![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||
№
3(105)/2023
![]() З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
«Я ДАЮ СТАРАЖЫТНАСЦІ НОВАЕ ЖЫЦЦЁ...»
Размова Алега ГЛЕКАВА з мастаком Ігарам ГАРДЗІЁНКАМ Літаратуразнаўства
Пераклады
Паэзія
Пераклады
In memoriam
|
Анатоль Кляшчук — творца прасторы; ён увесь час вандраваў па беларускіх дарогах і гэтай сваёй запамінальнай якасцю заўсёды нагадваў нашага вялікага вандроўніка і самага адметнага мастака Язэпа Драздовіча. Бог даў Анатолю Клешчуку талент, асветлены любоўю, таму не з нейкім іншым пачуццём, а менавіта з любоўю Анатоль набліжаў да сваёй (і да нашай!) душы прыроду і людзей, святы і народныя звычаі, хрысціянскія фэсты і святыні, вёскі і мястэчкі. Работу фатографа Анатоль ператварыў у творчасць, у паэзію. Фатаграфуючы, не шукаў нейкі там незвычайны ракурс ці нейкі там выйгрышны сюжэт; шукаў і знаходзіў: у прыродзе — змест, у чалавеку — лёс, у святах і народных звычаях — уласцівыя ім фарбы, у хрысціянскіх фэстах і святынях — радасць веры, у вёсках і мястэчках — рэшту нязломнага хараства. Паводле свайго таленту Анатоль быў летапісцам, таму імкнуўся найпаўней адлюстраваць як вясёлае, радаснае, так і сумнае, трагічнае. Пра апошняе варта сказаць: цыкл ягоных фотаапавяданняў пра дзяцей Чарнобыля ўражвае не проста страхам, а страхам неба, страхам зямлі. Пра гэткае адчуванне я склаў верш «Ноч 26 красавіка 1986 года»:
Нястомны ў бясконцых вандроўках, Анатоль Кляшчук глыбокімі фотапартрэтамі праслаўляў таксама сціплых, мужных беларусаў, вартых таго, каб іх ведаў вялікі свет. Памятаю, як па дарозе ў Давыд-Гарадок мы спыніліся ў Мікашэвічах; там Анатоль сфатаграфаў людзей сталага веку — брата і сястру, якія ў час вайны ў сваёй хаце хавалі ад нацыстаў габрэйскую сям’ю — далі гэтай сям’і ратунак! Для мяне асабіста Анатоль Кляшчук не проста майстар, а паэт, надзвычай уважлівы да сапраўднага хараства. У сваіх фотапаэмах ён адлюстраваў мой родны Давыд-Гарадок менавіта ўважліва; зняў ці не кожную вуліцу, ці не кожны дом, ці не кожную святую мясцінку на цвінтары Закаморскай царквы і (без ніякага перабольшвання!) увекавечыў святлом(!) ці не кожнага майго земляка! Я з Анатолем не адзін год працаваў над альбомам пра Давыд-Гарадок «Кветкавы край Беларусі». Дзякуючы Анатолю ў гэтым грунтоўным выданні можна ўбачыць, як робяцца давыд-гарадоцкія лодкі-дубы, як святкуецца давыд-гарадоцкае свята «Конікі», як выглядаюць давыд-гарадоцкія цікеткі і давыд-гарадоцкі жалязняк; вывучаючы гэтае выданне можна зразумець, якая яна — культура давыд-гарадоцкага агародніцтва і што такое — давыд-гарадоцкае весняніцтва... Я вельмі рады, што вобразы маёй радзімы ўвайшлі ў душу Анатоля Клешчука... Аднойчы ў нашым двары Анатоль упрыгожыў кветкамі цыніі касцёр дроў і перадаў фотаапарат майму бацьку: — Дзядзька Васіль, здыміце нас! Для мяне гэта незабыўны момант. Бацька зняў Анатоля і мяне каля дроў, упрыгожаных цыніяй... Няхай добры Бог дасць нашаму Анатолю прыгожую і шчаслівую вечнасць.
Леанід Дранько-Майсюк.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |