|
|
№
2(5)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
У 1991г. на Беларусь прыйшла сумная вестка: 25 жнiўня ў г. Чыкага на 81-м годзе жыцця адышоў да вечнасцi славуты беларускi гiсторык цi, як паведамлялася ў кароткiм некралогу, — «...грамадскi, палiтычны i рэлiгiйны дзеяч, аўтар шматлiкiх працаў з гiсторыi i этнаграфii Беларусi» — Вацлаў Пануцэвiч. Не па сваёй волi апынуўшыся за межамi Бацькаўшчыны, Вацлаў Пануцэвiч нiколi не губляў духовай лучнасцi з ёю, сэрцам адгукаючыся на яе крыўды i цярпеннi ды аддана працуючы на новае беларускае Адраджэнне. Ягонымi высiлкамi пабачылi свет шматлiкiя выданнi, сярод якiх — навуковыя часопiсы «Лiтва» (выдаваўся лацiнкаю) i «Беларуская царква» (кiрылiцаю), шэраг манаграфiчных публiкацыяў, з якiх асаблiвую навуковую вартасць маюць кнiгi «Лiтва i Жмудзь» (Чыкага, 1953-1954 — лацiнкаю) i «З гiсторыi Беларусi або Крывiччыны-Лiтвы (Чыкага, 1965). Менавiта да яго з найбольшым правам можна стасаваць Купалавы словы «прыйдзе новы а мудры гiсторык...». I Пануцэвiч стаўся першым сапраўды беларускiм гiсторыкам, бо глянуў на нашую мiнуўшчыну не праз расейскiя, польскiя цi савецкiя акуляры, а сваiмi ўласнымi вачыма, вачыма самога беларускага народа — суб’екта, дзейнiка сваёй гiсторыi, а не пасiўнага аб’екта вонкавых манiпуляцый i ўплываў. Гэтая яскрава выяўленая суб’ектнасць у падыходзе да мiнулага Беларусi дазволiла яму найбольш аб’ектыўна падысцi да аналiзу гiстарычных помнiкаў i, на грунце iх усебаковага вывучэння, — да праўдзiвай iнтэрпрэтацыi падзеяў. Другая iстотная рыса Вацлава Пануцэвiча як даследчыка — гэта ягоная засяроджанасць на крынiцах. Даўнi заклiк Ad fontes! (лац. Да крынiцаў!) можна паставiць дэвiзам да ўсёй яго навуковай творчасцi. У сваiх працах ён абсалютна вольна аперуе з тэкстамi на лацiнскай, старагрэцкай, старанямецкай, а таксама на новых еўрапейскiх мовах. За гэтым хаваецца грунтоўная фiлалагiчная падрыхтоўка, характэрная для гiсторыкаў старой школы. Павага да крынiцаў, iх удумлiвае вывучэнне дапамаглi яму рашуча адкiнуць створаныя яшчэ ў часы Расейскай iмперыi догмы i стэрэатыпы, што i дагэтуль успрымаюцца як аксiёмы, хоць i не маюць пад сабою факталагiчнай асновы. Бадай першым Пануцэвiч паставiў пытанне пра тое, якiм чынам сапраўдная назва нашай краiны — Лiтва — перамясцiлася з часам на тэрыторыю суседняй балцкай дзяржавы, якая раней называлася Жмуддзю, i як славяне-лiцвiны сталiся беларусамi. Яму належыць гiпотэза пра славянскую этымалогiю наймення Лiтва, якая атрымала розвiтак у працах яго паслядоўнiка П.Урбана i некаторых iншых даследчыкаў. Абазнанасць у крынiцах i добрае веданне славянскiх старажытнасцяў далі яму магчымасць крытычна падысцi да папулярнай гiпотэзы «балцкага субстрату» ў фармаваннi беларускага этнасу, пад гiпнозам якой дагэтуль знаходзiцца шэраг гiсторыкаў i лiнгвiстаў, i ўнесцi свае карэктывы ў падыход да пытанняў балта-славянскага этнiчнага ўзаемадзеяння. На падставе аналiзу заходнееўрапейскiх пiсьмовых помнiкаў ХII—ХIV стст. ён давёў, што ў гэты час адбывалася не прасоўванне славянаў на балцкiя землi, а хутчэй наадварот — пад нацiскам немцаў адбывалася перамяшчэнне балцкага насельнiцтва на славянскiя тэрыторыi i перамяшчэнне балта-славянскай этнiчнай мяжы на ўсход. Досыць пераканаўча вызначае гiсторык i сацыяльна-палiтычныя дачыненнi мiж балтамi i славянамi. Ён лiчыць, што ў паганскi час на балцкiх землях спраўлялi тэакратычную ўладу славянскiя святары-жрацы святарскай касты крываў-крывiчоў i панавала пакланенне багам славянскага пантэону. Пасля прыняцця хрысцiянства панаванне славянскага элементу ў духовым i палiтычным жыццi балтаў захавалася надалей. Вацлаў Пануцэвiч выдатна разумеў iстотную, нават вырашальную ролю канфесiйнага чыннiка ў этнiчнай кансалiдацыi народа, у фармаваннi яго нацыянальнай адметнасцi i захаваннi iдэнтычнасцi. Даследчыка цiкавiлi адносiны веравызнаўчага i нацыянальнага пачаткаў, iх значэнне ў гiсторыi беларускага народу. Безумоўна, як першапраходца ён не быў застрахаваны ад недакладнасцяў, недасканаласцi i нават памылак у сваiх працах, цi, наадварот, ад залiшняй упэўненасцi i катэгарычнасцi; а як жывы чалавек — ад эмоцыяў, часам рэзкiх выпадаў супраць апанентаў, а iншым разам залiшняй адданасцi пэўнай iдэi, што магло весцi ў аблуду. Але галоўнай рухаючай сiлаю яго навуковай дзейнасцi было iмкненне да пошукаў i адкрыцця Праўды. Гэтае абвостранае адчуванне Праўды натхняла яго да пошукаў i ўсталявання яе ў самiм сабе. Вядома, наколькi цяжка было захаваць сваё нацыянальнае аблiчча i веру беларусам на чужыне, асаблiва католiкам. Вацлаў Пануцэвiч застаўся верным сваёй, дадзенай Богам, беларускай сутнасцi, свайму сумленню i сваёй веры, да канца жыцця застаўшыся беларусам i католiкам. Прапануем шаноўным чытачам артыкул Вацлава Пануцэвiча з часопiса «Лiтва» (№ 2, 1967), дзе развенчваецца яшчэ адзін мiф, якi да нашага часу захоўваецца ў беларускай постсавецкай гiстарыяграфii, — пра паланiзацыю беларусаў праз каталiцкi Касцёл. Для зручнасцi чытацкае аўдыторыi артыкул транслiтараваны з лацiнкi на кiрылiцу i друкуецца ў поўным аб’ёме з мiнiмальнымi стылёвымi праўкамi. Звяртаем увагу на тое, што ў артыкуле i ў iншых працах Вацлава Пануцэвiча Лiтва — гэта Беларусь, лiтвiн — беларус, лiтоўская мова — беларуская.
ПОЛЬСКАЯ МОВА
|
|
|