Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(80)/2017
Да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
У святле Бібліі
Гісторыя
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Мастацтва
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Пераклады

СТАЎ САПРАЎДНАЙ ЛЕГЕНДАЙ...

КАСЦЁЛ У БЯЛЫНІЧАХ
Мастацтва

У СУЛАДДЗІ З БОЖЫМ СВЕТАМ
Успаміны
Спадчына
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Прэзентацыя

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА
Успаміны
Роздум

Анатоль БРУСЕВІЧ

СВЯТА ЎЗНЁСЛАГА СЛОВА

Пра зборнік «Дабравест» (Гродна, 2017)

Кожны год на зломе зімы, альбо крыху раней, званы старажытнай Каложы абуджаюць літаратурную Гародню. Адбываецца гэта наступным чынам: у горад з’язджаюцца ўдзельнікі фестывалю праваслаўных песнапенняў «Каложскі Дабравест», а ў яго межах абавязкова ладзяцца яшчэ і вечары духоўнай паэзіі. Спачатку такія імпрэзы выглядалі больш чым сціпла і праходзілі чамусьці на вельмі нізкім мастацкім узроўні, што ніяк не адпавядала міжнароднаму статусу фестывалю. Таму арганізатары задумалі змяніць гэты аматарскі фармат на прафесійны: з духоўнымі вершамі сталі запрашаць вядомых пісьменнікаў, а таксама пачынаючых творцаў, але з вельмі добрым літаратурным густам. А потым паўстала ідэя выдаць кнігу з вершамі ўсіх ўдзельнікаў, каб да свята ўзнёслага слова змагла далучыцца як мага больш шырокая аўдыторыя. І такая кніга выйшла. Яна атрымала назву «Дабравест» і сабрала пад вокладкай адзінаццаць цікавых аўтараў: Вольгу Агапонаву, Алену Бабіч, Дануту Бічэль, Анатоля Брусевіча, Юрку Голуба, Зніча (Алега Бембеля), Паўла Каспяровіча, Андрэя Мельнікава, Аліну Паўлоўскую, Галіну Самойлу і Вікторыю Смолку.

Усе гэтыя творцы маюць розны мастацкі вопыт. Так, паэзія Дануты Бічэль ужо даўно ўвайшла ў вучэбныя праграмы сярэдніх школ і ВНУ і зрабілася аб’ектам для шэрагу літаратуразнаўчых даследаванняў. Не адно дзесяцігоддзе на слыху ў беларускага чытача імя Юркі Голуба — выдатнага майстра слоўнай эквілібрыстыкі, альбо Зніча (Алега Бембеля) — паэта-манаха, вядомага на ўсю Беларусь сваімі філасофскімі і маральна-дыдактычнымі вершамі-рэфлексіямі. З вялікім задавальненнем беларусы слухаюць і спяваюць любімыя песні на словы паэта і барда Андрэя Мельнікава, а вось Аліна Паўлоўская і Вікторыя Смолка толькі пачынаюць шлях у літаратуру, хоць ужо і маюць па ўласным выдадзеным зборніку. Маюць свае кнігі і старэйшыя іх калегі — Галіна Самойла і Павел Каспяровіч, якія не абласканыя пакуль належнай увагай літаратурнай крытыкі, аднак ёсць надзея, што гэтыя аўтары з арыгінальным паэтычным светасузіраннем дачакаюцца свайго зорнага часу, магчыма, і дзякуючы публікацыі ў зборніку «Дабравест».

 

Зрэшты, такі прыклад, калі побач апынуліся настолькі розныя творцы і творы, аказаўся выйгрышным: гэта дало сапраўды ўнікальную магчымасць у межах адной невялічкай па аб’ёме кнігі паказаць даволі вялікі зрэз айчыннага вербальнага мастацтва, прадставіўшы як мінімум чатыры пакаленні творцаў і добры дзясятак жанрава-стылёвых мадыфікацый духоўнай лірыкі — ад класічных вершаў элегічнага характару да эксперыментальных паэтычных формаў. У зборніку, праўда, творцы прадстаўлены не па прынцыпе храналогіі (ад старэйшых літаратараў да пачаткоўцаў) і не паводле сваёй значнасці альбо вядомасці ў беларускай культурнай прасторы, а ў алфавітным парадку, што дазволіць чытачу, асабліва не абазнанаму ў адметнасцях айчыннага літпрацэсу, сфармаваць уласнае ўяўленне пра сучаснае беларускае прыгожае пісьменства, без навязвання звонку пэўных каштоўнасных іерархій. Хацелася б, каб належная чытацкая ўвага ў аднолькавай ступені была звернута на кожнага прадстаўленага ў кнізе паэта, аднак, мусіць, маладзейшым аўтарам яна больш патрэбная для творчага росту. Таму можна было б трошкі даўжэй спыніцца, напрыклад, на вершах Вольгі Агапонавай, якая свабодна пачуваецца ў самых розных лірычных жанрах і формах, спалучае традыцыйныя і наватарскія падыходы ў пабудове твораў, надаючы асаблівае значэнне фармальна-змястоўнаму аспекту:

Мы чулі спрадвеку
ліры
адзіныя, ці адзінокія,
выратавальныя,
з плачам
пабраныя.
Душаў пазбавілі
ліры абраныя —
белыя раны
таму не крывавяць.

Вельмі цікавае, арыгінальнае бачанне свету ў Алены Бабіч. Яе паэзія поўніцца яркімі вобразамі, пабудаванымі на дзіўным сугуччы эмоцый і кагніцый, якія натуральна спалучаюцца з актуальным і гістарычным кантэкстам хрысціянскай культуры:

Ты казаў: «Памятай, ты — з рабрыны».
Я ж толькі ад Еўфрасінні да Скарыны
памяць маю.
Вянок пакутніцкі не ўтрымаю,
Адзенне чорнае замараю.
Хай у малітве інак памяне.
Мой Божа, вырашы за мяне.

Не менш прыцягальныя і запамінальныя вершы Аліны Паўлоўскай — з дасканалай, хоць і вельмі простай на першы погляд формай, з мудрым зместам, здольным перавярнуць стэрэатыпнае ўяўленне аб павярхоўнасці сучаснай паэзіі:

Адрачэнне — самы кароткі шлях
Ад сябе да людзей, ад турмы да волі.
Адрачэнне — белы, як сонца, сцяг,
Як глухая сцяна паміж шчасцем і болем.

Своеасаблівы спосаб светабачання, вельмі падобны да таго, які калісьці культывавалі рамантыкі, прапануе Вікторыя Смолка, што ў сваю чаргу ўплыўвае і на тэматыку, і на вобразнасць, і на інтанацыйна-гукавое афармленне яе твораў:

Зоркая мара, падгледзь мае сны,
Зор дзьмухаўцы хай акропяць мой голаў.
Чуеш, як дыхае звон цішыні?
Ходзяць анёлкі наўкола...

А ўвогуле, гартаючы зборнік «Дабравест», з кожнай старонкай упэўніваешся, што наша літаратура, прынамсі яе духоўная лірыка, яшчэ не прайшла свой поўны цыкл развіцця: ёй ёсць куды рухацца, ёсць куды расці і адкрываць новыя далягляды, новыя імёны, новае Дабравесце.

Анатоль Брусевіч


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY