Цямнюткая ноч была, ціша паныла
Усё наваколле спакоем пакрыла…
І проблескі месяца ўсцяж засвяцілі,
Бо ўжо набліжаліся хвілі,
Як духі таемна з нябёсаў
Па зорных праменнях сыходзяць —
Жабрачыя горкія лёсы
Снамі лагодзяць.
На беразе рэчкі імклівай,
Якая цячэннем вірлівым
Змутнелыя хвалі ганяе, —
Хароміна велічна ззяе.
Там здраднік айчыны пракляты
На ложку чакаў залацістым,
Што сон пад свае возьме шаты
І сэрца, і розум нячысты.
Агонь у праменьчыках змрочных,
Шыкоўнымі лямпамі скрыты,
Паказваў у ценю той ночы
Дастатак злачынцы набыты.
Здаўна назапашваў ён гэта
З нястомнаю, прагнай ахвотай.
Сабраў хіба ўсе скарбы свету —
Але ж не ставала там цноты.
Вось час утрапёны
З магутнага звону
Дванаццаты ўдар выводзіў
А сон яшчэ не надыходзіў.
Наведваў ён сціплыя хаткі,
Прытульваў у гэту хвіліну
Таго, хто свае ўсе дастаткі
Калісьці аддаў за айчыну.
Дарэмна нягоднік з маркотай
Чакаў, калі сон падкрадзецца.
Ён сох, як увосень лістота,
І смутак яму мучыў сэрца.
Пакінуў вялізны свой ложак,
Замкі адчыняе на скрынях шыкоўных.
Мяркуе, яму дапаможа
У смутку зіхценне каменняў каштоўных.
Ды раптам нябёсы далі знак страхотны,
Маланкі ляснулі,
Агеньчыкі згаснулі,
Віхор вырваў дзверы грымотна.
Пранік спярша месячык цьмяны,
За ім нечакана
Паважная крочыць асоба.
На ёй — жалоба…
З тужлівай паставаю,
Грудзямі крывавымі.
Ад гэтае з’явы жахлівае
Сэрца дрыжыць баязлівае!
Бачыць — не верыць,
Зубы ён шчэрыць,
Крычыць: «Ты хто? Здань? Чыя?
Стой, бо заб’ю цябе я!»
Ды бледная постаць маўкліва
Слухае крык той зласлівы,
Ідзе толькі з ціхімі
Ўздыхамі.
Злачынца схапіў агнястрэльную зброю,
У моц яе верачы, раптам з жудою
Прыцэліўся, ціснуў —
Агонь мігам бліснуў.
І прагная куля са свістам
Рассекла паветра іскрыста,
Наскрозь яна здань пранізала,
Ды тая няспешлівым крокам
З маўчаннем глыбокім
Бліжэй і бліжэй падступала.
Сваёю рукой абаперлася ціха
Яму на плячо, прыпынілася крыху.
Ды адпачывае.
Ён млее —
Пацее
І зброю другую хапае.
Гаворыць яму дух кабеты
Такім галаском, быццам гэта
Струменьчык цвірчыць або лютня іграе,
Або на магілах вятрыска спявае:
«Пастой! Твая куля мяне б не забіла,
Бо ты ўжо загнаў мяне, сын, у магілу,
Але я хачу ўратаваць цябе, мілы.
Твая душа ў смутак пагружана сёння,
Спачынку жадаеш — на вечнасці ўлонне
Хадзем, я табе прабачаю правіны —
Матуля не помсціць зблукаламу сыну».
У тую хвіліну затрэсліся гмахі,
Уздрыгнулі дахі
І стогн самой ночы раздаўся.
Праз вокны прабраўся
Дух з чорным абліччам
І выкрыкнуў голасам-громам:
«Няма прабачэння такому —
На страшны суд Бог Цябе кліча,
Бо ты праліваў жорстка кроў
Сваіх жа нявінных братоў!»
Сказаў ён — і гнеўным ударам
На ложак злачынцу адкінуў,
Забраў душу ў цёмныя хмары,
За ім завыў вецер, гром грымнуў.
|