Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Сяргей ЧЫГРЫН

БІСКУП, ЯКІ МАЛІЎСЯ ЗА БЕЛАРУСАЎ

Каталіцкі святар, біскуп, Апостальскі Адміністратар Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій, беларускі і латышскі рэлігійны і грамадскі дзеяч Баляслаў Слосканс (1893–1981) нарадзіўся ў мястэчку Стэрняны пад Рэжыцай Віцебскай губерні (цяпер гэта Латвія) у каталіцкай сям’і Бэрнарда і Цэцыліі Слоскансаў. Па нацыянальнасці ён быў латыш, але моцна любіў Беларусь, беларусаў і выдатна размаўляў на мове нашага народа. Сёлета 19 жніўня Баляславу Слоскансу споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння.

Духоўную адукацыю Баляслаў Слосканс атрымаў у Каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Петраградзе. Працаваў душпастырам у Петраградзе, Маскве і Віцебску.

У траўні 1926 года каталіцкага святара прызначылі на пасаду Апостальскага Адміністратара Мінскага і Магілёўскага. У сваіх казаннях і зваротах да паствы ён імкнуўся выкарыстоўваць і беларускую, і польскую мовы. Каб растлумачыць стаўленне да моўнай палітыкі, ён аднойчы падчас наведвання гомельскай парафіі звярнуўся да прысутнай у касцёле інтэлігенцыі па-польску: «Казанне мае на мэце растлумачыць усім вернікам, нягледзячы на розныя ступені іхняе асветы, найважнейшую справу іхняга жыцця, справу збаўлення душы. Дык гаварыць аб гэтым на такой мове, якой добра не разумеюць шырокія масы, было б дарэмнаю справаю, а гаварыць два казанні на розных мовах, я не маю часу. Дзеля гэтага прашу інтэлігенцыю прыстасавацца да мовы шырокіх колаў вернікаў і выслухаць казанне на беларускай мове».

За сваю актыўную дзейнасць на пасадзе Апостальскага Адміністратара Баляслаў Слосканс у верасні 1927 года быў арыштаваны і высланы ў Салавецкія лагеры. Смяротнасць у лагерах сярод зняволеных была тады даволі вялікая. У 1929 годзе на востраве Анзэр з 1000 зняволеных памерла 700. Здароўе біскупа Баляслава ў 1930 годзе было вельмі падарваным цяжкаю працаю і холадам, але ён выжыў і адбыў тэрмін зняволення, які яму прысудзілі.

17 верасня 1930 года скончыліся тры гады яго зняволення, а 13 кастрычніка біскупа Баляслава паклікалі ў канцылярыю лагера і сказалі збірацца «з рэчамі» на ад’езд. І ён пачаў рознымі шляхамі і транспартам дабірацца да Ленінграда. Прыехаўшы ў горад на Няве, Баляслаў Слосканс вырашыў наведаць біскупа Антонія Малецкага, але той так спалохаўся яго візіту, што біскуп Баляслаў вырашыў больш нікога не турбаваць, і паехаў хутчэй у Магілёў, каб зноў працягваць душпастырскую працу сярод сваіх вернікаў.

У Магілёве Слоскансу неабходна было спачатку атрымаць дакументы на прапіску, таму ён пайшоў у ГПУ. Там яго сустрэлі са здзіўленнем: маўляў, сёння дакументы на прапіску не так проста займець, бо цяпер уладыка Слосканс з’яўляецца для ўсіх католікаў контррэвалюцыянерам. Супрацоўнікі ГПУ параілі яму пакінуць Магілёў і выехаць у Смаленск. Але Баляслаў Слосканс адмовіўся: «Не, я хачу застацца ў Магілёве, а калі я тут такі непажаданы госць, дык, можа, вы зноў мяне арыштуеце і вышляце, куды вам падабаецца?..». Здзіўленыя гэпэвушнікі адказалі: «Калі так, дык пачакайце крыху…». І доўга чакаць не прыйшлося: праз дзесяць дзён пасля прыезду Баляслава Слосканса ў Магілёў яго зноў арыштоўваюць і высылаюць у Сібір.

Шлях на высылку давялося пераадольваць этапамі. У сакавіку 1931 года ён прыбыў у Енісейск. Адтуль праз два месяцы яго перавялі ў Стара-Юруханск, а на новы 1932 год — у Краснаярск. Там ён мусіў сам знаходзіць сабе працу і харчаванне. Яго ратавала рыбалоўства... Праз год Слоскансу паведамілі, што яго пераводзяць у Маскву.

Пасля тыдня ў маскоўскай турме, 20 студзеня 1933 года, біскупа выклікалі ў суд, дзе яго чакаў пасол латвійскага ўраду, які паведаміў яму, што, дзякуючы латвійскаму ўраду і Апостальскаму Пасаду савецкі ўрад пагадзіўся абмяняць яго на аднаго камуніста, і таму ўжо заўтра ён можа выехаць у Рыгу.

Не адразу пагадзіўся біскуп Слосканс прыняць гэту радасную прапанову, кажучы, што яго абавязак берагчы даручаную яму паству, а вернікі ведаюць, што пастыр іх не пакінуў, і за іх сёння церпіць і моліцца. На гэта пасол адказаў, што, калі ёсць мажлівасць выратавацца, то яе трэба хутчэй выкарыстаць. Баляслаў Слосканс паслухаў пасла, і праз некалькі дзён ён быў ужо ў Рызе, а з Рыгі праз невялікі час яго шлях ляжаў у Італію, дзе біскупа віталі ў Рыме. Там ён прабыў некалькі месяцаў, а потым паехаў у вандроўку па Еўропе, сустракаючыся з вернікамі, і вярнуўся ў Рыгу, дзе працаваў у семінарыі і ва ўніверсітэце.

Падчас Другой сусветнай вайны гітлераўскія ўлады ўпарта перашкаджалі біскупу Слоскансу выконваць яго пастырскія абавязкі. У 1944 годзе нямецкае гестапа вывезла яго ў Германію ў лагер для ваеннапалонных Шнайдэмюле, адкуль яго, дзякуючы нямецкім біскупам, вызвалілі. Пасля вызвалення Слосканс жыве ў горадзе Айхштэт у Баварыі, а затым у кляштары капуцынаў у Лоры на Майне. Там святар знаходзіцца да 1947 года, а пасля біскупа Баляслава вернікі беларусы запрасілі ў Бельгію. Адтуль Апостальскі Пасад скіраваў яго візітаваць беларускія асяродкі ў Францыі, Бельгіі і Германіі. Варта дадаць, што Баляслаў Слосканс паважна спрычыніўся сваім заступніцтвам і да арганізацыі Беларускага цэнтру ў Лувене (Бельгія).

Біскуп Баляслаў Слосканс быў Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў з 19 снежня 1952 года, а з 14 лютага 1953 года і адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе, але ўжо і ў папярэднія гады ён наведваў і духоўна падтрымліваў многіх беларусаў эмігрантаў, асабліва дапамагаў беларускім студэнтам, якія вучыліся ў каталіцкім універсітэце ў Лувене. Ён быў шчыра зацікаўлены духоўным і культурным развіццём сярод беларускіх эмігрантаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў.

Для духоўнага і культурнага жыцця беларусаў на Захадзе вельмі важнай была таксама падтрымка, якую біскуп Баляслаў аказваў вядомаму беларускаму дзеячу Міколу Равенскаму (1886–1953) — аўтару музыкі знакамітага рэлігійнага гімна «Магутны Божа». Гэты актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа вызначаўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён аказваў беларускім каталіцкім часопісам «Znic» («Зніч»), што выдаваўся ў Рыме кс. Пятром Татарыновічам, і «Божым шляхам», які выдаваўся ў Парыжы а. Львом Гарошкам. Такім чынам, ён падтрымліваў фінансава гэтыя выданні і матэрыяльна дапамагаў кампазітару Міколу Равенскаму.

Вялікая заслуга біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў на эміграцыі была і ў тым, што ён, як Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай сустрэчы ў Рыме прадставілі Папу Яну XXIII 6 лютага 1960 года з просьбаю прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст-мемарыял быў падпісаны біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскаю апекаю беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе. І, сапраўды, 2 ліпеня 1960 года папа Ян ХХІІІ менаваў айца Чэслава Сіповіча — рэктара беларускай місіі ў Лондане, першым беларускім біскупам ад часу знішчэння ў 1839 годзе царскімі ўладамі Расійскай імперыі структураў уніяцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Абодва іерархі засталіся ў глыбокай сяброўскай прыязні аж да смерці. Абодва і памерлі ў адзін год: біскуп Баляслаў Слосканс — 18 красавіка 1981 года, біскуп Чэслаў Сіповіч — 4 кастрычніка 1981 года. Гэтае іх сяброўства было таксама важным знакам сяброўства латышскага і беларускага народаў.

У 2004 годзе папа Ян Павел ІІ абвясціў гераічнасць цнотаў біскупа Баляслава Слонскаса. Гэта вырашальны крок на шляху да яго беатыфікацыі. У 2013 годзе адна з вуліцаў Рыгі была названа яго імем. Спадзяёмся, што і ў Беларусі імя Слугі Божага Баляслава Слонскаса не будзе забыта.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY