Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD

У СЭРЦЫ КАСЦЁЛА, МАЁЙ МАЦІ, БУДУ ЛЮБОЎЮ

Чалавек атрымлівае ад Бога жыццё як дар і пакліканы жыць паўнавартасна. Існуе шмат дарогаў добрага, годнага жыцця, якія вядуць праз служэнне чалавечым і хрысціянскім ідэалам. Хрыстус чакае ад сваіх вучняў плённага выкарыстання чалавечага розуму, прыродных сілаў, а таксама веры, любові і святасці ў апостальскім і пастырскім служэнні. Бясспрэчна, цэнтральнае месца ў жыцці кожнага чалавека займае любоў, і яна незаменная як у адносінах з Богам, які ёсць Любоў, так і з людзьмі. Любоў — гэта перш за ўсё дар, які мае творчы характар і будуе адносіны. Сам Бог — найвялікшая і найвышэйшая Любоў (гл. 1 Ян 4, 8). Можна сказаць, што любоў Бога да чалавека стала ўцелаўлёнай і бачнай любоўю ў асобе Езуса Хрыста. Хрысціянская любоў з’яўляецца ўдзелам і адлюстраваннем любові Бога, які, кіраваны любоўю, аддаў уласнага Сына дзеля збаўлення ўсіх людзей — грэшнікаў, без аніякай заслугі з іх боку. У той жа час любоў з’яўляецца заданнем кожнага чалавека, які прагне жыць у камуніі з Богам: «Хто трывае ў любові, той трывае ў Богу» (1 Ян 4, 16). Папа Бэнэдыкт навучаў, што любоў — гэта найбольшы дар, які Бог перадаў людзям, гэта Яго абяцанне і наша надзея, любоў — гэта душа сапраўднай гісторыі кожнага чалавека і ўсёй чалавечай супольнасці1. На шляху да рэалізацыі паклікання можна сустрэць цяжкасці, але збаўчая любоў можа перамагчы любыя перашкоды. Сапраўдны адказ на кожнае пакліканне можа прыйсці толькі з глыбокай любові да Хрыста. Гэтую моц любові Хрыстус дае сваім вучням як дар, што злучаны з дарам паклікання і дазваляе ім даваць сваё сведчанне любові праз усё жыццё.

Абраз «Святыя Людвік і Зэлі Мартэн
са святой Тэрэзай з Лізьё,
братамі і сёстрамі».

Дзіця святых бацькоў

У дзень кананізацыі сужэнскай пары Людвіка і Зэлі Мартэн, бацькоў адной з самых вядомых каталіцкіх святых, Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, папа Францішак сказаў: «Святыя сужэнцы Людвік Мартэн і Мары-Зэлі, з дому Герэн, неслі хрысціянскае служэнне ў хрысціянскай сям’і, ствараючы дзень за днём асяроддзе веры і любові. Менавіта ў такім клімаце нарадзіліся пакліканні іх дачок, у тым ліку святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса2.

Святая Тэрэза з Лізьё3, таксама вядомая як святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса і Святога Аблічча4, нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алансоне5, у Францыі. Яна была апошняй з дзевяці дзяцей у набожнай сям’і. Такая колькасць дзяцей можа сёння здзіўляць, аднак яшчэ ў мінулым стагоддзі шматлікія сем’і былі мнагадзетнымі. Бацькі святой Тэрэзы, Людвік Мартэн6 і Зэлі Герэн7, былі вельмі пабожнымі людзьмі. У маладосці яны спрабавалі нават уступіць у манаскі ордэн, аднак іх не прынялі: Людвіка — з-за няведання лацінскай мовы, а Зэлі з-за праблем з дыханнем і болямі галавы. Напэўна, так распарадзіўся сам Бог, які ў сваім Провідзе меў адносна іх іншыя планы. Людвік і Зэлі пазнаёміліся ў 1858 годзе, а праз тры месяцы яны пабраліся шлюбам. Цікава, што маладыя сужэнцы жадалі жыць у чыстасці як брат і сястра, каб такім чынам весці жыццё, падобнае да манаскага, аднак паслухалі разважлівага спаведніка, які звярнуў іх увагу на важнасць паклікання да сужэнства і сям’і. Калі Мартэны адкрыліся на мацярынства і бацькоўства, яны нарадзілі сем дачок і двух сыноў. На жаль, толькі дочкі дажылі да сталасці, і мы можам здзівіць чытача інфармацыяй пра тое, што ўсе дочкі Мартэнаў сталі кансэкраванымі асобамі. Марыя, Паўліна, Леонія, Цэліна і Тэрэза дажылі да дарослага ўзросту.

 

Хатняя атмасфера любові

Атмасфера любові, у якой раслі дзеці ў сям’і Мартэнаў, спрычынілася да адкрыцця імі дабрыні і любові самога Бога. Тэрэза ў сваіх ўспамінах піша: «Добраму Богу спадабалася ўсё жыццё акружаць мяне любоўю; Ён таксама напоўніў ёю маё маленькае сэрца, зрабіўшы яго любячым і чулым, таму я таксама вельмі любіла тату і маму і выказвала ім сваю пяшчоту тысячамі спосабаў, бо была вельмі эмацыйнай»8. Ва ўспамінах святой Тэрэзы бачная вялікая любоў і пашана да сваіх бацькоў. Наша святая называла свайго тату «каралём»: «Як прыемна было пасля гульні ў шашкі сядзець з Цэлінай на каленях у таты... Ён спяваў прыгожым голасам мелодыі, якія напаўнялі душу глыбокімі думкамі... Або, пяшчотна калыхаючы нас, чытаў вершы, напоўненыя вечнай праўдай... Потым мы падымаліся наверх, каб разам памаліцца, і прынцэса заставалася адна побач са сваім каралём, дастаткова было, каб яна зірнула на яго, каб ведаць, як моляцца святыя»9. Ужо ў гэтых словах Тэрэзы ёсць прыклад для сучасных татаў, якія займаюць сваё месца побач з мамай. Напэўна, нямногія таты бяруць маленькіх дзяўчынак на рыбалку, а Людвік Мартэн браў! Хтосьці спытае, што можа быць цікавым для дзяўчынкі на рыбалцы? Тэрэза ўспамінае: «Прыгожыя былі для мяне дні, калі любімы кароль браў мяне на рыбалку, я так любіла сельскую мясцовасць, кветкі і птушак!.. Часам я спрабавала лавіць рыбу на сваю маленькую вуду, аднак найбольш любіла сысці і пасядзець у квітнеючай траве, тады мае думкі станавіліся вельмі глыбокімі, і мая душа, хоць і не ведала, што значыць разважаць, пагружалася ў сапраўдную малітву»10. Бацькі Тэрэзы былі праўдзівымі настаўнікамі для сваіх дзяцей. Яны не вучылі іх хрысціянскаму жыццю, а жылі хрысціянскім жыццём разам з дзецьмі. Тут таксама бачым атмасферу любові самога Бога, у якой прабывала сям’я Мартэнаў. Сёння, калі чалавек больш чакае сведкаў, чым настаўнікаў, мы можам гаварыць пра святых бацькоў Тэрэзы як прыклад для наследавання. Яны не вучылі сваіх дзяцей маліцца, але маліліся разам з імі! Гэты прынцып прыдатны для ўсіх сфераў жыцця.

 

Смерць мамы

У жыцці амаль кожнага чалавека бываюць вельмі складаныя і нават трагічныя сітуацыі. Безумоўна, вялікім няшчасцем была заўчасная смерць Зэлі Мартэн. Тэрэзе, найменшай з дзяцей, было толькі чатыры гады, калі ў 1877 годзе яе любімая мама адышла ў вечнасць, захварэўшы на рак грудзей. Гэта была трагедыя для Людвіка Мартэна, які застаўся адзін з дзецьмі. Сама святая Тэрэза моцна перажыла смерць мамы, што было натуральным наступствам іх разлукі. Яна напіша ва ўспамінах, што змянілася з эмацыйнай, адважнай дзяўчынкі ў больш сарамлівую і далікатную, а таксама ўражлівую: «Аднаго позірку хапала, каб мяне апаноўвалі слёзы; я была задаволеная, калі ніхто не клапаціўся пра мяне наогул, я не выносіла кампаніі незнаёмых людзей і станавілася вясёлай толькі сярод найбліжэйшых родных... Мяне па-ранейшаму атачала самая трапяткая пяшчота. Далікатнае сэрца татавай любові напоўніла яшчэ і сапраўды мацярынская любоў»11. Напомнім, што калі памерла Зэлі Мартэн, яе найстарэйшай дачцы Марыі было ўжо 17 гадоў і яна стала маці для малодшых сясцёр12. Малодшая Тэрэза ўспамінае, што абрала сабе за маці Паўліну, якой тады было 16 гадоў13. Пасля смерці жонкі Людвік Мартэн пераехаў з дочкамі ў Лізьё, дзе жыў брат памерлай Зэлі. Тэрэза ўспамінае, што пераезд быў ёй на радасць, бо вельмі любіла дзядзьку, цётку і стрыечных сясцёр14.

Тэрэза з Лізьё ў ролі Жанны д’Арк, 1894 г.

Усмешка Марыі

Ва ўзросце дзевяці гадоў Тэрэза распачынае навучанне ў школе сясцёр бэнэдыктынак. Праз год яе «другая мама» — сястра Паўліна, уступіла ў кляштар кармэлітак босых. У гэтым не было нічога надзвычайнага, аднак малая Тэрэза вельмі балюча перажывала разлуку і адчувала сябе пакрыўджанай з-за таго, што пра рашэнне Паўліны даведалася выпадкова, не будучы да гэтага гатовай. Неўзабаве Тэрэза адчувае болі ў галаве, баку і сэрцы. Яна часта плача. Ёй толькі дзевяць гадоў! Сёння, магчыма, ёй паставілі б дыягназ «дэпрэсія»… У яе былі таксама галюцынацыі: яна бачыла розныя прадметы ў жахлівых формах, а таксама фігуры людзей вакол яе. Стан быў сапраўды сур’ёзны. Лягчэй ёй стала толькі ў той дзень, калі Паўліна адзелася ў кармэліцкі габіт15. Пасля аблучынаў стан Тэрэзы пагоршыўся, яна нават не пазнавала бацьку. За яе моляцца сёстры, бацька і манашкі кармэліткі. Бацька заказвае навэнну ў санктуарыі Маці Божай Пераможнай. Святая ўспамінала: «Захворванне стала настолькі сур’ёзным, што па чалавечых разліках у мяне не было шанцаў выжыць. Я часта траціла прытомнасць, не магла рухацца, але я чула, што вакол мяне гавораць пра мяне. Я баялася літаральна ўсяго. Мне здавалася, што ложак акружаны страшнымі прорвамі»16. Усе не пераставалі маліцца, а каля ложка Тэрэзы паставілі фігурку Маці Божай. Хворая ўглядалася ў аблічча Маці Божай, і раптам ёй з’явілася Найсвяцейшая Дзева: «Яе твар выпраменьваў неапісальную дабрыню і пяшчоту, але найбольш уразіла маю душу чароўная ўсмешка Найсвяцейшай Панны. У гэты момант усе мае болі зніклі, і дзве вялізныя слязы пацяклі з-пад маіх павекаў, пакаціўшыся па твары. Гэта былі слёзы чыстай радасці»17. Аздараўленне Тэрэзы адбылося 13 мая 1883 года. Менавіта гэты дзень стане пачаткам аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 годзе. Гісторыя цудоўнага аздараўлення Тэрэзы сведчыць, што Бог сапраўды дзейнічае праз Найсвяцейшую Панну Марыю. Заўсёды трэба верыць у моц Бога, які чуе даверлівую малітву. Розныя навэнны, Ружанец, іншыя Марыйныя малітвы могуць адкрыць нашыя сэрцы на дабрыню нашай Маці, якая ўсміхаецца нам, ды перадаць усмешку іншым…

 

Першая Камунія

8 мая 1884 года, ва ўзросце 11 гадоў, Тэрэза прыступае да Першай святой Камуніі. Ва ўспамінах святой бачныя яе сталасць і асэнсаванне вялікага дару яднання з Езусам у Эўхарыстыі: «Ах, якім салодкім быў для маёй душы першы пацалунак Езуса!.. Гэта быў пацалунак любові. Я адчула, што мяне любяць, і я таксама сказала: я люблю Цябе, я аддаю сябе Табе назаўжды. Не было ні просьбаў, ні змагання, ні ахвяраў; даўным-даўно Езус і бедная маленькая Тэрэза глядзелі адно на аднаго і разумелі адно аднаго... У той дзень гэта быў ужо не позірк, а яднанне; дваіх ужо не было; Тэрэза знікла, як кропля вады ў глыбіні акіяна. Застаўся толькі Езус, Ён быў Настаўнікам, Каралём»18. У другой палове дня яна ад імя сябровак з вялікім адданнем прамаўляе словы акту прысвячэння сябе Найсвяцейшай Багародзіцы, сваёй Маці: «Я ўклала ўсё сэрца, каб з Ёю гаварыць, каб аддацца Ёй, як дзіця, якое кідаецца на рукі маці і просіць, каб яна дбала пра яго. Мне здаецца, што Найсвяцейшая Панна глядзела на сваю кветачку і ўсміхалася ёй, бо хіба гэта не Яна вылечыла яе бачнай усмешкай?»19. Такое перажыванне Першай святой Камуніі — гэта вынік сапраўднага рэлігійнага жыцця сям’і, у якой нарадзілася будучая святая.

 

Малітва за злачынцу

З’яднаная з Езусам, Тэрэза прагнула, каб усе людзі былі збаўленыя, таму не здзіўляе яе малітва за аднаго злачынцу, каб ён не трапіў у пекла. У Лізьё была халодная нармандская вясна. Раніцай 19 сакавіка 1887 года бацька Тэрэзы чытаў парыжскую газету La Croix. У той дзень з чатырох радкоў на першай старонцы Людвік даведаўся, што ў Парыжы было ўчынена жудаснае злачынства: дзвюм жанчынам і дзяўчыне перарэзалі горла. Злачынцам быў Анры Пранцыні, якому прысудзілі смяротнае пакаранне. Ён глядзеў прысяжным у вочы з горда паднятай галавой і не выяўляў ніякага раскаяння. Ён рабіў уражанне бязлітаснага чалавека, пазбаўленага пачуццяў. Тэрэзе было чатырнаццаць гадоў, калі бацька расказаў дочкам пра гісторыю Пранцыні. Тэрэза разумее маштаб злачынства, неабходнасць яго пакарання, але засяроджваецца на зусім іншым баку жыцця забойцы: «Я хацела любой цаной не дазволіць, каб ён трапіў у пекла»20. Ведаючы, што яна нічога не можа зрабіць самастойна, яна ахвяравала Богу ўсе бясконцыя заслугі Езуса Хрыста, скарбы святога Касцёла і, нарэшце, папрасіла замовіць святую Імшу. Малітва працягваецца амаль два месяцы. Тэрэза давярае Богу і ўпэўнена, што «яе бедны грэшнік» будзе збаўлены: «Жадаючы заахвоціць сябе маліцца за грэшнікаў у будучыні, я сказала добраму Богу, што, цвёрда давяраючы бясконцай міласэрнасці Езуса, я была абсалютна ўпэўненая, што Ён даруе беднаму няшчаснаму Пранцыні»21. Радасць Тэрэзы была невымоўная, калі яна даведалася, што злачынец перад смерцю тры разы пацалаваў крыж Езуса Збаўцы, які падаў яму святар. З гэтага моманту Тэрэза не перастане маліцца аб навяртанні грэшнікаў. Такім чынам, мы бачым яе адказ на заклік Маці Божай да малітвы аб навяртанні грэшнікаў падчас аб’яўленняў у Фаціме.

 

Пілігрымка ў Рым

Дзве сястры Тэрэзы сталі ўжо кармэліткамі босымі ў Лізьё. Яна таксама адчувае манаскае пакліканне і вырашае ўступіць у кляштар. Такое рашэнне было вельмі складаным для яе бацькі, аднак пасля пэўнага часу ён згаджаецца. Тэрэзе было толькі 15 гадоў, а гэта мала для ўступлення ў кляштар. Бацька едзе са сваёю «прынцэсаю» прасіць дазволу біскупа. Калі бацька прадставіў справу біскупу, загаварыла таксама Тэрэза. Гэтая звычайна нясмелая дзяўчынка з такім запалам казала пра сваё жаданне манаскага жыцця, што генеральны вікарый пажартаваў, сказаўшы, што яна, напэўна, марыла пра Кармэль ад нараджэння22. Біскуп не даў дазволу, але параіў звярнуцца з просьбаю непасрэдна да Папы. У лістападзе 1887 г. Тэрэза разам з бацькам і сястрою Цэлінаю адправілася ў пілігрымку ў Рым23. Кульмінацыйным момантам для яе стала аўдыенцыя ў папы Льва XIII, якога яна папрасіла дазволіць ёй уступіць у Кармэль у Лізьё ва ўзросце 15 гадоў. Паводзіны Тэрэзы падчас аўдыенцыі былі беспрэцэдэнтнымі з пункту гледжання ватыканскіх звычаяў: замест таго каб пацалаваць руку Папы, яна ўклала сваю руку ў ягоную, глядзела на яго заплаканымі вачыма і прасіла дазволу ўступіць у Кармэль «у гонар яго Пантыфікату ва ўзросце 15 гадоў». Папа не адразу зразумеў, што адбываецца, ён звярнуўся да генеральнага вікарыя, які патлумачыў, у чым справа. Папа адказаў: «Добра, дзіця маё, уступіш, калі Бог гэтага хоча»24. Падзея ў Ватыкане выклікала вялікую цікавасць, трапіла ў газеты і стала тэмай размоваў у Лізьё. Тэрэзе ўсё роўна, кожны дзень яна бяжыць насустрач паштальёну, ці не прынясе ён нарэшце нарэшце станоўчы адказ? І дачакалася. За дзень да свайго 15-годдзя Тэрэза атрымлівае вестку, што біскуп даў ёй дазвол на ўступленне ў кляштар, але цяпер вагаецца настаяцельніца. Тэрэза павінна адкласці ўступленне ў Кармэль да «пасля Вялікадня», бо Вялікі пост у кляштары — гэта час вельмі суровай аскезы. Падчас падарожжа ў Рым Тэрэза адкрыла для сябе патрэбу малітвы за святароў: «Малітва за грэшнікаў радавала мяне, але малітва за душы святароў, якія я лічыла чысцейшымі за крышталь, здавалася мне дзіўнай»25. З узрастаннем духоўнага вопыту Тэрэза заўважыла, што святары, хоць і пакліканы да асаблівай блізкасці з Богам, таксама грэшныя людзі. Яна разумела, што святары падвяргаюцца розным д’ябальскім спакусам, таму ім вельмі патрэбна малітоўная падтрымка, каб былі сапраўднай «соллю зямлі» (гл. Мц 5, 13) і прыпадабняліся да свайго Настаўніка, Найвышэйшага Святара. У Кармэлі яна магла падтрымліваць святароў у служэнні дзеля збаўлення людзей. Асаблівым чынам яна сведчыла гэта праз духоўнае братэрства з асобнымі святарамі і семінарыстамі26.

У Кармэлі

Тэрэза напісала, што прыйшла ў Кармэль ратаваць душы і маліцца за святароў27. Гэтыя словы — рэзюмэ ўсяго яе жыцця. 9 красавіка 1888 года яе жаданне споўнілася: яна стала кармэліткай у Лізьё, што было для яе вялікім шчасцем. Яна навечна стала «вязнем» Езуса разам з 24 сёстрамі. Супольнае аскетычнае жыццё, холад, адзіноту яна мужна пераносіць. Найбольшай пакутай для яе стала псіхічная хвароба любімага бацькі. Яна паглыбляецца ў малітву разам з «церпячым Слугою» Ісаі (гл. Іс 53) на шляху мукі Езуса28. Тэрэза перажывае сваю пустыню, праз якую Бог вядзе яе да паўнаты паклікання. У 1894 годзе Людвік Мартэн памёр. Маладая манашка перажывае яго смерць найбольш духоўна: «Смерць бацькі мне здаецца не смерцю, а сапраўдным жыццём. Пасля шасці гадоў разлукі я адчуваю, што ён побач, глядзіць на мяне і абараняе... Дарагая сястра, ці мы цяпер не бліжэй, калі глядзім у нябёсы, знаходзячы ў іх бацьку і маці, якія аддалі нас Езусу? Неўзабаве іх мары споўняцца, і дзеці, якіх даў ім Бог, назаўжды злучацца з Ім»29.

 

Ахвяраванне сябе Міласэрнай Любові

Для Тэрэзы быць манашкай азначала быць нявестай Езуса і маці душаў30, таму яна складае малітву, якая сведчыць пра кірунак яе жыцця: яна просіць Езуса аб дары Яго бясконцай любові, каб застацца найменшай з усіх і каб усе людзі былі збаўленыя. У свята Найсвяцейшай Тройцы ў 1895 г. яна ахвяравала сябе Міласэрнай Любові31. Такім чынам Тэрэза засведчыла не толькі ахвяраванне Божай справядлівасці, папулярнае ў яе часы. Акт ахвяравання Тэрэзы не быў звязаны з назапашваннем добрых учынкаў і заслугаў на цёмны час Суда. Яна разумела, што Божая любоў адкідаецца многімі людзьмі, таму вырашае аддаць сябе ў ахвяру ўсеспалення Міласэрнай Любові Добрага Бога, каб бязмерна і цалкам любіць толькі Езуса. Яна хацела, каб Езус уліў у яе маленькую душу ўсю любоў, якой іншыя ад Яго не жадаюць. Яна кажа, што стане перад Панам «з пустымі рукамі» — знакам нашай агульнай чалавечай безабароннасці, бездапаможнасці і поўнага даверу да Айца. Тэрэза вучыць нас, што ўсё ёсць Божай ласкай, таму дастаткова адной хвіліны, каб Бог падрыхтаваў нас да сустрэчы з Ім. Бог ёсць любоў і хоча, каб усе Яго дзеці былі збаўленыя і рэалізавалі сваё пакліканне да святасці. У сваім «Дзённіку» яна напісала пра сваё жаданне быць «любоўю ў свеце» і дапамагаць іншым дасягнуць збаўлення.

 

«Малая дарога»

«Дарога» ў духоўнасці належыць да працэсу асвячэння чалавека падчас яго зямнога жыцця, заклікае яго імкнуцца да высокай мэты. Мэта ўсяго працэсу асвячэння — зрабіць так, каб святасць Бога, атрыманая ў хросце, стала святасцю чалавека да такой ступені, што перамяняе яго як унутрана, так і ў яго спосабе існавання. «Малая дарога» — гэта тэрмін, якім Тэрэза ад Дзіцятка Езуса вызначыла свой духоўны шлях да святасці. Вядомы біёграф св. Тэрэзы пералічвае 5 элементаў яе «малой дарогі»: 1. прагненне святасці; 2. немагчымасць дасягнуць яе ўласнымі сіламі; 3. унутранае перакананне, што прагненне паходзіць ад Бога; 4. адкрыццё «ліфту»; 5. пацвярджэнне ў Святым Пісанні32. Святая Тэрэза знайшла дарогу, на якой святасць Бога становіцца святасцю чалавека. «Малая дарога» не заключаецца толькі ў прызнанні сваёй маленькасці адносна Бога або ў прызнанні неабмежаванай Міласэрнай Любові Бога, што заспакоіла б усе прагненні чалавека, якія вядуць да фальшывай містыкі. Гэтая дарога ёсць іскраю надзеі, якая пераходзіць ад вялікіх аспірацый чалавечага «нішто» да Бога, які прагне напоўніць гэтае ўбоства сваім багаццем33. Сутнасць гэтага шляху не патрабуе асаблівых Божых ласкаў або здзяйснення незвычайных чынаў: дастаткова таго, што вынікае з паклікання, штодзённых абавязкаў і звычайнага шэрага жыцця, звязанага з цяжкасцямі і пакутамі34. Шлях да Бога не бывае без намаганняў, якія кожны без выключэння павінен рабіць, каб быць верным Богу. Прасцей кажучы, «малая дарога» — гэта поўны і дзіцячы давер Богу ды любоў да Яго праз вернасць у малых рэчах. Яе найважнейшымі рысамі з’яўляюцца пакора, давер, любоў да Бога і бліжняга, прастата, дух адрачэння і ахвярнасці. Здзяйсненне дробязяў штодзённага жыцця з любоўю і адданасцю і нават самыя нязначныя ўчынкі можна ператварыць у вялікія ахвяры Богу. Можа менавіта таму «малая дарога» Тэрэзы знайшла водгук у сэрцах многіх людзей.

 

Тэрэза піша...

Шырокавядомыя творы святой — гэта яе аўтабіяграфія «Гісторыя адной душы» і лісты, апублікаваныя пасля яе смерці. Пісаць загадала ёй настаяцельніца кляштара. Святая, беручыся за пісанне, кажа, што хоча «зрабіць адно: пачаць спяваць тое, што буду паўтараць вечна ,— міласэрнасць Пана»35. У «Гісторыі адной душы» знаходзім не столькі падзеі з яе жыцця, але сведчанне пастаяннага дзеяння Хрыста ў яе жыцці. Яна высноўвае залатую нітку Божай міласэрнасці ў тканіне свайго існавання і піша сваю святую гісторыю, сваю асабістую гісторыю збаўлення, гаворачы пра ласкі, якімі надзяліў яе добры Бог36. У пісьмовай форме Тэрэза не проста распавядае сваю гісторыю лінейным спосабам, але асэнсоўвае яе ў трох вымярэннях часу, якія цесна пераплятаюцца: у мінулым, сучасным і будучыні. Яна часта спыняе свой аповед і разважае, ацэньвае, абагульняе, тлумачыць, параўноўвае, вучыць, робіць адступленні37. Тэрэза прадстаўляе сваю творчасць як гісторыю сваёй душы38, і сапраўды ў гэтай кнізе шмат душы для душы. Там усё ёсць узаемным агляданнем, пасхальным адкрыццём справы Уваскрослага ў параненай чалавечай асобе, што была б вельмі беднаю без Прысутнасці, якая яе перамяняе. Тут ёсць таямнічы кантакт, які зачараваў шмат чытачоў. З позірку Тэрэзы на Таго, Хто першы палюбіў, успыхвае іскра: «Можа і мне адкрыцца на Яго святло?». Слухаючы Тэрэзу, чытач адчувае роднасць з ёю, усведамляючы ўласную беднасць і багацце надзеі, якую ўсім нам дае Езус. Гісторыя яе душы — гэта кніга, якая дапамагае мець надзею39.

 

Не смерць, а Бог прыходзіць па Тэрэзу...

Наша Святая сцвярджае, што не варта прывязвацца ні да чаго, і з упэўненасцю піша, што толькі вечнае можа задаволіць чалавека40. Тут варта выразна зазначыць, што Тэрэза не была абыякавай да зямной рэчаіснасці. Яна ўсё рупліва рабіла дзеля Бога і ў Яго імя41, таму нават найменшую справу выконвала з любоўю, кажучы, што жыццё — гэта хвіліна паміж вечнасцямі42, таму трэба выкарыстоўваць кожную, нават найкарацейшую хвіліну, каб жыццё зрабіць ахвярай для Бога і дзеля збаўлення людзей43. Святая з Лізьё не баялася смерці, але прагнула яе як зараніцы вечнага шчасця, і хоць казала, што смерць прыходзіць, нібы злодзей, верыла ў тое, што яна нічога не можа зрабіць чалавеку. У апошніх размовах з сёстрамі Тэрэза казала, што па яе прыйдзе не смерць, а добры Бог44. У гэтай веры святая кармэлітка з Лізьё змагла перад абліччам смерці цвёрда вызнаць: «Я не паміраю, я ўваходжу ў жыццё»45. ...Зямная дарога святой Тэрэзы абарвалася на 25-м годзе яе жыцця. Час перад смерцю быў для яе вельмі складаным: яна зведала спакусы і сумневы ў веры, аднак і ў іх яна імкнулася засведчыць сваю любоў да Бога: «У радасныя дні Велікоднага часу Езус даў мне адчуць, што сапраўды ёсць душы без веры, якія праз злоўжыванне ласкамі страцілі гэты каштоўны скарб, крыніцу адзінай чыстай і сапраўднай радасці». ...Тэрэза памерла ад сухотаў 30 верасня 1897 г. Апошнімі яе словамі былі: Mon Dieu, je t’aime («Мой Божа, люблю Цябе!»)46. Сястра Генуэфа засведчыла, што Тэрэза абяцала спасылаць з неба дождж з ружаў, маліцца за Касцёл і выканаць сваю асаблівую місію дзеля святароў47. Святасць Тэрэзы хутка была прызнаная, і ў 1923 г. яна была беатыфікаваная, а ў 1925 г. кананізаваная. Гэта адна з самых шанаваных святых, і хоць яна не вучылася на тэалагічных факультэтах, 30 верасня 1997 г. была абвешчана доктарам Касцёла.


  1. Пар. Бэнэдыкт XVI, Энцыкліка Deus caritas est.
  2. Santa Messa e Canonizzazione di quattro Beati (18 ottobre 2015) Francis (vatican.va).
  3. Поўнае імя: Marie Françoise Thérèse Martin.
  4. У кармэліцкім ордэне сёстры і браты разам з манаскім імем атрымліваюць так званы прэдыкат. Раней прэдыкат прызначалі настаяцелі супольнасці, цяпер кандыдаты самі выбіраюць імёны Езуса, Марыі ці святых або таямніцы, якія ім асабліва блізкія і могуць дапамагаць у ажыццяўленні паклікання да кансэкраванага жыцця.
  5. Алансон — горад на паўночным захадзе Францыі ў рэгіёне Нармандыі, размешчаны паміж рэгіянальным прыродным паркам Нармандыя-Мэн і рэгіянальным прыродным паркам Перш (гл. en.wikipedia.org/wiki/Alençon).
  6. Louis Joseph Aloys Stanislaus Martin нарадзіўся ў 1823 г. у Бардо, памёр у 1889 г. у Кане (гл. wikipedia.org/wiki/Louis_et_Zélie_Martin).
  7. Marie-Azélie Martin нарадзілася ў 1831 г. у Сэн-Дэні-Сюр-Сартон, памерла ў 1877 г. у Аленсоне (гл. тамсама).
  8. Рукапіс A 4v.
  9. Тамсама, A 18ыr.
  10. Тамсама, A 14v.
  11. Тамсама, A 13v.
  12. Тамсама. A 13r.
  13. Тамсама.
  14. Тамсама, A 13v.
  15. Згодна са звычаем, адзяванне габіту было вельмі ўрачыстым і кранальным: бацька вёў за руку сваю дачку, апранутую ў вясельную сукенку, а яна прымала звычайны карычневы габіт і белы плашч.
  16. Рукапіс A 28v.
  17. Тамсама, A 31r.
  18. Тамсама, A 35r.
  19. Тамсама.
  20. Тамсама, A 46r.
  21. Тамсама.
  22. Тамсама, 54v.
  23. Тамсама, 55v–67r.
  24. Тамсама, 63r.
  25. Тамсама, A 56r.
  26. У кармэліцкіх кляштарах існуе звычай духоўнай апекі над святарамі і семінарыстамі. Сёстры выцягваюць паперкі з імёнамі тых, за каго будуць маліцца і ахвяраваць духоўныя практыкі. Манашкі з Усолля Сібірскага ў Расіі маліліся такім чынам за семінарыстаў з Пінска і тых, хто стаў святаром, як духоўных братоў малітоўна суправаджаюць далей.
  27. Тамсама, A 69v.
  28. Рукапіс A 71rv; Guy Gaucher, Une vie tout ordinaire, www.therese-de-lisieux.catholique.fr/lhistoire/lhistoire-de-therese.
  29. Ліст да Ляоніі, 20 жніўня 1894 г.
  30. Гл. Рукапіс M, 2v.
  31. Гл. Рукапіс А, 83v–84r.
  32. C. De Meester, La dynamique de la confiance, 1995, с. 82.
  33. Гл. J. W. Gogola, Sekret śwętej Teresy z Lisieux. Elementy duchowości, 1997, с. 30.
  34. Гл. Ян Павел ІІ, Гамілія ў дзень аб’яўлення св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Святога Аблічча доктарам Касцёла.
  35. Рукапіс A, 2r.
  36. Гл. тамсама, 3r.
  37. Гл. тамсама, A 3v.
  38. Гл. тамсама, A 4r.
  39. Гл. Święta Teresa, Dzieje duszy, 2009, 10–11.
  40. Гл. Лісты Тэрэзы, 42.
  41. Гл. тамсама, 244.
  42. Пар. тамсама, 87.
  43. Гл. тамсама, 96.
  44. Гл. Апошнія размовы, у: Derniers Entretiens, 1971, 27.08.1897, 1.
  45. Тамсама, 244.
  46. Апошнія размовы…, 30.09.1897.
  47. Гл. Парады і ўспаміны, у: Conseils et Souvenirs, Foi Vivante 149, 1973.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY