Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(71)/2015
Жыццё Касцёла

ДЗЕЛЯ ПАЯДНАННЯ ВЕРЫ І НАВУКІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса

ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ
Sanctorum opera
Постаці

З РУКАПІСАЎ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

ХРАМ ЯГО ПАЭЗІІ
З архіваў часу

АФЯРА

ВЕРШЫ
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Архітэктура

АД РЫМА ДА НЯСВІЖА
Проза

З «АГУЛЬНАГА СШЫТКА»
Спадчына
Літаратуразнаўства

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ
Мастацтва

«ART-ВОРША-РУБОН»

Караль ВАЙТЫЛА / ЯН ПАВЕЛ ІІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»

З «Асабістых нататак»

Рэкалекцыі 1968 г. Тынец, 12, 13, 14. ІХ

12.ІХ

<...>

Медытацыя 1. Мінае 10 гадоў з часу сакры і з часу рэкалекцый перад сакраю ў Тынцы. Час вельмі хутка аддаляе мяне ад гэтай галоўнай падзеі ў маім жыцці, падзеі, якая будзе мець вырашальнае значэнне для маёй смерці і для вечнасці.

Час і вечнасць — не як абстракцыя, а як удзел адной і той жа асобы. Перспектыва ўдзелу ў вечнасці, гэта значыць у Богу. Яе аснова — рэальнасць асобы: яна — з Богам і яна — з чалавекам.

Рэальнасць чалавечай асобы як адзінства, адоранага асабліваю трансцэндэнтнасцю, а несмяротнасць душы… (гэтае пытанне чакае больш глыбокага асэнсавання). Досвед паказвае мне не толькі адзінства быцця, але таксама і яго складанасць. Трансцэндэнтнае = духоўнае; асноваю трансцэндэнтнасці ёсць дух. Усведамленне сутнаснай незнішчальнасці таго, што духоўнае і трансцэндэнтнае ў асобе (у сваёй сутнасці яно такое, што не можа быць знішчана), напрыклад, маральная альбо інтэлектуальная годнасць. Адсюль першая выснова пра існаванне іманентнай прычыны ў чалавеку — таксама незнішчальнай. І адначасова відавочнасць тленнасці цела: уласнае «я» як цела — знішчальнае, як дух — незнішчальнае. <...>

 

Рэкалекцыі 1976 г., 21–25 верасня, Закапанэ – Яшчаруўка, у сясцёр уршулянак.

23.ІХ

Meditatio (longa in deambulando) [Медытацыя (доўгая падчас праходкі)]

Прароцкасць. Christus profeta magnus [Хрыстус вялікі Прарок]. У пэўным сэнсе можна гаварыць аб «прароцкай» структуры нашай рэчаіснасці <...>. Бог з’яўляецца Поўняю Быцця, а таксама і Поўняю Праўды. Чалавек па сваёй прыродзе скіраваны да праўды — і да Бога як Поўні Праўды. Гэтая сістэма з’яўляецца асноваю «прароцкай» структуры рэчаіснасці, у якой мы прабываем і дзейнічаем. Бог як Поўня Праўды дае сябе чалавеку. Ён не толькі ў сваёй унутранай Таямніцы ёсць Словам, але таксама і ў Слове наладжвае кантакты з чалавекам. Гэта Яго цалкам вольная ініцыятыва. Разам з тым яна адпавядае той скіраванасці да Праўды, якая належыць натуры чалавека, ягонай духоўнасці.

Прарок — гэта той, хто гаворыць ад імя Бога, чалавечаю моваю перадае Ягоную праўду, прынамсі ў пэўных межах. Такім чынам, прароцкасць лучыцца з Аб’яўленнем і вераю. «Multifarie multisque modis loquens Deus olim in Profetis, novissime locutus est nobis in Filio» [«Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына»]. Хрыстус з’яўляецца паўнатою Аб’яўлення, «апошнім Словам» Слова. На Ім і на Яго Апосталах яно «заканчваецца». Адначасова Хрыстус дзеліцца сваёю прароцкаю місіяй <...> з тымі, хто прымае Яго слова. Адзін з галоўных атрыбутаў Народу Божага — удзел «in munere profetico» [«у прароцкай місіі»] Хрыста.

Такім чынам, прароцкасць — гэта ўласцівасць вызнаванай веры, а яшчэ больш — веры, якая абвяшчаецца праз навучанне і таксама праз учынкі, якія даюць сведчанне веры. Агромністы маштаб і аб’ём гэтага ўдзелу адкрыў Другі Ватыканскі Сабор. Абвяшчэнне Евангелля мае асаблівае значэнне для біскупаў; у сваю чаргу — гэта заданне святароў, манахаў і свецкіх. У прароцкай структуры Касцёла трэба скаардынаваць веру, навуку, веды (тэалогію) і сумленне, бо асаблівым чынам існуе прароцкасць сумлення і яна важная для ўсіх, а таксама для тых, што не вераць, але «шчырым сэрцам шукаюць Праўды». Бо ўся прароцкая структура Народу Божага знаходзіць падтрымку не толькі ў Слове Бога, але таксама і ў такой істотнай для чалавека скіраванасці да Праўды. Адно праз другое фармуе munus profeticum [прароцкую місію] у яе рэальным вымярэнні. Галоўнаю праблемаю застаецца тое, як чалавек разумее рэчаіснасць — як чалавек разумее Слова Бога ў ёй, каб сведчыць пра яго.

 

[Х 1978]*

13 кастрычніка 1978 [года] мой дарагі сябра бп Анджэй Дэскур перажыў нечаканы ўдар, які выклікаў у яго частковы параліч. Нягледзячы на лячэнне ў клініцы Джэмэллі, а пасля ў Швейцарыі, параліч не адступіў.

14 кастрычніка я наведаў Анджэя ў шпіталі па дарозе на Канклаў, які павінен быў абраць наступніка пасля смерці Яна Паўла І (26. VIII – 28. IX 1978).

Я не магу не суаднесці факту майго абрання 16 кастрычніка гэтым наступнікам з падзеяй, якая на 3 дні апярэдзіла яго. Ахвяра майго Брата ў біскупстве Анджэя здаецца мне як бы падрыхтоўкаю да гэтага факту. Праз яго ўсё цярпенне было ўпісана ў таямніцу Крыжа і Адкуплення, здзейсненага Хрыстом.

Я знаходжу тут пэўную аналогію з падзеяй, якая адбылася 11 гадоў назад: падчас кансісторыі ў Рыме, дзе я быў далучаны да Калегіі Кардыналаў, мой сябра кс. Мар’ян Яворскі страціў руку ў чыгуначнай катастрофе пад Нідзіцаю. Анджэй, працуючы з 50-х гадоў у Камісіі па сродках масавай інфармацыі (апошні час яе кіраўніком), увёў мяне ў курс многіх важных справаў Апостальскай Сталіцы. Апошнім словам гэтага «абраду пасвячэння» стаў ягоны крыж.

Debitor factus sum… [Я стаў даўжніком…]

 

З рэкалекцый 1980, Рым, капліца св. Матыльды, 24.ІІ–1.ІІІ

 

4. Meditatio conclusiva [Заключная медытацыя] (ХХІІ канферэнцыя)

Пасхальная радасць — радасць ад святарства.

Радасць ад святарства — гэта ў пэўнай ступені асноўная ўмова спаўнення святарскай місіі і абуджэння пакліканняў. З гэтым паяднана дух. руплівасць (fervor). Умоваю радасці з’яўляецца братэрская сommunio (супольнасць).

Радасць ад святарства — пункт апоры ў выпрабаваннях і пераследах, яна іх перамагае. Але яна знікае, калі не хапае жывога кантакту з Хрыстом, з Эўхарыстыяй, са Словам Божым.

Гэтая радасць — дар Божы, трэба прасіць аб ёй, пастаянна захоўваючы поўную гатоўнасць сэрца.

Радасць вашая дасканалая ў небе. Касцёлу і свету вельмі патрэбныя святары такой поўнай радасці. <...>

 

З рэкалекцый 1981 г., Рым, капліца св. Матыльды, 8.ІІІ–14.ІІІ

12.ІІІ

4. XIV канферэнцыя. Anti-testimonianza: Антысведчанне.

Антысведчаннем з’яўляецца грэх!

Скрыжалі «дэкалогу» (разбітыя Майсеем): закон, дадзены людской натуры. Потым — закон Евангелля: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі». Грэх скіраваны супраць праўды і справядлівасці. Бог мае галоўныя правы ў адносінах да стварэння, да чалавека: «Фармуляр правоў Бога»! <...>

Пытанне: ці ўспрымаю я сваё служэнне ў Пятровай Сталіцы як абарону Божага права, правоў Стварыцеля і Адкупіцеля?

Калі грэх з’яўляецца антысведчаннем, то асаблівым чынам ім з’яўляецца грэх святара, якога Хрыстус кліча да асаблівага «сяброўства» з Ім <...> —

Грэх — антысведчанне ў адносінах да Жыцця, звышнатуральнага арганізму Ласкі. Асабліва — грэх святара, які павінен служыць гэтаму Жыццю!

Грэх скіраваны супраць годнасці чалавечай асобы. Дзякуючы Ласцы чалавек з’яўляецца святыняю Духа Св[ятога]. Грэх знішчае гэту святыню. Праз грэх чалавек пазбаўляецца годнасці сыноўства Божага. Грэх «памяншае» чалавека.

Грамадскі аспект граху: ён раніць Касцёл як супольнасць. Асабліва — грэх святара. <...>

 

З рэкалекцый 1983 г. Рым, капліца св. Матыльды, 20.ІІ–26.ІІ

22.ІІ

Cat. S. Petri [свята катэдры св. Пятра]

<...>

Хрысталагічная медытацыя (ІХ)

Пасха. У Ізраэлі яна адзначалася ў сям’і, у дамах (не ў святыні!). Штогод Пасха была вяртаннем да Божага Плану, выйсцем з хаосу.

Такім чынам, Пасха стала святам хрысціянаў, якое адзначаецца ў сям’і Касцёла як супрацьпастаўленне сілам хаосу і распаду. <...>

Ізраэль успадкаваў пасху ад намадаў, для якіх яна была святам вясны. Адсюль такі пасыл: мы знаходзімся ў дарозе. <...>

Хрысціянская пасха — гэта пераход. Мы ў дарозе да іншага Жыцця, да іншай Айчыны. Касцёл — не крэпасць, а адкрыты горад. Верыць — гэта значыць «выходзіць» з ночы, з хаосу — так, як «выйшаў» Езус: Вялікі чацвер. Мы павінны выходзіць разам з Ім у кірунку mysterium paschale [пасхальнай таямніцы].

 

5. Канф. (VI) Медыт.

«Калі моліцеся, кажыце: Ойча…»

Пане, навучы нас маліцца… Хрыстус у адказ аб’яўляе сваё ўласнае жыццё менавіта ў гэтых просьбах, якія з’яўляюцца Яго просьбамі і памкненнямі: разам з тым — гэта Дух Сына, Жыццё Сына. Колькі разоў прамаўляем гэтую малітву, кожны раз трэба ўваходзіць у жыццё Сына ў Духу, які ўсклікае ў нашых сэрцах: Абба, Ойча! «Ойча наш» — гэта сінтэз, узнаўленне ўсёй малітвы вучняў, а перад тым — малітва псальмаў і ўсяго Старога Запавету. Гэта малітва («Ойча наш») уключае нас ва ўсю пасхальную Дзею Хрыста: выбаўленне ад зла (libera nos a malo [збаў нас ад злога]).

Уся [малітва] «Ойча наш» прасякнута рэальнасцю гэтага паяднання з Айцом, якое здзейсніў Хрыстус у Духу Святым: будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Ад паяднання з Айцом да паяднання з людзьмі [адпусці… як і мы адпускаем вінаватым нашым]… не ўводзь нас у спакусу…

Калі б сам Хрыстус не прамовіў словаў малітвы Панскай, ніводзін чалавек не здолеў бы «вынайсці» гэтай малітвы. <...>

 

7. Канф. (VII) Медыт.

«Калі моліцеся, не гаварыце шмат...» Тут гаворка ідзе не пра шмат словаў, а пра адкрыццё сэрца Айцу ў Духу Святым. У гэтым самым духу прамаўляе св. Павел, які заклікае пастаянна дзякаваць за ўсё Айцу. Малітва вымяраецца не колькасцю словаў, якія павінны былі б «гарантаваць» выслухоўванне просьбаў, а менавіта гэтаю падзякаю за ўсё. Паўлава малітва — перадусім сузіранне Божага дзеяння ў нас і ва ўсім. Разам з тым гэта малітва «рэалістычная», без «эйфарычнага» аптымізму.

Паўлава падзяка тычыцца не мінулага, а сённяшняга: яна за тое, што Айцец пастаянна дзейнічае моцаю Хрыстовага Адкуплення. Малітва нашага жыцця — і жыццё нашай малітвы, бо мы з’яўляемся «Божымі супрацоўнікамі».

Паўлава малітва прыпадабняецца да малітвы самога Хрыста. Гэта спрадвечная падзяка, якая сыходзіць з людскога сэрца. Таксама маленне, якое ёсць у малітве Хрыста, выказваецца ў форме падзякі. <...>

 

15. Канф. (VIII) Медыт.

Малітва Маці Хрыста. Яна нічога не кажа сама пра сваю малітву. Малітваю з’яўляецца Яе пастаянная адкрытасць Богу. Перадусім — гэта малітва маўчання, асабліва пад крыжам.

Magnificat — гэта цалкам Яе малітва і разам з тым — яна ўся з традыцыі Ізраэля (асабліва з Песні Ганны, з псальмаў), і таму адначасова не Яе.

Magnificat не парушае маўчання Марыі, а з’яўляецца яго часткаю. Гэта маўчанне — услухоўванне ў «Мову Духа Св.». Менавіта такою была малітва Марыі.

Сын Марыі навучыўся малітве свайго Народу ад Маці. На гэтым шляху да Яго трапіла Божае Слова, у якім праявілася воля Бога ў адносінах да Яго — Месіі — і воля збаўлення чалавека. «Павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах». Гэтае «павінна» — праява не фаталізму, а Любові. «Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?».

Маліцца псальмамі разам з Марыяй. <...>

 

17. Канф. (IX) Медыт.

Panem nostrum cotidianum [«Хлеба нашага штодзённага»]. Сын беднай сям’і з Назарэта, Хрыстус ведаў вартасць штодзённага хлеба. «Хлеб» — гэта сімвал «працы Бога», а таксама — плод людской працы. Людская праца і ўся людская творчасць прасякнута Божаю справаю стварэння. Такі ж сэнс маюць хлеб і віно на эўхарыстычным алтары. Пан выбраў плады працы чалавека — самыя простыя і самыя важныя.

Словы св. Паўла падкрэсліваюць неабходнасць дзяліцца з іншымі (з галоднымі); эўхарыстычны Хлеб здзяйсняе тут асабліва суровы суд: такім чынам Эўхарыстыя становіцца знакам «выйсця» (exodus) для ўсялякага людскога эгаізму. У постаці хлеба (і віна) Хрыстус радыкальна «дае» сябе ўсім.

Тут крыніца кожнай малітвы Касцёла і ўсяго апасталату.

(Малітва — праз Марыю). <...>

 

Exercitia Spiritualia [Духоўныя практыкаванні], 1987 г., 8.ІІІ–14.ІІІ

11. ІІІ

14. Канф. (XII). Медыт.

«Устань, ідзі ў Нініву…» Місійны заклік. Ізраэль Старога Запавету жыў, хутчэй, уяўленнем, што народы прыйдуць да яго (у Ерузалем). Уваскрослы Хрыстус даў Апосталам наказ: «ісці да» народаў ажно ва ўсе канцы свету. Місійны мандат.

Такая місійная «напружанасць» адпавядае Таямніцы Добрага Пастыра, які «шукае» кожнай згубленай авечкі, каб увесці яе ў аўчарню. Адсюль маральны «прымус» евангелізацыі ва ўсім сучасным свеце. Хрысціянін не можа даць паглынуць сябе прамінальнаму «свету» і сілаю сваёй веры павінен аб’яўляць і паказваць «свет непрамінальны».

«Свет (асабліва сучасны) пазбаўляе ўпэўненасці ў сабе. Хрыстус дадае адвагі: «Я з вамі…», «дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі»… «Я перамог свет». Такім чынам, пасланніцтва Касцёла не рэалізуецца ў пустэльні: гэта свет, у якім прысутнічае Бог і дзейнічае моцаю пасхальнай таямніцы Хрыста. Хоць часам гэта Бог невядомы. Хрыстус аддаў у рукі сваіх вучняў, у рукі Касцёла — Аб’яўленне гэтага невядомага Бога.

Ёна палохаецца сваёй місіі, не давярае… Бог яго навяртае… і Ёна навяртае Нініву. Ён становіцца прыладаю збаўчай волі Бога, поўнага міласэрнасці. Таму трэба пачынаць з навяртання ўласнага сэрца…

 

Exercitia Spiritualia [Духоўныя практыкаванні], 1998 г., 1–7.ІІІ

4.ІІІ

15. Медыт. ХІІІ

«Dalla preghiera alla missіone» [«Ад малітвы да місіі»]

Як жа можна ўсім служыць без малітвы? Без Хрыста?

«Без Мяне нічога не можаце зрабіць». Наша святарства ўзрастае разам з малітваю. Малітва — гэта крыніца крэатыўнасці; маліцца — гэта значыць сустракаць Бога, які прыходзіць.

Калі ў Касцёле «крызіс», то гэта заўсёды крызіс нашай малітвы. <...>

Гаварыць пра Хрыста — значыць гаварыць, сыходзячы з Яго багацця. Такі досвед Хрыстовых апосталаў усіх часоў. <...>

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: «ДА ЖЫЦЦЯ ВЕЧНАГА Ў БОГУ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY