|
|
№
2(5)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
Уладзімір ДЫДЗІК
ВАЙНА СУПРАЦЬ НАРОДА І КАСЦЁЛАПра «Успаміны» царскага генералааб падзеях 1863 — 1865 гг. у Беларусі і Літве Задушэнне царызмам антырасійскага паўстання 1863—1864 гг. на абшарах былой Рэчы Паспалітай стала паваротным пунктам у гісторыі беларускага, літоўскага і польскага народаў. Гэта было ўдарам не толькі па ідэі «непадлеглай Польшчы», гэта было і ўдарам па ідэі вольнасці беларусаў і літоўцаў. «За нашу і вашу свабоду!» — адзін з галоўных лозунгаў паўстанцаў. Іхнім ворагам быў не рускі народ, а расейскі імперыялізм. Яны змагаліся і паміралі за веру і зямлю сваіх бацькоў. Пра паўстанне напісана шмат манаграфій, выдадзена дзесяткі ўспамінаў і дакументальных зборнікаў. Але тэма гэтая далёка не вычарпана і па-ранейшаму хвалюе і сёння. Пра «Успаміны» аднаго з бліжэйшых паплечнікаў віленскага дыктатара Мураўёва-вешальніка Пятра Чарэвіна, фрагменты з якіх друкуюцца тут, трэба сказаць асобна. Па-першае, гэтыя мемуары, якія былі выдадзены ў Кастраме ў 1920 г., на сённяшні дзень з’яўляюцца сапраўднаю бібліяграфічнаю рэдкасцю. Адзіны асобнік гэтага рарытэту захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Можа таму ён і малавядомы нават спецыялістам-гісторыкам, якія займаюцца гэтаю праблемаю. Па-другое, «Успаміны» П.Чарэвіна па сваёй фактычнай каштоўнасці можна параўнаць бадай толькі з «Успамінамі» самога Мураўёва ды «Віленскімі нарысамі» А.Масолава, якія ў 1882—1883 гг. друкаваў часопіс «Русская старина». У адрозненне ад мемуарнай літаратуры, выдадзенай у царскі час, запісы Чарэвіна не сапсаваны цэнзураю ды пазнейшымі рэдактарамі, якія часам старанна вычышчалі рукапісы ад «крамолы», «неадназначных і суб’ектыўных момантаў». Асабліва гэта было ўласціва часу ўладарання расейскага імператара Аляксандра ІІІ. У кнізе «Успамінаў» Чарэвіна, дзе захавана аўтэнтычнасць арыгіналу, багата падобных «момантаў», якія ўражваюць сваім цынізмам і адыёзнасцю. Пётр Чарэвін нарадзіўся ў 1837 г. у радавым гняздзе «Усадище Неронова» Салігаліцкага павета Кастрамской губерні. Паходзіў ён са старажытнага дваранскага роду, нашчадкі якога аселі на гэтых землях яшчэ з ХVІ ст. Пасля заканчэння ў 1855 г. школы гвардзейскіх прапаршчыкаў і кавалерыйскіх юнкераў праз некалькі гадоў трапіў на Паўночны Каўказ, дзе вызначыўся ў баявых дзеяннях супраць свабодалюбівых горцаў. У 1863 — 1865 гг. ён ужо на іншым «фронце» змагання за імперскія інтарэсы Расіі — удзельнічае ў задушэнні паўстання на Беларусі і ў Літве, знаходзіцца для асаблівых даручэнняў пры генерал-губернатары Мураўёве, пазней загадвае справамі канцылярыі генерал-губернатарства. Вопыт працы ў Вільні спатрэбіўся яму падчас працы ў Дзяржаўнай следчай камісіі па справе тэрарыста Каракозава, які здзейсніў няўдалы замах на жыццё імператара Аляксандра ІІ. Падчас расейска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. генерал Чарэвін звярнуў на сябе ўвагу будучага імператара Аляксандра ІІІ. 33-гадоваму цэсарэвічу спадабаўся яго вясёлы нораў, дасціпнасць ды знаходлівасць. З таго часу іх звязала моцнае сяброўства. Гэта паўплывала на далейшы выбар кар’еры Чарэвіна. У 1878 г. ён змяніў вайсковы мундзір на жандарскі, стаў таварышам шэфа корпуса жандараў, галоўным начальнікам ІІІ аддзялення (тайнай паліцыі). Трэба сказаць, што ў асяроддзі расейскага вайсковага афіцэрства не ў пашане былі людзі ў мундзірах «цвета мусора». Лічылася дурным тонам і нават знявагаю мець сяброўскія зносіны з жандарскімі чынамі. «Перабежчыкаў» нават выключалі з ліку ганаровых сяброў афіцэрскіх сходаў. Але годнасць армейскага афіцэра Чарэвін прамяняў на перспектыву бліскучай кар’еры пры імператарскім палацы. Пасля скасавання ІІІ аддзялення ў 1880 г. генерал Чарэвін быў прызначаны таварышам міністра ўнутраных спраў, а 25 снежня 1881 г., пасля ўзыходжання на трон Аляксандра ІІІ, у ягоных руках сканцэнтравалася ахова спакою ды бяспекі імператара Расеі. Ён стаў галоўным улюбёнцам і сабутэльнікам манарха: «гуляе з царом у карты, крадком ад імператрыцы п’е з ім каньяк, схаваны за галянішчам, цешыць цара вясёлымі анекдотамі, але разам з ім, вядома ж, і правіць Расеяю — такімі ж спосабамі, як Мураўёў — Віленскім Заходнім краем» («Чарэвін і Аляксандр ІІІ» // «Голос минувшего». 1917, № 5). Памёр Чарэвін у лютым 1896 г. і пахаваны ў Няронаўскай царкве ў сябе на радзіме. Паводле слоў самога Чарэвіна, змаганне супраць антырасейскага паўстання ў 1863—1864 гг. не было нейкай лакальнай ваеннай акцыяй па ўціхамірванні мясцовых шляхцюкоў і знішчэнні дрэнна ўзброеных аддзелаў інсургентаў. Гэта была сапраўдная вайна супраць усяго насельніцтва краю. «Задушэнне падобнага мецяжу, якім ён уяўляўся ў 1863 годзе, — пісаў генерал, — можна параўнаць з вайною, бо, за малым выключэннем, гэтыя 6 млн. насельніцтва абвясцілі нам вайну...» І царскія войскі з усёй жорсткасцю задушылі народны рух за свабоду. У сваім варварстве расейская армія ўпадобілася дзікім татарскім ордам. «Ваша Высокаправасхадзіцельства, — пісаў да Мураўёва расейскі афіцэр Міхаіл Страеска 29 лістапада 1863 г., — ...ў войсках заходніх губерняў нельга ўгледзець наіўнага, заўжды рахманага расейскага жаўнера... Калі б да Вас маглі даходзіць стогны і скаргі прыгнечаных варварствам нашага хрысталюбнага воінства, Вы, напэўна, з жалем адмовіліся б ад такіх паплечнікаў». Але ж менавіта Мураўёў-вешальнік асабіста неаднойчы распякаў камандзіраў карных аддзелаў за рэдкія факты праяўлення гуманнасці да ворагаў. Калі б была ягоная воля і сіла, дык усё насельніцтва краю саслаў бы ў Сібір. Дзеля замацавання ў забраным краі паліцэйскага рэжыму расейскай адміністрацыі неабходна было знішчыць апошні астравок духоўнай свабоды — каталіцкі Касцёл. Пасля гвалтоўнага скасавання ў 1839 г. беларускай уніяцкай Царквы толькі Касцёл захоўваў сваю незалежнасць ад свецкай улады ў рэлігійных справах, хоць Расейская праваслаўная царква з вялікай падазронасцю глядзела на тутэйшае праваслаўнае святарства. «Святарства [праваслаўнае] было уніяцкае, — пісаў усё той жа Чарэвін, — не выключаючы Васіля [Лужынскага, полацкага архібіскупа] і Міхаіла [Галубовіча, пінскага біскупа], з захапленнем успамінала пра блаславёныя часы уніі». Праваслаўныя папы, што панаехалі ў край з Расеі, былі не здольныя спаборнічаць з ксяндзамі — «спрытнымі ў справе прапаганды і ўплыву на народ». Спробы Мураўёва вышукаць у асяродку вышэйшага каталіцкага клеру Беларусі і Літвы падобных былому уніяцкаму біскупу Іосіфу Сямашку юдаў, каб рукамі саміх ксяндзоў падпарадкаваць свайму ўплыву Касцёл, пажаданых вынікаў не прынеслі. Знайшлося, праўда, некалькі адступнікаў (пралат Жылінскі, ксяндзы Нямекша, Тупальскі, Юргевіч ды інш.), якія, паквапіўшыся на абяцанкі ўладаў, згадзіліся выконваць загады царскай адміністрацыі. Кс. Нямекша, напрыклад, актыўна ўдзельнічаў у закрыцці каталіцкіх кляштараў і касцёлаў, пралат Жылінскі і некалькі ягоных прыхільнікаў намагаліся спрыяць русіфікацыі Касцёла. За раскольніцкую дзейнасць яны былі ў хуткім часе пазбаўлены духоўнага сану. Спробы царскага ўрада ўвесці рускую мову ў касцёлах Беларусі і Літвы не мелі поспеху. З прыходам на пасаду віленскага генерал-губернатара Мураўёва тэрор і рэпрэсіі супраць Касцёла абрынуліся з новаю сілаю. Парушыўшы падпісаны ў 1847 г. паміж папам Піем ІХ і Мікалаем І канкардат, які рэгламентаваў дзейнасць каталіцкага Касцёла ў Расіі, царскія ўлады пайшлі на закрыццё дзесяткаў касцёлаў і кляштараў. Шмат з іх было перароблена на візантыйска-праваслаўны капыл, у так званы «мураўёўскі»* стыль. 22 снежня 1866 г. Расеяй быў скасаваны канкардат 1847 г. і разарваны дыпламатычныя адносіны з Ватыканам, у 1867 г. была закрыта Пецярбургская каталіцкая акадэмія. Праз французскага імператара Напалеона ІІІ і аўстрыйскага манарха Франца Іосіфа папа Пій ІХ спрабаваў уздзейнічаць на Аляксандра ІІ, каб той спыніў рэпрэсіі супраць каталіцкага святарства ў былой Рэчы Паспалітай, але гэта яшчэ больш ускладніла становішча Касцёла ў заходніх губернях Расеі. Паводле афіцыйных расейскіх звесткаў па Беларусі і Літве, 7 ксяндзоў былі пакараныя смерцю, 36 — засуджаныя на катаргу і 159 — высланыя за межы краю (з іх у Сібір — 25). Абсалютная большасць асуджаных былі пакараны за тое, што толькі спачувалі справе паўстання. Касцёл у асобах сваіх біскупаў не ўхваляў гвалтоўныя дзеянні ў грамадскім і палітычным жыцці. Віленскі біскуп Красінскі ў сваёй адозве да сяброў кансісторыі пісаў: «Слова Божае ды не будзе словам чалавечым. Казанне з амбона павінна быць рэлігійным... было б знявагаю годнасці святога Касцёла, калі б ён ператварыўся ў зброю палітыкі». Гэта не перашкодзіла Мураўёву выслаць на катаргу ў 1863 г. Красінскага, а годам пазней — мінскага біскупа Вайткевіча. Руйнуючы касцёлы і кляштары, чынячы рэпрэсіі супраць каталіцкага святарства і насаджаючы ў краі афіцыйнае расейскае праваслаўе, Мураўёў ды ягоныя прыхільнікі былі хутчэй бязбожнікамі, чым шчырымі праваслаўнымі вернікамі. Праваслаўе для іх было ўсяго толькі шырмай, з дапамогай якой яны ўсталёўвалі ў Расейскай імперыі паліцэйскі рэжым, дзе душыліся свабода ды іншадумства. «Рэлігія, — пісаў Чарэвін, — гэта маральны закон чалавека, але прапаведнік гэтага закону, святарства, паводле свайго прызначэння, — улада, пасланая Богам, якая сваім духам не можа прызнаць над сабою іншай улады... Пётр Вялікі гэта разумеў, калі абвясціў сябе галавою Царквы пасля смерці апошняга патрыярха, але свецкая вярхоўная ўлада, паступова аддзяляючыся ад духоўнай, пакідае гэтай апошняй сваё поле дзейнасці, а яно вялікае і вялікая ўлада, якая даецца. Ці пажадана садзейнічаць гэтаму, калі прыклады сведчаць, што дзве ўлады не могуць ісці поруч? Я скажу — НЕ».
|
|
|