Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

ІДУ САБЕ ДА КАСЦЁЛА
Іду сабе да Касцёла,
дарогі не выбіраю.
А крылы майго Анёла
нясуць мяне, як да Раю.

Святы Францішак Ксаверы
цямрэч прайсці дапаможа.
Дае мне Святой Вячэры
Наш Збаўца Адзіны Божа.

І сэрца маё не стыне.
За ціхім мястэчкам Лідай,
і продкі мае ў святыя
пасланы маёй малітвай.

ЦІ ЁСЦЬ ТАКАЯ КРАІНА?
Ці ёсць такая краіна
вось зараз, дзе ў людскай хаце
маці выхоўвае сына,
як Езуса Хрыстуса Маці?

Драгічын, Скідаль і Мядзель...
Там ёсць зацішны куточак,
дзе аслабелыя маці
сваіх не баяліся б дочак?

Астатнія людскія справы
вершацца самі сабою.
Што даў нам Божа ласкавы,
трымаецца толькі любоўю.

У КАРАГОДЗЕ
ХМАРАК І АНЁЛАЎ
У карагодзе хмарак і анёлаў
сусвет трымае белы Галубок,
а Галубку даў гэту сілу Бог.

Давайце заспяваем са святымі!
Няхай на крылах Галубок падыме
наш Край з дрыгвы і да нябёсных брам
па той дарозе у высокі Божы Храм.

БАСАНОЖ
Шэрыя туфлі з абцасамі
адхапіла за маркі...
Па каменьчыках бегла.
Можна бегчы за хмаркі
да Максіма, да мамачкі,
прыхапіўшы мядзяны грош...

Але пчолкі ды ластаўкі
і туды лятуць басанож...

Адпусціце самотную!
А туды не ходзяць пад ручкі.
Абразок папяровы
пакладзіце ў халодныя ручкі.
Апусціце ў бязмеж
вечаровай цішы і ценю...
Хай паколюцца мае ножанькі
аб святое райскае церне.

ТУТ, СЯРОД ВАС
Сумны гасцінец прылёг
на зялёным каберцы.
Тут усёй вёскі мінулае,
як на паперцы.
Сосны...
Маўклівыя вочы...

Маўклівыя сэрцы...
Божы Анёлак, Адам і Франуся,
Вінцук і Кастуся...
Вы не пазналі?
А я ж — ваша ўнучка Дануся.

Тут, сярод вас,
анічогачкі ўжо не баюся.

ХХХ
Калі паміж мной і Духам Святым
ніякая моц не паўстане,
тады не збірайце з лісточкаў вады,
тады не марнуйце світанне.

Калі ж і да сноў, дзе спачыла любоў,
прасочыцца Божае слова,
тады сапраўды пазбіраемся зноў
на светлае Свята Хрыстова.

КРАЙ
Край, які я маю,
  не заснуў, а дрэмле.
З ім уваскрасаю
  ў лісцейку, у дрэве.

Над жывой зямліцай
  чыста неба стрэшка...
Зорка-зараніца,
  хлопчыкава ўсмешка.

БАЛЬСАН
Нядзелькай светлаю хадзіла,
бальсан, сармацкае кадзіла,
казельчыкі, каціну мяту
сушыць закідвала на мату.

Падол андарака каляны,
прапахлы ў кропе, у каляндры,
трапаўся, да ўсяго быў падкі,
ніколі не драмалі складкі.

Бальсан, сармацкае кадзіла...
Начнога жаўранка будзіла,
сунічкі вуснамі спяліла,
супольна з Богам дзень бяліла.

СОНЕЧНЫ ДОЖДЖ
Сонечны дождж на зямлю не трапляе,
слізгаецца па лістоце, як смоўж.
Зрэдку краплістая кропля страляе.
Сонейка свеціць, стамляецца дождж.
Так бы й застацца галінкай зялёнай
тут, дзе прамень між галінак завіс.
Тут і стагоддзі губляюцца ў кронах,
не ападаючы з лісцем уніз.

Дожджык сляпы... І я вочы заплюшчу,
як лесавінка, схаваюся ў мох
ды назаўсёды ўвасоблюся ў пушчу,
з ёй уздыхну: сцеражы мяне, Бог...

НЕ ХАЧУ СПАЧУВАННЯ
З дубу клёпкі, кляновае дзенца
не ўтрымаюць сярэбраны страх.
Шнур, што чэрпаў з прадоння, парвецца —
паляціць у нябёсы, бы птах...

Не хачу спачування і жалю —
пад нябёсаў спрадвечную столь
проста з сумнага тлумнага балю
знікнуць з гонарам, Божа, дазволь.

СНІЦЦА МНЕ ХАТКА
Сніцца мне хатка,
нізкі парожак.
Бог не застрэміць
стомленых ножак.

Лапкі там грэе
Бонка старая,
тая, што ў раі
кветкі збірае.

Сонейка ў поўдзень
ткнецца да клямкі —
сонныя вочы,
носік у плямкі.

Нейкі вандровец
глядзіць вінавата.
Твар не паголены...
Гэта ж мой тата.

ЧАСАМ ДУМАЮ
Часам думаю, як там, высока на небе,
на дармовым, святымі замешаным хлебе...
І з якой там мучычкі выпякаюць аплаткі,
дзе пасуцца там Божыя статкі...

А ці Божы нектар, што збіраюць там пчолкі,
п’юць паэткі, мае прыяцелькі...
Каля Богавых ног, каля Богавых слоўцаў
дзе там стол сарамлівых вяскоўцаў...

Ці з нябёсных струменяў адчыняюцца шлюзы,
па якіх абтрасаюцца росы...
Калі ў нас аж залішне духовае сушы,
чым жа росяцца самі нябёсы...

Гэта мой апякун Францішак Ксаверы
у нябёсах складае мне вершы,
у нябёсах складае, аблокам чытае,
ціхі спеў да вушэй далятае...

БЕЛАРУСЬ-ДЗЯЎЧЫНКА
Беларусь — Ты дзяўчынка-падлетак,
вытры з вочак зялёныя слёзы
ды бяжы праз квяцісты палетак,
кліча Божа Цябе на нябёсы.

Зачыні свае даўнія страхі,
Хай галоднымі курчацца ў склепе.
Панясуць Цябе вольныя птахі,
Груганы Цябе тут не зачэпяць.

Будзеш правіць сваёю зямелькай,
шанаваць Цябе будуць сястрычкі.
Будзеш Богу святою нядзелькай
шнураваць на нагах чаравічкі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY