|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
…Наш аўтобус калясіў па пыльных прасёлках, зацярушаных хлебам, не давезеным у дзіравых кузавах машынаў да сховішчаў. Зерне, якое ўпала на зямлю не для таго, каб потым узысці, пазначала наш шлях. Пранікаючы ў «зону», дзе час імкнуўся назад, мы падбіралі «каласкі» пасля адгрымелага «жніва» атэістычнага псіхозу… Гэта была невясёлая і досыць нервовая праца. Я спрабаваў расказаць пра яе ў 1982 годзе ў эсэ «Блікі адыходзячага дня», але, вядома ж, не адважыўся нават заікнуцца пра расцярушанае па дарогах зерне, пра людзей, якія сустракалі нас з віламі і косамі каля дзвярэй разрабаваных святыняў, і пра непахісную веру, што цеплілася каля апаганеных алтароў. Але, як бы там ні было, у экспедыцыях па «знятых з уліку культавых пабудовах» з уратаваных рэчаў сфармаваліся калекцыі старажытнабеларускага мастацтва Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, музея пры Акадэміі навук Беларусі і абласных музеяў гісторыі рэлігіі і атэізму. <...> Многае не вярнуць, не аднавіць, хоць сёння робяцца спробы, але нашы ўнукі, напэўна, ужо не павераць, што «Статут» Вялікага Княства Літоўскага напісаны на іх роднай мове. І, мабыць, Уладзімір Караткевіч падасца ім іншаземным рамантыкам-фантастам. …Напярэдадні 1913 года (года эканамічнага росквіту нашай найбліжэйшай суседкі Расіі) Бацькаўшчына падавалася патрыятычнаму позірку персанажа аповесці Максіма Гарэцкага кучкаю хатак — «як куча гною: цераз дзясятак вёрст — убогая царкоўка мужыцкая ці касцёл — і ўсё, уся спадчына, што мае краіна ад гаспадарання бацькоў, дзядоў і дзяцей іхніх». На жаль, да 1970-х гадоў і тых цэркваў ды касцёлаў амаль не засталося. Ва ўсялякім разе, не «знятых з уліку», а значыць не ператвораных у склады, сховішчы, спартзалы, архівы, клубы. Можна было таксама ператварыць касцёл у Дом кіно або планетарый ці музей чаго-небудзь, бо разбурэнне «до основанья, а затем…» патрабавала значных высілкаў — у даўніну, як вядома, будавалі на вякі. Маёмасць святыняў разрабоўвалася і знішчалася, роспісы сценаў калі не збіваліся, то проста закрываліся слоем шпаклёўкі, як у мінскім катэдральным касцёле, напрыклад… Многае проста зраўнялі з зямлёю, як фару Вітаўта ў Гародні. Але, тым не менш, у Гродзенскай вобласці да 1948 года ўсё ж ацалела 1050 цэркваў… каб да 1985-га іх засталося ўсяго толькі 219… З вядомых мне стратаў можна было б стварыць музей гісторыі мастацтва Беларусі, гэткі віртуальны калумбарый; а замест урнаў з прахам — фотаздымкі, апісанні, макеты, успаміны… І самыя шчырыя спачуванні… Страта каванага з пазалочанага срэбра акладу абраза з касцёла Яна Хрысціцеля з мястэчка Камаі Віцебскай вобласці незваротная для дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. І пра Камаі ніхто, напэўна, не ведаў бы, каб не гэты касцёл — невысокі (16 метраў), укаранёны ў макаўку ўзгорка на перасячэнні пяці дарогаў у самым цэнтры вёскі. Просты трохвугольны шчыт з чатырма навамі завяршае фасад, фланкаваны ладдзямі-вежамі з вузкімі вокнамі і рэдкай формы байніцамі, падобнымі да чашаў. Вызначаючы стыль, хочацца назваць яго лапідарным, бо яго архітэктуры ўласцівыя яснасць, стрыманасць, лаканічнасць і выразнасць. Ён сапраўды нібыта высечаны з каменя, як двухметровы крыж, зроблены з валуна, што з даўніх часоў стаіць на скрыжаванні дарогаў. Нягледзячы на лаканічнасць і простасць, касцёл не губляецца побач з такімі шэдэўрамі абарончага тыпу як цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы. Наадварот, яго падкрэслена суровая і вытанчаная грунтоўнасць выглядае яшчэ больш выразна. Гэтае збудаванне — рэальнае сведчанне неабходнасці абараняцца, увасобленай у рысах готыкі, рэнесансу і барока. Ядры для пушак, замураваныя ў сцены, нагадваюць пра шведаў, якія падчас Паўночнай вайны намагаліся праверыць трываласць сценаў двухметровай таўшчыні. <...> Пра героя Хоцімскай бітвы, на грошы якога ўзведзены шэдэўр абарончага дойлідства, ніхто не згадвае… Дзіўна і сапраўды ўспрымаецца як цуд тое, што за чатыры стагоддзі касцёл ні на адзін дзень не быў зачынены для веруючых. Аднак ні абарончая архітэктура, ні боязь Бога не былі перашкодаю для крадзяжу ў канцы ХХ ст., зрэшты, як і любога іншага часу, і злодзеі, прыйшоўшы ў касцёл уначы, па-варварску сарвалі цяжкія каштоўныя шаты з пазалочанага срэбра з абраза галоўнага алтара. Алтарны абраз ацалеў толькі таму, што акно, праз якое злачынцы залезлі ў касцёл, выламаўшы краты, было невялікім. …Аголены жывапіс патрабаваў рэстаўрацыі. У працэсе работы высветлілася, што пад слаямі запісаў больш за два стагоддзі хаваўся абраз Божай Маці. Два стагоддзі ніхто не здагадваўся, што Яна — Чэнстахоўская. Абраз па-барочнаму святочны, яркі, светлы, усмешлівы — не падобны да абраза Чорнай Мадонны з Чэнстаховы. Прадаўгаваты твар, буйны падбародак, вялікі нос, вялікія вочы, пухлы рот з доўгімі куткамі вуснаў і ледзьве заўважныя сляды ад удараў шаблі на правай шчацэ, якія наўрад ці былі б раскрытыя, калі б раскрыццё жывапісу вялося без выкарыстання мікраскопа. Знак чэнстахоўскай святыні, схаваны пад познімі запісамі, быў нябачны пад пацямнелым лакам ужо перад першым панаўленнем, інакш яго, безумоўна, не асмеліліся б запісаць. Калі б не гэтая «метка», раскрытая пад мікраскопам, немагчыма было б здагадацца, што гэта менавіта Чэнстахоўскі абраз, як цяжка здагадацца, што плыткі ручаёк паміж узгоркамі — гэта насамрэч суднаходная рака Камайка, якая некалі мела абарончае значэнне. Выклікала сумненне тое, што назва вёскі нібыта паходзіць ад фінскага слова «камаі», што азначае «буралом». Пры чым тут буралом — тым больш фінскі? Камай, як мне вядома, — гэта галаўны ўбор, які атуляе плечы і шыю — штосьці падобнае да сярэднявечнага кальчужнага падшлемніка, або клабука, «шлема выратавання» праваслаўных манахаў. Магчыма, калі ўзгоркі сярод азёраў яшчэ не мелі назвы, адзін з іх займалі манахі, якія насілі ўзімку камаі, каб схаваць ад холаду галаву і плечы. Гэта было звыклае адзенне заходнееўрапейскага манаха. Людзі, выпраўляючыся ў кляштар з Паставаў ці Лынтупаў, напэўна, гаварылі «пайду ў камаі», маючы на ўвазе месца, дзе пасяліліся манахі, апранутыя не па тутэйшай «модзе». Напэўна, на фоне чысцюткага снегу і яснага неба фігуры ў цёмных камаях глядзеліся на версе крутога ўзгорка вельмі выразна, графічна — іх мог бы добра намаляваць Рэрых…Такое маё разуменне назвы, і больш лагічнага я пакуль не ведаю — яно больш праўдападобнае, чым фінскі буралом… У краіне пераможнага сацыялізму прыкладалася нямала намаганняў для таго, каб вывіхнуць мазгі і душы грамадзянаў, а нацыянальныя асаблівасці савецкіх рэспублік былі для імперыі проста дэкаратыўнымі бразготкамі. Але… …але сакральная архітэктура, якая ўсім сваім выглядам сведчыла пра тое, што яна створаная назаўсёды, «на векі вечныя», пераканаўча і відавочна сцвярджала і волю, і свабоду… хаця б у архітэктуры. Дастаткова толькі ўбачыць вертыкалі ўзвышаных сілуэтаў, заснаваных на выгнутых фасадах, якія нібы ўзносяць у неба вытанчаную сіметрыю шмат’ярусных вежаў… Дарэчы, асаблівасць нашай архітэктуры раптоўна спасцігаеш з радасна-нечаканай яснасцю, калі, вяртаючыся дадому з Пскова ці Ноўгарада, бачыш, як над даляглядам у промнях захаду выплывае сітуэт полацкай Сафіі…
|
|
|
|