|
|
|
№
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура
Пераклады
Мастацтва
Успаміны
Спадчына
Паэзія
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя
Успаміны
Роздум
|
Час бяжыць хутка. Да 500-годдзя старажытнага беларускага і ўсяго ўсходнеславянскага кнігадруку (6 жніўня 2017 года — несумненна, гэта будзе свята ўзроўню ЮНЕСКА) застаецца ўжо нядоўга. Між тым, усе папярэднія юбілейныя мерапрыемствы адбываюцца стыхійна, разрознена, без адзінага агульнабеларускага, агульнага ўсходнееўрапейскага і тым больш сусветнага плану (як гэта было не так даўно, калі адзначаўся юбілей армянскага пісьменства, 500-годдзе з часу нараджэння Францыска Скарыны). Мы нават не ведаем (а шчырыя патрыёты сваёй Радзімы ўжо даўно пра гэта пытаюцца), дзе дакладна памёр Францыск Скарына і дзе знаходзіцца прах першадрукара Святога Пісання, шматбаковага навукоўца, прыхільніка збліжэння ўсіх народаў і канфесій, асабліва хрысціянскіх, надзвычай гуманнай асобы, нязломнага пакутніка за веру, сям’ю, Радзіму, чалавецтва. За высакародную справу пошукаў праху Францыска Скарыны ў Чэхіі ўзяліся святары касцёла святых Сымона і Алены на чале з ксяндзом пробашчам Уладзіславам Завальнюком. Каб аблегчыць іх пошукі, падзялюся вынікамі сваёй работы як з вуснымі і друкаванымі, так і з віртуальнымі крыніцамі. Асабліва дапамагла мне старонка «Вікіпедыі», прысвечаная помнікам культуры Чэхіі, што сталі як нацыянальнымі, так і ЮНЕСКАўскімі каштоўнасцямі. Найперш маю ўвагу прывабіў Чэшскі-Крумлаў, дзе, як ужо даўно вядома, пры замку працаваў так званым садоўнікам, а па сутнасці, як і бацька ў Празе, як асветнік, батанік-лекар старэйшы сын нашага першадрукара Сімяон (можа, якраз такое ж імя меў і яго бацька, пакуль заставаўся праваслаўным, перад каталіцкім хростам разам з усёй сям’ёю ў 1498 годзе ў полацкім бэрнардынскім касцёле святога Францішка). Апошнія звесткі я ўзяў яшчэ ў 1988 годзе для даклада на чарговым кангрэсе славістаў у Браціславе з аўтарытэтнай манаграфіі пінскага гісторыка ордэну бэрнардынаў Яна Кантака [1] і надрукаваў у кангрэсным дакладзе [2], які быў успрыняты міжнароднай грамадскасцю без крытычных заўвагаў. Аднак вернемся да віленскага перыяду жыцця і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны, бо ў чытача могуць узнікнуць пытанні: адкуль жа ў Скарыны ў Чэхіі ўзяліся два сыны, адзін з якіх напэўна, а другі — магчыма, займаўся тым жа, што і бацька, — батанічна-садоўніцка-лекарскай дзейнасцю, якая можа стаць пры пошуках надзейным арыенцірам. І чаму наш славуты суайчыннік вымушаны быў пакінуць родную і блізкую да Полацка Вільню, каб вярнуцца ў больш аддаленую і чужую Прагу? Для гэтага трэба хоць бегла спыніцца на падзеях 1520-х гадоў жыцця і дзейнасці Скарыны. Выдаўшы ў Празе чэшскай не менш за 22 кнігі перакладаў з Бібліі, ён дзеля сувязі са сваім рэальным, пераважна праваслаўным чытачом, паехаў працягваць святую дзейнасць у Вільню, сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, агульнай дзяржавы і для продкаў беларусаў, тады пераважна па саманазве русінаў (але ўжо ў лацінскіх крыніцах, дзеля адрознення, беларусаў) і для продкаў літоўцаў, у той час пераважна па назве жмудзінаў ці жамойтаў. Скарына правёў там звыш дзесяці гадоў. У 1522 годзе ён выдаў агульнахрысціянскую «Малую падарожную кніжыцу», а ў 1525 годзе — кнігу «Апостол». І ўсё! Аднак мы ведаем, што Скарына быў працалюбам, які не мог сядзець склаўшы рукі. Ведаем таксама, што ў другой палове 1520-х гадоў ён дапамагаў Віленскаму біскупу Яну, сыну тагачаснага караля першай Рэчы Паспалітай. Мяркую, што менавіта па біскупскім заданні наш першадрукар выконваў адказную і пачэсную работу — складанне першага Статута Вялікага Княства Літоўскага. Па традыцыі лічыцца, што гэтая па сутнасці першая ў Еўропе Канстытуцыя стваралася ў асноўным Альбрэхтам Гаштольдам, з 1522 года адначасова канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводаю, уладальнікам Геранёнаў, Астраўца і яшчэ дзясятка іншых маёнткаў. Але ўсебаковае вывучэнне магнацкай постаці майго земляка пераканала мяне, што ён мог толькі арганізоўваць напісанне. Адзінай жа постаццю ў ВКЛ, якая магла спалучыць у Статуце «права Боскае» і «права чалавечае», з’яўляўся тады якраз сакратар біскупа Яна — Францыск Скарына! Толькі ён з грамадзянаў ВКЛ паспяхова, за два гады, закончыў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, а пасля стаў доктарам Падуанскага ўніверсітэта ў Італіі. Улетку аўтары Статута, відаць, пад зацікаўленаю апекаю біскупа Яна і яго бацькі, каралеўскай мосці самога Зыгмунта Старога, мужа каралевы-рэфарматаркі Боны Сфорца, а таксама і яе самой, «рэнесансніцы», якая любіла «літоўскія» прасторы, накіроўваліся на ўсход па «каралеўскім гасцінцы»: падсілкоўваліся па дарозе ў спецыяльна адкрытай з іх дазволу карчме ў Касіне Вялікай (цяпер Пакене) і ехалі далей, у Астравец, бліжэйшы маёнтак Гаштольдаў над пакручастымі берагамі Лошы (па-літоўску — Стронга, Фарэль, якая даходзіла сюды з Балтыкі і «ўвайшла» на першы герб Астраўца), па канчатку даўжэзнага «Шоўкавага шляху». Відаць, Скарына павінен быў і выдаць у Вільні першы Статут друкам, бо іначай для чаго ж ён выкрадаў у Каралеўцы друкара-габрэя і потым цярпеў за гэта пераслед прускага герцага? Але як яно было далей, я пакуль што не ведаю, ва ўсялякім выпадку пасля першага Статута выйшлі ў абноўленых выданнях на працягу таго ж стагоддзя другі і трэці, адрозныя ад першага. Адначасова з дзяржаўна-грамадскімі Скарына выконваў і сямейныя абавязкі, выхоўваў двух сыноў сваёй жонкі Маргарыты, удавы ягонага віленскага грашовага дабрадзея Рыгора Адверніка, які памёр якраз у 1525 годзе, калі з’явілася другая з віленскіх кніжак Скарыны. Праз год, вытрымаўшы жалобу, Маргарыта (узрост яе нам пакуль невядомы) выйшла замуж за Францыска, але неўзабаве і сама памерла. Нарэшце ў 1534 годзе, перажыўшы пераслед прускага герцага, прэтэнзіі на спадчыну (камяніцу) сваёй жонкі ў Вільні і, хутчэй за ўсё, заключэнне ў познаньскую турму за даўгі свайго старэйшага брата Івана, які прадаваў скуры звяроў Полаччыны, Францыск Скарына павёз абодвух сыноў з сабой у Прагу, і неўзабаве яны ўжо там памагалі бацьку ў садоўніцтве. Але ў мяне яшчэ ўзнікае пытанне: ці яго гэта былі сыны? Хутчэй за ўсё, праяўляючы хрысціянскую міласэрнасць, Францыск усынавіў іх, даволі дарослых, і навучаў іх знаёмай для сябе (прыгадаем яго экзамены ў Падуі), патрэбнай чалавецтву і прыродзе справе — медыцыне, тады пераважна прыродазнаўству. А цяпер пра самае важнае: дзе ж Скарына памёр і дзе быў пахаваны? Адны сцвярджаюць, што, безумоўна, у Празе, іншыя — што кароль Чэхіі Фердынанд вывез яго як вопытнага спецыяліста і вернага слугу з сабой у Аўстрыю. Мяне ж найбольш пераконваюць супастаўленыя факты, прыведзеныя ў артыкуле вопытнага скарыназнаўца Вячаслава Чамярыцкага ў шматтомным Энцыклапедычным даведніку «Беларускія пісьменнікі». Працытуем адтуль самы важны для нас абзац: у 1535 годзе Скарына вярнуўся (напэўна ж, з двума сынамі, Сімяонам і Францішкам — А. М.) «у Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда І прапрацаваў Скарына да лета 1539 г. (відаць, да канца закладкі. — А.М.). Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма, у Паўднёвай) (учэпімся за апошняе слова! — А.М.) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. На жаль, нам невядомы ні дата яго смерці, ні месца пахавання. Найбольш верагодна, што памёр ён у 1551 г., бо ў пачатку наступнага года чэшскі кароль выдаў Скарынаваму сыну Сімяону спецыяльную грамату (ад 29 студзеня) на права адшукваць па ўсёй краіне і наследаваць маёмасць свайго бацькі, ужо нябожчыка. У тым жа 1552 г. справа аб нейкай частцы маёмасці разглядалася і ў Вільні, пра што сведчаць два нядаўна выяўленыя судовыя дэкрэты (ад 17 жніўня і 15 снежня) караля Жыгімонта Аўгуста. Сімяон Скарына ў 1570-я гады жыў у Паўднёвай Чэхіі і таксама займаўся лекарствам і садоўніцтвам (вядома ж, пры замку. — А. М.). Другі сын першадрукара Францішак загінуў у 1541 г. у Празе ў часе пажару. Нашчадкі Сімяона Скарыны жылі ў Чэхіі і Славакіі» [3]. Ад сябе дадам, што адзін з далёкіх, але свядомых у сваяцтве нашчадкаў, Ежы Скарына, які жыў у сталіцы Мексікі, займаўся таксама друкам, актыўна перапісваўся са мною. У адным з лістоў я спытаў у яго: што азначае, калі Францыск Скарына сапраўды перад смерцю «жыў у Паўднёвай Чэхіі», у старэйшага сына? Ён адказаў мне, што гэта быў Чэшскі-Крумлаў, цэнтр нібыта незалежнага герцагства. Ім кіравалі спачатку чэхі, а потым, на поўдні Маравіі, аўстрыйцы ці саксонцы… І вось цяпер, калі такая інфармацыя вельмі спатрэбілася для пошукаў праху нашага першадрукара, я некалькі дзён, дзякуючы «Вікіпедыі», «падарожнічаў» па Чэшскім-Крумлаве, і аказалася, што рэальныя пошукі ў паўднёвамараўскім горадзе, а таксама пошукі ў архівах суседніх дэканатаў могуць быць вельмі перспектыўнымі [4]. Мяркуйце самі. У Чэшскім-Крумлаве тады былі ўсяго два касцёлы. Адзін, у акружаным мурамі кляштары, адпадае як закрыты. Другі — у імя святога Віта, парафіяльны, стаіць на беразе-паўвостраве Влтавы і якраз паблізу замка, пабудаваны ў гатычным стылі і асвечаны яшчэ задоўга да прыбыцця абодвух Скарынаў: парафіяльным ён стаў у 1329-м, цэнтрам Доўдлебскага дэканата — у 1374-м, а пасля перабудовы быў яшчэ раз асвечаны ў 1439 годзе. Скарынаў, як адказных прызамкавых асобаў, маглі хаваць, прытым з належнымі надмагіллямі, толькі там, а факты пахавання паведамляць і ў дэканат, назва якога мянялася.
Аднак далейшая гісторыя прыдворнага і парафіяльнага касцёла імя святога Віта развівалася, як сведчыць «Вікіпедыя», пакручаста. У 1583 годзе ён стаў месцам пахавання прадстаўнікоў Рожмбергскага дома, у 1591 годзе быў адміністрацыйна перададзены ордэну езуітаў, які, напэўна ж, не дужа шанаваў усходніх славянаў, прытым хрышчаных на католікаў бэрнардынамі. Да таго ж, у прэзбітэрыі ад надмагілляў, размешчаных нават у цэнтры касцёльнай залы, стала цесна. Таму новая ўладальніца замка, Марыя Эрнесціна фон Эгенберг, у 1717 годзе загадала іх вынесці (але куды, на якія могілкі?). Быў складзены спіс надмагілляў, які, паводле «Вікіпедыі», адзін і захаваўся, а таму мог бы паслужыць каардынатам у пошуках праху нашага першадрукара. Аднак план графіні не быў тады выкананы: яна памерла ў 1719 годзе. Нават у 1750 годзе надмагільныя таблічкі з чырвонага мармуру ўсё ж віселі на сценах пры ўваходзе ў капліцу Яна Непамуцкага. Можа, вісяць там і цяпер? Без пошукавага візіту ў касцёл святога Віта і архівы навакольных дэканатаў тут яўна не абысціся, і ў гэтым мінскаму духавенству з Чырвонага касцёла могуць і павінны дапамагчы сябры арганізацый беларускай дыяспары ў Празе. Паводле даведніка, складзенага і выдадзенага ў Маскоўскім універсітэце ў 2014 годзе, іх там ажно дзевяць [5]. І сярод іх — Беларуская суполка «Скарына ў Празе», «Аб’яднанне імя Францыска Скарыны» з электроннымі адрасамі, прозвішчамі кіраўнікоў. Каму, як не ім, апраўдваць імя свайго апекуна? А да гэтага ж яшчэ можна абвестку-заклік да пошукаў змясціць у чэшскіх часопісах — англамоўным «Belarusian Reviev» і беларускамоўнай «Крывіі». А для пачатку пошукавай работы я падкажу нашым суайчыннікам назву чэшскай кнігі, якую мне ў Мінску так і не ўдалося выявіць. Гэта — «Encyklopedia města Český Krumlov», а ў ёй павінен быць змешчаны артыкул Здэнкі Прокапавай пра касцёльную гісторыю гэтага горада, невялікага, але з вялікай гісторыяй. Ну то за работу: духоўную, інтэлектуальную, пошукавую! Дакументаў пра Скарыну, нашага першага кнігавыдаўца ў Чэхіі павінна быць многа і ў розных сховішчах.
Гл. таксама:
|
|
|
|