|
|
№
2(5)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
Ксёндз Францішак — адзін з тых беларускіх марыянаў, якія горача і самааддана любілі родную зямлю, сваю збалелую Бацькаўшчыну, адзін з тых, хто прагнуў працаваць дзеля духовага дабра свайго народа. І адначасна ён адзін з тых, каму лёсіла большую частку свайго жыцця правесці на чужыне. Сумленна жыць, самаахвярна працаваць, але ўсё ж не на роднай зямлі, якую так горача, па-сыноўску любіў. Ён нарадзіўся 2 снежня 1915 года ў вёсцы Крывасельцы Плюскай парафіі, што на Браслаўшчыне. Вучыўся ў родных мясцінах. Калі споўнілася шаснаццаць гадоў, пайшоў у кляштар ксяндзоў марыянаў у Друі, там адбыў навіцыят. Трэба думаць, што менавіта там, у Друйскай гімназіі, у якой ён вучыўся шэсць гадоў, будучы святар атрымаў урокі вялікай любові да роднай зямлі і яе культуры, там нарадзілася жаданне служыць Богу менавіта на роднай зямлі. На той час Друя была значным асяродкам духоўнае культуры на Беларусі. Вучыцца было ў каго. Сярод выбітных настаўнікаў — кс. Язэп Германовіч (ён жа — паэт Вінцук Адважны), кс. Андрэй Цікота, кс. Фабіян Абрантовіч, кс. Язэп Дашута, кс. Казімір Смулька, кс. Віталіс Хамёнак. Сярод гасцей, якія даволі часта прыязджалі ў Друю, — знакамітыя дзеячы Антон Луцкевіч, Трэпка, Шутовіч, спявак Забэйда-Суміцкі, паэт Максім Танк. Было чаму павучыцца ў гэтых людзей. Глыбока ў сэрца будучага святара пранікла тая навука, што грунтавалася на вялікай любові і павазе да духоўнай спадчыны роднай зямлі. Гэтую навуку кс. Францішак Апячонак пранёс праз усё сваё жыццё. З прычыны палітычных бураў і ваеннага ліхалецця яму давялося вучыцца ажно ў пяці духоўных семінарыях. Спачатку ў Вільні, потым у Польшчы. 31 сакавіка 1945 года ў Чанстахове ён атрымаў святарскае пасвячэнне. За працу, якую кс. Францішак пісаў пры Ягелонскім універсітэце, атрымаў званне магістра тэалогіі. А служыць Богу ксяндзу Францішку давялося ў розных месцах, нават — у розных краінах свету. Ён шмат працаваў з моладдзю і быў шанаваны ёю. Быў катэхетам, душпастырам, выхавацелем, яму часта даводзілася кіраваць рамонтам касцёлаў. Але дзе б ён ні жыў (ці то ў Варшаве, ці то ў Скурцы, ці то ў Глухалазах, ці то ў Лондане, ці, нарэшце, у родных Плюсах), што б ні чыніў, чым бы ні займаўся, рабіў ён тое заўсёды шчыра і ахвярна. Ніколі яго не пакідала надзея вярнуцца ў родную Беларусь, каб яшчэ паслужыць ёй. Ведаў, як патрэбна была б на Радзіме ягоная праца. І адначасна ведаў, што гэта амаль фантастыка. Бо ў краіне ваяўнічага атэізму, якой доўгі час была ягоная Радзіма, ішла вайна з Богам: кляштар і касцёл у дарагой сэрцу Друі былі зганьбаваныя, касцёл у роднай парафіі ператвораны ў калгаснае падсобнае памяшканне, як і многія, многія іншыя святыні на Радзіме. Дык ці патрэбна там ягоная праца? Ні кроплі не сумняваўся: патрэбна! Насуперак злой і лютай сіле, якая бязлітасна знішчала любыя парасткі духоўнага, ён верыў, што прыйдзе той час, калі злая сіла адступіць перад Божай Прадбачнасцю. І тады праца святара на Радзіме будзе вышэй за ўсялякую іншую каштоўнасць. Вось толькі ці дажыве ён сам да таго часу? Здароўе, падарванае руплівай працай, усё больш і больш нагадвала пра сябе. Слабелі вочы, і ён быў вымушаны прасіць сваіх духоўных кіраўнікоў дазволіць яму замяніць чытанне брэвяжа на ружанец. Слабелі ногі, і так цяжка было ўжо кіраваць рамонтнымі работамі. І ўсё ж даўняя мара папрацаваць яшчэ дзеля Бацькаўшчыны не пакідала яго. Але Бог пакіраваў так, што кс. Францішак сапраўды выехаў на нейкі час з Польшчы, ды не на Беларусь, але ў... Англію. 4 кастрычніка 1981 года ў Англіі памёр біскуп Часлаў Сіповіч, і ксяндза Францішка накіравалі на ягонае месца — для працы сярод беларускіх эмігрантаў. Здавалася б, мог бы суцешыцца гэткім паваротам у жыцці, бо працаваў нарэшце сярод землякоў. Ды ўсё ж гэта была не Радзіма. Таму мара аб вяртанні ў родныя мясціны заставалася. І была яна не дарэмнаю. Напрыканцы жыцця Божая Прадбачнасць пакіравала так, што нарэшце з’явілася магчымасць паехаць на Беларусь, дзе зноў пачыналі адчыняць дзверы зганьбаваныя касцёлы. Не хапала святароў, у тым ліку не было святара і ў ягонай роднай парафіі. Не зважаючы на моцна падарванае здароўе, паехаў у родныя Плюсы з радасцю. Землякі былі літаральна ўражаныя ягонай жыццярадаснасцю, аптымізмам, ягонымі ведамі і простай, шчырай любоўю да людзей, якіх ён вёў да Бога. А яшчэ многія не маглі надзівіцца, як гэты чалавек, пражыўшы паўстагоддзя ўдалечыні ад Радзімы, захаваў родную мову. Беларуская мова ў ягоных вуснах была надзвычай прыгожаю і натуральнаю. Але, на жаль, нядоўга ксёндз Францішак служыў Богу на роднай зямлі. З прычыны моцна аслабелага здароўя ён быў вымушаны зноў пакінуць яе і выехаць у Польшчу. Цяпер ужо назаўсёды. Ксёндз Антоні Лось, з кім некалі яны разам прыйшлі ў Друю і з кім сяброўства падтрымлівалася ўсе гэтыя гады, узгадвае: «Ксёндз Францішак так прагнуў працаваць сярод сваіх!.. Нягледзячы на паважны ўзрост і слабое здароўе, ён часта прызнаваўся, што яго сэрца ірвецца да святарскае працы на Беларусі. А калі ўжо не мог выконваць душпастырскіх абавязкаў, то з плачам пакідаў родны касцёл і парафіянаў. Якім жа балючым было расстанне з яго апошняй пляцоўкай працы, гэткай блізкай і дарагой яму!» Землякі ўспамінаюць, як ксёндз Францішак жартаваў, што ўся ягоная маёмасць вельмі добра змяшчаецца ў адным чамадане — ягоным надзейным спадарожніку па жыцці. Так, за сваё жыццё ён не нажыў багатага майна. Але затое тыя, хто блізка ведаў гэтага чалавека, памятаюць, якім багатым і шчодрым было ягонае сэрца. Многія святары з удзячнасцю згадваюць, як вучыліся ў яго непадробнай пабожнасці і самаадданаму служэнню Богу. Генерал закону марыянаў кс. Адам Банецкі з удзячнасцю ўспамінае, як у свой час кс. Францішак Апячонак зрабіў шмат карыснага для фармавання яго як святара: «Дзякуючы яму я ведаю, як шмат можа даць старэйшы святар малодшаму, калі выявіць да яго зычлівую ўвагу і атуліць яго далікатным клопатам». Духоўным ідэалам кс. Францішка быў ягоны цёзка з Асізі. Беднасць і пакора святога бедачыны з Асізі былі жыццёвым крэда кс. Апячонка. Кс. Банецкі сцвярджае: «Пан Бог багаславіў яго на гэтым шляху: ён ішоў у неба, адыходзіў ад нас сапраўды пакорны і ўбогі... Адыходзіў ціха-мірна, бо са святым спакоем прымаў убогасць і прыніжэнне, якія прынеслі яму апошнія гады яго жыцця і хвароба». Апошнія дні свайго жыцця ён правёў у Скурцы, у тым самым, дзе некалі быў пробашчам. Цяпер жа ў кляштарнай цішы былы пробашч дажываў свой век. Ягонымі апекунамі былі маладыя хлопцы, якія ў кляштары адбываюць навіцыят. Добры Пан Бог паслаў ксяндзу Францішку суцяшэнне на апошнія месяцы і дні на зямлі. Цяпер у навіцыяце знаходзяцца некалькі хлапцоў з Беларусі, і ксёндз Францішак мог напрыканцы жыцця нагаварыцца з імі на роднай мове, якую ён так любіў і шанаваў. У вігілійны вечар Божага Нараджэння ён дзяліўся аплаткам з моладдзю, зычыў ім Божага блаславення і поўнай рэалізацыі свайго паклікання. Прасветлены, спакойны вярнуўся ў свой пакой — адпачыць. Але неўзабаве горлам пайшла кроў... А назаўтра ў шпіталі, у свята Божага Нараджэння, ксёндз Францішак Апячонак скончыў сваю нялёгкую, поўную выпрабаванняў, зямную пілігрымку.
Францішак АПЯЧОНАК - ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
|
|
|