|
Памяць люду майго сціснула сэрца маё дванаццацю стужкамі
вогненнымі, і чула я заўсёды ў сэрцы сваім дванаццаць вузлоў,
завязаных на памяць аб народзе маім.
Жыла я Ізраэлем і ў Ізраэлі ўся, як абранніца ў абранніку.
Праймалі мяне наскрозь скаргі яго, слёзы яго ўсе
сцяклі ў сэрца маё. Поўная была болю ягонага. Але надзеямі яго, як
крыламі абрастала, насілася па Ізраілі,
жаданнямі яго нябёсаў сягала.
З таго часу праз грудзі мае, як праз пагодную летнюю ноч,
праходзілі водбліскі вельмі шырокія й ціхія.
Аж пакуль любоў мая не распалілася іскрай відочнаю,
і дух мой увесь не агарнуў яе і толькі ў яе ўзіраўся.
І пачула я ва ўлонні дзіцяці біццё, як сэрца другое, а ранейшае сэрца
маё супакоілася й заціхла.
І выказала я свету ўсю любоў маю адным словам
Панскім, якое сталася целам.
З таго часу жыла я ў Сыне маім і Сынам маім.
Але праз грудзі мае, як праз гарачы дзень, пачалі прабівацца
перуны, і сэрца маё стала поўнае сілы, як грому.
Азарэнне маё рассякае злы морак; ахопленая любоўю,
тапчу я зло і на дне пекла разбіваю яго.
Атуляю зямлю сваімі далоньмі, як небам блакітным, і ў кожнай
хвіліне, на кожным месцы, кожнай добрай душы загараюся
і свячу зоркаю ранішняй.
|
Пераклад Крыстыны Лялько.
Паклон Прачыстай!
Дзянніцай
Твар у нябёсах Твой ззяе,
Зоркамі Твой вянок асвятляе
Езуса на правіцы.
Верныя дня прычакалі святога,
З’явіся між намі ў Касцёле!
Дзеці Твае, мы кленчым на доле,
Вось жа між чэрні страху нямога
Прарок паўстае з Боскай волі
І кажа: арганам жадаў Цябе
ўславіць,
Дый з Боства ідзе толькі Боскае
гранне.
З’явіся між намі ў Касцёле!
Свой позірк анёльскі як злітаванне
Пашлі, хай дух мой запаліць,
Голас напоўніць Боскім гучаннем.
І грымну грудзьмі, каб дрыжалі,
Што свету ідзе скананне,
І тло ўсё пад гэтае гранне
Прарве небыцця аблогу.
А гэта Ты ў Тваёй хвале,
Дзе пекла, дзе зоркі свецяць,
Вястуеш бясконцаcць у свеце
І вечнасці перамогу!
– А хто ж там на Сыён узыходзіць,
атрасаючы хмару?
Як ранак з марской купелі,
Як дзянніца, Марыя з твару;
Снежнасць аблокаў яму пасуе,
Сонца смугою золата сцеле
Свае адбіткі па нерушнай белі,
Павеўнасць косаў чаруе.
Сябе ўпадабаў у Яе абліччы
Сын Божы;
Раскалолася неба ў імгненне,
Галубкі белай з’яўленне
І над Сыёнам крылаў суплёт
прыгожы,
Срабрыстым пер’ем убраны
Вянок для Нябёснай Панны.
Гром, бліскавіца!
Цуд нядоўга:
Маці-Дзявіца
Народзіць Бога!
|
Пераклад Ірыны Багдановіч.
Анджэй ДАТКО :: Адамава Мадонна
|
|