 |
Неруш
А. Ф.
Неруш бачыцца розная:
Шляху Млечнага зорная,
снегавая і лугавая,
у брыльянтах сняжок і раса…
Ненаглядная, неаглядная
першароднай прыроды краса!
Сустракаецца неруш грыбная,
дзе губляецца сцежка лясная –
залатая лісічкаў мясціна,
побач табары баравікоў…
Ну і рэдкасная часіна –
анідзе не чутно грыбнікоў!
Пастаў кош,
бяры нож,
не спяшай, акуратненька рэж,
тут, мажліва, і ў кош не ўбярэш…
Сябра мой, ты, грыбнік, мне паверыш:
натрапляў на грыбную я неруш.
Не хвалюся, аднак не маўчу;
з творчым поспехам нечаканым,
з усіх поспехаў найжаданым,
параўнаць гэта дзіва хачу.
2021 г.
|
Не радуе вясна
Святла багата і цяпла,
пяшчотны цвет і водар тонкі,
і салавейкі голас звонкі…
Вясна раскошна расцвіла,
але не радуе яна,
бо побач — лютая вайна.
Пайшла
ракетамі сяўба,
крывавая ўслед малацьба.
Стральба. Кляцьба. Мальба. Журба…
Бяда: суседзі — у вайне,
і мне балюча удвайне!
2022 г.
|
З-пад улады цьмы
Мне здалося: ніколі
я так шпарка не бег,
гэтак з цемры на волю
шлях пракладваў сабе.
У злавесным будынку
ўладу цьмы напаткаў –
бег-ляцеў безупынку:
прагна выйсця шукаў.
Ног не чуў пад сабою
і пражытых гадоў,
біцца са злюкай любою
за святло быў гатоў.
Калі ж вырвацца з цемры
там пашэнціла мне,
прахапіўся — і ўцяміў,
што было гэта ў сне.
|
* * *
Светлай памяці Анатоля Вярцінскага
Чорная стужка на белых ружах,
слёзы-дажджынкі з маёй журбой.
Ды я не плачу, блізкі мой дружа,
днём развітання навек з табой.
Лёс табе даў шлях зямны некароткі,
і, што хацеў, як хацеў, ты стварыў,
не прыніжаўся нідзе аніколькі,
праўду народу заўжды гаварыў.
Помніцца жнейкі Аксінні няшчасце
і філасофскі твой роздум пра час,
і пра бясчэсце, і пра бясчассе…
сказ твой нярэдка гучыць як наказ.
Слова і дзею, ідэю узважваў,
жыў беларушчынай, волю гукаў;
ты ў Маякоўскага, зоркі, заўважыў:
«Москва для нас — не державный аркан»…
Любы той быў, хто не быў пакорны,
праўду казаў цару і двару…
Сам жа таксама не біў ты паклоны,
а пакланяўся душой Кабзару…
Люд Беларусі шмат што трывожыць.
Ды, знакаміты паэт, сын Іллі,
знай, твая спадчына нам дапаможа,
каб нашы людзі як след зажылі.
Вясна, 2022 г.
|
* * *
Светлай памяці Міхася Тычыны
Далягляд пасівеў,
кроны хутка злыселі,
межавала з імжою вятрыскаў выццё.
Над маёю душой хмары нізка віселі,
бо тваё, сябра мой, дагарэла жыццё.
Я, зажураны гэтым ліхім лістападам,
пераношуся ў лета, ў разбег таго дня,
калі стрэў ты мяне ясна-сінім паглядам
і вачыма прыязна і цёпла абняў.
Аднакурснік Міхаська, твой вобраз мне мілы,
чалавечны твой талент мне блізкі такі!
Слова роднага магія нас парадніла,
бо паэзіяй трызнілі мы, юнакі.
На прасторах жыцця рух твой стаўся прыкметны:
ты — настаўнік, салдат, аспірант, кандыдат,
аўтар кніг, інтэлектам багаты, адметны,
і сямейку на радасць займеў акурат.
Толькі лёс абышоўся з табой надта жорстка,
бы сурочыў хто шчасце тваё, галубок:
памірае раптоўна любімая жонка –
мама трох малалетніх дачок.
Бацька быў ты і мудры, і добры, як донар.
Тым, вядома, і ўзрушан, і ўсцешаны я,
што ў цябе, філалогіі выбітны доктар,
не была другараднай ніколі сям’я.
Людзі ведаюць, ты альтруіст быў, мой сокал,
сціплы быў, ды, аднак жа рашучы парой:
калі трэба было ў кабінетах высокіх
пастаяць за кагосьці — стаяў ты гарой.
Хтось, магчыма, цябе назаве старамодным…
Свет людскі да сябе ўсё з імпэтам грабе.
Ты пранёс дар зямнога жыцця гэтак годна!
Ганаруся табой.
Застаюся ў журбе.
Лістапад, 2022 г.
|
Трыялет
Ж. Ж.
Не разгубіся, родная, ніколі,
смак да жыцця ніколі не згубі,
О, веры ў лепшае не загубі!
Не разгубіся, родная, ніколі.
Ты белы свет нідзе не разлюбі.
Зла многа зведала. Не песціць доля…
Не разгубіся, родная, ніколі,
смак да жыцця ніколі не згубі.
|
Родная стыхія
Вазьмі ў мяне поле,
вазьмі ў мяне лес,
І я загіну, як той Ахілес.
Алесь Пісьмянкоў
Вячысты лес, прастора поля –
стыхія родная мая.
Для ўцехі мне пачуць даволі
зязюлечку і салаўя.
Сцяжынкай роснаю лясною
калі іду, я не тужу –
сямейка вольных дум са мною,
яна ўлагоджвае душу.
Калі не бачу поля, жыта,
а каля жыта — васілька,
а па-над полем — жаўрука,
непаўнацэнна дзень пражыты.
Без іх — нібыта я ў няволі,
без промня сонейка ў вакне;
не бачу доўга лесу, поля –
сыходзіць муза ад мяне.
|
Трыялет
…І душу тваю абакралі, —
у ёй нават мовы няма.
М. Багдановіч
Нам Багдановіча Бог даў,
Каб багацелі мы душою,
Раслі каб з мовай не чужою.
Нам Багдановіча Бог даў.
Каб размінуліся з паршою,
Каб не сагнула ў крук бяда…
Нам Багдановіча Бог даў,
Каб багацелі мы душою.
2006, 2022 г.
|
|
 |