|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
У Іспаніі шмат гарадоў, славутых прыгажосцю сваіх архітэктурных і мастацкіх помнікаў, гармоніяй прыроды і чалавечай творчасці. Але менавіта Авіла (разам з Сант’яга дэ Кампастэла) выдзяляецца з гэтага шэрагу дзякуючы свайму выключнаму месцу ў гісторыі і развіцці хрысціянства. У свеце, перш за ўсё ў каталіцкім свеце, Авіла вядомая як горад святой Тэрэзы ад Езуса, або Тэрэзы Авільскай (Santa Teresa de Avila), святой патронкі іспанамоўных пісьменнікаў.
Хаця на працягу стагоддзяў сваёй гісторыі Авіла набыла іншыя тытулы — cярод іх афіцыйныя, паводле каралеўскіх прывілеяў: «Avila del Rey» («Каралеўская»), «Avila de los Caballeros» («Шляхецкая»), але яна мае таксама народны тытул: «ciudad de cantos y de santos» («горад спеваў і святых»). Размешчаны ў гістарычным рэгіёне Кастылія і Леон, горад мае надзвычай багатую гісторыю, у якой адлюстраваліся драма і веліч жыцця Іспаніі, паўднёва-заходняга ўскрайку Еўропы. На тэму этымалогіі назвы горада існуе шэраг тэорый і дагэтуль вядуцца навуковыя спрэчкі. Спектр зыходных пазіцый для вызначэння паходжання назвы надта шырокі: ад фінікійскай мовы да гоцкай. Нягледзячы на грунтоўныя аргументацыі, нікому з тэарэтыкаў не ўдалося пераканаць людзей і навуку ў канчатковай ісціне сваёй гіпотэзы. Некаторыя даследчыкі адлічваюць гісторыю паселішча ад рымскага горада, які знаходзіўся ў цяперашнім гістарычным цэнтры Авілы. З гэтай старонкі пачынаецца ўжо не гіпатэтычная, а навукова абгрунтаваная кніга гісторыі горада. Захаваліся магутны мост рымскай эпохі праз раку Адаха (перабудаваны ў Сярэднявеччы), антычныя мазаікі і багаты на археалагічныя знаходкі некропаль. Антычны горад перажыў перыяд росквіту ў І і ІІ стст., але з ІІІ ст. пачаўся яго заняпад у сувязі з агульным крызісам Рымскай імперыі, а пазней з нашэсцямі франкаў і алеманаў часоў Вялікага перасялення народаў. З VI ст. і да самага арабскага нашэсця на Пірэнеі Авіла ўваходзіла ў Таледскае каралеўства вестготаў, якія гаспадарылі ў Іспаніі. Ужо ў гэты ранні перыяд Авіла набывае важнае значэнне як асяродак рэлігійнага жыцця, а з 610 г. паводле загаду караля Гундэмара горад становіцца галоўным рэлігійным цэнтрам каралеўства. Тут існавала біскупства, і авільскія іерархі мелі свой важкі голас у каралеўскай радзе ў Таледзе. У сярэдзіне VI ст. вакол Марыйнага Старажытнага касцёла (Santa Maria Antigua) паўстаў адзін з першых кляштараў у Іспаніі.
«Цунамі» мусульманскага нашэсця, якое пачалося ў 711 г., дакацілася да Авілы ўжо ў 714 годзе. Горад быў цалкам разбураны. Распачаўся надзвычай драматычны перыяд у яго гісторыі. І арабы, і хрысціяне разглядалі Авілу як апорны пункт у змаганні, якое доўжылася на працягу стагоддзяў і атрымала назву Рэканкісты — адваявання захопленых чужынцамі тэрыторый. Ужо ў 742 г. войскі Альфонса І выбілі акупантаў з горада, але ім не ставала моцы ўтрымаць яго. Кароль загадаў вывесці хрысціянскае насельніцтва на поўнач і засяліць людзьмі вольныя, але пустыя землі. У 785 г. горад зноў трапіў у валадаранне арабаў. Авіла некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У 1007 г. арабы дашчэнту разбурылі муры горада. Іспанска-мусульманскі географ Аль-Ідрысі (ХІІ ст.) апісваў Авілу як «скопішча вёсак». Але ў іспанскіх хроніках за 1092 г. ужо паведамляецца пра канчатковае адваяванне хрысціянамі Таледа (цэнтра ўсяго рэгіёна) і пачатак працаў па аднаўленні муроў і сабора Збаўцы ў Авіле. Горад стаў апорным пунктам пераможнай Рэканкісты, і атрады авільцаў здзяйснялі свае выправы на акупаваныя мусульманамі тэрыторыі. Аднак з цягам часу, калі межы арабскіх валадаранняў былі адсунуты далей на поўдзень, Авіла страціла стратэгічнае значэнне.
Новы перыяд росквіту настаў для горада ў другой палове XV ст., у эпоху каталіцкіх манархаў Фернанда Арагонскага і Ізабэлы Кастыльскай. Горад багацеў і развіваўся на працягу ўсяго XVI ст., адыгрываючы прыкметную ролю ў палітычным, рэлігійным і культурным жыцці Іспаніі. У Авіле жылі і дзейнічалі многія выдатныя людзі. Безумоўна, сярод іх найбольш славутая ў стагоддзях святая Тэрэза. Але трэба згадаць таксама яе паплечніка і аднадумцу святога Яна ад Крыжа (San Juan de la Cruz – Сан Хуана дэ ла Крус; 1542–1591), паэта-містыка, манаха, які дапамагаў св. Тэрэзе рэфармаваць кармэліцкі Ордэн. Кананізаваны ў 1726 г., ён быў абвешчаны святым патронам іспанамоўных паэтаў у 1952 годзе. Гэты чалавек распачаў справу, якую некаторыя гісторыкі называюць першай буржуазнай рэвалюцыяй у еўрапейскай гісторыі. Менавіта святы Ян ад Крыжа арганізаваў першы звяз камунэраў (la junta de los comuneros) у Авіле, з якога пачаўся шырокі нацыянальны рух гарадоў Кастыліі, а потым і магутнае паўстанне супраць абсалютызму імператара Карла І (1520–1522). З канца XVI і на працягу XVII–XVIII стст. горад перажывае перыяд заняпаду, звязанага з агульным крызісам Іспанскай імперыі. Так, у 1608 г. у Авіле пражывалі ўсяго 1500 чалавек. Французскае нашэсце часоў Напалеона нанесла цяжкі ўдар па горадзе. У студзені 1809 г. французкія войскі на працягу трох дзён палілі і разбуралі Авілу. Захопнікі разрабавалі і зганьбавалі касцёлы і кляштары. У адказ на гэта авільцы вялі жорсткую народную партызанскую вайну. На працягу большай часткі ХІХ ст. сучаснікі пісалі пра Авілу як пра горад «зруйнаваны і поўны цемры», «маўклівы і знясілены». Напрыканцы стагоддзя пачынаецца паступовае адраджэнне Авілы ў сувязі з індустрыялізацыяй Іспаніі. Апошняй вялікай драмай горада была грамадзянская вайна 1936–1939 гадоў. Авіла ад самага пачатку канфлікту апынулася ў зоне пад кантролем франкістаў — тут знаходзіўся вялікі канцэнтрацыйны лагер.
Сучасная Авіла — адзін з самых невялікіх, слаба населеных цэнтраў правінцый Іспаніі. Але горад жыве вельмі напружаным культурным і палітычным жыццём. Менавіта адсюль пачыналі сваю палітычную кар’еру многія дзяржаўныя дзеячы краіны. У 1996 г. у Авіле быў заснаваны Каталіцкі ўніверсітэт. Штогод мільёны людзей прыязджаюць сюды па слядах святой Тэрэзы. У горадзе праводзяцца рэлігійныя святкаванні ў гонар св. Тэрэзы (15 кастрычніка). Авіла — цудоўны, дбайна адрэстаўраваны архітэктурна-пластычны ансамбль, сапраўдная энцыклапедыя гісторыі і культуры Іспаніі. Ужо здалёк адкрываецца захапляючая панарама старажытнага горада. Гістарычныя муры захаваліся ў першасным выглядзе з часоў Сярэднявечча. Гэта самы вялікі пас гарадскіх муроў, што засталіся ў Іспаніі. Гараджане разбудоўвалі муры з канца ХІ да XIV ст. Маштабы абарончага комплексу ўражваюць: перыметр муроў — больш за 2,5 кіламетры, 88 паўцыркульных вежаў стаяць на ўсім працягу ўмацавання. Яны — як рыцары хрысціянства, што самкнуліся вялізным шыхтом у абароне Еўропы. Гэта адзін з велічных помнікаў гераічнай Рэканкісты. Пры разбудове ўмацаванняў авільцы ўключылі некаторыя дамы і палацы ў лінію муроў (гэта бачна з боку гарадской забудовы). З 9-ці брамаў муроў самае арыгінальнае вырашэнне мае брама Алькасар. Браму фланкуюць дзве магутныя вежы, злучаныя паўкруглаю аркаю-мастком. Насупраць гэтай брамы адкрываецца вялікая плошча св. Тэрэзы, патронкі горада. Усё тут захоўвае жывы подых гісторыі. Вядома, што сямігадовая Тэрэза разам з малым стрыечным братам вырашыла накіравацца ў Афрыку, каб несці хрысціянскую ідэю маўрам і загінуць пакутніцкаю смерцю. Дзеці ўжо выйшлі за муры, але іх заўважыў і вярнуў дахаты іх дзядзька…
Касцёл кляштара св. Тэрэзы быў пабудаваны на пачатку XVII ст. на месцы, дзе стаяў дом сям’і святой. У крыпце касцёла знаходзіцца Музей св. Тэрэзы, у экспазіцыі якога паказаны ўсе перыяды яе жыцця і дзейнасці. Геаметрычныя, строгія формы фасада касцёла дэманструюць самы пачатак барочнага стылю ў іспанскай архітэктуры, яшчэ далёкага ад пышнасці і дынамізму. Сціплы па архітэктурных формах, з контрфорсамі і адзінаю дамінантаю — убудаванай у асноўную масу забудовы званіцаю — кляштар Уцелаўлення Пана таксама мае экспазіцыю твораў сакральнага мастацтва і артэфактаў, звязаных з жыццём св. Тэрэзы. Менавіта ў гэтым кляштары кармэлітак у 1535 г. Тэрэза распачала свой шлях служэння. Галоўная святыня Авілы — катэдра Хрыста Збаўцы (ХІІ–ХV стст.). Архітэктар Альвар Гарсія пачаў будаваць яе ў раманскім стылі, але эпоха прадыктавала вырашэнне пабудовы як храма-крэпасці — тоўстыя муры, магутныя контрфорсы, вузкія праёмы вокан. Апсіда катэдры ўключана ў абарончыя муры горада і мае завяршэнне ў выглядзе такіх жа зубцоў, якія вянчаюць усю лінію ўмацаванняў. Але з перамогаю Рэканкісты і стратаю ваеннага значэння Авілы мяняюцца эстэтычныя прыярытэты творцаў. Авільская катэдра Збаўцы становіцца сапраўдным маніфестам готыкі для ўсяе іспанскай архітэктуры. Майстар Фрушэл быў натхнёны парыжскім касцёлам Сэн-Дэні і імкнуўся да ўвасаблення новага стылю ў пабудове святыні. На пачатку ХІІІ ст. у архітэктуры катэдры з’яўляюцца стрэльчатыя аркі і скляпенні, ажурная каменная разьба. Святыня пабудавана ў форме лацінскага крыжа, мае тры навы. Адзіная вежа (другая не была дабудаваная) завяршае агульнае спірытуальнае памкненне архітэктурна-пластычных формаў у нябёсы, што ўласціва готыцы. Але раманская суровасць і стабільнасць усё ж выразна прачытваюцца ў вобразе храма. У горадзе ёсць яшчэ шмат касцёлаў, палацаў і гістарычных мясцінаў. Авіла — бясцэнная каштоўнасць усяго хрысціянства. Валеры Буйвал
Гл. таксама:
|
|
|
|