|
|
|
№
4(54)/2010
Галерэя
Новая евангелізацыя
Постаці
Нашы святыні
Пераклады
Ad Fontes
Постаці
Паэзія
Проза
Мастацтва
Кіно
Юбілеі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Культура
Вачыма візітатара
Культура
|
Віталь ТАРАС
ДЫВІЗІІ Ў НЯБЁСАХ
Дакументальны фільм «Рука міру»
Чым далей ад нас у часе падзеі Другой сусветнай вайны, тым з большай увагай і эмацыйным напружаннем мы звяртаемся да падзеяў сямідзесяцігадовай даўніны, спрабуючы зразумець сэнс пакутаў нашых бацькоў і дзядоў, гібелі мільёнаў людзей. Тэма вайны нязменна прысутнічае і ў праграме фільмаў каталіцкага кінафестывалю «Магніфікат». На фоне гісторыі цяжкіх выпрабаванняў, супрацьстаяння злу фашызму, гвалту яшчэ больш рэльефна праяўляецца галоўная мэта арганізатараў фестывалю — падтрымка агульначалавечых каштоўнасцяў. Летась у Глыбокім спецыяльны прыз кінафестывалю «Непакалянув» (польскага партнёра «Магніфіката») атрымаў расійскі фільм «Спіс Кісялёва». Герой стужкі — савецкі афіцэр Кісялёў з Ленінграда, які падчас вайны ўратаваў некалькі сотняў вязняў гета ў беларускім мястэчку. Большасць іх складалі старыя і дзеці. Яму і яшчэ адной жанчыне давялося весці іх праз лясы і балоты партызанскімі сцежкамі многія сотні кіламетраў пад абстрэламі і бамбаваннямі, пакуль удалося выйсці за лінію фронту. З гэтай стужкай у чымсьці перагукаецца фільм польскіх кінематаграфістаў Юліты Валашыньскай і Кшыштафа Журоўскага «Яўрэй Ішай», які на сёлетнім фестывалі атрымаў прыз каталіцкай асацыяцыі для камунікацый Signis-Беларусь. Герой фільма — былы ізраільскі спецназавец, страціў на вайне ўсіх сваіх сяброў. Ён часта ўспамінае свайго бацьку і разважае пра яго лёс. Разам з сястрою ён едзе ў польскую вёску, адкуль родам іх бацька. На пачатку Другой сусветнай вайны ён уцёк ад немцаў, але ў выніку ледзь не быў забіты бальшавікамі. Госці з Ізраіля сустракаюцца з апошнімі сведкамі тагачасных падзеяў, якія памятаюць, як польскія сяляне ратавалі яўрэяў ад нацыстаў. Прыз за лепшую тэлепраграму на фестывалі атрымала работа ленінградскіх дакументалістаў «Блакадная вера». Яна прысвечана праваслаўным святарам, якія падчас вайны дзялілі з ленінградцамі цяжар фашысцкай блакады і пры гэтым духоўна іх падтрымлівалі. Для Эўхарыстыі тады выкарыстоўвалі чорны хлеб, а замест віна — сок буракоў... Нягледзячы на пастаянныя бамбаванні храмаў (іх дзейнічала ўсяго восем) нямецкай авіяцыяй, на невыносныя голад і холад, святары мужна выконвалі свой абавязак. З пяцідзесяці святароў толькі двое пакінулі горад падчас эвакуацыі на пачатку блакады. Дванаццаць атрымалі медаль «За абарону Ленінграда». Асобнай увагі заслугоўвае канадскі тэлефільм «Рука міру», які атрымаў прыз журы за раскрыццё тэмы гістарычнай справядлівасці. Фільм прысвечаны незвычайнаму чалавеку, які пакінуў важкі след у гісторыі Касцёла ХХ стагоддзя — Папу Рымскаму Пію ХІІ. Папа Ян Павел ІІ яшчэ на пачатку свайго пантыфікату ў 1977 годзе паставіў пытанне аб яго беатыфікацыі. Цяпер гэты працэс набліжаецца да свайго завяршэння, аднак многія прадстаўнікі свецкіх уладаў і інстытутаў выступаюць супраць. У шматлікіх публікацыях Пій ХІІ падаецца як, мякка кажучы, неадназначная асоба, і гэта ў лепшым выпадку. Некаторыя расійскія «даследчыкі», напрыклад, наўпрост абвінавачваюць яго ў пасобніцтве Гітлеру. Стваральнікі фільма згадваюць скандальна вядомую п’есу нямецкага драматурга Рольфа Хоххута «Намеснік» у Заходнім Берліне ў 1963 годзе. На іх думку, у многім дзякуючы той пастаноўцы ў свядомасці некаторых прадстаўнікоў ліберальнай інтэлігенцыі на Захадзе за Піем ХІІ замацавалася рэпутацыя чалавека, які нібыта баяўся заступіцца за яўрэяў падчас Халакосту. Адзін з галоўных герояў п’есы – эсэсавец Курт Герштайн. Ён дапамагае яўрэям уцякаць ад нацыстаў і спрабуе пераканаць Папу дапамагчы ў гэтым, а таксама разарваць канкардат з гітлераўскай Германіяй. Іншы герой, святар па імені Рыкардо, заклікае Пантыфіка паведаміць свету праўду пра знішчэнне яўрэяў. У адказ, паводле драматурга, Папа маўчыць... Ясна, хто выступае антыгероем у той п’есе. (Са стэрэатыпамі цяжка змагацца. Праз дваццаць гадоў выйдзе галівудскі фільм «Пунсовае і чорнае» з выдатнымі акторамі ў галоўных ролях — Грэгары Пекам і Крыстаферам Пламерам. У аснове сюжэта — супрацьстаянне эсэсаўскага начальніка і каталіцкага святара. Ён хавае на тэрыторыі Ватыкана салдат саюзнікаў, якім удалося ўцячы з нямецкага палону. І робіць ён гэта насуперак... забароне Папы Рымскага, што выглядае ўжо абсалютна нерэальным.)
Між тым яшчэ ў лістападзе 1945 года ў Ватыкан прыбыла дэлегацыя з 80 былых вязняў гітлераўскіх канцлагераў. Яны падзякавалі Пію ХІІ за годную пазіцыю ў дачыненні да яўрэяў. Перад тым Сусветны яўрэйскі кангрэс пералічыў Ватыкану 20 тысяч даляраў на яго дабрачынныя праграмы. Гэта было зроблена ў знак прызнання ролі Касцёла ў выратаванні яўрэяў ад пераследу нацыстаў. Нацыянальны інстытут Халакосту і Гераізму Яд-Вашэм у Ерузалеме асуджае Папу Рымскага Пія ХІІ, а вось ізраільскі тэолаг і гісторык Пінхас Лапід піша: «Касцёл Пія ХІІ уратаваў ад смерці ад рук нацыстаў 860 тысяч яўрэяў. Гэтая лічба нашмат перавышае эфект дзеянняў іншых інстытутаў альбо дзяржаўных акцый па ўратаванні яўрэяў». (Цыт. паводле польскай Вікіпедыі.) У віну кардыналу Эўджэніа Пачэллі (які атрымаў імя папы Пія ХІІ) ставяць падпісанне ў 1933 годзе канкардату з гітлераўскім Рэйхам. У савецкіх падручніках гэта падавалася як жудаснае злачынства. У тым «злачынстве», што характэрна, Ватыкан абвінавачвала дзяржава, якая ў 1939-м падпіша Пакт Молатава–Рыбентропа і сакрэтныя пратаколы да яго! Зрэшты, мана і паклёп заўсёды былі галоўнай зброяй камуністычнай улады. Заключэнне канкардату давала хоць нейкія спадзевы на тое, што ў Германіі будуць захоўваць правы Касцёла і галоўнае — хрысціянаў. Спадзевы гэтыя, вядома, не апраўдаліся. Але ж некаторы час хрысціянскія арганізацыі маглі адчуваць сябе ў адноснай бяспецы. У Рэйху, напрыклад, некаторы час выходзілі каталіцкія выданні — нічога падобнага ў тагачасным СССР нельга было сабе нават уявіць.
У 1938 годзе, пасля Крышталёвай ночы (падчас яе гітлераўскія штурмавікі грамілі па ўсёй Германіі крамы і кавярні, уладальнікамі якіх былі яўрэі) кардынал Пачэллі звярнуўся да 60 прадстаўнікоў Касцёла ў свеце з просьбай дапамагчы ў афармленні 200 тысяч візаў для «неарыйскіх католікаў», насамрэч — юдэяў паводле веравызнання. Такое права Касцёл меў, дарэчы, згодна з канкардатам. Пазней пры падтрымцы Пія ХІІ змаглі пазбегнуць дэпартацыі ў фашысцкую Германію 80 тысяч венгерскіх яўрэяў і яшчэ 12 тысяч з іншых краінаў Еўропы. Яны атрымалі візы ў Дамініканскую рэспубліку. Пры ўступленні на папскі пасад 2 сакавіка 1939 года Пій ХІІ выступіў з прамовай (яна ўпершыню наўпрост транслявалася па радыё), у якой выразна асуджаліся вайна і гвалт. У 1943 годзе, калі нямецкія войскі акупавалі Рым, Папа неадкладна загадаў усім кляштарам адчыніць дзверы для яўрэйскіх бежанцаў. Яўрэяў ён заклікаў уступаць у так званую «палацінскую гвардыю» — у выніку на тэрыторыі Ватыкана змаглі знайсці прытулак сотні сем’яў. У фільме «Рука міру» гаворыцца пра тое, што ў асабістай адпачывальні Папы некаторы час жылі некалькі дзясяткаў дзяцей. Так, Пій ХІІ дзейнічаў дыпламатычнымі метадамі — праз пасольствы заходніх дзяржаваў. Ён не заклікаў да адкрытага паўстання супраць Гітлера, бо цудоўна ведаў рэальны стан рэчаў у Трэцім Рэйху. У прыватнасці, ведаў пра фантастычную папулярнасць фюрэра сярод немцаў, у тым ліку ў яўрэйскім пытанні. Але ж казаць, што Папа маўчаў альбо быў у змове з Гітлерам — значыць, свядома хлусіць.
У папскай энцыкліцы Summi Pontificatus, апублікаванай 20 лістапада 1939 года, асуджаліся развязанне Другой сусветнай вайны і таталітарызм нацысцкай Германіі. Гэтая энцыкліка не была апублікаваная ў Трэцім Рэйху. Больш за тое – за распаўсюджанне яе тэксту пагражала смяротнае пакаранне. (Дзіўным чынам гэты дакумент адсутнічае і ў спісе энцыклікаў папы Пія ХІІ, змешчаным у расійскай Вікіпедыі.) Гітлер ставіў перад сабой задачу знішчэння не толькі яўрэйства, але і хрысціянства. Гісторык Стывен Озмент у сваёй кнізе «Магутная крэпасць. Новая гісторыя германскага народа» (сёлета яна выйшла ў свет у перакладзе з англійскай мовы на рускую) прыводзіць некаторыя выказванні фюрэра. Хоць, на думку дыктатара, сучаснае яўрэйства было «ферментам, які выклікае гніенне народа», хрысціянства для яго было яшчэ горшым. «Чыстае хрысціянства... вельмі проста вядзе да знішчэння чалавецтва... яно — сапраўдны бальшавізм пад шалупіннем метафізікі». Гітлер лічыў знішчэнне «гнілой галіны хрысціянства» адной з галоўных задач нацыянал-сацыялізму — услед са знішчэннем яўрэяў, славянаў, цыганаў і гомасексуалістаў. Хрысціянства, на думку нацысцкага лідара, прыціскала рымскую рэлігію, «агульную для ўсіх арыйскіх народаў», замяніўшы веру ў сацыяльную салідарнасць і этнічнае адзінства ідэяй роўнасці ўсіх людзей перад Богам. Гітлер хоць і рабіў спачатку выгляд, што лаяльна ставіцца да Касцёла, бачыў у ім і ў Пантыфіку свайго галоўнага ворага з прычыны іх трывалага маральнага аўтарытэту. Аўтары фільма «Рука міру» прыводзяць факты, якія сталі вядомыя нядаўна. У 1943 годзе Гітлер планаваў выкраданне Папы Рымскага (на той манер, як гэта было зроблена з італьянскім дыктатарам Мусаліні). Згодна з планам, які Гітлер перадаў генералу СС Конраду Вольфу ў Італію, Ватыкан трэба было акупаваць, папскую курыю знішчыць, а Пія ХІІ — вывезці ў Ліхтэнштэйн і там таемна забіць... У студзені 2007 года ў амерыканскім перыядычным выданні Nacional Review быў апублікаваны артыкул Міхая Пачэпы, які ўзначальваў румынскую разведку пры Чаўшэску. У 1978 годзе генерал уцёк на Захад. Паводле словаў Пачэпы, ён прымаў удзел у спецаперацыі, інспіраванай савецкім КДБ, з мэтай ачарнення папы Пія ХІІ, які павінен быў паўстаць у вачах грамадскасці антысемітам і прыхільнікам Халакосту. Аднак ніякіх дакументаў, якія пацвярджалі б гэта, знайсці не ўдалося. Зразумела, да словаў генерала камуністычнай спецслужбы трэба ставіцца з асцярожнасцю, але падаецца, што кампанія дыскрэдытацыі Пія ХІІ працягваецца і дагэтуль. Вяртаючыся да тэмы скандальнай пастаноўкі п’есы «Намеснік» у Заходнім Берліне ў 1963 годзе, варта дадаць яшчэ некалькі словаў. Пра рэжысёра гэтага спектакля Эрвіна Піскатара стваральнікі фільма кажуць няшмат — згадваюць толькі, што ён пэўны час перад вайной жыў у Маскве. Але ж некаторыя факты біяграфіі гэтага чалавека гавораць самі за сябе. У 20-я гады ён ставіў у Германіі агітацыйныя спектаклі па замове кампартыі. У 1931 годзе пераехаў у Маскву. «Межрабпомфильм» замовіў яму экранізацыю апавядання нямецкай пралетарскай пісьменніцы Ганны Зэгерс «Паўстанне рыбакоў з сяла св. Барбара». Фільм задумваўся грандыёзным паводле маштабу, але нешта не атрымалася. Піскатар узначаліў МАРСТ — Міжнароднае аб’яднанне рабочых самадзейных тэатраў. Нечакана ў 1935 годзе ён з’ехаў з СССР за мяжу, нібыта на некалькі дзён у камандзіроўку. Але застаўся ў Парыжы, дзе ажаніўся з багатай танцоўшчыцай і жыў з ёй у шыкоўным палацы. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Піскатар з’ехаў у ЗША. У ФРГ вярнуўся ў 1947-м. Між іншым, аўтар п’есы «Намеснік», драматург Рольф Хоххут, які жыве ў Швейцарыі, два гады таму прадставіў на суд берлінскіх гледачоў сваю новую работу — «Лета 14-га», прысвечаную падзеям Першай сусветнай вайны. П’еса скандальна вядомага аўтара правалілася: на прэм’еры зала была напалову пустой.
І яшчэ адзін факт з біяграфіі героя фільма «Рука міру» папы Пія ХІІ. (Пра яго і многія іншыя факты можна прачытаць на афіцыйным сайце папы Бэнэдыкта XVI.) Усе ведаюць пытанне Сталіна: «Папа? А колькі ў яго дывізій?» Але мала хто ведае, які адказ даў Пій ХІІ: «Можаце перадаць майму сыну Іосіфу, што з маімі дывізіямі ён сустрэнецца ў нябёсах». Віталь Тарас
|
|
|
|