Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

MARIA — SALUS
POPULI ALBARUTENI

МАРЫЯ — ЗБАЎЛЕННЕ
БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

З рэферата, прысвечанага 25-годдзю каранацыі
цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай
Будслаў, 30 чэрвеня 2023 г.

<...>

Год Панскі 2023-ці запішацца ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі як год святкавання шматлікіх юбілеяў. Гэта юбілей 240-годдзя заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі; юбілей 225-годдзя заснавання Мінскай дыяцэзіі. Гэта таксама юбілей 25-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Сённяшняе свята з’яўляецца добрай нагодай не толькі ўспомніць тую гістарычную падзею, якая мела месца ў Будславе чвэрць стагоддзя таму, але таксама засяродзіцца над каралеўскім тытулам Марыі і яго эвалюцыяй, паразважаць пра біблійныя, патрыстычныя, традыцыйныя, касцёльна-настаўніцкія, літургічныя і пастырскія яе аспекты, а таксама пра літургічнае і пастырскае значэнне самога акту каранацыі.

Сярод розных тытулаў, якімі мы праслаўляем Марыю, асаблівае месца займае тытул Каралевы. Гэта вельмі важна ў наш час, калі паняцці «кароль» і «каралева» ўспрымаюцца як нешта мінулае і архаічнае, як перажытак гісторыі і маюць толькі сімвалічнае, а не рэальнае значэнне.

Адначасова мы яшчэ памятаем пахаванне ангельскай каралевы Альжбеты ІІ, якое мела месца ў верасні мінулага года і за якім праз інтэрнэт сачыла каля чатырох мільярдаў людзей ва ўсім свеце, што само сабой нагадвае пра яе вельмі вялікую папулярнасць. 6 мая гэтага года позіркі мільярдаў людзей былі скіраваныя на экраны тэлевізараў, камп’ютараў, айфонаў падчас каранацыі новага караля Англіі Карла ІІІ.

Айцы Касцёла з IV стагоддзя выкарыстоўвалі каралеўскі тытул Марыі з мэтай падкрэсліць як годнасць Маці Езуса, так і ўдзел у Яго каралеўскай уладзе і збаўленні чалавецтва.

Моцным штуршком ва ўспрыняцці Марыі як Каралевы і развіцці Яе культу стаў Эфескі Сабор 431 г., які абараніў прызнанне Марыі як Багародзіцы — на грэцкай мове Theotokos.

З гэтага часу ў Касцёле назіраецца відавочнае развіццё культу Марыі і такім чынам спаўненне Яе прарочых словаў: «І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое» (Лк 1, 48-49). Эфескі Сабор вызначыў таксама напрамкі далейшага развіцця марыялогіі і культу Багародзіцы. І сапраўды, вернікі ўсё больш распазнавалі дары і ласкі, якімі Бог адарыў Марыю.

Тытул Марыі Каралевы таксама займае сваё пачэснае месца ў літургіі, пра што сведчаць вядомыя Марыйныя антыфоны Salve Regina — Вітай, Каралева; Regina Caeli — Каралева Неба; Ave Regina caelorum — Вітай, Каралева Неба.

Праяўляецца ён і ў народнай пабожнасці, як, напрыклад, у вельмі папулярнай Ларэтанскай літаніі, напрыканцы якой заклікі праслаўляюць Маці Божую як Каралеву .

Ружанец завяршаецца хвалебнай таямніцай каранавання Марыі на Каралеву неба і зямлі.

Чаму мы карануем выявы Езуса, Марыі і святых?

У адной са сваіх гамілій папа Францішак сказаў: калі хочаш ведаць, кім з’яўляецца Марыя, то ідзі да тэолага, і ён табе растлумачыць. Але калі хочаш ведаць, як трэба любіць Марыю, то ідзі да Божага народа, і ён цябе навучыць. Гэтую праўду мы ўсведамляем тут, у Будславе, — духоўнай сталіцы нашага народа.

Любоў да Марыі праяўляецца не толькі праз розныя тытулы, якімі Божы народ Яе праслаўляе, але таксама і праз каранаванне Яе выяваў. Стары Запавет забараняе рабіць выявы Бога і святых. «Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі; не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я Пан, Бог твой» (пар. Зых 20, 4–5) — чытаем у Кнізе Зыходу.

Аднак праз уцелаўленне Божага Сына гэтая забарона, можна сказаць, была ліквідавана. Аб’явіўшыся ў чалавечай постаці, Божы Сын стаў «вобразам нябачнага Бога» (Клс 1, 15). Менавіта таму Касцёл дазваляе рабіць і ўшаноўваць выявы Хрыста, Марыі і святых. Ужо першыя хрысціяне ў катакомбах размяшчалі іх. Адной з формаў ушанавання Езуса, Марыі і святых з’яўляецца каранацыя.

Практыка каранацыі абразоў і фігураў Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адным са шматлікіх праяўленняў пашаны Божага народу да Яе. Верны народ такім чынам выказвае сваю пашану да Божай Маці, якая, будучы з’яднанай са сваім Сынам у справе збаўлення, прымае ўдзел у Яго нябеснай славе.

Сабор у Нікеі ў 787 г. выказаўся адназначна на гэтую тэму, а менавіта: «Паводле навучання айцоў Касцёла і паўсюднай Традыцыі Касцёла, вернікі разам з Крыжам могуць ушаноўваць выявы Марыі, анёлаў і святых». Вялікай павагі заслугоўваюць сказаныя 22 лютага 1931 г. словы Езуса да св. Фаўстыны Кавальскай: «Абяцаю, што душа, якая будзе шанаваць гэты абраз [абраз Езуса Міласэрнага], не загіне» .

Выконваючы выяву Марыі і карануючы яе, мы не спрыяем развіццю ідалапаклонніцтва, але праз выяву Маці Божай стараемся ўбачыць Бога і спазнаць Яго любоў да нас. Мы не надзяляем Марыю Боскімі рысамі, але імкнемся зразумець, да якой годнасці Бог узвысіў Тую, якая нарадзіла Яго Сына. У рэшце рэшт праз каранацыю мы хочам аддзячыць Ёй за ўдзел у справе збаўлення і за мацярынскую любоў да нас. Нездарма кажуць, што ікона — гэта акно ў свет веры.

<...>

Практыка каранацыі выяваў Марыі, акрамя біблійнай інспірацыі, выводзіцца з антычнага звычаю ўпрыгожвання выяваў імператараў ці пераможцаў Алімпійскіх гульняў лаўровамі вянкамі. Ад часоў Эфескага Сабору іканаграфія ўсё часцей прадстаўляе каранацыю Марыі, якую здзяйсняе Яе Сын Езус Хрыстус ці Святая Тройца, ускладваючы на галаву Марыі вянок.

З канца XVI стагоддзя афіцыйная каранацыя выяваў Божай Маці належыць да кампетэнцыі Папы ці біскупа.

У XVII стагоддзі Апостальскі Пасад абнародаваў умовы каранацыі абразоў святых і цырымонію абраду. Паводле гэтых умоваў, каранаваным можа быць гістарычна шанаваны цудадзейны абраз. Такая каранацыя адбывалася з дазволу Папы.

Каранацыя звычайна здзяйсняецца мясцовым біскупам або Папскім легатам, калі карануюцца славутыя і традыцыйна шанаваныя вернікамі абразы.

Пасля аб’яўлення благаслаўлёным папам Піем IX у 1854 г. догмату веры аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі практыка каранацыі Марыйных выяваў папскімі каронамі пачала пашырацца.

Карыстаючыся нагодай, трэба ўзгадаць, што першым абразом на Беларусі, каранаваным у 1730 г. папскай каронай, з’яўляецца ікона Божай Маці Жыровіцкай. Другім, укаранаваным у 1755 г., абраз Маці Божай Бялыніцкай.

Практыка культу Марыі Каралевы і каранацыі Яе абразоў дасягнула свайго піку пасля таго, як папа Пій ХІІ у сотую гадавіну абвяшчэння догмату аб Беззаганным Зачацці Марыі 11 кастрычніка 1954 г. абвясціў энцыкліку Ad caeli Reginam («Да Каралевы неба»), якою ўстанавіў свята Марыі Каралевы.

Першапачаткова гэтае свята адзначалася 31 мая. Пасля рэформы літургічнага календара Другім Ватыканскім Саборам яно было перанесена на 22 жніўня — тыдзень пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэтая дата дазваляе лепш асэнсаваць сутнасць свята, бо Унебаўзятая Марыя атрымлівае каралеўскую карону.

Каб лепш зразумець значэнне каранацыі выяваў Божай Маці, варта паразважаць пра біблійны, патрыстычны, традыцыйны, касцёльна-настаўніцкі, літургічны і пастырскі яе аспекты.

Біблійны аспект

У Святым Пісанні няма ніводнага тэксту, які б непасрэдна нагадваў пра каралеўскі тытул Найсвяцейшай Панны Марыі. Аднак ёсць ускосныя, якія змяшчаюць гэтую ісціну.

Так, у кнізе Быцця ідзе гаворка пра Жанчыну, якая раструшчыць галаву змея, — гэта значыць, злога духа (гл. Быц 3, 15). У кнізе Юдыты чытаем: «Благаслаўлёная ты, дачка, Богам Найвышэйшым сярод усіх жанчын зямлі, і благаслаўлёны Пан Бог, Творца неба і зямлі» (пар. Юдт 13, 18). Кніга псальмаў падае: «Вось каралева праваруч Цябе» (Пс 45, 10). Святы апостал Ян у Апакаліпсісе кажа, што «Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак» (Ап 12, 1). Гэтай жанчынай з’яўляецца Марыя.

Прадстаўляючы біблійныя падставы каралеўскай годнасці Марыі, папа Пій ХІІ у энцыкліцы Ad caeli Reginam («Да Каралевы неба») спасылаецца на евангельскі аповед пра Звеставанне і Адведзіны Марыяй святой Альжбеты. Тады арханёл Габрыэль сказаў Марыі, што Яе Сын будзе валадарыць вечна (гл. Лк 1, 33), а Альжбета назвала Марыю Маці свайго Пана (гл. Лк 1, 43) .

І арханёл Габрыэль і Альжбета ўсклікнулі: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі» (Лк 1, 28. 43), таму Марыя з’яўляецца першай з усіх жанчын зямлі. У прарочым натхненні Яна кажа пра сябе: «Благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 48).

Такім чынам, акрамя аб’яўленай праўды пра каралеўскую годнасць Хрыста Збаўцы, Святое Пісанне таксама прадстаўляе і вобраз Марыі Каралевы. Для больш поўнага зразумення праўды пра каралеўскую годнасць Марыі найперш неабходна звярнуцца да Святога Пісання і логікі Божага Валадарства, якая прынцыпова адрозніваецца ад логікі валадарстваў гэтага свету. Хрыстус стаў Каралём, бо прынізіў сябе. Падобным чынам Марыя стала Каралевай як Слуга Пана і бліжняга.

Патрыстычны аспект

Іншай, вельмі важнай, крыніцай нашай веры ў каралеўскую годнасць Марыі з’яўляецца навучанне айцоў Касцёла.

Cвяты дыякан Яфрэм у IV стагоддзі называў Марыю Маці Караля і Маці Валадара сусвету. Святы Грыгорый Назіянскі падкрэсліваў адначасова Боскае мацярынства Марыі і каралеўскую годнасць Хрыста.

Святыя Еранім і Пётр Хрызалог, якія жылі ў IV–Vстагоддзях, называлі Марыю Пані.

Святыя VIII стагоддзя Герман з Канстанцінопаля, Андрэй Крыцкі, Ян Дамаскін і Ільдэфонс Таледскі прыпісвалі Марыі тытулы Каралевы і Пані, падкрэсліваючы такім чынам Яе каралеўскую годнасць.

Традыцыйны аспект

Пацвярджэннем паўсюднасці веры ў каралеўскую годнасць Марыі з’яўляецца хрысціянская Традыцыя. Так, іканаграфія з першых стагоддзяў хрысціянства прадстаўляе Марыю на троне з німбам, як, напрыклад, у катакомбах з ІІІ стагоддзя. На візантыйскіх абразах VI стагоддзя Маці Божая заўсёды знаходзіцца на троне.

Такія выявы Марыі на грэцкай мове называліся «Базіліса», што азначае Каралева, якая сядзіць на троне з Божым Дзіцяткам на каленях.

Каб падкрэсліць, што Марыя таксама з’яўляецца Каралевай анёлаў, Яе прадстаўлялі ў іх атачэнні. На абразах ранняга Сярэднявечча анёлы трымаюць карону над Яе галавой.

У X стагоддзі з’явілася практыка прадстаўляць Марыю на троне ў каралеўскім адзенні і з каронай на галаве. Пры гэтым Яна сядзіць праваруч Хрыста. З XIV стагоддзя любімай тэмай мастакоў стала сцэна каранавання Марыі Панам Езусам і Богам Айцом .

У XVIII стагоддзі звычай каранаваць выявы і статуі Маці Божай, славутыя сваёю асабліваю ласкаю, стаў формаю барацьбы з іканаборцамі.

Паводле Традыцыі, першым каранаваным папскаю каронаю абразом, быў абраз Salus Populi RomaniЗбаўленне рымскага народа ў славутай рымскай базыліцы Maria Maggiore — Божай Маці Вялікай.

Тут варта прыгадаць, што тытул «Каралева Беларусі», пасля адмысловых кансультацый з Апостальскім Пасадам, Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў уведзены ў Ларэтанскую літанію ў 2018 г.

Касцёльна-настаўніцкі аспект

Голас Настаўніцтва (Магістэрыі) Касцёла ў справе каралеўскай годнасці Маці Божай з’яўляецца вельмі важным. Так, у лістах папаў Агафона (VII ст.) і Марціна ІІІ (Х ст.) знаходзіцца тытул Марыі як нашай Пані. Папа Грыгорый ІІ называе Марыю Пані ўсіх хрысціянаў. Папа Сікст называе яе Каралевай, а Бэнэдыкт XIV — Каралевай неба і зямлі.

Папа Пій ХІІ у вышэйзгаданай энцыкліцы Ad caeli Reginam («Да Каралевы неба» піша, што ў мінулыя часы хрысціянскі народ верыў, што Марыя нарадзіла Сына Божага, які павінен валадарыць над домам Якуба вечна, бо Ён Князь міру, Кароль каралёў і Валадар валадароў, таму, бачачы цесную сувязь паміж Маці і Сынам, лёгка распазнаваў у Ёй каралеўскую годнасць Маці Божай. Таму не дзіўна, што старажытныя касцёльныя аўтары, зыходзячы са словаў арханёла Габрыэля, які абвясціў Марыі, што Яе Сын будзе валадарыць вечна, і словаў Альжбеты, якая прывітала Марыю як Маці свайго Пана, называлі Яе Маці Караля і Маці Пана. Такім чынам яны выказвалі перакананне, што Марыя чэрпае сваю каралеўскую годнасць з каралеўскай годнасці Яе Сына, нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

Нагадваючы пра каралеўскую годнасць Марыі, папа Пій XII кажа, што першапачатковым прынцыпам, з якога выводзіцца гэтая годнасць, з’яўляецца Яе Боскае мацярынства. Пры гэтым ён дадае, што такі тытул належыць Марыі яшчэ і таму, што Яна па волі Божай мела вельмі значны ўдзел у справе нашага збаўлення.

Такім чынам, з вучэння папы Пія ХІІ бачна, што каралеўская годнасць Марыі мае хрысталагічны характар і вынікае з каралеўскіх атрыбутаў Хрыста. Прызнанне Марыі, як Каралевы, немагчыма без «спасылкі» на Езуса Хрыста, Валадара сусвету, Яе Сына.

Тытул Марыі Каралевы знаходзіцца таксама і ў дакументах Другога Ватыканскага Сабору. Так, Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл сцвярджае, што «Беззаганная Дзева, захаваная ад усялякай заганы першароднага граху, закончыўшы шлях зямнога жыцця, была з целам і душою ўзята ў неба да нябеснай славы і ўзвышана Панам як Валадарка ўсяго, каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў і Пераможцы граху і смерці».

Праўду пра каралеўскую годнасць Марыі можна знайсці таксама і ў вучэнні святога Яна Паўла ІІ. У энцыкліцы аб Найсвяцейшай Панне Марыі ў жыцці пілігрымуючага Касцёла Redemptoris Mater («Маці Збаўцы») ён выразна ўказвае на хрысталагічную крыніцу Яе каралеўскай годнасці, бо Яна ўдзельнічае ў каралеўскім валадаранні свайго Сына.

У Марыйнай катэхезе 23 ліпеня 1997 г. папа Вайтыла кажа, што з аналогіі паміж унебаўшэсцем Хрыста і ўнебаўзяццем Марыі можна зрабіць выснову, што Марыя, застаючыся падпарадкаванай Хрысту, з’яўляецца Каралевай, якая мае і ажыццяўляе дадзеную Ёй Яе Сынам уладу над сусветам .

Літургічны аспект

Каралеўскую годнасць Марыі падкрэслівае і абрад каранацыі Яе выяваў. Карона ўскладаецца на галаву Марыі, што з’яўляецца асацыяцыяй з вышэйзгаданымі словамі з Апакаліпсісу святога апостала Яна: «Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавой вянок з дванаццаці зорак» (Ап 12, 1).

Тэкст каранацыйнай малітвы падкрэслівае тры наступныя элементы.

Першы ўказвае на пасхальны шлях Марыі, аналагічны са шляхам Яе Сына.

Другі падкрэслівае выключную місію Марыі ў адносінах да людзей. Бог узнагародзіў пакору слугі Панскай, узвышаючы Яе да хвалы Сына і давяраючы Ёй місію Пасрэдніцы Божай ласкі і Каралевы міласэрнасці.

Трэці выказвае просьбу, каб жыццё хрысціянаў, якія просяць заступніцтва Марыі, было згоднае з вызнаванай імі вераю.

Пастырскі аспект

Акрамя патрэбных для каранацыі папскімі каронамі ўмоваў, неабходна яшчэ і адмысловая пастырская падрыхтоўка, у якой асаблівым чынам падкрэсліваецца рэлігійнае і духоўнае значэнне каранацыі і вынікаючых з гэтага абавязкаў. Гэтае патрабаванне было рэалізаванае падчас падрыхтоўкі да каранацыі будслаўскай іконы.

У 1993–1994 гадах адбылася адмысловая пілігрымка копіі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях Беларусі, што садзейнічала ўмацаванню веры і ажыўленню рэлігійнага жыцця.

Святы Ян Павел ІІ сваім Брэве ад 7 чэрвеня 1995 г. выказаў згоду на каранацыю цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. У Брэве ад 11 чэрвеня 1996 г. ён устанавіў дзень 2 ліпеня ўрачыстасцю Маці Божай Будслаўскай і прызначыў Яе Апякункаю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гаміліі падчас каранацыі 2 ліпеня 1998 г. Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк пранікнёным голасам сказаў: «О Божа, які Ты добры і ласкавы! Пасля доўгіх часоў няволі, пераследу, знішчэння святароў і святыняў Ты дазволіў нам дажыць да сённяшняга дня, каб быць удзельнікамі святочнай, трыумфальнай урачыстасці ўкаранавання абраза Маці Божай Будслаўскай, нашай Апякункі, нашай Пані, нашай Каралевы. Маці Божая Будслаўская, дзякуем Табе, што на працягу стагоддзяў Ты была з намі, Ты не пакідала нас, клапацілася пра нас, брала нас пад сваю апеку, выцірала нам слёзы ў цярпеннях, суцяшала нас у нядолі, была заўсёды нашаю самаю пяшчотнаю Маці. І вось сёння мы адчуваем вялікую радасць і шчасце, бо на Тваіх скронях заяснее папская карона. О як жа Ты заслужыла яе!».

Каранаваная выява Божай Маці павінна дапамагаць людзям у іх сустрэчы з Богам і ў духоўным дасканаленні.

...Змяняюцца зямныя каралі і каралевы, але не змяняюцца нябесныя. Мы маем Езуса, як Караля каралёў, і Марыю, як нашую Каралеву і духоўную Маці, да якой з даверам звяртаемся, бо добра ведаем, што Яна выслухае і дапаможа.

Каранаванне выяваў Езуса і Марыі з’яўляецца сімвалічным актам, які, хоць і вельмі красамоўны сам па сабе, вядзе нас у рэчаіснасць, якая «не з гэтага свету» (Ян 18, 36), бо ўводзіць нас у сферу Боскай таямніцы вечнай радасці ў небе.

Святы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што каранацыя выявы Божай Маці чыніць святыню Марыйным санктуарыем.

Санктуарыі павінны быць прывілеяваным месцам сустрэчы чалавека з Богам. Гэта прынцыповая ўмова, неабходная для арганізацыі ўзорнага пастырства ў санктуарыях. Яно павінна быць прыкладам належнай і згоднай з літургічнымі нормамі цэлебрацыі літургіі, якая адпавядае выклікам часу і духоўным патрэбам евангелізацыі, добра арганізаванай катэхізацыяй і клопатам пра сакрамэнт пакаяння.

І хоць каранацыя выявы Божай Маці не павялічвае нябеснай славы Марыі, тым не менш яна дапамагае нам скіраваць наш позірк у неба — мэты нашага зямнога пілігрымавання.

Святы папа Павел VI кажа, што Марыйная пабожнасць з’яўляецца неад’емным элементам хрысціянскага культу. Касцёл усё больш усведамляе, што праз ушанаванне Марыі вернікі лепей пазнаюць, любяць і належным чынам захоўваюць запаведзі Яе Сына.

Дзева Марыя не засланяе культу, належнага Богу. Наадварот, без праслаўлення Той, якая з’яўляецца адзінай сярод стварэнняў «поўнай ласкі» (пар. Лк 1, 28), Касцёл не мог бы быць самім сабою і плённа выконваць сваю місію сакрамэнту паўсюднага збаўлення .

Пасля каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня 1998 г., пры ўдзеле незвычайна вялікай колькасці вернікаў, распачалося ажыўленне дзейнасці Будслаўскага санктуарыя. Сюды спяшаюцца пілігрымы не толькі з Беларусі, але і з блізкага і далёкага замежжа. Спяшаюцца розныя малітоўныя групы, дарослыя, моладзь, дзеці. Сюды імкнуцца не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, асабліва нашыя праваслаўныя браты і сёстры.

Знакавай пастырскай і грамадскай падзеяй стала святкаванне юбілею 400-годдзя прыбыцця гэтай цудадзейнай іконы ў Будслаў у 2013 г. з удзелам Папскага легата Яго Эмінэнцыі кардынала Жана Луі Тарана — Старшыні Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу.

Яно было папярэджана перэгрынацыяй копіі цудадзейнага будслаўскага абраза па парафіях Беларусі. Тады Марыя наведала нашыя парафіі, як калісьці дом Альжбеты. Яна прыходзіла да іх з Езусам і Ягонаю ласкаю. У многіх людзей была добрая нагода лепш пазнаць гісторыю Будслаўскага санктуарыя і цудадзейнага абраза.

Марыя ішла да веруючых і тых, хто разгубіўся або заблукаў у гэтым жыцці, а таксама да няверуючых. Дзякуючы гэтаму шмат людзей знайшло дарогу да Бога. Смела можна казаць, што гэтая пастырская падзея стала нацыянальнымі рэкалекцыямі.

Праз тры гады, у 2016 г., падчас Будслаўскага фэсту мы адзначалі 25-годдзе адраджэння іерархічных структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэтую ўрачыстасць узначаліў Папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыштаф Шонборн, які быў вельмі ўражаны не толькі Марыйнаю пабожнасцю нашага народа і вялікаю колькасцю ўдзельнікаў фэсту, але таксама бясконцымі чэргамі да канфесіяналаў. Для яго Будслаў стаў сведчаннем крыніцы духоўнага адраджэння.

Знакавай падзеяй стала ўнясенне Будслаўскага фэсту ў 2018 г. у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА. Гэтая падзея мае вялікае значэнне як для Касцёла, так і для ўсяго грамадства.

Вельмі ўдалым з пастырскага пункту гледжання было правядзенне прысвечанай срэбранаму юбілею каранацыі цудадзейнага будслаўскага абраза Вялікай навэнны, калі кожную першую суботу месяца з кастрычніка па чэрвень у санктуарыі маліліся розныя малітоўныя групы. Навэнна стала сапраўднымі духоўнымі рэкалекцыямі для розных катэгорый вернікаў.

Сёлетнія юбілейныя ўрачыстасці ўзначальвае Папскі легат, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, былы Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Гэты факт павышае ўзровень урачыстасцяў і сведчыць пра павагу, з якою Апостальскі Пасад адносіцца да нашай Бацькаўшчыны і Касцёла ў Беларусі.

Як бачна, з года ў год Будслаўскі санктуарый, асабліва сам фэст, набывае ўсё большае агульнакасцёльнае, міжканфесійнае і міжнароднае значэнне. Ён з’яўляецца знакавым не толькі для католікаў, але і для вернікаў іншых веравызнанняў і ўсяго беларускага грамадства.

Касцёл спадзяецца, што святкаванне срэбранага юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай стане новым штуршком для развіцця Яе культу, каб мы, па прыкладзе Марыі, адважна ішлі ў новы заўтрашні дзень і будавалі яго на евангельскіх каштоўнасцях.

Тытул «Каралева» падкрэслівае годнасць Марыі ў нябеснай славе. Такім чынам, словы гімна «Magnificat»: «Благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны» (Лк 1, 48–49) выканаліся ва ўсёй паўнаце.

Марыя ўдзельнічае ў славе ўваскрослага Хрыста, таму што Яна прымала актыўны ўдзел у справе збаўлення чалавецтва: насіла Езуса ў сваім улонні, нарадзіла, клапацілася пра выхаванне, увесь час суправаджала Яго ажно да крыжа.

Для Марыі служыць Яе Сыну Езусу Хрысту азначае панаваць. Менавіта таму Яна ўспрымаецца намі як Каралева, якая спяшаецца нам на дапамогу як у асабістых, так і ў грамадскіх патрэбах. У гэтым праяўляецца Яе мацярынскі і каралеўскі клопат пра справы Езуса Хрыста. Таму падчас шматлікіх нягодаў вернікі часта ўсклікаюць да сваёй Каралевы словамі антыфоны: «Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея наша, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне».

Усё гэта нагадвае пра тое, што Марыя Каралева праз сваё служэнне, дапамогу і прыклад жыцця з’яўляецца важным арыенцірам для вернікаў, якія стараюцца знайсці ўласную каралеўскую ідэнтычнасць дзяцей Божых у барацьбе са злом і ў хрысціянскім служэнні любові. Такім чынам, Марыя, наша Каралева, дапамагае нам выконваць нашу каралеўскую місію. Каранацыя Марыі патрэбна не Ёй, але нам.

Пры гэтым каралеўства Марыі не робіць Яе недаступнай манархіняй, але Тою, якая хоча служыць, каб усе людзі маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у каралеўстве Яе Сына Адкупіцеля.

Каранацыя выяваў Марыі не павялічвае Яе годнасці, але з’яўляецца знакам удзячнасці за апеку над Божым народам і развівае Яе культ. Аб гэтым вельмі добра сведчыць каранаваная папскімі каронамі цудадзейная ікона Божай Маці Будслаўскай як Каралевы Беларусі. Ні пандэмія каранавіруса, ні грамадска-палітычны крызіс, ні пажар у будслаўскай святыні не паменшылі Яе культу. Наадварот, у апошні час мы з’яўляемся сведкамі прагі сустрэчы з Маці Божай, аб чым сведчаць масавыя пілігрымкі, малітвы і іншыя пастырскія ініцыятывы, якія рэалізуюцца ў Будслаўскім санктуарыі — духоўнай сталіцы нашага народа.

Марыя, на Тваёй галаве папская карона. Сёння мы хочам укаранаваць Цябе нашаю вераю ў Бога, малітваю, любоўю, добрымі справамі і даверам да Цябе.

Няхай святкаванне срэбранага юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай яшчэ раз пацвердзіць нашую адданасць Табе. Як цягам мінулых стагоддзяў (больш за чатыры) Ты была нашаю надзеяй, такою з’яўляешся і сёння. Верым, што застанешся ёю ў будучыні.

Лацінскае выслоўе кажа: De Maria numquam satis — «Пра Марыю ніколі зашмат». Таму няхай заўсёды будзе няспыннаю наша малітва да нашай Каралевы, бо Марыя — найкарацейшы шлях да Езуса, адзінага Збаўцы свету ўчора, сёння і на вякі (пар. Гбр 13, 8).

Totus tuus ego sum, et omnia mea tua sunt. Accipio te in mea omnia«Увесь Твой, і ўсё, што маю, Тваё. Прымаю Цябе ў сабе самым», — казаў вялікі шанавальнік Марыі святы Луі-Марыя Грыньён дэ Манфорт (Louis-Marie Grignon de Montfort). Марыя, мы Твае, і ўсё, што маем, Тваё. У складаны час нашай гісторыі, кіруй намі і выкарыстоўвай так, каб нашае жыццё наблізіла Тваю перамогу дабра над злом. З Табою мы адважна ідзём у новы, напоўнены Божаю ласкаю і Тваёю апекаю, заўтрашні дзень.

Як першым, каранаваным папскаю каронаю, абразом Божай Маці ў Рыме з’яўляецца абраз Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа», так і Ты, Марыя, у сваім будслаўскім абразе будзь нам Salus Populi Albaruteni — «Збаўленнем беларускага народа».

<...>

 

Выкарыстаная літаратура:

  1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium (LG).
  2. Павел VI. Апостальская адгартацыя Marialis cultus (MC).
  3. Ян Павел II. Апостольскі ліст Rosarium Virginis Mariae (RVM).
  4. Ян Павел II. Энцыкліка Redemptoris Mater (RM).
  5. Катехизис Католической Церкви, Культурный центр «Духовная библиотека». — Москва, 2001 (ККЦ).
  6. Dzienniczek. Miłosierdzie Boże w duszy mojej. — Warszawa, 1993 (Dzienniczek).
  7. Stanisław Wróbel CSsR. Znaczenie pastoralno-teologiczne koronacji cudownego obrazu Matki Bożej Tuchowieckiej у bazhum.muzhp.pl (ZPTK).
  8. Jakub Marcin Bulzak. Uczczona po królewsku. Koronacja obrazu Matki Bożej Pocieszenia w Nowym Sączu у https://wydawnictwowam.pl/sites/default/files/68439_skrot.pdf (UK).
  9. Ks. Teofil Siudy Maryja naszą Królową у https://pajeczno.pl/poznaj-miasto/historia-pajeczna/maryja-nasza-krolowa/ (MNK).
  10. Bogusław Kochaniewicz OP. Trzy ikony Maryi Królowej. Królewskość Maryi piećdziesiąt lat od promulgacji encykliki Ad Coeli Reginam Piusa XII у http://www.maryja.pl/index.php?option=com_content&view=article&id=141:9&catid=84&Itemid=574 (TIMK).
  11. Архіў выдавецтва «Про Хрысто».
  12. https://www.vatican.va/content/john-paul-ii/it/audiences/1997/ documents/hf_jp-ii_aud_23071997.html.
  13. https://www.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/1979 /documents/hf_jp-ii_hom_19790130_messico-zapopan.html.
  14. https://www.niedz---nasza-Matka.
  15. https://brewiarz.pl/czytelniaiela.pl/artykul/5003/Franciszek-nich-przychodzacy-do-Kosciola.
  16. https://www.niedziela.pl/artykul/6653/nd/Maryja/swieci/08-22a.php3/.
  17. https://en.wikipedia.org/wiki/Totus_tuus.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY