|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
На вежы гродзенскай катэдры імя Францішка Ксавэрыя знік анёлак. Парушана гармонія. Горад ахоўвае адзін анёлак, а трэба, каб іх было двое… ...Я выходжу з дому, замест посаха пілігрыма ў маёй руцэ ружанец. Ад вуліцы Каліноўскага да Віленскай ісці лёгка — дарога бяжыць з горкі. Чацвёртую і пятую таямніцы святога Ружанца я малюся, калі паднімаюся зноў на горку па вуліцы Траецкай… Адмаўляю святы Ружанец, спяваючы ўпаўголаса рэчытатывам. Я шукаю анёла. Разумею, што анёлы не цялесныя істоты, іх не ўбачыш на галінцы спілаванага клёна каля старога замка. Але нейкім таямнічым спосабам яны аб сабе напамінаюць — прылятаюць, дапамагаюць, суцяшаюць у смутку…Узнімаюць нашыя думкі да жадання нябесных справаў… У мастака, пра якога я буду апавядаць, ёсць абразок «Кароткая сустрэча»… У старым горадзе сустракаюцца змрочныя прывіды. Людзі ў горадзе ідуць па вуліцы, зачыненыя знутры,— вочы халодныя, згаслыя, думаюць пра сваё. Няма ў вачах жадання сагрэць сустрэчных сваім святлом, няма светлай радасці... Заходжу ў катэдру, каб сагрэцца промнямі Гостыі. Прашу ў Сэрца Езуса даць мне крыху духа мудрасці… Іду далей у бок Нёмана. Паварочваю ўправа, дзе крылаты коннік нібы цягне з горкі на вуліцу, якая збягае да моста, вялізны будынак тэатра. Крылы каня я прымаю за аглоблі калёсаў, а шасцікутную грамадзіну тэатра — за воз культуры савецкіх часоў… Каля службовага ўваходу ў тэатр мяне чакае Валодзя Пазняк, які малюе анёлаў. Валодзя працуе мастаком сцэны ў тэатры ўсяго з верасня 2009 года. Упершыню ўбачыла яго, але ўжо здалёк пазнала і супакоілася — мяне сустракае творца, мастак. Добрыя, ветлівыя вочы адкрытыя на сумоўе, на шчырасць... Ён нарадзіўся ў 1985 годзе ў сям’і Анатоля і Ірыны Пазнякоў, якія вучыліся разам у БДУ на хімічным факультэце і прыехалі ў Гародню на завод аўтамагнітолаў, які пазней сталі называць вытворчым прадпрыемствам «Хваля». Валодзя — другі сын у сям’і, яго старэйшая сястра Алена скончыла юрыдычны факультэт і выйшла замуж у Гародні. Бацька Анатоль родам з вёскі Шышкі на Міншчыне, дзе жывуць яго бацькі Анатоль і Фаіна, там жа жывуць і яго два браты. Маці Ірына вярнулася ў Гародню, дзе жылі яе бацькі Ніна і Аляксей, але родам яны з Палесся. Бабуля Ніна памерла, а дзед Аляксей выехаў у Расею. Калі прадпрыемства «Хваля» збанкрутавала, маці знайшла сабе працу настаўніцы, а бацька атрымаў другую вышэйшую адукацыю і працуе тэхнолагам у фірме АВС. Валодзя вучыўся ў школе № 28, скончыў мастацкі клас ліцэя № 1 і мастацкую школу ў выкладчыка Аляксандра Баярчука. Паступаў адначасна ў менскі БНТУ на архітэктурны факультэт і ў Гродзенскі ўніверсітэт на факультэт мастацтваў. Застаўся ў Гародні. Вучыў яго мастак Аляксандр Дулуб, які малюе класічныя пейзажы. Яшчэ ў часе вучобы Валодзя хацеў уладкавацца мастаком сцэны ў лялечным тэатры, але выкладчыкі не дазволілі. На апошнім курсе арганізаваў выставу «Першае падарожжа» ў галерэі Антонія Тызенгаўза, на якой было дзесяць абразкоў: «Птушыны шлях», «Вандроўнік», «Новы дзень», «Зорка», «Горад-падарожнік», «Падарожжа ў поўні», «Паветраны карабель», «Кароткая сустрэча». Цэнтральным творам выставы быў трыпціх «Батлейка» з Дзіцяткам Езусам, спавітым у пялёнкі спавівачом так, як спавівалі ў мінулым нашы прабабулі сваіх немаўлятак. Ад Дзіцяці святлее высокая ясная дарога вечнага жыцця, на вяршыні якой стаіць цэркаўка, і значна карацейшая дарога святла зямнога, каля пачатку якой таксама стаіць цэркаўка… Увесь Бэтлеем змешчаны на калёсіках з розных дзіцячых колцаў, і цягне гэты воз у бясконцасць маленькі прапелер… На той першай выставе быў яшчэ абразок анёла. З круглым, наіўным і мудрым тварам, у добрых, цёплых вачах якога жыве ўсясветная любоў... Пасля сканчэння ўніверсітэта Валодзя адслужыў год у войску і ўладкаваўся працаваць у драматычным тэатры. Першую працу па сваёй прафесіі Валодзя робіць якраз цяпер — гэта мастацкае афармленне спектакля «Айбаліт». У пакоі, дзе ён працуе, высокая столь і вакно на ўсю сцяну, з якога відаць мост святога Францішка. Ахоўвае працу Валодзі абразок арханёла Габрыэля, намаляваны ім у студэнцкія гады. У гэтым жа пакоі працуе мастак Алесь Сураў. Валодзя праваслаўны. Яму дваццаць пяць гадоў, яго вымярэнне — бясконцыя нябёсы над Радзімай і над усёй планетай, увесь космас сусвету, абмежаваны прасторай памерам 50х60 сантыметраў. Ён працуе ў тэхніцы іканапісу — яечная тэмпера, ляўкас. Адразу пасля войска Валодзя стварыў сонечны абраз — «Нараджэнне святла». У ім сонейка, як немаўлятка, калышацца ў калысцы, або ў чоўніку, у чашы сусвету; унізе, пад калыскай, крыху змроку, з глыбіні якога ўзнімаецца некалькі сходкаў. Здаецца, усё сонца з нябёсаў, якія ахоўваў у войску Валодзя, змясцілася на гэтай карціне. Другі абразок называецца «Птушкалоў». На ім — сумная постаць Птушкалова, які едзе на возе і грае на дудачцы сумную песню. Навокал яго — некалькі птахаў, але адзін з іх — у клетцы. Магчыма, гэта і не птахі, а сумныя думкі Птушкалова, якія вызваліць з клетак яшчэ цяжэй, чым птушак... Трэці абразок — гэта «Сяброўка Птушкалова», у грудзях якой завязненая душа-птушка, а вакол яе — таксама некалькі птахаў. У вялікай птушкі на крыле сядзіць малая птушка, таму што Сяброўка Птушкалова марыць пра мацярынства, але яна едзе на тым самым возе, што і яе Птушкалоў… Вельмі сумныя малюнкі іх паднявольнага жыцця ў клетцы, іх не вызваленых немаўлятак, птушак-думак… Але смутак іх не трагічны, таму што навокал іх — нябёсы… Чацвёрты абразок — «Сяброўка чорнага ката». На ім — дзяўчына ў чырвонай сукенцы. І ў змрочнай вадзе — чырвоны водбліск музыкі. Лодка — як балея. Кот адбіваецца ў мутнай лужыне — распластаны дагары лапамі. Але кот спакойны, бо ён мае сваю надзейную Сяброўку. І яснае полымя ад свечкі. Магчыма, гэтая свечка — надзея дзяўчыны. Валодзя канцэнтруе ўвагу на тварах. Постаці на яго абразках — размытыя, невыразныя. У яго філасофіі разумення чалавека галоўнае — галава, у ёй сканцэнтраваныя думка, душа і сэрца. Пяты абразок — «Вандроўнікі». На ім — вельмі сумны, паглыблены ў думкі чалавек, а каля яго — сабака. Іх дом коціцца па нябёсах на адным коле. Перад чалавекам стол, на якім ляжыць вялізная рыба, па другі бок стала — яшчэ больш змрочны цень таго самага чалавека, ці яго двайніка. Магчыма, гэта Дыдымас, у апостала Тамаша быў брат-блізнюк, таму Тамаш і не давяраў людзям, бо часта ўчынкі брата, падобнага да яго, прыпісвалі яму… А, магчыма, гэта чалавек, у якога раздваілася душа. Але гэтыя двое, якія адбіваюцца адзін у адным, не прапашчыя — яны на нябёсах… Шосты абразок — з яснага блакіту, у сэрцы якога дом, нібы сусвет, які дваіцца, рытмічна паўтараецца, як верш. На пярэднім плане пад арку брамы ляціць птах з ключом у дзюбе. Другі дом, ці другая сцяна ад таго самага дома, знаходзіцца на небе. Называецца абраз — «Таямнічы краявід». Гледзячы на гэтыя таямнічыя аркі, можна ўздыхнуць па беларускіх замках у Наваградку, Лідзе, Крэве, Любчы, Міры і Гальшанах… Сёмы абразок называецца «Шлях дадому». Шмат прасторы ў ім займае нейкі дапатопны цэпелін. Гэта фантазія, утоеная мара чалавека, якому трэба вярнуцца дадому. Чалавек сядзіць на абмежаванай прасторы прамавугольніка паміж небам і зямлёй, да якой прыстаўлены зусім слабыя драбіны, і нейкія вяровачкі звісаюць уніз. Над чалавекам і яго фантазіяй — месяц у поўні, але фазы месяца — маладзік і ветах — расплываюцца на даляглядзе па абодва бакі поўні ў абмежаванай прасторы нябёсаў… Так, як на чужыне… Яшчэ там была анімацыя — нейкі лялечны конік скакаў па карцінцы. Змест анімацыі затоены ў вершы Алеся Камоцкага, які я не змагла прачытаць, бо ён увесь час скакаў і знікаў, як той конік. Але ў мяне ёсць свае вершы і пра коніка ў яблыкі, які наворвае бульбачку, якую я капаю, якую я не садзіла… і пра анёлкаў: Пакінуў анёл Краіну і паляцеў на чужыну. Я дома, як на чужыне, сумую па роднай Краіне… Магчыма, і не па роднай — да Беларусі падобнай, да песеннай, старамоднай, намаляванай і добрай… Пакінуў мяне анёле, як ластаўку на частаколе, а мама ў снах, як жывая, дома мяне чакае… А пазнаёмілася я з творамі маладога мастака на калектыўнай выставе, прысвечанай анёлам у Музеі гісторыі рэлігіі. Там былі змешчаны тры абразкі Валодзі Пазняка з нізкі «Смутная мелодыя часу». Гэта яго самыя новыя творы. І прыцягнулі яны мае вочы, таму што — гэта намаляваныя фарбамі вершы. На першым абразку ў вельмі старой лодцы сядзіць анёл… Магчыма, гэта чалавек, мысляр, творца. Паабапал яго — анёлы, якія нахіляюцца да чалавека, з крыламі і постацямі анёлаў, якіх традыцыйна малююць на ўсіх абразах свету, але твары больш падобныя да дзявочых. І пад анёламі і зверху — маладзік, як німб… Тры анёлы ахоўваюць сваю абмежаваную частку свету, свае намаляваныя нябёсы. Другі абраз — «Сонца свеціць для ўсіх». У такой жа старой лодцы — сонейка адпачывае, на калёсах з прапелерам — анёл іграе на флейце, пад калёсамі — месяц, як начное адлюстраванне лодкі... Трэці малюнак — «Зямны анёл». На ім — вобраз дзяўчыны з анёльскім тварам, у зялёнай сукенцы надзеі, з валасамі, упрыгожанымі чырвоным матыльком. Паабапал дзяўчыны — злыя лялькі, якія спакушаюць яе: адна лялька, як жывы шкілет, другая лялька прыкрывае свае грудзі белай чыстай кашулькай, магчыма, з хросту або з першай споведзі. Высока ў нябёсах у лодачцы ледзь святлее ясны дух анёла-ахоўніка дзявочай чысціні. Анёлы робяцца відочнымі ў хмарках! Магчыма, гэта сучасніца мастака і яго сімпатыя. А магчыма, гэта святая Марыя Магдалена. Месяц, які пераплывае з аднога абраза ў другі і свеціць то знізу, то зверху, падобны да маладзіка на абразе Маці Божай Вастрабрамскай. Лодка, якая плавае з адной прасторы ў другую, каб перавозіць анёлаў, вандроўнікаў, паляўнічых і дзяўчат, нагадвае мне, што апосталы Пана Езуса былі рыбакамі. Святы Пётр быў не такім удалым рыбаком. У ягоных сетках увесь час было пуста. Гэта Езус, які быў цеслем, умеў выбраць месца, дзе было шмат рыбы… Дзіўна і прыгожа, што малады мастак нагадаў мне Апостала, які стаіць каля вытокаў веры, надзеі, любові, радасці стварэння хараства. Усе цэнтральныя постаці на Валодзевых абразках маюць падабенства. Іх смутак і спакой — з дабрыні і любові, іх ціхая радасць, як невад, якім яны ловяць святло. Паўсюль — ветлівасць, шчырасць, стрыманасць, цярплівасць, лагоднасць… Валодзя стварае вобразы людзей простых, добрых, высокіх духам, чыстых. Я зусім не гавару пра мастацкія сродкі, бо ў гэтым выпадку для мяне важным з’яўляецца шлях, які выбраў малады творца, — птушыны шлях лёту анёлаў, птушыная дарога. І так мне стала добра, што я шукала анёла і знайшла яго на абразах Валодзі Пазняка, равесніка майго старэйшага ўнука Стася. Валодзя мае цвёрдую пастанову жыць і выяўляць з невідочнасці анёлаў тут, у горадзе свайго нараджэння, на мосце святога Францішка, дзе сэрцу лёгка знайсці і ўбачыць слова… дзе вандруюць па Нёмане і па аблоках над старымі дамамі ў старых лодках Вандроўнікі, Птушкаловы і іх Сяброўкі, Мысляры, Дыдымасы, Анёлы. Езус хадзіў па свеце як Вандроўнік… «Ёсць яшчэ шмат усяго, што ўчыніў Езус, але каб усё запісаць падрабязна, дык увесь свет не змясціў бы кніг, якія трэба было б напісаць», — так закончыў сваё Евангелле апостал Ян. Кожны з нас мае магчымасць дапісаць сваю гісторыю, сведчанне прысутнасці Езуса ў нашым жыцці. І малады мастак стварае такую кнігу ў сваіх малюнках. Нехта думае, што калі мастак малюе неба, ён хоча яго прысвоіць. Наадварот — ён хоча спадабацца Богу, ствараючы маляванае неба для маляваных анёлаў. Анёлы і людзі існуюць на адной зрокавай прасторы, у адной раме, але яны не зняволеныя ў ёй. Абразы Валодзі Пазняка нагадалі мне, што творцы — як малыя дзеці. Я пра гэта за халодную зіму зусім забылася… Я знайшла анёлаў на абразах Валодзі Пазняка, дзе яны выяўленыя з невідочнасці. Але невідочных анёлаў значна болей, чым відочных, анёлы ёсць не толькі ў гэтым месцы, яны ўсюды, дзе ёсць добрыя людзі. Квітнее Край такі добры — анёлак грае на домбры… Рэчка, бераг бязлюдны… Анёлак грае на лютні… Людзей калечаць асколкі — скалечаных лечаць анёлкі… Вушы глухія… Вочы сляпыя… Вусны нямыя… Анёлы святыя… Данута Бічэль, Гародня.
|
|
|
|