Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Пётр ЧАРЭВІН

ПАЎНОЧНА-ЗАХОДНІ КРАЙ

УСПАМІНЫ
(1863 — 1865)

На Святым тыдні (7-14 студзеня 1863 г. - У.Д.), калі наш батальён адпачываў (П.Чарэвін служыў на Каўказе. - У.Д.), дайшлі да нас чуткі пра беспарадкі ў Царстве Польскім і ў заходніх губернях Расіі. (...) Я быў стомлены больш як трохгадовай службай, баяўся атрымаць тут пасаду і «пусціць карані» і таму меў намер выйсці ў адстаўку. (...) У гэты ж час даведаўся, што ў Вільню прызначаны новы генерал-губернатар - М.М.Мураўёў, з якім я быў добра знаёмы. (...)

Прыехаўшы ў родную вёску, я напісаў ліст М.М.Мураўёву з просьбай параіць, што мне рабіць далей. (...) Праз тры тыдні я атрымаў адказ ад ваеннага міністра: неадкладна выязджаць у Вільню ў распараджэнне камандуючага войскамі акругі і генерал-губернатара М.М.Мураўёва. На пачатку верасня 1863 года я прыбыў у Вільню і з'явіўся да галоўнага начальніка краю. (...)

У Вільні я знайшоў цэлы рой чыноўнікаў розных ведамстваў, якія знаходзіліся ў распараджэнні галоўнага начальніка. Увесь гэты люд шукальнікаў прыгод кінуўся ў Вільню па першаму закліку Мураўёва, праграмай якога было замяшчэнне ўсяго асабовага складу адміністрацыі новымі дзеячамі, нічым не звязанымі з мінулым краю, з былым губернатарам і асабліва з мясцовымі жыхарамі; такімі дзеячамі, якія не маюць сваёй думкі пра мяцеж. (...)

Мураўёва вылучала жалезная воля, шырыня поглядаў, шматгадовы досвед, веданне палякаў1 і краю. (...) Склаўшы для сябе праграму дзеянняў, не спыняючыся ні перад якімі перашкодамі, зняўшы, як ён пра сябе казаў, пальчаткі, М.М.Мураўёў стаў у 1863 годзе выратавальнікам Расіі. Яшчэ б крыху прамаруджвання, крыху менш рашучасці - і Заходні край быў бы адлучаны ад Расіі. (...) Мураўёў ведаў, што для поспеху патрэбны развязаныя рукі, (...) і таму настойліва патрабаваў неабмежаваных паўнамоцтваў, такіх правоў, якімі не карыстаўся ніводзін намеснік. Адваяваўшы сабе гэтыя правы, нягледзячы на процідзеянне пецярбургскіх міністраў, Мураўёў прыбыў у Вільню ў траўні 1863 года. (...)

На час прыбыцця М.М.Мураўёва ў Вільню (14 траўня 1863 г.) Заходні край быў ахоплены паўстаннем. Гаварыць, што сялянскае насельніцтва не прымала ўдзелу ў беспарадках, што частка шляхты нядобразычліва глядзела на справу мецяжу, - могуць толькі тыя, хто зусім не ведае краю. Адны толькі стараабрадцы сапраўды заставаліся вернымі свайму абавязку... Але што значылі гэтыя некалькі тысяч душ на шасцімільённае насельніцтва, калі нават габрэі ўсяляк садзейнічалі паўстанцам. (...)

Я маўчу аб праваслаўных сялянах краю, (...) бо нічога не магу сказаць на іх карысць. Гэтае насельніцтва паводле статыстыкі вельмі шматлікае, але як яно было ў сапраўднасці каталіцкім да Уніі, такім і засталося. Такім і працягвала быць пасля пераводу яго ў 1839 годзе ў праваслаўе. (...) Адзін касцёльны арган быў больш красамоўным для селяніна, чым усе доказы праваслаўнага святара. (...)

Кіруючыся ў Вільню з Пецярбурга, М.М.Мураўёў затрымаўся ў Дынабурзе (Дзвінску. - У.Д.) дзеля разгляду на месцы некаторых вайскова-судовых спраў, а таксама для прыняцця больш рашучых мераў у інфляндскіх паветах і ў Ковенскай губерні, дзе мяцеж лютаваў асабліва моцна. (...) Тут ён зацвердзіў вырак суда над гр[афам] Л.Плятэрам2 аб пакаранні смерцю за кіраўніцтва бандаю мяцежнікаў. (...)

Пакончыўшы з графам Плятэрам, неабходна было паказаць, асабліва заходнім дзяржавам, злачынны ўдзел у мецяжы рыма-каталіцкага духавенства. Паказаць, што ўрад не спыніцца ні перад якімі мерамі, каб пакласці канец хваляванням і беспарадкам. Нагода хутка з'явілася.

Да пакарання смерцю быў прыгавораны ваенным судом парафіяльны ксёндз Ішора3, абвінавачаны ў чытанні з амбоны абуральнага польскага маніфеста і ў прывядзенні да прысягі асобаў, якія ішлі ў банды мяцежнікаў. М.М.Мураўёў ухваліў прысуд, і ксёндз па загаду Мураўёва быў расстраляны без папярэдняга пазбаўлення духоўнага сану, як таго патрабавалі агульныя законапалажэнні. (...) Услед за графам Плятэрам і ксяндзом Ішорам гэткую ж кару панеслі многія іншыя вінаватыя: начальнікі бандаў афіцэры, дэзерціры, ксяндзы, што прыводзілі да прысягі мяцежнікаў і самі кіравалі бандамі, - нікому не было паблажкі. (...)

Усім вядомы ўплыў рыма-каталіцкага духавенства на вернікаў навёў М.М.Мураўёва на думку паралізаваць злачынную дзейнасць ніжэйшага святарства з дапамогай вышэйшага духавенства. (...)

З гэтай мэтай генерал-губернатар запрасіў да сябе ў палац біскупа Красінскага4 з членамі капітула. Не даўшы біскупу сказаць і двух слоў5, М.М.Мураўёў пачаў сваю прамову:

- Усё, што я чуў і што мне было вядома пра беспарадкі ў тутэйшых мясцінах, далёка не абмалёўвала вартага жалю становішча, у якім знаходзіцца край. Я пакладу канец мецяжу. Вы, напэўна, чулі, што справу я даводжу да жаданага канца. Але што мяне сапраўды засмуціла, дык гэта абыякавасць, з якой рыма-каталіцкае духавенства глядзіць на цяперашняе становішча. Мне вядома, які аграмадны ўплыў мае гэтае духавенства на сваіх аднаверцаў - але ці было з вашага боку зроблена хоць што-небудзь, каб прывесці да розуму сваю паству? Скажу больш: некаторыя з вас, панове, спачувалі мяцежнікам, бласлаўлялі іх, прыводзілі да прысягі на вернасць рэвалюцыйнаму ўраду, нярэдка самі кіравалі бандамі. Вам гэта вядома? Якія ж захады вы зрабілі? Ніякіх! Я, як вы ведаеце, з такімі цяпер распраўляюся. Ксёндз Ішора расстраляны, іншыя будуць павешаны. Каб спыніць як вашае шаноўнае духавенства, так і жыхароў краю ў згубнай для іх дзейнасці, я прашу вашае праасвяшчэнства звярнуцца да сваёй паствы з пасланнем. Настаўце яе на розум, пераканайце людзей, каб вярнуліся да свайго абавязку. Пасланне гэтае пробашчы прачытаюць сваім парафіянам - а яно ж патрэбнае і ім, і самім чытальнікам.

Біскуп і капітул выслухалі гэтую прамову, схіліўшы галовы. (...) Крыху пачакаўшы, біскуп паспрабаваў бараніць сваё святарства. (...) На што М.М.Мураўёў адказаў: «...Вы, панове, - князі, але князі не гэтага свету. І чым хутчэй вы апыніцеся там (ён паказаў на неба), тым для вас лепш». (...) Прыём закончыўся катэгарычным патрабаваннем генерал-губернатара, каб біскуп цыркулярна звярнуўся да святарства са словамі міру і ўразумення.

Прайшло дзесяць дзён. Біскуп патрабавання не выканаў. (...) Праз тры тыдні М.М.Мураўёў загадаў выслаць біскупа Красінскага ў Вятку, што было неадкладна выканана. (...)

Артур Гротгер.
Зачыненне касцёла. 1861 г.
Але самому Красінскаму не паведамілі пра загад Мураўёва. Яму сказалі, што дазваляюць выезд на Дупелінскія марскія купанні, чаго ён даўно чакаў. Адміністрацыя Мураўёва баялася народнай дэманстрацыі, якая магла адбыцца, калі народ даведаецца пра высылку біскупа. Красінскі выехаў пад тайным наглядам афіцэра і двух жандарскіх чыноў. У Дынабурзе афіцэр ветліва абвясціў, што яго праасвяшчэнству належыць кіравацца ў бок Пецярбурга; у Пскове зноў як з-пад зямлі вырас афіцэр і прапанаваў сесці ў экіпаж дзеля пераезду на адну з станцый Мікалаеўскай чыгункі... (...) Падобным чынам працягваўся шлях біскупа ад горада да горада. Толькі ў самой Вятцы Красінскі даведаўся, што павінен тут жыць. (...)

Сярод членаў капітула на прыёме ў Мураўёва быў пралат Баўкевіч6, знаёмы генерала з часоў ягонай службы ў 1831 годзе губернатарам у Гродне. Мураўёў вырашыў дыскрэдытаваць яго ў вачах вышэйшага духавенства [каб пасля нейкім чынам выкарыстаць] і таму сказаў, звяртаючыся да капітула, такія словы: «На шчасце, не ўсе думаюць, як вы. Вось пралат Баўкевіч, якога я даўно ведаю як узорнага ксяндза і вернага рускага, (...) напэўна, выбраў бы лепш смерць, чым невыкананне свайго абавязку».

Баўкевіч хацеў нешта сказаць, але М.М. спыніў яго, кажучы, што яму даўно вядома яго сціпласць... Дыскрэдытацыя беднага Баўкевіча была поўная. Ксяндзы пераглянуліся і злосна ўтаропіліся ў яго.

[Вясною 1864 года] М.М.Мураўёў асабіста перадаў запіску Яго Вялікасці (Аляксандру ІІ. - У.Д.) пра неабходныя захады па кіраванню краем. Сярод іх былі хадайніцтвы аб закрыцці рыма-каталіцкіх кляштараў, якія прымалі ўдзел у мецяжы ці былі прызнаныя шкоднымі з-за накірунку свае дзейнасці, а таксама пра закрыццё каталіцкіх касцёлаў, капліцаў і г.д., пабудаваных без дазволу начальства, альбо з-за таго, што іх святары былі кіраўнікамі мецяжу, ці за тое, што на сценах вывешвалі рэвалюцыйныя маніфесты, альбо былі пабудаваныя адзіна з мэтаю прапаганды (бо не мелі ўзаконенай нормы парафіянаў).

Выказваючы свае меркаванні, Мураўёў падкрэсліваў, што гэтыя захады неабходныя для вынішчэння каталіцызму ў Заходнім краі - найбольш дзейснага сродку ў руках мяцежных паноў палякаў. М.М. пераконваў урад, што трэба вызваліцца ад папскай апекі ў Заходнім краі шляхам ліквідацыі нязручнага для адміністрацыі канкардату7. (...) Гасудар Імператар, пакінуўшы ў сябе запіску, вярнуў яе М.М.Мураўёву на наступны дзень з надпісам: «Загадзя ўхваляю выкладзеныя меры. Запіску ўнесці на разгляд у Камітэт міністраў». (...)

Маючы на ўвазе зняцце неўзабаве з краю ваеннага становішча, М.М., пасля вяртання ў Вільню, найперш паклапаціўся пра ўсталяванне павятовых жандарскіх управаў. Нельга не заўважаць ролі гэтых установаў. (...) Мяцеж быў задушаны, але шляхам крыві і смерці. Было б наіўна давяраць вераломнаму польскаму дваранству і шляхце. Край уяўляў сабою свежае пажарышча - пад попелам яшчэ тлеў агонь. Ужо адно толькі зняцце ваеннага становішча павінна было падбадзёрыць ворагаў Расіі, ворагаў парадку - палякаў. Заснаванне павятовай паліцыі, якая павінна пільна сачыць за рыма-каталіцкім духавенствам, за панамі і шляхтаю, было неабходнаю мераю. (...)

Але самаю ўхвальнаю справаю, якую выконваў М.М.Мураўёў з вясны 1864 года, была, вядома, ліквідацыя каталіцкіх кляштараў і брацтваў. (...) Адкрыты мяцеж быў згашаны, палякі, відавочна, прымірыліся, але духоўная іх сіла існавала - трэба было вырваць зло з коранем.

Артур Гротгер.
Дух. З цыкла «Літва». 1865 г.
Хто не ведае сілы рыма-каталіцкага духавенства, гэтага важака апошняга мецяжу? (...) А яно, між тым, заставалася некранутым. Былі, праўда, пад судом і атрымалі розныя прысуды некаторыя ксяндзы і манахі, але гэта былі адзінкі. Ядро заставалася цэлым і працягвала шкодную для Расіі прапаганду. Асаблівае зло ішло ад святарства як выхавальніка народа. Выхаванне - гэта магутная зброя, з дапамогай якой можна не толькі скіроўваць у той ці іншы бок: ім творыцца народны дух. У Заходнім краі выхаванне знаходзілася ў руках рыма-каталіцкага духавенства. (...)

Яшчэ падчас бытнасці Мураўёва ў Пецярбурзе вясною 1864 года, пасля падачы ім усёпадданейшай запіскі, быў выдадзены Найвышэйшы ўказ пра неадкладнае закрыццё тых каталіцкіх кляштараў і касцёлаў, дзе адбываліся дэманстрацыі, чыталіся маніфесты рэвалюцыйнага Жонда8, прыводзіліся да прысягі паўстанцы і да т.п. Ад вясны 1864 года да звальнення М.М. з пасады было ліквідавана больш за 30 кляштараў, закрыта шмат філіяльных касцёлаў і непатрэбных парафіяў, утвораных сярод праваслаўнага насельніцтва з мэтай перацягнуць яго ў каталіцызм. (...) Пасля Найвышэйшага ўказа перавод як манахаў, так і ксяндзоў з аднаго месца на іншае стаў магчымы толькі з ведама і дазволу ўрада. (...) Найвышэйшы ўказ пра закрыццё кляштараў захоўваўся ў вялікай таямніцы, пра яго не ведалі нават ва ўпраўленні генерал-губернатара. Гэтая перасцярога была неабходна для таго, каб папярэдзіць розныя дэманстрацыі, якія маглі ўзнікнуць пры закрыцці кляштараў. Па гэтай самай прычыне вывад манахаў і апячатванне кляштараў рабіліся ўночы. (...) А першыя з непатрэбных кляштараў даведаліся пра сваю долю толькі ў ноч закрыцця. (...)

Адным з апошніх быў зачынены віленскі кляштар візітак9. Кляштар гэты паводле сваіх жыццёвых правілаў быў адным з найстражэйшых. Пастрыжаная дзяўчына назаўсёды адракалася ад усяго мірскога і ад усялякіх зносінаў з свецкімі людзьмі. Увайшоўшы ў манастырскія сцены, яна ўжо ніколі адтуль не выходзіла. Усё патрэбнае манашкам дастаўлялася праз адмысловае акно, каб не было бачна, хто перадае прынесенае. Нават ксёндз у кляштарным касцёле ніколі не бачыць манашак, якія моляцца на хорах за цёмнымі кратамі. (...) Кляштар гэты папаўняўся выключна асобамі вышэйшай польскай арыстакратыі. Удзел яго ў мецяжы не быў заўважаны, але шкода ад яго была вялізная, бо ў ягоных сценах была жаночая вучэльня для дзяўчынак з лепшых польскіх сем'яў. Хто аспрэчыць важнасць выхавання? Хто засумняваецца, што яно было скіравана супраць усяго рускага?

У сценах кляштара візітак рыхтаваліся будучыя маці, будучыя жонкі бязмозглых палякаў, а хто не ведае вялізнага ўплыву жанчын-полек на слабых, лёгка кіруемых мужчын-палякаў? Таму М.Мураўёў і закрыў вучэльню. (...)

Прымаючы пад увагу, што кляштар ордэна візітак адзіны ў Расіі, што размеркаванне манашак па іншых кляштарах нязручнае і не стасуецца з правіламі рымскага Касцёла, М.М. вырашыў, закрыўшы кляштар, накіраваць усіх манашак за мяжу - яны і самі жадалі гэтага (пісалі біскупу Арлеанскаму ў Францыю). На зборы ім было дадзена трое сутак. (...)

Трохдзённы тэрмін мінаў. Вечарам М.М. загадаў, каб уночы кляштар быў зачынены, а манашкі размешчаны па вагонах, якія а 6-ай гадзіне раніцы будуць прычэплены да замежнага цягніка. Пры закрыцці кляштара павінны былі прысутнічаць губернатар, паліцмайстар, ксёндз Нямекша (...) і я (паводле спецыяльнага распараджэння Мураўёва). А другой гадзіне ночы мы накіраваліся ў кляштар. Каля брамы ўжо стаяла з дваццаць экіпажаў для перавозкі манашак. Вуліцы ад кляштара да чыгункі былі ачэплены паліцыяй і казакамі. З нашым прыходам пачалася Імша. Перад ёю і пасля яе чуўся ціхі, зладжаны спеў - манашкі спявалі нейкі канцік.

У касцёлах заўсёды зберагаецца вялікі запас дароў (камунікантаў); яго неабходна было ліквідаваць, бо інакш камуніканты належала перанесці ў іншы касцёл - з нейкаю нават урачыстасцю, а гэта прыцягнула б цікаўных і выклікала б непатрэбныя размовы.

Слаба асветлены касцёл; ціхая Імша; ксёндз ледзь чутна чытае малітвы; манашкі ўголас плачуць на хорах - і мы ўтрох, адзіныя прысутныя... Карціна сапраўды была ўзрушальная.

Нягледзячы на сур'ёзнасць сітуацыі, мы міжволі смяяліся пры абрадзе нішчэння - з'ядання - камунікантаў. Належала за якую-небудзь гадзіну прaглынуць ледзь не гадавы іх запас. Адна бляшанка змянялася другою, размочаныя аплаткі не так лёгка глыталіся. (...)

Нарэшце Імша скончылася. Заставалася каля дзвюх гадзінаў на зборы і дарогу на станцыю.

Артур Гротгер.
Уяўленне. З цыкла «Літва». 1865 г.
Выносілі рэчы. Выйшлі манашкі - на нашае здзіўленне, з адкрытымі тварамі. Аказалася, яны адкрылі твары з дазволу ксяндза-пралата Нямекшы (яму, напэўна, хацелася пабачыць іх). Візіткі мелі рэпутацыю прыгожанькіх. Такіх, аднак, з 25-ці я знайшоў не больш за 7-8. Астатнія былі старыя ці далёка не красуні. (...)

Мы толькі-толькі паспелі размясціць іх па вагонах, як прыбыў цягнік. (...)

За мяжою манашак ніхто не чакаў. Амаль год яны туляліся па Нямеччыне, пакуль, нарэшце, не ўехалі ў новую зямлю абяцаную - Францыю, дзе размясціліся ў Версалі.

Закрыццю кляштараў папярэднічала ліквідацыя трох каталіцкіх таварыстваў (брацтваў), заснаваных як быццам для дабрачыннасці і паляпшэння народнай маральнасці, а на самай справе - для распаўсюджання лацінскай прапаганды, асабліва сярод сялян.

Таварыства цвярозасці10, якое павінна было быццам бы стрымліваць п'янства ў народзе, заснавана яшчэ ў 1860 годзе, г.зн. на пачатку мецяжу. Таварыства было зацверджана, насуперак законам, папскім блаславеннем і існавала пад патранажам каталіцкага біскупа. З асабліваю сілаю дзейнічала яно ў Ковенскай губерні. Біскуп Валанчэўскі11 (жмудскі) распарадзіўся, каб усё святарства яго епархіі прымала ўдзел у працы таварыства. Пра яго адкрыццё было абвешчана ва ўсіх касцёлах з амбонаў. Ксяндзы заклікалі ўсіх запісвацца ў брацтва цвярозасці і пад гэтым выглядам падпарадкавацца распараджэнням святарства, якое з дазволу папы адпускала грахі на многія гады наперад. Такім чынам народ зрабіўся маўклівым выканаўцам патрабаванняў рыма-каталіцкага Касцёла, г.зн. святарства, якое скіроўвала яго супраць нашага ўрада, садзейнічаючы ўсім рэвалюцыйным маніфестацыям. (...)

На працягу 1863 года, з прыбыццём у край М.М.Мураўёва, брацтвы цвярозасці былі паўсюдна забаронены і тыя ксяндзы і зямяне, якія да забароны не прыслухаліся, былі прыцягнуты да адказнасці па закону.

Не менш шкодным было таварыства вінцэнцінак12, заснаванае ў 1861 годзе. У Вільні ім кіраваў пан Бучынскі, вядомы сваім рэлігійным фанатызмам, а старшынёю быў біскуп Красінскі. Дамы з гэтага таварыства пад выглядам дабрачыннасці збіралі грошы для садзеяння мецяжу; пані Бучынская падала прыклад нашэння жалобы па айчыне і раздавала грошы жанчынам з простанароддзя з наказам рабіць так, як яна. (...) На пачатку 1863 г. папярэднік Мураўёва Назімаў выслаў Бучынскую на жыхарства ў вёску, а сходы таварыства забараніў. (...) Але таварыства прaцягвала сваю дзейнасць, сходы ладзіліся ў самой Вільні, у біскупа Красінскага. З прыбыццём М.М. таварыства было забаронена канчаткова, а галоўныя яго дзеячы, пасля разгляду іх спраў ваенна-следчай камісіяй, высланы ва ўнутраныя губерні (біскуп Красінскі яшчэ раней быў высланы ў Вятку).

У 1864 годзе было забаронена таварыства Г.Дамброўскай13, дазволенае раней вышэйшым начальствам. У яго працы ўдзельнічалі амаль усе жыхары краю, бо давалі грошы на дабрачыннасць. Таварыства мела свае будынкі - быццам бы прытулкі для бедных, але ў сапраўднасці яго мэтай было садзеянне мецяжу рознымі зборамі, дзеля якіх рассылаліся агенты па ўсім краі. Пры закрыцці таварыства будынкі забралі ў казну. Г.Дамброўская ў гэтым жа годзе памерла. (...)

Паспяховае закрыццё рыма-каталіцкіх кляштараў навяло Мураўёва на думку ліквідаваць Вастрабрамскую капліцу, а сам абраз Божай Маці Вастрабрамскай перанесці ў якую-небудзь царкву ці касцёл. Гэтаму перашкодзілі інтрыгі яго ж чыноўнікаў. Калі б не яны, то даўно б Вастрабрамскі абраз быў бы змешчаны ў якую -небудзь будыніну, далей ад людскіх вачэй, - і Вільня пазбавілася б свайго апошняга знака лаціна-польскага горада.

Праваслаўнае духавенства дамагалася пераносу гэтага абраза ў сваю, праваслаўную царкву, але выключна з карыслівай мэтай, бо цудоўныя абразы і святыя рэліквіі - гэта самыя лепшыя крыніцы прыбыткаў таго ж духавенства.

У Пецярбург паступіў таксама данос пра быццам бы прымусовы перавод католікаў у праваслаўе. Гэта было там прынята за праўду і стала адною з прычынаў няміласці Гасудара да Мураўёва. Аднак не прайшло і трох месяцаў пасля прызначэння наступніка Мураўёва - генерала Каўфмана14, як пасыпаліся ўзнагароды ваенным начальнікам за паспяховы перавод у праваслаўе жыхароў давераных ім паветаў! Ваенны начальнік Віленскага павета К.Хаванскі атрымаў ад Гасудара ордэн Уладзіміра 4-ай ступені за перавод не ведаю колькі тысяч католікаў у праваслаўе. Не такім спосабам, не так паспешліва, але колькасна больш паспяхова праходзіла пераварочанне ў праваслаўе пры Мураўёве. (...) Справа гэтая ішла без усялякага ціску адміністрацыі; прыпісваць жа яе поспех уплыву праваслаўнага святарства проста недарэчна пры тым маральным заняпадзе, у якім яно знаходзілася.

Нягледзячы на тое, што на гэтую справу глядзелі непрыхільна ў Пецярбургу, М.М. не прыпыніў яе руху, ён хацеў, каб сяляне (...) маглі зусім свабодна выбіраць паміж двума веравызнаннямі. (...) Вось чым адрознівалася пераварочванне ў праваслаўе пры Мураўёве ад руху ў праваслаўе пры ягоным наступніку. (...) Каб быць справядлівым, скажу, што ўжо тады была доля спакусы (не было насілля, але адміністрацыя абяцала розныя ільготы і заахвочванні новаперавернутым): ім прырэзваліся зямельныя ўчасткі, выдаваліся грашовыя дапамогі і да т.п. Калі б гэтая сістэма праіснавала 5 гадоў - лацінства назаўсёды загінула б у Заходнім краі. (...)

М.М.Мураўёў сам папрасіў у Яго Вялікасці звальнення ад цяжкіх абавязкаў, якія выконваў на працягу двух гадоў. Гасудар, як піша Мураўёў у сваіх запісках, міласціва падзякаваў яму за ўсё зробленае (...) і пагадзіўся. (...) На развітанне з пасадай галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга краю Мураўёў па Найвышэйшаму рэскрыпту быў узведзены ў графскую годнасць. Я ж, атрымаўшы ад М.М. адпачынак заднім чыслом, накіраваўся ў вёску, дзе атрымаў загад аб прызначэнні служыць у ваенным міністэрстве. (...)

Пераклад з рускай мовы Галіны Більдзюкевіч.

Вытрымкі з «Успамінаў» Чарэвіна друкуюцца паводле выдання Кастрамскога навуковага таварыства «Воспоминания П.А.Черевина. 1863 - 1865». (Кастрама, 1920). Асобныя месцы падаюцца ў пераказе (пазначаныя курсівам).


Заўвагі і каментар:
  1. Пад «палякамі» аўтар «Успамінаў» разумеў таксама ўраджэнцаў Беларусі і Літвы каталіцкага веравызнання.
  2. Плятар Леон Казімер — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. на Дзвіншчыне.
  3. Ішора Станіслаў (1838—1863), вікары касцёла ў мястэчку Жалудок Лідскага павету. Расстраляны 22 траўня 1863 г. на загад М.Мураўёва за патрыятычную прамову падчас набажэнства.
  4. Красінскі Адам Станіслаў (1810—1891), каталіцкі дзеяч, вядомы польскі філолаг. Былы прафесар Пецярбургскай каталіцкай акадэміі, з 1858 г. віленскі біскуп. У чэрвені 1863г. высланы Мураўёвым у Вятку на 20 гадоў. У 1883 г., дзякуючы заступніцтву Ватыкана, вызвалены з ссылкі без права вяртання ў Вільню. Абраў сваім месцам жыхарства Кракаў, дзе і памёр.
  5. Знаўца некалькіх еўрапейскіх моваў, біскуп Красінскі звярнуўся да віленскага генерал-губернатара па французску, але Мураўёў ужо на другім слове бесцырымонна спыніў яго, заявіўшы: «Ваша Святаблівасць, мы з Вамі ў Расеі і давайце ж размаўляць па-расейску, іншай мовы я тут не прызнаю...»
  6. Баўкевіч Юзаф, пралат, доктар тэалогіі. Пасля высылкі біскупа Красінскага ўзначаліў Віленскую дыяцэзію.
  7. Маецца на ўвазе дамова (канкардат) паміж Ватыканам і расейскім імператарам Мікалаем І ад 22 ліпеня 1847 г.
  8. Маецца на ўвазе польскі нацыянальны паўстанцкі ўрад у Варшаве, які быў афіцыйна абвешчаны 10 траўня 1863 г.
  9. Каталіцкі жаноцкі ордэн візітак быў утвораны яшчэ ў 1610 г. у Жэневе біскупам св. Францішкам Салеты. У Рэчы Паспалітай першыя кляштары ордэну візітак з’явіліся ў сярэдзіне ХVІІ ст.
  10. Таварыствы цвярозасці, што пачалі ўтварацца на Беларусі і ў Летуве пад апекаю Касцёла з канца 50-х гадоў ХІХ ст., да 1859—1860 гг. ахапілі Ковенскую, Віленскую і Гародзенскую губерні.
  11. Валанчэўскі (Валанчус) Матэуш (1801—1875), літоўскі каталіцкі дзеяч, пісьменнік. З 1850 г. жамойцкі (ковенскі) біскуп. З 1865 г. знаходзіўся пад следствам, але пазбегнуў высылкі.
  12. Таварыства вінцэнцінак — дабрачыннае каталіцкае таварыства, названае ў гонар французскага місіянера і прапаведніка Вінцэнта Дэпаля (1576—1660), які быў кананізаваны папам Кліментам ХІІ у 1739 г.
  13. Маецца на ўвазе дабрачыннае каталіцкае таварыства, утворанае вядомай місіянеркаю і фундатаркаю Г.Дамброўскаю.
  14. Каўфман Канстанцін (1818—1882), генерал-маёр, з 1861 г. дырэктар канцылярыі Ваеннага міністэрства Расеі. У 1865—1867 гг. генерал-губернатар «Паўночна-Заходняга краю», камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі.

Падрыхтоўка публікацыі,
заўвагі і каментар Уладзіміра Дыдзіка.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY