|
|
№
2(5)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
Напэўна, упершыню ад сваіх народзінаў муры марыянскага кляштару на Стэгнах бачылі такую грамаду людзей з песнямі на вуснах, мройнымі вачыма, маладых духам і поўных Божае ласкі. Мы сустрэліся ўпершыню — праз пяцьдзесят гадоў. Некаторыя адразу пазналі адзін аднаго, іншыя ж перапытвалі, дзе знаходзіцца той альбо той. І часта гэтым самым «тым» быў суразмоўнік. Праз хвіліну яны кідаліся ў абдымкі і доўгі час так і заставаліся — абняўшыся па-братэрску, сэрца пры сэрцы. Не адна скацілася сляза — чуллівая сляза радасці, якой ніхто не саромеўся. Асабліва хвалюючымі былі хвіліны ўспамінаў пра гімназію, пра тое, што яна дала, пра прафесароў і выхаванцаў, пра тое, што давялося перажыць пасля таго, як пакінулі Друйскую гімназію... Гэта немагчыма пераказаць! Гэта хіба што трэба слухаць з магнітафоннае стужкі. Усе сышліся на тым, што Друйская гімназія давала нам не толькі веды, але і моцны падмурак выхавання, моцныя асновы, якія дапамаглі вытрываць усе жыццёвыя буры. Так здарылася таму, што тыя асновы абапіраліся на дух Евангелля. Успаміналі асобных людзей: дырэктароў, настаўнікаў, святароў і законных сясцёр. Пра іх навуку, пра тыя асновы жыцця, якія яны неслі нам і па якіх самі верна жылі ажно да пакутніцкай смерці (першы і апошні дырэктар загінулі пакутніцкай смерцю). Не забыліся і пра закон марыянаў, які і для выхавацельскага персаналу, і для вучняў быў за маці. Падкрэслівалі дух экуменізму, узаемнай павагі і любові паміж вучнямі не толькі розных веравызнанняў, але і рэлігіі, і нацыянальнасці. Часам на адной лаўцы ў гімназіі сядзелі габрэі і католікі, кандыдаты ў будучыя біскупы, палякі і беларусы. Гэта была адна сям’я дзяцей Божых, а падмуркам тае еднасці быў Бог Айцец, Створца ўсіх людзей і Сын Божы, які адкупіў нас усіх, і Святы Дух, які ўсіх нас асвяціў і паклікаў да неба. Такую еднасць паміж людзьмі апошні Сабор назваў Божым людам. Цудоўным перажываннем сталася супольная Святая Імша. Было гэта 2 жніўня — успамін Найсвяцейшае Маці, Каралевы анёлаў. Калісьці ў гэты дзень у Друі быў одпуст. На гэты дзень, апрача таго, прыпала яшчэ і першая субота месяца жніўня, гадавіна Варшаўскага паўстання. Але, апрача ўсяго гэтага, яшчэ і першае наша супольнае спатканне на Святой Імшы, як і калісьці, шмат гадоў таму, так, як некалі — разам з дырэктарам і прафесарамі ў Друйскім касцёле. Сама прычына спаткання, а таксама глыбокая рэлігійнасць сабраных стваралі асаблівую атмасферу, якая ўзносіла чалавека да Бога. Фармуляр Святой Імшы быў пра Маці Божую. Гучная «Сардэчная Маці» на ўваход сцэментавала ўсе сэрцы, і паплыла малітва... За каго ж чалавек не жадаў бы памаліцца ў такія хвіліны? За ўсіх, за цэлы свет, за жывых і памерлых... Плыве спеў: Пане, змілуйся над намі... У гэтым спеве выказваецца наша вера ў тое, што Бог — наш Пан і Стварыцель. А адначасна гэты спеў-мальба да Божай міласэрнасці. «Хвала на вышынях Богу...» — разам з анёламі над Бэтлеемскай стаенкай... Лектар — наш прыяцель Богусь з Амерыкі — выбраў для першага чытання ўрывак са Старога Запавету пра тое, як Пан Бог загадаў Абрагаму пакінуць родную зямлю і вырушыць да тае зямлі, якую Ён сам яму вызначыў. Даслоўна лектар сказаў так: «Бачу вялікае падабенства нашага жыцця да жыцця айца Абрагама». Евангелле было суцяшэннем. У ім гаварылася пра тое, як Пан Езус паказаў рукой на людзей, што атачалі Яго, і прамовіў: «Хто слухае маіх слоў і выконвае іх — той Мне айцец і маці, брат і сястра». Малітве верных не было канца... Але наймацнейшае яднанне з Богам і паасобнымі ўдзельнікамі групы прыйшло ў часе Святой Камуніі, калі ўсе сабраныя прынялі Цела і Кроў Пана пад выглядам Хлеба і Віна ў свае сэрцы.
Песняй «Тваёй абароны» завяршылі мы незабыўныя хвіліны ўзлёту і любові ў часе Найсвяцейшае Ахвяры. Гэтыя хвіліны стануць для нас суцяшэннем і дапамогай нават тады, калі Божая воля павядзе нас не на гару Табор, але на Кальварыю. На другі дзень Святая Імша адбылася на лаціне. Даслоўна гэтак жа, як некалі ў Друі. Голасна і ўрачыста гучала лаціна — заслуга нашых настаўнікаў лацінскай мовы. Не аднаму з нас пазней гэта дапамагло асвойваць сучасныя мовы. Святая Імша сталася новай крыніцай найчысцейшых пачуццяў і прыгожай супольнай малітвы. Ксёндз Кіслы сказаў казанне пра сведчанне веры і спяваў так, нібыта яму было дваццаць гадоў. Іграў і кіраваў спевам арганіст Аляксандр Савіцкі. У часе Святой Камуніі саліравала ягоная дачка. Найбольшы клопат меў наш прыяцель кс. Антоні Лось — арганізатар і кіраўнік нашага спаткання. Не мог нас супакоіць. Але ён быў вельмі мілы і ў тыя хвіліны, калі чакаў цішыні, толькі радасна ўсміхаўся, бо ягоная праца аказалася недарэмнаю. Нам ёсць што сказаць адзін аднаму... ...Надышоў няўмольны час развітання. Трэба было раз’язджацца. Мы ведалі, што калі раз’едземся кожны ў свой бок, то прыйдуць боль і яшчэ большы сум, але гэта будуць творчыя боль і сум, якія народзяць сілу, моц і надзею на далейшую жыццёвую дарогу. Аўтар гэтых успамінаў найдаўжэй заставаўся на месцы нашага спаткання... І адкрыў для сябе, што найлепш адчуваў сябе тады, калі быў у капліцы, перад Панам, якому зусім нядаўна ўдзельнікі спаткання спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі...» Там, перад табэрнакулюмам, стаяў вялізны букет свежых і яшчэ не поўнасцю расквечаных ружаў — красамоўны сімвал жыцця і маладосці... Гэта святары, ад’язджаючы, пакінулі букет для Пана — на знак праслаўлення Бога, з чыіх рук яны бралі ўсё, што было ў іх жыцці; на знак удзячнасці ксяндзам марыянам за іхнюю гасціннасць, а свайму прыяцелю кс. Антонію Лосю за цярплівую і клапатлівую арганізацыю гэтай сустрэчы. Гэткім чынам яны хацелі падоўжыць сваю прысутнасць на Стэгнах. А вышэй, на троне табэрнакулюма, засядае Пан — крыніца надпрыроднай і пастаяннай маладосці духа, якая ідзе з самога Бога...
Ганна Цішэўская прапанавала паехаць на могілкі, каб наведаць мясціны, дзе дачасна знайшлі свой спачын тыя, хто ўжо ў небе, хто ўжо знаходзіцца па тым баку. Гэтая прапанова ўсім спадабалася, а кс. Антоні зараз жа яе і рэалізаваў: наняў аўтобус, і мы апынуліся ў дарозе. Пагодным сонечным днём ехалі мы праз Варшаву на могілкі Ваўжычаў, што знаходзяцца на другім баку Варшавы. Мы ехалі ў Варшаву тых, хто ўжо адышоў. Марыянскія могілкі мы ўбачылі дагледжанымі, добраўпарадкаванымі. Усе памерлыя з закону марыянаў маюць аднолькавыя вялікія каменныя надмагільныя пліты, а збоч іх — маленькія пліты з імёнамі, прозвішчамі, датамі нараджэння і смерці. Мы разышліся па могілках у пошуку сваіх знаёмых, прыяцеляў, настаўнікаў. На магілах застракацелі кветкі, запалымнелі памінальныя свечкі, а нашыя сэрцы і малітвы паплылі ўгору, да пасаду міласэрнага Бога з просьбаю прабачэння нашым блізкім правінаў, калі яны яшчэ іх маюць. Як і наказвае нам Касцёл. Жанчыны трымалі насоўкі каля вачэй. Мужчыны стаялі ў задуменні. Найбольш кветак і свечак было на магіле кс. дырэктара Уладзіслава Лысіка, кс.Чачота, кс.Смалінскага... Спеў «Анёл Панскі» завяршыў наш візіт да тых, хто ўжо даплыў да порту. І ўсе мы ўпэўнена сцвердзілі, што любоў мацнейшая за смерць!
|
|
|