Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(105)/2023
З нагоды юбілею
Нашы святыні
Постаці
Мастацтва
Інтэрв’ю
Літаратуразнаўства
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ПЕРШАЯ СПОВЕДЗЬ
In memoriam

УПРЫГОЖЫЦЬ КВЕТКАМІ ЦЫНІІ
Памяці Анатоля Клешчука

Успаміны

ЗАЛАТЫЯ КРОСНЫ ДУШЫ

Да Бога
І.
Ці ў зорнай шаце, ці ў сонечным ззянні,
Ўсім валадарыш сусветам Ты, Пане,
Трон Твой вясёлка ўпрыгожвае брамай
Хоры анёлаў спяваюць: Гасанна!..
Ці на руках Цябе Маці люляе,
Ці дзікі грэшнік на крыж прыбівае,
Ці ў маім сэрцы Ты сцішваеш буры,
Ці аб’яўляешся ў тайнах натуры:
Бачу ва ўсім Тваю любасць да свету,
Бога з людзьмі бачу моц запавету.

ІІ.
Пасля патопу, вялікі Егова,
Чыркнуў вясёлку Ты нам калярова,
Каб для нашчадкаў засведчыць адзіна,
Што Ты прабачыў зямныя правіны,
Што па грахах, па злачынствах бязмерных
Прыйшоў як Збаўца для нас міласэрны!
Прыйшоў наведаць грамадку людскую,
За Маці ўзяўшы дзяўчыну зямную,
Каб для нашчадкаў засведчыць адзіна,
Што Бог збратаны з людзьмі праз Сына.

ІІІ. І, як чалавек у братэрскім коле,
Цярпеў Ты людскую долю й нядолю,
У простай шаце, пехатою, босы
Добрую вестку людзям Ты разносіў.
Усіх Ты вітаў аднолькавым словам:
Мудрацоў, кніжнікаў ды рыбаловаў,
Так гаварыў да паноў і да чэрні: —
«Будзьце пакорныя й міласэрныя,
Любіце цяжары вашага крыжа,
Ўзвышаны будзе той, хто паніжаны,
Зруйнуйце гмах фанабэрыі, пыхі,
Благаслаўлёныя ўбогія, ціхія;
Благаслаўлёны, хто ў свеце туляўся
І справядлівасці не дачакаўся…» —
Аздараўляў хворых Ты ў кожнай мясціне,
Ўваскрасіў сына ў жалобе жанчыне,
Каб для нашчадкаў засведчыць адзіна,
Што Бог палюбіў на зямлі бедачынаў.

IV.
Але мудрацы ўзнялі ўгару рукі
Ў страху вялікім ад Тваёй навукі
І закрычалі: «Пагроза! Агіда!
Сее згаршэнне гэты сын Давіда.
Ён хоча зраўняць бедняка з вяльможам,
Зраўняць мудраца з прастаком нягожым.
Гора нам, моцным, ад такога плёну!
Пакараем зуха паводле закону».
І быў на гары, змрокам апавітай,
Бог між злачынцаў да крыжа прыбіты.
Дзіда жаўнера бок Яму прабіла,
Кроў з Яго сэрца зямлю арасіла,
Каб для нашчадкаў засведчыць адзіна,
Што Божае сэрца на зямлі святыня.

V.
Дык не таніце ў слязіне балеснай:
На сорак дзён Бог для вас уваскрэснуў!
Калі ж зямныя закончыць Ён чыны,
Вернецца зноў да нябеснай айчыны;
Вернецца ў неба не прывідным нечым —
Асобаю ў целе сваім чалавечым,
Каб для нашчадкаў засведчыць адзіна,
Што Пан абаговіў начынне з гліны.

VI.
Узвышаны й злучаны ты, чалавеча,
З небам і зямлёю ў еднасці вечнай,
Маеш Айца ў небе, каб прасіць патолі.
Калі табе цяжка, калі сэрца ў болю,
Толькі, як дзіцяці, табе ўкленчыць трэба,
Рукі скласці ў просьбе, вочы ўзняць да неба,
Так Яму ўсё смела расказаць-адкрыцца,
Хай душа адкрыта ў неба струмяніцца.

VII.
Крыўда нам, Ойча! Далонь знявагі
Зацугляла нам вусны, скавала адвагу,
У глум, у нэндзу мы ўпалі нізка,
Неба высока, а пекла блізка;
А ў сэрцах сваркі, раздораў багна,
Бліжняму бліжні рукі не працягне…

1848 г., Залучча

Гімн хросту Хрыста

З цыклу «Малітвы на абразках»

І Хрыстус пайшоў у бок Іярдана,
І быў у рацэ ахрышчаны Янам;
Так быў саюз на зямлі ўсталяваны:
У сакрамэнце з людзьмі Бог з’яднаны.
Гралі нябёсы ўрачыстыя гімны,
Голас гучаў: «Гэта Сын мой адзіны!..»
А вада хросту моц атрымала —
Грахі з душы чалавека змывала.
Святар, калі хрост нам вадой удзяляе,
У белы ўбор чыстасці нас апранае;
Хай жа шматкроць будзе той блаславёны,
Хто зберажэ яго гэткім да скону!
А хто душою ў правінах заблудзіць,
Пылам жыцця тую чыстасць забрудзіць,
Слёзы праўдзівага жалю хай, Хрысце,
Яму белы ўбор той ад плямаў ачысцяць!

[1855–1858 гг.]

Малітва
Божа, мой Божа, аб чым прасіць Неба,
Каб задаволіць сэрца патрэбы?
Бо кожнае сэрца, як агонь, палае
І прагне чагосьці, што само не знае.
Хоча, каб радасцю тварык развіднеў,
Ды радасць знудзіць, вясёласць абрыдне.
Плакаць хацела б у марах прыгожых,
Ды слёзаў болю вытрываць не зможа.
Прагла б кахаць — слодыч вабіць усенькіх,
Ды рытм грудзей такі мерны, слабенькі.
Верыць жадала б, ды з пыхай свавольнай
Кленчыць не хоча, кахаць жа не здольна.
Хоча надзеяй жыць, ды толькі думкай
Змучанай мэтаў не знае й кірункаў.
Травіць туга тое беднае сэрца,
Б’ецца ў грудзях яно птушкай у клетцы,
Краты цялесныя торгне ў знямозе,
Выпусці ж з клеткі — зблукае ў дарозе.
Што ж ёсць для сэрца крыніцаю сілы,
Калі думка спрахла і грудзі астылі?
Шукаць прыгодаў? — Нудоцце якое!
Стыне жыццё, калі сам ты сабою.
Іскру жыцця распаліць толькі можна
Ад сэрцаў бліжніх і чуцца заможна.
Бліжнія ж хто? — Нібы ў засуху кветкі,
Звялага духу змарнелыя сведкі,
Злітыя потам, крывёю, слязінай,
Мохам лясным да зямлі прыраслі яны.
Працу сваю, як мурашкі, са спрытам
Славе пустой аддалі ды прыбыткам.
Не прарасце на халодным каменні
Веры, надзеі, любові насенне.
Ах, чуе кожнае сэрца з тугою
Злучанасць з доляй агульнай людскою!
Чуе, што прагне Пан Бог душы чыстай,
Што грэх маліцца мальбой эгаіста;
Сэрца баліць — о вялікі наш Божа,
Ўлі чалавечнасці ў нас, колькі можна!
Спашлі нам росы святыя на раны,
Каб абудзіць дух братоў тут заспаны!
Натхні мяне, Божа! Аб чым прасіць Неба,
Каб чалавечнасці стала колькі трэба?

1849 г., Залучча

Кім ёсць паэт?
Не паэт, хто спявае з амбіцый,
Ці яго грамада чуе-бачыць?
Але той, хто, абняўшы зямліцу,
Сам з сабою смяецца і плача.

Не паэт, хто пыхліва з трыбуны
Раздзімае пяснярскія грудзі;
Яму бура пашарпае струны,
І нічога з той песні не будзе.

Той паэт, кленчыў хто паціхутку,
Як пакутнік пад позіркам Божым,
Хто слязу сваёй радасці й смутку
На вільготнай зямельцы размножыў.

Стане ўсмешка калоссем жытнёвым,
Хлеб з якога для ўнукаў спячэцца,
А сляза дываном палыновым
Для здароўя, як лек, разрасцецца.

Дух дзядоў, што таіць тая глеба,
Ён натхненнем абудзіць, асвеціць,
Каб, акром паўсядзённага хлеба,
Хлеб духоўны дзядоў мелі дзеці.

1860 г., Вільня

Гімн святому Казіміру

З цыклу «Малітвы на абразках»

Дастойны Літвы Патроне,
Нам крэўны целам і духам,
Нясем да цябе ў паклоне
Малітвы нашы, паслухай,

Прымі, занясі да Бога,
Хай дасць нам зямелька плёнаў,
Хай голад, пажар, трывога
Мінуць зямлю Палямонаў.

Хай вораг ліхі не страшыць
Народ, што ты добра ведаў;
Хай вёскі, мястэчкі нашы
Не зведаюць гора-бедаў.

Ты гімны ў натхненні Духа
Складаў для Марыі Панны,
Нам веру наноў раздзьмухай
У сэрцах, што стынуць марна.

Хай вера жывой крыніцай
Струменіцца ў нас давеку,
А Маці Багародзіца
Атуліць сваёй апекай.

[1855–1858]

Вастраліст

(Кветка сяброўства)

Кветка сяброўства! Чаму ж такой вострай,
Такой калючай ты выглядаеш?
Зброіцца цернем кожны лісток твой,
Колер крывавы ягадаў маеш.

Гэта — знак еднасці непераможнай:
Плячо ў плячо і рука з рукою;
Бо што сяброўства? — Стаяць гарою
За брата да кроплі крыві апошняй.

Такую еднасць нішто не зрушыць
Ні ў добрай хвілі, ні ў дні паразы;
Калі вяселле — дык бавім душы,
Калі цярпенне — дык церпім разам.

У нас, нашчадкаў рыцараў даўніх,
Бяда, калі згасне агонь той! Гора,
Калі сяброўства такога не стане,
Плячо ў плячы не знойдзе апоры!

1857 г., Варшава

З польскай мовы пераклала
Ірына Багдановіч.

Гл. таксама:
Ірына БАГДАНОВІЧ :: ЛІРНІК ВЯСКОВЫ… ГЕРБА «СЫРАКОМЛЯ» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY