|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Сёлета навукова-папулярны рэлігійна-культуралагічны часопіс «Наша вера» адзначае 20-годдзе свайго існавання. Ад усяго сэрца віншую яго рэдакцыю, шматлікіх аўтараў і чытачоў з гэтаю датаю. За гады сваёй працы часопіс запоўніў лакуну паміж вераю і навукаю, якая існавала ў нашым грамадстве ў выніку 70-ці гадоў прымусовай атэізацыі, калі рэлігію называлі «опіумам для народу». Адраджаючыся пасля трох пакаленняў ганенняў, Касцёл у Беларусі мае патрэбу ў грунтоўным прадстаўленні веры ў адпаведнасці з нашым часам, каб паспяхова адказваць на яго выклікі. Евангелле і Традыцыя, як крыніцы нашай веры, разам з навукаю павінны служыць пазнанню адзінай і нязменнай праўды. Нездарма св. Ян Павел II кажа, што вера і навука — гэта два крылы, на якіх чалавечы дух узносіцца да сузірання праўды (пар. Энцыкліка «Fides et ratio» – «Вера і розум», Уступ). Разрыў паміж розумам і вераю выяўляецца ў адной з самых вялікіх чалавечых драмаў, якая мае шмат прычынаў. Пачынаючы ад эпохі Асветніцтва, аднабаковы рацыяналізм вёў да радыкалізацыі погляду на свет на аснове натуральных навук і філасофіі. У выніку расколу паміж вераю і розумам была нанесена вялікая шкода не толькі рэлігіі, але і культуры. У запале вострай палемікі часта забываецца, што вера не баіцца розуму, але шукае яго дапамогі (пар. Энцыкліка «Fides et ratio» – «Вера і розум», 43). Такім чынам, вера абапіраецца на розум і ўдасканальвае яго. Сёння патрэбна вялікая праца для аб’яднання веры і навукі. Дзякуючы Богу, Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, які заснаваў квартальнік «Наша вера», і яго рэдакцыі, выказваю надзею, што часопіс будзе і надалей спрыяць працэсу аб’яднання веры і навукі, новай евангелізацыі для перадачы веры і рэлігійнасці ў Беларусі. Давяраючы Богу рэдакцыю часопіса, яго аўтараў і карыстальнікаў, ад усяго сэрца благаслаўляю.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
|
|
|
|