Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Алесь ЖЛУТКА

БЕЛАРУСКІ СВЕТ «ПЕСНІ ПРА ЗУБРА»
МІКОЛЫ ГУСОЎСКАГА:
СТРУКТУРА І СЕМАНТЫКА

Сёлета адзначацца 500-гадовы юбілей выхаду ў свет арыгінальнага твору, пярліны рэнесансавай лацінамоўнай паэзіі — «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Упершыню паэма была выдадзеная ў кастрычніку 1523 г. у кракаўскай друкарні Гераніма Віетара, але пасля гэтага больш чым на тры стагоддзі яна апынулася ў цемры забыцця. Наноў адкрылі яе дзеячы польскай культуры. Адным з першых прадставіў і ацаніў паэта і ягоныя творы Міхал Вішнеўскі ў сваёй «Гісторыі польскай літаратуры»1.

Далейшыя даследаванні ў Польшчы актывізаваліся пасля перавыдання ў 1894 г. Янам Пэльчарам тэксту паэмы і іншых твораў Гусоўскага2. З найважнейшых польскіх публікацый можна назваць артыкулы і кнігі таго ж Я. Пэльчара, Я. Каспровіча, Ю. Каленбаха, Е. Крукоўскага, К. Баквіса3. Адносна нядаўна «Песні пра зубра» быў прысвечаны артыкул А. Бжазоўскай4. Праблемай паходжання і біяграфіяй Міколы Гусоўскага на падставе архіўных матэрыялаў займаліся Е. Ахманьскі, М. Хахай, В. Врубель, Ю. Марошак5.

З публікацый, прысвечаных М. Гусоўскаму ў Летуве, найбольш вядомыя даследаванні В. Сакавічуса і Б. Казлаўскаса, які таксама зрабіў пераклад «Песні пра зубра»6. Асобны вялікі артыкул з разглядам біяграфіі і паэтычнага даробку паэта змясціў у зборніку, дзе пададзеныя факсіміле і пераклады ягоных твораў, Т. Ветэйкіс7.

У Беларусі ўпершыню ўвеў імя і творчасць Гусоўскага ў літаратуразнаўства М. Прашковіч8. Адначасова з ягонай публікацыяй таксама ў 1968 г. выйшаў пераклад «Песні пра зубра», зроблены Я. Парэцкім і Я. Семяжонам на расійскую мову ў часопісе «Неман»9, а праз год у часопісе «Полымя» быў надрукаваны першы беларускі пераклад Я. Семяжона з ягоным пасляслоўем10. Пазней выйшаў перадрук лацінскага тэксту паэмы з дадаткам гэтых двух перакладаў11. З’яўленне перакладаў адкрыла шлях літаратуразнаўчым даследаванням твора. Паэзію М. Гусоўскага даследавалі літаратуразнаўцы Р. Бярозкін, М. Ларчанка і У. Калеснік12. Усебакова разгледзеў творчую біяграфію і паэзію М. Гусоўскага ў сваёй манаграфіі В. Дарашкевіч13. Асобнае манаграфічнае даследаванне прысвяціў паэту перакладчык ягоных твораў Я. Парэцкі. Агляд новых даследаванняў і разгорнуты літаратуразнаўчы аналіз твораў М. Гусоўскага, а таксама новыя штрыхі да ягонай біяграфіі падала ў сваёй кнізе Ж. Некрашэвіч-Кароткая14. У кантэксце шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага прааналізаваў паэтычную творчасць Міколы Гусоўскага С. Кавалёў15.

Падсумаваннем літаратуразнаўчых даследаванняў адмыслова «Песні пра зубра» стаў артыкул нямецкай даследчыцы Марыён Рутц, якая паспрабавала па-новаму падысці да праблемы яго культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці і прапанавала «новую інтэрпрэтацыю ў процівагу распаўсюджаным „патрыятычным“ прачытанням»16.

Усе названыя літаратуразнаўцы і гісторыкі зрабілі свой адмысловы ўнёсак у вывучэнне паэмы. Даследавалася лексіка твора, у якой шукаліся ўказанні на нацыянальную прыналежнасць паэта і ягонае паходжанне, біяграфічныя звесткі. У тэксце адзначалі ўплывы і запазычанні з антычных паэтаў, уздзеянне на паэму паэтычных і рытарычных тэорыяў Рэнесансу, аналогіі з творчасцю італьянскіх паэтаў пачатку XVI ст. Указвалася на матываванасць твора ў залежнасці ад запатрабаванняў эпохі, мецэнатаў і адрасатаў. Разглядаліся гістарычныя, палітычныя і культурныя варункі, у якіх стваралася паэма. Усё гэта дазволіла стварыць даволі аб’ектыўны і стэрэаскапічны навуковы «партрэт» «Песні пра зубра». Аднак менш увагі надавалася карціне свету паэмы, мастацкай мадэлі рэальнасці, створанай Гусоўскім, яе будове і семантыцы, таму ў гэтым артыкуле мы разгледзім менавіта гэты аспект твора на падставе напрацовак у галіне структуральнай і гістарычнай паэтыкі, даследаванняў па этналогіі і міфалогіі, асаблівасцяў першабытнага светаўспрымання17. Гэты тэкст з’яўляецца папраўленым, дапоўненым і скарочаным варыянтам артыкула «Мікола Гусоўскі», змешчанага ў «Гісторыі даўняй беларускай літаратуры»18.

* * *

У 1518 г., праз 4 гады пасля славутай Аршанскай бітвы і ў час бесперапынных войнаў ВКЛ з Маскоўскім княствам, у Рым — духовы і культурны цэнтр тагачаснай Еўропы, вырушыла пасольства на чале з Плоцкім біскупам Эразмам Цёлкам (ці ў лацінізаванай форме Вітэліем паводле тагачаснай рэнесансавай моды), каб ад імя ВКЛ і Польшчы дамагацца стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаваў супроць пагрозы з Усходу, перадусім турэцкай. Адзін з тых зваротаў да Захаду перад абліччам усходняй навалы, што як і тады так і цяпер не адразу былі пачутыя…

У нейкі момант да атачэння пасла далучыўся і Мікола Гусоўскі — загадкавы аўтар гэткага ж загадкавага і шматпланавага твора з адметнаю назваю Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis — у даслоўным перакладзе «Песня пра постаць, дзікасць і паляванне зубра». Твор гэты ставіць перад даследчыкамі шмат пытанняў, пачынаючы ад самой яго назвы да будовы і семантыкі паэтычнага свету.

У празаічным прысвячэнні каралеве Боне аўтар прыгадвае, што фармальнай падставай для напісання твора стала жаданне папы Льва Х даведацца болей пра незвычайнага паўночнага звера — зубра, пра якога Пантыфік мог пачуць альбо ад Эразма Цёлка, альбо ад самога Гусоўскага. Вырашана было, піша паэт, «прадставіць у Рыме чучала бізона, якога мы называем зубрам, набіўшы сенам ягоную шкуру. Таму Плоцкі біскуп Вітэлій, паабяцаўшы гэта зрабіць, звярнуўся да віленскага ваяводы Радзівіла з просьбаю падшукаць найвялікшую шкуру гэтай жывёлы, а мне, на той час свайму прыбліжанаму, наказаў напісаць нешта пра характар гэтага звера і паляванне на яго, жадаючы паказаць ягоную постаць Пантыфіку і рэчамі і словамі» (… ut effigies bisontis, quem nos zubrum vocamus, impleta feno pelle Romae repraesentaretur. Quod Plocensis dum se facturum promisisset, datis ad Raduvilonem, Vilnensem Palatinum, supur pelle quam maxima huius animantis consequenda litteris, mihi, suo tunc familiari, iniunxit, ut aliquid super natura et venatione huius ferae scriberem volens eius speciem tam re quam verbis Pontifici exhibere). Гэтае сведчанне надзвычай важнае для разумення не толькі жанравай спецыфікі твора, але яго агульнай танальнасці і ўсёй сэнсавай скіраванасці тэксту. Відавочна, што «Песня пра зубра» павінна была выконваць ролю не проста этыкеткі да музейнага экспанату, а эпіграмы ў яе першасным значэнні: запісанага на магільным помніку галашэння па памерлым. Як вядома, з пахавальнай заплачкі паўстала таксама элегія, якая, у адрозненне ад эпіграмы, і пазней мела сумны, тужлівы характар. Абодва гэтыя і некаторыя іншыя жанры развіліся з колішняга плачу па зніклым (= памерлым) татэме19. Матыў, які падзеліцца пазней на мноства іншых, знешне непадобных, але генетычна тоесных. Тут крыецца і адказ на пытанне, чаму насуперак традыцыі антычных паляўнічых твораў, напрыклад, Фаліска Грацыя ці Марка Нэмэзіяна, на якія мог, паводле меркавання Е. Крукоўскага, абапірацца паэт20, «Песня...» напісана не дактылічным гекзаметрам, а памерам эпіграмаў і элегіяў — дыстыхам элегійным21. Разам з тым у «Песні пра зубра» адчуваецца і моцны эпічны пачатак: у суадносінах аўтара і апісаных падзеяў, у развітасці сюжэта, у сэнсавай структуры, якая прадстаўляе апісанне подзвігаў памерлага героя. Не менш відавочныя ў творы і рысы драмы, асабліва ў кампазіцыйнай арганізацыі: наяўнасць перыпетыі, агона*, смерці галоўнага героя. Жанравы сінкрэтызм «Песні пра зубра» набліжае яе да архаічных абрадавых дзействаў на мяжы міфалогіі і літаратуры.

Непасрэдным штуршком да напісання паэмы, як даведваемся з першых радкоў твора, паслужыла ўбачанае відовішча бою быкоў на арэне ў Рыме:

In medio quaedam populo spectacula Romae
Contigerant nuper forte videnda mihi (v. 1-2).

«Не так даўно ў Рыме, калі быў у натоўпе людзей, надарылася мне пабачыць адно відовішча».

Яно абудзіла ўспамін пра рэальную бітву на жыццё ці на смерць чалавека са зверам у роднай пушчы. Так паўстаў твор.

Пры першым поглядзе на «Песню пра зубра» можна вылучыць у ёй тры заўважныя тэматычныя лініі, якія складаюць яе змест, падаюцца ў поўнай назве і ўплываюць на ўнутранае дзяленне тэксту. Ва ўступнай частцы (v. 1–50) паэт апавядае пра здарэнне, якое паклала пачатак стварэнню паэмы, выказвае свае пачуцці, звязаныя з зубрам і працаю над творам пра яго, фармулюе прынцыпы гэтай працы. Далей (v. 51–120) уводзіцца першая з вядучых тэматычных лініяў, прапанаваных у назве — statura апісанне знешняга выгляду зубра. Працягам гэтай лініі будуць і v. 145–236, дзе паказваюцца «характар і звычаі звера». Між гэтымі дзвюма акаймляючымі часткамі ўкліньваецца фрагмент, дзе апісваецца другі галоўны персанаж твора — паляўнічы прадстаўлены тут самім паэтам, як успамін паэта пра ягонае ўласнае паляўнічае выхаванне і лавецкі досвед (v. 121–144). Наступная частка тэксту рэпрэзентуе беларускі лес і яго багацці, дзівосы, што здараюцца ў паўночным краі (v. 237–324). Галоўнае месца ў творы займае частка, прысвечаная паляванню (v. 325–984), дзе развіваюцца дзве астатнія, пададзеныя ў назве, тэматычныя лініі: feritas — лютасць зубра і venatio — паляванне на яго.

На вершы 988-м разам са смерцю зубра тры пазначаныя паэтам тэматычныя ніці абрываюцца, спыняецца дзеянне і час твора. Але змест гэтым не вычэрпваецца, бо працягваецца іншая тэма, якая выўлялася і ў ранейшым бегу апавядання ды супастаўлялася з паляваннем, — вайна і нязгоды сярод хрысціянскіх уладароў перад пагрозаю турэцкай навалы. Гэтая ж тэма развіваецца і ў малітве да Багародзіцы Панны Марыі (v. 1027–1072) — завяршальнай частцы паэмы. Такім чынам, выступаючы за рамкі створанага ў паэме мастацкага свету, тэма вайны і звадаў між хрысціянскімі дзяржавамі акцэнтуецца і набывае асабліва моцнае гучанне. Як на палотнах сярэднявечных майстроў жывапісу, выхад за рамку ў М. Гусоўскага — гэта экспансія мастацкага свету ў рэальны22, канстатацыя няўхільнай рэальнасці вайны, настойлівай неабходнасці яднання ўсіх хрысціянаў Еўропы перад турэцкаю пагрозаю. Парадокс у тым, што вынесеныя за рамку канцовыя часткі «Песні пра зубра» адначасна выконваюць і ролю самой рамкі.

Такі ж эфект дасягаецца і на пачатку твора: ва ўступнай рамачнай частцы (v. 1–50) змешчаны ў латэнтным выглядзе яго галоўны змест. Так, апісанне бою быкоў, гэта не што іншае як тэатральная мадэль будучага рэальнага палявання на зубра ў рымскім выкананні. Параўнанне абедзвюх «рамак», уступнай і заключнай, дазваляе вылучыць дадатковыя семантычныя акцэнты. Ва ўступе твора тэма вайны яўна не прадстаўленая — яна акцэнтуецца ў заключэнні. Ва ўступнай частцы вайна сімвалізуецца боем быкоў: паэта дзівіць лютасць і шал быкоў, у канцы твора ён абураецца гэтымі якасцямі ва ўладарах, якія вядуць братазабойчыя войны.

Змешчанае ў рамкі паэтычнае палатно неаднароднае па сваёй будове. Тэкст паміж уступам і ядром твора — паляваннем, складаецца з частак, якія прымыкаюць адна да адной у лінейнай паслядоўнасці згодна з ходам апісання: спачатку апісваецца зубр, затым паляўнічы, характар і звычаі зубра, лес, дзівы паўночнага краю. Гэтыя экспазіцыйныя часткі прадстаўляюць чытачу галоўных герояў будучага дзеяння і абставіны, у якіх яны будуць дзейнічаць.

Такім чынам, першы этап аповеду мае статычны характар. Гэта этап сузірання, калі час яшчэ не пачаў свой бег. Але статыка апісання ў гэтых частках здымаецца дынамізмам уведзеных у тэкст драбнейшых кампазіцыйных элементаў, зменаю пунктаў гледжання, з якіх вядзецца апісанне.

Ядро твору — аповед пра паляванне — дэманструе іншы прынцып тэкставай арганізацыі. Апавядальнік рухаецца ад перыферыі падзеяў у іх цэнтр, дзеянне канцэнтруецца і нарастае, каб скончыцца сцэнаю двубою чалавека і зубра ды гібеллю апошняга. Спачатку ўвага скіраваная на паляванне наогул, затым ракурс звужаецца да палявання на зубра, далей, ад моманту заключэння зубра і чалавека ў загароду, пачынаецца змаганне двух антаганістаў, а на наступным этапе, калі паводзіны зубра выяўляюць яго знясіленасць, паляванне ўступае ў завяршальную стадыю, якая заканчваецца двубоем і смерцю зубра. У параўнанні з экспазітыўнай, галоўная частка вызначаецца дынамізмам, які нарастае з развіццём дзеяння. Дзеянне не з’яўляецца непарыўным і жорстка скіраваным. Яно перарываецца ўстаўнымі элементамі: думкамі і пачуццямі, эстэтычнымі разважаннямі лірычнага героя, паказам жахаў вайны, якую вядуць Вялікае Княства і Польшча супраць ворагаў усяго хрысціянскага свету, эпізодамі з жыцця паляўнічых ды інш.

Характар дзеяння ў творы збліжае яго з драмаю, прычым з найбольш архаічным яе відам тыпу старагрэцкай (напрыклад, Эсхілавай). На пачатку дзеянне амаль адсутнічае, затым яно імкліва нарастае і хутка завяршаецца. У аснове яго развіцця ляжыць змаганне-антаганізм паміж двума супрацьлеглымі пачаткамі, якія ўвасабляюцца ў хоры і пратаганісце, у паэме яны ўвасабляюцца ў вобразах лавецкай грамады і зубра. Барацьба ў драме разгортваецца ў выглядзе дыялогаў-спрэчак (ім метафарычна адпавядаюць напады і адступленні, абмен ударамі з абодвух бакоў) і дасягае кульмінацыі ў перыпетыі — павароце дзеянняў у адваротны бок (згадаем той момант, калі лютасць зубра абарочваецца супраць яго самога і пераходзіць у знясіленасць, а лаўцы спыняюць коней і спешваюцца).

Вызначальная, першасная роля зубра падкрэсленая самою назваю паэмы. Для азначэння гэтага героя М. Гусоўскі сінанімічна выкарыстоўвае словы: bison (бізон, зубр) і urus (тур) як падвідавыя назвы жывёлаў аднаго віду альбо акрэслівае яго відавым найменнем bos ці taurus (бык). Але найчасцей зубр выступае ў паэме пад назваю fera (дзікі звер). Калі параўнаць частату ўжывання розных азначэнняў зубра, то выявіцца, што першыя тры сустракаюцца адпаведна 8, 4 і 2 разы, слова ж fera — 52! Гэта родавае азначэнне лучыць зубра з усім класам дзікіх звяроў і з’яўляецца элементам характарыстыкі, бо падкрэслівае ў героі яго дзікасць, лютасць (feritas) — тую якасць, якая названая і ў загалоўку твора.

У «Песні пра зубра» відавочная «харычнасць» другога галоўнага персанажу твора — паляўнічага калектыву, у якім ніводзін яго член, як, дарэчы, і аўтар, не вылучаецца з грамады і не называецца па імені. Прыклад Лаўрына не абвяргае, а толькі падмацоўвае гэтую тэзу, бо небарака гіне менавіта з-за таго, што ідзе на зубра адзін, адарваўшыся ад калектыву. Зубр у творы змагаецца з адзінамножным паляўнічым «хорам». Вітаўт і іншыя ўладары так альбо інакш звязваюцца з гэтым «хорам» і маюць шмат рысаў, якія ўласцівыя колішнім карыфеям «хору». Карыфей вылучаецца і ў кульмінацыйны момант змагання — агоне-двубоі з зубрам, дзе замест камедыйнай стыхамітыі — слоўнай дуэлі, адбываецца сапраўдная. Варта адзначыць, што ў М. Гусоўскага агон часам мае камічны характар, а слоўная барацьба метафарызуецца ў змаганне языка і меча.

Першая атрыманая зубрам рана дае пачатак выяўленню ў ім звярынай сутнасці, пазначанай у назве твора словам feritas. Пачынаецца бег зубра, бег з жыцця ў смерць, які запаўняе сабою ўсю падзейную частку паэмы і заканчваецца толькі агонам і гібеллю галоўнага героя. Першая пушчаная ў зубра страла рэзка пераводзіць статыку экспазіцыі ў імкліва нарастаючую дынаміку і драматызм галоўнай часткі твора.

Зубр у гневе прыпадабняецца да бушуючай стыхіі, набываючы касмічныя рысы. Пры ягоным набліжэнні чуецца «гул і дрыжыць зямля» (v. 565: sonitus terraeque tremores...). Здалёк бачная «дымная хмара, якую выдыхае» зубр (v. 567: Proflantemque videt late fumosa per auras // Nubila), а ў іншым месцы ён атаясамляецца з хмараю: «не звер, а хмара пылу і снегу» (v. 628: Non fera, sed nubes pulveris atque nivis). Сваіх ахвяраў ён ператварае ў дождж з плоці і крыві (v. 595: imber // Carneus in ventos, sanguinis horror abit.). Ён «усё прыводзіць у замяшанне сваім пачварным скокам» (v. 585: fera monstroso confundens omnia saltu), як вецер, ён можа выварочваць з коранем дрэвы (v. 876–877: Ut quam commoti fera vis evertere venti // Non possit, cedat cornibus icta ferae.), «імчыць сляпым віхрам» (v. 555: Per loca saeptorum caeca vertigine saltat), і «усё, узвіхранае, нясе бурлівым прыбоем» (v. 619–620: affert // Cuncta procelloso turbidiora freto). Злосць зубра супастаўляецца з агнём: ён паказаны як «палаючы ярасцю» (v. 789: furore calens); «не можа спыніцца драпежнае полымя» (v. 793: nec rapidae iam possent sistere flammae) ягонага гневу. Напад зубра — «палымяны і маланкавы» (v. 850: Impete, ut ardentem fulmineumque putes), а ў двубоі з лаўцом ён «апякае няшчаснага дыханнем, хоць гэты жар сапраўды мала адрозніваецца ад агню» (v. 971–972: Ni miserum rabidis adeo spiratibus urat, // Ut calor et vero distet ab igne parum).

Будучы спараджэннем краіны смерці — лесу, і несучы ў сабе шмат рысаў, якія звязваюць яго з хтанічным (народжаным зямлёю) уладаром гэтай краіны — Цмокам, зубр-бык спалучае ў сабе і тры іншыя касмічныя стыхіі, але ўсе стыхіі паўстаюць тут ва ўзрушаным стане: паветра — у выглядзе віхра і хмары, вада — як бурлівы марскі прыбой, агонь — як спальваючае полымя і маланка, зямля гудзе і трасецца. Стыхіі паказаныя тут не ў крэатыўнай, спараджальнай, а ў разбуральнай, знішчальнай фазе. І гэтую знішчальную сілу надае ім дзікая злосць feritas — зубра.

Іначай выглядае звер, калі лютасць знясільвае яго і набліжае да смерці: «усе члены змарыла ярасць. Сцякаючы потам, ён часта б’е сябе капытом пад жывот, з усяго цела ападае густая пена, нібы п’яны, ён, блытаючыся, робіць няпэўныя крокі; ... бо, як здаецца, ужо дастаткова успрыняў сэрцам ярасці» (v. 834–839: Sensibus: exhausit singula membra furor // Et sudore fluens crebro quatit ilia pulsu // Spumaque iam toto corpore densa cadit // Implicat ambiguos pedibus velut ebria gressus; // Aspice, quam subita sit peritura nece. // Nam satis ut visa est animo cepisse furoris). Гэта — момант той перыпетыі, калі дзеянне мяняе сваю сутнасць, паварочвае яе ў другі бок. Бык спыняецца, лаўцы спешваюцца, неўтаймаваная актыўнасць звера змяняецца стомленасцю, вычарпанасцю. Гнеў жывёліны губляе сваю стыхійную прыроду. Надыходзіць час бажаволля, утрапёнасці, як знак блізкай смерці, калі злосць зубра абяртаецца на яго самога: «кусаючы, ён вырывае і раздзірае грыву, спаганяе злосць на сваім целе, калі не можа на іншых» (v. 942–944: Morsibus evellat diripiatque comas; // Saeviat in proprium, cum desint caetera, corpus // Et pedibus ventrem tundat acerba suis). Звер і чалавек сыходзяцца для апошняга смяротнага двубою, у якім памрэ крыніца смерці — звярыная сутнасць, і атрымае перамогу чалавечы пачатак. Але зубр не толькі гіне ў гэтым агоне, але і нараджаецца да новага жыцця, адпрэчваючы сваю звярыную іпастась. У творы гэтае пераўвасабленне рэалізуецца ў выглядзе двайніка зубра, якога лірычны герой пакідае жывым. Новы зубр называецца ўжо не fera — звер, а urus — тур (v. 984: Tu frontem bello, si sapis, ure, para).

Барацьба стыхійнага, інстынктыўнага, звярынага пачатку з пачаткам разумным стварае галоўную калізію твора, але, хоць дзве гэтыя антаганістычныя сілы ў паэме сімвалізуюцца вобразамі зубра і паляўнічага, яны не прывязаныя да іх жорстка. Таму зубр набывае ў Гусоўскага чалавечыя рысы, а чалавек можа дзейнічаць як звер. Барацьба пачаткаў адбываецца не толькі між чалавекам і зубрам, яна ідзе ўнутры чалавечага грамадства, перакідаецца на стасункі між дзяржавамі, урываецца ў жыццё зубрынага статку, прасякае ўвесь сусвет і драматызуе духовы свет чалавека. І перамагае ў «Песні пра зубра», як і ў старагрэцкай драме, не канкрэтны герой, а вечны разумны прынцып, гіне ж заганнае, смяротнае. Згодна з законамі архаічнага мыслення, гіне тое, што вядзе да гібелі.

Героі твора дзейнічаюць у своеасаблівых умовах прасторы і часу. Вельмі цікавая арганізацыя мастацкай прасторы твора. Па вертыкалі выразна выяўляецца ўніверсальная апазіцыя «верх» — «ніз». «Верх» акрэсліваецца прыметнікамі altus, summus, sublimis, caelestis са значэннямі «высокі», «найвышэйшы», «нябесны». «Ніз» акрэсліваецца азначэннямі humilis, inferior, infimus — «нізкі», «ніжэйшы», «найніжэйшы». Ніжняя каардыната матэрыялізуецца ў зямных і водных аб’ектах тыпу «зямля», «глеба», «вада», «хваля», «рака», «возера», «крыніца», «снег», «лёд». Прыметнікі са значэннем «высокі» найчасцей матэрыяльна прывязваюцца да назоўнікаў «лес», «пушча», «дрэва».

Пры першым поглядзе на светабудову, адлюстраваную ў творы, можна адзначыць яе рэдукаванасць па вертыкалі, прыземленасць, але прыметнікі са значэннем «высокі» ўжываюцца ў паэме значна часцей (у адносінах 35/5) за прыметнікі з сэнсам «нізкі». Скіраванасць уверх набывае вялікую напружанасць, усё, нібы ў гатычным храме, рвецца з зямлі ўвысь.

Тыя ж галоўныя элементы, якія вызначаюць вертыкальную будову свету, дамінуюць і ў яго гарызантальнай арганізацыі. Лес і вада займаюць усю прастору, ахопліваюць гарызантальную разгортку дзеяння паэмы, а ў яе экспазіцыйнай частцы іншыя выявы — палі, лугі, выганы — уключаныя ў лес, падзеленыя ці аточаныя водамі.

Цэнтрам мастацкага свету «Песні пра зубра» з’яўляецца дрэва. Дрэва яднае і падзяляе «верх» і «ніз», арганізуе прастору па гарызанталі, яно можа ўратоўваць і забіваць і, у гэтым сэнсе, можа быць дрэвам жыцця і смерці. Кульмінацыя дзеяння паэмы — двубой антаганістычных пачаткаў — разгортваецца ля дрэва: бык і чалавек кружаць вакол яго, здабываючы перамогу альбо гібель. У гэтым апошнім змаганні дрэва выступае мяжою між жыццём і смерцю. Сэнс вобраза дрэва ў паэме збліжае яго з вобразам «сусветнага дрэва» — катэгорыяй архаічнага светаразумення.

Важнымі катэгорыямі прасторавай структуры ў паэтыцы лічацца паняцці замкнёнай і разамкнёнай прасторы і мяжы між імі. Замкнёная прастора рэалізуецца ў тэксце ў выглядзе розных прасторавых вобразаў дома, паселішча, горада, радзімы і надзяляецца адзнакамі «цёплае», «бяспечнае», «сваё», «роднае». У апазіцыі да яе стаіць разамкнёная «знешняя» прастора, якая характарызуецца адзнакамі «халоднае», «небяспечнае», «чужое», «варожае». У чарадзейных казках, напрыклад, прастора выразна падзяляецца на «дом» і «лес». У гэтых адносінах «Песня пра зубра» блізкая да беларускіх казак, у якіх герой ідзе ў лес, каб перамагчы Цмока — хтанічную сілу.

Прасторавы падзел у «Песні пра зубра» парадаксальны. Чужына становіцца для паэта домам, але гэты дом несапраўдны, часовы, чужы. Радзіма ж асацыюецца з лесам. Лес у творы набывае амбівалентны характар: месца небяспечнага, жорсткага, смертаноснага, а з другога боку — крыніцы багацця, жыцця і здароўя. І ўсё ж чужына і радзіма — розныя светы, а мяжа між імі — выразная. Рым для паэта — гэта горад, дзе людзі жывуць сваім бяспечным жыццём, не ведаюць пра жахлівыя войны на ўсходзе Еўропы, і для іх бой з быком на арэне — толькі забава. У гэты ж час радзіма абліваецца крывёю, затуляючы сабою хрысціянскі Захад, а народ-паляўнічы ў цяжкай працы і барацьбе штодзённа адваёўвае сабе права на жыццё. Змаганне ж з зубрам у пушчы — гэта небяспечны, смяротны бой. І лірычны герой адважна перасякае мяжу светаў, каб пачаць гэты бой: «Я іду ў паўночную пушчу» (v. 119–120: In nemus arctoum, … eo). Адзіна-множны герой твора — герой разамкнёнай прасторы, і ягоная стыхія — лес.

Структура прасторы ў паэме шчыльна звязаная з мастацкім часам, утвараючы разам яе прасторава-часавы кантынуум. Даволі значны храналагічны абсяг твора: аповед пра зубра ахоплівае час ад Плінія Старэйшага і найдаўнейшых звестак самых старажытных кірылічных помнікаў да даступнай уяўленню паэта будучыні. Постаць зубра яднае і арганізоўвае плынь мастацкага часу. Аповед вядзецца з дзвюх галоўных храналагічна і прасторава розных пазіцыяў: знешняй да апісванай рэчаіснасці (час напісання паэмы — «час на чужыне») і ўнутранай, калі апавядальнік апісвае падзеі знутры, як блізкі назіральнік альбо ўдзельнік (час дзеяння паэмы — «час на радзіме»).

Час дзеяння паэмы, хоць і грунтуецца на ўспамінах аўтара, не належыць цалкам да мінулага. Гэта хутчэй праекцыя мінулага ў змадэляваную паэтам сучаснасць, што пацвярджаецца і выкарыстаннем граматычных часавых формаў: і час напісання, і час дзеяння перадаюцца цяперашнім часам дзеясловаў. Акрэсліваюцца нібы дзве паралельныя плыні часу, якія існуюць сінхронна і разгортваюцца ў адным накірунку, але ў розных светах. Паляванне на зубра ў родных лясах здзяйсняецца цяпер, але таксама цяпер паэт знаходзіцца ў Рыме і піша твор пра паляванне. «Рымская» часавая пазіцыя ўвасабляе лірычны пачатак «Песні пра зубра»: аўтар як лірычны герой успамінае, перажывае, каментуе і ацэньвае. Эпічны і драматычны пачаткі паэмы звязаныя з «часам знаходжання на радзіме», калі аўтар становіцца на пазіцыі непасрэднага назіральніка і ўдзельніка. Прынцыповая непераадольнасць мяжы між абодвума паралельнымі часамі не з’яўляецца такою для лірычнага героя, голас якога можа ў любы момант уварвацца ў аповед.

Ужыванне ў паэме цяперашняга граматычнага часу, апрача мастацкай функцыі ажыўлення паказу, безумоўна, мае і іншы сэнс: міфалагічную інтэрпэтацыяю рэчаіснасці. Час міфа для яго захавальніка і апавядальніка не адыходзіць у мінулае, уплывае на сённяшні стан свету, у якім ён жыве, і будучыню. Паляванне на зубра здзяйсняецца «цяпер і заўсёды» ў міфалагічным цыклічным часе, упісваючыся ў цыкл нараджэння, смерці і новага нараджэння пратаганіста.

Зроблены пабежны разгляд асаблівасцяў кампазіцыі, дзеяння, вобразнай і прасторава-часавай структуры твора з’яўляецца неабходнай часткай яго літаратуразнаўчай інтэрпрэтацыі. Але не менш важная задача пранікнуць у семантыку «Песні пра зубра». Перш за ўсё неабходна зразумець сэнс і генэзіс галоўнага вобраза твора — зубра. Як ужо адзначалася, у паэме захаваліся шматлікія рысы архаічнага светаўспрымання, якія выяўляюцца на ўсіх узроўнях яе структуры. Гэтае светаўспрыманне характарызуецца нерасчлененасцю, злітнасцю ў свядомасці суб’екта і аб’екта, чалавека і прыроды, часткі і цэлага, прычыны і выніку. Падобная нерасчлененасць уяўнага свету яскрава выяўляецца ў асаблівай з’яве першабытнай грамадскай свядомасці — татэмізме. Асобны род і кожны яго прадстаўнік выводзяць сваё паходжанне і назву ад татэма — жывёлы, расліны альбо, радзей, ад іншага прыроднага аб’екта ці з’явы. У сувязі з гэтым жывёла-татэм лічыцца крэўным родзічам кожнага чалавека з гэтага роду. Правадыр-жрэц, увесь род і асобны яго прадстаўнік — гэта ўвасабленне татэма. Але татэм таксама і ўвесь космас альбо ягоная частка. Татэм — гэта адзіна-множная істота, якая знітоўвае ўвесь род, яго ахоўніка-звера, прыроду, сусвет. Татэм памірае і нараджаецца пры смерці і нараджэнні кожнага прадстаўніка роду. Складаючы ў ахвяру, раздзіраючы і з’ядаючы цела татэма, выпіваючы яго кроў, родавы калектыў праз гэта дае жыццё татэму ў сабе. Тым самым род умярцьвяе і вяртае да жыцця таксама сябе самога, прыроду і сусвет23.

У вобразе зубра захоўваюцца рудыменты татэмізму і больш позняга паляўнічага ці гэтак званага «прамысловага» культу. Апошні грунтаваўся на веры ў прынцыповую аднолькавасць чалавека і жывёлы. Жывёла нават магла пераўзыходзіць чалавека сваёй чуйнасцю, розумам і ўсёведаннем, таму яе імкнуліся не называць па імені. Апрача таго, паляўнічы верыў у васкрэсенне звяроў пасля смерці. Паляўнічы культ суправаджаўся пэўнымі ўяўленнямі і абрадамі24. Іх рэшткі мы знаходзім у «Песні пра зубра». У ёй паляванне трактуецца не як безразважнае забойства звяроў, а як сродак іх памнажэння. Паляванне ж на зубра ўвогуле тут паўстае як рытуальнае забойства, падобнае да некаторых відаў іспанскіх гульняў з быком. Звяртае на сябе ўвагу рытуалізаванасць палявання: на зубра нельга выходзіць з агнястрэльнаю зброяй, з ім нельга змагацца падступнымі спосабамі, забіваць яго можна толькі ў адкрытым баі і толькі мечам, прычым коннік павінен спешыцца. У час ловаў зубр называецца табуізаваным іменем «звер», але надзяляецца чалавечымі якасцямі. Пасля смерці адбываецца рэнавацыя зубра ў ягоным двайніку. Характэрна, што ў гэты момант ён нібы скідае сваю звярыную абалонку, захоўваючы чалавечую сутнасць (як у прамысловых культах). Шмат якія, прадстаўленыя ў паэме, асаблівасці вобразу зубра складваюцца ў колішні татэм. У ім зліваюцца ў адно цэлае сам канкрэтны звер, ягоны антаганіст — паляўнічы калектыў, увесь народ і яго зверхнік — князь, лес і вада, увесь сусвет.

Апрача гэтага найстаражытнейшага семантычнага пласта, у зубры адкрываецца таксама менш старажытная за татэмную, але больш даўняя за антрапаморфную фігуру Перуна, зааморфная іпастась нябеснага быка — бога месяца і іншых нябесных свяцілаў, увасобленага на сацыяльным плане ў фігуры князя-мага, і, магчыма, супастаўляльнага з Воласам-Вялесам. Такім чынам, у «Песні пра зубра» за сюжэтам палявання на зубра хаваецца ахвяраванне-смерць касмічнага боства і яго пераход са смерці ў новае жыццё. Перамога над смерцю ўвасабляецца ў метафарах бегу, пагоні і змагання. Разам з боствам адраджаюцца да новага жыцця не толькі «нябесны звер», але ў ім увесь свет, прырода, зямля і народ. Ахвяраванне і самаахвяраванне ўсведамляюцца як умова адраджэння і жыцця.

Усе асаблівасці паэтычнага свету паэмы, праяўленыя на розных узроўнях яе структуры, складваюцца ў своеасаблівы непаўторны вобраз, які цалкам супадае з нацыянальнай карцінай свету. Свет Гусоўскага — гэта беларускі свет з дамінаваннем галоўных яго складовых частак — лесу і вады, з арганізуючым яго ў прасторы і часе «сусветным дрэвам», з рухаючым фактарам — касмічным змаганнем двух антаганістычных пачаткаў: інстынктыўнага, звярынага і разумнага, чалавечага, увасобленым у драме паміраючага і ўваскрасаючага боства-звера. У «Песні пра зубра» адкрываецца глыбінная сутнасць нацыянальнага характару беларуса — ляснога народа, народа-паляўнічага.

«Лясным чалавекам» называе сябе сам Гусоўскі (v. 143–144: silvestris parcius ergo // Dissona, qui legitis, carpite verba viri). У творы супрацьпастаўляюцца лясны і палявы рэгіёны (v. 261: regio campestris et huius // Indiga materiae). Паводзіны ў полі карэнным чынам адрозніваюцца ад паводзінаў у лесе, дзе небяспека можа пагражаць з усіх бакоў (v. 643–650: In planis facile est cursus extendere campis // Quolibet atrocem ludificante feram. // Res alia est illic, in silvis talia fiunt: // Putrida vertit equum quae iacet arbor humi, // Decipiunt multos effossa cubilia talpae, // Lubrica seu glacies, quam nive texit hiems, // Non bene vitatur demissus ad infima ramus: // Occupat innumeras mors inopina vias.). Таму «лясны чалавек» павінен быць максімальна абачлівым, асцярожным, прадугледжваць пры планаванні сваіх дзеянняў самыя розныя фактары, не выяўляцца навонкі, таіцца, каб не справакаваць нечаканага нападу альбо не спужаць звера. Лес для беларуса Гусоўскага — крыніца багаццяў, жыцця і здароўя, дом і сховішча, прытулак і абарона.

Рысы «ляснога чалавека» зліваюцца ў чалавечай іпастасі галоўнага героя «Песні пра зубра» з рысамі паляўнічага. Паляўнічым у паэме выступае ўвесь народ — ад князёў да ніжэйшых станаў. Сапраўдны паляўнічы павінен быць незаўважным і нячутным для звера, пільным і ўважлівым, ён мусіць вывучаць прыроду і павадкі звера, даваць яму максімальна выявіць сябе, а затым хутка і дакладна «ўзяць» яго; яму трэба ўсебакова і грунтоўна рыхтавацца да палявання, быць дысцыплінаваным і дакладна выконваць ускладзеныя на яго паляўнічаю грамадою і кіраўнікамі абавязкі. Неабходна быць звычным да любых самых складаных абставінаў, да нечаканай змены сітуацыі, быць надзвычай цярплівым і вытрывалым, мужным і адважным у змаганні. Гусоўскі неаднаразова называе паляванне словам labor — «цяжкая, пакутлівая праца», падкрэсліваючы гэтым працавітасць і гатоўнасць паляўнічага да цяжкасцяў.

Асаблівасці нацыянальнага характару, раскрытыя паэтам, зусім не ўкладаюцца ў пазнейшы, навязаны звонку стэрэатып беларуса як істоты забітай і рахманай ці «талерантнай» — у пазнейшым эўфемістычным тлумачэнні. Ваярскі дух народа, баявая ярасць у паэме семантызуюцца ў зубрыных якасцях feritas — «лютасць» і furor — «ярасць».

Нягледзячы на сваю архаічную паганскую аснову, паэма Гусоўскага выразна хрысціянскі твор. Без хрысціянскага пачатку архаічны свет твора быў бы недабудаваным. Памкненне гэтага свету да неба рэалізуецца і завяршаецца толькі ў найвышэйшым Богу. І калі паганскі сусвет па вертыкалі спыняецца на адзнацы «высокі» ў дачыненні да лесу, то хрысціянскі універсум дасягае мэты ў нябесным, у summo Deo — «найвышэйшым Богу». Бог называецца ў творы яшчэ адным эпітэтам, які характарызуе невымоўную Божую веліч immensus — «невымерны, бязмежны». Але Бог у паэме не з’яўляецца недасяжным, пазасветным Абсалютам: Ягонае дыханне напаўняе зямны свет «Песні пра зубра». Аднак і паганскі космас Гусоўскім не адпрэчаны, а ўключаны ў хрысціянскі сусвет — ён атрымлівае ў ім завершанасць і дасканаласць, нараджаючыся для новага жыцця.

Як і кожны геніяльны твор, «Песня пра зубра» актуалізуе мінуўшчыну, праектуючы яе на сучаснасць. І мы бачым: вось тут, на краі цывілізаванага свету, у паралельным часе сёння канае загнаны, смяротна паранены татэмны звер, alias народ, але ў гэтым кананні ўжо выблісквае заранак новага нараджэння да жыцця ў чысціні і праўдзе.


* Агон — ад старагрэцкага  ἀγών — змаганне, барацьба, спаборніцтва. У старажытнай Грэцыі так называліся гульні-змаганні (спартыўныя, мастацкія, драматургічныя) падчас рэлігійных і дзяржаўных святкаванняў. У паэтыцы — гэта слоўная спрэчка, сутыкненне пазіцый, як, напрыклад, у старагрэцкай драме, дзе агон быў кампазіцыйным элементам. Ад той жа асновы паходзіць і тэрмін «агонія» — змаганне жыцця са смерцю.
  1. Wiszniewski M. Historia literatury polskiej. T. 6. — Kraków, 1844. — S. 229.
  2. Hussoviani Nicolai Carmina. Edidit, praefatione instruxit Joannes Pelczar. (Corpus antiquissimorum poetarum Poloniae Latinorum. Vol. 4.). — Cracoviae, 1894.
  3. Pelczar J. Mikołaj Hussowski, jego życie i pisma. Ustęp z dzijów humanizmu w Polsce. — Kraków, 1900; 1922; Kasprowicz J. Mikołaja Hussowskiego «Pieśń o żubrze» i «Pan Tadeusz» // Słowo polskie. 1913. Nr. 350–356; Kallenbach J. O żywiole rodzimym w poezji M. Hussowskiego // Charisteria Casimiro de Morawski septuagenario oblata ab amicis, collegis, discipulis. — Kraków, 1922; Krókowski J. Mikołaja Hussowskiego «Carmen de bisonte» // Prace Wrocławskiego Towarzystwa Naukowego. Ser. A. Nr. 65. 1959; Bakvis C. Mikołaj z Hussowa // Bakvis C. Szkice o kulturze staropolskiej. — Warszawa, 1975.
  4. Brzozowska A. Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis Mikołaja Hussowskiego — poemat epicki? // Classica Wratislaviensia. XXX. 2010.
  5. Ochmański J. Narodowość Mikołaja Hussowskiego w świetle jego autografu // Słowiańszczyzna i dzieje powszechne. Studia ofiarowane Profesorowi Ludwikowi Bazylawowi w siedemdziesiątą rocznicę Jego urodzin. — Warszawa, 1985; Marosek J. Podlaski rodowód Mikołaja Hussowskiego, autora Pieśni o żubrze z 1521 r. // «Беларусы і палякі: дыялог народаў і культур. X–XX стст.» Матэрыялы міжнароднага круглага стала (Гродна. 28–30 верасня 1999 г.) (Наш радавод. № 8). Гродна — Беласток, 1999–2000; Ён жа: Pogranicze Litwy i Korony w planach króla Zygmunta Augusta. — Białystok, 2000; Chachaj M. Narodowa i kulturowa przynależność Mikołaja Hussowskiego, autora «Pieśni o żubrze». Fakty i mity // Etniczne, kulturowe i religijne pogranicza Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku, red. K. Mikulski i A. Zielińska-Nowicka. — Toruń, 2005; Wróbel W. Uzupełnienia do biografii : Mikołaja Hussowskiego, autora Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Białystok, 2018.
  6. Sakavičius V. Nicolaus Hussovianus, kajpo pirmasis lietuvių humanistas // Lituvių tauta. T. 3. D. 2. 1920–1922; Kazlauskas B. Mikalojus Husovianas ir jo giesmié apie stumbrą // Lietuvos TSR aukštujų mokyklų Moksko darbai. Litaraturas. T. 6. — Vilnius, 1963; Husovianas Mikalojus. Giesmie apie stumbrą. — Vilnius, 1977.
  7. Veteikis T. Mikalojus Husovianas epochų ir tapatybių sankirtose // Husovianas Mikalojus. Raštai. — Vilnius, 2007.
  8. Прашковіч М. Паэзія // Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. — Мінск, 1968.
  9. Гусовский Николай. Песня о зубре. Пер. с лат. Я. Порецкого и И. Семежона // Неман. 1968. № 7.
  10. Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра. Пер. з лац. Я. Семяжон. Пасляслоўе перакладчыка «Першая песня пра нас» // Полымя. 1969. № 6.
  11. Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра: на лац., беларус., рус. мовах / Пер. на беларус. мову Я. Семяжона, пер. на рус. мову Я. Парэцкага і Я. Семяжона. — Мінск, 1980.
  12. Бярозкін Р. Роздум над «Песняй пра зубра» // Бярозкін Р. Постаці. — Мінск, 1971; Ларчанка М. Песня напрадвесні // Ларчанка М. Жывая спадчына. — Мінск, 1977; Калеснік У. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры. — Мінск, 1985;
  13. Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. — Минск, 1979.
  14. Некрашэвіч-Кароткая Ж.В. Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні Рэнесанс. — Мінск, 2009.
  15. Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. — Мінск, 2010.
  16. Das Wissen über den (eigenen) Osten. Nicolaus Hussovianus’«Carmen de bisonte» als zweifacher Kommunikationsakt // Wiener Slavistisches Jahrbuch N. S. Vol. 5. 2017. У 2020 г. артыкул быў выдадзены ў часопісе кафедры класічнай філалогіі БДУ па-беларуску ў перакладзе і адаптацыі Ж. Некрашэвіч-Кароткай: «Carmen de bisonte» Мікалая Гусоўскага як падвойны акт камунікацыі: Працэс стварэння іміджу і трансфармацыйны дыскурс // Studia philologica = Філалагічныя штудыі. Вып. ІХ. 2020.
  17. Гл., напр.: Фрейденберг О.М. Поэтика сюжета и жанра. — Москва, 1997; Лотман Ю.М. Структура художественного текста. — Москва, 1970; Успенский Б.А. Поэтика композиции. — Москва, 1970; Бахтин М.М. Литературно-критические статьи. — Москва, 1986; Веселовский А.Н. Историческая поэтика. — Москва, 1989; Мелетинский Е.М. Поэтика мифа. — Москва, 2000; Пропп В.Я. Морфология волшебной сказки. — Москва, 2001; Леви-Строс К. Структурная антропология. — Москва, 1985; Яго ж: Первобытное мышление.
  18. Жлутка А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т.1: Даўняя літаратура: XI — першая палова XVIII стагоддзя. — Мінск, 2006.
  19. Фрейденберг О.М. Поэтика сюжета и жанра. — Москва, 1997. С. 48, 120–121.
  20. Krókowski J. Mikołaja Hussowskiego «Carmen de bisonte». — Wrocław, 1959. S. 45–46.
  21. Больш падрабязна разгледзела пытанне жанру паэмы А. Бжазоўская, прысвяціўшы гэтаму адмысловы артыкул: Brzozowska A. Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis Mikołaja Hussowskiego — poemat epicki?
  22. Пра значэнне «рамак» у мастацкім творы гл.: Успенский Б.А. Поэтика композиции. С. 181–195.
  23. Штернберг Л.Я. Тотемизм // Штернберг Л.Я. Первобытная религия в свете этнографии. — Ленінград, 1936. С. 197–203; Токарев С.А. Ранние формы религии. — Москва, 1990. — С. 51–82; Семенов Ю. И. Тотемизм, первобытная мифология и первобытная религия // Скепсис. № 3/4. Весна, 2005. С. 74–78.
  24. Соколова З. П. Культ животных в религиях. — Москва, 1972. — С. 43–55.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY