Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Кс. Эдвард СТАНЕК

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ

Пачатак

ЧАЦВЁРТАЯ ПРАЎДА ВЕРЫ

1. Няволя чалавека

Тэксты літургічных чытанняў кажуць нам пра ерузалемскую святыню, прысвечаную праўдзіваму Богу, у якой маліўся сам Езус Хрыстус. Кажуць яны нам і пра таямніцу святыні, у якой мы знаходзімся і молімся да Айца Нябеснага. Але найперш мы ўспамінаем тую адзіную святыню, у якой Бог быў на зямлі, - святыню цела Хрыста. Езус, калі казаў аб руйнаванні святыні, а таксама аб магчымасці яе адбудовы на працягу трох дзён, меў на ўвазе святыню ўласнага цела. Яго цела было святыняй Бога на зямлі. Мы звяртаем увагу на гэта таму, што пачынаем шэраг разважанняў аб чацвёртай праўдзе веры, якая абвяшчае: «Другая Асоба Божая сталася Чалавекам, каб нас збавіць і адкупіць сваёю ўласнаю смерцю на крыжы».

Схілімся ж прад таямніцаю ўцелаўлення Езуса Хрыста і прад таямніцаю нашага збаўлення. Сённяшняе разважанне ўступнае. Узгадаем, што існуе Адзін Бог, які ў святле новазапаветнага Божага Адкрыцця з'яўляецца адным сэрцам, у якое ўваходзяць тры Сэрцы, што ўзаемна любяць адно аднаго: сэрца Айца, Сына і Духа Святога. Гэта самая вялікая таямніца Бога, які ёсць Любоў. Гэты Бог, у Тройцы Адзіны, стварыў свет. Увесь сусвет таксама з'яўляецца Яго творам. Гэты твор - калі можна так сказаць - знаходзіцца нібы звонку Бога. Яго можна параўнаць з творам мастака. Як цудоўная капітула базылікі св. Пятра ў Рыме з'яўляецца творам Мікеланджала, а ён як канструктар бачны збоч яе, гэтаксама і створаны свет знаходзіцца ў руках Бога. Бо мы ведаем, што ўсё ёсць у Богу і што Бог ва ўсё пранікае. Дзякуючы сучасным навуковым даследзінам мы ведаем, што размах Божага твора фантастычны. Можам яго параўнаць з будоўляй шматпавярховага дома, кожны паверх якога прызначаны для стварэнняў з адпаведнай ступенню дасканаласці. Чалавек знаходзіцца дзесьці на палове гэтай фантастычнай, узведзенай Богам будоўлі, якая ўяўляе сабой адно вялікае цэлае. Над намі існуе яшчэ шмат паверхаў, дзе жывуць больш дасканалыя, чым мы, істоты, дасканалыя з пункту гледжання інтэлекту, сілы волі, гарманічнасці сваёй прыроды. Гэта духоўныя істоты. А пад намі існуе цэлы надзвычай багаты свет жывой матэрыі, вельмі разнастайнай, якая нас здзіўляе, якую мы адкрываем, вывучаем і якую яшчэ не ведаем. А пад гэтым ажыўленым светам жывой матэрыі існуе гэткі ж багаты свет нежывой матэрыі. Узгадаем хаця б пра таямніцу атаму альбо аб працэсах унутры Зямлі.

Чалавек змешчаны ўсярэдзіне. Таму можна сказаць, што ён - самае дасканалае стварэнне ў бачным свеце. Ён вянчае бачны твор Бога. А з'яўляецца самым дасканалым таму, што мае розум і волю. Але па асобных дасканаласцях мы саступаем некаторым ніжэйшым стварэнням. Напрыклад, ніхто з нас не мае гэткага зоркага вока, як у арла, які на адлегласці пяці кіламетраў можа ўбачыць у траве зайца, і ніхто з нас не мае гэткіх магутных крылаў, якія ўзнеслі б яго так высока. Па дасканаласці цела мы саступаем багатаму жывому свету, які знаходзіцца пад нашымі нагамі, але, маючы розум і волю, можам уплываць на бег здарэнняў гэтага свету.

Калі ж браць пад увагу духоўную дасканаласць, то мы вымушаныя прызнаць, што ў свеце духа мы з'яўляемся найменш дасканалымі стварэннямі. Найменшы анёл зноў-такі перавышае нас на галаву сваёй дасканаласцю. Пры гэтым нам трэба памятаць, што над намі, на штораз вышэйшых паверхах, жывуць штораз больш дасканалыя духі. Матэрыялістычнае бачанне свету адкінула ўсю гэтую надбудову, якая ўзносіцца над намі, і зрабіла Богам самога чалавека, нанёсшы тым самым вялікую крыўду Яму. Калі ў тэлевізійным інтэрв'ю ў пані Ванды Руткевіч запыталі, які гонар распіраў яе сэрца, калі яна знаходзілася на самай высокай вяршыні свету, тая адказала: «Якраз наадварот, мяне напоўніла на дзіва вялікая пакора». Чалавек адкрывае сваю праўдзівую веліч не тады, калі замахваецца на Боскія лаўры, але калі займае сваё сапраўднае месца.

Створца хацеў, каб увесь свет, і матэрыяльны, і духоўны, быў адным цэлым, адной сям'ёй, якая жыве ў згодзе. Кожны ніжэйшы паверх стварэнняў павінен быў быць падпарадкаваны жыхарам вышэйшых паверхаў і з радасцю ўдзельнічаць у гармоніі цэлага. Аднак Пан Бог, жадаючы прывесці ўсе разумныя стварэнні на шлях любові, аб'явіў сваю выключную ласку да чалавека - стварэння, у якім лучыцца свет духа і свет матэрыі. Па сваёй дабраце Ён вырашыў узнесці яго над усімі створанымі духамі, нягледзячы на яго недасканаласці. Гэта быў тэст для іх і нашай вольнасці, а таксама тэст для даследавання ступені любові да Стварыцеля.

Аднак пыха, выкліканая зайздрасцю, прывяла да разрыву еднасці і гармоніі ва ўсім створаным свеце. Некаторыя дасканалыя духі не жадалі пагадзіцца з выключнымі прывілеямі, якія Бог ахвяраваў для чалавека, і вырашылі хітрасцю затрымаць яго пад сваімі стопамі. Яны давялі чалавека да грэху. Той жа, чуючы моцны бот валадара свету на сваім карку, таксама пачаў моцна трушчыць стварэнні, якія засталіся пад ягонымі нагамі.

Зямля, гэты дом, прыгожа абсталяваны і падрыхтаваны Богам, пачала перажываць драму. Замест мудрага жыхара яна вымушана гасціць дрэннага кватаранта. Польская прымаўка кажа, што лепей пусціць на кватэру каня, чымсьці кепскага кватаранта. Конь не знішчыць дома гэтак, як дрэнны кватарант.

Чалавек пасля грэху зрабіўся злым кватарантам і пачаў спусташаць дом, які Бог даў яму ў распараджэнне. Рабіў гэтак таму, што не ведаў усіх Ягоных правілаў. А гэты дом збудаваны надзвычай па-майстэрску. Цяпер мы паўсюль гэта адкрываем. Атручаныя паветра і вада, парушаная раўнавага ў прыродзе - усё гэта вынікі дрэннага карыстання домам, які Бог даў у наша распараджэнне. Гэта вынік грэху. Дрэнны кватарант знішчае зямлю і падобна, што давядзе да поўнага знішчэння.

Да таго ж сам чалавек пасля грэху зрабіўся смяртэльна хворым стварэннем. У Божых планах перад намі была адкрыта перспектыва вечнасці. Пасля грэху ўсе мы смяротна хворыя. Стоячы на могілках, адкрываем для сябе таямніцу гэтай смяртэльнай хваробы, якая кранае кожнага чалавека - звычайнага і генія, таго, каго любім, і таго, каго найбольш ненавідзелі. Кожнага. Няма ад яе ніякіх лекаў. Усё чалавецтва гатовае працаваць над тым, каб знайсці лекі ад смерці, але добра ведае, што не здольнае гэтага зрабіць. Мы цалкам зняволеныя смерцю.

Трэці вынік грэху - страта свабоды. Разрыў повязі прыязнасці з Богам, якая была ўмовай нашай свабоды, кінула нас у няволю да стварэнняў. І мы пастаянна знаходзімся пад уплывам вышэйшых разумных істотаў, якія ёсць над намі і якія хочуць, каб мы былі іх нявольнікамі. Бо існуе ж таямнічы вышэйшы злы розум, існуе моц беззаконня, а мы, аддадзеныя на свае сілы, бездапаможныя адносна іх. Паколькі гэта найвышэйшы злы розум створаны Богам, то і дзейнічае ён найчасцей у белых пальчатках. Дастаткова, напрыклад, узняць барацьбу з алкагалізмам, каб пераканацца, што гэтае зло - не чалавечая справа. Калі б гэта справа была чалавечай, то мабілізаваныя сілы трыццаці шасці мільёнаў палякаў перамаглі б зло, якое закранула два мільёны людзей. Гэта баталія была б лёгка выйграна. Аднак той, хто захоча ў яе ўключыцца, раптам адкрывае, што за ёй стаяць грошы (і не толькі польскія); усё гэта настолькі пераблытана, што вырваць людзей, залежных ад алкагалізму, робіцца немагчымым. Нарэшце акажацца, што алкагалізм зняволіў не толькі два мільёны людзей, але трыццаць восем мільёнаў, ён няволіць цэлае грамадства, цэлы народ. Будзем памятаць, што алкагалізм - гэта толькі адзін палец магутнай лапы, якая трымае чалавека ў няволі. А наркаманія, шаленства ўзбраення, знішчэнне ненароджаных дзяцей, тэрарызм?.. Усяго і не назавеш.

У сітуацыі гэткага вялікага зняволення Бог вырашыў выратаваць чалавека. Ён не скарыстаў дзеля гэтага сваёй усемагутнасці, але вырашыў выратаваць чалавека, аб'явіўшы не толькі людзям, але і ўсяму сусвету магутнасць любові. Выратавальную акцыю ўчыніла сама Святая Тройца. Яе непасрэдным выканаўцам стаў Сын Божы. Ён вырашае выратаваць чалавека ад смертаноснай хваробы і прагне адкрыць перад ім перспектыву будаўніцтва новай зямлі і новага неба на аснове супрацоўніцтва з Богам. Ён вырашае вызваліць чалавека ад магутнай рукі злога вышэйшага розуму. Менавіта аб гэтай справе Божага Сына мы будзем гаварыць у наступных разважаннях, жадаючы адкрыць багацце чацвёртай праўды веры: Сын Божы стаўся чалавекам, каб сваёю смерцю на крыжы нас адкупіць і збавіць.

2. Зачацце Сына Божага

У папярэднім разважанні я звярнуў вашу ўвагу на небяспекі, перад якімі апынуўся чалавек пасля грэху. Паказаў яго бяду ў трох вымярэннях. Чалавек зрабіўся дрэнным кватарантам і не здолеў шанаваць зямлю - прыгожага дому, які Бог аддаў у ягонае распараджэнне. Але варта было паказаць прагажосць чалавечага жыцця ў тых вымярэннях, якія запланаваў Бог. Трэба было чалавека-кватаранта, які знішчае справу Бога, зрабіць суўладальнікам, які здолее ўспрымаць Зямлю як уласны дом і захоча супрацоўнічаць са Стварыцелем дзеля ўдасканалення гэтага дому. Вось першае, зямное вымярэнне справы, якую распачаў Сын Божы. Другое вымярэнне справы збаўлення заснавана на тым, каб вылечыць чалавека ад смяротнай хваробы альбо так змяніць ягонае сэрца, каб яно магло біцца вечна. Гэты аспект збаўленчай справы абапіраецца на замену каменнага сэрца на жывое, якое б удзельнічала ў жыцці Бога. Аднак самай цяжкай была трэцяя задача. Трэба было вызваліць чалавека з рук найвышэйшага злога розуму, які падпарадкаваў яго. Сын Божы, шануючы вольную волю князя гэтага свету, вырашыў скарыстаць асаблівы подступ. Прапанаваў яму вельмі дзіўны абмен. Князь гэтага свету трымаў у сваіх руках усё чалавецтва, нібы жменю дробных капеек. Сын Божы вырашыў прапанаваць яму абмен: аддай мне тыя дробныя грошы, а я дам табе адзін банкнот: Сябе - банкнот вялікай вартасці. Князь гэтага свету на гэткі абмен не згадзіўся.

Як гэта разыграў Езус Хрыстус, мы будзем назіраць у часе бліжэйшых разважанняў. Цяпер жа момант роздуму над найвялікшай з таямніцаў - таямніцай уцелаўлення. Сын Божы вырашыў выратаваць чалавецтва і дзеля гэтага сам становіцца чалавекам. Каб гэта стала магчымым, Ён мусіў стварыць на зямлі такую жанчыну, якая змагла б стаць Яго Маці. Першай вялікай справай у адкупленні і збаўленні чалавека стала стварэнне Найсвяцейшай Маці. Здзяйсняецца гэта ўжо ў лоне Яе маці - святой Ганны. Ужо там мае месца надзвычайнае і таямнічае ўмяшанне Бога, які набліжаецца да свету. У лоне святой Ганны зачынаецца Марыя. Яна ад самага пачатку - святое дзіцё. Ёй далі жыццё бацькі Яхім і Ганна, але Бог стварае Найсвяцейшую Маці як істоту, вольную ад граху. Яна - адна адзіная на свеце, хто не наследуе грэху і фармуецца Святым Духам як жывая святыня, у якой паселіцца Сын Божы. Яна - Беззаганна Пачатая.

У гэтай справе прымае ўдзел уся Святая Тройца. Марыя падрастае ў Назарэце. Аўтар канца другога стагоддзя, святы Ірэнэй, кажа, што не толькі ўсё чалавецтва, але і ўся зямля была закранута грахом. Бог жа, захацеўшы стварыць другога Адама, - Езуса Хрыста - дзеля гэтага вымушаны быў найперш стварыць жменю чыстай зямлі, з якой мог бы ўзяць цела для другога Адама. І гэтай чыстай жменяй, не кранутай грахом зямлі з'яўляецца Найсвяцейшая Маці. Калі Яе падрыхтавалі да замужжа, тады Сын Божы вырашае стацца ў Ёй чалавекам - без удзелу мужчыны. Найсвяцейшая Маці - Дзева. Адвечны Сын Бога становіцца ў Яе лоне чалавекам, каб прайсці і па чарзе асвяціць усе этапы чалавечага жыцця.

Цяпер можам зразумець, чаму Касцёл гэтак шануе цнатлівасць Найсвяцейшай Маці. Найсвяцейшая Маці не мела фізічнага кантакту з мужчынам. У Ёй сам Бог сфармаваў цела чалавека, Езуса Хрыста, які адначасна з'яўляецца і Сынам Божым. Тут мы закранаем адну з найвялікшых таямніцаў. Увесь свет схіляе галовы перад таямніцай Уцелаўлення, у якой Бог становіцца чалавекам. 25 сакавіка - літургічная дата гэтай падзеі. Сын Божы пасяліўся ў Жанчыне як Яе Дзіця. Езус Хрыстус - Сын Божы, бо Яго Айцом спрадвеку ёсць Бог. Але Ён і сын чалавечы, бо Яго Маці - зямная істота. Нельга гэта разумець так, што Бог «апладніў» Найсвяцейшую Маці. Спрадвечны Сын Божы пасяліўся ў Ёй, стаўшы чалавекам.

Былі таксама і спробы тлумачэння зачацця Сына Божага праз дзеванараджэнне. Аднак вядома, што ўсё жаночае цела, усе яго клеткі - жаночыя. Калі нават тэарэтычна і паспрабаваць гэта сабе ўявіць, то кабета магла б нарадзіць толькі кабету. Тым часам Марыя нараджае мужчыну. Уцелаўленне - гэта вялікі цуд. Бог становіцца чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам. Гэта шакіруе, але менавіта на гэтым заснавана навіна аб збаўленні. Першыя пяць стагоддзяў у Касцёле былі гучныя дыскусіі на тэму злучэння Боскага і чалавечага. Як немагчыма злучыць ваду з агнём, так немагчыма злучыць Бога з чалавекам. Мы не зможам гэтага вытлумачыць ніякім чалавечым, зразумелым спосабам.

З цяжкасцю выпрацавана формула догмы, паводле якой у Езусе Хрысце ёсць дзве прыроды: людская і Боская, злучаныя адной Асобай Уцелаўлёнага Слова. Гэта прызнанне як таямніцы так і бездапаможнасці чалавека, які няздольны сфармуляваць адказ на пытанне, як у Езусе Хрысце злучана Боскае і чалавечае.

Апошнім часам падыход да гэтай загадкі змяніўся. Мы ўжо не пытаем, як лучыцца Боскае з чалавечым, але, вачыма веры прызнаючы ў Езусе праўдзівага Сына Божага і праўдзівага чалавека, у Ім жа знаходзім і ў Ім пазнаём праўду пра Бога і праўду пра чалавека. Замест таго, каб пытацца, як гэтыя дзве рэальнасці злучаны паміж сабой, мы жадаем пытацца: кім ёсць Бог - паколькі можам Яго пазнаць у бачнай постаці, і кім ёсць чалавек - паколькі самы дасканалы ягоны вобраз мы ўбачылі ў Хрысце.

Таму святы Павел напіша: «Усё палічу за страту, за смецце - каб толькі пазнаць Езуса Хрыста». Бо ў Ім пазнаецца і веліч Бога, і годнасць чалавека. Вось адна з найвялікшых праўдаў веры. Найвялікшая падзея, якая мела месца ў дзеях усяго стварэння і якая здзейснілася на Зямлі. Аднойчы я ўжо казаў, што Зямля зусім не з'яўляецца цэнтрам космасу. Але з пункту гледжання збаўленчых падзей менавіта гэтая наша непаглядная планета стала цэнтрам справы збаўлення. Пасвячэнне ў таямніцу вялікай праўды, што на зямлі пасяліўся Бог, які стаўся Чалавекам, распаўсюджвалася паступова. Напачатку ў яе была пасвечана толькі Марыя, пазней - бацькі Яна Хрысціцеля Альжбета і Захарыя, праз шэсць месяцаў - святы Юзаф, а пазней таямніца паволі адкрывалася перад іншымі людзьмі.

3. Нараджэнне Сына Божага

Цяпер хачу затрымацца на нараджэнні Езуса ў Бэтлееме і паказаць найважнейшыя вынікі гэтай падзеі.

Першым з іх з'яўляецца асвячэнне цела жанчыны, якое сам Сын Божы выбраў як святыню для сябе на зямлі. Ён пасяліўся ў гэтым целе так, як кожны чалавек знаходзіцца ў целе сваёй маці. Праз гэтую падзею трэба глядзець на годнасць жанчыны і ўбачыць веліч яе мацярынства. Праз факт Уцелаўлення быў асвечаны таксама ўвесь працэс фармавання чалавека - ад яго найменшай клеткі ажно да таго плоду, які нараджаецца. Увесь пачатковы таямнічы шлях чалавечага жыцця, які з'яўляецца Божым шэдэўрам, святы. Мы можам сёння назіраць за гэтым шляхам і здзіўляцца, бо медыцына ўжо знаходзіцца на такім узроўні, што дазваляе пазнаць таямніцу развіцця чалавека ад першай клеткі і да хвіліны нараджэння. Менавіта гэты шлях быў асвечаны Сынам Божым.

Праз Уцелаўленне быў таксама асвечаны і чалавек на сваёй першай стадыі жыцця, калі яго яшчэ нельга адлучыць ад сэрца маці. Дзіця, якое арганічна злучанае з сэрцам сваёй маці, з'яўляецца чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова. Звернем увагу на выказванне св. Альжбеты, якая была на шостым месяцы цяжарнасці, калі ў першыя дні пасля свайго зачацця да яе прыйшла Найсвяцейшая Маці. Альжбета прывітала яе словамі: «Адкуль жа мне гэта, што Маці майго Пана прыйшла да мяне?» Гэта былі першыя дні, калі цела Езуса Хрыста толькі што пачало фармавацца ва ўлонні Марыі, аднак Альжбета ўбачыла ў Ёй Маці, якая носіць пад сваім сэрцам Сына Божага. Вялікая годнасць! Хрысціянская рэлігія, як ніводная рэлігія свету, атачае амаль рэлігійнай пашанай кабету, якая чакае дзіцяці. А гэта вынік факту Учалавечання.

Час знаходжання Сына Божага ва ўлонні Маці асабліва акцэнтуецца Касцёлам. 25 сакавіка - дакладна дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння (25 снежня) - Касцёл урачыста адзначае памяць аб зачацці Езуса. Гэтая ўрачыстасць - найлепшы довад, у якой ступені Касцёл праз таямніцу Уцелаўлення Сына Божага заклікае сваіх вернікаў шанаваць жыццё дзіцяці ва ўлонні маці.

Другі вынік Уцелаўлення. Факт нараджэння Сына Божага ў Бэтлееме не дазваляе залічыць хрысціянства ні да міфаў, ні да філасофіі. Бо ад самага пачатку існуе тэндэнцыя, каб хрысціянскую рэлігію залічыць да прыгожага паэтычнага прывіду. Прыгожага! Дастаткова ўважліва паслухаць «Блаславенні», альбо «Гімн любові» св. Паўла, альбо заспяваць «Magnificat» Найсвяцейшай Маці, каб увайсці ў паэтычны свет хрысціянства. Ад яго пачатку і ажно да сённяшняга дня - а, можа, сёння яшчэ мацней, чымсьці раней - хрысціянства спрабуюць змясціць у шэраг міфаў. Яшчэ адна тэндэнцыя - спроба аднесці хрысціянства да філасофіі, да аднаго з жыццёвых шляхоў, што вядзе да шчасця. Пры такім падыходзе хрысціянства ўключаецца ў выпрацаваную на працягу стагоддзяў філасофскую сістэму. Але факт нараджэння Сына Божага не дазваляе залічыць хрысціянства ні да міфаў, ні да філасофіі. Таму што хрысціянства з'яўляецца падзеяй. Гэта надзвычайная падзея. Вось Сын Бога становіцца чалавекам і ўваходзіць у нашу гісторыю ў дакладна акрэсленым месцы і ў дакладна акрэсленым часе.

Святы Лука, нібы прадчуваючы небяспеку аднясення гэтай падзеі да міфаў альбо філасофіі, імкнуўся змясціць вельмі дакладныя евангельскія падзеі ў гісторыю абранага народу і гісторыю Рымскага царства. Ён зазначае: «Выйшаў ад кесара Аўгуста загад, які абавязаў да перапісу насельніцтва». З прычыны гэтага загаду Юзаф вымушаны быў пакінуць Назарэт і пайсці туды, адкуль паходзіў ягоны род, гэта значыць у Бэтлеем - горад Давідаў. Евангеліст падае гістарычную падзею і ў яе ўпісвае нараджэнне Езуса Хрыста. Прынароднае выступленне Яна Хрысціцеля Лука таксама дакладна ўпіша ў палітычныя падзеі царства і жыцця абранага народу. «У часы цара Тыберыя, калі намеснікам Юдэі быў Понцій Пілат (...), пры архірэях Ганну і Кайяфу». Названыя асобы вядомыя з іншых гістарычных крыніцаў. Евангелле - гэта падзея, аб якой гаворыць гісторыя, падзея, што пратрывала да сённяшняга дня і таму ўжо не можа быць ні міфам, ні філасофіяй. Абвяшчэнне людзям Евангелля абапіраецца на пераказ фактаў, якія мелі месца на палестынскай зямлі на пачатку нашай эры.

Гэтая падзея была настолькі вялікай, што яе палічылі за пачатак новай, альбо хрысціянскай эры. Мы ўсе ўпісаныя ў грыгарыянскі каляндар, па якім жыве частка свету, што належыць да еўрапейскай культуры. Набліжаецца 2000 год новай эры. А што ж адбылося ў першым годзе? Што дало пачатак той новай эры? Нарадзіўся Езус Хрыстус. Атэісты - хочуць яны таго альбо не - карыстаюцца гэтай датай і акрэсліваюць сваё месца ў сусветнай гісторыі ў адносінах да нараджэння Сына Божага. Так паўстаў адзін з найважнейшых календароў на зямлі. Тыя ж народы, якія не лічацца з гэтай падзеяй, маюць свае ўласныя календары.

Дарэчы, хачу высветліць той папрок, які досыць часта робіцца з пункту гледжання сучасных навуковых даследаванняў: першы год нашай эры дакладна не супадае з днём нараджэння Езуса Хрыста. Фактычна, калі ў VІ стагоддзі ўстанаўлівалася дата, манах Дзіанісій дапусціў у падліку памылку. Цяпер, абапіраючыся на гістарычныя даследаванні, можна прызнаць, што само нараджэнне Езуса Хрыста было недзе каля шостага года да нашай эры. Якім чынам была зроблена тая памылка? На пачатку існавання хрысціянства ніхто не пытаўся пра дату нараджэння Езуса. Самы першы ўспамін пра дату Яго нараджэння, якая выпадае на 25 снежня, з'яўляецца толькі ў 336 годзе. Напачатку ўрачыста святкаваўся толькі Вялікдзень. Што ж тычыцца гэтай даты, то ніхто ніколі не сумняваўся ў ёй. Тым часам, дакладным устанаўленнем даты нараджэння Хрыста заняліся ў гады новай гісторыі і, трэба прызнаць, што з навуковага пункту гледжання гэтая праблема цяжкая. Дакладна мы не ведаем ні году, ні дня нараджэння Езуса.

Дата 25 снежня ўстаноўлена таму, што ў гэты дзень рымляне адзначалі паганскае свята нараджэння Непераможнага Сонца. Гэта першы дзень, калі ў прыродзе наступае пералом: ноч робіцца карацейшаю, а дзень - штораз даўжэйшым. І менавіта гэтая дата была літургічна злучана з ушанаваннем нараджэння Езуса Хрыста, які сам сябе назваў Святлом свету. У першых стагоддзях не шукалі даты Яго нараджэння. Мы гэта робім таму, што прызвычаіліся да дакладнасці. Для нас нават тысячныя долі секунды адыгрываюць ролю, асабліва пры даследаванні космасу. Старажытных хрысціянаў гэта не цікавіла. Для іх важная была Асоба і сама сустрэча з Хрыстом. Можна ж моцна закахацца ў чалавека і вельмі любіць яго, не ведаючы даты яго нараджэння. Дата нараджэння не настолькі важная. Важнейшымі з'яўляюцца любоў, сустрэча, падзея. Гэткі падыход да нараджэння Езуса быў у старажытнасці. Таму няварта рабіць праблемы з таго, што дата не была дакладна ўстаноўленая. Але важна, што падзея нараджэння Сына Божага была настолькі значнаю, што дала пачатак новай хрысціянскай эры. Мы жывем у 1997 годзе, гэта значыць, што амаль дзве тысячы гадоў прайшло з таго дня, калі сам Бог пасяліўся з намі на зямлі. І гэта важна. Колькі разоў мы пішам дату, столькі ж прызнаем, што лічымся з падзеяй, якая мела месца ў Бэтлееме 1997 гадоў таму.

4. Сын Божы асвячае жыццё сям'і і

працу чалавека

У роздуме над таямніцай Уцелаўлення Езуса Хрыста, праўдзівага Сына Божага і праўдзівага Чалавека, мы бачым шлях, які выбраў Бог, прагнучы збавіць свет. Да таго, як Хрыстус за некалькі гадзін да смерці абвясціў Сябе Каралём свету, Ён паступова спрабаваў прыняць і асвяціць штораз большыя групы людзей. У апошнім разважанні я звярнуў увагу на тое, як Ён, увайшоўшы ва ўлонне жанчыны - Марыі з Назарэта - зрабіў з Яе найпрыгажэйшую святыню. Ён асвяціў жанчыну і тым самым узнёс яе над усялякім стварэннем. Я згадваў таксама і пра момант Яго народзінаў з пункту гледжання новага календара.

У сённяшнім разважанні хачу паказаць наступныя кругі, якія штораз шырэй распаўсюджваюць збаўленчую справу ў суадносінах з тым, як Хрыстус набліжаецца да сваёй смерці. Тым другім збаўленчым кругам з'яўляецца сям'я. Сын Божы прыходзіць на свет у сапраўднай сям'і. Яго Маці - Дзева, але яна адначасна сапраўды кахае Юзафа, а Юзаф - яе законны муж - праўдзіва кахае Марыю. Гэтае каханне мужа і жонкі асабліва асвечана Сынам Божым. Юзаф не з'яўляецца бацькам Езуса Хрыста, бо не ўдзельнічаў у Яго зачацці, але ён яшчэ ў той час, калі Марыя насіла свайго Сына пад сэрцам, успрымае Яго за свайго Сына. З пункту гледжання права Юзаф быў бацькам Езуса Хрыста. Згодна з гэтай праўдай гучаць і словы Марыі, скіраваныя да Езуса ў святыні на дванаццатым годзе Ягонага жыцця: «Вось бацька Твой і я, з болем сэрца шукалі Цябе».

У Назарэце мы бачым асвечаны сямейны дом. Сын Божы прыйшоў дзеля таго, каб нам паказаць, якім можа быць шчаслівае жыццё на зямлі. Ён асвячае жанчыну і асвячае сямейны дом. Калі ў гэтым сямейным доме ёсць сапраўднае каханне паміж бацькам і маці, мужам і жонкай, то гэткі дом з'яўляецца аазісам сапраўднага шчасця. У ім жыве Бог і збаўляе тых, хто творыць гэты дом. Адначасна можна назіраць, як гэтае кола ўдзельнікаў збаўлення пашырае свой уплыў на сяброў Марыі і Юзафа альбо на сям'ю ў шырокім сэнсе гэтага слова. Святы Лука называе родзічаў Марыі з дому Захарыі, Альжбету, яе мужа і малога Янку - будучага Яна Хрысціцеля. Называе таксама Ганну і Сымона. Гэта тое асяроддзе, у якім Марыя і Юзаф добра сябе адчуваюць. У гэтым асяроддзі падрастае Хрыстус.

Другая праўда, якую хачу падкрэсліць, тая, што Хрыстус нарадзіўся ў вельмі беднай сям'і, у самым нізкім грамадскім слаі Ізраіля, а не сярод інтэлігенцыі, не сярод прадстаўнікоў улады. Езус прыходзіць на свет у беднай сям'і і прабіваецца ад самага грамадскага долу ўсё вышэй і вышэй. Найперш ён асвячае сам грамадскі падмурак, а пазней, паступова - усе вышэйшыя ягоныя слаі. Гэта правіла кожнай рэвалюцыі ў галіне культуры альбо рэлігіі. Яно заўсёды дзейнічае знізу. Збаўленне грамадства прыходзіць знізу, а ўлада альбо гэта заўважае, ахоўвае і ўсяляк памагае, накіроўваючы тым самым грамадства на шлях новага развіцця, альбо з прычыны зайздрасці знішчае нізавы збаўленчы рух. І тады даходзіць да трагедый. Хрыстус, які паходзіць з беднай сям'і і які з'яўляецца Сынам вельмі простых людзей, пачынае ўсіх шакіраваць. Пра гэта ўжо сведчыць сцэна, калі дванаццацігадовы Езус знаходзіцца ў святыні і задае вучоным у Пісанні настолькі складаныя пытанні, што тыя не могуць даць ім рады. Яго паход да вышэйшых слаёў грамадства будзе вельмі цяжкім. Хрыстус заплаціць за яго вялікай цаной. Збаўленне вырастае знізу. Гэта менавіта нашае заданне, і таму не будзем чакаць рашэння зверху. Бог хоча супрацоўнічаць з намі: каб вялікае магло вырасці з нашага асяроддзя і здзівіць свет.

Трэцяя праўда, на якую хачу звярнуць увагу: Езус Хрыстус вырашыў асвяціць нашу працу. Трыццаць гадоў Ён не вёў ні з кім вялікіх дыскусій і ні з кім не вёў барацьбы, адно ўдзельнічаў у нармальным жыцці. Ён добра засвоіў прафесію сталяра і пятнаццаць гадоў займаўся сталярствам. Калі звычайная шэрая праца не зневажае Божага Сына, то і нас яна не зняважыць. Больш таго, калі Ён патрапіў выкарыстаць гэтую працу для збаўлення свету, то і мы можам знайсці асвячэнне ў звыклай шэрай працы. Дзевяноста працэнтаў людзей Бог не паклікаў дзеля вялікай місіянерскай дзейнасці. Мы пакліканыя на сустрэчу з Хрыстом у Назарэце пры звыклай штодзённай працы. Хрыстус дасканала ведае ўсялякую працу. У прыпавесцях мы знаходзім шмат дадзеных аб сяўбе, жніве, працы на вінаградніках. Езус ведае працу рыбаловаў і пастухоў, ведае, як паставіць цеста, як трэба захоўваць віно. Ён асвячае працу, і таму наша збаўленне адбываецца ў працы і праз працу. Праца можа быць прыгожаю. Часам мы змучаныя, спрацаваныя, але менавіта дзякуючы гэтаму мы здабываем для сябе і сваіх блізкіх неба.

Паспрабуем жа знайсці сябе ў Назарэце, там, дзе Хрыстус з'яўляецца адным з нас. Не чыніць цудаў, не вядзе спрэчак, але мае клопат, каб добра пражыць дзень - на хвалу Богу і на карысць бліжніх.

5. Хрыстус - Настаўнік

Справа збаўлення, якая запланавана Богам, праз ушанаванне права часу і прасторы, паступова ахоплівае штораз большыя колы. Напачатку Сын Божы асвяціў цела жанчыны. Таму першаю была збаўлена жанчына. Далей праз Марыю з Назарэта ён асвячае шлюб і сям'ю. У апошнім разважанні мы ўспаміналі, што Ён асвяціў таксама і нашу звычайную штодзённую працу.

Уменне бачыць гэтыя этапы паступовага збаўлення чалавецтва важна таму, што Езус паказаў нам кірунак нашага супрацоўніцтва з Ім у гэтай справе. Чалавецтва можна аднаўляць ад пачатку, ад самага падмурка. Калі хто жадае прыняць удзел у справе аднаўлення чалавецтва, якую праводзіць Бог, той павінен лічыцца з гэтымі этапамі. А значыць і з тым, што трэба атачаць павагай жанчыну, дзіця (і гэта - ад першага дня яго зачацця), трэба паважаць шлюб і сям'ю, а таксама патрэбны Божы пагляд на працу.

Езус Хрыстус пачаў сваю публічную дзейнасць, маючы каля трыццаці гадоў, і гэта быў чацвёрты этап Яго збаўленчай працы. Ён пачаў прапаведванне Евангелля, якое паступова ахоплівае ўвесь свет. Гэтая публічная справа Езуса Хрыста мае некалькі ўзроўняў.

Першы з іх - навучанне. Хрыстус абвяшчае Добрую Навіну. Што ў гэткім элементарным скарачэнні становіцца таямніцай гэтай Добрай Навіны? Хрыстус абвяшчае свету, што Бог з'яўляецца Айцом, Яго Айцом і нашым Айцом. Кажучы пра Бога як Айца, Езус кажа пра Яго бацькоўскую любоў да кожнага чалавека. Вось першая рэвалюцыйная думка ў навучанні Езуса Хрыста. Да гэтага часу сувязь чалавека з Богам абапіралася на адносіны пана і слугі. Езус устанаўлівае сувязь на аснове адносінаў айца да дзіцяці, а значыць гаворыць аб сямейных дачыненнях.

Айцец валодае сваім Каралеўствам, якое робіць даступным для людзей. Сын нябеснага Айца прыходзіць на зямлю, каб засведчыць, што ўсё зямное жыццё мае зменлівую форму, і каб запрасіць кожнага чалавека ўвайсці ў Каралеўства Айца. Гэтае Каралеўства абапіраецца на права любові і ўяўляе сабой адну вялікую сям'ю, у якой пануе любоў. Шляхам да гэтага Каралеўства з'яўляюцца вера і любоў. Гэта - дзве найважнейшыя праўды паслання Добрай Навіны, якую абвяшчае Езус Хрыстус.

Пан абвяшчаў праўду аб новай перспектыве чалавецтва заўсёды і ўсюды. Рабіў Ён гэта тады, калі вакол Яго збіраліся тысячныя натоўпы, калі сядзеў у невялікім коле пры стале, калі вандраваў, дыскутаваў, адказваў на пытанні, якія задавалі Яму. Хрыстус абвяшчаў Добрую Навіну заўсёды і ўсюды. Ён рабіў тое, чаго кожны хрысціянін падсвядома чакае сёння ад святара. Ён хоча, каб кожнае спатканне з ім заўсёды мела рэлігійнае вымярэнне. Прагне, каб святар абагаціў яго рэлігійнымі вартасцямі.

Другім элементам публічнай дзейнасці Езуса, апрача павучання, быў чын. Хрыстус прамаўляў да людзей не толькі словам, але і чынам. Усе цуды Хрыста - гэта частка прапаведвання Добрай Навіны, гэта прамаўленне Бога да чалавека. Цуд - гэта заўсёды слова Бога, якое ў форме чыну скіравана да канкрэтных людзей. Ніколі нельга адасобіць цудаў Хрыста ад Яго павучання. Яны - элемент прапаведвання Евангелля. Яны пераконваюць нас у тым, што Хрыстус мае ў распараджэнні Божую ўладу і што збаўленне адбываецца ўжо тут, у канкрэтнай рэчаіснасці. Усе цуды з'яўляюцца спробай ратунку людзей, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Пачалося гэта з першага цуда, які здзейсніўся ў Кане Галілейскай, калі на вяселлі не хапіла віна і бездапаможныя гаспадары не мелі чаго падаць гасцям. Хрыстус прыходзіць да іх як Збавіцель, як Той, хто, падаючы віно, ратуе іх з цяжкага становішча. Аднак ніколі Езуса не хваляваў сам хуткі эфект ад Ягоных цудаў. Яму было важна, каб сведкі цуду паверылі ў Яго, каб зразумелі цуд як Божае слова, скіраванае да іх.

Звяртаю на гэта ўвагу таму, што мы часта хочам адасобіць цуд ад Божага слова. Мы прыходзім толькі па дар. Людзі часам просяць цуду, а калі атрымліваюць жаданы дар, то дзякуюць Богу гэтак жа, як дзякавалі б доктару за ягонае лячэнне, і лічаць, што справа скончана. Але ж гэта не так. Калі людзі гэткім чынам адносіліся да Яго цудаў, Езус абураўся. Цуд - гэта слова Бога, скіраванае да чалавека, і чалавек альбо пачуе гэтае слова Бога і ўстановіць з Богам кантакт, альбо замкне сваё сэрца, згубіўшы цудоўную магчымасць адкрыцця вартасцяў, якія Бог хоча пераказаць чалавеку праз гэты цуд.

Вось канкрэтны выпадак. Чалавек, чыё жыццё аддалена ад Бога, вязе на грузавіку каменне і ляціць у прорву. У долю секунды ён усведамляе, што трэба выскачыць, але ведае, што дзверы без клямкі. Скачок немагчымы, але ён, аднак жа, выскачыў. Машына разбілася аб каменне на друз, а ён адно што паламаў нагу. Ці ўспрыняў ён гэта як слова Божае? Умяшанне Бога тут бачна выразна. Усе, хто назіраў тое здарэнне, казалі: «Гэта цуд, што ён застаўся жывы». Але ці ўспрыме ён гэта як слова Бога, да яго скіраванае, мы ўжо таго не ведаем. Усе цуды Езуса Хрыста - гэта частка Яго настаўніцкай місіі.

Прадказанні Езуса Хрыста цесна звязаныя з абяцаннем. Гэта трэці элемент, на які звернем увагу. Калі мы чуем слова аб абяцанні, то думаем прыкладна так: «Будзь добры на зямлі, а Я пасля смерці дам табе неба». Гэткі падыход, аднак, мае ў сабе небяспеку спрашчэння.

Неяк мы спрабавалі з вялікай групай людзей прачытаць абяцанні Бога, змешчаныя ў Евангеллі. Для ўсіх было нечаканасцю тое, што няма старонкі Евангелля, на якой не было б абяцання. І гэта зусім не абяцанні неба. Гэта абяцанні, якія рэалізуюцца ўжо тут, на зямлі. «Шукайце - і знойдзеце» (Лк 11, 9) - абяцанне. Чалавек, які шукае, як шукае святы Аўгустын, - знойдзе тое, што шукае, і знойдзе ўжо тут, на зямлі. «Блаславёныя ўбогія» (Лк 6, 2а); блаславёныя, альбо шчаслівыя. Чалавек, які адкрыў тайну евангельскага ўбоства, - шчаслівы ўжо на зямлі. Паглядзім на святога Францішка. Ён быў шчаслівы не толькі пасля смерці, але ўжо тут, на зямлі. "Шукайце ж найперш Каралеўства Божага і праўды Яго, а ўсё астатняе дадасца вам." (Мц 6, 33). Калі хтосьці цалкам захопіцца вялікімі рэлігійнымі вартасцямі, то можа быць упэўнены, што Бог сапраўды дасць яму тое, што патрэбна для жыцця.

Калі хтосьці пойдзе па шляху, згодным з асновамі Евангелля, то адкрые, што абяцанні Хрыста рэалізуюцца на ім стопрацэнтна. Слухачы Хрыста, якія прымалі стыль жыцця паводле Яго навучанняў, адкрывалі схаваную ў ім мудрасць.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін элемент. Хрыстус мог сабраць вакол сябе тысячы людзей асабліва тады, калі чыніў зборныя цуды, напрыклад, размнажэнне хлеба. Здавалася б, што дастаткова яшчэ некалькі Яго слоў, і тыя людзі, што Яго атачалі, штурмам возьмуць неба. Можна сапраўды заспяваць «Багародзіцу», хапіцца за меч, штурмам ударыць крыжакоў, і тады магчыма перамога. Можна змабілізаваць армію, як у часе Стэфана Баторыя, і з ёй захапіць Маскву, але неба нельга атрымаць штурмам. Хрыстус добра ведаў гэта. І колькі разоў тэмпература рэвалюцыйных настрояў узнімалася сярод Яго слухачоў настолькі, што, здавалася, яны вось-вось пачнуць заваёўваць неба з дапамогай штурму, столькі Езус гасіў залішні энтузіязм халоднай вадой. І рабіў гэта таму, што кожны паасобку павінен прыняць гэтае рашэнне - ісці да неба. Чалавек павінен дарасці да таго, каб сказаць: «Хачу прайсці гэты цяжкі шлях, які мяне чакае паміж сённяшнім днём і тымі вялікімі вартасцямі, якія абяцае Бог». Рашэнне пайсці гэтым шляхам - гэта заўсёды рашэнне індывідуальнае. Нельга яго прымаць у натоўпе, бо пры першых жа цяжкасцях людзі натоўпу надламаюцца.

Тут мы закранаем вельмі складанае пытанне: што важней было для Хрыста - колькасць вернікаў альбо іх якасць? Аднак гэта будзе прадметам нашага роздуму ў наступным разважанні.

6. Хрыстус - Выхавацель

У апошнім казанні мы звярнулі ўвагу на тое, што Хрыстус - гэта Настаўнік, які прагне пераказаць цэламу свету праўду аб збаўленні. Яго навучанне, якое з'яўляецца адозвай, скіраванай да кожнага індывідуальна, можна праводзіць і для натоўпу. Цяпер, калі мы маем сродкі масавай інфармацыі, мы добра ведаем, што ўадначас можна навучыць мільёны людзей. Сродкі масавай інфармацыі могуць служыць навучанню, навучанне ж - гэта заўсёды заклік да чыну. Хрыстус паказаў нам фантастычныя перспектывы збаўлення, нібы паказаў тыя цудоўныя вяршыні, якія варта здабыць. Аднак можна гадзінамі чытаць кнігі пра альпінізм, можна па тэлевізары глядзець, як іншыя заваёўваюць вяршыні, але самому ніколі тых вяршыняў не дасягнуць. Калі ж хочам здабыць вяршыню, трэба падрыхтавацца да ўзыходжання на гару, выйсці ў дарогу і крок за крокам, гадзіна за гадзінай набліжацца да вяршыні.

Хрыстус, навучаючы натоўпы, заўсёды меў на ўвазе адзінкі, якія адкажуць на Яго заклік, бачыў тых, якія прыйдуць пасля да Яго з рашэннем, што ідзе з сэрца, якое хоча ўзысці на вяршыню, прыйдуць і з гатоўнасцю цяжка папрацаваць, каб падрыхтаваць сябе, каб выправіцца ажно на саму, аточаную святлом, вяршыню. Гэткае кола людзей і сабралася вакол Яго. І менавіта ў гэтым коле Ён сам зрабіў выбар самых годных, пасля ж спраўджваў, ці сталым было тое рашэнне чалавека, ці цвёрдым. Тады вакол Хрыста сабралася некалькі мужчын. У Святым Пісанні можна прачытаць, што іх было чатырнаццаць. Гэтай групай Хрыстус заняўся не толькі як Настаўнік, але і як Выхавацель. У канкрэтных сітуацыях Ён выхоўваў гэтых мужоў так, каб яны змаглі вандраваць па цяжкой евангельскай дарозе. Дванаццаць з іх - гэта апосталы, яшчэ два - Мацей і Юзаф Варнава, пра якіх узгадвае святы Лука ў Дзеях святых Апосталаў, што яны былі з Хрыстом ад хросту ў Ярдане і аж да Унебаўшэсця. І, значыць, яны таксама былі ім выхаваныя.

Да чаго рыхтаваў гэтых людзей Выхавацель Хрыстус? Найперш, да прыняцця глыбокай веры. Пятру загадвае ісці па вадзе, сварыцца на апосталаў за недахоп веры, калі яны, уражаныя, баяцца марской віхуры, хацеў, каб яны былі з Ім, калі Ён учыніў цуд уваскрашэння Лазара. Гэткіх сітуацый было шмат, і заўсёды яны выкарыстоўваліся дзеля ўдасканалення веры выбраных. Сваім асабістым прыкладам Ён выхоўвае ў іх таксама малітоўнасць. Яны самі пытаюцца, што рабіць ім, каб іх малітва была штораз больш дасканалаю. Выхоўвае ў іх таксама любоў да ўбоства і вучыць іх практыкавацца ў вызваленні ад дабротаў гэтага свету. Не змушае іх, каб яны нічога не мелі, але каб у цяжкай сітуацыі, калі трэба будзе выбіраць паміж вялікімі каштоўнасцямі і дабротамі гэтага свету, умелі зрабіць годны выбар. Выхоўвае ў іх уменне прабачаць, пакутаваць, прыняць смерць. Гэта была вялікая педагагічная праца Езуса, і гэтая праца мела збаўленчы характар.

А мы найчасцей тлумачым збаўленне як выратавальную акцыю. Хтосьці захрас у горнай сцяне альбо на вяршыні зламаў сабе нагу і далей не можа ісці. Тады выратавальны верталёт ратуе чалавека з бяды. Нам часта здаецца, што Бог менавіта так і хоча аберагчы чалавека: пашле сваіх «выратавальнікаў», якія выбавяць грэшніка з бяды. І таму тлумачым збаўленне як выратавальны канат, што спадае з неба. Тым часам увесь педагагічны клопат Хрыста сведчыць пра тое, што збаўленне ў Божым разуменні заснавана на паступовым росце - да поўнай духоўнай сталасці. Бог жадае ўбачыць духоўна сталага чалавека.

Можа здарыцца і так, што ў апошні момант грэшны чалавек крыкне ў бок неба: «Пане, ратуй!» Многія людзі лічаць, што гэтага дастаткова, каб атрымаць збаўленне. Яны не бяруць пад увагу таго, што і тады чалавек мусіць пасталець. Чалавек, які ў апошні момант атрымае ласку выратавання, падобны да малога і вельмі ўпартага дзіцяці, які пастаянна адпіхвае маці і ўсё тое, што яна яму дае. Але ў нейкі момант яно бачыць, што маці выходзіць з пакоя і пакідае яго аднаго. Дзіця раптоўна ўсведамляе, што застацца без маці вельмі страшна, і тады яно кліча яе, бяжыць за ёю. Маці азірнецца і вернецца да дзіцяці, але яно застанецца гэткім жа капрызлівым. Некаторыя людзі праз усё сваё жыццё ўяўляюць сабой гэткіх упартых і капрызлівых дзяцей, якія адмаўляюць Бога і ўсе Ягоныя прапановы. Але тады, калі наблізіцца смерць, яны ўсведамляюць, што надыходзіць вечнае расстанне з Ім і актам жалю роспачна клічуць Бога. Бог вяртаецца, але той чалавек і надалей застаецца духоўна недарослым дзіцем. Каб гэткае ўпартае дзіця магло атрымаць збаўленне, яно павінна дайсці яшчэ да пэўнай сталасці. Неба - для людзей, якія маюць сталую любоў. Для нясталых жа ёсць чысцец.

Калі б кожны ўсвядоміў сабе, што з дапамогай ласкаў Божых ён можа зрабіць тут, на зямлі, усё, каб выхаваць сябе да поўнай духоўнай сталасці і непасрэдна перайсці з зямлі ў неба, то ніхто не адкладваў бы ласкі навяртання. Кожны захацеў бы навучыцца як найхутчэй. Збаўленне - гэта не выратавальны канат, спушчаны да людзей з неба. Яно дае шанц дасягнуць духоўнай сталасці. Бог дае нам усё, каб мы былі людзьмі вялікай веры і праўдзівай любові.

Мы стаім пры алтары, пры Найсвяцейшым Сакрамэнце, пры Божым Хлебе, які змяняе нашыя сэрцы. Дастаткова адгарнуць яшчэ старонкі Святога Пісання, каб знайсці ў ім вельмі дакладную інструкцыю пра тое, як набыць духоўную сталасць. Усё ў нашым распараджэнні. Хрыстус хоча выхаваць у нас поўную сталасць, як кожныя бацька і маці хочуць бачыць сталымі сына альбо дачку. Чым вышэйшае ступені сталасці дасягаюць дзеці, тым большая радасць бацькоў, тым большая магчымасць перажывання ўзаемнай любові бацькоў і дзяцей, і да гэтага імкнецца Бог у справе збаўлення.

Калі добра ўсвядомім гэта, то мусім адказаць на пытанне: што важней для Бога - колькасць людзей у Касцёле альбо іх якасць? Напачатку Касцёл у асноўным гаварыў пра якасць. Першыя два стагоддзі характарызуюцца вялікім клопатам аб якасці сэрцаў. Касцёл тады нібы прызабыў, як Хрыстус навучаў натоўпы. На пачатку ІІІ стагоддзя папа Рымскі Калікст заклікае таксама клапаціцца і аб колькасці. Ён спрабуе ўраўнаважыць выхаваўчую працу з натоўпам, якая канцэнтруецца на якасці. Утрымаць гэтую раўнавагу надзвычай цяжка. З пункту гледжання Евангелля пытанне пра колькасць альбо і пра якасць дрэнна пастаўлена. Хрыста заўсёды турбавалі і колькасць, і якасць. Пры навучанні Ён імкнуўся дайсці да шырокіх масаў, але пры выхаванні абмяжоўваўся тымі, хто адказваў на Яго заклік.

Трагедыя апошніх пакаленняў Касцёла заснавана на тым, што націск зроблены на колькасць і зусім занядбана якасць. Тым не менш, Бог заўсёды выхоўвае адзінкі. Звярніце ўвагу на маці Тэрэсу з Калькуты альбо на Яна Паўла ІІ. Гэта вялікія людзі, але ж яны выхаваныя ў наш час, калі і мы жывем. Заўсёды, у кожным пакаленні Бог выхоўвае некаторых людзей так, каб яны дасягнулі на дзіва вялікай духоўнай сталасці. Мы назвалі толькі дзве значныя постаці, але іх ёсць у свеце, у нашай дзяржаве і ў нашым вузкім коле значна больш. Бяда, калі хтосьці звядзе Евангелле толькі да навучання і не паклапоціцца аб выхаванні.

Хрыстус, ахвяруючы чалавеку збаўленне, запрашае яго да супрацоўніцтва ў справе самавыхавання, удасканалення сябе наколькі магчыма - да поўнай сталасці альбо да жыцця ў праўдзівай любові. Калі мы вызнаем нашу веру, мы выяўляем гатоўнасць да супрацоўніцтва з Божай ласкай у справе выхавання саміх сябе. І гэты працэс працягваецца да канца нашага жыцця.

7. Касцёл - збаўленчая супольнасць

Езус хацеў, каб чалавек, які адкажа на ласку збаўлення, меў на зямлі адпаведнае асяроддзе, каб ён быў аточаны супольнасцю людзей, якія жывуць паводле новай іерархіі каштоўнасцяў і якія адкрытыя для супрацоўніцтва з Богам. Таму Хрыстус падчас сваёй публічнай дзейнасці свядома закладвае Касцёл. Таямніца Касцёла - гэта зусім новая тэма. Калі мы паспяхова скончым разважанні над шасцю праўдамі веры, то зробім і шырэйшы роздум над таямніцаю Касцёла. Цяпер жа адно разгледзім Касцёл як збаўленчую супольнасць.

Уявім, што мы стаім на мосце і назіраем, як дзве ракі сустракаюцца паміж сабою. Адна плыве з лесу, і яе вада крыштальна чыстая, другая ж плыве з горада, і яе вада гэтак засмечана, што цяжка яе назваць ракой. Напачатку гэтыя рэкі плывуць адна побач з другой. На працягу некалькі дзесяткаў метраў выразна бачна, як збоч аднаго берага плыве чыстая вада, збоч другога - брудная. І гэтак - на працягу нейкіх сотні метраў. Аднак паступова чысты струмень робіцца штораз меншы, нарэшце зусім знікае. Калі ж хто зойдзе яшчэ ніжэй, то ўбачыць толькі брудную ваду. І калі мы запытаем яго, што здарылася з гэтай ракой, то ён адкажа, што вада з горада забрудзіла чыстую раку, якая цячэ з лесу. Гэта простае людское назіранне. Калі б, аднак, зрабіць дакладны аналіз вады злучанай ракі, то выйшла б, што яна чысцейшая за той сток, што плыве з горада. Альбо можна было б сказаць, што чыстая вада з лесу на нейкі працэнт ачысціла тую брудную ваду. Гэта пацвярджае і тое, што ніжэй яшчэ жыве рыба, а каля горада яе няма. Чыстая вада прынесла з сабою столькі кіслароду, што жыццё ў злучаных водах яшчэ магчымае.

Гэта вобраз, які ілюструе таямніцу Касцёла. Хрыстус падключыў да чалавецтва такую чыстую ваду, якая плыве проста з крыніцы. Гэта крыніца крыштальнай вады, у якой знаходзіцца патрэбны для жыцця кісларод. Гэтая вада сапраўды паглынулася той, другой вадой, што цячэ са свету, але, тым не менш, яна ўнесла ў яе кісларод, якога дастаткова для таго, каб жыццё магло развівацца. Сённяшні Касцёл забруджаны светам, але ў ім пастаянна б'е крыніца чыстай вады. Калі хто прагне вялікіх каштоўнасцяў, то, плывучы ў бок гэтай крыніцы, ён будзе ўжываць штораз болей кіслароду, пакуль не даплыве да таго пункту, у якім сустракаюцца Божыя воды з водамі свету. І тады ён убачыць, што існуе вада ідэальнай чысціні. Калі ж ён даплыве да чыстай вады, то ўжо ніколі не захоча вярнуцца ў брудную. А калі будзе вымушаны вярнуцца ў яе, то толькі дзеля таго, каб выканаць заданне і як найхутчэй вярнуцца зноў у чыстую, напоўненую кіслародам крыніцу.

Набліжэнне да таямніцы Касцёла - доўгі і карпатлівы шлях. Але той, хто яго шукае, - абавязкова знойдзе. Часам трэба плысці ўверх па цячэнні цэлыя кіламетры, але калі хтосьці па-сапраўднаму імкнецца да спаткання з вялікімі вартасцямі, то раней альбо пазней, але дойдзе да іх. Кажу пра гэта таму, што многія не бачаць менавіта таго бляску Касцёла, якім абдарыў яго Хрыстус, не бачаць яго як супольнасць, якую можна параўнаць з чыстай вадой, не бачаць у ім прыгожых каштоўнасцяў. Езус згадзіўся, каб чыстая крынічная вада паплыла ў раку свету, ведаючы, што ўсе тыя, хто хочуць і шукаюць кісларод для свайго духа, знойдуць яго ў Касцёле.

Якія ж былі ўчынкі Хрыста, што сведчылі аб падключэнні крыніцы Божай ласкі да дзеяў свету? Перадусім Ён арганізуе групу дванаццаці апосталаў на чале з Пятром. Ён робіць іх вартаўнікамі самой крыніцы жывой вады, складаючы ў іх рукі адказнасць за Сакрамэнты і Евангелле. У Эўхарыстыі Ён адкрывае магчымасць сустрэчы з Богам праз сакрамэнтальны знак. У хросце паказвае дарогу пераходу з бруднай вады свету ў чыстую ваду ласкі. Ён стварае таксама магчымасць паўторнага ачышчэння праз сакрамэнт пакаяння. Хрыстус падрыхтаваў нават аптэчку для хворых у форме сакрамэнту намашчэння. Гарантаваў еднасць і вернасць мужа і жонкі, калі яны абапіраюцца ў сваім жыцці на сакрамэнтальную ласку. У рукі апосталаў Ён аддаў права навучання і выхавання. Гэткім чынам Ён арганізаваў збаўленчую супольнасць, што жыве на зямлі і ў якой чалавек, што шукае рэлігійных каштоўнасцяў, можа іх знайсці, калі толькі захоча іх шукаць. Вось таямніца Касцёла.

Касцёл утвараюць людзі, і часта гэты людскі элемент згаршае вернікаў. Гэта зноў жа чарговая тэма, якую належыць разгледзець. Самая вялікая пагроза згаршэння зыходзіць менавіта ад людзей Касцёла; гэта - крыўда, якая наносіцца людзьмі, што з'яўляюцца прадстаўнікамі Касцёла. Хрыстус, аднак, улічыў і гэтае згаршэнне, трактуючы яго як пробу веры, праз якую трэба прайсці дзеля таго, каб дайсці да крыніцы чыстае вады. Мы пастаянна марым аб тым, каб Пан Езус уставіў у бруднай вадзе шыбы і з аднаго боку пусціў чыстую ваду, якая плыла б да канца ракі - ажно да акіяну вечнасці, а з другой - сцёкі гэтага свету. І калі хтосьці пераскочыць цераз шкляныя запоры і трапіць у чыстую ваду, то тады ўжо ён павінен бачыць брудную толькі праз шыбы. Гэта мара людскога сэрца. Яе ж рэалізацыя прадказана толькі напрыканцы дзеяў: тады воды будуць падзелены на чыстыя і брудныя. Брудныя паплывуць тады на дно пекла, а чыстыя запоўняць неба. Тым часам тут, на зямлі, мы пакліканыя дайсці да кожнага чалавека, калі толькі гэта магчыма. На гэтым свеце дабро і зло заўсёды побач. Вось таямніца Касцёла - збаўленчай супольнасці.

Той, хто пагарджае Касцёлам і кажа: «Я не хачу мець ніякіх дачыненняў ні з Панам Богам, ні з Касцёлам», падобны да чалавека, які зведаў у родным доме вялікае зло і кажа цяпер: «Я не хачу ні жонкі, ні дзяцей, ні дома. Ведаю, як гэта выглядае зблізку». Аднак гэткая пастанова справы - вялікая памылка. Можна ж прыняць і іншы падыход: «Пабудую па-сапраўднаму шчаслівы дом». Ведаю гэткую сям'ю. Ён - сірата, яна - з дому дзіцяці. У іх нарадзілася ўжо трое дзяцей, гэта шчаслівая сям'я, хаця ў сваім жыцці муж і жонка зведалі вялікія няшчасці. Але яны верылі ў тое, што з дапамогай свайго шчырага сэрца можна пабудаваць прыгожы дом. Яны зразумелі, што зямное шчасце схавана ў родным доме. Калі хтосьці здолее пабудаваць свой шчаслівы дом, то тым самым ён збудуе на зямлі часцінку неба. Гэта нялёгка, але гэткая перспектыва існуе. Касцёл у сваім зямным вымярэнні можа часам нас згаршаць і нават можа нас раніць, але ён з'яўляецца для нас заўсёды рэальным домам, каб мы маглі ў ім перамагчы ўсялякія крыўды і дайсці да вечных і шчаслівых каштоўнасцяў. Касцёл уводзіць вялікія каштоўнасці ў прастору свету, а свет уносіць свае знешнія «даброты» ў Касцёл. Хрыстус згадзіўся на гэта, бо хацеў, каб пшаніца расла побач кукалем і каб кукаль мог квітнець побач з пшаніцаю ажно да часу жніва.

Хрыстус збаўляе свет ужо на працягу дваццаці стагоддзяў і робіць гэта дзякуючы існаванню Касцёла, які навучае, здзяйсняе Эўхарыстыю, разграшае, раздае ласкі. Мы збіраемся пры алтары дзеля таго, каб зачэрпнуць Божага кіслароду і мець сілу, патрэбную для поспехаў нашых бліжэйшых дзён. Дзякуючы прыналежнасці да Касцёла, просім Бога, каб мы маглі паўней адкрыць яго таямніцы, бо тады нашмат лягчэй нам будзе глядзець на тое, што ў Касцёле чалавечае і слабое.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY