|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
У няпростых рэлігійных і сацыяльна-палітычных абставінах, праз якія церабіўся гістарычны шлях нашай Бацькаўшчыны, Бог заўсёды пасылаў ёй самаахвярных святароў-падзвіжнікаў, што, пачуўшы голас Хрыста: «Ідзі за Мной!», працавалі дзеля духоўнага ўзрастання народа і яго нацыянальнага адраджэння. Пераадольваючы немалыя цяжкасці і перашкоды, а нават і супраціў розных грамадскіх і клерыкальных сфераў, яны фарміравалі свядомасць і ідэнтычнасць народа, дасканалілі грунт яго веры і выхоўвалі ў ім нацыянальную годнасць. Між такіх чынных беларускіх святароў-адраджэнцаў першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя зорна-нябёсным святлом ззяе імя святара і паэта Канстанціна Стэповіча (1890–1926), больш вядомага пад літаратурным псеўданімам Казімір Сваяк. 19 лютага 2015 года споўнілася 125 гадоў з дня яго нараджэння; падзея была ўшанавана грамадскасцю ўрачыстай вечарынай-імпрэзай у Таварыстве беларускай мовы ў Мінску, а ў касцёлах Беларусі (Чырвоным касцёле імя святых Сымона і Алены ў Мінску, парафіяльных касцёлах у Камаях і Клюшчанах, дзе працаваў К. Сваяк) адбыліся Імшы ў памяць аб гэтым легендарным беларускім святары, жыццё якога было аддадзена, паводле паклікання, служэнню «з народам для Бога». Пра Казіміра Сваяка ўжо нямала пісалася, асабліва як пра пісьменніка – выдатнага творцу, аўтара прыжыццёвага паэтычнага зборніка «Мая ліра» (Вільня, 1924), твораў прозы, драматургіі і публіцыстыкі, што сталіся годнымі ўзорамі нацыянальнай літаратуры, у якіх перапляліся ў адно мастацкае цэлае рэлігійнасць і патрыятызм, веданне парафіяльнага народнага жыцця і асабістыя перажыванні, узнёслы адраджэнскі рамантызм і дасціпнае, невычарпальнае пачуццё гумару. У гэтым артыкуле хочацца звярнуць асаблівую ўвагу на Казіміра Сваяка найперш у рэчышчы святарскага шляху паэта, а не паэтычнага шляху святара, хоць абодва гэтыя шляхі складаюць адзіны і непарыўны ягоны лёс. А крыніцаю для нас паслужыць ягоны дзённік «Дзея маей мысьлі, сэрца і волі» (Вільня, 1932), апублікаваны ў свой час з рукапісаў паэта ягоным сябрам і паплечнікам ксяндзом Адамам Станкевічам.
«Зара буду ксяндзом…»
Дзённік К. Сваяка – жывое сведчанне таго, як нараджаецца пакліканне да святарства, як яно ўмацоўваецца, развіваецца, паглыбляецца, праз якія душэўныя змаганні і выпрабаванні праходзіць, каб крынічыць чыстым і ясным святлом духу і весці за сабою ў высокі шлях да Валадарства Нябеснага. Будучы святар і паэт нарадзіўся і гадаваўся ў рэлігійнай працавітай беларускай сям’і ў вёсцы Барані Свянцянскага павета (сённяшняя Астравеччына). Цяпер у роднай хаце К. Сваяка, як вядома, знаходзіцца Дом-музей, адкрыты пяць гадоў назад. Як вынікае з асобна напісанай у 1925 годзе аўтабіяграфіі паэта, яго святарскі шлях быў жаданай марай усёй сям’і: «Ідэалам маіх добрых родзічаў было відзець мяне ў духоўным стане. Я пайшоў па лініі жыцця, якая мне здавалася найпрасцейшай і якая была здаўна ў матчыных снах» (Цыт. паводле: «Сваяк К. Дзея маей мысьлі, сэрца і волі. Выданьне другое. – Лёндан: Выд-ва «Божым шляхам», 1991. – С.44. Далей спасылкі на гэта выданне даюцца ў тэксце з пазначэннем старонкі ў дужках). У сям’і Стэповічаў было яшчэ некалькі сыноў, але менавіта ў Кастусю сэрца маці прадчувала будучага святара. Аднак наўрад ці жаданне бацькоў магло быць рэалізаваным без унутранага адчування паклікання да святарства самім юнаком. А яно нараджалася паступова. У свянцянскай павятовай школе, куды ён прывёз «душу чыстую, чуткую, узгадаваную на раллі людовай фантазіі і спеўную, пакорную для Таго, каго ўважала за Найвышшага Пана ўсяго свету» (7), ён сустрэўся з моладдзю, якая поўнілася іншымі інтарэсамі і, як ён пісаў, «патрапіла вырваць з душы маёй добрыя зароды веры ў жыццё загробнае» (7). Хаця, як прызнаваўся Казімір Сваяк, «комплетным бязверцам» ён не быў ніколі, усё ж на нейкі час местачковае жыццё аддаліла яго ад рэлігіі, якую ён «пачаў уважаць … за нешта фальшывае ў жыцці людзкім» (7). Гэта вельмі важнае і шчырае сведчанне будучага святара, якое пацвярджае на канкрэтным прыкладзе вядомую думку пра тое, што святымі не нараджаюцца, а шлях да святасці церніцца выпрабаваннямі, барацьбою са спакусамі свету, якія шчодра рассыпаныя на зямным шляху кожнага чалавека. Унутраны голас клікаў яго да навяртання: «З восені 1906 году я інтэрэсуюся рэлігіяй і варочаюся павольна да пакінутай малітвы» (7). Гэты пералом у душы шаснаццацігадовага юнака настаў тады, калі ён прыехаў з бацькам у Вільню і яны зайшлі ў катэдру – «бацька дзеля Бога, а я сам не ведаю дзеля чаго: маліцца я не мог». Аднак, знаходзячыся ў святыні, пранікаючыся яе малітоўным духам, ён адчувае незвычайнае хваляванне і трывогу сэрца: «Здалося мне, што лёс мой не толькі ад мяне залежны. Агляд Прадвечнага Бога мусіць быць над кожным. Чаго Ён ад мяне жадае?.. Ці Ягоная помач мне не патрэбна?.. <…> Я хацеў высокага зразумення і вялікіх учынкаў. Мысль мая аднак спакарнела, відзячы сваю слабасць і зменнасць… Я маліўся» (7-8). Далейшы шлях быў вызначаны — паступленне ў Духоўную семінарыю. 21 верасня 1907 года ён запісвае ў дзённіку: «Выбраў сабе небяспечную дарогу: уступіць у сэмінарыю. Баюся, хоць чую руку Божую, што не дарма вырвала мяне з таго балота гнойнага, у каторае пачаў лезці, забіўшы Бога ў сваім сэрцы» (9). З 26 верасня па 15 кастрычніка К. Сваяк знаходзіцца ў Пецярбургу, здае экзамены для паступлення ў семінарыю, а ў канцы кастрычніка ён ужо ў Вільні. Але ізноў яго чакаюць выпрабаванні духу і веры, перакананасці ў правільнасці абранага шляху, наплываюць сумненні: «7 лістапад. Споведзь сяння. Холад і голад духовы. Не адчуваю патрэбы блізьняга. Самалюб я! …Што будзе з мяне?...» (10).
Гранічная шчырасць дзённікавых прызнанняў гаворыць пра сапраўдную чыстасць душы, адказнае стаўленне маладога клерыка да свайго будучага святарства. У ліпені 1908 г. ён прыязджае з Вільні дамоў «кандыдатам да сэмінарыі духоўнай» і думае «заняцца вясковымі дзяцьмі, каб адчыніць ім вочы на святло Божае» (10). Каляды праводзіць дома, адчуваючы, як пралягае нябачная, але рэальная мяжа паміж ягоным шляхам і свецкай мітуснёй, забавамі, якія напаўняюць жыццё тутэйшай вясковай моладзі. Запіс ад 27 снежня 1908 г. сведчыць, што Казімір Сваяк зусім не быў праціўнікам вясковых народных забаваў і гульняў, але ж…: «Я не маю чаго йсці на вечарніцы да маіх вясковых сяброў. Грашаць там [супраць] Бога і горшаць людзей. Не ўся моладзь без стыду. Найчасцей двух-трох найдзецца шалуцькаў і яны перашкаджаюць забаўляцца ўсім. Знойдзецца водка, а як яна ёсць, пачынаецца стыдная забава. Не хачу быць сведкам чужых грахоў і блуду. Я хацеў бы быць на вечарынцы маладосьці жывой, вясёлай, але чыстай. Што ж тут адзін зробіш!.. Я размінаюся ўжо з імі» (10). Забягаючы наперад, трэба сказаць, што на пачатку свайго святарства, у Клюшчанах у 1916 г., К. Сваяк згуртуе вакол касцёла мясцовую моладзь у «Хаўрус сваякоў», дзейнасць якога разгорнецца менавіта ў тым рэчышчы, пра якое ён і марыў – дзеля культурна-асветніцкага руху («забаў») «маладосьці жывой, вясёлай, але чыстай». Хор, дэкламацыі, пастаноўка спектакляў, бібліятэка, іншыя формы працы – гэтая з энтузіязмам распачатая дзейнасць ахапіла шырокае кола мясцовай парафіяльнай моладзі і дагэтуль засталася як светлая легенда ў свядомасці сучасных жыхароў Астравеччыны, нашчадкаў былых «хаўруснікаў». Пачатак навучання ў семінарыі прыносіў новыя плады ўзрастання ў веры, працы над сваім характарам. «Вільня, 23.ХІ.1909. Час, каторы я цяперака перажываю – вельмі для мяне важкі. Мае ён прынесці мне крыху дасканаласці хрысціяніна, каторая аднак змяніла б мяне ў іншага чалавека. Бог толькі ведае, як пойдзе мне гэта праца-труд: адно толькі ведаю, што без Яго помачы – нічога не будзе. Адразу хапіўся я паправіць свой стасунак з бліжнімі і даведаўся, што рахунак сумленя штодзенны дужа да гэтага памагае. Зрабіў тое, што прымусіў сябе да большай увагі. Для карысці майго характару перастаў чытаць кніжкі лёгкага зместу» (11-12). Шмат разважае ў сваім дзённіку малады клерык пра тое, як разумець пакору (пазней ён напіша пра гэта спецыяльны нарыс для друку), у чым праяўляецца пыха, ганарлівасць людская, як уздзейнічае на чалавека споведзь: «5.ХІІ. Дзякую Богу за сягонняшнюю споведзь. Няхай мяне сцеражэ Бог: ад самалюбства, ад нячыстоты сэрца і мыслі, ад застою на дарозе да саманаправы…» (12). Праз тыдзень ён ізноў едзе дадому на Каляды, разумеючы, што «Каляды кінуць новае святло» на яго характар і памогуць пазнаць самога сябе. «Буду мець розныя пакусы, аказыі. Ці знайдзецца сіла датрываць у сваіх добрых пастановах? Божа, будзь Ты маёй сілай у Комуніі Святой!..» (12). Ужо ў новым 1910 годзе, крыху больш чым праз месяц, 23 студзеня, зроблены запіс, які ўжо тады выдаваў у Сваяку будучага не толькі святара і пісьменніка, але і глыбокага хрысціянскага філосафа: «Істота дасканаласці Езуса ў тым, што ўсе Яго сілы духовыя і цялесныя ў найлепшай з сабой гармоніі, згоднасці. Хрыстус жыў людска: бываў на пачастунках, плакаў, гневаўся, а ніхто не можаць сказаць, што Бог-Чалавек у чым-колечы быў замала цнатлівы, меней дасканальны, як хоць бы найбольшы святы. Святыя людзі былі дасканальнымі найчасцей толькі ў вадным якім-кольвек кірунку. Хрыстус усім, заўсягды, усюды множыў хвалу Божую: кожнай сваёй мысляй, кожным словам, кожным рухам». А далей – пра сябе, пра разуменне свайго шляху да хрысціянскай дасканаласці: «Мне не дайсці пэўна да дасканаласці святых, а тым больш Хрыстусавай… Але буду прасіць Пана майго, хай навучыць, чаго мне перш-наперш трэба. Тым часам працую з Яго помачай, каб падбіць пад панаванне волі свае выабражэнні, што мяняюцца, як тыя повіды на хмарным небе. Цяпер час дайсці да гэнай гармонійнай стройнасці характэру, да роўнаважнасці сілаў душы маёй…» (12-13). Так бачыў свой шлях у святле наследавання Хрыста малады дваццацігадовы клерык Кастусь Стэповіч, рыхтуючы сябе да святарства. Але ён прадчуваў, што гэта будзе шлях пастаяннай барацьбы, дзе будуць свае перамогі, свае паўзы… 16 сакавіка 1911 г. ён пісаў: «Сяння рэкалекцыі. У горле суха, у душы зімна. Хто дасць мне вырвацца з гэтага стану лянівае мыслі, халоднага пачуцця? Хто вывядзе мяне з лябірынту трывожных думкаў, неразумных жаданняў, нясмелых пастановаў?» (15). Запіс наступнага дня: «Бяруся ізноў за рэформу свайго характару… Сцеражыся абмовы, антыпатыі. Смешнае адкрыцце. Я не цярплю тых, у кім віджу свае ўласныя недахваты. Трэба маліцца за тых, каго чым-кольвечы абразіў, або каго не люблю…» (13). Новы віток узрастання ў веры прынесла наведванне Яснай Гары ў Чэнстахове ў красавіку 1911 г.: «У ціхасці, пакоры кленчыў я на цвёрдай пасадзцэ каплічнай. Што мысліў, не ведаю, чаго хацеў, не помню. У немай малітве прабыў я цэлую Імшу… Я пайшоў ізноў у капліцу. Прачытаў аддзел св. Паўлы. Словы: «Мяне ўжо афяраваць маюць, і час развязкі маёй надходзіць» – занялі мае думкі. Я мысліў аб афяры, якую магу Богу афяраваць. Кожны духоўны каталіцкі мусіць быць афярай, бо з волі Хрыстуса складае на аўтары афяру чыстую, святую. Назаўтра былі ў споведзі і збліжыліся да Эўхарыстыі. Ехалі дамоў мацнейшыя духам, з ахвотай да жыцця і працы» (16). Неўзабаве, у канцы красавіка 1911 г., К. Сваяк прымаў першыя святарскія пасвячэнні. Запіс ад 27 красавіка: «Рэкалекцыіі прад вышэйшымі свячэннямі… Быць ксяндзом, афярнікам «Бога Жывога» – страшная рэч, але і вялікая. Страшная, бо трэба нагнуць сябе моцна да афяры і самаадрачэння. Вялікая, бо ў парадку рэлігійным няма на свеце чалавека большае годнасці за вернага свайму прызову ксяндза. Баюся прыняць свячэння» (16–17). Можна адчуць з гэтага прызнання, наколькі адказна ставіўся К. Сваяк да свайго святарскага паклікання — яго боязь, вядома ж, была выклікана не сумненнямі ці ваганнямі ў правільнасці абранага шляху, а той бязмежнай самапатрабавальнасцю, якая ўласцівая была яго характару, разуменнем слабасці сваёй чалавечай прыроды і адсутнасцю пыхі. Запіс ад 30 красавіка ўжо поўны спакою і раўнавагі: «Вечар. Быў у споведзі. Заўтра спакойна прымаю субдыяканат. Пашто хіляцца і храмаць?... Ад заўтра буду між духоўных…» (17).
Семінарская навука доўжылася для К. Сваяка на два гады больш, чым для яго сяброў-клерыкаў, бо ў 1912 г. у яго выявіліся сухоты, і ён мусіў даволі працяглы час правесці на лячэнні на вядомым курорце ў Закапанэ. Хвароба сталася для яго цяжкім выпрабаваннем, прынесла шмат смутку і горкіх развагаў, аднак ён мужна перамагаў не толькі фізічныя цярпенні, але і той змрочны настрой, які часам адольваў яго, спакушаючы роспаччу і безнадзейнасцю. Бог быў ягоным заўсёдным ратункам. Толькі з Ім і ў Ім ён бачыў свой шлях, пазбягаючы нараканняў і молячыся. Аб мужнасці і трываласці яго духу, вернасці свайму пакліканню сведчаць малітоўныя радкі, запісаныя ў жніўні 1912 г. у роднай хаце: «Сяджу ў хаце не сумны, але й не радасны. Я хворы. Навукі перарваліся. Быць можа трэба іх зусім пакінуць. Чую ў сабе рабака ў грудзёх, што хоча згрызці здаровы дагэтуль мой арганізм. Тады трэба будзе развітацца з усім – і з думкамі аб будучай працы з народам для Бога. З гэтай думкай найцяжэйшая разлука… Божа! Дай мне зразуменне, па якой маю ісці дарозе да валадарства Твайго! Не дапусці, каб калі збіўся на отступ! Я прымаю ўсё ахвотна з рукі Тваёй – цярпення і смерць нават: абы толькі ісці следам Хрыстусовым, абы збавіць сябе і тых, каго мне паручыш. «Бог мой – усё маё!» (17). Вера К. Сваяка была ўжо тады настолькі моцная, што, выбіраючыся на лячэнне, ён мог сам сабе шчыра, без хітрыкаў, сказаць: «18.Х. Ах, пара мне ехаць, шукаючы здароўя!.. Адна Комунія з верай прынятая магла б мяне здаровым зрабіць. Але я цуду не жадаю, не хачу. Пашто мне адклон ад агульнага права ў прыродзе. Калі навука людская вылечыць – добра» (18–19). Асабістыя выпрабаванні для К. Сваяка былі яшчэ больш памножаныя выпрабаваннямі грамадскімі, гістарычнымі: пачалася Першая сусветная вайна. У жніўні 1914 г. К. Сваяк запісаў у сваім дзённіку: «Разгарэлася вайна велізарная… Мой Божа! Гэта рэч так сумная і так праціўная маёй натуры, што лепей аб ёй зусім не пісаць. Мусіць адбыцца якісь пераварот у свеце. А кожны святовы пераварот каштуе мільёны людзей… Жыццё людское ёсць найцаннейшым дарам Божым…. Вайна ёсць згуртаваннем усіх праступкаў. Яна ёсць ганьбай чалавечнасці. Яна матка ўсялякай нядолі. Няма нічога на свеце так паніжаючага чалавека, як вайна. Роўнай пагібелі, што нясе яна людскасці, не знаходзім у звяроў. Бог дапушчае такое зло на свет, каб зніжыць пыху людскую. Не Бог прычына вайны — злосць людская, завісць і пыха» (22–23). У такіх варунках, асабістых і грамадскіх, заканчваў К.Сваяк час свайго трохгадовага дыяканату і рыхтаваўся прыняць святарскае пасвячэнне. Ён ізноў перажывае пакутлівыя выпрабаванні духу, бачачы веліч шляху, на які ўступае, і баючыся сваёй чалавечай кволасці — ці яна не акажацца перашкодаю на гэтым шляху, ці ён вытрывае ў цярпеннях? Але ўсе сумненні адольваюцца вераю, малітоўным зваротам да Бога. «5.V.1915. Гнаны зманнасцяй свету і людской спадзеі, я думаў найсці пацеху і шчасце ў рэлігіі і аддаўся Богу без раздзелу. Я чуў іскру Божую ў сабе да засеву на ніве людзкой — праўды Божай. Але баяўся чапіць гэты скарб свой, ведаючы, што калі аддацца ксяндзоўству, то трэба гэта зрабіць усёй істотай сваей: з крывавай афярай самога сябе. Верыў я, што гэта мог бы зрабіць, бо ласка Божая для мяне была падана, гатова. І быў момэнт, калі я гэта зрабіў, залажыўшы сабе вечны ідэал — праз цярпенне. Мой Божа, ці я ўстаю цвёрдай ступнёй на выбранай дарозе? Ах, ніколі не адбяры ад мяне гэтай надзеі, бо згіну! Дай мне цярпенне, хоць бы, як мора, глыбокае, але і сілу дай знясці і вытрываць» (23). Можна бачыць з гэтых развагаў, як крышталізуецца святарскае пакліканне ў асобе чалавека, праходзячы розныя ступені свайго гартавання. Гэта нялёгкі шлях, які напоўніцу ўсведамляе носьбіт паклікання, адгукаючыся на покліч Бога. Запіс наступнага дня сведчыць ужо аб спакойным прыняцці пасвячэння і натуральным самапачуванні на гэтым шляху: «6. V. Няма большага суму, як абмануцца ў сіле сваёй. Смутак такі, калі яго не ўмяркуе моц вышэйшая, даходзіць да роспачы… Прызнаюся – чуццё, перажытае ў мінуты, калі даведаўся я, што зара буду ксяндзом, было так спакойнае і патольнае, што сапраўды болей яго цаню, чым усё дазнанае ў часах апошніх. Аджыла ў мяне вера ў жывучасць таго голасу, каторы звінеў калісьці ў вушах маіх: «Ідзі за Мной!» І болей яшчэ: не чуў я голасу адпору натуральнага, што мяне хватаў і адцягваў ад ідэі Хрыстовага свяшчэнства, манячы да свету, каторы прымаў мяне і прымае дагэтуль з шырокім усьціскам. Але дарэмна! – Яму не даўся і не дамся!» (23). Так, у поўным перакананні і згодзе са сваім пакліканнем, пачаўся святарскі шлях Кастуся Стэповіча, які, як сведчыць дзённік, з 31 мая 1915 г. пачаў адпраўляць святую Імшу, спавядаць і выступаць на амбоне ў імя Божае. Такім чынам, у гэтым годзе яшчэ адна памятная дата — 100-годдзе святарства Казіміра Сваяка! Першыя гады яго святарскай службы праходзілі ў парафіяльных касцёлах у Камаях і Клюшчанах і былі звязаныя з шырокай асветніцкай і адраджэнскай дзейнасцю, што шчыльна лучылася з беларускай свядомасцю К. Сваяка і яго жаданнем зрабіць Касцёл у Беларусі беларускім. «Я сын таго народу, што найбольш цярпеў, цярпіць і цярпець будзе», – пісаў пра сябе святар-паэт (23). Асабліва востра разумеў малады святар неабходнасць мець беларускія кніжкі для набажэнства, песні і малітвы па-беларуску. Магчыма, ён не ведаў пра выдадзены ў 1915 г. друкарняй «Зніч» у Вільні першы ў ХХ стагоддзі беларускі малітоўнік «Бог з намі» ў апрацоўцы Б. Пачопкі, але, хутчэй за ўсё, ён яго не задавальняў як практыкуючага ксяндза. Ужо ў 1916 г. падчас працы ў клюшчанскай парафіі і бурнай дзейнасці «Хаўрусу сваякоў» прыйшла да яго задума стварыць кніжку для практычнага набажэнства беларусаў католікаў. Ён пачаў працу над рэалізацыяй гэтай ідэі — захаваліся чарнавыя запісы К. Сваяка ад 12 мая 1916 г.: «Маю намер пачаць свайго ўкладу кніжыцу да набажэнства. Мо лезу не ў сваё. Зраблю прынамся планік. Год Каталіцкі: І. Тыдзень. 1.Пацеры. 2. Малітвы на кожны дзень тыдня. 3. Малітвы Імшальныя. ІІ. Месяц. 1. Размыслянне на першы дзень месяца з рахункам сумлення. 2. Споведзь. 3. Комунія. ІІІ. Год. 1. Размыслянне на кожную пару года. 2. Размыслянне на важнейшыя святы. 3. Аб 4-х апошніх праўдах веры». Гэта быў план і пачатак той працы, вынікам якой стане вядомая кніжка для набажэнства «Голас душы», што выйдзе некалькімі выданнямі ў Вільні (1926, 1934) і стане надзвычай папулярнай і прыдатнай для набажэнства і святарам, і вернікам. Многія католікі беларусы карыстаюцца ёю і сёння, а тэксты выкарыстоўваюцца ў сучасных выданнях падобнага зместу. Сярод рукапісаў К. Сваяка захаваліся некалькі тэкстаў, што рыхтаваліся ў межах гэтага малітоўніка, але не ўвайшлі туды ў канчатковай рэдакцыі. Яны могуць быць цікавыя ў сённяшняй практыцы веры. Напрыклад, тэкст, прысвечаны малітве, напісаны як матэрыял на «Тыдзень рэлігійнай мыслі». Такі «Тыдзень…» быў змешчаны ў «Голасе душы» і меў духоўныя разважанні на кожны дзень тыдня. Цікавы і другі тэкст — «Парадак дня», які дапамагае верніку ў практыцы падрыхтоўкі рахунку сумлення. Падаючы гэтыя тэксты ў друку, спадзяемся, што яны будуць не толькі цікавымі, але і карыснымі, а таксама будуць знакам ушанавання святарскай працы К. Сваяка, які рупіўся аб духоўным здароўі народа, даючы яму навуку Хрыстовай веры на роднай беларускай мове.
Гл. таксама:
|
|
|
|