Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Андрэй ШПУНТ

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ

Падчас даследчыцкай працы ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, звязанай з выяўленнем матэрыялаў, што маюць дачыненне да асобы біскупа Дадэркі, былі адшуканы дзве невядомыя дагэтуль пячаткі, якія належалі Яго Эксцэленцыі.

1. Вялікая пячатка

У полі пячаткі французскі шчыт (геральдычны колер не вызначаны) з гербам «Дадэркала». Над шчытом — шляхецкая карона. З абодвух бакоў — мітра і біскупскі посах. Пад шчытом, на стужках — ордэны Св. Станіслава і Белага Арла. Усё ў абрамленні святарскага капелюша ды 10 кутасоў на шнурах у чатыры рады з кожнага боку (1, 2, 3, 4) (адпавядае ступені арцыбіскупа).

Легенда па колу: IACOBUS. IGNATIUS : DEDERKO : DEI : ET APOSTOLICE : SEDIS : GRATIA : PRIMUS : MINSCENSIS EPISCOP. (Якуб Ігнацы Дадэрка Міласцю Божай і Апостальскае Сталіцы Першы Мінскі біскуп.)

Воск, чырвоны, ш 67 мм.1

2. Малая пячатка

У полі пячаткі французскі чатырохчастны шчыт з выявамі наступных гербаў: «Дадэркала» (родавы герб біскупа Дадэркі), «Бродзіц» (герб маці — Кляры з Міравіцкіх), «Трубы» (герб бабкі па бацьку — Ружы з Войнаў), «Равіч» (герб бабкі па маці — прозвішча не ўдакладнена). У сэрцавым шчытку манаграма ІД. Над шчытом — шляхецкая карона. З абодвух бакоў — мітра і біскупскі посах. Пад шчытом на стужках — ордэны Св. Станіслава і Белага Арла. Усё пададзена ў абрамленні святарскага капелюша ды 6 кутасоў на шнурах у тры рады з кожнага боку (1, 2, 3).

Сургуч, чырвоны, ш 30 мм.2

Біскуп Дадэрка (кароткія біяграфічныя звесткі).

Прозвішча Дадэрка паходзіць ад родавага маёнтку Дадэркалы, што на Валыні. Перад Уніяй 1569 г. частка роду перасялілася ў Літву, дзе валодала шматлікімі маёнткамі ў розных ваяводствах.

Якуб Ігнацы Дадэрка (1751—1829) гербу «Дадэркалы», сын Караля, скарбніка драгіцкага і Кляры з Міравіцкіх, нарадзіўся ў Вількамірскім павеце. Пасля вучобы ў Віленскай Акадэміі ўступіў у ордэн езуітаў. Пасля скасавання ордэна выехаў у Польшчу. У 1776 годзе беларускім суфраганам біскупам Тавянскім ён быў пасвечаны ў свецкія святары. Канонік Віленскай катэдры (1781), дэпутат літоўскага духоўнага трыбуналу (1783, 1786, 1788, 1791), інфулят Алыцкі (1789), дзякуючы пратэкцыі Станіслава-Аўгуста ў тым жа годзе быў прызначаны Луцкім біскупам, але з-за козняў тарговіцкіх канфедэратаў яму не ўдалося атрымаць намінацыі. Пасля акупацыі Вялікага Княства Расеяй сустракаўся з генералам Крачэтнікавым як дэлегат Віленскае і Луцкае капітулаў, а таксама Алыцкай калегіяты (1795). У наступным годзе ў той жа якасці быў накіраваны да Паўла І. Першы біскуп Мінскае дыяцэзіі (1798—1816). Прыкладаў вялікія намаганні дзеля адбудовы і аздаблення Мінскай катэдры. Залажыў у Мінску Таварыства дабрачыннасці. На справы міласэрнасці і ўзмацнення

Касцёла не шкадаваў уласных сродкаў. Падчас вайны 1812 г. стаў пад сцягі Напалеона і 19 ліпеня таго ж года абвясціў з амбоны катэдры «Мінскую канфедэрацыю». Гэты патрыятычны ўчынак каштаваў яму кіраўніцтва дыяцэзіяй, а ў 1816 г. Дадэрку выслалі ў Алыку, дзе ён заставаўся пад наглядам Луцкага біскупа да самай смерці. Кавалер ордэнаў: Св. Станіслава (1789), Белага Арла (1794), Св. Ганны І ступені (1808), Св. Уладзіміра ІІ ступені (1812).

Спадзяемся, што знаходка пячатак біскупа Дадэркі стане не толькі ўкладам у гісторыю Бацькаўшчыны, але й выдатным падарункам для ўсіх католікаў Беларусі ў 200-ыя ўгодкі Мінскай дыяцэзіі.


  1. НГА Беларусі. Фонд 1781, вопіс 27, справа 103. Арк. 73зв. (1799 год).
  2. Тамсама, Арк. 75. (1799 год).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY