Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Тамара ГАБРУСЬ

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай
у в. Ельня (Лідскі р-н). Фота 1923 г.

У сваім «Дзённіку» ад 20 кастрычніка 1934 года Язэп Драздовіч пісаў: «Я люблю адведваць невялікія, у вясковай глушы, касцёлкі і царкоўкі, так усё там просценька і шчыра…». Сапраўды, прастата касцёлаў і шчырасць іх вернікаў з’яўляюцца найбольш дакладнымі духоўнымі і эстэтычнымі вызначальнікамі традыцыйных беларускіх парафій. Драўлянае дойлідства на працягу стагоддзяў фарміравала эстэтычнае «калектыўнае несвядомае» многіх еўрапейскіх этнасаў, у тым ліку і беларускага. Нашы продкі нараджаліся і жылі ў непасрэдным кантакце з дрэвам: немаўлятак клалі ў драўляныя начоўкі, з дрэва рабілі лавы, посуд, прасніцы і ткацкія станкі, у апошні шлях нябожчыка адпраўлялі ў драўлянай дамавіне. З дрэва будавалі хаты і храмы, якімі нібы асвячалі ўсё паселішча. Вялікі вопыт цяслярскага майстэрства перадаваўся з пакалення ў пакаленне, дзякуючы чаму захоўвалася вернасць традыцыі.

Айчынныя драўляныя храмы ХVII–XVIII стст., залатога веку Рэчы Паспалітай, апрануты ў сціплую «вопратку» народнай творчасці. Тым, хто прызвычаіўся да «багатай» архітэктуры з калонамі, ляпнымі ўпрыгожаннямі, залатымі купаламі і інш., драўляныя святыні могуць падацца нецікавымі. Яны не ўражваюць мудрагелістасцю формаў, але зачароўваюць шчырасцю іх стваральнікаў.

Храмабудаўніцтва з’яўляецца адным з галоўных відаў манументальнага дойлідства, у якім праз архітэктурна-мастацкія формы яскрава выяўляюцца глыбінныя філасофска-светапоглядныя ідэі, сацыяльна-палітычныя і канфесійныя арыенціры. Адметнасць драўлянага храмабудаўніцтва як будаўнічага мастацтва ў тым, што яго эстэтычныя і тэхнічныя характарыстыкі надзвычай цесна знітаваныя — яны ўзаемна абумоўліваюць і дапаўняюць адна адну. Драўляныя храмы Беларусі рубіліся спосабам, агульным для этнаграфічнага будаўніцтва ўсіх славянскіх земляў — гарызантальнымі вянкамі, «у чатыры вуглы», у адрозненне ад звычайнай хаты «ў чысты вугал», без выпуску бярвенняў. Пры гэтым даўжыня бервяна з’яўлялася жорсткім канструкцыйным модулем, што вызначала агульныя параметры зруба, альбо клеці, у плане блізкіх да квадрата. Паняцце «клець» вядомае з глыбокай старажытнасці — гэты тэрмін трапляецца нават у пісьмовых крыніцах Х ст. у значэнні «хата», «камора», «келля» і г.д.

Аднак пры агульным базавым архетыпе клеці мастацка-вобразная трактоўка архітэктурных формаў храмаў розных усходнеславянскіх народаў была істотна адметнаю, што абумоўлівалася рознай сацыяльнай гісторыяй краінаў і рознымі мастацка-стылёвымі ўплывамі. Агульнаю рысаю, характэрнаю для беларускіх драўляных храмаў ХVIІ–ХVIІІ стст. усіх рэгіёнаў і канфесій, з’яўляецца аднолькавая вышыня ўсіх частак сакральнай кампазіцыі, незалежна ад іх шырыні і прызначэння. Такі спосаб арганізацыі аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вядомы пад тэрмінам «будаваць у адзін рум» (ад ням. Ruhm — памяшканне). Усе зрубы звычайна завяршаліся агульным карнізам і накрываліся адзіным шматсхільным дахам, што надавала кампазіцыі маналітнасць і цэласнасць. Генезіс азначанай архітэктонікі храмаў відавочна двухбаковы. З аднаго боку, ён адпавядае прыёмам будаўніцтва сялянскіх жылых і гаспадарчых пабудоваў, мае этнаграфічны характар. З другога боку, ён звязаны з уплывам мураванага дойлідства, імітацыяй у дрэве структуры мураваных аднанававых ці трохнававых базылікальных храмаў, якія маюць сакральную старазапаветную семантыку каўчэга, уласцівую заходнееўрапейскай традыцыі. Таму гэты найбольш пашыраны прынцып арганізацыі архітэктурных формаў і ў драўляным, і мураваным храмабудаўніцтве Беларусі ХVIІ–ХVIІІ стст., можа быць ахарактарызаваны як базылікальная канцэпцыя. Яна істотна адрозніваецца ад канцэпцыі формаўтварэння ў храмабудаўніцтве суседніх усходнеславянскіх народаў. Для драўляных цэркваў рускай Поўначы характэрная так званая комплексная канцэпцыя, заснаваная на спалучэнні зрубаў рознай вышыні з самастойным завяршэннем кожнага з іх у выглядзе кілепадобных «бочак» ці высокіх шатроў, рубленых з круглага бярвення. У драўляным храмабудаўніцтве Украіны базылікальная, ці крыжовая, структура зрубаў аднолькавай вышыні ў эпоху Барока спалучалася з маляўнічай шмат’яруснай будовай вярхоў.

Прасцейшы матрычны тып клецевага храма, адназрубавы, генетычна найбольш набліжаны да этнаграфічнай сялянскай хаты, ад якой адрозніваецца крыху большым маштабам і наяўнасцю сакральнага сімвала — аднаго, двух ці трох крыжоў у вянчаючых масах збудавання. Тут усе кананічныя часткі хрысціянскага храма (алтар, малітоўная зала-нава і нартэкс-бабінец) размешчаны ў адзіным аб’ёме, накрытым агульным дахам, звычайна вальмавым (ці стажковым, ад ням. Walm — стог сена), са схіламі трохвугольнай і трапецыепадобнай формы. Архаічныя адназрубавыя драўляныя храмы з простакутнай ці трохграннай алтарнай часткаю мелі толькі адзін алтар і звычайна служылі капліцамі: у іх не праводзіліся штодзённыя богаслужэнні, і яны былі прыпісаныя да храмаў з самастойным клірам. Характэрным прыкладам з’яўляецца капліца ў Панёмуні (XVII ст.), якая належала гродзенскаму кляштару бэрнардынаў (яна вядомая па фотаздымку пачатку ХХ ст.). Капліца мела форму выцягнутага васьмігранніка і была накрытая вальмавым гонтавым дахам з крыжам на вільчыку. У ХІХ ст. камерны тып адназрубавага храма набыў рысы класіцызму, што выявілася ў афармленні галоўных фасадаў 4-калоннымі порцікамі з пакатымі трохвугольнымі франтонамі. Прыкладам могуць быць адназрубавыя капліцы на могілках у в. Галавачы (Гродзенскі р-н), дзе порцік сфарміраваны пад вальмавым дахам, і ў засценку Лозіна (1814 г., в. Навішчына Барысаўскага р-на).

Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі
ў вёсцы Тракелі (Воранаўскі р-н). Фота 1930-х гг.

У трохзрубавым варыянце архітэктоніка клецевага храма лагічна развітая ў адпаведнасці з яго сакральнай трохчасткавай структураю. Пры гэтым захоўваецца традыцыйнае размяшчэнне алтара, навы і бабінца па падоўжнай восі ўсход–захад і злучэнне зрубаў «з водступам ад вугла». Яскравым прыкладам трохзрубавай каталіцкай святыні з’яўляецца касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Тракелі (Воранаўскі р-н), які прызначаны санктуарыем Божай Маці Тракельскай (Яе цудадзейны абраз каранаваны 5 ліпеня 2009 г. кардыналам Казімірам Свёнткам). Каталіцкая парафія была заснаваная тут у 1500 г. уладальнікам мястэчка Марцінам Гаштольдам. Першы драўляны касцёл, пабудаваны ў 1680 г., быў перабудаваны ў 1738 г., неаднаразова аднаўляўся, а пазней быў закрыты, але вернуты парафіянам у 1975 годзе. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складаецца з трох зрубаў аднолькавай вышыні, накрытых агульным шматсхільным дахам з вальмамі над прамавугольным бабінцам і пяцігранным прэзбітэрыем. На збегу вальмаў размешчаны сціплыя гранёныя купальныя сігнатуркі. Невысокія сіметрычныя сакрыстыі па баках прэзбітэрыя таксама накрытыя вальмавымі дахамі, падведзенымі пад карніз асноўнага, што стварае выразную гармонію формаў. У асноўным аб’ёме пры ўваходзе на чатырох слупках размешчаны арганныя хоры. Пры аднаўленні святыні ў пачатку 2000-х гг. дах быў пакрыты метала-керамічнаю дахоўкаю, а традыцыйная вертыкальная шалёўка з нашчыльнікамі замененая сайдзінгам, які імітуе гарызантальную шалёўку. Сучасныя матэрыялы, на жаль, пагоршылі мастацкае аблічча гэтага архітэктурнага помніка.

Архітэктурна-мастацтвазнаўчы аналіз шырокага кола помнікаў драўлянага сакральнага дойлідства Беларусі ХVII–XVIII стст. выяўляе яскравую колькасную перавагу розных мадыфікацый двухзрубавых храмаў над больш традыцыйнымі і блізкімі да этнічнага будаўніцтва адна- і трохзрубавымі клецевымі храмамі. У архітэктоніцы двухзрубавага варыянта храма традыцыйныя канструкцыйныя прыёмы і кананічная семантыка траіснасці былі мэтанакіравана і творча перапрацаваныя мясцовымі майстрамі, што рабілася з мэтаю надання аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі збудаванняў пэўных стылёвых характарыстык, уласцівых мясцовай прафесійнай мураванай архітэктуры барока. Двухзрубавы тып храма ў часы барока быў пашыраны на тэрыторыі Беларусі і этнічнай Літвы ў будаўніцтве ўсіх хрысціянскіх канфесій, але асабліва шырока ў каталіцкіх і грэка-каталіцкіх. Для даследавання намі ўзятыя не толькі ацалелыя помнікі, але і архіўныя звесткі пра ўжо не існуючыя святыні.

Фердынанд Рушчыц. «Касцёл у Багданаве». 1900 г.
Нацыянальны музей у Кракаве.

Беларускія храмы рубіліся з цёсанага альбо брусованага дрэва. Для надання пабудове падабенства да падоўжных наваў мураваных святыняў беларускага барока, выгляду «карабля», а разам з тым і семантыкі каўчэга, атрымаў пашырэнне запазычаны з архітэктуры краінаў Цэнтральнай Еўропы прыём зрошчвання драўніны ў плоскасці сцяны, што дазволіла рабіць асноўныя прамавугольныя зрубы-навы значных памераў. Плотніцкая тэрміналогія сведчыць пра тое, што многія будаўнічыя прыёмы прыйшлі да нас праз Польшчу з Нямеччыны. Алтарная частка вылучалася звычайна даволі вялікай пяціграннай апсідай, аднолькавай па вышыні з асноўным аб’ёмам, што імітавала магутныя паўкруглыя апсіды прэзбітэрыяў мураваных касцёлаў. Але часам алтарны зруб захоўваў традыцыйную для этнічнага будаўніцтва прамавугольную форму, у плане блізкую да квадрата. Асноўны зруб і алтарную апсіду звычайна аб’ядноўвала шырокая цяга прафіляванага карніза пад шматсхільным кроквенным дахам з агульным падоўжным вільчыкам. Пры гэтым, з прычыны розніцы ў шырыні зрубаў, у месцы іх злучэння абапал апсіды прэзбітэрыя рабіліся трохвугольныя навісі полкі карніза, «застрэшкі» ці «акопы», якія выразнай святлаценню падкрэслівалі рытм аб’ёмаў. З дапамогаю трохвугольных навісяў і вальмаў над алтарным зрубам кампазіцыя храма набывала надзвычайную маналітнасць і цякучасць, жаданую пластыку «карабля».

Дынаміка вянчаючых масаў храма паступова ўзрастала ад алтарнай апсіды да галоўнага фасада, які адпаведна прынцыпам стылю барока вырашаўся як шырма ці завеса для агульнай кампазіцыі збудавання. Галоўны заходні фасад храма ўяўляў з сябе тарэц прамавугольнага зруба, завершаны над карнізам дашчаным шчытом, які закрываў прастору і канструкцыю кроквеннага даху. Падобныя шчыты вызначаюцца намі як «свабодныя» франтоны, таму што канструкцыйна яны неслі толькі ўласную вагу, без нагрузкі дахавага пакрыцця, якая перадавалася на кроквы, што дазваляла вырашаць завяршэнне фасадаў дастаткова адвольна. Шчыты-франтоны маглі спалучацца з даволі шырокім прычолкам ці з некалькімі прычолкамі, а маглі мець разнастайны малюнак дашчанай абшыўкі (шалёўкі): вертыкальны, ромбападобны, «у елачку» і інш.

Уваход у храм звычайна быў адзіны. Пры гэтым мастацкі акцэнт рабіўся на ўваходных дзвярах. У старажытных інвентарах часам адзначана: «дзверы падвойныя вялікія, сталярскай работы, футрованыя цвікамі» ці «дубовыя, жалезам акуты». Калі былі дадатковыя дзверы, іх наяўнасць таксама адзначалася. Пры ўваходзе ў святыню рабілі ўбудаваны «ўнутраны бабінец», не выяўлены звонку асобным зрубам. Звычайна ўнутраны бабінец быў неглыбокі, але распластаны на ўсю шырыню асноўнага зруба. У далейшым ідэя галоўнага фасада-«шырмы» выявілася ў стварэнні высокага плоскага аб’ёма, фланкаванага дзвюма вежамі, параметры якіх абумоўлівалі глыбіню бабінца. Пры гэтым трактоўка франтона як кампазіцыйна адвольнага элемента разнастайна спалучалася з дзвюхвежавымі завяршэннямі фасадаў.

Дынаміку кампазіцыі збудавання па вертыкалі надавалі невялікія службовыя прыбудовы: «крухта» (уваходны тамбур), па баках алтара — сакрыстыі, якія звычайна размяшчаліся сіметрычна і мелі аднолькавую вышыню. У касцёльных інвентарах адзначаецца: «Па баках прэзбітэрыя 2 сакрыстыі роўна, як сам касцёл высокія, маюць уверсе па акну» (Мікалаева, касцёл св. Юр’я, 1652); «звонку справа ад касцёла каплічка драўляная, крыта саломай, пад ёй склеп мураваны, злева сакрыстыя драўляная невялікая», «сакрыстыя гонтам крыта» (Задвея, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 1697), «сакрыстыі з абодвух бакоў» (драўляны ваўкавыскі касцёл езуітаў, 1784).

Архітэктоніку драўляных двухзрубавых касцёлаў часам узбагачалі і надавалі адпаведную канфесійную семантыку сіметрычныя прыбудовы крылаў трансепта, утвараючы ў плане збудаванняў лацінскі крыж. Вышыня крылаў трансепта вар’іравалася ад вышыні сакрыстый да вышыні навы, калі лацінскі крыж захоўваўся і на ўзроўні карніза збудавання. Гэта дазваляла разнастайна вырашаць кампазіцыю вянчаючых масаў, надаваць святыням непаўторнае аблічча. Пакрыццё прыбудоваў магло вырашацца разнастайна: як працяг схілаў асноўнага даху (Багданаў, Янаў), як аднасхільныя асобныя дахі (Стары Свержань, Трабы) ці падведзеныя пад асноўны дах (Волма, Прывалкі), як двухсхільныя з дыяганальным вільчыкам (Амнішава, Дуды, Лявонпаль), двухсхільныя з перпендыкулярным вільчыкам (Валеўка, Небышын, Ельня), трохсхільныя вальмавыя (Камень, Мсціж, Вялікі Корань, Старыя Васілішкі) і ў розных спалучэннях гэтых варыянтаў (Нача). Серабрыстыя гонтавыя двухсхільныя ці вальмавыя дахі прыбудоваў стваралі гарманічнае суладдзе са схіламі асноўнага даху.

Паводле архіўных інвентароў, для пакрыцця дахаў выкарыстоўваліся разнастайныя матэрыялы: гонт, дранка, цёс, дахоўка; для купалоў і «баняў» — гонт, бляха («белае нямецкае жалеза»); зрэдку — медныя лісты: «купалок дошкамі абіты», «дах драніцамі пакрыты», «салома на каплічцы» (Задвея), «гонт, 2 вежы бляхай абіты» (Свіслач, Ваўкавыск).

Фердынанд Рушчыц, «Ля касцёла», 1899 г.
Нацыянальны мастацкі музей
Рэспублікі Беларусь.

Вертыкальная шалёўка сценаў дошкамі ці «тарціцамі» з нашчыльнікамі, ці «латамі», што з’яўляецца характэрнаю прыкметаю беларускага драўлянага храмабудаўніцтва ХVIІ–ХVIІІ стст., была не толькі канструкцыйным прыёмам, але і адпавядала мастацкай канцэпцыі стылю барока. Рознае на працягу дня асвятленне мяняла глыбіню рэльефа, стварала кантрасты асветленай паверхні і глыбокіх ценяў альбо тонкія нюансы светла-шэрых тонаў. Пры гэтым захоўваліся натуральныя фактура і колер драўніны, у адрозненне ад сучасных тэндэнцый, ніякага разьбянага дэкору ў вонкавым абліччы драўляных храмаў у той час не рабілі. Уверсе сцены звычайна завяршаліся ордэрным карнізам, які часам дапаўнялі цёсінаю-«падзорам» з шэрагам арачак, што па-свойму імітавалі аркатурныя паясы старажытных раманскіх і візантыйскіх мураваных храмаў.

Вокны звычайна былі прамавугольныя, невялікія, у простых ліштвах з тарціцаў ці злёгку прафіляваныя. У часы барока вокны маглі мець лучковыя перамычкі, накшталт мураваных святыняў. Шкляныя лісты ў вокнах ставіліся ў драўляных рамах, нескладаныя вітражныя кампазіцыі, як пазначана ў некаторых інвентарах, былі «з дробнага шкла ў волаў апраўленыя». З пачатку ХІХ ст., у перыяд класіцызму, атрымалі пашырэнне паўкруглыя завяршэнні вокнаў ці востравугольныя ў стылі несапраўднай готыкі.

Інтэр’еры беларускіх двухзрубавых касцёлаў былі сціплымі і слаба асветленымі з прычыны лапідарнасці і аскетызму іманентна зададзенай архітэктонікі: «унутры сцены не пафарбаваныя, гладкія, з дрэва будавалі» (Мікалаеўскі касцёл, 1652). Нава звычайна мела плоскую столь з тарціцаў ці невысокае дашчанае корабавае скляпенне. Сціпласць архітэктурнай прасторы кампенсавалася багаццем разьбянага дэкору і сакральнага «драўлянага начыння». Амбоны, алтары і канфесіяналы былі выдатнай «сніцарскай работы», пакрытыя чорным ці зялёным лакам у спалучэнні з пазалотаю. У кампазіцыі і аздобе шмат’ярусных прысценных алтароў шырока выкарыстоўваліся ордэрныя элементы, аканты, завіткі-валюты, картушы, выявы вінаграднай лазы, глыбокія нішы-табэрнакулы для аб’ёмнай скульптуры і пышныя фігурныя завяршэнні — рэтаблі. У апісаннях драўляных святыняў часам адзначаецца, што сафіты дашчаных скляпенняў ці плоскай столі, алтары, хоры «аптычна намаляваныя» альбо размаляваныя «на оптыку» з мэтаю візуальнага павелічэння і стварэння эфекту адкрытасці і святла ва ўнутранай прасторы. Свядомае выкарыстанне аптычных эфектаў сведчыць пра глыбока ўспрынятыя мастацкія прынцыпы стылю барока.

Над бабінцам мясціліся музычныя хоры, абапертыя на два ці болей слупкі, часам у выглядзе аркады; абапал бабінца былі хрысцільня і лесвіца на хоры. Вельмі цікавае інвентарнае апісанне 1652 г. (на лацінцы) унутранага бабінца касцёла св. Юр’я ў мястэчку Мікалаева (Іўеўскі р-н): «Хоры над дзвярмі касцёльнымі з балясаў точаных зроблены, на моцных слупах драўляных абапёрты. З аднаго боку ўнізе ўваход, з другога хрысцільня, зробленая без належных прапорцый». Апошняя заўвага сведчыць пра існаванне ў функцыянальным і кампазіцыйным вырашэнні храмавага будынка пэўных «належных» прапорцый. У шэрагу інвентароў драўляных святыняў пазначана: «над бабінцам хор для кантараў» (задвейскі касцёл, інвентар 1697 г.), «над унутранай крухтай хор» (ваўкавыскі касцёл езуітаў, інвентар 1712 г.). У інвентары 1724 г. драўлянага касцёла ў Сталовічах (Баранавіцкі р-н) адзначана, што «хорак размаляваны патрабуе рамонту».

Яшчэ адным з важных мастацкіх прынцыпаў барока з’яўляецца стварэнне разгорнутага архітэктурна-прасторавага храмавага ансамбля. Касцёл заўжды займаў галоўнае месца ў планіровачнай структуры населенага пункта. Яго тэрыторыя з невялікімі могілкамі (цвінтаром) вылучалася драўлянаю ці мураванаю агароджаю з брамаю, якая часам спалучалася са званіцаю. Вось некалькі фрагментаў са старажытных інвентароў помнікаў ХVII–XVIII стагоддзяў: «уваход ад рынка праз дашчаную браму з жалезнымі кратамі» (Наваградак); «агароджаны парканам драўляным з гонтавым дашкам. 2 брамкі крыты гонтам, у іх форткі» (Мінск); «цмянтар агароджаны парканам з брамай» (Нясвіж); «цмянтар парканам добрым абведзены з остранглакаў» (жэрдак. — Т.Г.) (Мікалаева, 1652); «цмянтар бярвеннямі вакол агароджаны, на ім званіца аб трох кандыгнацыях» (Давыд-Гарадок, 1649); «званіца, цвінтар у агарожы паваленай» (Сталовічы, 1724); «увесь касцёл штакетам апарканены» (Свіслач, 1804).

Асноўным прынцыпам узбагачэння і развіцця архітэктурнага ансамбля часоў барока была асобна пастаўленая званіца, нават пры наяўнасці высокіх вежаў на галоўным фасадзе храма. У інвентарах неаднаразова адзначаецца, што званіцы былі пабудаваныя «на вязанні ў квадрат» (гарызантальнымі вянкамі) ці «аб чатырох слупах» (каркаснымі), альбо былі змяшанага тыпу з ніжнім зрубавым ярусам і слупковым верхнім (ці двума верхнімі), якія падзяляліся прычокамі і былі накрытыя пакатым шатром-«каўпаком», «абітыя гонтам»: «Ля ўвахода званіца, крыта гонтам» (Мінск); «непадалёку званіца драўляная старая, звонку падпёрта, гонтам крыта» (Нясвіж, 1804); «перад касцёлам званіца аб чатырох слупах, яшчэ моцная, апарканення добрага вакол няма» (Задвея, 1697); «На вуглу першай грані паркана званіца драўляная на вязанні ў квадрат, … абіта гонтам, трымаецца падпоркамі, мае 2 кандыгнацыі» (Нясвіж, інв. 1688 г., касцёл Міхала Арханёла). Ніжні ярус званіцы часта выкарыстоўваўся як уваходная брама на тэрыторыю храма.

З айчыннай рэлігійнай і архітэктурнай гісторыі відавочна, што першыя касцёлы ў большасці населеных пунктаў, дзе былі заснаваны каталіцкія парафіі, будавалі ў дрэве. Пазней яны часта перабудоўваліся, але мясцовая будаўнічая традыцыя захоўвалася. Пры наяўнасці галоўных традыцыйных прыёмаў стварэння архітэктурна-мастацкага вобраза беларускіх драўляных каталіцкіх храмаў часоў барока, архітэктура кожнага з іх мае свае непаўторныя мастацкія рысы. Прыкладаў двухзрубавых драўляных касцёлаў з архаічным «стажковым» дахам, які мае вальмы і над апсідаю прэзбітэрыя, і над галоўным фасадам, мала, і яны паўтараюць вобраз папярэдніх святыняў, што неслі традыцыю ад часоў заснавання парафіі.

Драўляны парафіяльны касцёл Беззаганннага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Зяльвяны (Зэльвенскі р-н) пабудаваны князямі Агінскімі ў 1635 годзе. На яго месцы ў 1796 г. быў пастаўлены новы двухзрубавы храм пад агульным гонтавым дахам з вальмамі над алтарным зрубам і гранёнаю сцяною галоўнага фасада. У месцы злучэння асноўнага і алтарнага зрубаў былі глыбокія трохвугольныя застрэшкі. Галоўка з крыжам у цэнтры вільчыка надавала кампазіцыі верха сіметрыю. Касцёл не захаваўся, вядомы па фотаздымку пачатку ХХ ст.

Каталіцкая парафія ў в. Мсцібава (Ваўкавыскі р-н) была заснаваная каралевай Бонай у 1512 годзе. Драўляны касцёл Яна Хрысціцела пабудавалі ў канцы XVIII ст. (вядомы па фотаздымку пачатку ХХ ст.). У ім спалучаліся рысы народнага дойлідства, барока і класіцызму. Храм складаўся з амаль квадратнага ў плане асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў аднолькавай вышыні, але кожны са зрубаў меў самастойны шатровы гонтавы дах. Над асноўным зрубам узвышалася невялікая чацверыковая вежачка з шатром і высокім штыберам. На месцы гэтага касцёла ў 1910—1919 гг. быў змураваны новы касцёл у неараманскім стылі.

Некаторыя старажытныя каталіцкія святыні мелі галоўныя фасады, завершаныя «свабоднымі» фігурнымі франтонамі, і былі падобнымі да вялікай маляўнічай брамы, як, напрыклад, драўляны касцёл Міхала Арханёла ў Багданаве (Валожынскі р-н), пабудаваны па фундацыі Пятра Міхала Паца, старосты жмудскага, тагачаснага ўладальніка маёнтка, і асвячоны ў 1690 г. (на званіцы былі званы з гэтаю датаю). У 1792 г. касцёл стаў парафіяльным, быў разрабаваны ў 1812 г., аднаўляўся ў 1846 г., знішчаны пажарам у 1944 годзе. На яго падмурках у 2000-х гг. пастаўлены новы будынак з сілікатнай цэглы.

Помнік вядомы па фотаздымках 1930-х гг. сяброў віленскага Таварыства аматараў навукі і карцінах вялікага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца, апошняга ўладальніка Багданава, які пахаваны на могілках непадалёку ад касцёла. Будынак храма звонку нагадваў сялянскую хату. Прамавугольны асноўны зруб і пяцігранны алтарны былі накрытыя агульным кроквенным дахам, схілы якога працягваліся на больш нізкія бакоўкі сакрыстый, што надавала збудаванню тэктанічную цэласнасць і маналітнасць формаў. У месцы злучэння зрубаў быў выкарыстаны распаўсюджаны прыём трохвугольных навісяў даху. Галоўны фасад завяршаўся барочным франтонам пругкага шматлопасцевага абрысу. Сцены былі вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Над уваходам мясцілася ромбападобнае акно, што асвятляла хоры над бабінцам. Па восі ўвахода стаяла двух’ярусная званіца-брама (чацверык на чацверыку), накрытая пакатым шатром. Скразны верхні ярус аформлены ў выглядзе аркады. Званіца ацалела да нашага часу, але яе гонтавае пакрыццё зменена на бляшанае. Архітэктурнае вырашэнне ансамбля вызначаецца лаканізмам і выразнасцю мастацкіх формаў, што захаплялі вялікага мастака.

Місія ордэну францішканаў у в. Завішына (Лагойскі р-н) была асаджаная тут у 1670 г. М. Завішам. Драўляны касцёл св. Антонія Падуанскага, пабудаваны ў 1770 г. па фундацыі новых уладальнікаў маёнтка Валовічаў, быў асвячоны ў 1808 г. як парафіяльны, але ў 1863 г. перададзены праваслаўным. Двухзрубавы бязвежавы храм з прамавугольнаю наваю, пяціграннаю алтарнаю апсідаю і ўнутраным бабінцам быў накрыты агульным шматсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Сіметрычныя сакрыстыі, роўныя па вышыні з алтарным зрубам, надавалі збудаванню выгляд лацінскага крыжа. Франтон на галоўным фасадзе меў пластычны барочны абрыс і завяршаўся невялікай трох’яруснай сігнатуркай.

Драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у в. Ельня (Лідскі р-н) быў пабудаваны ў 1788 г. пры кляштары дамініканаў, заснаваным ў 1697 г. па фундацыі Зоф’і Марыі Адахоўскай. Зачынены, як і ўсе дамініканскія кляштары, у 1832 годзе. Касцёл з 1837 г. парафіяльны, існаваў да Першай сусветнай вайны. Вядомы па фотаздымку Я. Балзункевіча пачатку ХХ ст. Гэта быў двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з прамавугольным асноўным і пяцігранным алтарным зрубамі, накрытымі агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і вялікімі трохвугольнымі застрэшкамі. У канцы ХІХ ст. да навы прыбудавалі мураваныя рамёны трансепта пад больш нізкімі двухсхільнымі дахамі. Першапачаткова меў вялікія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі і традыцыйную вертыкальную шалёўку сценаў і франтона, які ўвенчваўся невялікаю сігнатуркаю. Такую ж шалёўку мела трох’ярусная чацверыковая званіца-брама, накрытая шатром-«каўпаком», размешчаная па восі ўвахода ў храм.

Касцёл св. Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў в. Лаздуны (Іўеўскі р-н).
Фота пачатку XX ст.

У в. Лаздуны (Іўеўскі р-н) каталіцкая парафія была заснавана ў 1576 г. Альбрэхтам Радзівілам. У 1746 г. быў пабудаваны драўляны парафіяльны касцёл св. Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, перабудаваны ў 1791 годзе. Выгляд святыні вядомы па фотаздымку пачатку ХХ ст. Двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з прамавугольнаю наваю і пяцігранным зрубам прэзбітэрыя накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і свабодным франтонам. Пастаўлены з бруса, не ашаляваны. Франтон вертыкальна зашыты дошкамі. Перад касцёлам стаяла мураваная трохпралётная арачная брама ў стылі барока (захавалася). У 1904–1910 гг. замест старога драўлянага касцёла быў узведзены новы з элементамі неараманскага стылю, змураваны з цэглы і бутавага каменю, які дзейнічае і сёння.

Сучасны касцёл на могілках у в. Варонча (Карэліцкі р-н).

Драўляны касцёл на могілках у в. Варонча (Карэліцкі р-н), пабудаваны ў канцы XVIII ст., не захаваўся. Вядомы паводле фотаматэрыялаў Віленскага таварыста аматараў навукі. Гэта быў тыповы двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі са свабодным франтонам. Роўныя па вышыні прамавугольны асноўны і пяцігранны алтарны зрубы аб’ядноўваліся агульным дахам з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы злучэння. Пад іх былі падведзены аднасхільныя дахі сіметрычных сакрыстый, зробленых у адну лінію з асноўным зрубам. Над трохвугольным франтонам галоўнага фасада мясцілася маленькая сігнатурка.

Падобную архітэктоніку меў драўляны касцёл на могілках у в. Воўкавічы (Наваградскі р-н), верагодна, таксама XVIII ст. Адрозненне было ў сіметрычных прыбудовах сакрыстый з крутымі вальмавымі дахамі, падведзенымі пад трохвугольныя застрэшкі абапал пяціграннага прэзбітэрыя. Быў не ашаляваны. Пры ўваходзе меўся ганак на 2-х слупках. Не захаваўся. Выява вядомая паводле фотаздымка пачатку ХХ ст.

Заканчэнне будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY