Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва
Кіно

ДЫВІЗІІ Ў НЯБЁСАХ
Юбілеі
Мастацтва

НАРАДЖЭННЕ СВЯТЛА
На кніжнай паліцы
Культура

МУЗЕЙ ПАЭТА І СВЯТАРА
Вачыма візітатара
Культура

СТАРАДРУКІ ВЯРТАЮЦЦА

Алесь ЧОБАТ

КАЛЯДНАЯ КРОНІКА
ЧОРНАЙ І БЕЛАЙ РУСІ

І.
пад ялінкаю хацінка
над ялінкай аблачынка
невядомая сцяжынка
ў невядомы лёс і час

так было на свеце з кожным
як пры Нараджэнні Божым
светла ціха пераможна —
так жыла Надзея ў нас

потым год ішоў за годам —
і Любоў ішла гародам
і гуляў народ з народам
на вяселлях — як на смерць

потым старасць у самоце
як збанок дурны на плоце —
гінуць людзі на балоце
хто не ўмее Веру мець

ІІ.
любі Маці сына
чакай Маці сына
адзінага ў свеце
адзінага ў свеце
Пасланага Сына

на шчасце і гора
на шчасце і гора
на рай і здзіўленне
на Край на Збаўленне
пяройдзе Сын мора

усім Сын парадзіць
а люд Яму здрадзіць
на крыж на расправу
Яго — не Вараву! —
ў дарогу наладзіць

вішчыць люд і вые
Пілат рукі мые —
канец вашай справе
мужыцкай забаве
цяпер — гніце шыі

народ дурняў родзіць
Хам дзеліць і жондзіць —
тры дні так гулялі
пілі балявалі
жылі — як гулялі

а потым знямелі
аж вочы здубелі —
адвалены камень! —
і ў Неба на амэн
сляды Сына ў белі

ІІІ.
Белы дзень замяце
    тое чорнае злое былое
тыя думкі і ўчынкі
    з якіх адны попел і дым
снег і вецер пасеюць
    адно спадзяванне малое
і той вернецца час
    калі быў гэты свет маладым...

Тая непагадзь светлая
    тая наўкол завіруха
як спрадвечны хаос
    і пачатак далінаў і гор
і няма яшчэ долі
    няма ані кола ні круга
толькі чыстая пустка
    і звонкі бяздонны прастор...

Белы сон зацярушыць
    як страчаны розум зблуканы
так згубіўся і выжыў
    ты сам — і цяпер за табой
тыя зло і дабро
    перажыты той свет апантаны
а цяпер белы дзень
    светлы дзень у краіне такой...

IV.
прашу Цябе — няхай нас лёс міне
перакаціся сэрцам да мяне
і будзь ізноў шчаслівай Пані тою
як Ты была адзінай і святою
пры тым стварэнні свету на зямлі
калі мы ў Чыстым Лузе ўдвух былі

няхай Табе луг ножак не намуліць
няхай Цябе сам Бог рукой патуліць
а я з уздыхам збоку пагляджу —
няхай пажоўклы свет зазелянее
і прыйдуць Вера Міласць і Надзея
а смерць адступіць
        за сваю мяжу...

V.
з краіны далёкай дзе светлы Рай
да нашай Краіны Ценю
едзе на санках святы Мікалай
цягнуць санкі алені

цвітуць райцэнтры і Мінск залаты
блішчаць ліхтары і крамы
але заварочвае наш святы
проста да нашай брамы

стаў і расшпільвае санкі сам
і справядліва дзеліць —
грошай мяшок падае бацькам
торбу цукерак дзецям

і пакідаюць след за сабой
не санкі таго святога
а радасць спакой і прасветлы боль
з подыхам Пана Бога

з краіны далёкай дзе светлы Рай
па нашай Краіне Ценю
едзе на санках святы Мікалай
цягнуць санкі алені

VI.
вось і белая зорка стаіць над зямлёй
і анёлы за кожным прыйшлі — і за мной
у краіну гародаў загонаў заплоткаў
паміж хатаў магілаў маіх аднагодкаў

але ўжо спакой — як звон
нас не будзе — народзіцца Ён

Бог навечна выбраў Марыю —
Бог не кіне на страшны час
няхай мы дурныя старыя —
свет не скончыцца пасля нас

вось і белая зорка стаіць над зямлёй
і анёлы з нябёсаў прыйшлі — як за мной
і нячутны спакой — як звон
нас не будзе — народзіцца Ён

VII.
так нараджаецца Новы Свет
сотні зімаў і сотні лет —

так ідуць да калыскі з паклонам
Тры Каралі і калумбаў мільёны

у той дзень найкароткі
    калі забракне душам святла
і перасоўваецца мяжа цяпла
з Поўначы ў Поўдзень —
    да Палестыны
так нараджаецца Новы Свет
і вочы перастаюць быць пустымі
і ажываюць жывыя
    пад скурай страху...

Край мой шчаслівы
    збіраецца жыць...

Ціхая ноч светлая ноч
месяц свеціць ясна дрыжыць...

Божа Ты з намі — цяпер і тут

Ціхая ноч светлая ноч...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY