|
|
Сабор і плошча св. Пятра ў Рыме.
|
Сёлета ўдзячным чалавецтвам адзначаецца 540 гадоў з дня нараджэння (6 сакавіка) найвялікшага з тытанаў Адраджэння Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Хоць па паходжанні Мікеланджэла быў фларэнціец, большасць яго мастацкіх шэдэўраў звязана з Рымам, дзе ён працаваў доўгія гады па замове рымскіх папаў, якія высока цанілі яго надзвычайны талент. Ён стварыў і роспісы Сікстынскай капэлы, і скульптурныя кампазіцыі пахавальні папы Юлія ІІ, а славутая Pieta была выкананая Мікеланджэла ўсяго ў 24 гады. Джорджа Вазары, шырока вядомы ў гісторыі культуры складзеным ім «Жыццеапісаннем найбольш славутых мастакоў, ваяцеляў і дойлідаў» эпохі Адраджэння, так пісаў пра геній Мікеланджэла: «Мастацтвы дасягнулі ў ім такой дасканаласці, якой не знойдзеш ані ў старажытных, ані ў новых людзей за многія і многія гады» [1]. Але я як гісторык архітэктуры засяроджуся толькі на некаторых архітэктурных творах Мікеланджэла, якія, на маю думку, зрабілі ўплыў на беларускую архітэктуру, у першую чаргу, праз Нясвіж.
Па волі лёсу Мікеланджэла стаў асноўным архітэктарам і будаўніком галоўнага храма каталіцкага свету — сабора святога Пятра ў Рыме, пастаўленым на Ватыканскім пагорку на правым беразе Тыбра, дзе ў І ст. знаходзіўся цырк імператара Нерона. На яго арэне знайшлі пакутніцкую смерць многія першыя хрысціяне. Тут археолагамі выяўлены старажытны некропаль, дзе, магчыма, знайшоў апошні прытулак і святы апостал Пётр. На гэтым месцы пры імператары Канстанціне І Вялікім, які ў 313 г. абвясціў Медыяланскі (Міланскі) эдыкт аб свабодзе веравызнання, што стала важным крокам на шляху ператварэння хрысціянства ў афіцыйную рэлігію Рымскай імперыі, у 324 г. была ўзведзена трохнававая раннехрысціянская базыліка ў гонар св. Пятра, якая стала цэнтрам масавага паломніцтва. На мяжы V—VI стагоддзяў пры ёй узнікае рэзідэнцыя рымскага Пантыфіка, якая паступова разрасталася, але і цярпела падчас бясконцых войнаў. У 848—852 гг., пасля набегу сарацынаў, якія зруйнавалі базыліку, папа Леў ІV абкружыў тэрыторыю Ватыканскага пагорка магутнымі мурамі з крапаснымі вежамі [4].
Першая спроба ўзвесці новы сабор на месцы раннехрысціянскай базылікі св. Пятра была ажыццёўлена пры папу Мікалаю V у 1452 г., але ён не быў дабудаваны (ад яго ацалела толькі частка падмуркаў хора і папярочнай навы). Будаўніцтва сабора св. Пятра вялося больш за паўтара стагоддзя і ўвасобіла ў сабе ўсе творчыя знаходкі архітэктурна-мастацкіх стыляў Новага часу — ад ранняга Адраджэння да сталага барока. Некалькі разоў папераменна змянялася форма крыжа, закладзенага ў аснову яго архітэктурнай кампазіцыі — ад грэчаскага да лацінскага і наадварот, у залежнасці ад патрабаванняў замоўцаў, рымскіх папаў і клерыкальна-палітычнай сітуацыі ў Еўропе [3].
|
|
|
Медаль у гонар закладкі сабора
св. Пятра ў Рыме.
Праект Д.Брамантэ.
|
|
План сабора
св. Пятра
Д.Брамантэ.
|
На пачатку ХVІ ст. на замову папы Юлія ІІ першы праект грандыёзнага новага сабора распрацаваў вялікі дойлід Высокага Адраджэння Даната Брамантэ. Вобраз будучага збудавання быў выбіты на медалі ў гонар закладкі сабора ў 1506 г. [2]. У аснову кампазіцыі быў пакладзены роўнаканцовы крыж (так званы грэчаскі), што надавала збудаванню цэнтрычнасць і асаблівую веліч. Над сяродкрыжжам меркавалася ўзвесці вялікі паўсферычны купал, абкружаны магутнай каланадай. Распор купала ўраўнаважваўся сістэмай вуглавых купальных аб’ёмаў, накшталт візантыйскай [7].
Пасля смерці папы Юлія ІІ, а праз год, у 1514 г., і самога Брамантэ, папа Леў Х даручыў распрацоўку новага праекта пераемніку і пляменніку дойліда — вялікаму мастаку Рафаэлю Санці з умовай, каб сабор займаў усю плошчу старой базылікі святога Пятра. У гэткай завуаліраванай форме было акрэслена патрабаванне да Рафаэля запраектаваць менавіта базыліку з планам у выглядзе лацінскага крыжа, што ён і выканаў. У праекце Рафаэля купал адышоў углыб кампазіцыі, а на першы план выступіў галоўны тарцовы фасад базылікі, аздоблены каланадным порцікам, прызначаным для фрэскавых роспісаў, якія мастак меркаваў выканаць.
Пасля заўчаснай смерці Рафаэля ў 1520 г. яго пераемнік на будаўніцтве сабора Бальдасарэ Перуці, дзеля большай велічы кампазіцыі збудавання, вярнуўся да сіметрычнага двухвосевага плана ў выглядзе грэчаскага крыжа. Аднак новы галоўны архітэктар сабора св. Пятра Антоніо да Сангала, пастаўлены папам Паўлам ІІІ, мусіў зноў вярнуцца да праграмнай тэктонікі лацінскай крыжова-купальнай базылікі, хаця і ў вельмі кампрамісным варыянце: да цэнтрычнай крыжовай кампазіцыі меркавалася дадаць толькі двухвежавы фасад-нартэкс (уваходны прамавугольны папярочны аб’ём). Але будаўніцтва цягнулася надзвычай марудна.
|
Праект сабора св. Пятра
Рафаэля Санці.
|
Нарэшце, у 1547 г., кіраўніцтва будаўніцтвам сабора прыняў геніяльны скульптар, мастак і паэт Мікеланджэла Буанароці, якому ў той час было ўжо 72 гады. Апошнія 17 гадоў свайго жыцця ён цалкам ахвярна, «дзеля Бога», прысвяціў будаўніцтву Сан П’етра, дзе выявіў сваю геніяльнасць яшчэ і як архітэктар. У сваім праекце Мікеланджэла зноў вярнуўся да цэнтрычнай, візантыйскай па сутнасці, тэктанічнай сістэмы Брамантэ, але яшчэ больш узмацніў ролю купала і пластычную дынаміку аб’ёмаў. На гэтым шляху яму давялося пераадолець вялікія цяжкасці, што адлюстравана ў эпісталярнай спадчыне Мікеланджэла, дзе ён сведчыць, што яго папярэднік наўмысна зацягваў будаўніцтва сабора і моцна шкодзіў яму. У пісьме да свайго вучня Барталамеа Амананаці, датаваным 1555 г., Мікеланджэла гаворыць: «Нельга аспрэчваць перавагу Брамантэ над усімі архітэктарамі… Ён першы склаў план Сан П’етра, які не заблытаны, а просты і зразумелы, светлы і з усіх бакоў адкрыты такім чынам, што ён [сабор] не замінае ніводнай частцы палаца; … таму кожны, хто ўхіліцца ад указанняў Брамантэ, як гэта зрабіў Сан Гала, аддаліцца ад ісціны. … Сан Гала пазбаўляе пабудову ўсяго святла, які яна мае ў Брамантэ… Увечары, калі неабходна зачыняць сабор, спатрэбіцца звыш дваццаці пяці чалавек, каб абшукаць усе закуткі, ці нехта там не хаваецца … Потым, развіваючы план Брамантэ, як гэта робіць Сан Гала сваім дадатковым планам, трэба будзе знесці капэлу св. Паўла… і іншыя пабудовы Ватыкана. Непакоюся, што не пашкадуюць Сікстынскую капэлу… Калі карыстацца планам Сан Гала, цалкам не застанецца нічога, што было створана за маім часам, а гэта будзе вялікай стратай» [5].
|
|
Праект сабора св. Пятра А.Сангала.
|
Пад канец жыцця старасць і хваробы перашкаджалі Мікеланджэла часта бываць на будаўніцтве. У пісьме да Джорджа Вазары, якому быў даручаны нагляд над ажыццяўленнем яго праекта, датаванага 1557 г., Мікеланджэла адзначае: «Бог сведкам таму, што я цалкам супраць свайго жадання і толькі дзякуючы настойліваму прымусу папы Паўла прыняўся за будаўніцтва Сан П’етра ў Рыме, але каб я мог працягваць працаваць як раней, будаўніцтва ўжо амаль завершылася б і я меў бы магчымасць ад’ехаць, як хацеў, у Фларэнцыю. Але недахоп рабочых зацягнуў будоўлю, а кінуць яе цяпер, якраз у той момант, калі мы дайшлі да самых важных і цяжкіх частак, было страшна сорамна і горка, і грэшна страціць узнагароду за тыя цяжкасці і нядолю, якія я цярпеў на працягу дзесяці гадоў з-за любові да Бога… Я хачу вам давесці, што выйдзе з таго, калі я цяпер пакіну будоўлю Сан П’етра. Па-першае, я гэтым дам задавальненне шмат якім нягоднікам, па-другое, я стану прычынай змарнавання гэтага вялікага помніка, які, быць можа, ніколі ўжо не будзе закончаны» [6].
Вяршыня архітэктурнай задумы Мікеланджэла — велічны купал Сан П’етра. Як для кожнай сваёй працы, ён зрабіў буйнамаштабны макет купала, канструкцыя якога складалася з трох абалонак рознай вышыні. Узвядзенне купала і магутнага карніза пад ім вялося з квадраў вапняковага туфа, што было новым для пабудоваў Рыма. Вялікі дойлід быў адданы ідэі велічы і прыгажосці сабора, наяўнасці ў ім Боскага святла. Пасля смерці Мікеланджэла ў 1564 г. аўтарытэт генія прымусіў папу Юлія ІІІ больш нічога не мяняць у яго праекце, які быў цалкам рэалізаваны паслядоўнікамі вялікага майстра.
|
Сабор і плошча св. Пятра ў Рыме.
Сучасны план.
|
Але ўжо на пачатку ХVІІ ст., у 1607—1614 гг., па патрабаванні папы Паўла V архітэктары ранняга барока Карла Мадэрна і Даменіка Фантана прыбудавалі да цэнтрычнага сабора з уваходнага ўсходняга боку тры падоўжныя навы і нартэкс, што канчаткова ператварыла яго ў крыжова-купальную базыліку лацінскага ўзору. Відавочна, што новы Рымскі Папа быў больш зацікаўлены выяўленнем праграмнай семантыкі архітэктуры галоўнага храма каталіцкага свету, акрэсленай Трыдэнцкім Саборам. Менавіта з таго часу адметная архітэктоніка і назва базылікі сталі сінонімамі ўзорнага каталіцкага храма.
Усе складаныя семантыка-тэалагічныя і мастацкія пытанні, якія зацягнулі і абцяжарылі будаўніцтва сабора св. Пятра, былі ўлічаныя і мэтанакіравана вырашаныя пры будаўніцтве галоўнага храма ордэну езуітаў — сабора Іль Джэзу ў Рыме. Яго будаўніцтва распачаў у 1568 г. Джакома Бароццы да Віньёла, аўтар вядомага трактата «Правіла пяці ордэраў архітэктуры», які адразу вызначыў тэктоніку храма як крыжова-купальнай базылікі з лацінскім крыжам у верхнім сячэнні. Сваёй выцягнутасцю па падоўжнай восі сіметрыі гэтая структура прынцыпова абвяргала цэнтрычнасць, «усефасаднасць», уласцівую архітэктурным збудаванням эпохі Адраджэння. Яна арганічна патрабавала акцэнтацыі галоўнага фасада, якім з’яўляўся ўваходны тарэц базылікі. Таму самай характэрнай рысай новага мастацкага стылю барока стала трактоўка галоўнага фасада як самастойнай плоскай сцяны, якая б накшталт тэатральнай кулісы закрывала грандыёзнасць усёй кампазіцыі. На галоўным фасадзе канцэнтраваліся ўсе дэкаратыўныя сродкі, якія сваімі прапорцыямі і рытмам павінны былі ўздзейнічаць на эмоцыі вернікаў, у той час як астатнія фасады маглі зусім не мець дэкаратыўнай апрацоўкі. Гэтыя прынцыпы культавага барочнага фасада ў дасканалым «узорным» варыянце распрацаваў у 1575–1584 гг. стваральнік галоўнага фасада і купала сабора Іль Джэзу Джакома дэла Порта. Пошукі новых сродкаў выразнасці каталіцкага сакральнага дойлідства прывялі да стварэння новага сусветнага мастацкага стылю барока, што непасрэдным чынам адбілася і ў гісторыі беларускай архітэктуры.
Мікалай Радзівіл Чорны, які ўзначальваў рэфармацыйны рух у Вялікім Княстве Літоўскім, як вядома, пазакрываў у сваіх уладаннях усе касцёлы і праваслаўныя цэрквы, ператварыўшы іх у кальвінскія зборы. Яго старэйшы сын і спадчыннік Мікалай Крыштоф, атрымаўшы добрую адукацыю ў Лейпцыгскім і Страсбургскім універсітэтах, у 1567 г. прыняў каталіцтва і з тае пары ўсёй сваёй шматграннай грамадскай дзейнасцю абвяргаў рэлігійныя перакананні бацькі, у тым ліку і ў мастацкім кірунку ўзводзімых па яго загадзе архітэктурных збудаванняў. Лепшым сродкам для вяртання сваіх падданых да каталіцтва М.-К.Радзівіл, празваны Сіроткам, палічыў запрашэнне ў Нясвіж місіі езуітаў. З просьбай пра гэта ён звярнуўся ў Ватыкан да генерала ордэну Клаўдзіа Аквавіва і да яго рэгіянальнага кіраўніка І.П.Кампана. У 1582 г. у Нясвіж прыбылі два прадстаўнікі ордэну, якім мястэчка зусім не спадабалася, — яны нават назвалі яго «непрыстойным месцам» [9]. Магчыма, гэта ў пэўнай ступені прымусіла Радзівіла Сіротку карэнным чынам змяніць аблічча свайго радавога гнязда. Ён задумаў, як адзначалі сучаснікі, «у цэнтры Сарматыі стварыць сапраўдную Італію».
|
|
|
|
План касцёла Іль Джэзу ў Рыме.
|
|
План касцёла
Божага Цела ў Нясвіжы.
Праект Д.-М.Бернардоні.
|
Пачатку будаўніцтва езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы папярэднічалі няпростыя драматычныя падзеі. На падставе фундуша на будаўніцтва нясвіжскага калегіума езуітаў, выдадзенага М.-К.Радзівілам Сіроткам 19 жніўня 1584 г. і зацверджанага каралём Стафанам Баторыем на сейме ў Варшаве 4 лютага 1584 г., езуітам дадаваліся ў горадзе дзве пляцоўкі па баках вуліцы Воднай. На яе ўсходнім баку меркавалася ўзвесці будынак калегіума з гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам, а на пляцоўцы з заходняга боку, як пазначана ў дакуменце, у той час ужо будаваўся касцёл. Вядомы польскі даследчык будаўнічай дзейнасці езуітаў у Рэчы Паспалітай Е.Пашэнда на падставе шматлікіх матэрыялаў, пераважна эпісталярнага жанру, з архіваў Ватыкана, удакладніў, што ў гэты час на месцы існуючага касцёла будаваўся першы мураваны каталіцкі храм у горадзе, які спачатку быў парафіяльным, а ўжо пазней перададзены езуітам [9]. У перапісцы рэгіянальнага кіраўніка ордэну І.П.Кампана, князя М.-К.Радзівіла і біскупа Віленскага Юрыя Радзівіла выказвалася агульная незадаволенасць абліччам і памерамі збудавання. У выніку ў 1586 г., пасля двухгадовага абмеркавання, толькі што ўзведзеныя «свежыя» муры касцёла былі разабраныя. Чаму гэта было зроблена, падказвае архіўная калекцыя чарцяжоў ХVІ ст., якая паходзіць з Нясвіжа і атрыбутаваная намі разам з вядомым гісторыкам Г. Галенчанкам, як «Альбом Бернардоні» [8; 10]. На аркушы 19-гa альбома пад гербам Радзівілаў прадстаўлены план культавага будынка з надпісам, што гэта «першы касцёл нясвіжскі, зламаны за Юрага, заложаны ў року 1581». Тут удакладняецца дата закладкі касцёла і падкрэсліваецца, што галоўным ініцыятарам збурэння храма быў сам кардынал Юры Радзівіл, адна з вышэйшых асобаў каталіцкага кліра, больш за тое — тагачасны прэтэндэнт на папскі прастол.
Архітэктурна-мастацтвазнаўчы аналіз чарцяжа плана першага нясвіжскага касцёла пераконвае, што не толькі памеры збудавання і якасць будаўніцтва былі прычынай яго знішчэння. Ён стаў маленькай ахвярай зацятай ідэалагічнай барацьбы розных хрысціянскіх канфесій, выяўленай у мастацкіх формах. Яго архітэктура была заснаваная на мясцовай гатычнай будаўнічай традыцыі з элементамі візантызму, што не адпавядала новаму часу. З гэтай прычыны кардынал Юры Радзівіл ініцыяваў знос храма, неадпаведнага ідэалагічнай праграме контррэфармацыі, якую неслі езуіты, і запатрабаваў узвесці касцёл «па іх узору» [9].
У дакуменце, датаваным 12 снежня 1587 г., М.-К.Радзівіл Сіротка адзначыў: «...залажыў касцёл новы, які павінен быць пабудаваны крыжовы, з купалам пасярэдзіне наверсе, па тым узоры, які зацверджаны Айцамі, тым больш і фундаменты з Божай дапамогай ужо закладзены Юрыем, кардыналам Радзівілам, біскупам Віленскім» [9]. Апошні 14 верасня 1587 г. асвяціў краевугольны камень будучага касцёла Божага Цела, што стаў перлінай беларускага барока і вестуном мастацтва Новага часу на абшарах Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Дзеля рэалізацыі гэтай ідэі Сіротка запрасіў да сябе таленавітага архітэктара-італьянца Джавані Марыя Бернардоні. Яшчэ зусім маладым чалавекам, у 1564 г., Д.-М.Бернардоні стаў манахам ордэну езуітаў, прымаў удзел у будаўніцтве сабора Іль Джэзу ў Рыме і падобнага сабора езуітаў у Неапалі пад кіраўніцтвам Дж. Трыстана, вывучаючы прафесійныя прыёмы вялікіх маэстра позняга італьянскага Адраджэння і ранняга барока. Вядома, што перад ад’ездам на Сардынію ў 1577 г. па накіраванні ордэну ён атрымаў ад яго кіраўніка архітэктурны трактат Віньёлы. У 1583 г. Бернардоні выехаў з Рыма ў Рэч Паспалітую. Хаця ён быў запрошаны непасрэдна ў Нясвіж, аднак на некалькі гадоў затрымаўся ў Любліне, дзе прыняў удзел у будаўніцтве мясцовага касцёла і калегіума езуітаў.
У Нясвіж Бернардоні прыбыў у ліпені ці жніўні 1586 года. Там ён распрацаваў праект новага храма, які адпавядаў патрабаванням заказчыкаў. У архіўнай калекцыі чарцяжоў ХVI ст. з Нясвіжа зберагліся тры праектныя чарцяжы касцёла езуітаў Божага Цела: план і падоўжны разрэз храма (паасобку), а таксама план і фасад купала ў артаганальнай праекцыі. Паколькі ўсе пісьмовыя архіўныя крыніцы сведчаць, што архітэктарам збудавання быў Бернардоні, ёсць падставы лічыць, што менавіта ён з’яўляецца аўтарам гэтых графічных матэрыялаў. Прапанаваны Бернардоні праект нясвіжскага касцёла езуітаў стаў якасна новай з’явай не толькі ў навукова-тэхнічным прагрэсе, але і ў мастацкай культуры ўсяго рэгіёна Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Па сваёй архітэктанічнай тыпалогіі нясвіжскі касцёл езуітаў — трохнававая 6-слуповая крыжова-купальная базыліка з планам у верхнім сячэнні (пад купалам) у выглядзе выцягнутага лацінскага крыжа і бязвежавым барочным фасадам. Гэта прынцыпова новая для беларускага дойлідства структура сакральнага збудавання, якая дазваляла стварыць новыя аб’ёмна-прасторавыя суадносіны.
|
|
|
Партал Капіталійскага
палаца ў Рыме.
Праект Мікеланджэла.
З альбома Бернардоні.
|
|
Плошча Капітолія ў Рыме. Сучасны выгляд.
|
Яшчэ адзін «рымскі» след зафіксаваны пад нумарам 60 альбома Бернардоні, дзе пададзены чарцёж вытанчанага архітэктурнага афармлення дзвярнога партала з надпісам: «Porta in Compidoglio inventor Michel Angelus». Compidoglio — гэта італьянская назва Капітолія, галоўнага з сямі славутых пагоркаў Вечнага горада, які з антычнасці трактаваўся як геаметрычны і семантычны цэнтр неабсяжнай Рымскай імперыі. Стварэнне цудоўнага архітэктурнага ансамбля Капітолія было ажыццёўлена Мікеланджэла па замове папы Паўла ІІІ у 1537–1539 гады. У ім майстар выявіў сябе не толькі як выдатны архітэктар, але і горадабудаўнік. На вяршыні пагорка ён стварыў трапецападобную плошчу, абкружаную з трох бакоў палацам кансерватараў, палацам сенатараў і капіталійскім музеем з «багатымі і разнастайнымі фасадамі» [1]. У апошнім захоўваецца антычная скульптурная выява капіталійскай ваўчыцы, што выхавала Ромула і Рэма, міфічных заснавальнікаў Рыма. З чацвёртага боку да плошчы вядзе шырокая лесвіца і пандус у выглядзе серпанціна, аформленыя парапетам з балясінамі і пастаўленымі на яго «высокароднымі» антычнымі статуямі. «Пасярэдзіне плошчы на цокалі авальнай формы пастаўлены вельмі славуты бронзавы конь са статуяй Марка Аўрэлія, які перанесены сюды па загадзе таго ж папы Паўла з Латэранскай плошчы, куды яе паставіў Сікст ІV. Увесь гэты ансамбль атрымоўваецца цяпер такім прыгожым, што мае права быць названым у ліку выдатных твораў Мікеланджэла» (паводле Джорджа Вазары). Пластыка фасадаў, форма плошчы і ўпісанага ў яе авала, плаўная «цякучасць» лесвіцы і пандуса дазваляюць лічыць Мікеланджэла родапачынальнікам стылю барока, хаця часам яго архітэктурную эстэтыку вызначаюць як «трагічны рэнесанс». Выява ўваходнага партала капіталійскага палаца ў альбоме з Нясвіжа сведчыць пра натурнае вывучэнне Бернардоні архітэктурнай спадчыны вялікага майстра. Магчыма, ён намерваўся зрабіць нешта падобнае на фасадзе нясвіжскага палаца Радзівілаў.
- Вазари, Джорджо. Жизнеописания наиболее знаменитых живописцев, ваятелей и зодчих / Джорджо Вазари. Перевод с итальянского. — Москва, 2002.
- Всеобщая история архитектуры /Под ред. Б. П. Михайлова. Т.2 .— Москва, 1962.
- Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мінск: Ураджай, 2001.
- Газлине, Чинция Валиджи. Рим и Ватикан. Русское издание / Ч.-В.Газлине. — Roma: Plurigraf, 2006.
- Книга, заключающая в себе планы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца ХVІ века // Цэнтральная навуковая библиятэка АН Украіны, г. Кіеў. Аддзел рукапісаў, 721 (589) С. — 71 арк.
- Микеланджело Буонарроти. Стихотворения. Письма / Микеланджело. Перевод с итальянского. — Санкт-Петербург: «Азбука», 1999.
- Шуази Огюст. История архитектуры / О.Шуази. Т. 2. — Москва: Изд-во Всесоюзной Академии архитектуры, 1937.
- Gabrus T., Galenczanka G. G.M. Bernardoniego projekty kosciołów na Białorusi. [w:] Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku. — Warszawa, 1995. — S. 163–177.
- Paszenda J. Kosciół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu / J. Paszenda // Kwartalnik architektury i urbanistyki. — Warszawa, 1976. Nr. 21. Zesz. 3. — S. 195–216.
- L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia ele terre dell’ Europa centro-orientate. — Roma, MCMIC.