа ў кантэксце біблейскай гісторыі». Даследчыца даводзіць, што гэта датычыць не толькі біблейскай вобразнасці ў творчасці Казіміра Сваяка, а ўсяго яе духу. Відавочна, што і літаратурная спадчына Сваяка, і глыбока хрысціянскі падыход даследчыцы да яе аналізу ўгрунтаваны на адным «камені» — веры і разуменні таго, што «гісторыя ўсіх народаў нясе ў сабе заклік перайсці ў гісторыю збаўлення» (Ян Павел ІІ, «Памяць і самасвядомасць»). Убачыць гэту ідэю ў працах святара і паэта Канстанціна Стэповіча, зажыць ёю як сваёй і прыкласці неверагодныя намаганні да максімальна поўнага збору невядомых яшчэ беларусам твораў Казіміра Сваяка, рассыпаных па розных архівах, па рукапісах і даўніх друкаваных выданнях, а таксама зрабіць іх тэксталагічную апрацоўку — вось праца, якая мае права называцца не толькі даследчыцкай і літаратуразнаўчай, але і апостальскай.

Кажуць, што ёсць проста зборы выбраных твораў, а ёсць кнігі — цэльныя, закончаныя, са сваёй унутранай дынамікай і духам. Такія выданні становяцца настольнымі кнігамі іншых даследчыкаў, да такіх выданняў належыць і кніга Казіміра Сваяка, што ўбачыла свет у 120-гадовы юбілей з дня яго нараджэння.

На заканчэнне хочацца выказаць нязгоду з тымі, хто, згадваючы пра заўчасную смерць такіх волатаў духу, якім быў Казімір Сваяк, звычайна гаворыць, што Беларусь страціла яшчэ аднаго выдатнага дзеяча, адраджэнца і г.д. Не страціла! А набыла... хутчэй за ўсё, яшчэ аднаго заступніка за наш край перад Панам Богам. І галоўнае, каб мы самі не страцілі ў душы той скарб, аб якім з моцным болем дбаў Казімір Сваяк.

Ганна Серэхан

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: МУЗЕЙ ПАЭТА І СВЯТАРА ::
Казімір СВАЯК :: З НЕВЯДОМАЙ РУКАПІСНАЙ СПАДЧЫНЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY