|
|
№
2(5)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
Прасторай яго няспынных даследаванняў была ўся Беларусь, яе народная творчасць, спракаветныя традыцыі, звычаі, святочнае адзенне, вясковае жытло і ўсё іншае, што мог заўважыць, вывучыць, захаваць для будучыні мастацтвазнаўца, этнограф і этнолаг. А маленькай Беларуссю Міхася Раманюка (1944—1997) была яго творчая майстэрня на вуліцы Танкавай у Мінску, дзе амаль кожны дзень да прыцемкаў свяціліся вокны. Сюды прыходзілі вучні, аднадумцы, сюды тэлефанавалі з выдавецтваў, з музеяў, з розных куткоў Беларусі. Гэта быў своеасаблівы культурны асяродак для вельмі шырокага кола даследчыкаў, мастакоў, літаратараў і проста прыхільнікаў беларушчыны. Міхась Раманюк доўга не затрымліваўся ў сталіцы, яго творчае жыццё — гэта экспедыцыі, збор матэрыялаў, паводле якіх у мінскай майстэрні было напісана шмат артыкулаў, падрыхтаваны рукапісы не для аднаго выдання па розных відах народнай творчасці. Гэта разам з тым, што даследчык, які заслужана лічыцца адраджэнцам беларускага народнага адзення, працягваў працаваць над тэрміналагічнымі слоўнікамі, удакладненнем і далейшай сістэматызацыяй рэгіянальных і лакальных разнастайнасцяў традыцыйнага народнага ўбору. Ідэі, прывезеныя з падарожжаў, не давалі спакою тытанічна-здольнаму навукоўцу, і ён звяртаўся да новых і новых каштоўнасцяў нашай нацыянальнай спадчыны. Міхась Раманюк жыў у складаны і супярэчлівы час, калі шматвяковыя здабыткі дзядоў і прадзедаў замоўчваліся, ігнараваліся. Трэба было мець мужнасць, волю і прынцыповасць, каб вытрымаць супрацьдзеянне, недавер, абыякавасць і несці веды пра тое, што ёсць нашае сапраўднае багацце, годнасць і краса. І каб была магчымасць выдаць усё сабранае і асэнсаванае самаахвярным шукальнікам, то на нашае зямлі, напэўна, не засталося б ніводнага цыніка, абыякавага да сваёй Бацькаўшчыны і лёсу нацыі. Доўгі час Міхась Раманюк збіраў матэрыялы для кнігі «Крыжы Беларусі», каб праліць святло на традыцыі, што лучаць хрысціянскую гісторыю Радзімы з паганскай дагістарычнасцю. Ён напісаў пра крыжы, што ставіліся ля святых крыніцаў, крыжы прыдарожныя, надмагільныя — кожнае такое месца — святое. У аскетычна-простых ці адмыслова сканструяваных формах, аздобленых ручнікамі, паясамі, фартушкамі, даследчык бачыў ажыўленыя істоты, што сімвалізуюць сувязь з вечнасцю, нагадваюць пра пакутліва-выпрабавальны шлях чалавека на зямлі. М.Раманюку даводзілася часта наведваць старыя могілкі, забірацца ў аддаленыя мясцовасці, каб сабраць унікальныя прыклады гэтае асаблівае святое спадчыны. На пачатку стагоддзя крыжы ставіліся ў многіх месцах, і наша зямля была абароненая іх сілаю. Цяпер крыжы зноў з’яўляюцца на раздарожжах, у месцах, дзе калісьці ўжо былі, і па-ранейшаму асвячаюць нашы жыццёвыя шляхі. Хай жа і матэрыялы кнігі, надрукаваныя пакуль што ў фрагментах, дапамагаюць разуменню людзьмі праўды, засцерагаюць ад ідэалагічнага зману бесклапотнага існавання на зямлі, лёс якой звязаны з пакутлівым, але святым крыжам. Міхась РАМАНЮК - КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
|
|
|