|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Роза СТАНКЕВІЧ
ЯГО «ЗЯМЛЯ
|
|
Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, калі я пазнаёмілася з Уладзімірам Караткевічам — пісьменнікам і чалавекам, з якім сябравала чатыры гады. Цэлая паліца кнігаў з яго арыгінальнымі аўтографамі беражліва захоўваецца ў маёй бібліятэцы.
Здарылася гэта восенню 1980 года. Я жыла ў Беларусі каля сямі гадоў і, як кожны чалавек, што трапіў у іншую дзяржаву, хацела ведаць пра яе больш, але мне трапляліся толькі падручнікі па гісторыі БССР. Што было да 1917 года, для мяне заставалася загадкаю: няўжо была толькі адсталая губерня Расійскай імперыі, якая называлася «Северо-Западный край», з пераважна непісьменным сялянскім насельніцтвам? Адкуль неўзабаве выраслі такія паэты, як Купала, Колас і Багдановіч?
У той час усё было падзелена на «да» і «пасля» Кастрычніцкай рэвалюцыі, а пра перыяд «да» нельга было знайсці амаль нічога, нават у вялікай бібліятэцы Саюза пісьменнікаў.
Я адкрыла для сябе творчасць Уладзіміра Караткевіча зусім нечакана і адразу зразумела, што гэта тое, што я так доўга марыла сустрэць. Прачытала яго апавяданні, аповесці і раманы, якія адкрылі для мяне зусім іншую Беларусь — terra incognita. Гэты невядомы свет захапіў мяне настолькі моцна, што я вырашыла пазнаёміцца з яго стваральнікам. Мая першая сустрэча з Уладзімірам Караткевічам не была выпадковасцю — гэта быў падарунак лёсу.
Калі я патэлефанавала яму, ён ласкава запрасіў мяне дахаты, у кватэру на Карла Маркса, 36. У гэтым доме жыў выдатны дзіцячы пісьменнік, беларускі Жуль Верн — Янка Маўр. Тут і цяпер жыве народны паэт Беларусі, вялікі сябра і перакладчык балгарскай літаратуры Ніл Сымонавіч Гілевіч, тут жыў мой навуковы кіраўнік дысертацыі, акадэмік і пісьменнік Іван Якаўлевіч Навуменка...
Дзверы мне адчыніў сам Уладзімір Караткевіч, які сустрэў мяне як старую знаёмую. Ён з усмешкаю падаў мне руку, і, увайшоўшы у дом, я пакінула свае страхі і хваляванні за дзвярыма. Беларусы, сапраўды, выключна гасцінны народ і як сапраўдныя славяне вельмі паважаюць гасцей. Уладзімір Сямёнавіч яшчэ раз пераканаў мяне ў гэтым.
Пакуль ветлівы гаспадар гатаваў каву, я, седзячы ў зручным крэсле, магла агледзецца: у доме пісьменніка панавала артыстычная ўтульнасць. На сцяне віселі старажытныя беларускія скульптуркі з дрэва, а з кутка на мяне мудра глядзеў Майсей — таксама драўляная скульптурка, як пазней растлумачыў Уладзімір Караткевіч, знойдзеная проста ў балоце, у адным са шматлікіх яго падарожжаў па роднай зямлі.
...І вось ужо цёпла дыміліся маленькія кубкі, і гаркава-чорны напой схіляў да гутаркі.
— Шчыра кажучы, я не збіраўся стаць пісьменнікам. Але пісаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пісаў і вершы, і прозу — у асноўным для сябе. Сёе-тое з маёй пісаніны было змешчана ў школьным рукапісным часопісе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзіме нашага любімага паэта Янкі Купалы. Пешшу дайшлі да Вязынкі. Пра гэта падарожжа я напісаў ліст жонцы паэта Уладзіславе Францаўне. Яна ўключыла яго ў зборнік «Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта». Так з’явіўся мой першы друкаваны твор... У гэтым жа годзе адзін мой знаёмы папрасіў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы (тады я настаўнічаў на Украіне), і ён занёс іх у «Вожык» і «Полымя». З «Вожыка» я атрымаў адказ прыблізна такога зместу: «Малады чалавек, з Вашым талентам лепш біць каменне і ўкладаць на бруку». Мяне гэта, прызнацца, не вельмі і засмуціла. А вось у «Полымі» цалкам нечакана для мяне з’явіўся мой верш «Машэка», і я падумаў, што ўсё ж нешта змагу зрабіць. Пасля паступова пачалі друкаваць мяне і іншыя часопісы.
— Перш чым пачаць пісаць, чалавек пачынае чытаць. Ці помніце першую прачытаную Вамі кнігу?
— Шчыра кажучы, першую кнігу не помню, таксама як і не помню сябе такога, каб не ўмеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялікая бібліятэка, і я захапляўся мастацкай літаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёміўся паступова з беларускаю, рускаю і ўкраінскаю літаратурамі, пазней — з польскай.
— Зразумела ж, як і ва ўсіх, у Вас былі любімыя аўтары, любімыя творы?
— Што датычыць любімых твораў, то іх раз і назаўсёды няма. У кожным узросце меў розных улюбёнцаў і багоў. Чытаю кожнага ў залежнасці ад настрою. Калі ён светлы — то Пушкіна, гнеўны — ранняга Купалу, Багдановіча, Шаўчэнку, калі настрой філасофскі і непрымірымы да смуроду і пошласці — проста на дуэль — Лермантава, Гарэцкага і Льва Талстога, роўны — добрыя гістарычныя раманы Сянкевіча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога. І, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывіцца, але перад працай, якая патрабуе дакладнай думкі, вельмі люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да іх залічваю не толькі, скажам, творы Сімянона і лепшыя раманы Агаты Крысці, але й роднага па духу Стывенсана. І, калі браць вяршыні, на якія нават дыхаць цяжка, — «Братоў Карамазавых».
— А ў каго з іх Вы вучыліся пісьменніцкай справе?
— У каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, ні ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любові да чалавека і людзей і жаданню па меры сваіх слабых сіл таксама хоць крышку дапамагчы ім. Хоць бы на адно кароткае імгненне. Вучыўся іх жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: «Смялей. Ты не адзін». З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць найбольш, у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо называў. Ага... сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.
— Што больш за ўсё хвалюе Вас, калі пачынаеце працаваць над новаю кнігаю?
— Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся «эстэтыкі пакрэсленага рукапісу». Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ўголас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд, удалую, начыста і намёртва.
— Пра што Вы пішаце, або іншымі словамі: якая асноўная рухаючая сіла Вашай творчасці?
— Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае адзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах, ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы — у Маскве і ў Мінску, у Вільні і ў Рызе... Але ж кожны народ цікавы ў многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі — можна зрабіць цудоўную мазаіку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў сваё аблічча, свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследаваць, жыць такім самым яскравым, непадобным і прыцягальным жыццём.
— А для каго пішаце?
— Для тых, хто любіць і чытае мяне, — каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць, — каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі даўняй культуры і літаратуры Беларусі, — каб абудзіць іх цікавасць.
— Часта сюжэты ў Вас вельмі мудрагелістыя...
— Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую — не, тады, вядома, дні больш-менш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сёння пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма — то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах... Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай сабе па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей... Еду ў іншыя гарады і прападаю там у кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей... Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па вёсках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага святара — здымаюся. Трэба «пагутарыць» з мядзведзем — «гутару». Трэба бервяно абчасаць — умею.
— Карыстаючыся пачатай тэмай, запытаю: што Вам найбольш падабаецца ў самім сабе?
— Абсалютна нічога.
— А што не падабаецца?
— Вы што, допыт мне ўчыняеце? — з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ён. — А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі... І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады, і адносна бяспечнае ўчора месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я адказваў толькі за самога сябе, сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.
— А калі паставіць пытанне так: ці знаёмае Вам пачуццё творчай няўпэўненасці?
— Не. Я ніколі не бяруся пісаць пра тое, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю, пра што я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асобаў аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але пішучы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іх учынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую — і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.
— Уладзімір Сямёнавіч, а чаму Вы назвалі свой апошні празаічны твор «Зброя» аповесцю? Ці не з’яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана «Каласы пад сярпом тваім»: галоўныя героі адны і тыя ж?
— Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.
— Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?
— Толькі так. У нас, у Прыдняпроўі, норавы заўсёды былі і ёсць такія: калі гулянне — стаў апошні рубель, калі просіш — то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь — яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусіць.
— Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў застаецца па-ранейшаму тая ж.
— Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.
— Пэўна, таму аповесць называецца «Зброя», ці яе назва мае і іншую, унутрана падтэкставую нагрузку?
— Ваша праўда, назва — сімвалічная. «Зброя» — гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што настаў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.
— Як бы Вы растлумачылі сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?
— На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучыні. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоваў, у якія трапляе гэты чалавек, і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рысаў характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?
— А што Вы скажаце пра свой раман «Чорны замак Альшанскі»? У ім побач з прыгодніцка-дэтэктыўным — і гісторыя, і сучаснасць?
— Гэта чысты дэтэктыў. І нічога больш.
— Дазвольце не згадзіцца. Ва ўсіх Вашых творах (і гэты раман не выключэнне), на мой погляд, прысутнічае як характэрны ўнутраны падтэкст гісторыка-патрыятычны пачатак, які нясе ў сабе сапраўдную ўлюбёнасць ва ўсё роднае: прыроду, гісторыю і культуру Беларусі. І калі адкінуць усё гэта і глядзець на раман толькі як на займальны «чысты» дэтэктыў, то, напэўна, — гэта ўжо будзе не Караткевіч.
— А я ніколі не лічыў дэтэктывам раманы пра маёра Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумеюць як трэба, гэта таксама добрая літаратура (іншыя справа, ці здолеў я ў «Замку» ўзняцца да яе). Перш за ўсё таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны быць жывыя людзі. І яшчэ павінна быць смяротная нянавісць да зла.
— Кажучы пра сувязь гісторыі і сучаснасці, я хацела б пачуць Вашу думку аб тым, па якой прычыне некаторыя пісьменнікі і творы з часам «старэюць».
— Цяжка адказаць на гэта пытанне адназначна... А Вы ўспомніце, колькі шэрых клетак у чалавечым мозгу. Яны стамляюцца. Яны адміраюць. Стамляецца і старэе пісьменнік, а разам з ім і чытач. Старэюць праблемы. Старэе час. Не так ужо рэдка бывае, што целам чалавек яшчэ малады, а душою безнадзейна стары. І наадварот. Гэта — бяда. Крыўдна і тое, што, маючы ў галаве шмат новых сюжэтаў, ты не можаш, як у маладосці, сядзець за сталом па дзесяць-дванаццаць гадзін не ўстаючы... Я хачу сказаць вось што. Творы, напісаныя пісьменнікам на ўзлёце сіл, часцей за ўсё і застаюцца яго лепшымі творамі, жывуць доўга. Думаю, што мала хто цяпер стане перачытваць «Астравы ў акіяне» Хэмінгуэя, але тое, што ён напісаў на ўзлёце сваіх творчых сіл, — «Па кім б’е звон», «Стары і мора» — будзе хваляваць яшчэ доўга.
— Прабачце, я мела на ўвазе тое, што некаторыя пісьменнікі (або іх асобныя творы) праз гадоў 20–30, а то і менш, ужо не цікавыя і да іх не вяртаюцца. Напэўна, у маім пытанні не так прагучала слова «старэюць». Працягваючы пачатую думку, я спытала б: якія чалавечыя якасці Вы больш за ўсё цэніце ў пісьменніка? Якія якасці не старэюць?
— Праўдзівасць! Ніколі не хлусі, калі пішаш. Асабліва пра дужа важныя пытанні зла і дабрыні, любові і нянавісці, смерці і бяссмерця, гуманізму і чалавеканенавісніцтва. Але нават і ў дробязях дзейнічае гэты закон: не хлусі, пішы так як ёсць (іншая справа, што выпадкі могуць быць неверагодныя). Усё адно: калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро.
Была са мной адна гісторыя: атрымліваю ліст ад аднаго чытача маёй «Чазеніі», вучонага-біёлага, які абвінавачваў мяне ў тым, што я схлусіў, апісваючы эпізод з леапардам (там ён адгрызае галаву ў забітага ім звера). Маўляў, такога не бывае. Ведаю я звычкі многіх звяроў, сам шмат назіраў за імі на далёкім Усходзе. Расказвалі мне пра такую звычку і шматлікія палясоўшчыкі, з якімі я сустракаўся там. Але, відаць, для майго біёлага і гэтага мала. Тады мне давялося-такі палазіць па кнігах. І ўрэшце я ўсё ж знайшоў. У кнізе «Запаведнік „Кедравая падзь“», выдадзенай да 50-годдзя гэтага запаведніка, я ўрэшце чорным па белым прачытаў на старонцы 43: «Интересно, что у всех его (леопарда) жертв, даже если они не полностью съедены, всегда отсутствует голова».
Кнігу гэтую, у ліку іншых, пісаў дырэктар запаведніка, мой добры знаёмы А. Панкрацьеў. Трэба пісаць так, каб не хлусіць ні ў вялікім, ні ў малым (якім бы неверагодным ні было тое, пра што расказваеш). Трэба, каб табе неаглядна верылі. Тады ў цябе будзе больш шанцаў, што ты даўжэй не «састарэеш».
— Фолкнер аднойчы сказаў: «Калі хочаш даведацца, хто добры пісьменнік, запытай у яго калегаў, яны ўкажуць на яго сваёй непрыязнасцю». Колькі ў гэтай парадаксальнай думцы рацыі?
— Ну калі, скажам, прымяраць гэтую думку на мяне, то няма на Беларусі «горшых» пісьменнікаў, чым Барадулін і Танк, Панчанка і Брыль або, скажам, Быкаў. Ніколі ў жыцці я не «ўказваў на іх сваёй непрыязнасцю», хоць я не ўсяедны і некаторыя іх рэчы могуць мне не падабацца. Гэта пісьменнікі, якія зрабілі б гонар кожнай літаратуры. А Фолкнер? Што ж, магчыма, Фолкнер па-свойму ў чымсьці мае рацыю. Гэта, мабыць, было сказана ў хвіліну цяжкага расчаравання ў сабе і ў людзях, калі на хвіліну падумаў, што праца твая дарэмная, у хвіліну, калі табе ў адказ на парыў душы адказалі ўдарам. Крывадушныя людзі не пераводзяцца.
— Уладзімір Сямёнавіч, уявіце сабе, што Вас папрасілі скласці анталогію з пяці аўтараў сусветнай літаратуры. Якіх бы Вы выбралі?
— Я ўжо адказаў. Гэта ўсё адно што выбраць пяць чалавек, якіх можна ўзяць ва ўратавальную шлюпку. Толькі пяць, а астатнія загінуць. Не ўжо! Я бяру з сабою ў шлюпку ўсіх, а калі яна пры гэтым патоне разам са мною, то няхай. Нельга пакінуць кагосьці. Усе яны аднолькава пакутавалі над словам і над лёсам людзей. (Паказваючы на кніжныя паліцы.) Усе яны мае любімыя пісьменнікі. Іх так шмат, і кожны з іх мне да смерці дарагі. Усе яны са мною, і толькі пяцёх з іх я не магу назваць. Вазьміце ўсіх, хто любіў людзей, мучыўся за іх і быў сумленны. Вазьміце ўсіх, хто ўзяў за правіла цудоўныя словы Дон Кіхота: «Сеньёры, вас пяцёра і вы напалі на аднаго. Значыць, няма вашай рацыі. Бараніцеся, сеньёры!».
Усё жыццё найлепшыя з нас стараюцца быць вернымі гэтаму прынцыпу. Былі верныя. Верныя цяпер. І дасць Бог... будуць яшчэ. А як гэта ўдавалася кожнаму — хай судзяць людзі.
* * *
...Уладзімір Караткевіч быў сапраўды надзелены асабліваю харызмаю, тым Божым дарам з вышыні, які зачароўвае ўсіх, хто дакрануўся да яго асобы, да яго творчасці.
Цяпер я разумею, чаму мне так неабходна было расказаць пра яго, пра наша сяброўства, якое доўжылася на працягу чатырох гадоў, да яго апошняй у жыцці вандроўкі — па Прыпяці. Дазваляю сабе так думаць, таму што Уладзімір Сямёнавіч па-сапраўднаму ўмеў сябраваць з людзьмі, якіх дапускаў да сябе. Кантакт з гэтым цікавым суразмоўцам і мудрым сябрам («З такім хоць пад Грунвальд, у конным ці ў пешым страі») зараджае станоўчай энергіяй, бо ён сапраўдны, немітуслівы.
Бясстрашны рыцар сумлення і свабоды, заўсёдны рамантык, які вельмі моцна любіў Беларусь, — такім застанецца для мяне Уладзімір Караткевіч, які так яскрава адрадзіў беларускую нацыянальную ідэю. Сваёю маладою апантанасцю ён паспеў заразіць многіх беларусаў. Менавіта яго вершы і раманы, поўныя рамантызму і вялікай любові, адкрылі для многіх людзей сапраўдную Беларусь і прымусілі задумацца пра тое, што ў краіны ёсць свая гісторыя. Гісторыя старажытнай Беларусі, а не БССР або адной з земляў Рэчы Паспалітай ці губерняй Расійскай імперыі.
Яго свет прынцыпова адрозніваецца ад усяго існуючага ў сучаснай беларускай літаратуры. Замест той шматпакутнай, беднай, адсталай краіны са змучанымі сялянамі, якую апісваюць пакаленні беларускіх пісьменнікаў, ён паказаў Беларусь як прыгожую еўрапейскую цывілізаваную дзяржаву, якая мае не толькі цудоўную народную творчасць, але і вялікую культурную спадчыну, што клапатліва і беражліва захоўваецца нашчадкамі.
Першы твор, які пакарыў мяне сваёю арыгінальнасцю, быў раман «Чорны замак Альшанскі», і з таго часу я пачала шукаць кнігі Уладзіміра Караткевіча і крок за крокам адкрываць для сябе іншую Беларусь. Трапіла мне ў рукі і кніга «Зямля пад белымі крыламі», якая пазнаёміла мяне з гісторыяй краіны. Гэта было тое, што я так доўга шукала. Мне хацелася, каб настаў час, калі яе будуць вывучаць і выкарыстоўваць у беларускіх школах як падручнік гісторыі, і яе «белыя старонкі» адкрыюць дзецям усе таямніцы «белых плямаў» мінулага роднай краіны. А ёмістая і прыгожая назва «Зямля пад белымі крыламі» стане крылатаю фразаю-сінонімам усёй Беларусі. Пра гэта я сказала тады пісьменніку. Рэакцыя Уладзіміра Сямёнавіча была нечаканаю і кранальнаю. Ён падышоў да вялікай бібліятэкі, якая займала ўсе сцены кабінета, і, узяўшы апошні экзэмпляр кнігі, падарыў мне яе з аўтографам: «... на добры ўспамін, сваю зямлю! Уладзімір Караткевіч, 23 снежня 1980 г.».
Так яго «Зямля пад белымі крыламі», зямля буслоў, зямля замкаў і тысяч азёраў, Беларусь, стала і маёю — назаўсёды!
Размаўляла
Роза Станкевіч.
|
|
|