|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Ганна ШАЎЧЭНКА
НА ШАЛЯХ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІЛАСЭРНАСЦІПра верш Антона Гарэцкага«Смерць здрадніка Айчыны»
Жыццё і творчасць Антона Гарэцкага, прадстаўніка польскамоўнай паэзіі ў літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя, авеяныя шматлікімі легендамі. «Паэт-жаўнер», «бард Антоній», «прадвеснік Рамантызму» — такія найменні замацаваліся за ім яшчэ пры жыцці дзякуючы вялікай папулярнасці ў літаратурных колах і наватарскім тэндэнцыям у творчасці. Як гэта вельмі часта здараецца з людзьмі таленавітымі і неардынарнымі, у А. Гарэцкага было нямала літаратурных праціўнікаў, якія актыўна цкавалі яго за ўсё нетрадыцыйнае і новае ў творчасці, што не ўкладвалася ў іх уяўленні пра стыль, змест і ролю літаратурнага твора ў тагачаснай культурнай парадыгме. Так у Антона Гарэцкага з’явіліся яшчэ і саркастычныя мянушкі кшталту «смаргонскі Піндар» і «пясняр пінскіх лясоў». Наколькі вялікую славу меў гэты паэт, настолькі шмат з’едлівай крытыкі выцерпеў у свой адрас. Антон Гарэцкі нарадзіўся ў 1787 годзе ў Вільні — 230 гадоў назад. Ён атрымаў добрае рэлігійнае і патрыятычнае выхаванне. Яго бацька быў адвакатам Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага і прымаў удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Маці паэта таксама выглядае ва ўспамінах сучаснікаў як смелая і адданая Айчыне асоба. Францішак Карпінскі ў сваім мемуарным творы пад назваю «Гісторыя майго веку і людзей, з якімі я жыў» распавядае пра тое, як падчас балю ў Вільні, дадзенага генералам камендантам горада пасля паражэння паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, адна толькі пані Гарэцкая ўстрымалася ад танцаў: «Падышоў да яе генерал і, бачачы, што яна ні з кім не хоча танцаваць, просіць, каб яна хоць яму аказала гэты гонар і пратанцавала з ім адзін танец. Яна ж, заліўшыся слязьмі, з усхліпамі кажа яму: „Няўжо ты, васпане, хочаш, каб я на пахаванні сваёй Айчыны-маці танцавала?“ Усе грамадзяне засаромеліся, і танцы скончыліся»1. Гэты боль па Айчыне, разбуранай трыма падзеламі Рэчы Паспалітай, пані Гарэцкая не магла не перадаць чацвярым сваім дзецям, малодшым з якіх быў Антон. Атрымаўшы хатнюю адукацыю, А. Гарэцкі паступіў на літаратурны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе на ўсю моц пачаў выяўляцца яго літаратурны талент і адбыўся паэтычны дэбют у «Dzienniku Wileńskim». Пасля ўтварэння Варшаўскага княства малады паэт, як і многія іншыя літвіны-беларусы ды палякі, якім быў неабыякавы лёс Рэчы Паспалітай, тайком перабраўся праз Нёман, каб далучыцца да напалеонаўскага войска. З гэтага часу ў жыцці і творчасці А. Гарэцкага распачынаецца новы перыяд, звязаны з вайсковаю кар’ераю. Аднак у хуткім часе паэт расчараваўся ў палітыцы Напалеона Банапарта, пра што вельмі яскрава сведчыць яго знакаміты верш «Бітва на Бярэзіне»2. Але ўжо ў гэты перыяд асоба жаўнера і паэта А. Гарэцкага пачынае набываць легендарнасць. Пасля яго смерці пісьменнік Леанард Рэталь пісаў пра адносіны моладзі да вядомага паэта: «Мы ведалі, што ён быў напалеонаўскім жаўнерам, што ў яго на грудзях блішчаў Крыж Ганаровага Легіёну, перад якім мы заўсёды на вуліцы здымалі нашы студэнцкія шапкі»3. Паколькі паўстанне 1830–1831 гадоў давала новую надзею на вызваленне і аднаўленне Рэчы Паспалітай, А. Гарэцкі ўзяў у ім чынны ўдзел і быў нават сябрам Віленскага камітэта па падрыхтоўцы паўстання на землях Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая барацьба з яе перамогамі і паражэннямі, спадзевамі і расчараваннямі стала найважнейшаю тэмаю ўсёй творчасці А. Гарэцкага, які ў 1831 годзе быў вымушаны эміграваць у Францыю, дзе і пражыў да канца жыцця, памёршы ў Парыжы ў 1861 годзе. Горыч ад паражэння паўстання наскрозь пранізвае яго лірыку, але перажыванне лірычнага героя А. Гарэцкага глыбока рэлігійнае, напоўненае надзеяй на тое, што ахвяры за Айчыну недарэмныя і на шалях Божага суду стануць вырашальнымі для вечнага лёсу палеглых і зняволеных. Алегарычна паэт выказаў гэтую думку ў знакамітай байцы «Чорт і збожжа», якую Адам Міцкевіч пераказаў у ІІІ частцы «Дзядоў». І наадварот, на думку А. Гарэцкага, здраднік Айчыны не мае шанцаў на збаўленне ў вечным жыцці, бо спрычыніўся да знішчэння адной з найвялікшых каштоўнасцяў. У гэтым выпадку мы назіраем элементы сакралізацыі вобразу Радзімы — сакралізацыі, якая затым больш выразна адлюстравалася ў творчасці Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча і Я. Баршчэўскага і якая, паводле сцверджання даследчыка С. Даніленкі, сведчыла пра іх стаўленне да Радзімы-дзяржавы як да «духоўнай каштоўнасці, супаставімай з вышэйшымі каштоўнасцямі хрысціянства»4. «Бура», «Апошні Суд», «Малітва прыгнечанага народа», «Да Бога», «Д’ябал і душа», «Толькі Бог усё бачыць», «Надзея ў Богу», «Даверыцца Богу» — з аднаго верша А. Гарэцкага ў другі перацякаюць матывы пакаяння і веры ў Божую ўсёмагутнасць перад абліччам няшчасцяў, у якіх апынулася Айчына, а таксама надзеі на перамогу справядлівасці5. Адною з самых цікавых і неадназначных праблемаў у паэзіі А. Гарэцкага з’яўляецца праблема міласэрнасці і прабачэння ў адносінах да тых, хто спрычыніўся да заняпаду і разбурэння калісьці магутнага роднага краю. Вельмі востра гэты матыў узняты ў вершы-баладзе «Смерць здрадніка Айчыны». Ён быў упершыню апублікаваны ў 1818 г. у «Tygodniku Polskim i Zagranicznym», затым увайшоў у першы зборнік твораў А. Гарэцкага «Паэзія Літвіна» (1834 г.) і стаў своеасабліваю візітнаю карткаю паэта на ўсё жыццё. Як піша сучасная польская даследчыца творчасці А. Гарэцкага Яланта Коваль, верш «Смерць здрадніка Айчыны» з’яўляецца «паэтычным увасабленнем яго маральнай пазіцыі і адносінаў да адшчапенцаў народа»6. Гэты твор дзякуючы нязменнай актуальнасці тэматыкі і шматлікім наватарскім тэндэнцыям аказаў вялікі ўплыў на чытачоў і літаратараў першай паловы ХІХ стагоддзя. «Хто ж з нас у сваім таемным архіве, дзе, на жаль, знаходзілася шмат атрутнага плёну, не раз пакрытага шаноўнымі прозвішчамі паэтаў мінулага стагоддзя, не меў перапісанага верша “Смерць здрадніка Айчыны” або “Байкі пра фурманаў”»,7 — пісаў Леанард Рэталь («Байка пра фурманаў» — яшчэ адзін папулярны верш А. Гарэцкага, у якім алегарычна выкрываецца несумленнасць чыноўнікаў і з-за якога паэту давялося адсядзець у вязніцы). Польскі паэт Тадэвуш Бой-Жаленскі ў лісце да рэдактара «Wiadomości Literackich», напісаным у 1936 годзе, сведчыць, што ён яшчэ ў школе «здаваў» на памяць верш «Смерць здрадніка Айчыны»8, а яго школьныя гады прыпалі ўжо на канец ХІХ стагоддзя! Такім чынам, верш А. Гарэцкага амаль цэлае стагоддзе фармаваў сэрцы і розумы суайчыннікаў. І гэта невыпадкова. Гістарычныя падзеі самі па сабе актуалізавалі тэматыку і праблематыку твора: здраднік Айчыны, які праліваў кроў сваіх землякоў, доўга не можа заснуць цёмнаю ноччу ў сваім велічным палацы, і набытыя ў злачынствах скарбы ўжо не супакойваюць яго ўстрывожанае сэрца; раптам праз вырваныя віхураю дзверы ў палац заходзіць здань забітай Айчыны — яна прыйшла прабачыць сваё заблукалае дзіця; здраднік жа са страхам страляе ў прывід, пакуль не з’яўляецца «дух з чорным абліччам» і не забірае яго душу ў «цёмныя хмары». Яшчэ з даўніх часоў у паэзіі існавала вельмі багатая традыцыя выяўлення нацыянальнай здрады. Аднак у вершы А. Гарэцкага яна набыла асаблівы драматызм, што было выразнаю адзнакаю рамантычнага стылю. Дарэчы, у гісторыі айчыннай літаратуры пачаткам эпохі Рамантызму прынята лічыць 1822 год, калі выйшаў з друку першы том «Паэзіі» Адама Міцкевіча, але ў творчасці А. Гарэцкага характэрныя рамантычныя рысы з’явіліся значна раней. Відавочная яўная пераемнасць шматлікіх вобразаў «Смерці здрадніка Айчыны» ў баладах і паэмах А. Міцкевіча. Польскі даследчык Габрыэль Корбут у сваім артыкуле «„Лілеі“ і „Смерць здрадніка Айчыны“» параўноўвае творы абодвух паэтаў і сцвярджае: «Уплыў Гарэцкага на Міцкевіча пачынаецца не ў эміграцыі, як лічылася раней, а <...> ужо ў віленска-ковенскі перыяд»9.
Мастацкі свет твора «Смерць здрадніка Айчыны» пабудаваны паводле прынцыпу рамантычнага двухсвецця. А. Гарэцкі паказвае, што зямны свет мае паралельны сабе іншы свет, моцна звязаны з зямным, вельмі празрысты і праўдзівы, у той час як зямны свет і зямная мудрасць часта бываюць двухаблічнымі. Душа чалавека — гэта месца, дзе судакранаюцца, сыходзяцца гэтыя два светы. Добрыя і злыя духі іншага свету, прыходзячы ў зямны свет, дзейнічаюць у ім менавіта праз душу чалавека. А. Гарэцкі вельмі вобразна адлюстраваў момант «сустрэчы», перасячэння зямнога свету і нябеснага свету з яго добрымі і злымі духамі менавіта ў душы чалавека, які ноччу паглыбляецца ў сон: «Ужо набліжаліся хвілі, // Як духі таемна з нябёсаў // Па зорных праменнях сыходзяць — // Жабрачыя горкія лёсы // Снамі лагодзяць». Рамантычную атрыбутыку гэтага свету А. Міцкевіч амаль даслоўна пераносіць у самы пачатак ІІІ часткі «Дзядоў», дзе анёл-ахоўнік шэпча над спячым вязнем Конрадам: «Я не раз на просьбу маткі // З-пад нябёс, з дазволам Божым, // Ночкай месячнай, без ценю, // Па канаціку-праменю // Да тваёй спускаўся хаткі, // Над тваім схіляўся ложам»10. Аднак у гэтых надзвычай падобных мастацкіх светах А. Гарэцкага і А. Міцкевіча дзейнічаюць героі-антыподы: у першага — здраднік, у другога — абаронца Айчыны, зняволены ў вязніцы за праўду. Душы аднаго і другога становяцца аб’ектам змагання добрых і злых сілаў — змагання не на жыццё, а на смерць. Што стала вырашальным крытэрыем у гэтым змаганні? У вершы А. Гарэцкага здраднік памірае пасля прыходу «духа ў чорным абліччы». Але падкрэслім адзін парадокс, які надае твору А. Гарэцкага філасофскую глыбіню: доўгачаканая справядлівасць дасягаецца менавіта сілаю «чорнага» духа. Да яго з’яўлення перад здраднікам паўстае іншая істота — «бледны дух» Айчыны, маркотны і з крывавымі грудзьмі. З дапамогаю гэтых вобразаў А. Гарэцкі, з аднаго боку, паказаў жахлівую сцэну пакарання, аблічча «справядлівага зла», а з другога — магчымасць прабачэння. Іншымі словамі, паэт метафарычна адлюстраваў шляхі Божай справядлівасці і Божай міласэрнасці. Душа здрадніка перажывае сустрэчу з «чорным» і «бледным» духамі менавіта напярэдадні смерці. Паколькі рэакцыя героя — страх, стралянне і гвалт, то перамагае «дух у чорным абліччы»: душа ў тую бяссонную ноч, шукаючы спакою і суцяшэння ў скрынках з каштоўнымі каменьчыкамі, не была гатовая да пакаяння і скрухі, а значыць, і да прыняцця прабачэння. Для таго, каб больш выразна паказаць сімвалічнае значэнне гэтых вобразаў А. Гарэцкага, узгадаем, што Конрад з ІІІ часткі «Дзядоў» А. Міцкевіча таксама перажывае ў сваёй душы барацьбу паміж «духамі з правага боку» і «духамі з левага боку», аднак у дадзеным выпадку герой сам дамагаецца перамогі справядлівасці ў злачынным свеце. Адметна, што ў гэтай барацьбе яго душа сутыкаецца з вялізным птахам у абліччы чорнага крука. Хацелася б звярнуць увагу на пэўныя асацыятыўныя сувязі чорнага крука А. Міцкевіча і «духа ў чорным абліччы» А. Гарэцкага. Як у першага, так і ў другога аўтара няма канкрэтных указанняў на тое, што гэтыя вобразы — увасабленне д’ябла. Ёсць толькі наступныя характэрныя падабенствы: у А. Гарэцкага «дух у чорным абліччы» гаворыць са здраднікам «голасам грымотаў» («głosem zagrzmienia»), у А. Міцкевіча чорны крук называе сябе «валадаром грамоў нябесных» («gromowładny»); у першага гэты персанаж хапае душу здрадніка і забірае яе ў «цёмныя хмары», у другога Конрад сустракае крука і вядзе з ім бойку таксама менавіта ў хмарах. Акрамя таго, звернем увагу на мэты з’яўлення «чорнага» персанажа ў А. Гарэцкага і ў А. Міцкевіча. Да здрадніка Айчыны дух прыходзіць для таго, каб забраць яго на Божы суд. Да Конрада — каб кінуць яго душы выклік у небе, іншымі словамі, пазмагацца за валоданне «часамі наступнымі», бо «чорны крук» з’яўляецца акурат у той момант, калі душа Конрада ў містычным абліччы арла з нябесных высяў рыхтуецца завалодаць падзеямі будучых дзён, як арол — птушкамі, хапаючы іх у свае кіпцюры. Такім чынам, задача крука — спыніць гарачае жаданне Конрада валодаць светам і будучыняй, што цалкам належыць толькі Богу. Як бачым, і «дух у чорным абліччы» А. Гарэцкага, і чорны крук А. Міцкевіча — гэта той, хто чыніць Божую справядлівасць, указвае душы на яе належнае месца, бо па сутнасці і ў першым, і ў другім выпадках душою была пяройдзена тая мяжа, за якою пачынаецца самаўладства і гвалт, нават калі гэты гвалт набывае форму барацьбы за справядлівасць, як адбылося з Конрадам («Ужо мая песня ў магіле была, // Ды кроў яе раптам пачула, // І вось, як вампір, зноў яна усплыла — // Яе да жыцця кроў вярнула. // Крыві ёй, крыві трэба многа: // На помсту — хоць з Богам, без Бога!»11). Вельмі верагодна, што «чорны» персанаж у перадрамантыка А. Гарэцкага і рамантыка А. Міцкевіча аналагічны біблійнаму «жорсткаму анёлу» (гл. Зых 17, 11) або роднасны «анёлу-губіцелю» (Зых 12, 23; Быц 19, 1; 2 Сам 24, 16; 2 Вал 19, 35). Не будзем адназначна сцвярджаць, што А. Гарэцкі прыўлашчвае сабе права прарочыць вечны лёс той ці іншай душы ў залежнасці ад яе патрыятычнай пазіцыі. Хутчэй матыў страшнай смерці здрадніка гучыць як перасцярога для тых, хто так і не здолеў вярнуцца на шлях праўды. «Przyjdzie rachunek, o biada wam, biada!»12 («Прыйдзе рахунак, бяда вам, бяда!») — піша А. Гарэцкі яшчэ ў адным сваім вершы «Спеў на пахаванне палеглых», і ў наступных радках пакідае чытачам шчымлівую малітву ад імя ўсяго народа аб Божай міласэрнасці для гэтых бедных душаў, завяршаючы яе афарыстычнымі і глыбокімі словамі: «Pozwól ludowi Twemu się odznaczyć, // Że jak Bóg, umiał cierpieć i przebaczyć»13 («Дазволь Твайму народу паказаць, // Што ён умеў, як Бог, цярпець і прабачаць»). Такім чынам, у вершы-баладзе «Смерць здрадніка Айчыны» А. Гарэцкі развівае літаратурны матыў здрады праз увядзенне шэрагу наватарскіх паэтычных тэндэнцый, якія потым трывала замацаваліся ў паэзіі Рамантызму і сталі прадметам наследавання ў творчасці іншых паэтаў, у прыватнасці — А. Міцкевіча. Адначасова А. Гарэцкі глыбока асвятляе праблему пакарання і прабачэння, Божай справядлівасці і міласэрнасці ў адносінах да злачынцаў і ўзвышае вобраз Айчыны як адной з найвялікшых хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Гл. таксама:
|
|
|
|