Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(81)/2017
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку

КРЫНІЦЫ НАТХНЕННЯ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
In memoriam

СВЯТАР ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ

КЛЮШЧАНЫ КАЗІМІРА СВАЯКА

КАСЦЁЛ У КЛЮШЧАНАХ
Да 135-годдзя Янкі Купалы
Асобы

«ПАКЛІЧУ ТОЛЬКІ СВЕТЛАЕ...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Асобы

ЛТІОЎСКІ АРЫСТЫД

ПЕСНЯ — ДУША НАРОДА
Музыказнаўства
Архітэктура

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ
Прэзентацыя

Тамара ГАБРУСЬ

ПРЫГАЖОСЦЬ У ПРАСТАЦЕ

Троіцкі касцёл у в. Аборак (Маладзечанскі р-н). Фота пачатку ХХ ст.

Працяг. Пачатак у № 2 за 2017 г.

Філіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юрыя на могілках в. Гарадзішча (Вілейскі р-н) быў пабудаваны ў 1683 г., перабудаваны ў пачатку ХІХ ст., у выніку чаго ён набыў рысы класіцызму. Двухзрубавы храм з пяціграннаю алтарнаю апсідаю накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і застрэшкамі ў месцы далучэння зрубаў. Да яго была прыбудаваная сакрыстыя з аднасхільным дахам. Галоўны фасад аформлены ў выглядзе 4-калоннага порціка, завершанага трохвугольным франтонам з чацверыковаю сігнатуркаю. Шалёўка сценаў вертыкальная, з нашчыльнікамі, на франтоне — гарызантальная.

Адным з найбольш позніх узораў двухзрубавых храмаў са свабодным франтонам з’яўляецца драўляны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Лоск (Валожынскі р-н). Каталіцкая парафія была заснаваная тут у 1480 г. удавою князя Івана Карыбутавіча Ганнаю. У сярэдзіне XVI ст. Ян Кішка пабудаваў у мястэчку рэфармацкі храм, перададзены католікам ў 1639 годзе. Драўляны касцёл, пабудаваны ў XVIII ст., у 1886 г. перайшоў да праваслаўных і быў перабудаваны. Верагодна, на яго аснове ў 1919–1924 гг. парафіяне аднавілі існуючы сёння касцёл: двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з пяцігранным прэсбітэрыем і вузкім унутраным бабінцам з хорамі. Зрубы касцёла рознай вышыні (больш высокі алтарны), накрытыя вальмавым дахам з агульным падоўжным вільчыкам і перападам карнізаў. Сцены з цёсанага брусу, не ашаляваныя, вокны маюць паўцыркульныя імпасты.

Пад уплывам эстэтыкі барока вянчаючыя масы драўляных храмаў базылікальнай канцэпцыі паступова рабілі ўсё больш кампазіцыйна багатымі. З айчынных мураваных узораў сармацкага барока драўляным храмабудаўніцтвам быў запазычаны характэрны аб’ёмны галоўны фасад-нартэкс з дзвюма сіметрычнымі чацверыковымі вежамі па баках, накрытымі пакатымі шатрамі-«каўпакамі» з крыжамі на высокіх штыберах. У сярэдзіне XVIII ст. па ўзоры мураваных базылік віленскага барока пластыка галоўных фасадаў была ўзмоцненая вытанчанымі вежамі са шмат’яруснымі фігурнымі галоўкамі-«банькамі». Вежы драўляных храмаў звычайна не служылі званіцамі і не мелі ніякага функцыянальнага прызначэння, а толькі эстэтычна ўзбагачалі сілуэт збудавання. Менавіта відавочнае падабенства двухвежавых драўляных касцёлаў да мураваных святыняў беларускага барока стала прычынаю пазнейшых перабудоў храмаў пры перадачы іх праваслаўным у часы канфесійнага прыгнёту ў Расійскай імперыі, і ў першую чаргу гэта тычылася вежавых дамінантаў, змянення формы дахаў, шалёўкі, прыбудовы да фасадаў раней асобна пастаўленых званіцаў.

Драўляны парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Задвея (Баранавіцкі р-н) быў пабудаваны ў 1617 г. па фундацыі харунжага наваградскага Юрыя Галаўні; у сярэдзіне XVII ст. «спалены маскоўцамі», адбудаваны ў 1697 г. на ахвяраванні задвейскай плябаніі. Зачынены ў 1867 годзе. Вядомы паводле візітацыі 1720 г. і фотаздымка Я. Балзункевіча пачатку ХХ ст. Гэта быў двухзрубавы храм з пяціграннаю алтарнаю апсідаю і ўнутраным бабінцам: «уваход у яго закрывацца, а з яго не». Першапачаткова быў, верагодна, з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе, якія пазней былі замененыя масіўным франтонам з паўкруглаю люнетаю ў цэнтры. Злева ад алтара размяшчалася сакрыстыя, пад касцёлам — склеп. Будынак меў 5 акон вялікіх і 2 маленькіх (у вежах) з «шкла белага, у волаў апраўленых» (г.зн. у свінцовых рамках. — Т.Г.); двухсхільны гонтавы дах з дзвюма галоўкамі-«банькамі» на вільчыку. Перад храмам стаяла невялікая каркасная званіца «аб чатырох слупах» (НГАБ, ф.1781, воп. 27, спр. 493, арк. 2).

Былы Троіцкі касцёл ордэну дамініканаў
у в. Валеўка (Навагрудскі р-н).

Троіцкі касцёл ордэну дамініканаў у в. Валеўка (Навагрудскі р-н) быў пабудаваны ў 1685 г. па фундацыі ваяводы брэсцкага Стэфана Курча, адбудаваны нанава ў 1736 г.; у 1832 г. быў зачынены, а пазней перададзены праваслаўным. Двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з пяцігранным алтарным зрубам і вузкім аб’ёмам фасада-нартэкса, першапачаткова двухвежавага (вежы знятыя ў 1840-я гг.). Зрубы аб’яднаныя вальмавым дахам з прафіляваным карнізам і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння. Па баках алтарнага зруба размешчаны невысокія, квадратныя ў плане сакрыстыі. Пры перабудове галоўны фасад быў завершаны пакатым трохвугольным франтонам, да уваходу праз невялікі бабінец была прыстаўлена трох’ярусная чацверыковая вежа-званіца, якая раней стаяла асобна. Захавалася традыцыйная вертыкальная шалёўка з нашчыльнікамі.

Троіцкі касцёл у в. Струбніца (Мастоўскі р-н) быў пабудаваны ў 1740 г. на сродкі Я. Сяменьскага і У. Абрамовіча. Інтэр’ер аздоблены ў 1798–1799 гг. на сродкі Я. Біспінка. Двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі з унутраным бабінцам. На галоўным фасадзе выступаюць чацверыкі вежаў, завяршэнні якіх былі знішчаныя ў ХІХ ст. Вальмавы дах мае трохвугольныя застрэшкі абапал пяціграннага алтарнага зруба. Раней франтон на галоўным фасадзе меў прыгожую геаметрычную мазаічную ашалёўку і маленькую галоўку, у наш час усё груба перароблена. Паўночная сакрыстыя прамавугольная ў плане, паўднёвая — васьмігранная, накрытая шатром, падведзеным пад застрэшак. Шалёўка сценаў гарызантальная, вокны спараныя. Сакральная аздоба інтэр’ера ў стылі позняга барока ўключае 5 разьбяных алтароў з пазалочанаю скульптураю, арнаментальны і сюжэтны роспісы фрыза, даўні арган. Асобна пастаўлена мураваная двух’ярусная званіца (1856 г.) з чарапічным шатровым дахам.

Драўляны Троіцкі касцёл у в. Стараельня (Дзятлаўскі р-н) быў пабудаваны ў 1650 г. па фундацыі Льва Казіміра Сапегі, перабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. Вядомы паводле фотаздымка Віленскага таварыства аматараў навук (ЦДГА Літвы, г. Вільнюс, ф.1135, воп. 3, спр. 577, л 8; тамсама, спр. 639, л.3). Клецевы храм базылікальнай канцэпцыі складаўся з роўнавысокіх, квадратнага асноўнага, пяціграннага алтарнага зрубаў і вузкага двухвежавага аб’ёма нартэкса пад агульным высокім гонтавым дахам з галоўкаю над фасадам. Невысокія сакрыстыі па баках алтара накрытыя гонтавымі дахамі з дыяганальным вільчыкам. Шалёўка вертыкальная, з нашчыльнікамі. Вежы былі знятыя ў 2-й палове ХІХ ст., калі касцёл прыстасавалі пад праваслаўную царкву; у пачатку ХХ ст. быў прыбудаваны высокі ўваходны аб’ём з бутавага каменя.

Каталіцкая парафія ў в. Нача (Воранаўскі р-н) была заснаваная ў 1529 годзе. Драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў 1750–1759 гг. намаганнямі ксяндза Язэпа Курчэўскага і парафіянаў. На яго месцы ў 1910–1927 гг. быў змураваны новы касцёл у неагатычным стылі. Папярэдні будынак вядомы паводле фотаздымка Я. Балзункевіча пачатку ХХ ст. Храм складаўся з выцягнутага прамавугольнага асноўнага зруба (33 х 18 локцяў), пяціграннага прыруба прэзбітэрыя і вузкага аб’ёма бабінца, аб’яднаных агульным дахам з падоўжным вільчыкам і вальмамі над алтаром. У месцы злучэння зрубаў былі трохвугольныя застрэшкі і пластычныя хвалі даха. Па баках прэзбітэрыя размяшчаліся невысокія, але абшырныя сіметрычныя прыбудовы сакрыстый, таксама накрытыя вальмавымі дахамі, якія надавалі тэктоніцы храма форму лацінскага крыжа і выразную дынаміку аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, характэрную для стылістыкі віленскага барока. Будынак меў традыцыйную вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі, быў крыты гонтам. Вокны мелі лучковыя арачныя перамычкі. Аб’ём бабінца-нартэкса раскрапоўвалі чацверыковыя вежы, завяршэнні якіх былі зняты пры перабудове святыні ў 1849 годзе. Вільчык прарэзвалі 2 шатровыя вежачкі з рысамі несапраўднай готыкі.

Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі
ў в. Гудагай (Астравецкі р-н).

Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Гудагай (Астравецкі р-н) у аўтэнтычным выглядзе з’яўляўся класічным узорам сармацкага барока ў дрэве. Пабудаваны ў 1764 г. па фундацыі Язэпа і Ганны Войнаў пры кляштары кармэлітаў босых; зачынены ў 1866 г., перабудаваны ў 1905 г. і 1990-я гады. Храм складаецца з выцягнутага прамавугольнага асноўнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, аб’яднаных вальмавым дахам з агульным вільчыкам. Па баках зрубаў сіметрычна размешчаны аднолькавыя квадратныя ў плане невысокія прыбудовы сакрыстый і чацверыкі вежаў, што надае кампазіцыі строгасць і завершанасць. Пры перабудовах верхнія чацверыкі вежаў былі знятыя, фасад завершаны грувасткім трохвугольным франтонам з гарызантальнаю шалёўкаю, прыбудаваны прытвор-«крухта» з двухсхільным дахам, падведзеным пад карніз асноўнага зруба. У інтэр’еры — плоская столь і музычныя хоры на двух апорных слупах.

Каталіцкая парафія ў в. Аборак (Маладзечанскі р-н) была заснаваная ў 1443 г. уладальнікам маёнтка Андрэем Саковічам. Драўляны Троіцкі касцёл быў першапачаткова збудаваны ў Груздаве ў 1720 г., у 1773 г. перанесены ў вёску Аборак на ахвяраванні кухмістра літоўскага Францішка Ксавэрыя Агінскага. Двухзрубавы храм з пяцісценнаю алтарнаю часткаю накрыты агульным шматсхільным дахам з вальмамі над алтаром і сігнатуркаю ў месцы іх злучэння. Па баках алтарнага зруба мясціліся невысокія, квадратныя ў плане сакрыстыі. Уваходная частка вырашана ў выглядзе вузкага аб’ёма бабінца, заглыбленага паміж чацверыковымі вежамі. Вышэй за ўзровень карніза даха вежы першапачаткова мелі тры чацверыковыя ярусы, якія тэлескапічна скарачаліся па памерах; яны былі накрытыя пакатымі шатрамі з крыжамі на штыберах, але пры гэтым былі ніжэй за вільчык асноўнага даха. У пачатку ХХ ст. вежы былі перабудаваныя — яны набылі 2 высокія ярусы (васьмерык на чацверыку) і стромкія шатровыя завяршэнні. Сцены і вежы мелі вертыкальную шалёўку з «лісіцамі», франтон — гарызантальную. Уваход быў аформлены дзвюма паўкалонамі. На паўночны захад ад касцёла стаяла двух’ярусная зрубна-каркасная званіца з шатровым дахам. Пасля вайны касцёл ператварылі ў склад, сёння ён не існуе. Вядомы па гравюры канца ХІХ ст. і фотаздымку 1930-х гг. Захаваліся фрагменты бутавай агароджы касцёла і брамы.

Драўляны парафіяльны Троіцкі касцёл у м. Івянец (Валожынскі р-н) быў пабудаваны ў 1606 г. Янам Давойнам. Зні­шчаны пажарам у 1702 г., ён быў нанава адбудаваны ўладальнікам маёнтка графам Салагубам у 1707 годзе. Двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі меў 2 вежы на галоўным фасадзе. Зачынены ў 1868 годзе. Меў высокія мастацкія вартасці, што адзначаецца ў даведніку «Нашы касцёлы» Я. Жыскара і мастацвазнаўцам віленскага кола Марыянам Маралёўскім.

Драўляны парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай у в. Прывалкі (Гродзенскі р-н) быў заснаваны ў 1609 г. каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам, у сярэдзіне XVIII ст. адбудаваны нанава. Гэта быў тыповы для таго часу двухзрубавы варыянт храма базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым фасадам-нартэксам і дзвюма сіметрычнымі сакрыстыямі. У 1866–1913 гг. належаў праваслаўным. На яго месцы ў 1913–1919 гг. пабудаваны драўляны касцёл у гонар апостала Юды Тадэвуша ў стылі неаготыкі.

Першы драўляны парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў в. Налібакі (Стаўбцоўскі р-н) у 1447 г. віленскім кашталянам Пятром Гедыголдавічам. Наступны касцёл, фундаваны ў 1630 г. вялікім канцлерам літоўскім Альбрыхтам Станіславам Радзівілам, быў адбудаваны нанава ў 1699 годзе. Меў дзве вежы на галоўным фасадзе і фігурны «свабодны» франтон паміж імі. Асобна стаяла двух’ярусная званіца-брама. На месцы старога касцёла ў 1935–1939 гг. быў змураваны новы храм у стылі эклектыкі.

Касцёл пад тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
ў вёсцы Хоўхлава (Маладзечанскі р-н).

Каталіцкая парафія ў вёсцы Хоўхлава (Маладзечанскі р-н) была заснаваная ў 1437 г. літоўскім князем Міхалам, сынам Жыгімонта Кейстутавіча, пляменнікам Вітаўта. Драўляны парафіяльны касцёл пад тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў 1738 г. у стылі сармацкага барока, у 1846 г. быў перабудаваны на сродкі В. Язвінскага і набыў элементы архітэктуры класіцызму. У 1866 г. ён быў зачынены, але ў 1919 г. вернуты католікам (пасля вайны тут знаходзіўся калгасны склад). У 1990-я гг. касцёл рэстаўравалі. Двухзрубавы храм складаецца з прамавугольнага асноўнага зруба з унутраным бабінцам-нартэксам і выцягнутай пяцісценнай апсіды, накрытых агульным шматсхільным гонтавым дахам з падоўжным вільчыкам, адзначаным па канцах крыжамі. Над бабінцам з хорамі, вышэй за карніз даха, узвышаюцца дзве чацверыковыя вежы, накрытыя чатырохсхільнымі шатрамі-«каўпакамі». Паміж імі заглыблены трохвугольны франтон у спалучэнні з двух’яруснай паўвальмаю з прычолкам. Вуглы нахіла граняў вежавых шатроў і даха асноўнага аб’ёма аднолькавыя, што надае кампазіцыі фасада своеасаблівы рытм і гармонію формаў. З паўночнага боку да алтарнага і асноўнага зрубаў прыбудавана двухкамерная сакрыстыя. У сярэдзіне ХІХ ст. да галоўнага фасада быў прыбудаваны магутны класіцыстычны порцік на 4-х мураваных калонах. Шалёўка сценаў вертыкальная, з нашчыльнікамі і «лісіцамі», падвойныя вокны-біфорыумы маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні.

Заканчэнне будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY